Наша маўчанне станавiлася дзiўным. Я засяроджана прыслухоўваўся да цiшынi, што панавала ў калiдоры, дзе засталася Хэры, але адтуль нiчога не было чуваць.
   - Калi ў вас усё будзе гатова? - спытаўся я.
   - Мы маглi б пачаць хоць сёння, але запiс запатрабуе яшчэ крыху часу.
   - Запiс? Ты маеш на ўвазе энцэфалаграму?
   - Ага, ты ж згадзiўся. А што?
   - Ды так, нiчога.
   - Я слухаю цябе, - прамовiў Снаўт праз нейкi час.
   - Яна ўсё ведае... пра сябе, - ледзь чутна прамовiў я.
   Бровы Снаўта палезлi ўгору.
   - Ведае?
   Мне здалося, што Снаўт толькi прытвараецца здзiўленым. Чаму ён прытвараецца? У мяне адразу прапала жаданне гаварыць, але я перасiлiў сябе. Трэба быць хоць бы лаяльным, падумаў я, калi нiчога iншага не застаецца.
   - Яна пачала здагадвацца, вiдаць, пасля нашай размовы ў бiблiятэцы, назiрала за мной, супастаўляла факты, пасля знайшла магнiтафон Гiбарыяна i паслухала запiс...
   Снаўт па-ранейшаму абапiраўся на шафу, але ў яго ў вачах загарэлiся iскры. Я стаяў ля пульта насупраць дзвярэй, прачыненых у калiдор. Я працягваў яшчэ цiшэй:
   - Сёння ноччу, калi я спаў, яна спрабавала скончыць самагубствам. Вадкi кiсларод...
   Нешта зашамацела, я сцiшыўся, прыслухаўся - гук даносiўся не з калiдора. Дзесьцi зусiм блiзка шкрэблася мыш... Мыш? Глупства! Адкуль тут мышы? Я пiльна зiрнуў на Снаўта.
   - Слухаю цябе, - спакойна прамовiў Снаўт.
   - Вядома, ёй гэта не ўдалося... ва ўсякiм разе яна ведае, хто яна.
   - Навошта ты расказваеш пра гэта мне? - раптам спытаўся Снаўт.
   Я не адразу скемiў, што яму адказаць.
   - Хачу, каб ты арыентаваўся... каб ведаў, што адбываецца, - прамармытаў я.
   - Я папярэджваў цябе.
   - Iнакш кажучы, ты ведаў. - Я мiжволi павысiў голас.
   - Не. Вядома ж, не. Але я тлумачыў табе, як усё адбываецца. Кожны "госць", калi ён з'яўляецца, амаль што фантом, нягледзячы на бязладную мешанiну ўспамiнаў i вобразаў, атрыманых ад свайго... Адама... "госць", па сутнасцi, пусты. Чым больш знаходзiцца ён з табой, тым больш ачалавечваецца i становiцца ўсё больш самастойным, вядома, да пэўнай мяжы. I чым даўжэй гэта працягваецца, тым цяжэй...
   Снаўт памаўчаў, паглядзеў на мяне спадылба i абыякава спытаўся:
   - Яна ўсё ведае?
   - Так, я ж сказаў табе.
   - Усё? I тое, што адзiн раз была тут, а ты...
   - Не!
   Снаўт усмiхнуўся:
   - Паслухай, Кельвiн, калi гэта зайшло так далёка... што ты думаеш рабiць? Пакiнуць Станцыю?
   - Так.
   - З ёй?
   - Ага.
   Снаўт змоўк, разважаючы над маiмi адказамi, але ў яго маўчаннi было нешта яшчэ... Што? Зноў быццам штосьцi зашамацела зусiм блiзка, за тонкай перагародкай. Снаўт заёрзаў на крэсле.
   - Выдатна, - прамовiў ён. - Чаму ты пазiраеш на мяне так дзiўна? Ты лiчыў, што я буду перашкаджаць табе? Рабi як хочаш, мой дарагi. Ну i малайцы мы з табой, калi б пачалi яшчэ i прымушаць адзiн аднаго! Я не збiраюся ўгаворваць цябе, скажу толькi - ты iмкнешся ў нечалавечых умовах застацца чалавекам. Мо гэта i прыгожа, але зусiм недарэчна. Зрэшты, я нават не ведаю, цi прыгожа. Хiба глупства можа быць прыгожым? Не ў тым справа. Ты адмаўляешся працягваць эксперыменты, хочаш адступiцца, забраўшы яе? Так?
   - Так.
   - Але гэта таксама... эксперымент. Чуеш?
   - Што ты маеш на ўвазе? Цi здолее... яна?.. Калi разам са мной, то не бачу...
   Я гаварыў усё больш павольна, пасля зусiм сцiх. Снаўт уздыхнуў:
   - Кельвiн, усе мы, як страўсы, хаваем галаву ў пясок, але мы ва ўсякiм разе ведаем пра гэта i не разлiчваем на высакароднасць.
   - Я нiчога не хачу i не разлiчваю.
   - Добра. Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Свае словы пра высакароднасць я забiраю назад, але словы пра страўсаў застаюцца ў сiле. Асаблiва гэта датычыць цябе. Ты падманваеш не толькi яе, але i сябе, галоўным чынам сябе. Ты ведаеш умовы стабiлiзацыi сiстэмы, пабудаванай з нейтрыннай матэрыi?
   - Не. Ты таксама не ведаеш. Нiхто не ведае.
   - Безумоўна. Але нам вядома адно: такiя сiстэмы няўстойлiвыя i могуць iснаваць толькi дзякуючы няспыннаму прытоку энергii. Я ведаю гэта ад Сарторыуса. Энергiя ўтварае вiхравае стабiлiзацыйнае поле. Цiкава, цi з'яўляецца гэтае поле ў адносiнах да "госця" знешнiм? Цi мо яно ўзнiкае ў яго ў арганiзме? Разумееш рознiцу?
   - Разумею, - паволi адказаў я. - Калi яно знешняе, дык... яна. Тады... такiя...
   - Тады пад час аддалення ад Салярыс сiстэма распадаецца, - закончыў Снаўт за мяне. - Мы не можам гэтага прадбачыць, але ж ты паставiў дослед. Ракета, якую ты запусцiў... па-ранейшаму круцiцца вакол планеты. У вольную хвiлiну я нават падлiчыў параметры яе руху. Можаш паляцець, выйсцi на арбiту, састыкавацца i паглядзець, што сталася з... пасажыркай...
   - Ты звар'яцеў! - выдыхнуў я.
   - Ты так лiчыш? Ну... а калi... вярнуць яе, тваю ракету? Гэта магчыма. Яна мае дыстанцыйнае кiраванне. Мы вернем ракету i...
   - Перастань!
   - I гэта табе не падабаецца? Ёсць яшчэ адзiн спосаб, вельмi просты. Нават не трэба вяртаць яе на Станцыю. Няхай сабе лётае. Мы проста звяжамся з ёю па радыё, калi яна жывая, то адгукнецца i...
   - Там ужо даўно скончыўся кiсларод! - з цяжкасцю выцiснуў я.
   - Мо яна абыходзiцца без кiслароду... Ну што, паспрабуем?
   - Снаўт... Снаўт...
   - Кельвiн... Кельвiн... - злосна перадражнiў ён мяне. - Божа, што ты за чалавек. Каго ты хочаш ашчаслiвiць? Уратаваць? Сябе? Яе? Якую? Гэтую цi тую? На абедзвюх не хопiць адвагi? Бачыш сам, да чаго гэта даводзiць. Апошнi раз кажу табе: тут сiтуацыя - па-за ўсялякай мараллю.
   Раптам я пачуў тое ж самае шамаценне, нiбыта нехта пазногцямi драпаў сцяну. Мяне агарнула абыякавасць: усё выглядала дробным, крыху смешным, малазначным, быццам у перавернутым бiноклi.
   - Ну добра, - сказаў я. - Што, па-твойму, я мушу зрабiць? Знiшчыць яе? На наступны дзень з'явiцца такая ж, хiба не так? I яшчэ раз? I так штодзённа? Да якога часу? Навошта? Што гэта мне дасць? А табе? Сарторыусу? Станцыi?
   - Пачакай, спачатку скажы ты. Ты паляцiш разам з ёй i, дапусцiм, убачыш сам, што з ёю адбудзецца. Праз некалькi хвiлiн перад табой з'явiцца...
   - Што? - з'едлiва спытаўся я. - Пачвара? Дэман? Што?
   - Не. Звычайная, сама звычайная агонiя. Хiба ты сапраўды паверыў у iх несмяротнасць? Кажу табе - яны гiнуць... Што ты будзеш рабiць тады? Вернешся... па новую?
   - Перастань!!! - гукнуў я, сцiскаючы кулакi.
   Снаўт, прымружыўшы вочы, пазiраў на мяне i паблажлiва ўсмiхаўся.
   - Ага, табе не падабаецца? Ведаеш, на тваiм месцы я не распачынаў бы гэтай гаворкi. Лепш займiся чым-небудзь iншым, напрыклад, пачнi лупцаваць дубцамi у знак адплаты - Акiян. Што ты хочаш? Значыць, так... - Снаўт хiтравата памахаў рукой i падняў вочы ўгору, на столь, нiбыта некага праводзiў позiркам, - тады ты станеш нягоднiкам? А хiба цяпер не нягоднiк? Усмiхаешся, калi хочацца плакаць, прытвараешся радасным i спакойным, калi гатовы валасы рваць, - i ты не нягоднiк? А што, калi тут нельга не быць нягоднiкам? Што тады? Закацiць iстэрыку перад Снаўтам, якi ва ўсiм вiнаваты, так? Акрамя ўсяго, ты яшчэ iдыёт, мой ты дарагi...
   - Ты гаворыш пра сябе, - сказаў я i апусцiў галаву, - я... кахаю яе.
   - Каго? Свае ўспамiны?
   - Не. Яе. Я расказаў табе, што яна спрабавала зрабiць. На такое пойдзе не кожны... жывы чалавек.
   - Ты ж сам прызнаешся, калi кажаш...
   - Не лавi мяне на слове.
   - Добра. Значыць, яна цябе кахае. А ты - хочаш кахаць. Гэта розныя рэчы.
   - Ты памыляешся.
   - Я шкадую, Кельвiн, але ты сам расказаў мне пра свае iнтымныя справы. Не кахаеш. Кахаеш. Яна згодна ахвяраваць сваiм жыццём. Ты таксама. Вельмi чуллiва, узвышана - усё што хочаш. Але тут гэта недарэчна. Недарэчна. Разумееш? Не, ты не хочаш зразумець. Сiлы, якiмi мы не кiруем, зацягнулi цябе ў вiр, а яна - частка яго. Фаза. Цыкл, што паўтараецца. Калi б яна была... калi б за табой ганялася пачвара, гатовая дзеля цябе на ўсё, ты пазбавiўся б ад яе без усялякiх ваганняў. Праўда?
   - Праўда.
   - А калi... калi... iменна таму яна непачвара? Гэта звязвае табе рукi? А мо трэба, каб твае рукi былi звязаныя?
   - Яшчэ адна гiпотэза. У бiблiятэках iх ужо мiльён. Досыць, Снаўт, яна... Я не хачу з табой пра гэта гаварыць.
   - Ну i не гавары. Ты ж сам пачаў. Але ты ўсё ж падумай, што ў рэшце рэшт яна толькi люстэрка, у якiм адбiваецца частка твайго мозга. Яна цудоўная таму, што цудоўнымi былi твае ўспамiны. Ты даў рэцэпт. Кругазварот памяцi!
   - Чаго ты хочаш? Каб я... каб я пазбавiўся ад яе? Я ўжо ў цябе пытаўся: навошта мне гэта рабiць? Ты не адказаў.
   - Адкажу зараз. Я не запрашаў цябе, не распачынаў гэтай гаворкi, не чапаў тваiх спраў. Я нiчога табе не загадваю, нiчога не забараняю, я не рабiў бы гэтага, каб нават мог. Ты, ты прыйшоў сюды i выклаў мне ўсё, ведаеш чаму? Не? Ты хочаш скiнуць з сябе ўсё. Скiнуць. Я добра ўяўляю, якое ў цябе становiшча, мой дарагi. Так, так! Не перапыняй мяне. Я нiчога табе не забараняю, але ты ты сам хочаш, каб я табе перашкодзiў. Калi б я стаў на тваiм шляху, мажлiва, ты расквасiў бы мне галаву - мне, звычайнаму чалавеку, такому ж, як i ты, i сам адчуваў бы сябе чалавекам. А так ты не можаш саўладаць i таму распачынаеш спрэчку са мной... дакладней, з самiм сабой! Ты яшчэ скажы, што не перажывеш, калi яна раптам знiкне... Добра, не кажы нiчога.
   - Ну, ведаеш! Я прыйшоў, каб расказаць табе, зусiм даверлiва, што я збiраюся разам з ёю пакiнуць Станцыю, - адбiваўся я, але мае словы прагучалi непераканаўча нават для мяне.
   Снаўт пацiснуў плячыма.
   - Зусiм верагодна, што ты мусiш стаяць на сваiм. Я сказаў табе гэта толькi таму, што ты занадта далёка зайшоў, а вярнуцца, сам разумееш... Прыходзь заўтра ранiцай а дзевятай да Сарторыуса, наверх... Прыйдзеш?
   - Да Сарторыуса? - здзiвiўся я. - Ён жа нiкога не пускае, ты казаў, што яму i пазванiць нельга.
   - Нейкiм чынам ён усё ўладкаваў. Мы гэтага не абмяркоўваем. Ты... у цябе зусiм iншае. Не мае значэння. Прыйдзеш ранкам?
   - Прыйду, - прамармытаў я.
   Я пазiраў на Снаўта. Ён неяк ненатуральна трымаў левую руку за дзверцамi шафы. А калi ж дзверцы прачынiлiся? Вiдаць, даволi даўно, але я, узбуджаны непрыемнай для мяне размовай, не звярнуў увагi. Як дзiўна ўсё гэта выглядае... Быццам... ён нешта хаваў там. Альбо нехта трымаў яго за руку. Я аблiзаў губы.
   - Што такое, Снаўт?
   - Iдзi, - цiха i надзвычай спакойна прамовiў ён. - Iдзi.
   Я выйшаў i зачынiў за сабой дзверы ў апошнiх промнях чырвонага марыва. Хэры сядзела на падлозе, крокаў за дзесяць ад мяне, ля самай сцяны. Калi заўважыла мяне, усхапiлася.
   - Глядзi! - прамовiла яна, вочы ў яе блiшчалi. - Атрымалася, Крыс. Я такая шчаслiвая. Магчыма... магчыма, усё будзе лепей i лепей...
   - Вядома, - абыякава адказаў я.
   Мы вярталiся назад, а я ўсё ламаў галаву над гэтай iдыёцкай шафай. Хаваў жа, хаваў жа ён там?.. А ўся наша размова?.. Шчокi мае пачалi гарэць, я мiжволi пацёр iх. Божа, што за шаленства. I да чаго мы, уласна, прыйшлi? Да нiчога? Праўда, заўтра ранiцай...
   I раптам мяне апанаваў страх, амаль такi ж, як i ноччу. Мая энцэфалаграма. Поўны запiс усёй дзейнасцi мозга, перакладзены ў хiстаннi пучка прамянёў, будзе дасланы ўнiз. У глыбiню гэтай неабдымнай, бязмежнай пачвары. Як сказаў Снаўт: "Ты не перажывеш, калi раптам ён знiкне..." Энцэфалаграма - гэта поўны запiс. У тым лiку i неўсвядомленых працэсаў. А калi я хачу, каб ён знiк, загiнуў? Хiба ж спалохаўся б я, калi б яна засталася жывая пасля свае страшнае спробы? Цi можна адказваць за сваю падсвядомасць? Калi не адказваю за яе я, тады хто?.. Што за iдыёцтва! На якое лiха згадзiўся я, каб мой, менавiта мой... Я магу, вядома, азнаёмiцца з запiсам, але ж я яго не расшыфрую. Нiхто не здолее яго расшыфраваць. Толькi спецыялiсты ў агульных рысах могуць сказаць, пра што думаў паддоследны, цi рашаў ён, напрыклад, матэматычныя задачы, але даведацца якiя, яны не могуць. Яны сцвярджаюць, што гэта немажлiва, бо энцэфалаграма адлюстроўвае мноства працэсаў, якiя адбываюцца адначасова, i толькi некаторыя з iх маюць псiхалагiчную "падкладку"... А падсвядомыя... Пра iх i гаварыць нiхто не хоча, i дзе ўжо тут расшыфроўваць нечыя ўспамiны, тое, што жыве ў памяцi, альбо тое, што пастаралiся забыцца... Але чаму мне так страшна? Яшчэ ж ранкам я сам казаў Хэры, што эксперымент нiчога не дасць. Калi нашы нейрафiзiёлагi не здольны расшыфраваць запiс, то як жа разбярэцца ў iм абсалютна чужы чорны вадкi гiгант?..
   Але ж пранiк ён у мяне, хоць i невядома як, перакапаў усю маю памяць i знайшоў у ёй сама балючы атам! Хiба магу я ў гэтым сумнявацца. Без чужой дапамогi, без усялякай "перадачы прамянёвай энергii" ён залез праз падвойную герметычную абшыўку, праз цяжкую шкарлупiну на Станцыю; унутры яе знайшоў маё цела i пайшоў са здабычай...
   - Крыс?.. - цiха прамовiла Хэры.
   Я стаяў ля iлюмiнатара, уперыўшы невiдушчы позiрк у густы змрок. Лёгкая, пяшчотная на гэтай геаграфiчнай шырынi пялёнка захiнала зоркi. Суцэльны, хоць i тонкi, слой воблакаў стаяў вельмi высока, з глыбiнi, з-за гарызонту сонца афарбоўвала яго ледзь прыкметным срабрыста-ружовым ззяннем.
   Калi яна знiкне, значыць, я гэтага хацеў. Значыць, я забiў яе. Не пайсцi туды? Яны не могуць мяне прымусiць. Але што я iм скажу? Пра гэта - не. Не магу. Так, трэба прытварацца, трэба хлусiць заўсёды i ва ўсiм. I ўсё таму, што ўва мне, вiдаць, хаваюцца думкi, планы, спадзяваннi - жорсткiя, цудоўныя, бязлiтасныя, а я нiчога пра iх не ведаю. Чалавек рушыў насустрач iншым сусветам, новым цывiлiзацыям, не спазнаўшы дарэшты сваёй душы: яе завулкаў, тупiкоў, бяздонных калодзежаў, забарыкадаваных цёмных дзвярэй. Выдаць iм Хэры... ад сораму? Выдаць толькi таму, што ў мяне не хапае адвагi?
   - Крыс... - яшчэ цiшэй прашаптала Хэры.
   Я хутчэй адчуў, чым пачуў, як яна бясшумна падышла да мяне, але зрабiў выгляд, што не заўважаю яе. Я хацеў пабыць адзiн, я вельмi хацеў гэтага. Я нi на што яшчэ не адважыўся, нi на што. Я стаяў нерухома, пазiраючы на цёмнае неба, на зоркi, якiя былi толькi прывiдным ценем зямных зорак. Думкi, што апаноўвалi мяне, знiклi, моўчкi расла мёртвая абыякавасць, упэўненасць, што там, у недасяжнай глыбiнi, я ўжо зрабiў выбар i толькi прытвараюся, быццам нiчога не адбылося. Я не меў сiлы нават грэбаваць сабой.
   МЫСЛIЦЕЛI
   - Крыс, ты з-за эксперымента?
   Я скурчыўся ад яе голасу. Ужо колькi гадзiн я не спаў: углядаўся ў цемру, быў самотны, бо не чуў нават дыхання Хэры, i ў заблытаным лабiрынце начных разваг, нерэальных, напаўсвядомых, нават забыўся пра яе, усё набывала новы сэнс, новае вымярэнне.
   - Што... адкуль ты ведаеш, што я не сплю?.. - спытаўся я, i ў маiм голасе чуўся страх.
   - Я заўважыла па тваiм дыханнi, - адказала Хэры, нiбыта просячы прабачэння. - Я не хацела табе перашкаджаць... Калi не можаш, не кажы...
   - Магу... Так, з-за эксперымента. Ты адгадала.
   - Што яны чакаюць ад эксперымента?
   - Самi не ведаюць. Але нешта чакаюць. Гэтую аперацыю варта назваць не "Думка", а "Роспач". Зараз патрэбен чалавек, у якога хапiла б смеласцi ўзяць на сябе адказнасць за рашэнне. Але гэткi вiд смеласцi большасць прымае за звычайную баязлiвасць, бо падобнае рашэнне - адступленне, разумееш, адмова, уцёкi, нявартыя чалавека. Можна падумаць, што боўтацца i гразнуць, тануць у тым, чаго не разумееш i нiколi не зразумееш, - годна для чалавека.
   Я змоўк. Але не паспеў супакоiцца, як мяне ахапiў новы прылiў злосцi.
   - Вядома, усюды знойдуцца тыпы практычнага складу. Яны гавораць, што калi не ўдасца наладзiць кантакт, то, вывучаючы плазму - усе гэтыя вар'яцкiя жывыя гарады, што вытыркаюцца на суткi, каб затым знiкнуць, мы хоць бы адкрыем таямнiцу матэрыi. Нiбыта невядома, што ўсё гэта самападман; мы проста шпацыруем па бiблiятэцы, запоўненай кнiгамi на незразумелай мове, i пазiраем на каляровыя вокладкi... Вось i ўсё!
   - А такiх планет больш няма?
   - Невядома. Магчыма, ёсць. Мы ведаем толькi адну. Ва ўсякiм разе, такiя планеты сустракаюцца вельмi рэдка, не тое што Зямля. Мы банальныя, мы трава Сусвету - i ганарымся нашай банальнасцю, тым, што яна так распаўсюджана; мы думалi - усё можна падагнаць пад нашу банальнасць. З такой схемай мы смела i радасна рушылi ў шлях-дарогу - у iншыя сусветы! Падумаеш - iншыя сусветы! Асвоiм iх альбо яны нас асвояць! Нiчога iншага не было ў нашых няшчасных галовах. Але досыць пра гэта. Не варта.
   Я ўстаў, вобмацкам знайшоў аптэчку, узяў пляскаты слоiчак са снатворным.
   - Я буду спаць, каханая, - прамовiў я i павярнуўся; недзе высока ў цемры гуў вентылятар. - Мне трэба паспаць. Iнакш... сам не ведаю...
   Я сеў на ложак. Хэры дакранулася да маёй рукi. Я абняў яе, нябачную, i трымаў, не кратаючыся, да той пары, пакуль сон не змарыў мяне.
   Ранiцай, калi я прачнуўся, адчуў сябе бадзёра, эксперымент здаўся мне такiм нязначным; як мог я так хвалявацца з-за яго?! Мяне мала турбавала i тое, што Хэры пойдзе разам са мной у лабараторыю. Яе намаганнi вытрымаць нават маю кароткачасовую адсутнасць былi марныя, i я адмовiўся ад далейшых спроб, хоць яна настойвала (нават прапаноўвала мне зачынiць яе дзе-небудзь). Я параiў ёй узяць з сабой кнiжку.
   Сама працэдура мяне цiкавiла менш, чым тое, што я ўбачу ў лабараторыi. У бела-блакiтнай зале не было нiчога асаблiвага - не хапала толькi сякiх-такiх прадметаў на стэлажах i ў шафах (у некаторых з iх шкло было разбiта, а дзверцы дзе-нiдзе патрэскалiся - вiдаць, нядаўна тут адбывалася барацьба, i яе сляды хоць i паспешна, але старанна лiквiдаваны). Снаўт вазiўся з апаратурай, трымаўся, як заўсёды, карэктна, ён не здзiвiўся з'яўленню Хэры i пакланiўся ёй здалёку. Калi Снаўт працiраў мае вiскi i лоб фiзiялагiчным растворам, з'явiўся Сарторыус. Ён выйшаў з цёмнага пакоя праз невялiкiя дзверы. На iм быў белы халат i чорны антырадыяцыйны фартух амаль да костачак. Дзелавы, энергiчны Сарторыус павiтаўся са мной, нiбы мы былi супрацоўнiкамi буйнога зямнога iнстытута i рассталiся лiтаральна ўчора. Я толькi цяпер заўважыў, што нежыццёвым выраз яго твару рабiлi кантактныя лiнзы, якiмi ён карыстаўся замест акуляраў. Скрыжаваўшы рукi на грудзях, ён сачыў, як Снаўт прыбiнтоўвае электроды, узводзячы на маёй галаве штосьцi накшталт чалмы. Сарторыус некалькi разоў абвёў позiркам усю залу; Хэры ён нiбыта не заўважыў. Яна сядзела скурчыўшыся, бедная, на невялiкай табурэтцы ля сцяны i рабiла выгляд, што чытае кнiгу. Калi Снаўт адышоў ад майго крэсла, я павярнуў галаву ў цяжкiм шлеме з металу i правадоў, каб убачыць, як ён будзе ўключаць апаратуру, але нечакана Сарторыус падняў руку i ўрачыста прамовiў:
   - Доктар Кельвiн! Прашу хвiлiнку ўвагi! Я не хачу вам навязваць сваё меркаванне, бо гэта не прывядзе да мэты, але вы не павiнны думаць пра сябе, пра мяне, пра калегу Снаўта, наогул нi пра кога, павiнны выключыць выпадковыя iндывiдуальнасцi, пэўныя асобы i засяродзiцца на нашай агульнай справе. Зямля i Салярыс; пакаленнi даследнiкаў, якiя складалi адно цэлае, хоць кожны чалавек мае свой пачатак i свой канец; наша паслядоўнасць у iмкненнi наладзiць iнтэлектуальны кантакт; гiстарычны шлях, што прайшло чалавецтва; упэўненасць у яго далейшым развiццi; гатоўнасць да любых ахвяр i цяжкасцей; гатоўнасць падпарадкаваць нашай Мiсii любыя асабiстыя пачуццi - вось тэмы, якiя павiнны цалкам запоўнiць вашу свядомасць. Ход асацыяцый, праўда, не залежыць ад вашай волi, але ваша прысутнасць усё-такi дапаможа нам у эксперыменце. Калi ў вас не будзе ўпэўненасцi, што вы справiлiся з заданнем, прашу паведамiць нам, а калега Снаўт паўторыць запiс. Мы маем час...
   Апошнiя словы ён прамовiў з абыякавай усмешкай, усё гэтак жа холадна. Мне было непрыемна ад яго напышлiвых, траскучых фраз. На шчасце, Снаўт перапынiў працяглую паўзу.
   - Крыс, можна? - спытаў ён, абапёршыся на высокi пульт электраэнцэфалографа i крыху фамiльярна нагнуўшыся да мяне.
   Я быў удзячны яму за тое, што ён назваў маё iмя.
   - Можна, - адказаў я, заплюшчваючы вочы.
   Хваляванне, якое ахапiла мяне, калi Снаўт, замацаваўшы электроды, узяўся за рубiльнiк, цяпер знiкла; праз вейкi я ўбачыў ружовае святло кантрольных лямпачак на чорнай панелi апарата. Вiльготныя i непрыемна халодныя металiчныя электроды, якiя, нiбы манеты, абляпiлi маю галаву, сталi цяплейшымi. Мне здавалася, што я - шэрая, неасветленая арэна. Натоўп нябачных гледачоў амфiтэатрам акружаў пустэчу i маўчанне, у якiм знiкла мая iранiчная пагарда да Сарторыуса i да Мiсii. Напружанне ўнутраных назiральнiкаў, якiя iмкнулiся сыграць iмправiзаваную ролю, спадала. "Хэры?" - у думках, правяраючы сябе, з неверагодным страхам вымавiў я гэтае iмя, гатовы адразу ж адступiць. Але мая насцярожаная сляпая аўдыторыя не пратэставала. Нейкае iмгненне я быў сама пяшчота, шчыры смутак, быў гатовы да цярпення i бясконцых ахвяраў: Хэры, без абрысаў, без формы, без твару, запоўнiла мяне. I хутка яе невыразная адчайная пяшчота саступiла вобразу Гiзэ. Бацька салярыстыкi i салярыстаў з'явiўся ў шэрай цемры ў сваёй прафесарскай велiчы, я думаў не пра гразевы выбух, не пра смуродлiвую бездань, якая праглынула яго залатыя акуляры i выпеставаныя сiвыя вусы, я бачыў толькi гравюру на тытульнай старонцы манаграфii - густа заштрыхаваны фон, на якiм яго галава здавалася ў арэоле; яго твар не рысамi, а выявай добрапрыстойнасцi, старамоднай разважлiвасцi нагадваў твар майго бацькi, i ў рэшце рэшт я нават не ведаў, хто з iх пазiрае на мяне. У абодвух не было магiлы - у наш час гэта здараецца так часта, што не выклiкае асаблiвага хвалявання.
   Карцiна знiкла, i на нейкi час (не ведаю, на якi) я забыўся пра Станцыю, пра эксперымент, пра Хэры, пра чорны Акiян - пра ўсё; у мяне ўспыхнула ўпэўненасць, што гэтыя двое - ужо не iснуючыя, бясконца маленькiя, якiя зрабiлiся тленам - саўладалi з усiм, што выпала на iх долю... Адкрыццё супакоiла мяне, i безаблiчны нямы натоўп вакол шэрай арэны, якi чакаў майго паражэння, растварыўся. У тое ж iмгненне нешта двойчы пстрыкнула - выключылi апаратуру. Штучнае святло асляпiла, я зажмурыўся. Сарторыус дапытлiва пазiраў на мяне, стоячы ў ранейшай паставе; Снаўт, павярнуўшыся да яго спiнай, мiтусiўся ля апарата, знарок шлэпаючы тапачкамi, якiя звальвалiся з ног.
   - Як вы лiчыце, доктар Кельвiн, цi атрымалася? - пачуўся гугнявы, непрыемны голас Сарторыуса.
   - Думаю, што так, - адказаў я.
   Мой перакананы, рэзкi тон на iмгненне збiў важнасць Сарторыуса.
   - Добра, - мармытнуў ён i азiрнуўся, не ведаючы, чым яшчэ заняцца.
   Снаўт падышоў да мяне i пачаў здымаць бiнт.
   Я ўстаў i прайшоў па зале, а тым часам Сарторыус, якi знiк у цёмным пакоi, вярнуўся з праяўленай i высушанай плёнкай. На дзесяцi метрах стужкi былi вiдаць дрыготкiя зубчастыя лiнii, падобныя на белую плесню або на павуцiнку на чорным слiзкiм цэлулоiдзе.
   Я быў вольны, але iсцi адсюль не хацелася. Снаўт i Сарторыус уставiлi ў аксiдную галоўку мадулятара плёнку, канец якой насуплены i недаверлiвы Сарторыус прагледзеў яшчэ раз, нiбыта спрабуючы расшыфраваць сэнс трапяткiх лiнiй.
   Зараз эксперымент iшоў за межамi лабараторыi. Сарторыус i Снаўт стаялi кожны ля свайго пульта i займалiся апаратурай. Слаба загулi трансфарматары, а затым толькi агеньчыкi на вертыкальных зашклёных трубках iндыкатараў пабеглi ўнiз, паказваючы, што вялiкi тубус рэнтгенаўскай устаноўкi апускаецца па стромкай шахце i павiнен спынiцца ў яе гарлавiне. У гэты час агеньчыкi застылi на сама нiжнiх дзяленнях шкалы. Снаўт пачаў павялiчваць напружанне, пакуль стрэлкi, а дакладней, белыя палосы, што замянiлi iх, не зрабiлi паварот управа. Ледзь чутна гуло напружанне, нiчога тут не адбывалася, бабiны з плёнкай нябачна круцiлiся пад накрыўкай, - лiчыльнiк метражу цiхенька тахкаў, нiбыта гадзiннiк.
   Хэры пазiрала паўзверх кнiгi то на мяне, то на Снаўта i Сарторыуса. Я падышоў да яе. Яна павярнулася да мяне. Эксперымент скончыўся, Сарторыус паволi наблiзiўся да вялiкай конусападобнай галоўкi апарата.
   - Пайшлi?.. - аднымi губамi спыталася Хэры.
   Я кiўнуў. Хэры ўстала. Нi з кiм не развiтваючыся - на мой погляд гэта было недарэчна, - я прайшоў мiма Сарторыуса.
   Надзiва прыгожы захад асвятляў iлюмiнатары верхняга калiдора. Гэта быў не звыклы, змрачнаваты, крывава-чырвоны захад - зараз ён пералiваўся ўсiмi адценнямi ружовага колеру, прыглушанага смугой, абсыпанага сярэбраным пылам. Здавалася, што цяжкая, лянiвая, ледзьве рухомая чарната бясконцай раўнiны Акiяна адказвала на далiкатнае ззянне бура-фiялетавым мяккiм водблiскам. Толькi ў самым зенiце неба заставалася надзiва рыжым.
   Я затрымаўся ў нiжнiм калiдоры. Я баяўся нават падумаць, што мы зноў будзем зняволеныя ў сваёй кабiне, як у турме, адзiн на адзiн з Акiянам.
   - Хэры, - сказаў я, - ведаеш... я схадзiў бы ў бiблiятэку... Ты не супраць?
   - Добра, я пашукаю што-небудзь пачытаць, - адказала яна з напускной жвавасцю.
   Я адчуваў, што ад учарашняга дня мiж намi ўтварылася нейкая трэшчына i што трэба праявiць хоць крыху чуласцi, але не мог пераадолець абыякавасцi. Нават не ўяўляю, што магло б вывесцi мяне з гэтай апатыi. Мы вярталiся па калiдоры, затым па схiле спусцiлiся ў маленькi тамбур з трыма дзвярыма, памiж iмi за шклом раслi вазоны.
   Сярэднiя дзверы, што вялi ў бiблiятэку, былi з абодвух бакоў абабiты шурпатай штучнай скурай; адчыняючы iх, я кожны раз стараўся не зачапiць яе. У вялiкай круглай зале з бледна-срабрыстай столлю, з сiмвалiчнымi выявамi сонечнага дыска было крыху халадней.
   Я дакрануўся рукой да збору класiчных прац па салярыстыцы i ўжо хацеў дастаць першы том Гiзэ, той, з гравюрай на франтыспiсе, якую прыкрывала папяросная папера, але раптам убачыў не заўважаны раней тоўсты, восьмага фармату том Гравiнскага.
   Я ўсеўся ў крэсла. Было цiха. За крок ад мяне Хэры гартала нейкую кнiжку, я чуў шамаценне старонак. Даведнiк Гравiнскага, якi студэнты звычайна выкарыстоўвалi як звычайную "шпаргалку", уяўляў зборнiк усiх салярыстычных гiпотэз, размешчаных па алфавiце: ад "Абiялагiчнай" да "Ядзернай". Кампiлятар Гравiнскi, якi нiколi нават не бачыў Салярыс, капаўся ва ўсiх манаграфiях, пратаколах экспедыцый, у даўнiх запiсах i данясеннях, нават уважлiва вывучыў вытрымкi з прац планетолагаў, якiя займалiся iншымi сусветамi. Ён склаў каталог з фармулёўкамi, такiмi кароткiмi, што iхняя лапiдарнасць часам пераходзiла ў трывiяльнасць, бо губляўся тонкi, складаны ход думкi даследнiкаў. Зрэшты, праца, задуманая як энцыклапедычная, аказалася проста кур'ёзам. Том выйшаў дваццаць гадоў таму, i за гэты час з'явiўся цэлы стос новых гiпотэз, якiя не ўвайшлi нi ў адну кнiгу. Я праглядаў алфавiтны паказальнiк аўтараў, нiбыта спiс загiнуўшых, - большасць памерлi ўжо, а сярод жывых бадай нiхто ўжо не працаваў у салярыстыцы. Такое багацце думак стварала iлюзiю, што хоць нейкая гiпотэза можа быць слушнай, немагчыма было ўявiць, што рэчаiснасць не адпавядае мiрыядам меркаванняў, выкладзеных тут. У сваёй прадмове Гравiнскi падзялiў на перыяды вядомыя яму шэсцьдзесят гадоў салярыстыкi. Пад час першага, пачатковага перыяду даследавання планеты Салярыс нiхто, уласна, не вылучаў гiпотэз. Тады iнтуiтыўна, як падказваў "здаровы сэнс", лiчылася, што Акiян - мёртвы хiмiчны кангламерат, пачварная глыба, сцюдзянiстая маса, якая абмывае планету i стварае дзiўныя ўтварэннi дзякуючы сваёй квазiвулканiчнай дзейнасцi. Акрамя таго, спантанны аўтаматызм працэсаў стабiлiзуе непастаянную арбiту планеты, накшталт таго, як маятнiк захоўвае нязменнай плоскасць свайго руху. Праўда, праз тры гады Машанон выказаў меркаванне, што "сцюдзянiстая машына" па сваёй прыродзе нагадвае штосьцi жывое. Але Гравiнскi датаваў перыяд бiялагiчных гiпотэз дзевяццю гадамi пазней, калi большасць вучоных стала падзяляць думку Машанона. Наступныя гады вылучылi новыя тэорыi жывога Акiяна, надта складаныя, дэталёва распрацаваныя, падмацаваныя бiяматэматычным аналiзам. Трэцi перыяд быў часам распаду адзiнага фронту вучоных.