Анi тромбалi-бом
   Бацюшка гуляў з ксяндзом у карты. Прысягнуў сабе, калi выйграе, будзе служыць абедню, калi прайграе - ня будзе. Прайграў. I пад самую ранiцу йдучы дамоў, разбудзiў званара й наказаў:
   - А заўтра, Iван, анi тромбалi-бом, анi дзын-дзалi-дзын, анi за вяровачку.
   Тром блiн папалам
   Вушацкiм чулася, як звоняць званы ў розных храмах.
   У царкве:
   Блiны, блiны, клёцкi...
   Блiны, блiны, клёцкi...
   У касьцёле:
   Тром блiн папалам...
   Тром блiн папалам.
   Галодны жывот чуў сыцiва.
   Шчыры фальклор
   Звычайна фалькларысты самi, наколькi хапала фантазii дый уменьня кiлзаць рыфму, славiлi калгаснае жыцьцё, старанную працу, дзiва дзiўнае, калектыўнае. А мне запомнiлася чатырохрадкоўе, так бы мовiць, вушацкая дайна, дзе паказаны адносiны калгасьнiка да ўсяго калгаснага:
   А ў брыгадзе нумар тры
   Згнiла бульба на гары,
   Старшыня адно гаворыць:
   - Ня бяры да галавы.
   Гэта звычайна, калi чалавек марна каму грозiцца, кажуць: зробiць яму гразь на гары.
   Уважылi
   Пад час акупацыi да подпiсу пад партрэтам Гiтлера "вызвалiцель" нехта дадаў "ад мяса, ад малака, ад усяго добрага".
   Пасьля вайны ў чахлым вушацкiм скверыку гiпсаваму Ленiну, каб ня азяб, надзелi фуфайку й у працягнутую руку паклалi некалькi мёрзлых бульбiн.
   Правадыра ўважылi!
   Запомнiла
   Лiсiца, шукаючы спажывы, ушчамiлася ў карчэўе. Ня магла галаву выцягнуць. Заяц прыладзiўся дый зрабiў усё, што трэба. Назаўтра бяжыць лiсiца на шарэньнiку, добра ня разгледзеўшы ўчарашняга палюбоўнiка (вушацкiя на хахаля казалi сюбар), вясёла вiтае:
   - Здароў, бобра!
   - Бобра ня бобра, але вылюб добра!
   Тады й надзенеш
   Старшыня сельсавету, як i належыла на такой пасадзе, пiў бяз пальцаў. (Звычайна, калi цяля адсаджваюць ад каровы, на першых часiнах у пойла кладуць пальцы, i паёнiк прывыкае пiць.) Жонка абнасiлася. Запрасiлi на нейкiя гулi. Жонка й лямянтуе, што няма чаго надзець.
   - А ты надзень сукенку ў гарошак.
   - А дзе яна? Няма.
   - Як будзе, тады й надзенеш.
   I сам дзiўлюся
   Прахапiўся сярод ночы гаспадар, i нешта павяло яго ў клець. А там злодзя. Гаспадар за няпрошанага госьця, аж гэта - кум. Дзiва, дый годзе: i кум i злодзя. А тут яшчэ начны госьць дадае:
   - Дзiвiся, кумок, i сам дзiўлюся: клаўся на печы, а прачхнуўся ў кумавай клецi...
   Добра яшчэ, што хоць ня каля кумы прачхнуўся!
   Ды спаць
   Цыган прыйшоў наймацца касiць сена да гаспадара. У цане сышлiся. Тады цыган кажа, што трэба пасьнедаць. Прынесла гаспадыня сьнеданьне. Пасьнедаў ды зноў сядзiць.
   - Чаму касiць ня йдзеш? - пытаецца гаспадар.
   - А давай, бацька, я заадно й паабедаю.
   Паабедаў. Сядзiць. На запытаньне прапанаваў:
   - А давай, бацька, я й павячэраю. Тады цэлы дзень касiць буду.
   Калi зьеў i вячэру, вясёла заявiў:
   - А павячэраўшы - ды спаць!
   Шчодры
   Пан даў бабцы грош. I, як толькi сустрэне дзе старую, пытаецца:
   - Бабка, я табе далэм грош?
   - Дзякую, паночку, даў.
   Адказвала, адказвала бабка на адное й тое ж пытаньне пана, ды ўсё ж ня вытрымала. Падала няшчасны грош шчодраму пану, прыгаворваючы:
   - Забiрай назад. Я такую ласку i ў жыда знайду.
   Што паслаў
   Маладзiца ўзяла маленькага сынка з сабою ў лазню. Памыла, прыхаiла. Апранаюцца ў прымыльнiку. Сынок, угледзеўшы ў мацi нешта не такое як у бацькi, спытаўся:
   - Што гэта ў цябе?
   - Што Бог паслаў, - у сьмяху адказала маладзiца.
   Дома зьбiраюцца на вячэру. Гаспадар пытаецца:
   - Што вячэраць будзем?
   - Што Бог паслаў, - традыцыйна кажа гаспадыня.
   Сынок, пачуўшы матчыны словы, запярэчыў:
   - Хай тое чорт есьць, што Бог паслаў!
   Мазюка
   Мой апошнi крэўнiк па бацькавай лiнii Пятрок як ня ўсё жыцьцё праезьдзiў спачатку як шафёр, а потым як газавiк (вялi газапровад па тэрыторыi былога Саюза, яшчэ тады нярушнага) сьвет з прысьветкам. Мова ў яго, натуральна, як у Дземянцея, з ухiлам да расейскае. Але што ў маленстве чуе чалавек, адгукнецца празь дзесяткi гадоў. Капалi недзе на Пскоўшчыне чарвей, на рыбу йдучы. Пятрок бярэ аднаго й кажа "мазюка". Рабочыя ня зразумелi, што такое мазюка. Тады Пятрок выхiтрыўся й сказаў: па-беларуску чарвяк - мазюка. У нас малому, у якога выскокваў стручок са штонiкаў, казалi, каб схаваў мазюку.
   Жаласьнiк
   Адносна выхаваньня жонкi ў народзе былi рэкамендацыi, якiя розьнiлiся ад шэксьпiраўскiх. Хоць бы такiя: "Бабу бi молатам, зробiш золатам. Бi жонку, як шубу, а любi, як душу". Адзiн вушацкi жаласьнiк, адчуваючы прылiў гневу праведнага, крычаў нецярплiва:
   - Дунька, надзявай шубу - бiць буду!
   А некаторыя вушацкiя жанкi былi перакананыя: калi ня б'ець, значыць ня любiць...
   Руплiвы
   На размазьняватага чалавека ў нас ёсьць цягучае слова, якое расьцягвае гукi, нiбыта мярлiна ногi валачэ: нявывалака. Была й такая прасьмiшка:
   - Пакуль бацька змалацiў, сын - жох - i, абуўся, пакуль бацька з току прыйшоў, памыўся, а сын - жох - i пад'еў!
   Параднела
   Дзеўка нарадзiла дзiця. У адчаi надумалася яго ўтапiць. Пайшла пад сакрэтам (у нас казалi пад хурымам) сказаць пра свой намер старэйшай суседцы. Тая й параiла:
   - Пацалуй яго спачатку, а потым можаш тапiць.
   Прыйшла дзеўка да рэчкi, пацалавала малое й панесла дамоў. Параднела, пабалючэла дзiця, мацi ў дзеўцы прачнулася.
   Толькi сярпок вазьму
   Была баба гультайка. Была ў яе ўнучка й сучка. Сачыўка ўжо зазiмоўвала. Суседкi пытаюцца ў гультайкi:
   - Чаго ты сачыўку ня жнеш?
   - А на чорта я яе буду жаць. Сучка здохнiць, унучка замуж зойдзiць, а я памру.
   Зiма настала. Агарнуў холад, засьцiг голад. Есьцi хочацца. Пад страхой венiк вiсеў i калодачка. Вецер як усходзiцца - венiчак шась, калодачка бразь. Баба й гукае:
   - Зараз, зараз. Толькi сярпок вазьму. Ён тут, на стале.
   Выйдзе, а нiкога няма.
   Во!
   Унук гадуецца ў дзеддоме (у дзеда з бабай). Бацькi й воч ня паказваюць. Нарэшце прыехаў бацька, прывёз розных смакаў, гасьцiнца. Дзед радасна й просiць унучка:
   - Пакажы, дзе твой тата?
   - Во - паказвае падрослы ўжо хлопчык на фотакартку, якая вiсiць на сьцяне за шклом.
   Павiнны быць
   Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Iдзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. I сур'ёзна пытаецца:
   - Тата, тата, а ў грыбоў вочкi ёсь?
   - Павiнны быць!
   Кароткi адказ
   Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купiць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, якi жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца:
   - Мiкола, як там бацька?
   - Гатоў! - коратка адказаў сын.
   Маладому й сьмерць ня ў страх.
   Андарак
   Сьвякроў ня любiла нявестку. Усё нявестка была ёй вялiка. Ходзiць па хаце сьвякроў дый бурчыць:
   - За гэтай нядарэкай нiдзе ня пройдзеш.
   - Дык яе ж няма, - кажуць старой гаспадынi.
   - Як няма? А вунь жа ейны андарак вiсiць.
   Самая прыгожая
   Птушанятка выпала з гнязда. Птушкi падлятаюць, каб суцешыць. Пытаюцца, хто мацi. Птушанятка адказвае, што ягоная мацi самая прыгожая. Прыляталi зязюля, сойка, сарока, жар-птушка. Малое пярэчыць, што мацi прыгажэйшая. Нарэшце, прыляцела сава. Зарадавалася птушаня:
   - Гэта мая мама. Яна самая прыгожая ў сьвеце...
   Як пан
   Пасварылiся муж з жонкаю. I адбыўся часовы падзел. Муж ляжыць i разважае перад сном:
   - Мая жонка, як сучка ў пярнатах, а я, як пан, на голую лаўку...
   Кожнаму сваё.
   Адкупiць
   Сыну, якi ня паважае мацi, ня клапоцiцца пра яе, напамiнаюць, што яна ж цябе гадавала, калыхала, сасiла. Ён адказвае:
   - Я магу ёй адкупiць суды малака. (Суды - два вядры).
   Было шчодрае на адзьдзяку сыньняе сэрца, што й казаць.
   Цяжка
   Стрыгнатка паляцела на спажыву. Маленькiя засталiся ў гнязьдзечку. Пралятаў крумкач. Птушаняты бачылi яго й спалохалiся. Калi прыляцела мацi, пачалi распавядаць пра страшнога ды вялiкага гасьця. Плiска шашэрыла пер'е, хацела зрабiцца вялiкай, каб дзеткi прызналi ў ёй таго, хто напалохаў iх. Глядзелi, глядзелi яны дый кажуць мацi:
   - Хоць ты лопнi, расьця, а ня вырасьцеш з гасьця.
   Цяжка малому ўяўляць вялiкае.
   Пераможца
   Самым лепшым участковым у раёне лiчыцца той, у каго меней за ўсё выяўлена самагоншчыкаў. Хто ня зусiм прапiў галаву, ня падавалi зьвестак са свайго ўчастка, а складалi сабе графiк, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзiць. Яно ж мiлiцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьцi, як цыгану па драбiнах.
   I вось у вушацкiм Доме культуры ў дзень мiлiцыi аб'яўляюць пераможцаў у спаборнiцтве за цьвярозасьць i парадак. Называюць першага па раёну й клiчуць на сцэну атрымаць сувенiр. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьцi. Вiдаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмялiўся на дарогу...
   Прамачыць горла
   Гаспадар, вялiкi жмундзяк, баiцца, што парабкi шмат зьядуць. Перад ядой прымушае iх пiць ваду. Так, думае ён, у iхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелi, цярпелi парабкi, пакуль адзiн ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:
   - Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!
   Гаспадар пачуў i спалохаўся. Перастаў паiць вадой перад ядой.
   За парабка
   У Петруся Броўкi быў брат, якi жыў таксама ў Менску. Iншы раз, калi куды выязджаў Броўка зь сям'ёй, прасiў брата прыглядзець за дачай. Пакармiць ката й маленькага сабачку. (I прымаўка казала: маленькi сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцiлкавiчы да Броўкавай пляменьнiцы дый скардзiцца ёй на сваю долю:
   - Яны мяне за парабка маюць. Я ж у iх скацiну гляджу...
   I выцерся
   Пайшлi мы з мамай у Купалаўскi тэатр на чарговы юбiлей Кандрата Крапiвы. Ад iмя партыi як свайго вернага спадручнага юбiляра вiтаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправiльна вымаўляючы беларускiя словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыi пацалаваў Крапiву. (У крапiве толькi любiцца кепска.) Я нiчога ня заўважыў, а маме кiнулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.
   Дык i едзь!
   Хлопец з вушацкай вёскi стаў мараком, да капiтана дарос. Але жонка ўпрасiла яго перайсьцi на ейнае прозьвiшча ў памяць пра любiмага бацьку. А то род зводзiцца. У iх дзяўчаткi гадуюцца. I зрабiўся хлопец з Балабоўкi (даўняе чыста вушацкае прозьвiшча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькi сын, але ня з бацькавым прозьвiшчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымi эпiтатамi:
   - Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я - палiцэйскiм быў, цi ўкраў што, цi забiў каго? Стаў Бальшаковым, дык i едзь бальшаком!
   Увесь у мыле
   Яшчэ з паганскiх бадай што часiн клёцкi з душамi ў вушацкiх i рытуальная страва на Дзяды й на хаўтурах i на памiнках. Клёцкамi з душамi кормяць, калi мужчыны йдуць на цяжкую працу. I дарагiх гасьцей вяльмуюць клёцкамi з душамi.
   На традыцыйнай сустрэчы партызанаў вушацкi рэстаран наварыў катлы клёцак. Усе - камбрыгi i некамбрыгi елi са смакам, як у нас кажуць, абялёдавалi прысмакi. Камбрыг Квiцарыдзе адмовiўся. (Лабанок неяк паказваў бiяграфiю камбрыга. Мiж iншых важных паваенных пасадаў Квiцарыдзе была й рычаговая пасада - дырэктар цэнтральнага рынку Тбiлiсi.) Пакрыўджаныя вушацкiя, калi потым знаёмiлi нейкiх гасьцей з мясьцiнамi партызанскай славы, паказвалi лазьню, якую немцы акружылi, калi камбрыг Квiцарыдзе мыўся. Мiж iншым падкрэсьлiвалi:
   - Выскачыў голы, валасаты, увесь у мыле, ледзьве ўцёк...
   Прыкiдваецца...
   Пайшлi ў лазьню суседзi. Зь iмi й глухi. Пачалi мыцца, парыцца, хвастацца. Адзiн жартаўнiк вазьмi дый лiнi на глухога кварту вару. Закрычаў, заекатаў няшчасны. А весялун яшчэ дабаўляе, нiбыта лiе халадзёнку на гарачыя камянi:
   - А прыкiдваўся, што ня чуiць...
   Пацягушачкi на парастушачкi
   Пацягнуласядзяўчына, аж, як пiсаў Пiмен Панчанка, маладыя костачкi хруснулi. Мацi расчулена:
   - Расьцеш, дачушка.
   - Брэшаш, мамулька, хачу...
   Дачушка была настроена на канкрэтную лiрыку.
   Набытак
   Любiлi вушацкiя прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлi абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалi даведку (у нас казалi дублiкат) аб бязгрэшнасьцi, аб прыстойнасьцi. Другой нагрузiлi мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскiх патарчакаў. I падалiся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якiм палае агонь пякельны. Як нi торкала бяззаганка даведку - гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувенiры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: "Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла") i перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.
   Ванцак
   Захварэла маладзiца на ванцак. Якiя лекi нi давалi - рады ня маглi даць. Тут аднекуль вазьмi дый зьявiся здаравiла. Узяўся вылечыць. Толькi ўсiх з хаты выгнаў, каб ня пярэкалiся. А ўсiм жа цiкава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткi згледзiлi. Толькi й разважалi:
   - Як паглядзець, дык дзярэць, а як знаiць, дык ванцак выганяiць...
   Разважалi, пакуль лекуну моцы было.
   Сьветач
   - А ты што, за сьветача быў? - пыталiся ў таго, хто даводзiў бацькоўства банкарта. Быць сьветачам - значыць стаяць у нагах з лучынкай, калi дзяцей робяць. Напрыклад, вушацкiя былi перакананыя, калi рабiць гэтую адказную працу на гарохавiнах, малое будзе сукрыстае, цi, кажучы лiрычна, амурыстае. Таму й цешыла вушацкiх кнiгарня ў Полацку зь iмем "Сьветач". Усьмiхалiся старэйшыя, якiя мову ведалi ня па казённых падручнiках.
   I мне
   Кум запрасiў кума ў госьцi. Частуе. Налiвае. Але калi поўнiць сваю чарку, гаспадар увесь час пералiвае, прыгаворваючы разгублена: "Ух ты!" Глядзеў, глядзеў госьць дый папрасiў:
   - Кумок, налi ты й мне хоць раз з ухты!..
   Чычылiць
   Носiць бусел сыноў-пагоднiчкаў i носiць. А ў селянiна ня хапае рашучасьцi, як у драўлянага дзядзькi, зразьбяранага славутым Апалiнарам Пупкам, зашчамiць адной рукой буслову дзюбу пад паху, а другой, трымаючы сякеру, як адсекчы: "Досыць!" Вяртаецца з ворыва заезджаны, як i ягоны конь, гэты багатыр на дзяцей, а перадапошнi сынок пра самага малога здалёку крычыць:
   - Тата, тата, i Мiкiтка ўжо хлебец чычылiць...
   Абрадаваў.
   Як садзяць бульбу
   Заўсягды паўтарала мама, як трэба садзiць бульбу - каб роўненька клалася ў разору. А то iншы садзiць так, як бык сцыць.
   I яшчэ трэба, каб кожная бульбiнка была адбаблена - адарваны расток (як пупок у нараджэнца).
   Зарабiла крыж
   Мужык ваяваў у вайне за цара. Жонка дома ня сумавала. Дзецюкi былi нявыводныя. Аднойчы чарговыя дзецюкi завялi маладуху на магiльнiк i, нацешыўшыся ўволю, вырашылi павесялiцца: прывязалi шчодрую на ласкi часовую ўдаву да крыжа. Дый зьнiклi. I абначавала кахальнiца на магiльнiку. Недзе пад ранiцу ўсё-ткi вывернула крыж ды зь iм i вяртаецца дадому. А якраз мужык прыйшоў з вайны. Грукаецца жонка ў дзьверы. Убачыў служывы, пачаў дзiвiцца:
   - Я за ўсю вайну й медаля ня заслужыў, а ты, жонка мая верная, за ноч крыж атрымала...
   Цi б я...
   Любiлi вушацкiя показку пра старога кавалера, як ён усё ўмеў абгрунтаваць:
   - Цi б я гальштук ня насiў? Надзену, а хто-небудзь цоп i панёс сабе.
   Цi б я на рыбу ня схадзiў? Злавi, а пасьля ня ведай, што зь ёй рабiць. Калi яе ля ракi варыць, раскладзеш агонь, а лес загарыцца. А пакуль дамоў занясеш, згнiе.
   Цi б я на базар ня пайшоў ды ня купiў скаромiны якой? Ды грошы ў руках ня будзеш несьцi, выставiўшы, а ў кiшэню пакладзеш, басякi падцiкуюць - хоп, i ня зловiш. Так i ем поснае.
   Цi б я ня жанiўся? Жанюся, а жонку возьмуць ды перахопяць.
   Цi б я ня купiў парасё? Ды парасё нанач адно ня пакiнеш - ваўкi сьцягнуць. А ў хаце зь iм ня спаць.
   Так i жыву аб нiчым, нiшчымнiцай даўлюся, неабмыты, неабшыты, непрыкаяны, непрыхаiны.
   Пырскi
   Вушацкi малец быў на заробках там, "где золото роют в горах". Вярнуўся з нейкiмi шэлегамi, якiя тут жа i пусьцiў на вецер у "Вецярку". У кожным райцэнтры такiя ўстановы былi абавязкова. Пiў, ня прасыхаючы, мок у гарэлцы.
   Вушацкiя жанчыны казалi як бы спагадлiва:
   - Прыехаў з залатых пырскаў...
   Пырскаў хапала напачатку ад шампанскага, а напрыканцы ад пiва.
   Хор
   Так казала вушацкая цётка пра сьпевы:
   - Пачынаюць, як камары, тады, як мухi, тады, як аваднi, а тады як гiкнуць!
   За што?
   Мама распавядала, як у трыццатыя гады прывялi ў суд старую. Ёй пад восемдзесят гадоў. Прыйшлi дзецi, унукi, праўнукi. Чытаюць прысуд - дзесяць гадоў. Уся радня ў сьлёзы. А старая нiчога ня разумее:
   - За што? Цi ж я крала? Я ж на сваiм шнурку два снапкi на нiткi ўзяла.
   Показка спачувае: за маё жыта i я ж бiта. А тут бабка за свой лянок.
   Адметны
   У партработнiка пасьля вайны галiфэ былi абшытыя скурай, працiралiся ад паседжаньняў. Усё яшчэ пад камiсараў старалiся саўслужбакi. А вушацкiя яго адразу ж празвалi - хромавая срака.
   Добра
   Маладзiца, у якой зноў завёўся прытыка (так вушацкiя завуць прымакоў), радуецца:
   - За пнём галава, за калодай ногi. Добра, калi ў хацi якi шавель ёсь...
   Проста хацеў
   Званок у вушацкую мiлiцыю - у Сарочыне (вёрст з дзесяць ад мястэчка) аварыя! Мiлiцыя. Хуткая дапамога. Прылятаюць - нiкога няма, нiчога ня стрэслася. Выходзiць спакойны, пад добрай чаркай дзядзька:
   - Ды нiчога ня было, я проста хацеў заехаць у Вушачу...
   Давезьлi. Заехаў дзядзька за колькi хвiлiн на пятнаццаць сутак.
   Старцы пабiлiся за сухарцы
   Каб неяк скрасiць нуду дарогi й голад хоць на словах ашукаць, старцы разважаць пачалi. Адзiн папросiць хлеба, другi малака. Той, хто будзе прасiць хлеба, задуменна й кажа:
   - Укушу я хлеба ды хлiб-хлiб малака.
   - Ах ты такi-растакi, я малако буду прасiць, а ты па два разы хлiбаць?
   I сварка ў бойку перайшла - счубiлiся. I на паўшкi пайшлi. Як ня пазабiвалi адзiн аднога, яшчэ да вёскi ня дайшоўшы. I нi вячэры, нi цяцеры...
   Сама
   Маладзiца галосiць, запытваючыся, цi то ў мужа, якi ляжыць на куце на паповых санях, цi то ў тых, хто прыйшоў разьвiтацца з суседам:
   - А хто ж мяне пабуджаць будзiць?
   Адна ня вытрымала дый кажа:
   - Сраць захочаш, сама ўскочыш.
   Местачковы дыялог
   - А што ў цябе зялёнае ў роце?
   - А хiба знатка? Гэта ж я тваю зялёнку выпiла.
   На пахмельле й зялёнка, як самагонка.
   Драматургiя побыту
   Мая апошняя радня па бацькавай лiнii, пратарэклiвая цётка Марушка скардзiцца:
   - У зялезным магазiне тапароў людскiх няма, толькi такiя, як галовы па тэлевiзару адсякаюць...
   Выходзiць, цётка i алебарды бачыла.
   Ён, паночак...
   Прывяла маладзiца малога да доктара. У яго, кажа, з жыватом нешта. Доктар пачынае пытацца:
   - Дык яго слабiць?
   - Не.
   - Яго крапiць?
   - Не.
   - Тады ён здаровы. Навошта да мяне прывяла?
   - Дык ён, паночак, дрышчыць...
   Свой адлiк
   Адна дзеўка йшла на Пятра дый прыгаворвала сваёй касматачцы:
   - Знай, пятля, калi было Пятра, намуразалася, як вiшань...
   У кожнага свой адлiк часу.
   Рэшата
   Пра дзяўчыну, слабую на перадок, канкрэтна пра ейную масёху казалi вушацкiя:
   - Гэта ўжо такое рэшата, што й пасеiна адна ня затрымаiцца.
   Вобраз рэшата прынiжаны, затое выразна.
   Як гэта?
   Вушацкая студэнтка загуляла ў Менску. Просiць, каб мацi пайшла ў бальнiцу, узяла даведку, што яна дома прахварэла. Трэба вучобу на год "отсрочить". А мацi нiяк ня можа ўзяць да толку:
   - Як гэта адсрачываць? Цi табе, дачушка, далi мяшалкай па срацы?
   Захацелi сьцiснуць
   Мама прыйшла з канцэрта й пра сучасную моду кажа:
   - Паразьдзiралi ўсё, дык спаднiцамi захацелi сьцiснуць...
   Выходзiць, што й з моды ёсьць выгоды.
   Цяпер
   Вушацкая жанчына заўважае:
   - Цяпер дзевак замуж аддаюць цельных - тры месяцы пабудзiць i ацелiцца. Ня глядзяць, што цельная, бяруць. Раней бальшыной бралi няцельных, а цэлых.
   Па клопату
   Старыя цёткi кажуць сваiм аднагоднiцам:
   - Ну што, сваiх курэй на курасаднi пасадзiлi ды ўспакоiлiся?
   Адгiлела, ад'юрэла, адабрала.
   Сама музыка
   Мужык на худую жонку:
   - Iскрыпка мая, балалайка мая.
   Поўна хата музыкi.
   Рамонт
   У местачкоўца жонка высокая, а ён маленькi. Ды, напiўшыся, жонка б'е й б'е яго. Грокат, грукат стаiць. Выйшла гаспадыня з хаты пасьля чарговае бойкi, а суседка й пытаецца:
   - Што ты, Полька, рамонт рабiла?
   Неяк гэтая Полька п'яная разьбiла галаву. Абстрыглi нагала. Дык сябры пытаюцца ў цiхманага мужыка, цьвелячыся:
   - Цi адрасьлi валасы, цi можна ўжо баньцiкi завязаваць?
   Баялася
   Вушацкая была за армянiнам замужам. Калi стрэслася бяда ў Арменii, яна была ў мацi ў Вушачы. Мацi замужнiцы казала пасьля:
   - Баялася дачка, што мужык затросься й алiментаў ня будзiць.
   Блiнная прафесiя
   Лiчылася з даўнiны ў вушацкiх: шавец шыiць, а жонка з голаду выiць. Часта яшчэ канкрэтней удакладнялася:
   Сядзiць мужык на палiцы,
   Шыiць боты, рукавiцы.
   Што пашыiць, то прапьець,
   Прыдзiць дамоў - жонку бьець.
   Пра каваля ўжо iнакш прыгаворвалася: каваль куець, а жонка пяець.
   Пра млынара таксама ня сумна казалася: млынар шапку абтрасець, а жонка блiноў напячэць.
   Выходзiла, што самая хлебная, нават блiнная прафесiя ў млынара. Цьвялiлася ж папеўка гарэзна:
   Ой, млынар, ты млынар,
   А я млынарыха.
   Каб з табою мы, млынар,
   Ня зробiлi лiха.
   Дзе кашуля бялейшая
   Казала вушацкая маладзiца, як мацi ейная паважала бацьку, стрэнчыла каля яго. Каб пад'еты быў, каб у карэлiках ня хадзiў, заўсягды давала яму чысьцейшую надзетку якую. Калi касiў, ад усiх на лузе сьвяцiўся. I мацi сама, было, нясе есьцi гаспадару свайму й малых пасылае. Дзецi й пытаюцца:
   - А дзе ж мы бацьку нойдзiм?
   - Дзеткi, глядзiце, дзе кашуля бялейшая.
   I прыгадваецца, як песьня пытаецца:
   Сягоньня субота,
   А заўтра нядзеля.
   Чаму ў цябе, хлопча,
   Кашуля нябела?
   Калi ж
   Жанчына прыйшла ў вушацкi клуб. Моладзь адпаведна з часам i модай танцуе павольны танец. Глядзела, глядзела жанчына, чакала, чакала дый ня выцерпела:
   - Дык калi ж яны ўжо танцаваць пачнуць?
   У вырай
   Маладзейшы сусед запрашае старэйшага гадамi на рыбу (у нас кажуць дасюль: пайсьцi на рыбу, у ягады, у грыбы). Старэйшы аднекваецца:
   - Ня мае гады на рыбу хадзiць - у вырай зьбiрацца пара!
   Сон на руку
   Ранiцай жонка крыўдзiцца мужыку:
   - Аж замарылася, пакуль з табой увосьнi сварылася.
   Мужык пытаецца:
   - Чаму?
   - Дык ты першы пачаў.
   Галоўнае не ўступiць, хоць усрацца, а не падацца.
   Барышы
   Мама неяк тлумачыла мне, што барышное - гэта агуркi, цыбуля, рэпа й iншая гароднiна. Iм барышуюць, пьюць барышы: гарэлку, вiно цi якую юруху. I кажуць жа: бабы качэргi мянялi, а барышы пiлi.
   Кароткi дыялог
   Каля бочкi зь пiвам.
   - Цi добрае ваша пiва?
   - Пакуль што нi зь кiм ня бiлася.
   Ад жарту пiва яшчэ п'янейшае робiцца.
   Па-свойму чуе
   Дзед Селiвей любiць унука. Баiць яму казкi. Бярэ з сабой на Вечальле рыбу вудзiць, на чаўне возiць. А малы чуе па-свойму дзедава ймя й клiча: дзед Салавей. I дзедаваму вуху прыемна гэткае нядачуваньне ўнука.
   Гасьцiннасьць
   Сват свацьцю частаваў ды прыгаворваў:
   - Хлiбай, хлiбай, свацьця, а то ўсё роўна сучка зьесь...
   I гасьцiнна й ашчадна. Усё адначасна.
   Шчасьлiвая старасьць
   Спаткалiся старыя прыяцелькi. Гукаюць спамiж сабой.
   - Чаго цябе ня вiдаць?
   - Печы пiльнуюся.
   - Ты хiба памiраць сабралася?
   - Во! А каму я печ кiну. Цэлы дзень са старым сварымся - то я кажу яму, каб пасунуўся на пяколак, то ён мне. А ўсё ж нейкi рух.
   На сваiм
   Папрасiўся чалавек пагрэцца ў хату. Як грэцца дык грэцца. Ужо й ноч надыходзiць. Цярплiвыя гаспадары кажуць, каб начаваў, бо самiм адпачываць хочацца, а госьць на сваiм стаiць:
   - Хоць да дня дабуду, а начаваць ня буду!
   Важна захаваць прынцып.
   Студэнтка
   Iлонка адну зьмену была ў пiянерскiм лагеры недзе каля Кублiчаў. Адбыла. Прыехала. Пытаемся:
   - Якая ў вас пiянерважатая была?
   - Студэнтка, што ня паступiла ў iнстытут.
   Бяседа
   Марушка нябыццам сур'ёзна казала:
   - Лепей бяседы няма, чьм хаўтуры: ня трэба нi дары, нi грошы. Сеў, напiўся, пад'еў - хочаш, кажы дзякуй, хочаш - не. Бо, як памрэць чалавек, каб хто ў хаце памог, а як за стол - дзьверы ня счыняюцца.
   Показка сумна жартуе: наеўся, як дурань на хаўтурах.
   Што зварыць
   Некалi мама мая пыталася ў Iлонкi:
   - Што зварыць, што хутчэй, цi булён з клёцкамi?
   Унучка адказала бабулi:
   - Булён, бо ён даўжэй варыцца.
   Абы ня есьцi.
   Iдылiя
   Прыйшлi жонкi адведаць сваiх мужыкоў партызанаў блiзка да перадавой. Адзiн выпiў, закусiў усiм хатнiм дый заснуў. Хропат аж сьцены гайдае, а жонка над iм сядзiць расчуленая. Спатканьне цёплае.
   Другая жонка кажа свайму:
   - Iванька, ты б дамоў прыехаў, курка б яечка зьнясла, ты б зьеў.
   Лiрыка крутая, як цяпер кажуць. Круцей за яйка, зваранае ўкрутую.
   Дома
   На вушацкiм з дазволу сказаць базарчыку бабка прадае цыбулю, кроп. Прапануе нейкаму местачкоўцу са служылых. Той адмаўляецца:
   - Шчаўя няма каму варыць, жонка ня дома.
   - Ат, знойдзiцца. На адной сьвет клiнам ня сышоўся.
   Суседка па гандляваньню пытаецца:
   - А ў цябе, бабка, дзед ёсь?
   - Мой ужо трыццаць гадоў як дома.
   Клопат жыцьця й фiласофiя быцьця - ўсё разам, упоплечкi, як гэтыя старыя.
   Хвантазiя
   Фiгурнае катаньне глядзяць па тэлевiзару мама, суседкi, сусед Трахiм, Арынiн сын Васiль. Арына, мамiна сяброўка, дрэмле, але праз сон дае нейкiя каментары. Трахiм дрэмле, а пасьля:
   - Васька, тваю маць, дык гэта ж хвантазiя! Ты ж так паспрабуй бяз канькоў зробiць. А то з канькамi й так.
   У слове хвантазiя - i хватаньне, i хвась, i захопленасьць. Дадушы, ня хвунт разынак.
   Як музыка
   Распавядае адна пра пьянага мужыка:
   - Як даў у палiчку, усе шкляначкi ў цурачкi, усе кубкi ў цуры.
   Як музыка гучыць расповяд. А на справе гучала ня так ласкава. Слова ўсё можа й агрубiць, i абласкавiць.
   Па-мацi
   У Вушачы местачкоўка даганяе нейкага дзядзьку й гукае ўголас: