Лупсеков Николай
Пераправа (на белорусском языке)

   Мiкола Лупсякоў
   Пераправа
   I
   Маёр Плешчавеня пацiху пастукаў па бярвеннях прыкладам аўтамата i шэптам аддаў батальёну загад рыхтавацца да пераправы. Ён першм ўзышоў на плыт, што быў схаваны ў затоцы яшчэ з учарашняга вечара. За iм рушыў i батальён - па адным, па два ўзбiралiся на плыт. Пры святле зорак маёр, што стаяў збоку i быў нечым нездаволены, прапускаючы паўз сябе байцоў, бачыў блiзка пахмурыя, аброслыя i такiя ж нездаволеныя твары. Гоп-гоп! - нехта сарваўся ў ваду. Гучны ўсплёск i мiжвольнае "ах!" - ад неспадзяванасцi. У вадзе, побач з плытом, забоўтала нагамi цёмная здань пехацiнца - выцягнуўшы ўгору рукi, яна трымала над сабою самае каштоўнае для сябе - зброю. Плешчавеня адразу пазнаў камсорга Мiкалая Забiлу. I праз тое, што ў вадзе апынуўся камсорг - яго першы памочнiк у цяжкi час, - Плешчавеню зрабiлася да крыўднага балюча.
   - Лажыся! - прахрыпеў маёр i сам адразу расцягнуўся на плыце, а ўслед за iм i iншыя. Толькi камсорг астаўся нерухома стаяць у вадзе з выцягнутымi ўгору рукамi, у якiх ён сцiскаў аўтамат.
   З шэлестам i як бы з сiпеннем узвiлiся над ракой дзве жоўтыя ракеты, асвяцiўшы наваколле, i на тым баку затахкаў кулямет. Маёр нават бачыў зялёныя частыя ўспышкi са ствала i намагаўся як мага дакладней запомнiць тое месца, дзе яны цяпер вiдаць. Забiла стаяў у вадзе з выцягнутымi рукамi, баючыся зварухнуцца, нават дыхнуць, i ўбё больш бляднеючы. Пад жоўтым святлом ракет здавалася, што яго твар з шырока расплюшчанымi вачыма нават зелянее. Ён стаяў у такiм месцы, дзе зараснiкi чароту расступiлiся, i быў добрай мiшэнню, калi толькi яго заўважаць. Ракеты патухлi, а кулямёт не сцiхаў, i Забiла адразу здагадаўся, што пад грукат стрэлаў самы зручны момант выбрацца з вады. Намацваючы дно, ён падаўся да плыта, а потым пачаў узбiрацца на яго. Плетчавеня, азiрнуўшыся, задаволена i нават не без гонару хмыкнуў. Нейкi час ззаду яго чуцён быў шэпт, а потым усё сцiхла. Загрымелi артылерыйскiя залпы. Маёр Плешчавеня нервова кусаў губы: баявая, вельмi рызыкоўная i вельмi адказная справа ў самым пачатку пачыналася няўдала, i ўсё з-за аднаго, нават i не вельмi каб моцнага, усплёску вады.
   Стаяла цёплая веснавая ноч - адна з многiх баявых начэй. Але гэта была i асаблiвая ноч: батальён Плешчавенi першы павiнен быў фарсiраваць раку, выбiць ворага з заходняга берагу i замацавацца на iм. Батальён - так значылася ў штабах палка i дывiзii. У сапраўднасцi ж гэта былi рэшткi яго - не больш за паўсотнi байцоў. Добрая палова iх была з папаўнення, з рэштай Плешчавеня прайшоў цяжкi баявы шлях ад Курскай дугi. Камсорг Забiла быў прысланы ў батальён усяго некалькi дзён назад i ўпершыню ўдзельнiчаў у сур'ёзнай справе.
   Нарэшце кулямёт сцiх. Аднак Плешчавеня не падаваў голасу, i байцы не падымалiся. На тым беразе зноў заскакаў сiнi агеньчык i зноў затахкала. Сцiхла, а потым i яшчэ раз. I яшчэ раз загарэлiся ракеты, але не пад грукат зброi - у цiшынi.
   Рака маўклiва несла свае воды. Яна ў гэтым месцы была нешырокая - усяго якiх сто пяцьдзесят метраў. Але прыкладна кiламетры праз два адсюль справа ведаў Плешчавеня - на беразе асталiся трупы нашых байцоў, што былi паспрабавалi перабрацца па вадзе днём, з ходу. Гэта адбылося суткi назад, i за гэтыя суткi гiтлераўцы паспелi добра ўмацавацца, падцягнуць што-нiшто з тылу. Цяжкiя сталi цяпер гэтыя сто пяцьдзесят метраў.
   А ззаду, дзе сцiхлi стрэлы, паляўнiчы i рыбалоўны слых Плешчавенi ўлавiў знаёмую гамонку начных птушак на паплавах.
   Каму i што рабiць на тым беразе - гэта даўно было размеркавана, але цяпер той бераг здаваўся маёру недасягальнай марай. Ён нават спалохаўся гэтага свайго настрою, але бераг, з якога толькi што тахкаў кулямёт i ўзляталi ў неба ракеты, пачынаў выклiкаць у душы пачуццё дарэмнай самаахвярнасцi. Плешчавеня сцiснуў кулакi, i вочы яго ў цеменi ўпыхнулi ўпартымi агеньчыкамi: ён змагаўся сам з сабою, са слабасцю, якая раптам пачынала падступацца. Ён рабiў усё, каб вярнуць сабе нядаўнюю ўпэўненасць, бо ад яе залежала ўсё.
   I чым больш во так сцiшана ляжаў у чаротах на бярвеннях плыта яго батальён, а на тым беразе заспакоена маўчалi, тым больш спакайнеў i сам Плешчавеня.
   Яму падабалася, што над ракою панавала цiшыня, хоць ляжалi яны больш за гадзiну, i ў думках ён ганарыўся камандзiрам палка, якi хоць i астаўся далекавата адсюль, аднак нiбыта быў разам з iм i таму гэтак жа, як i ён, разумеў становiшча.
   Маёр уздрыгнуў. Справа, далёка за заваротамi ракi, адразу ўзнялася шалёная стралянiна i пакацiлiся глухiя крыкi. Гэта байцы другога батальёна, падтрымлiваючы Плешчавеню, выклiкалi агонь на сябе.
   Плешчавеня толькi варочаў галавой, прыглядаючыся i прыслухоўваючыся. За некалькi кiламетраў адсюль над ракою загаралiся i тухлi ракеты i трасiры ўвесь час праразалi цемень. Тут жа панавала ранейшая цiшыня.
   Маёр паклаў перад сабою аўтамат i загадаў адпiхвацца ад берага. Нiхто не падняўся на плыце. Нават тыя, што трымалi ў руках даўгiя шасты, працавалi iмi седзячы. Плыт марудна павярнуўся, выплыў на чыстае месца. Яшчэ некалькi метраў - i вось ужо наперадзе толькi рака. Не больш за сто пяцьдзесят метраў. Маёр падлiчыў, што прыкладна праз чатыры хвiлiны немцы выпускаюць па ракеце. Плыт крануўся якраз тады, калi ў небе патухла апошняя ракета. Пакуль ён выходзiў з завадзi, прайшла хвiлiна. Цяпер за якiя тры хвiлiны трэба было праплысцi аж сто пяцьдзесят метраў. А што будзе, як ворагi асвецяць раку раней? I Плешчавеня шэптам прахроп:
   - Хутчэй, хутчэй!
   Гэтага i гаварыць не трэба было. Байцы з шастамi працавалi ўмела i шпарка. Вось плыт ужо вынесла на сярэдзiну ракi, вось ужо зачарнеўся наперадзе лазняк, а за iм i ўзгорак. Цяпер усё залежала ад лiчаных секунд. Плешчавеня нервова ўглядаўся ў лазнякi, што ўвесь час наблiжалiся. Блiзка булькатала плынь, варушылася спiна салдата, што напружана працаваў шастом.
   Плыт з шумам урэзаўся ў лазовыя кусты, што танулi яшчэ ў вадзе. Без нiводнага стрэлу, без крыку - пры поўнай цiшынi!
   - За мной! - прашаптаў ён, але так, каб усе чулi, i скочыў, як яму здалося, на зямлю, але ў сапраўднасцi па каленi ў ваду.
   Успыхнула ракета над галавою - i супрацьлеглы бераг, рака, плыт i ўвесь яго батальён сталi адразу ясна вiдаць. Нехта спалохана крыкнуў наперадзе па-нямецку, нейкi момант Плешчавеня нават чуў кароткi бег, што аддаляўся, i адразу ж за гэтым крыкi, стрэлы i ўзрывы гранат скаланулi паветра.
   Бераг быў абрывiсты, у ямiнах - зусiм не такi, якiм ён здаваўся, калi на яго пазiралi праз бiноклi, i Плешчавеня, а ўслед за iм i байцы ўжо неяк зусiм iнстынктыўна знаходзiлi вузкiя сцяжынкi да нямецкiх акопаў. I наперадзе ў маёра, у святле ракет i выбухаў, увесь час матлялася цыбатая, сухарлявая i сутулая постаць, якая здавалася вельмi добра знаёмай, нечым нават вельмi блiзкай, але хто гэта быў, маёр, змораны бяссоннымi начамi, нiяк не мог адгадаць. Аднак яны абодва, як заварожаныя, беглi да таго месца, дзе ў цеменi вельмi таропка i часта ўспыхвалi сiнiя агеньчыкi кулямёта. Цяпер маёр зразумеў, што не адзiн ён нацэльваўся з таго боку на гэты кулямёт, а i во гэты, хоць нечым i вельмi блiзкi, аднак няўлоўны для памяцi чалавек. Аўтамат у яго руках, як i аўтамат Плешчавенi, увесь час успыхваў то справа, то злева. Нарэшце баец прыпынiўся, шпарка ўзмахнуў рукою i гэтак жа ўпаў, а ўслед за iм, зразумеўшы ўсё, упаў i Плешчавеня. Бабахнуў узрыў, прасвiсталi асколкi, наперадзе нешта глуха звалiлася, i кулямёт зацiх. Баец, як i сам Плешчавеня, таропка мяняў у гэты час аўтаматны дыск.
   Потым яны разам ускочылi ў акоп i пабеглi адзiн управа, а другi ўлева па акопе, i тут Плешчавеня зразумеў, што яго напарнiкам, гэтым блiзкiм i вельмi дарагiм чалавекам, быў камсорг Забiла. Мiжволi прыгадалася, як зусiм нядаўна стаяў ён пад кулямi з бездапаможна выцягнутымi рукамi i як яго твар усё больш бляднеў, а пасля - як лоўка выбраў ён момант узабрацца на плыт. Можа, iменна гэтым i ўвайшоў ён у душу маёра?
   Ззаду беглi байцы i не сцiхалi аўтаматы. Пад кулямi ўскрыквалi i падалi фашысты. Пасля трэцяй траншэi Плешчавеня выпусцiў ракету i ўбачыў перад сабою лагчыну, па якой, спатыкаючыся, беглi адступаючыя. Далей iсцi нельга было. На гэтым узгорку трэба было спынiцца i чакаць падмацавання. Стрэлы вакол зацiхалi.
   Тады Плешчавеня выпусцiў яшчэ дзве зялёныя ракеты - умоўны знак, што батальён паспяхова выканаў заданне. Пасля гэтага ён таропка пачаў абходзiць траншэi, у цеменi пазнаючы байцоў, расстаўляючы iх на выпадак контратакi.
   II
   Ён ведаў, што ўслед за iм павiнен адразу ж пераправiцца наступны батальён з артылерыяй i што там для гэтага падрыхтаваны такiя ж плыты, але батальён чамусьцi не перапраўляўся, хоць Плешчавеня i яшчэ раз выпусцiў у цемень дзве зялёныя ракеты. Раптам над галавою загулi самалёты, павiслi на парашутах ракеты, i ўсё закружылася ў цяжкiх выбухах, енках i стогнах.
   Пачыналася ранiца. Барвовела неба на ўсходзе, расступаўся змрок, агаляючы абпалены i ўзрыты варонкамi высокi прырэчны бераг. На тым месцы, адкуль ноччу бiў варожы кулямёт, валялiся толькi нейкiя анучы, тырчала станiна ды блiшчалi пераблытаныя кулямётныя стужкi. Траншэi былi завалены трупамi - найбольш варожымi. Плешчавеня пералiчыў байцоў i спахмурнеў. Пасля бамбёжкi iх асталося дваццаць пяць. З дваццаць пятым, старшыной, ён сутыкнуўся ў самым кутку траншэi - той сядзеў, трымаючы мiж каленяў аўтамат, i перавязваў акрываўлены палец на левай руцэ.
   - Ты? - толькi i знайшоўся што сказаць Плешчавеня, пiльна прыглядаючыся да збялелага твару з вялiкiмi вачыма.
   - Я, - аздказаў Забiла.
   - Цяжка будзе, - сказаў Плешчавеня. - Да вечара нашым не перабрацца iхняя авiяцыя не дасць. А да вечара яны паспрабуюць выбiць нас.
   Маёр памаўчаў, чамусьцi зноў успомнiў, як гэты Забiла стаяў мiнулай ноччу ў вадзе пад кулямi, а цяпер гэтак старанна перавязвае свой скрываўлены палец, i нечакана для самога сябе раптам запытаўся:
   - Жанаты?
   - Не яшчэ, - адказаў Забiла, усё больш раскрываючы вочы.
   - А мацi ёсць?
   - А як жа. Ды гэта не так важна, - памарудзiў, зацягнуў вузел на пальцы i таксама запытаўся: - А ў вас, таварыш маёр, ёсць мацi?
   - У мяне! - хмыкнуў маёр. - У мяне сын старэйшы такi, як ты, - i, спахапiўшыся, сказаў ужо зусiм iнакшым голасам: - Зараз жа абыдзi байцоў, дазнайся, колькi асталося гранат i патронаў. Без каманды, скажы, каб не стралялi, - i ўжо зусiм па-старэчы паскардзiўся некаму: - Ох, i дзянёк! Ох, будзе ж i дзянёк. Ды скажы яшчэ, - крыкнуў ён услед, - каб боепрыпасы ад забiтых забралi ды каб НЗ бераглi. Там ля разбiтага кулямёта ёсць гарматная гiльза. Хай зараз жа, пакуль не позна, прынясуць у ёй вады i паставяць у зямлянцы, што ля першай траншэi, - туды раненых будзем зносiць. Цi чуеш?
   - Ёсць! Будзе зроблена! - крыкнуў Забiла, усё больш адбягаючы ад траншэi.
   Плешчавеня скiнуў заплечны мяшок, адрэзаў ад бохана лусту хлеба, фiнкай раскрыў кансервавую бляшанку, пачаў есцi. Ён ненавiдзеў сам сябе за гэта - за празмерны апетыт, якi выклiкаўся хвiлiнамi найбольшай небяспекi. Ён добра ведаў, што ў штабе палка i ў штабе дывiзii многiя i знаёмыя i незнаёмыя кплiва i з'едлiва пасмейваюцца з яго. Пра яго апетыт i пра яго страўнiк ходзяць ледзь не анекдоты. Аднак, ведаючы i гэта, усё роўна не мог стрымаць сябе. Ён удзельнiчаў у вайне з першага ж дня, быў тры разы паранены, увесь час хадзiў па перадавых - у самым грукаце i тлуме, кожны момант быў пад смерцю i даўно звыкся з гэтым, пра смерць нават пакiнуў думаць, а вось з-за празмернага апетыту сумленне ўвесь час мучыла яго. Яму нават здавалася, што толькi праз гэта ў апошнi час яго хацелi перавесцi ў iнтэнданцкую часць, але ён наадрэз адмовiўся. Ён ужо зжыўся з перадавой i даўно пачаў лiчыць пяты кiламетр ад свае спiны далёкiм тылам. Але яго ўсё ж не мог не ўразiць выгляд той пазiцыi, якую ён цяпер займаў. Увесь узгорак з трыма траншэямi, у якiх сядзелi яго дваццаць пяць байцоў, быў голы i чорны, як галавешка. Там, дзе павiнна была б быць трава, сiвеў толькi попел. Пахла абгарэлай зямлёй. Справа, цераз лагчыну, быў яшчэ адзiн такi ўзгорак, але там сядзелi фашысты. Злева, за хмызнякамi на ўзгорку, таксама былi фашысты. Ззаду была рака.
   У кiцелi з пагонамi маёра, з сумкай цераз плячо, напоўненай гранатамi i патронамi (патроны былi i ў кiшэнях штаноў), з пiсталетам "ТТ", заткнутым за рэмень, увесь у сiвым шчацiннi, з даўгiмi пасмамi валасоў (бо калi ж галiцца i стрыгчыся на перадавой!), з забруджаным тварам, бледным ад страшэнных перажыванняў, ён сядзеў, сарамлiва калупаў нажом кансервы i шпарка жаваў, увесь час навакол аглядаючыся.
   Мозг яго, аднак, працаваў напружана i ўсё ўзважваў. I тое, што немцы яшчэ не апамяталiся як след пасля налёту i пастрэльваюць зрэдку i ў беспарадку, i тое, што прынеслi ўжо гарматную гiльзу з вадою, i што Забiла ўжо спяшаецца да яго траншэi.
   - Патронаў не лiчылi, але iх на дзень хопiць, а гранат пяцьдзесят ды пяць нямецкiх, - далажыў той.
   - А цяпер бяжы збяры ўсе iндывiдуальныя пакеты, складзi ў сумку, а сумку тую пакiнь у зямлянцы. I перадай: калi каго здорава паранiць, хай туды i паўзе.
   Забiла сарваўся з месца, але праз некалькi крокаў прыпынiўся i, на хаду павярнуўшыся, сказаў, успомнiўшы:
   - Ага, там яшчэ дзве супрацьтанкавыя мiны хлопцы знайшлi. I запалы да iх таксама.
   Гэтае паведамленне прымусiла маёра шпарка сунуць бляшанку кансерваў у рэчавы мяшок i падхапiцца. На яго твары раптам з'явiлася смяртэльная бледнасць. Ён яшчэ раз акiнуў вачыма наваколле. Усё больш днела, i ўсё выразней выступаў хмызняк з паўзмроку ў канцы таго поля, па якiм адыходзiлi адступаючыя.
   - Мiны i запалы зараз жа нясiце да мяне. Тым, што прыносiлi ваду, скажы: зараз жа хай iмчацца да ракi. Там у лазняку, дзе прычальваў наш плыт, ляжыць жардзiна. Я аб яе яшчэ спатыкнуўся, калi на бераг выбiраўся. Нiшто жардзiна метраў дванаццаць, бадай, у даўжыню будзе. Зараз жа каб прынеслi гэтую жардзiну сюды. Ды хутчэй, хутчэй, пакуль зусiм не развiднела. Хутчэй, чуеце? i ён нервова пляснуў сябе далонямi па сцёгнах.
   - Ёсць! - казырнуў камсорг, а Плешчавеня, павярнуўшыся тварам да захаду, пачаў уважлiва разглядаць поле перад сабою.
   Узгорак, як i ўсякi ўзгорак ля ракi, быў пясчаны. Вiдаць былi глыбокiя сляды ворагаў, што ўцякалi адсюль. Але далей, метраў за трыста нiжэй узгорка, зямля дзiрванела, расла густа трава, вытырквалася куп'ё.
   Дзве важкiя мiны - металiчныя талеркi - маёр разглядаў з выглядам добрага знаўцы. Нездаволена пакруцiў галавой:
   - Каб гэта iх тры. Трэцяй не было?
   - Не было, - адказалi байцы.
   - А можа, яна была, ды ўзарвалася, калi бамбiлi? - пацiкавiўся Плешчавеня.
   - Не, мiны мы знайшлi да бамбёжкi.
   - Хм, - хмыкнуў Плешчавеня. - Малайцы немцы!
   Пасля гэтай пахвалы ў адрас ворага ён пакруцiў каля самага свайго носа запалы, i байцы, што ўвесь час асцерагалiся iх, падступiлiся да Плешчавенi блiжэй.
   - Запалы добрыя, - сказаў маёр.
   - Тую жардзiну знесла вадою, - далажылi ў гэты час яму, - плыт таксама знесла. А мы знайшлi тры нашы шасты.
   - Добра, - сказаў Плешчавеня. - Звяжыце ўсе тры тады ў адзiн, ды так моцна, каб гэта было як усё роўна адзiн шост. Забiла, астанешся тут за мяне. А ты, - i ён тыцнуў пальцам у знаёмага байца, - папаўзеш са мной. Будзем паўзцi паралельна - я справа, ты злева, а мiж намi гэты самы шост. Мiны моцна не прысыпаць. Канцы шаста пакласцi на запалы i ўмацаваць калкамi. Ды глядзi ж, каб не было так, як мiнулы раз, помнiш?
   - Помню, - сказаў баец.
   - Эх, каб гэта нам трэцяя мiна! - пашкадаваў маёр.
   Прынеслi звязаны шост. Плешчавеня пакратаў яго, праверыў трываласць звязкi, сказаў:
   - Там мой рэчавы мяшок у траншэi. Занясiце ў зямлянку.
   Пасля гэтага яны папаўзлi - кожны з мiнаю пад пахай, паралельна адзiн аднаму, як i хацеў таго маёр.
   Днела з казачнай шпаркасцю. На абодвух берагах раптам разгарэлася ранiшняя перастрэлка, праскавытала, як падбiты сабака, першая мiна, плёхнуўшыся недзе ў прырэчных лазняках. Па ўзгорку Плешчавенi - як значыўся ў штабах цяпер гэты кавалачак зямлi - стралялi ўсё яшчэ як бы нехаця - працiўнiк, вiдаць, яшчэ не ведаў нi сiлы, якая змагла пераправiцца i замацавацца на гэтым беразе, нi гранiц плацдарма. Таму трасiры часам iшлi значна далей трох траншэй, якраз над тым месцам, куды папаўзлi Плешчавеня i баец. Там нават аднойчы ўзарвалася мiна, выкiнуўшы ў паветра снапок апню. Залаты час на фронце - ноч. Толькi днём па-сапраўднаму пазнаюцца ўсе змены, што неяк адбылiся ў змроку. I Плешчавеня гэта добра ведаў, спяшаючыся.
   У траншэях усё больш насцярожвалiся. Забiла паглядаў то наперад, то ўгору, дзе кружыўся ўжо карэкцiроўшчык. Нi маёр, нi баец не вярталiся. Ужо так развiднела, што вiдаць была жардзiна, пакладзеная iмi ад мiны да мiны i злегку прысыпаная дзе-нiдзе пяском. Час пачаў цякцi нязвыкла марудна, адчувалiся нават удары маятнiка, хоць дзень па-ранейшаму iмчаўся з лiхаманкавай шпаркасцю. Забiлу захацелася крыкнуць маёру, каб ён не марудзiў i хутчэй вяртаўся, i ён крыкнуў, але голас яго як бы назаўсёды патануў у агульным трэску i грукаце стралянiны, што нi на момант не сцiхала i справа, i злева, i нават недзе наперадзе. Як камсорг ён абвiнавачваў маёра за рызыку сваiм жыццём, але разумеў, што, апрача яго ды таго байца, нiхто так добра не ўладкуе справы з супрацьтанкавымi мiнамi. Прысутнасць маёра выклiкала ў Забiлы мiжвольную пачцiвасць, а калi ён успамiнаў, як той еў кансервы ў траншэi, дык i падначалены страх i здзiўленне, аднак Забiла адчуваў сябе i мацнейшым за маёра, бо мог не толькi ўбачыць яго душу, але i як след разабрацца ў ёй, як i ў iншых. Цяпер да ўсяго гэтага прымешваўся непакой страцiць гэтага чалавека, якi зрабiўся для яго родным, якраз тым, што на фронце называюць "бацькам", i Забiла, не вытрымаўшы, крыкнуў яшчэ раз.
   Яны не вярталiся, i ўсе таксама пачыналi непакоiцца. Нарэшце, бледныя, з галавы да ног у пачарнелым пяску, абодва звалiлiся ў траншэю, i баец цяжка задыхаў, седзячы на дне, а Плешчавеня, павагаўшыся, загадаў:
   - На месца назiральнiка за ракою паставiць во яго, - i зноў тыцнуў пальцам у свайго напарнiка. - Ну, цяпер чорт ма! Можа, як да вечара пратрымаемся, - i ўжо суха i строга: - Без каманды не страляць, патроны i гранаты берагчы. Ды не вытыкацца без загаду: на тое ў нас назiральнiкi.
   I пакрочыў да зямлянкi. Там прыпаў да гарматнай гiльзы i доўга пiў ваду мiзэрнымi, ледзь прыкметнымi глыткамi - найбольш мачыў губы ды язык.
   Сеў, намерыўшыся падрамаць, але не мог; праклiнаючы самога сябе за слабасць, яшчэ раз абышоў траншэi, яшчэ раз усё праверыў i, як след зразумеўшы, што, не ў прыклад iншым, заснуць i нават адпачыць хоць i некалькi кароткiх хвiлiн не зможа, нездаволены самiм сабою, ненадоўга прымасцiўся ля назiральнiка. Нешта выцягнуў з кiшэнi i зноў зажаваў.
   Прырэчны бераг захлынаўся стралянiнаю. Праскавыталi мiны i ахнулi недзе мiж трэцяй (у немцаў яна была першая) i другой траншэямi.
   - Ага, разабралiся, - хмыкнуў маёр, падаючы на дно.
   У наступны момант, быццам у доказ гэтых слоў, узгорак Плешчавенi патануў у дыме i пыле. Дваiх цяжка параненых прывалаклi ў зямлянку. Нядаўнi назiральнiк ужо ляжаў мёртвы.
   - Забярыце ў iх патроны! Патроны i гранаты! - крычаў Плешчавеня байцам, якiя цягнулi параненых.
   Калi налёт скончыўся, Плешчавеня азiрнуўся i застыў у здзiўленнi. Сонца, якое к таму часу ўзнялося над зямлёю, здалося яму пасля пылу i дыму цёмным. Па полi i хмызняку беглi ў гэты бок гiтлераўцы, часта падалi i стралялi.
   Плешчавеня спахмурнеў. Ён чакаў, што ў першую атаку гiтлераўцы пашлюць танкi.
   - Назiральнiкам астацца на месцы, а ўсiм у першую траншэю. I запомнiце: без майго загаду не страляць!
   Пасля гэтага Плешчавеня прымасцiўся ў траншэi, наглядаючы праз вузкую канаўку, зробленую ў брустверы. Ворагi падыходзiлi ўсё блiжэй i блiжэй. Паўзлi групамi i па адным. Паблiсквалi каскi, палохалi нажы на вiнтоўках. А ён сядзеў, сабраўшы ўсю сваю волю, i толькi скулы хадзiлi па бледных шчоках. Трохi як бы алавяныя вочы часам пачыналi ўзблiскваць жыццём. Над траншэямi ўвесь час пасвiствалi кулi. Пра сябе ён даўно не думаў. Ён нават не iснаваў як бы. Але ў гэтым як бы неiснаваннi хавалася праўда бясконцасцi свету i жыцця, якую ён яшчэ няясна, але пачынаў адчуваць. Усе яго пачуццi былi сабраны ў шкадаванне, што немцы паслалi не танкi, а толькi пяхоту.
   I разам з iм маўклiва, як заварожаныя, сядзелi дваццаць два байцы, пазiраючы, як немцы бесперашкодна падпаўзаюць да траншэй. Пярэднiя ланцугi ўжо зусiм наблiзiлiся да трох шастоў, што дзе-нiдзе былi прысыпаны пяском. Маёр зварухнуўся, потым урачыста скупа ўсмiхнуўся. Потым упаў на дно траншэi. Блiзка, яму здалося, паветра скалануў выбух неверагоднай сiлы. Гэта ўзарвалiся тыя дзве мiны, бо фашысты ўспаўзлi на шост, а ўмацаваны калкамi шост нацiснуў на запалы мiн. Разам абедзьве мiны ўзарвалiся! I разам з узрывам шыбануў у вушы нечалавечы крык i енк.
   - Агонь! - закрычаў Плешчавеня, выскачыўшы з траншэi, аднак памарудзiў крыху, а тады пабег наперад, увесь час страляючы з аўтамата.
   I зноў убачыў блiзка ад сябе Забiлу з перавязаным пальцам на левай руцэ.
   Пазней, на сваiм узгорку, у зямлянцы, маленькiмi глыткамi цягнуў з гарматнай гiльзы ваду, аглядаў раненых. Левая яго рука, хоць i згiналася, невыносна балела: куля, не крануўшы касцi, прайшлася па кiсцi.
   ...Танкi, як i чакаў маёр, выпаўзлi з хмызняку i пайшлi наўпрост на траншэi. Здаровай рукою Плешчавеня дастаў з кiшэнi акраец, пачаў жаваць. Сярэбраныя скронi яго пачалi паблiскваць на сонцы.
   Адчуваючы нiякаватасць, ён прыкмячаў, аднак, што байцы зусiм як бы i не заўважаюць яго слабасцi.
   Танкi наблiжалiся, i ён застыг, сцiскаючы звязку гранат. Вось пярэднi... i зусiм блiзка, немцы крычаць i бягуць наўпрост. Маёр размахнуўся i кiнуў гранаты.
   У гэты ж час нешта апякло яго, надоўга прыцiснула да зямлi.
   Усё цячэ, усё мяняецца...
   Маёр Плешчавеня ляжаў у зямлянцы, цяжка, з хрыпам дыхаў, кроў залiвала кiцель. Ён толькi што апрытомнеў i не памятаў, як яго ранiла. Як бы алавяныя вочы яго яшчэ больш памутнелi, запалыя шчокi сталi падобныя на паперу. У зямлянцы не было дзвярэй, сонечнае святло шчодра асвятляла маёра.
   - Атаку адбiлi? - запытаўся ён.
   - Адбiлi, - адказаў нехта вельмi знаёмым голасам. - А танк вы спалiлi. Вас падбiў гiтлеравец з аўтамата.
   - Ты, Забiла? - запытаўся маёр.
   - Я, - адказаў камсорг.
   Постацi матлялiся перад вачыма, як невыразныя зданi. Часам яны i зусiм падалi, i тады Плешчавеня адчуваў нязносны боль у галаве i ва ўсiм целе. Быццам хто стукаў аб што яго галавой - бязлiтасна, моцна. Раптам, сабраўшы ўсю сiлу волi, ён паспрабаваў устаць. Яго беражлiва падтрымлiвалi. Маёр скiнуў кiцель i астаўся ў адной сподняй кашулi, залiтай крывёю.
   - Дзе Забiла? - запытаўся ён.
   - Тут, таварыш маёр, - адказаў той.
   - Апранай мой кiцель, - загадаў Плешчавеня. - Зараз жа. Апранай i будзь за мяне. Да ночы, пакуль пачнецца пераправа, каб пратрымаўся - чуеш? Як убачыш тры сiнiя ракеты - сiгнал, цi можна перапраўляцца, - дай у неба дзве зялёныя. I скажы байцам, каб слухалiся, як мяне, маёра. Чуеш? Да падмацавання ты тут маёр.
   Упаў на зямлю i прахроп:
   - Там, у кiцелi, адрасок. Дык калi што - напiшы...
   Забiла моўчкi надзяваў кiцель, а байцы, што былi ў зямлянцы, са спачуваннем глядзелi на маёра, якi ўсё больш бляднеў i ўсё больш выпростваўся, так што не хацелася гэтаму i верыць.
   III
   Ноччу, акрываўлены Забiла ляжаў ля траншэi, часта страляў з аўтамата, перапаўзаючы з месца на месца. Блiзка ад яго гэтак жа поўзаў i страляў баец. Ён i баец - гэта было ўсё, што за дзень асталося ад батальёна...
   Яны вытрымалi яшчэ тры атакi. Ля ўзгорка Плешчавенi цяпер узвышалiся два абгарэлыя танкi, на полi валялiся трупы гiтлераўцаў, ды не сцiхалi два аўтаматы, якiя ноччу можна было прыняць i за дваццаць.
   ...Нiяк не верылася, што ён дачакаўся гэтае ночы. Цяпер пратрымацца б якую гадзiну, пакуль з таго боку прыйдзе падмацаванне. I Забiла поўзаў i страляў. Аднак ён адчуваў, што як бы памiрае, бо сэрца надоўга заходзiлася. Таму ён увесь час трымаўся блiзка ад байца, а ўрэшце i зусiм падпоўз да яго.
   - Як адчуваеш сябе? - запытаўся ён.
   - А нiчога, таварыш камбат, - адказаў баец, помнячы загад маёра. - Нага во толькi перабiтая, дык балiць.
   - А ў мяне, брат, сэрца нешта спыняецца, - прызнаўся камсорг. - Крывi шмат страцiў.
   Адчуваючы блiзкасць адзiн да аднаго, яны ляглi поплеч i пачалi страляць у цемень.
   Раптам над ракою загарэлiся тры сiнiя ракеты. Камсорг выцягнуў з-за пазухi ракетнiцу i выпусцiў на той бок дзве зялёныя.
   Перамянiў дыск i застрачыў па ўзгорку, на якiм акапалiся гiтлераўцы.
   Новае жыццё адкрывалася перад iм. Нешта большае, чым сэнс самога жыцця, перадаў яму разам са сваiм кiцелем Плешчавеня, i нездарма гэтыя пагоны i дакументы маёра ў кiшэнi i яго партыйны бiлет увесь напружаны дзень падтрымлiвалi Забiлу. I, яшчэ раз успомнiўшы ўсё гэта i ўспомнiўшы анекдоты пра маёра, ён захацеў заплакаць ад крыўды i жаласцi, але слёзы не iшлi.
   Ззаду плескатала рака i шасталi лазнякi, прымаючы першы плыт.
   1960 г.