Моруа Андрэ
Зялёны пас (на белорусском языке)

   Андрэ Маруа
   ЗЯЛЁНЫ ПАС
   - Бертран, - запытала Iзабэла, - вы будзеце сёння ўвечары дома да гарбаты? Вы б мне зрабiлi прыемнасць. Я чакаю гэту бедную Наталi, i мне адной цяжка яе прымаць. Мiж iншым, яна пiша ў сваiм лiсце, што хацела б з вамi параiцца.
   Я зiрнуў у свой блакнот i з прыкрасцю адмахнуўся:
   - Гэта парушае ўсе мае планы.
   - Даруйце, што дакучаю, Бертран, але вы не ўяўляеце, як мяне пужае гэта сустрэча... Мы не бачылi Наталi з таго часу, як памёр яе муж, i тое, што з ёю здарылася, мне здаецца такiм жахлiвым, што я проста не разумею, як яна перажыла... Можна ашалець з гора... Сямейная драма, беднасць... Цi не замнога для адной маленькай iстоты!.. Шчыра кажу, няма ў мяне належных слоў... Не ведаю, чым яе ўцешыць!..
   - I я таксама... А вам не здаецца, што найлепшы сродак у такiх выпадках гаварыць як мага менш?.. Я думаю, што, убачыўшы вас, яна пачне плакаць... Вы гэтак жа будзеце плакаць... Абдымiце яе, далейшае падкажа iнстынкт.
   Праз хвiлiну ён дадаў:
   - Уяўляю, якая гэта будзе для вас пакута. Пастараюся ў гэты час быць каля вас.
   Вечарам, за некалькi хвiлiн да вызначанага тэрмiну, ён увайшоў у пакой Iзабэлы.
   - Нiяк не супакою нерваў, - сказала яна. - Спрабавала чытаць, але ўсе мае думкi аб гэтай няшчаснай... Гляджу на дзверы, праз якiя яна зараз увойдзе, падбiраю словы i тут жа iх губляю. Мне так нядобра!.. Сама не свая...
   - Вазьмiце сябе ў рукi. Нiколi не трэба зараней рыхтавацца да выключных абставiн. Кiдайцеся ў цяжкую размову, як спрактыкаваны плывец у халодную ваду, - так раiў Стэндаль... Гарбата згатаваная?
   - Так, я прасiла Марыю, каб яна прынесла нам гарбату хвiлiн праз пяць пасля яе прыходу... Я спадзяюся, што з'яўленне чужога чалавека спынiць рыданне i слёзы i пасля лягчэй будзе гаварыць.
   Бертран узяў кнiгу, разгарнуў яе, потым, уздыхнуўшы, адклаў. Абое маўчалi. Кароткi, нясмелы званок парушыў цiшыню. Iзабэла паднялася.
   - Гэта Наталi, - прашаптала яна.
   - Сядзiце, не ўставайце, - прамовiў Бертран.
   Яна пачула звонкi голас у пярэдняй.
   - О, як у вас тут цёпла! Я скiну палiто.
   Дзверы адчынiлiся. На парозе паказалася Наталi. Яе твар трошкi схуднеў, трошкi пабляднеў, але амаль не змянiўся - быў такi ж малады i прыгожы.
   - Добры дзень, - радасна прывiталася яна. - О! Бертран!.. Якi вы слаўны!.. Я нiяк не спадзявалася, што вы захочаце мяне пабачыць... Як у вас тут цёпленька, Iзабэла!..
   Калi праз гадзiну, праводзiўшы госцю, Бертран вярнуўся, Iзабэла сказала яму з абурэннем:
   - Нiхто б не даў веры! Як вы лiчыце, дарагi? Я ж дрыжала толькi ад адной думкi... А яна хоць бы слова аб сваiм горы, аб сваiм няшчасцi...
   - Хiба што туманныя намёкi, - пацвердзiў Бертран. - Часам уставiць нешта накшталт "у маiм становiшчы" i адразу ўбок. Нiчога канкрэтнага. Дзiўлюся, нашто ёй спатрэбiлася мая прысутнасць... Яна хацела нейкай парады, вы казалi?.. Але ж яна ў мяне нiчога не спытала.
   - Я тут нi пры чым, Бертран. Яе просьбу я перадала правiльна. Не магу апамятацца!.. Вам даводзiлася бачыць такое? Развяла нудную балбатню пра рукавы з напускам... Гэта праўда, што вам такiя рукавы падабаюцца? Знайшлi што хвалiць!.. А я думала, што вы прыхiльнiк строгiх строяў.
   - Ды я зусiм не хвалiў... Вы маўчалi... Трэба ж было нейк заняць час.
   - Я двойчы спрабавала нагадаць ёй пра мужа, i кожны раз яна спыняла мяне абыякавай фразай i пачынала гаварыць аб сваiм намеры паехаць у Грэцыю, зрабiць марскую прагулку ў асобнай каюце. Вiдаць, яна яго нiколi не кахала.
   - Хто ведае? - прамовiў Бертран.
   - А яе дзецi?.. Вы чулi, што яна сказала, калi я заўважыла, што дзецi будуць ёй уцехай? "Вы так думаеце? - запытала яна. - Вы любiце дзяцей?.. А я не... Заходжу ў дзiцячую. Калi яны гуляюць, то на мяне нiякай увагi... I мне тады робiцца сумна". Я не ведала, што адказаць... Затое пра вашу апошнюю кнiгу яна гатова была гаварыць бясконца.
   - А хiба гэта дрэнна? - заступiўся Бертран. - Вiдаць, яна яе з цiкавасцю прачытала.
   - Якраз гэтага я i не магу ёй дараваць... Як можна з цiкавасцю чытаць кнiгу, калi сэрца павiнна разрывацца з роспачы?.. I потым, нарэшце, гэты зялёны пас!.. Вы звярнулi ўвагу?
   - Звярнуў. Даволi прыгожа, мiж iншым, - палоска яркага колеру на чорным фоне.
   - Прыгожа?.. Што вы, Бертран? Можа, i так, але ж гэта скандал!.. Як? Страцiць такога выдатнага мужа пры такiх трагiчных абставiнах i праз тры месяцы парушыць жалобу!.. О! Я разумею, што вы не прывыклi надаваць значэння драбнiцам... Я таксама... Але ўсё ж трэба хоць трошкi захоўваць прыстойнасць... Ярка-зялёны пас!.. Я вачэй не магла адарваць.
   - Мiлая Iзабэла, - прамовiў Бертран, узяўшы яе за руку. - Што вы так сябе мучыце, перажываючы чужую бяду!..
   - Яна не заслугоўвае спагады... Вы ўяўляеце, у яе нават быў апетыт! Я ёй шклянку гарбаты не адразу адважылася прапанаваць... А яна ела ўсё: печыва, торт. "Вашы бутэрброды з сырчыкам вельмi смачныя". Бачыце, ёй бутэрброды смачныя... Я разгубiлася, не знайшла, што адказаць.
   Бертран усмiхнуўся:
   - Хто б паверыў, дарагая, што сёння ранiцай я застаў вас амаль у слязах i толькi што, чакаючы яе, вы дрыжалi ад страху!.. Мая думка правiльная: нiколi не варта загадваць наперад... Мары i рэчаiснасць не супадаюць, i ў жыццi часта бывае куды прасцей, чым нам уяўляецца.
   Праз некалькi дзён яны даведалiся, што Наталi памерла, прыняўшы тры цюбiкi вераналу.
   Пераклад: Юрка Гаўрук