Аддадзены дваццаць хвiлiн таму, узамен за распiску, праект з эскiзамi дэталяў i калькуляцыяй; тонкiм пяром я паўпiсваў усе лiчбы i пазiцыi; вачыма, поўнымi бляску, як быццам перада мною стаялi ўжо гатовыя будынкi, я глядзеў на праект - нiбы заглядаў у акно: там стаялi, сагнуўшыся, манахi; пiлiгрымы пiлi маладое вiнаграднае вiно, a тым часам работнiцы спявалi ўнiзе галасамi высокiмi i нiзкiмi, прагна чакаючы вячэрняга адпачынку; пасылалi мне свае жалобныя спевы; я заплюшчыў вочы, адчуў халадок, якi я меў адчуваць толькi праз пяцьдзесят гадоў - як чалавек са зробленай кар'ерай, вакол якога пульсуе жыццё.
   Гэтыя чатыры з паловаю тыднi цягнулiся бясконца доўга; усё, што я рабiў, было адпрацавана мною загадзя ў кабiнеце сноў; заставалася толькi ранiшняя iмша, заставалiся гадзiны ад паловы адзiнаццатай да пятай; я прагнуў непрадбачанага, нечаканага, якое падарыла мне лёгкую ўсмешку i два разы словы: "Жадаю Вам шчасця, пан Фэмель". Калi я заплюшчваў вочы, час расшчапляўся, рабiўся нiбы спектрам: мiнуўшчына, цяпершчына, будучыня; праз пяцьдзесят год маiм старэйшым унукам будзе ўжо дваццаць пяць, мае сыны будуць ва ўзросце тых шаноўных паноў, якiм я ўручыў толькi што свой лёс, перадаўшы свой праект. Я абмацаў кiшэнь: распiска была на месцы, рэальна; заўтра ўраннi збярэцца журы i вызначыць, што становiшча змянiлася: з'явiўся чацвёрты праект; сярод членаў журы ўжо ўтварылiся партыi: двое - за Грумпэтэра, двое - за Брэмокеля i адзiн, самы галоўны, самы малады i меншы за ўсiх ростам, абат - за Волерзайна; абат любiў рамантыку; пачнецца гарачая дыскусiя, бо абодва прагныя да хабару члены журы будуць высоўваць самыя важкiя аргументы - з пункту гледжання мастацтва; прыняцце рашэння будзе адкладзена; "гэты маладзён, што ўзяўся немаведама адкуль, паблытаў нам усё"; занепакоеныя члены журы ўбачаць, што мой праект вiдавочна падабаецца абату; ён раз-пораз затрымлiваўся каля маiх эскiзаў, адпiваў з келiха вiно; усё арганiчна ўпiсвалася ў краявiд, а функцыянальнасць чатырохкутнiка гаспадарчай забудовы так выразна вылучалася на фоне строгага чатырохкутнiка галерэяў-скляпенняў i клаўзуры; студня, карчма для пiлiгрымаў - усё яму было даспадобы; абат усмiхнуўся: там ён будзе Primus inter pares*; ён ужо ўвайшоў у гэты праект, нiбы ў сваю ўласнасць, старшыняваў у рэфекторыi, сядзеў з хорам, наведваў хворых братоў-манахаў, завiтваў да аканома, каб пакаштаваць вiно, адчуць, як скрозь пальцы сыплюцца хлебныя зярняты - хлеб для яго манахаў i для бедных, зярняты, што выраслi на яго палетках; калi ласка, малады архiтэктар прадугледзеў невялiкае, з дахам, памяшканне для жабракоў, адразу каля брамы; на двары - лаўкi на лета, унутры - крэслы, стол, печка на зiму. "Шаноўныя панове, у мяне няма анiякiх сумненняў, я галасую, без усякага, за гэты - яе гэта яго прозвiшча? - ... за фэмелеўскi праект. I прашу звярнуць увагу на кошт будаўнiцтва: на трыста тысяч марак менш за самы танны з трох астатнiх праектаў"; крошкi сургучу з адкрытых ран засыпалi стол, па якiм грукалi кулакамi фахоўцы, распачынаючы спрэчкi: "Паверце нам, вялебны ойча, вельмi часта нехта занiжае суму ў каштарысе, а што Вы будзеце рабiць, калi гэты чалавек за чатыры тыднi перад iнаўгурацыяй прыйдзе да Вас i скажа, што ў яго не хапiла iмпэту? У гэткiх праектах перавышэнне кошту будаўнiцтва на паўмiльёна здараецца нярэдка; паверце дасведчаным людзям. Якi банк паверыць нiкому не вядомаму архiтэктару-пачаткоўцу, хто выкладзе за яго гарантыйную суму? Цi ёсць у яго хоць якая маёмасць?" На маладога абата набягае хваля гучнага смеху: "Маёмасць, згодна з уласным сведчаннем, - восем тысяч марак". Спрэчкi. Разыходзiлiся ўсе раздражнёныя. Прыняцце рашэння было адкладзена на месяц. Хто гэта даў, замацаваўшы ў статуце, гэтаму абстрыжанаму дагала, ледзьве трыццацiгадоваму сялянскаму сыну права рашаючага голасу - гэтак, што справа можа быць вырашана толькi не насуперак яго волi, а згодна з ёй.
   * Першы сярод роўных (лац.).
   Званiлi тэлефоны, успацелыя лiстаношы iмчалiся з экспрэс-поштаю ад старшынi зямельнага ўрада да архiбiскупа, ад архiбiскупа да духоўнай семiнарыi, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасцi неаготыкi; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дылiжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталi на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Нiколi не чуў пра такога. Яго праект? З тэхнiчнага пункту гледжання выдатны, калi браць пад увагу калькуляцыю - трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць, - наколькi можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлiвы; толькi цераз мой труп. Труп? Архiбiскуп усмiхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сiвых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты памiж Грумпэтэрам i Брэмокелем, памiж Брэмокелем i Волерзайнам: карыфеi, што былi ворагамi да смерцi, на некалькi дзён зрабiлi перамiр'е, пыталiся адзiн у аднаго ў шыфраваных лiстах i тэлефанаграмах: "Цi кветкавая капуста псуецца?" - гэта павiнна было значыць: "Цi можна адклiкаць абатаў з пасады?" I прыходзiлi адказы, што забiвалi ва ўпор: "Кветкавая капуста не псуецца".
   Я ж на чатыры тыднi знiк; якою цiхамiрнаю была мая магiла; зямля абсоўвалася на яе паволi, мякка насыпалася зверху i побач са мною; мяне аглушаў спеў работнiц; лепш за ўсё было нiчога не рабiць, але цяпер я пачну дзейнiчаць, мушу дзейнiчаць, калi яны раскапаюць маю магiлу, здымуць накрыўку з труны i адкiнуць мяне назад, у час, дзе кожны дзень мае найменне, а кожная гадзiна - нейкi абавязак; гульня стане сур'ёзнаю; я не прыносiў ужо прыкладна a другой гадзiне талерку гарохавага супу з маёй маленькай кухнi; я яго ўжо не падаграваў, а еў халодны; мяне не вабiлi нi стравы, нi грошы, нi слава; я любiў гульню, меў патрэбу ў сваёй цыгары i тужыў па жанчыне, па жонцы. Цi стане ёю тая цёмнавалосая зграбная i гожая дзяўчына з тэрасы дома, што насупраць - Ёганна Кiльб? Заўтра яна будзе ведаць маё iмя; цi я знудзiўся проста па якой-небудзь дзяўчыне, альбо - менавiта па ёй? Мне зрабiлася невыносна кантактаваць увесь час з аднымi мужчынамi - усе яны здавалiся мне смешныя: вернiкi i бязбожнiкi, тыя, што расказвалi непрыстойныя показкi, i тыя, якiя дазвалялi сабе слухаць iх, бiльярдысты, лейтэнанты-рэзервiсты, спевакi, прыдзвернiк i кельнеры; я меў iх задосыць, радаваўся хвiлiнам памiж пятай i шостай, тварам работнiц, у адной грамадзе з якiмi я выходзiў праз браму; я любiў пачуццёвасць, напiсаную на iх тварах, што нязломна плацiлi данiну плыннасцi часу; я з найбольшай ахвотаю пайшоў бы з адною з iх на танцы, ляжаў бы з ёю ў асенняй водарнай траве - парваў бы распiску, спынiў бы сваю вялiкую гульню - гэтыя дзяўчаты смяялiся, спявалi, ахвотна елi i пiлi, плакалi i не былi падобныя да тых фальшывых козак, што правакавалi мяне, кватэранаймальнiка, на любошчы, якiя здавалiся iм смелымi. Гэта ўсё яшчэ належала мне - постацi i рэквiзiт; яшчэ мяне слухалiся статысты - у гэты апошнi дзень, калi мне не хацелася халоднага гарохавага супу, а я занадта быў лянiвы, каб яго сабе пагрэць; я хацеў давесцi да канца гульню, якую я выдумаў у нудоце местачковых надвячоркаў, калi я спраўдзiўшы дастатковую колькасць муравальнага раствору, якасць цэглы, вертыкальнасць муроў i аддаўшы перавагу нудоце карчмы перад нудотай канцылярыi - пачаў на маленькiх картках рабiць накiды праекта абацтва.
   Гульня мяне ўжо не адпусцiла; рысункi рабiлiся буйнейшымi, уяўленнi дакладнейшымi, i амаль незаўважна для сябе я ўлез у калькуляцыi; вучыўся лiчыць, вучыўся рысаваць; калi ласка; я паслаў Кiльбу пяцьдзесят залатых марак i атрымаў умовы конкурсу; аднаго разу ў нядзелю я выбраўся ў Кiслiнген; квiтнеючыя збожжавыя палеткi, цёмна-зялёныя бурачныя палi, лес, у якiм калi-небудзь павiнна было стаяць абацтва; я вёў сваю гульню далей, збiраў iнфармацыю пра сваiх працiўнiкаў, чые прозвiшчы калегi вымаўлялi з пабожнай нянавiсцю: Брэмокель, Грумпэтэр, Волерзайн; я аглядаў спраектаваныя iмi будынкi: цэрквы, лякарнi, каплiцы, Волерзайнаў сабор; я адчуваў, ветрыў носам, бачачы гэтыя безнадзейныя збудаваннi: будучыня ляжыць перада мною i чакае, што я вазьму яе - нiбы зямля, якую трэба было засвоiць; невядомая зямля, у якой закапаныя залатыя манеты для таго, хто здолее ўжыць хоць трохi стратэгii; i я ўзяў будучыню ў руку, мне трэба было яе толькi моцна схапiць; час раптоўна зрабiўся магутнай сiлай, я недаацанiў яго; ён праходзiў нявыкарыстаны, у той час калi я за некалькi залатых манет аддаў няздарам i лiслiўцам умеласць сваiх рук i матэматыку свайго розуму; я купляў паперу, таблiцы, алоўкi i падручнiкi; гульня, за якую я плацiў толькi адным: часам. Але ў мяне быў час, ён быў мне падораны; нядзелi былi маiмi разведвальнымi днямi; я вывучаў мясцовасць, хадзiў па вулiцах: Модэстгасэ, у доме нумар 7 можна было наняць рабочы кабiнет; насупраць, у доме нумар 8, жыў натарыус, у якога пад пячаткай захоўвалiся праекты; межы былi адкрытыя, мне трэба было толькi пераступiць iх; i толькi цяпер, заглыбiўшыся ў тэрыторыю краiны, якую я павiнен быў заваяваць, адчуваю сябе ўжо напалову яе ўладальнiкам, толькi цяпер, калi вораг яшчэ спаў, я абвясцiў вайну; я зноў праверыў, цi на месцы распiска; яна была на месцы.
   Праз дзень першы госць павiнен быў пераступiць парог майго рабочага кабiнета - абат, малады, цемнавокi, спраўны; якi хоць яшчэ i не панаваў, а ўжо быў звыкся з панаваннем.
   - Адкуль Вам было вядома, што наш святы айцец Бенедыкт не рэкамендаваў раздзяляць братоў-законнiкаў i айцоў святароў у рэфекторыi?
   Ён хадзiў сюды-туды па рабочым кабiнеце, паглядаў раз-пораз на праект, потым спытаўся:
   - Цi Вы здолееце вытрываць, не апусцiць рукi, не паддасцёся гэтым крумкачам?
   А мне было боязна перад гэтай вялiкай гульнёй, якая падымалася з папераў i павiнна была завалодаць мною; я гуляў у гэтую гульню, але нiколi сабе не ўсведамляў, што я мог бы ў ёй таксама выйграць; мне было б досыць славы, што я не атрымаў перамогi ў змаганнi супраць Брэмокеля, Грумпэтэра i Волерзайна, але - каб перамагчы iх? Мне было вусцiшна, ды я сказаў:
   - Вытрываю, не паддамся, вялебны ойча.
   Ён згодна кiўнуў галавою, усмiхнуўся i пайшоў.
   А пятай я разам з грамадою работнiц выйшаў праз браму, каб зрабiць запланаваную вячэрнюю праходку па горадзе; я бачыў схаваныя пад вэлюмам пякноты, што ехалi ў каламажках на спатканнi; лейтэнантаў, якiя ў кавярнi Фуля пiлi моцныя трункi пад слабую музыку; штодня я рабiў чатырохкiламетровы шпацыр - заўсёды адной дарогай i ў адзiн час; усе павiнны былi бачыць мяне, бачыць у адзiн i той самы час, у адных i тых самых месцах - гаспадынi крамаў, банкiры i ювелiры; вулiчныя жанчыны i кандуктары, экспедытары крамаў, кельнеры i хатнiя гаспадынi; яны павiнны былi бачыць i бачылi мяне памiж пятаю i шостаю, з цыгараю ў руцэ; гэта не было прынята - я ведаю, але ж я мастак: вызнаваць нон-канфармiзм - мой абавязак; мне можна таксама спыняцца каля катрыншчыкаў, якiя разменьваюць на грошы меланхолiю канца рабочага дня; вулiца летуценняў-сноў, што вяла праз кабiнет летуценняў-сноў: мае статысты мелi добра нашмараваныя суставы, невiдочныя нiткi рухалi iмi; яны адкрывалi раты, каб вымавiць прадугледжаныя мною дзеля iх штатмпы; халодная мелодыя бiльярдавых шароў у гатэлi "Прынц Генрых" -белае на зялёным, чырвонае на зялёным; манекены згiналi рукi, каб ударыць па шары, каб паднесцi да рота куфаль з пiвам; яны набiралi ачкi, гулялi серыi, па-каляжанску ляпалi мне па плячы; ax, гэтак! ax, не! о, блiскуча! вам не пашэнцiла; а я чуў, як камякi зямлi падаюць на маю труну, перадсмяротны крык Эдыт i апошнi позiрк светлавалосага вучня столяра - позiрк, якiм ён павiнен быў акiнуць каменныя муры вязнiцы, былi ўжо напагатове.
   Я паехаў з жонкаю i дзецьмi ў далiну Кiса, паказаў iм з гордасцю вынiк працы маёй маладосцi, наведаў пастарэлага ўжо абата i прачытаў на яго твары гады, якiх не мог убачыць на сваiм; кава ў гасцёўнi, пiрог, выпечаны са сваёй мукi, са слiвамi, што выраслi ў сваiм садзе, i са смятанкаю, знятаю з малака ад сваiх кароў; маiм сынам было дазволена зайсцi ў клаўзуру, жонка з дочкамi, што ўвесь час хiхiкалi, павiнны былi чакаць на вулiцы: чацвёра сыноў, трое дачок - сямёра дзяцей, якiя падораць мне сем разоў па сем унукаў; абат жа сказаў мне з усмешкаю: "Мы ўжо цяпер нават суседзямi зрабiлiся". Сапраўды, я купiў абедзве вёсачкi: Штэлiнгер-Гротэ i Гёрлiнгерс-Штуль.
   - Ах, Леанора, зноў - з Кронэравай кавярнi? Hе, я ж сказаў выразна: шампанскага не трэба. Цярпець не магу шампанскага. А зараз - працы канец, маё дзiця. Калi ласка. I цi не маглi б Вы замовiць мне таксi, на чатырнаццатую? Няхай чакае мяне каля брамы; можа, падвязу i Вас трохi. Hе, праз Блесэнфэльд я не еду. Добра, калi жадаеце, можам гэта яшчэ ўдакладнiць.
   Ён адвярнуўся ад сваёй рамы са зменнымi малюнкамi, разгледзеў сцены кабiнета, дзе на сцяне вiсеў вялiкi праект абацтва, а ў паветры было поўна пылу, якi, нягледзячы на ўсю асцярожнасць, падымаўся з-пад рук Леаноры; яна з ахвотаю прыбрала ў сталёвай шафе, падала яму вялiкi пачак банкнотаў, якiя страцiлi сваю вартасць яшчэ трыццаць пяць год таму; потым, патросшы галавою, выцягнула на свет божы iншы пачак грошай, якiя не мелi вартасцi ўжо дзесяць год; яна дбайна пералiчыла на рысавальным стале ўсе чужыя купюры: дзесяць, дваццаць, восемдзесят, сто - тысяча дзвесце марак.
   - Кiньце гэта ў агонь, Леанора, цi аддайце iх, можа, дзецям з вулiцы гэтыя задуманыя з вялiкiм размахам цэтлiкi ашуканства, якое пачалося трыццаць пяць, а паглыбiлася дзесяць год таму. Я нiколi не надаваў увагi грашам, а, нягледзячы на гэта, усе былi перакананыя, што я прагны да грошай; яны зрабiлi памылку: я не прагнуў грошай, распачынаючы вялiкую гульню; i толькi калi я выйграў i зрабiўся вядомы - толькi тады я ўсвядомiў сабе, што ўва мне ёсць два варункi вядомасцi i папулярнасцi: я быў рупны, гжэчны, просты, быў мастаком, афiцэрам-рэзервiстам; чагосьцi дасягнуў, зрабiўся багатым, аднак... аднак быў усё ж "чалавекам з народа" i нiколi таго не адмаўляў; не дзеля грошай, славы, жанчын я ўкладаў алгебру будучынi ў формулы, ператвараў X, Y i Z у рэальныя велiчынi - у сялянскiя гаспадаркi, банкаўскiя рахункi, у магутнасць, якую я ўвесь раздаваў i якая вярталася да мяне ўдвая большая; Давiд з усмешкаю, мяккi, вага якога не большала i не меншала нi на адзiн фунт; моцна закранулi мяне непрадбачаныя абставiны, якiх я гэтак спрагнёна жадаў: то былi каханне маёй жонкi i смерць дачкi Ёганны сапраўднай прадстаўнiцы роду Кiльбаў: ёй было толькi паўтара года, а я ў тых дзiцячых вачах, як i ў вачах майго маўклiвага бацькi, бачыў старажытную мудрасць, на цёмным дне гэтых вачэй, якiя, здавалася, ужо ведалi, што такое смерць; шкарлятына расцвiла на гэтым цельцы, нiбы жахлiвае пустазелле, падымалася ўверх па сцёгнах, iшла ўнiз да самых ступняў, сеяла гарачку, i белая, нiбы снег, смерць вырастала з усяго таго, вырастала, нiбы цвiль, на чырвонай квеценi, уядалася ў цела, выходзiла чарнотай з ноздраў; непрадбачаныя абставiны, якiх я прагнуў, - яны прыйшлi, як праклён, стаiлiся ў гэтым жахлiвым доме; выбухнула спрэчка, раптоўная перапалка з пробашчам сабора Святога Севярына, з цесцем i цешчаю, з шваграмi, бо я забараняў спяваць на жалобнай iмшы; i ўсё ж я настояў на сваiм i дамогся свайго; я страшэнна спалохаўся, калi пад час набажэнства пачуў шэпт Ёганны: "Iсусе".
   Я нiколi не вымаўляў гэтага iмя, ледзьве дазваляў сабе падумаць пра яго i ўсё ж ведаў: я ў ягонай уладзе; анi ружанец Домгрэве, анi салодка-кiслыя даброты поўных мараў пра замужжа гаспадарскiх дачок, анi гешэфты са спавядальнямi шаснаццатага стагоддзя, прадаванымi на патаемных аўкцыёнах за вялiкiя грошы, якiя Домгрэве потым у Лакарна выменьваў на танныя грахi; анi жорсткiя махлярствы аблудных пастыраў, сведкам якiх мне давялося быць; анi вартыя жалю спакушэннi наскрозь грэшных дзяўчат; анi маўклiвая бацькава суровасць - нiшто не магло забiць ува мне таго слова, якое Ёганна прашаптала, стоячы каля мяне: "Iсусе"; анi бясконцыя вандроўкi ў прадзьмуваных наскрозь тунелях старажытнае горычы i роспачы - калi я на ледавiтых акiянах прышласцi, аточаны самотнасцю, як агромнiстым ратавальным кругам, смехам дадаваў сабе сiлы - гэтае слова не было ўва мне забiтае: я быў малым Давiдам з прашчаю i малым Данiлам у пячоры льва i быў гатовы ўспрыняць непрадбачанае здарэнне, якога я так прагнуў: смерць малой Ёганны 3 верасня 1909 года. Таксама тае ранiцы ўланы ехалi па простай брукаванцы; дзяўчаты-разносчыцы малака, хлопцы з пякарнi, служкi божыя ў сутанах, якiя раздзiмалiся ад ветру; ранiца; дзiк перад Грэцавай крамай, лiпкi смутак хатняга лекара, якi сорак гадоў сведчыў пра нараджэннi i смерцi ў доме Кiльбаў; у старэнькай скураной папцы ён насiў набор непатрэбных iнструментаў, якiя дапамагалi яму ўводзiць усiх у зман адносна дарэмнасцi яго намаганняў; ён накрыў знявечанае цела, а я зноў зняў покрыва; я хацеў убачыць цела Лазара, вочы майго бацькi, якiмi гэтае дзiця не захацела глядзець больш як паўтара года; а побач, у спальнi, крычаў Генрых; званы на вежы Святога Севярына разбiвалi час на чарапкi, званiлi а дзевятай да ютранi; цяпер Ёганне было б пяцьдзесят год.
   - Бiлеты ваеннай пазыкi, Леанора? Я не падпiсваўся на iх, гэта спадчына па маiм цесцю. У агонь iх - гэтак, як i банкноты. Два ордэны? Вядома, я ж будаваў мiнныя галерэi, цягнуў лiнii траншэяў, умацоўваў артылерыйскiя пазiцыi, трапляў пад шалёны абстрэл, выцягваў параненых з-пад агню: другога рангу, першага рангу... дай мне iх сюды, Леанора; мы выкiнем iх у вулiчны равок - хай валяюцца ў гразi на дне таго раўка. Аднаго разу Ота выгледзеў iх у шафе; я стаяў за рысавальным сталом i запозна прыкмецiў фатальны бляск у яго вачах; ён убачыў iх, i пачцiвасць яго да мяне пабольшала; запозна. Дык выкiнь iх хоць бы цяпер, каб Ёзэф калi-небудзь не знайшоў iх у спадчыне па мне.
   Пачуўся цiхi звон, калi ордэны, кiнутыя iм, звалiлiся са стромага даху ў вулiчны равок; яны ўпалi туды матавым бокам дагары.
   - Чаму Вы так спалохалiся, дзiця маё? Яны ж належаць мне, i я магу зрабiць з iмi ўсё, што захачу; запозна, але ўсё ж, напэўна, i своечасова. Будзем спадзявацца, што неўзабаве пойдзе дождж, якi знясе ўсю гразь з даху ў равок; позна раблю я гэтую ахвяру памяцi па маiм бацьку. Далоў гонар бацькоў, дзядоў i прадзедаў.
   Я адчуваў сябе досыць моцным i быў гэткiм, з маiх формулаў вычытваў алгебру будучынi, i формулы гэтыя ператваралiся ў фiгуры; абаты i архiбiскупы, генералы i кельнеры - усе былi мне за статыстаў; толькi я адзiн выступаў як салiст. Нават тады, калi штовечара ў пятнiцу ў Нямецкiм Гурце Аматараў Спеваў разаўляў рот i спяваў разам з iншымi хорам: "Што ў промнях сонца там зiхацiць?" Я спяваў добра, навучыўся спевам ад свайго бацькi; з лёгкай усмешкаю дэманстраваў сваю барытонавую палiтру; дырыжор, размахваючы палачкай, нават не ўсведамляў, што ён падпарадкоўваецца маёй палачцы; i яны запрашалi мяне да свайго абавязковага хаўрусу; мне давалi даручэннi; смеючыся, паляпвалi па плячы. "Таварыскiя сувязi, малады дружа, гэта - соль жыцця". Сiвавалосыя калегi з кiслаю мiнаю пыталiся: "адкуль?" "куды?", але я адно спяваў: "Том, вершавальнiк..." - ад восьмай да дзесятай, нi хвiлiны больш. Мой мiф павiнен быў стварыцца, перш чым выбухне скандал. "Кветкавая капуста не псуецца".
   Я вандраваў з жонкаю i з дзецьмi ўверх па далiне Кiса, хлопчыкi спрабавалi лавiць стронгу; мы iшлi памiж вiнаграднымi плантацыямi i палеткамi з пшанiцаю, палямi буракоў i кавалкамi лесу; на вакзале ў Дэнклiнгене пiлi пiва i лiманад - а я ж ведаў, што толькi гадзiну таму я аддаў эскiзы, узяў распiску, самотнасць ахiнала мяне, як вялiкi ратавальны круг: я ўсё яшчэ плыў па часе, апускаючыся ў далiны хваляў, перасякаючы акiяны мiнуўшчыны i цяпершчыны, i, ратаваны самотнасцю, я не патанаў, а глыбока ўцiнаўся ў ледзяны холад будучынi; пры мне была жалезная порцыя майго смеху, якую я скарыстоўваў вельмi ашчадна - я працiраў вочы, вынырнуўшы на паверхню, выпiваў шклянку вады, з'ядаў кавалак хлеба i з цыгараю ў зубах падыходзiў да акна: там, на другiм баку вулiцы, яна шпацыравала па тэрасе, з'яўлялася раз-пораз у адкрытым месцы альтанкi; схiлiўшыся над бар'ерам, выглядвала на вулiцу, дзе яна бачыла тое ж самае, што бачыў я - практыкантаў, грузавыя вазы, манашак, вулiчны рух; яна мела дзевятнаццаць год, звалася Ёганна, чытала "Падступнасць i каханне"; я ведаў яе бацьку - у гурце спеваў то быў магутны бас, якi, на маю думку, не надта падыходзiў да бездакорнага выгляду ягонай канторы: у iм не было нiзвання таемнасцi, духу, у якiм выхоўвалi практыкантаў; гэты голас быў створаны дзеля таго, каб наводзiць на каго-небудзь жах, меў у сваiм гучаннi таямнiчы грэх. Цi ён ужо ведаў, што яго адзiная дачка стане маёй жонкай? Што мы цiхiмi надвячоркамi раз-пораз дорым адно аднаму ўсмешкi? Што я ўжо думаю пра яе з палкасцю законнага жанiха? Яна была цёмнавалосая, бледнатварая, i я не дазволiў бы ёй насiць сукенак колеру рэзеды; ёй будзе пасавац усё зялёнае; выходзячы каля пятай на свой штодзённы шпацыр, я падбiраў ужо ёй сукенкi, капелюшы ў вiтрынах крамы Гэрмiны Горушкi, каля якой я праходзiў штодня a шаснаццатай сорак - i ў дождж, i ў ветраныя, i ў сонечныя днi; я вызвалю Ёганну з тае прастадушнасцi, што нiяк не дапасоўвалася да голасу бацькi, i буду купляць ёй цудоўныя капелюшы - велiчынёю з кола павозкi, сплеценае з грубай зялёнай саломкi; я не хацеў быць яе ўладаром, я прагнуў яе кахаць i не хацеў чакаць болей. Ранiцай у нядзелю, узброены кветкамi, я пад'еду ў дылiжансе - прыкладна гэтак каля паловы на дванаццатую, калi яны скончаць снедаць па вяртаннi ад ютранi, i мужчыны пяройдуць у кабiнет, каб выпiць кiлiшак гарэлкi... - "Прашу рукi Вашае дачкi". Штодня па абедзе, калi я вынырваў са сваiх акiянаў, я паказваўся тут, у акне майго кабiнета, рабiў ёй паклон; мы слалi адно аднаму ўсмешкi, i я зноў адступаў у паўзмрок; я паказваўся ў акне таксама, каб пазбавiць Ёганну ўпэўненасцi, што за ёю нiхто не сочыць; я не дазваляў сабе хавацца, нiбы павук у сетцы; не мог трываць, каб глядзець на яе i каб яна мяне не бачыла: ёсць рэчы, якiх не робяць.
   Назаўтра я даведаюся, хто я такi. Скандал. Яна будзе смяяцца, а праз год будзе чысцiць мае нагавiцы, запэцканыя вапнаю; i яна будзе рабiць тое самае, калi мне будзе сорак, пяцьдзесят, шэсцьдзесят; яна будзе прывабнай старой жанчынаю побач са мною; я прыняў канчатковае рашэнне 30 верасня 1907 года каля паловы чацвёртай дня.
   - Заплацiце, Леанора, заплацiце; вазьмiце грошы з маёй шкатулкi, там вунь, i дайце дзяўчынцы дзве маркi на чай, так, дзве маркi; свiтэр i спаднiца ад Гэрмiны Горушкi для маёй унучкi Рут, якая сёння павiнна была вярнуцца з вакацый; зялёнае ёй да твару; шкада, што цяпер маладыя дзяўчаты ўжо не носяць капелюшоў: я заўсёды любiў купляць капелюшы. Таксi ўжо заказанае? Дзякуй, Леанора. Цi не досыць працы на сёння? Як самi захочаце; вядома, тут ёсць крыху цiкаўнасцi, праўда? Ну, чырванець зусiм не варта. Кавы яшчэ, вядома, вып'ю з ахвотаю. Я павiнен быў даведацца, калi канчаюцца вакацыi; але Рут ужо вярнулася? Мой сын Вам нiчога не казаў? Пэўна, ён не забыўся на маё запрашэнне да ўрачыстае вячэры? Я распарадзiўся, каб прыдзвернiк унiзе прымаў кветкi i тэлеграмы, падарункi i вiзiтоўкi, даючы ад мяне кожнаму пасланцу па дзве маркi на чай, i каб ён казаў усiм, што я з'ехаў; калi маеце ахвоту, можаце выбраць сабе самы прыгожы букет альбо два букеты i ўзяць iх сабе дамоў; а калi гэта Вам сапраўды будзе даспадобы, можаце правесцi тут рэшту часу да вечара.