Тры насiльшчыкi неслi багаж. Майет упiваўся шчасцем. Ён пачуваў сябе ў сваёй стыхii. Мiжнародны гатэль, хоць крыху i заняпалы, быў звыклым для яго аазiсам. Кашмар у Субоцiцы пачаў ужо забывацца i зрабiўся зараз нейкiм нерэальным, калi ён убачыў, што Калебджан спяшаецца яму насустрач. Яму было прыемна, што Джанет Пардаў бачыць, як яго прымаюць у лепшых заморскiх гатэлях.
   - Як пажываеце, мiстэр Карлтан Майет? Мы бясконца шчаслiвыя...
   Калебджан пацiснуў Майету руку, нiзка пакланiўся, яго асляпляльныя белыя зубы блiснулi шчырым задавальненнем.
   - Рады бачыць вас, Калебджан. Дырэктара, як заўсёды, няма? Гэта мае сябры, мiс Пардаў i мiстэр Сейвары. Увесь гатэль трымаецца на Калебджане, растлумачыў ён iм. - Вы нас добра ўладкуеце? Прасачыце, каб у пакоi ў мiс Пардаў быў пачак цукерак.
   - Мяне сустракае дзядзька... - няпэўна пачала была Джанет Пардаў, аднак Майет адразу ж ёй запярэчыў:
   - Можа пачакаць яшчэ адзiн дзень. Сёння ўвечары вы будзеце тут, у мяне ў гасцях.
   Ён iзноў пачаў распускаць свой паўлiнавы хвост: упэўненасцi яму надавалi пальмы, калоны i пачцiвасць Калебджана.
   - Вам двойчы тэлефанавалi, мiстэр Карлтан Майет, i нейкi джэнтэльмен чакае вас у вашым нумары.
   - Добра. Дайце мне яго вiзiтоўку. Паклапацiцеся пра маiх сяброў. У мяне мой звычайны нумар?
   Ён хутка пайшоў да лiфта, расцягнуўшы вусны ў вясёлай усмешцы. За апошнiя днi адбылося надта многа такога, што выклiкала сумненнi i што цяжка было асэнсаваць, а цяпер ён iзноў заняўся сваёй звычайнай справай. "Напэўна, гэта Экман", - падумаў ён, не патурбаваўшыся нават зазiрнуць у картку, i раптам цвёрда вырашыў, што яму скажа. Лiфт цяжка падняўся на другi паверх, пасыльны павёў Майета па пыльным калiдоры i адчынiў дзверы нумара. Сонца залiвала святлом увесь пакой, праз адчыненае акно даносiлiся гудкi аўтамабiляў. З канапы падняўся каржакаваты бландзiн у цвiдавым гарнiтуры.
   - Мiстэр Карлтан Майет? - спытаў ён.
   Майет здзiвiўся. Ён нiколi не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на вiзiтоўку, ён прачытаў: "Мiстэр Лео Стэйн".
   - А, мiстэр Стэйн.
   - Здзiвiлiся, калi ўбачылi мяне? Спадзяюся, вы не лiчыце мяне занадта нетактоўным?
   Ён выглядаў вельмi зычлiвым i сардэчным. "Зусiм як сапраўдны ангелец", - падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос - нос са шнарам, якi зрабiўся прамы пасля аперацыi. Варожасць памiж жыдом, якi не хаваў сваёй нацыянальнасцi, i жыдом, якi маскiраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцiсках рук i ў адведзеных адзiн ад аднаго вачах.
   - Я чакаў убачыць свайго агента.
   - Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, - уздыхнуў Стэйн, пахiтаўшы бялявай галавой.
   - Што вы маеце на ўвазе?
   - Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасiць вас зайсцi да мiсiс Экман. Я вельмi за яе хвалююся.
   - Вы хочаце сказаць, што мiстэр Экман памёр?
   - Знiк. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмi ўсё гэта дзiўна.
   Было холадна. Майет зачынiў акно i, сунуўшы рукi ў кiшэнi футры, пачаў хадзiць па пакоi туды-сюды: тры крокi ў адзiн бок, тры ў другi.
   - Нiчога дзiўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, павольна прамовiў ён.
   - Некалькi дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмi пакрыўджаны.
   - Я нiколi не давяраю жыду, якi перайшоў у хрысцiянства, - павольна, дакладна падбiраючы кожнае слова, сказаў Майет.
   - Аднак жа дазвольце, мiстэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.
   - Дапускаю, што, магчыма, ён у сваiх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведамiў мне, - сказаў Майет, спынiўшыся пасярод пакоя спiнай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.
   - О, перамовы, - адбiтак Стэйна ў люстры быў не такi абыякавы, як яго голас, - яны ўжо скончаны.
   - Ён паведамiў вам, што мы не будзем купляць?
   - Але ж ён купiў.
   Майет кiўнуў. Ён не здзiвiўся. За знiкненнем Экмана павiнна хавацца шмат чаго.
   - На самой справе я вельмi хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, - павольна сказаў Стэйн.
   - Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.
   - Разумееце, ён быў устрывожаны.
   - Чым жа?
   - Ну, у яго з'явiлася такое пачуццё, нiбыта вы яму не давяраеце. I потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць мiласэрным.
   - Але ж я не хрысцiянiн, мiстэр Стэйн. Я не веру, што мiласэрнасць галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, якi ён падпiсаў?
   - Вядома.
   Мiстэр Стэйн выцягнуў з кiшэнi цвiдавага пiнжака доўгi канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на iм паперы i пачаў уважлiва iх чытаць. Ён не рабiў нiякiх заўваг, твар яго не выказваў нiчога. Цяжка было ўявiць, якi ён быў шчаслiвы, калi вярнуўся да лiчбаў, - iх ён разумеў, i яны былi пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў. Закончыўшы чытаць, ён адкiнуўся ў крэсле i пачаў вывучаць свае пазногцi: перад ад'ездам, у Лондане, ён зрабiў манiкюр, але яны патрабавалi да сябе ўвагi.
   - Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў? - спакойна спытаў Стэйн.
   - Не, - абыякава адказаў Майет.
   Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоцiцы, здавалася яму нерэальным. Вельмi хутка ён пра ўсё забудзецца, - гэта ж нiяк не звязана са звычайным жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.
   - Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсцi нейкую недакладнасць i скасаваць гэтае пагадненне?
   - Не думаю. Бедалага Экман быў вашай даверанай асобай. Вы далi яму правы весцi перамовы.
   - У яго не было паўнамоцтваў падпiсваць пагадненне. Не, мiстэр Стэйн, баюся, што вам ад гэтага не будзе нiякай карысцi.
   Стэйн сеў на канапу i перакрыжаваў ногi. Ад яго цвiдавага гарнiтура пахла тытунём.
   - Я не хачу вам нiчога навязваць. Мой дэвiз: нiколi не падводзiць свайго калегу бiзнесмена. Я адразу ж скасаваў бы пагадненне, мiстэр Майет, калi б яно было несправядлiвае. Але, бачыце, калi ўжо бедалага Экман падпiсаў гэты дакумент, фiрма Моўлта адмовiлася ад далейшых перамоваў. Цяпер ужо другi раз яны не вернуцца да гэтай справы.
   - Аднак жа мне добра вядома, як Моўлты зацiкаўлены ў разынках.
   - Ну, бачыце, пры такiх абставiнах, скажу вам па-сяброўску, мiстэр Майет: калi вы скасуеце гэтае пагадненне, мне давядзецца за яго пазмагацца. Дазвольце запалiць?
   - Вазьмiце цыгару.
   - А можна, я запалю люльку?
   Ён пачаў набiваць люльку светлым мяккiм тытунём.
   - Я думаю, што Экман меў за гэта неблагiя камiсiйныя?
   - Ах, бедалага Экман! Я i сапраўды хацеў бы, каб вы наведалi мiсiс Экман. Яна вельмi нервуецца, - ухiлiўся ад адказу Стэйн.
   - У яе не будзе падстаў хвалявацца, калi яна атрымае добрыя камiсiйныя.
   Стэйн усмiхнуўся i запалiў люльку. Майет пачаў перачытваць пагадненне. Сапраўды, яго можна было скасаваць, але суды - справа ненадзейная. Добры адвакат можа прынесцi шмат клопату. Некаторыя лiчбы не хацелася б друкаваць. Зрэшты, справа Стэйна мела пэўную каштоўнасць для фiрмы. Але яму не падабалася цана i тое, што пасада дырэктара заставалася за Стэйнам. Нават з цаной можна было б пагадзiцца, але Майет не хацеў, каб чужы ўблытваўся ў iхнюю фiрму.
   - Вось што я зраблю. Мы скасуем гэта пагадненне i складзем новае.
   Стэйн пахiтаў галавой:
   - Паслухайце, мiстэр Майет, калi ласка, гэта будзе не зусiм справядлiва ў адносiнах да мяне.
   Майет вырашыў, што рабiць. Не варта трывожыць бацьку судовым працэсам. Ён пагодзiцца з гэтым дакументам пры ўмове, што Стэйн адмовiцца ад пасады дырэктара. Але яму пакуль не хацелася адкрываць свае карты. Стэйн мог занаравiцца.
   - Не думайце пра гэта, мiстэр Стэйн, адкладзем рашэнне на дзянёк-другi.
   - Ну добра. Але я ня ўпэўнены, цi будзе ў мяне час падумаць. Наколькi я ведаю сучасных дзяўчат, часу ў мяне не будзе. Сёння пасля полудня я сустракаю сваю пляменнiцу. Яна ехала з вамi ў адным цягнiку ад Кёльна. Гэта дачка бедалагi Пардаў, - весела сказаў Стэйн.
   Майет дастаў партабак i, пакуль выбiраў i падразаў цыгару, вырашыў, што яму рабiць далей. Ён ужо пачаў ставiцца з пагардай да Стэйна. Той быў занадта гаваркi i паведамляў шмат зусiм непатрэбнага. Не дзiва, што ў яго справы прыйшлi ў заняпад. Але адначасова няясная цяга Майета да пляменнiцы Стэйна ўзмацнiлася. Даведаўшыся, што яе мацi была жыдоўка, ён раптам адчуў у ёй свайго чалавека. Яна рабiлася больш зразумелая i даступная, i ён саромеўся таго, што мiнулым вечарам паводзiў сябе з ёю так нацягнена. Пасля вяртання з Субоцiцы яны павячэралi разам у вагоне-рэстаране, i ён увесь час намагаўся паводзiць сябе як мага больш натуральна.
   - О, я сустракаўся з мiс Пардаў у цягнiку. Яна зараз унiзе. Мы разам ехалi з вакзала, - павольна сказаў ён.
   Надышла чарга Стэйна абдумваць свае словы. Тое, што ён паведамляў, мела тайны сэнс.
   - Бедная дзяўчынка, у яе няма бацькоў. Мая жонка вырашыла, што мы павiнны запрасiць яе пажыць з намi. Я, прынамсi, яе апякун.
   Яны сядзелi насупраць, памiж iмi быў стол. На стале ляжала пагадненне, падпiсанае Экманам. Яны не звярталi на яго нiякай увагi: справа, здавалася, была адкладзена да лепшых часоў, але Стэйн i Майет усведамлялi, што iх спрэчка засталася незакончаная. Кожны здагадваўся пра думкi другога, але абодва выказвалiся намёкамi.
   - Ваша сястра, пэўна, была цудоўная жанчына.
   - Яна вельмi падобная на нашага бацьку. Нiводзiн з iх не прызнаваўся, што меў на ўвазе прыгажосць Джанет Пардаў. Нават пра яе дзеда i бабку нагадалi раней, чым пра яе.
   - Ваша сям'я з Лейпцыга? - спытаў Майет.
   - З Лейпцыга. Але мой бацька перавёў нашу справу сюды.
   - Вы лiчыце, што ён памылiўся?
   - Ну, паслухайце, мiстэр Майет, вы ўжо пазнаёмiлiся з лiчбамi. Справы нашы iдуць няблага. Але я хачу прадаць фiрму i пайсцi на спакой, пакуль яшчэ магу атрымаць хоць якiя асалоды жыцця.
   - Што вы маеце на ўвазе? Якiя асалоды? - з цiкаўнасцю спытаў Майет.
   - Ну, скажам, справы мяне зусiм не цiкавяць.
   - Вас не цiкавяць справы? - здзiўлена паўтарыў Майет.
   - Гольф i невялiчкi дамок за горадам - вось пра што я мару.
   Здзiўленне Майета мiнула, i ён iзноў заўважыў, што Стэйн расказвае занадта шмат пра сябе. Экспансiўнасць Стэйна была яму на руку, ён iзноў вярнуўся да пагаднення.
   - У такiм разе навошта вам заставацца дырэктарам? Думаю, што мы маглi б пагадзiцца з вамi наконт грошай, калi б вы адмовiлiся ад пасады дырэктара.
   - Мне ўсё адно, буду я дырэктарам цi не, - растлумачыў Стэйн, пыхкаючы люлькай у прамежках памiж фразамi i скоса пазiраючы на попел цыгары Майета, якi рабiўся ўсё даўжэйшы. - Але, ведаеце, дзеля захавання традыцыi мне хочацца, каб хто-небудзь з членаў маёй сям'i ўваходзiў у праўленне. - Ён доўга i шчыра хiхiкаў. - А ў мяне няма сына. Няма нават пляменнiка.
   - Вам трэба натхнiць на гэта вашу пляменнiцу, - задуменна сказаў Майет.
   Абодва засмяялiся, а потым спусцiлiся ўнiз. Джанет Пардаў нiдзе не было вiдно.
   - Мiс Пардаў пайшла? - спытаў ён у Калебджана.
   - Не, мiстэр Майет. Мiс Пардаў толькi што прайшла ў рэстаран з мiстэрам Сейвары.
   - Папрасiце iх пачакаць са снеданнем хвiлiн дваццаць, i мы з мiстэрам Стэйнам далучымся да iх.
   Яны крыху паспрачалiся пра тое, каму з iх першаму прайсцi ў дзверы: сяброўскiя адносiны памiж Майетам i Стэйнам хутка ўзмацнялiся.
   Калi яны селi ў таксi, каб паехаць на кватэру мiсiс Экман, Стэйн пачаў размову:
   - А гэты Сейвары, хто ён?
   - Пiсьменнiк.
   - Ён што, заляцаецца да Джэйн?
   - Не, проста сябра. Яны пазнаёмiлiся ў цягнiку. - Майет паклаў рукi на каленi i сядзеў моўчкi, сур'ёзна абдумваючы пытанне пра жанiцьбу. "Яна цудоўная, далiкатная, можа быць добрай гаспадыняй, яна напалову жыдоўка", думаў ён.
   - Я яе апякун, - працягваў Стэйн. - Можа, мне з iм пагаварыць.
   - Ён даволi заможны.
   - Так яно-то так, але ён пiсьменнiк. Мне гэта не падабаецца. Я б хацеў, каб яна выйшла замуж за чалавека, якi займае надзейнае месца ў свеце бiзнесу.
   - Здаецца, iх пазнаёмiла жанчына, з якой яна жыла ў Кёльне.
   - О, праўда. Яна сама зарабляе сабе на пражытак з таго часу, як памерлi яе няшчасныя бацькi, - збянтэжана сказаў Стэйн. - Я ў гэта не ўблытваўся. Гэта карысна дзяўчыне, але жонка вырашыла, што мы павiнны пазнаёмiцца з ёю блiжэй, i я запрасiў яе сюды. Падумалi, можа, мы знойдзем ёй лепшую працу i непадалёк ад нас.
   Яны аб'ехалi мiнiяцюрнага палiцэйскага, якi стаяў на скрынцы i рэгуляваў дарожны рух, i паднялiся на прыгорак. Унiзе, памiж высокiм непрыкметным жылым будынкам i тэлеграфным слупам купалы Блакiтнай мячэцi плавалi ў паветры, нiбыта гронка блакiтных мыльных бурбалак.
   Стэйн усё яшчэ пачуваў сябе крыху збянтэжаным.
   - Гэта карысна дзяўчыне, - паўтарыў ён. - А ў апошнiя гады фiрма забiрала ўвесь мой час. Але калi з гэтай здзелкай будзе пакончана, - весела дадаў ён, - я прызначу ёй якую-небудзь рэнту.
   Таксi заехала ў невялiчкi цёмны дворык, дзе стаяла адзiная урна пад смецце, але доўгая лесвiца, па якой яны паднялiся, асвятлялася вялiкiмi вокнамi, i ўвесь Стамбул быў у iх на далонi. Iм былi вiдаць сабор Святой Сафii, i Пажарная вежа, i доўгая паласа вады на захад ад Залатога Рога ў накiрунку да Эйюба.
   - Выдатнае месца. Лепшай кватэры ў Канстанцiнопалi не знойдзеш, сказаў Стэйн i нацiснуў кнопку званка.
   А Майет прыкiнуў, колькi яна каштуе i колькi iх фiрма выдаткоўвала на аплату гэтай кватэры.
   Дзверы адчынiлiся. Стэйн назваў сваё прозвiшча пакаёўцы, i яны пайшлi па светлым, абцягнутым панелямi калiдоры, якi злавiў у пастку сонца памiж вокнамi, нiбыта нейкага рыжага звярка.
   - Вы сябра сям'i?
   - Так. Мы з бедалагам Экманам у апошнi час былi ў самых блiзкiх адносiнах, - сказаў Стэйн, шырока расчыняючы дзверы ў вялiкую халодную гасцёўню, дзе раяль, букет кветак i некалькi металiчных крэслаў нiбыта плавалi ў вясеннiм бледнавата-жоўтым паветры.
   - Ну вось, Эма, я прывёў да вас мiстэра Карлтана Майета, ён хацеў наведаць вас.
   У пакоi не было цёмных куткоў, нiдзе нельга было схавацца ад патоку мяккага шчодрага сонечнага святла, i мiсiс Экман не знайшла нiчога лепшага, як схавацца за раялем, якi распасцёрся памiж iмi, нiбыта палiраваная падлога. Яна была маленькая, сiвая i модна апранутая, але яе адзенне не пасавала да яе выгляду. Яна нагадала Майету старую пакаёўку ў iх доме, якая даношвала старую сукенку, падараваную гаспадыняй. Пад пахай у яе было нейкае шытво. Яна тонкiм галаском павiтала гасцей, не зводзячы вачэй з таго месца, дзе стаяла, нiбыта не рашаючыся выйсцi на залiтую сонечным святлом падлогу.
   - Ну як, Эма, у вас ёсць якiя-небудзь звесткi пра мужа?
   - Не. Яшчэ не. Не, - адказала яна i дадала з бездапаможнай усмешкай: Ён так не любiць пiсаць.
   Яна прапанавала iм сесцi i пачала хаваць iголкi, нiткi, клубкi шэрсцi i абрэзкi фланелi ў вялiкi кошык пад шытво. Стэйн няўпэўнена паглядаў то на адно, то на другое металiчнае крэсла.
   - Не магу зразумець, навошта бедалага Экман панакупляў усёй гэтай дрэнi, - шапнуў ён Майету.
   - Вам не трэба хвалявацца, мiсiс Экман. Я перакананы, што сёння ваш муж дасць пра сябе вестку, - сказаў Майет.
   Яна спынiла складваць шытво i пачала сачыць за губамi Майета.
   - Праўда, Эма, як толькi бедалага Экман даведаецца, як добра мы паладзiлi з мiстэрам Майетам, ён паспяшаецца дадому.
   - О, хай сабе ён нават не прыходзiць сюды, - з адчаем прашаптала мiсiс Экман з свайго кутка, аддаленага ад блiскучай падлогi. - Я б сама паехала да яго куды заўгодна. Хiба гэта дом! - усхвалявана ўсклiкнула яна, махнуўшы рукой i згубiўшы iголку i два маленькiя гузiкi.
   - Так, я згодны, - заўважыў Стэйн i глыбока ўздыхнуў. - Не разумею, чаму вашаму мужу падабаецца ўся гэтая металiчная дрэнь. Па мне дык лепей купiць некалькi рэчаў з чырвонага дрэва i два крэслы, у якiх чалавек можа падрамаць.
   - Але ж у майго мужа добры густ, - з адчаем сказала мiсiс Экман. Яна пазiрала з-пад моднага капялюшыка, нiбыта мышка, якая заблудзiлася ў шафе.
   - Дык вось, я перакананы, вам не варта турбавацца пра мужа. Ён расхваляваўся з-за спраў - вось i ўсё. Няма нiякiх падстаў лiчыць, што ён... што з iм нешта здарылася благое, - нецярплiва ўмяшаўся Майет.
   Мiсiс Экман выслiзнула з-за раяля i прайшла па пакоi, ламаючы рукi.
   - Я баюся не гэтага, - сказала яна, стаўшы памiж iмi, а потым павярнулася i хутка пайшла назад у свой куток.
   Майет быў здзiўлены.
   - А чаго ж вы баiцеся?
   Яна пахiтала галавой, паказаўшы на светлы пакой з металiчнай мэбляй.
   - Мой муж такi сучасны, - сказала яна са страхам i гордасцю. Потым гордасць пакiнула яе, i, схаваўшы рукi ў кошык пад шытво, поўны гузiкаў i клубкоў шэрсцi, яна сказала: - Можа, ён проста мяне кiнуў.
   - Ну, i што вы на гэта скажаце? - спытаў Стэйн, калi яны спускалiся па лесвiцы.
   - Бедная жанчына.
   - Так, так, бедная жанчына, - паўтарыў Стэйн з шчырым хваляваннем i паднёс да вачэй насоўку.
   Яму хацелася есцi, але Майету трэба было нешта яшчэ зрабiць да снедання, а Стэйн хадзiў з iм паўсюль. Ён адчуваў, што ў кожным таксi, у якiм яны ехалi, iх блiзкасць узмацняецца, i зусiм незалежна ад iх планаў наконт Джанет Пардаў сяброўства з Майетам магло прынесцi Стэйну некалькi тысяч фунтаў у год. Таксi з грукатам спусцiлася па брукаванай вулiцы i выехала на забiты народам пляц каля галоўнага паштамта, а потым унiз па пагорку зноў да Галатэ i да докаў. Па бруднай лесвiцы яны паднялiся ў маленькую кантору, набiтую картатэкамi i папкамi для дакументаў, з адзiным акном, што выходзiла на глухую сцяну i параходную трубу, якая высоўвалася з-за гэтай сцяны. На падаконнiку ляжаў тоўсты слой пылу. У гэтым пакоi Экман вёў справы, у вынiку чаго з'явiлася яго вялiкая халодная гасцёўня. Гэта было падобна таму, як пажылая жыдоўка нараджае сваё апошняе дзiця, а з яго вырастае выдатны мастак. Вялiзны гадзiннiк, якi разам з пiсьмовым сталом займаў большую частку пакоя, прабiў двойчы, але Джойс быў ужо тут. Машынiстка схавалася ў нешта накшталт шафкi для захоўвання багажу ў глыбiнi пакоя.
   - Ёсць якiя весткi ад Экмана?
   - Нiякiх, сэр, - адказаў Джойс.
   Майет прагледзеў некалькi пiсьмаў, а потым пакiнуў Джойса, як вернага сабаку, прынюхвацца да пiсьмовага стала Экмана i да яго грахоў.
   - А цяпер паснедаем, - прапанаваў Майет. Стэйн аблiзаў губы. Прагаладалiся?
   - Я сёння вельмi рана снедаў, - адказаў Стэйн без папроку ў голасе.
   Аднак Джанет Пардаў i Сейвары iх не дачакалiся. Яны ўжо пiлi каву з лiкёрам у выкладзеным плiткамi рэстаране, калi тыя далучылiся да iх i пачалi гучна радавацца, што Майет i пляменнiца Стэйна сустрэлiся ў цягнiку i пасябравалi. Джанет Пардаў нiчога не сказала, яна толькi паглядзела скоса на Стэйна i ўсмiхнулася Майету. Яму здалося, што яна хацела сказаць: "Як мала ён пра нас ведае", i ён усмiхнуўся ёй у адказ, першы чым успомнiў, што ведаць асаблiва i няма чаго.
   - Значыць, вы двое ехалi адной кампанiяй ад самога Кёльна? - сказаў Стэйн.
   - Ну, я думаю, што ваша пляменнiца больш сустракалася са мною, умяшаўся ў размову мiстэр Сейвары.
   Але Стэйн гаварыў сваё, не зважаючы на яго.
   - Добра пазнаёмiлiся памiж сабой, га?
   Джанет Пардаў злёгку раскрыла мякка акрэсленыя вусны i цiхенька сказала:
   - О, у мiстэра Майета была там другая сяброўка, ён ведаў яе лепей за мяне.
   Майет адвярнуўся, каб заказаць снеданне, а калi зноў пачаў услухоўвацца ў яе словы, яна гаварыла з цудоўнымi пяшчотнымi хiтрыкамi:
   - О, ведаеце, яна была яго палюбоўнiцай.
   Стэйн лагодна засмяяўся:
   - Глядзiце, якi гарэза. Гляньце на яго, ён нават пачырванеў.
   - Уявiце сабе, яна ад яго збегла, - кпiла Джанет Пардаў з Майета.
   - Збегла? Хiба ён яе бiў?
   - Ну, калi вы ў яго спытаеце, ён паспрабуе ахутаць усё тайнай. Калi паравоз зламаўся, ён паехаў на машыне назад да Субоцiцы, каб яе знайсцi. Яго вельмi доўга не было. А з якой таемнасцю распавядаў пра свае прыгоды! Ён дапамог нейкаму чалавеку ўцячы ад мытнiкаў.
   - Ну, а дзяўчына? - спытаў Стэйн, дураслiва паглядаючы ў бок Майета.
   - Сапраўды, я адчуваю сябе няёмка з-за гэтага, - пагадзiўся Майет. Патэлефаную консулу ў Белград.
   - Тэлефануйце лепей сваёй бабулi! - весела ўсклiкнуў мiстэр Сейвары i трывожна паглядзеў на таго i на другога.
   Ён меў такую звычку: калi ён поўнасцю давяраў сваiм субяседнiкам, то дазваляў сабе якi-небудзь прастамоўны выраз - у мiнулым яму гэта дапамагала за прылаўкам крамы i сярод прыказчыкаў. Яму дагэтуль часам было прыемна адчуваць, што ён - знакамiты пiсьменнiк, што жыве ў лепшых гатэлях, гаворыць як роўня з людзьмi, з якiмi некалi не асмельваўся нават загаварыць, хiба што цераз рулоны баўны цi груды абгортачнай паперы. Важныя дамы, што запрашалi яго на лiтаратурныя вечары, захаплялiся гэтай яго манерай выказвацца. Якi сэнс быў строiць з сябе пiсьменнiка, якi ўзвысiўся ад гандлёвага прылаўка, калi не захаваць ледзь прыкметных рысаў характару сваiх продкаў, не нагадаць, што некалi праводзiў распрадажы?
   Стэйн сярдзiта глянуў на яго.
   - Думаю, што вы зусiм правiльна зробiце, - сказаў ён Майету.
   Сейвары збянтэжыўся. Гэтыя людзi належалi да той меншасцi, якая нiколi не чытала яго кнiг, не ведала, што ён прэтэндуе на ўвагу да сваёй асобы. Яны проста палiчылi яго вульгарным. Ён сеў глыбей у сваiм крэсле i спытаў у Джанет Пардаў:
   - А доктар? Хiба ваша сяброўка не цiкавiлася доктарам?
   Аднак Джанет заўважыла, што астатнiя ставяцца да яго зняважлiва, i не захацела згадваць тую доўгую сумную гiсторыю, якую ёй расказала мiсiс Уорэн. Яна рэзка яго абарвала:
   - Я не магу ўспомнiць усiх, кiм цiкавiлася Мейбл. Нiчога не памятаю пра гэтага доктара.
   Стэйн быў толькi супраць вульгарных выразаў мiстэра Сейвары. Яму вельмi спадабалася лёгкая, у рамках прыстойнасцi, балбатня пра нейкую дзяўчыну. Яна ўмацоўвала важную для яго дружбу з Майетам. Калi падалi першую страву, ён вярнуўся да гэтай размовы:
   - А зараз раскажыце болей падрабязна пра тую, што захапiла ў палон сэрца Майета.
   - Яна даволi мiленькая, - сказала Джанет Пардаў, спрабуючы быць велiкадушнай.
   Сейвары глянуў на Майета, цi не пакрыўдзiўся той. Але Майет быў надта галодны, ён з асалодай еў сваё позняе снеданне.
   - Яна танцуе на сцэне, здаецца? - спытаў яго Стэйн.
   - Так. У вар'етэ.
   - Я ж казала, што яна з вар'етэ, - заўважыла Джанет Пардаў. - Крыху праставатая. Вы яе i раней ведалi?
   - Не, не, - паспешна адказаў Майет. - Чыста выпадковая сустрэча.
   - Такое часта здараецца ў дальнiх цягнiках! - з палёгкай усклiкнуў Стэйн. - А колькi яна вам каштавала?
   Ён злавiў погляд пляменнiцы i падмiргнуў ёй. Калi яна ў адказ усмiхнулася яму, ён узрадаваўся. Як было б сумна, калi б яна была адной з тых старамодных дзяўчат, пры якiх нельга гаварыць усё, што хочаш. Болей за ўсё яму падабалiся лёгкiя непрыстойнасцi ў прысутнасцi жанчын, аднак, вядома, пры ўмове, каб гэта ўсё не выходзiла за пэўныя рамкi. Ён незадаволена глянуў на мiстэра Сейвары.
   - Дзесяць фунтаў, - сказаў Майет, кiўнуўшы афiцыянту.
   - Ох, напрамiлы бог, як дорага! - усклiкнула Джанет Пардаў i з павагай паглядзела на яго.
   - Я пажартаваў, - сказаў Майет. - Я не даваў ёй нiякiх грошай. Проста купiў ёй бiлет. Дый наогул мы проста пасябравалi. Яна вельмi добры чалавек.
   - Ха-ха, - засмяяўся Стэйн.
   Майет асушыў свой келiх. Па блакiтных плiтках да iх наблiжаўся афiцыянт, якi кацiў перад сабой столiк на калёсiках.
   Майет адчуваў сапраўдную асалоду ад натуральнай вольнай бесцырымоннай атмасферы i лёгкага паху розных страў. У адной з суседнiх залаў iгралi канцэрт Рахманiнава. Можна было ўявiць, што ты ў Лондане. Гукi музыкi навявалi ўспамiны: людзi высоўвалiся з вокнаў цягнiка, злосна кпiлi са скрыпача, гаварылi памiж сабой.
   - Яна закахалася ў мяне.
   Ён нiколi не думаў, што вымавiць гэтыя словы ўголас у гэтым пустым блакiтным рэстаране, ён быў крыху збянтэжаны i злёгку ўзрушаны, калi зразумеў, што вымавiў iх уголас. Гэтыя словы прагучалi недарэчна, а ён зусiм не хацеў выхваляцца, дый чым тут асаблiва выхваляцца, калi цябе пакахала дзяўчына з вар'етэ. Ён пачырванеў, калi ўсе пачалi з яго кпiць.
   - Ах, ужо гэтыя дзяўчаты, - сказаў Стэйн, пакруцiўшы галавой. Ведаюць, як акруцiць мужчыну. Гэта ўсё чароўнасць сцэны. Памятаю, калi я быў малады, часамi прастойваў каля артыстычнага пад'езда, каб толькi ўбачыць якую-небудзь распуснiцу з кардэбалета. Шакалад. Вячэры. - Ён на iмгненне прыпынiўся, убачыўшы добры кавалак дзiкай качкi ў сябе на талерцы. А потым дадаў: - Агнi Лондана.
   - Калi ўжо размова пайшла пра тэатр, Джанет, я запрашаю вас сёння вечарам схадзiць са мной куды-небудзь, - сказаў Майет.
   Ён назваў яе па iмi, адчуваючы сябе з ёй вольна, калi даведаўся, што мацi ў яе жыдоўка, а дзядзька ў яго ўладзе.
   - Пайшла б з радасцю, але я ўжо абяцала мiстэру Сейвары паабедаць з iм.
   - Мы маглi б пайсцi ў начное кабарэ.
   Але ён не збiраўся дазволiць ёй абедаць з мiстэрам Сейвары. Цэлы дзень ён быў заняты справамi i не змог пабыць з ёю. Яму давялося правесцi ў канторы шмат гадзiн, разблытваючы ўсе справы, якiя Экман так адмыслова заблытаў. Дый яшчэ трэба было зрабiць пэўныя вiзiты. А палове чацвёртай, праязджаючы на машыне цераз iпадром, ён убачыў, як акружаны дзецьмi мiстэр Сейвары фатаграфуе, ён рабiў здымкi хутка, паспеў тры разы нацiснуць грушу, пакуль таксi праязджала мiма, i кожны раз дзецi здзекавалiся з яго. Толькi а палове сёмай Майет вярнуўся ў гатэль.
   - Мiс Пардаў у сябе, Калебджан?
   Калебджан ведаў усё, што адбываецца ў гатэлi. Яго поўная дасведчанасць тлумачылася толькi яго няўрымслiвасцю: ён раптам ныраў кудысьцi з парожняга хола, з шумам насiўся ўверх i ўнiз па лесвiцах, пранiкаў у самыя дальнiя гасцёўнi, а потым вяртаўся да сваёй канторкi i гультайнiчаў, зацiснуўшы рукi памiж каленямi.
   - Мiс Пардаў пераапранаецца да абеду, мiстэр Карлтан Майет.
   Аднойчы, калi адзiн з членаў урада пасялiўся ў гатэлi, Калебджан здзiвiў пунктуальнага супрацоўнiка брытанскай амбасады, калi той тэлефанаваў: "Яго правасхадзiцельства ў туалеце. Але ён будзе там не болей трох хвiлiн". Калебджан трушком бегаў па калiдорах, падслухоўваў каля дзвярэй ванных, потым вяртаўся да сваёй канторкi, дзе знемагаў без справы i займаўся толькi тым, што раскладваў па палiцах у сваёй галаве крохi атрыманых звестак. У гэтым быў сэнс жыцця Калебджана.