Тады ў маё жыццё i ўварвалася думка пра смерць. Я падлiчыў, колькi гадоў мне яшчэ засталося да канца. Пачаў шукаць прыклады, калi нехта памiраў у маiм узросце. I мяне занепакоiла думка, што я не паспею выканаць пастаўленую мне задачу. Якую задачу? Гэтага я не ведаў. Дый, зрэшты, цi варта было жыць далей так, як я жыў раней? Але праблема была нават не ў гэтым. Мяне мучыў да смешнага дзiўны страх: што здарыцца, калi перад смерцю я так i не прызнаюся ў сваiм ашуканстве? Не перад Богам, не, i не перад нейкiм яго прадстаўнiком на Зямлi - я быў вышэйшы за гэта, вы ведаеце. Я мусiў прызнацца людзям, свайму сябру, напрыклад; цi каханай жанчыне. Во калi затаiць хоць адну маленечкую ману пры жыццi, смерць зробiць яе назаўжды непапраўнай. I нiколi, нiхто не дазнаецца праўды, бо адзiны, хто яе ведаў, знёс таямнiцу з сабой - у магiлу. Ад думкi пра такое беспаваротнае праўдазабойства ў мяне круцiлася ў галаве. Заўважу дарэчы, што сёння ад падобнай магчымасцi я адчуў бы хутчэй далiкатную асалоду. Няўжо не прывабна знаць тое, чаго марна шукае ўвесь свет, i хаваць у сваёй кватэры рэч, за якой бясплённа ганяюцца тры палiцэйскiя службы? Але не будзем спяшацца... Тады ў мяне ўсё гэта выклiкала занепакоенасць, бо я не знайшоў яшчэ патрэбнага рэцэпта.
   Вядома, мне карцела пазбыцца такога пачуцця. Цi мае значэнне ашуканства аднаго чалавека ў гiсторыi цэлых пакаленняў? I чаго вартае намаганне пралiць святло праўды на мiзэрную хлусню, занядбаную ў акiяне вякоў, як драбiнка солi ў моры? Я стараўся пераканаць сябе, што цялесная смерць, мяркуючы па тых выпадках, якiя я бачыў, - сама па сабе ўжо дастатковая кара, каб змыць любы грэх. Чалавек зарабляе сабе паратунак (або права знiкнуць назаўжды) праз пот i пакуты агонii. I ўсё ж пачуццё неспакою мацнела, думка пра смерць ужо не пакiдала мяне, i я пачынаў з ёю кожны свой дзень, Лёсткi сяброў рабiлiся мне ўсё больш невыносныя. Мне здавалася, што яны яшчэ больш павялiчваюць маё ашуканства, робяць яго настолькi вялiкiм, што я ўжо нiколi не здолею пазбавiцца ад яго.
   I вось настаў дзень, калi я не вытрываў. Першая рэакцыя была хаатычная. Я - хлус, i я сам абвяшчу пра гэта, я кiну сваю двухаблiчнасць у твар гэтым ёлупам раней, чым яны пра яе здагадаюцца. Вам патрэбная праўда? Дык вось бярыце яе, я прымаю ваш выклiк. Каб не дапусцiць крывадушных усмешак, я лепей сам зраблюся ўсеагульным пасмешышчам. Увогуле, я i тут перш за ўсё стараўся пазбегнуць прысуду. Я хацеў перацягнуць гэтых кплiўцаў на свой бок цi, прынамсi, спадзяваўся сам стаць побач з iмi. Я марыў пра тое, як буду штурхаць на дарозе сляпых, i па глухой, нечаканае радасцi, якая нараджалася ў мяне ў душы, пачынаў усведамляць, як я iх ненавiджу. Я рабiў планы, як буду праколваць шыны ў iнвалiдных калясках, як буду крычаць: "Смярдзючыя дурнi!", стоячы пад рыштаваннем, на якiм працуюць рабочыя, як надаю па карку жаўтаротым сысункам у метро. Але ўсё гэта былi толькi мары, якiя нiколi не спраўджвалiся, а калi мне i выпадала рабiць што-небудзь падобнае, то я адразу пра ўсё забываў. Тым не менш, ужо адно слова "правасуддзе" даводзiла мяне да лютасцi. Я па-ранейшаму быў вымушаны карыстацца iм у сваiх адвакацкiх прамовах. Але пасля - помсцiў за гэта, публiчна аблiваючы брудам усю сутнасць чалавечай справядлiвасцi. Я нават абвясцiў, што збiраюся выдаць манiфест, у якiм пакажу ўсю паднаготную прыгнечаных, якiя самi прыгнятаюць сумленных людзей. А аднойчы, калi я ласаваўся лангустам на тэрасе адкрытага рэстарана, да мяне прычапiўся жабрак. Ён мне так назаляў, што нарэшце я мусiў папрасiць гаспадара, каб ён выгнаў задрыпанага галадранца. Калi ж я пачуў, як гэты змагар за праўду ўгаворвае небараку сысцi прэч, я прыйшоў у поўнае захапленне: "Няўжо вам няясна, што вы замiнаеце гэтым панам i панi? - казаў ён. - Ды пастаўце сябе на iх месца!" Апроч таго, я ўсiм i кожнаму скардзiўся, што цяпер, на жаль, мiнуў той час, калi можна было дзейнiчаць накшталт аднаго рускага памешчыка, характар якога мяне зачароўваў: ён загадваў сцябаць пугай i тых сялян, якiя з iм прывiталiся, i тых, якiя гэтага не рабiлi, - у абодвух выпадках, як ён лiчыў, дзёрзкасць была аднолькавая.
   Зрэшты, у мяне здаралiся i горшыя выбрыкi. Я нават пачаў быў пiсаць "Оду палiцыi" i "Апафеоз гiльяцiны". А галоўнае - паставiў сабе абавязкам рэгулярна наведваць кавярнi, у якiх збiралiся нашы прафесiйныя гуманiсты. Дзякуючы майму сумленнаму мiнуламу яны прымалi мяне заўжды вельмi сардэчна. I вось, нiбы незнарок, я кiдаў адну бязвiнную фразу - я казаў: "Дзякуй Богу!" цi яшчэ прасцей: "Божа мой..." Вы ведаеце, якiя прымхлiвыя нашы карчомныя атэiсты. У першую хвiлiну пасля майго святатацкага заяўлення запаноўвала агульнае аняменне, усе збянтэжана пазiралi адзiн на аднаго, i тут пачынаўся гвалт адны кулём выляталi з кавярнi, другiя пачыналi гнеўна квахтаць, нiхто нiчога не слухаў, i ўсе бiлiся ў курчы, як чорт, якога акрапiлi святою вадой.
   Вы, напэўна, палiчыце гэтыя выбрыкi хлапечым дзiвацтвам? Але па-мойму, у iх быў намнога глыбейшы сэнс. Я хацеў паламаць гульню i, галоўнае, - збэсцiць тую добрую рэпутацыю, якая даводзiла мяне да шалу. "Такi чалавек, як вы..." звярталiся да мяне, i гэта гучала пачцiва, а я ўвесь палатнеў ад гневу. Я болей не хацеў iх павагi, яна ўсё роўна не была ўсеагульнаю. Дый як бы яна магла такой быць, калi я сам не падзяляў яе? Таму - цi не лепей было ўсё абсмяяць, пакпiць i з iхняй павагi, i з iхнiх папрокаў? Я павiнен быў вызвалiцца ад пачуцця, якое душыла мяне, любою цаной даць яму выхад. Каб паказаць усiм, чым напханы гэты прыгожанькi манекен, якi я сабой уяўляў, я хацеў распароць яму чэрава. Аднойчы мяне папрасiлi правесцi гутарку з маладымi адвакатамi, якiя праходзiлi ў нас стажыроўку. Раздражнёны нечуванымi дыфiрамбамi, якiя спяваў старшыня калегii, рэкамендуючы мяне слухачам, я болей стрываць не мог. Я пачаў з iмпэтам i хваляваннем, якiх ад мяне i чакалi i якiя я заўжды лёгка выдаваў у любую патрэбную хвiлiну. Але раптам, без усялякага пераходу ўдаўся раiць у якасцi найлепшага метаду абароны - блытанiну. "Я маю на ўвазе не тую блытанiну, - казаў я, - якую так умела ўжывае сучасная iнквiзiцыя, калi садзiць на лаву падсудных адначасова i злодзея, i сумленнага чалавека, каб перавалiць на другога злачынствы, учыненыя першым". Наадварот, я хацеў паказаць, як трэба абараняць злодзея, выкрываючы злачынствы сумленнага чалавека - адваката, у нашым выпадку. Дзеля большай нагляднасцi я растлумачыў сваю думку наступным чынам:
   "Дапусцiм, што я пагадзiўся абараняць якогась чуллiвага пана, якi з рэўнасцi забiў сваю жонку. Сваю прамову я пабудаваў бы так: "Панове прысяжныя! - сказаў бы я. - Зiрнiце, наколькi мiзэрным робiцца грэх гэтага чалавека, калi мы бяром пад увагу яго прыродную дабрыню, якая на мiг падупала агiднай спакусе плоцi. Цi ж не пачварней быць па гэты бок адгародкi, сядзець вось на гэтай адвакацкай лаве i ўсведамляць, што ты нiколi не быў добры i нiколi не пакутаваў, калi табе здраджвалi? Я свабодны, непадуладны нi суду, анi вашай волi, але паглядзiце - хто я? Пыхлiвы, як сонца, юрлiвы, як асёл, гняўлiвы, як фараон, ленаваты, як усходнi ўладар! Я нiкога не забiў? Што ж, праўда, пакуль што нiкога! Але цi не я даў памерцi многiм шаноўным людзям, нават пальцам не варухнуўшы, каб iм пасобiць? Магчыма? Але магчыма i тое, што я здольны яшчэ не раз гэта паўтарыць. А гэты - вы зiрнiце на яго! - гэты не паўторыць нiколi. Ён i цяпер яшчэ не можа апамятацца ад здзiўлення, што так спрытна ўсё правярнуў". Такая прамова крыху збянтэжыла маiх юных калег. Потым яны вырашылi, што гэта быў жарт, i iм трэба пасмяяцца. I зусiм ужо супакоiлiся, калi на заканчэнне я пачаў красамоўна гаварыць пра чалавечую асобу i яе ўяўныя правы. Што зробiш, звычка ў той дзень аказалася мацнейшая за мяне.
   Час ад часу паўтараючы падобныя мiлыя выбрыкi, я дасягнуў толькi таго, што крыху збiў з тропу грамадскую думку. Збiў з тропу, але не абяззброiў, як i не абяззброiў самога сябе. Збянтэжанасць, якую я звычайна выклiкаў у сваiх слухачоў, i маўклiвае здзiўленне, накшталт таго, якое цяпер адчуваеце вы, - о, ды вы не адмаўляйцеся, гэта ж натуральна, - не давалi мне нiякага суцяшэння. Усё ў тым, што абвiнавацiць сябе яшчэ не дастаткова, каб зрабiцца бязвiнным, iначай я быў бы чысценькi, як ягнятка. Абвiнавачваць сябе трэба ўмець, гэта трэба рабiць адмысловым спосабам, i, каб выпрацаваць яго, мне спатрэбiлася нямала часу. Калi ж нарэшце я яго знайшоў, аказалася, што ўсе мяне ўжо даўно пакiнулi. А пакуль iшлi пошукi, смех нястомна гучаў вакол мяне, i мае хаатычныя намаганнi не маглi пазбавiць яго той добразычлiвай i амаль што пяшчотнай ноткi, якая болем працiнала мне сэрца.
   Але па-мойму, пачынаецца прылiў. Значыць, хутка наш параход паплыве назад. Вось дзень i канчаецца. Зiрнiце, галубы зноў збiраюцца ў небе. Яны туляцца адзiн да аднаго i амаль не варушацца. А сонца пацiху гасне. Давайце памаўчым i пацешымся гэтай змрочнай карцiнай. Вы не хочаце? Ах, вам цiкава, што было далей! Вы вельмi прыязны. Але я, можа быць, рызыкну зацiкавiць вас яшчэ больш. I раней як растлумачыць, хто такi суддзя-пакаяльнiк, раскажу сёе-тое пра распусту i ўстрыманне.
   Вы памыляецеся, шаноўны, наш параход плыве, i даволi хутка. Але Зэйдэрзее - мёртвае мора цi - амаль што мёртвае. Яго роўныя берагi схаваны ў тумане, i невядома, нi дзе яно пачынаецца, нi дзе канчаецца. Мы плывём i плывём, i воку няма за што зачапiцца - мы не заўважаем сваёй хуткасцi. Нiчога не мяняецца вакол, хоць мы ўвесь час рухаемся наперад. Гэта не плаванне - гэта сон.
   На грэчаскiм архiпелазе мяне агортвала зусiм iншае пачуццё. На даляглядзе бесперастанку ўзнiкалi новыя выспы. Iх бязлесыя хрыбты выразна акрэслiвалi мяжу неба i сушы, скалiстыя берагi рэзка ўклiньвалiся ў мора. Нiякай расплывiстасцi, у зыркiм дзённым святле ўсё тут было арыенцiрам. I хоць наш маленькi караблiк ледзь пасоўваўся мiж выспаў, у мяне ўзнiкала ўражанне, нiбы я iмклiва лячу ў шуме смеху i пенiстых хваляў. З той пары сама Грэцыя нястомна плыве ўва мне, на краi маёй памяцi... Го! Ды я ўжо, гляджу, таксама паплыў раблюся лiрычны! Што ж гэта вы, шаноўны, - спынiце мяне, прашу вас.
   Дарэчы, вы ведаеце Грэцыю? Не? Тым лепш! Ну скажыце, што б мы там рабiлi? Каб жыць у Грэцыi, трэба мець чыстае сэрца. Вы можаце сабе ўявiць, што сябры там ходзяць па вулiцах парамi, трымаючы адзiн аднаго за руку. Праўда-праўда! А жонкi сядзяць дома i глядзяць, як iх самавiтыя, вусатыя мужы шпацыруюць па ходнiках, сплёўшы пальцы з пальцамi сябра. На Ўсходзе такое таксама можна ўбачыць? Дапускаю. Але, скажыце, адважылiся б вы ўзяць мяне за руку на парыжскiм праспекце? Я жартую, вядома. Мы прыстойныя людзi - брудныя думкi прымушаюць нас трымацца напята. Таму - раней чым паехаць на грэчаскiя выспы, нам давядзецца доўга адмывацца. Паветра там цнатлiвае i празрыстае, мора i радасць - чыстыя, як сляза. А мы...
   Давайце прысядзем на гэтых шэзлонгах. Ну i туман! Дык я, па-мойму, хацеў вам нешта расказаць пра ўстрыманне? Зараз вы пачуеце, што я меў на ўвазе. Доўга змагаючыся сам з сабой i страцiўшы ўсю сваю сiлу i самаўпэўнены выгляд, я нарэшце пераканаўся ў бясплённасцi сваiх намаганняў i вырашыў пакiнуць чалавечае грамадства. О не, я не кiнуўся шукаць бязлюднай выспы - iх даўно ўжо няма. Я проста знайшоў сабе прытулак у жанчын. Вы ж ведаеце, яны нiколi па-сапраўднаму не ганяць нас за слабасць, наадварот - яны хутчэй здольны пастарацца прынiзiць нашую сiлу цi абяззброiць нас. I таму жанчыны узнагарода i падтрымка - не ваяўнiку, о не, - злачынцы. Жанчыны яму - цiхi порт, прыстанак, i не дзiва, што менавiта ў жаночым ложку яго часцей за ўсё i арыштоўваюць. Дый цi не жанчына - адзiнае, што нам засталося ад зямнога раю? Вось i мяне, заблуднага i разгубленага, прыбiла да гэтай апошняй гаванi. Цяпер я не казаў доўгiх прамоў. Я часам яшчэ гуляў, па звычцы, але выдумкi мне бракавала. Баюся вам прызнацца, бо не хачу казаць пахабных слоў, але ў той час я ўпершыню, бадай, адчуў патрэбу пакахаць i быць каханым. Агiдна, праўда? Але ж я сапраўды пакутаваў, мяне апанаваў няясны сум, маёй душы чагосьцi не ставала, i гэта навяло мяне на думку, што я нiкому не патрэбен. I тады цi то прымушаючы сябе, цi то - праз цiкаўнасць, я вырашыў узяць на сябе пэўныя абавязкi. Якiя? Я ж адчуваў патрэбу ў каханнi - вось я i палiчыў сябе закаханым. Iначай кажучы, я зрабiў глупства.
   Я пачаў заўважаць, што часта задаю пытанне, якога раней, як чалавек спрактыкаваны, заўсёды пазбягаў. Я пытаўся: "Ты мяне кахаеш?" Вы, безумоўна, ведаеце, як прынята адказваць у такiм выпадку: "А ты?" I калi я адказваў: "Кахаю", - я, зразумела, перабольшваў свае сапраўдныя пачуццi. А калi адважваўся сказаць: "Не", - рызыкаваў страцiць каханне маёй сяброўкi, i гэта мяне мучыла. Чым большая небяспека пагражала пачуццю, у якiм я спадзяваўся знайсцi супакаенне, тым з большаю настойлiвасцю я дамагаўся яго ад сваёй партнёркi. Гэта прымушала мяне даваць сама пераканаўчыя абяцаннi, i я патрабаваў ад свайго сэрца ўсё глыбейшага пачуцця. Кончылася тым, што я загарэўся ўяўнаю страсцю да адной чароўненькай дурнiчкi, якая так начыталася любоўных гiсторый, што гаварыла пра любоў з iмпэтнай перакананасцю iнтэлiгента, якi абвяшчае бяскласавае грамадства. Гэта даволi заразлiвая ўпэўненасць, тут мы спрачацца не будзем. Вось i я - таксама паспрабаваў загаварыць пра каханне i нарэшце пераканаў сябе, што яно ў мяне ёсць. Гэтае пачуццё жыло ўва мне, прынамсi, да таго дня, калi яна зрабiлася маёю каханкай i я зразумеў, што любоўная лiтаратура хоць i навучыла яе гаварыць пра любоў, але зусiм не навучыла ёю займацца. Сталася так, што, пакахаўшы прыгожанькага папугайчыка, я мусiў спаць з халоднай змяёй. Такое становiшча мяне не задавальняла, i я пачаў шукаць у iншым месцы каханне, абяцанае мне ў кнiгах, але нiколi не сустрэтае ў жыццi.
   Але мне не ставала натхнення. Я больш за трыццаць гадоў любiў толькi сябе. Як жа было цяпер пазбавiцца ад такой звычкi? Натуральна, я быў на гэта не здольны. Я адно млява намагаўся распалiць у сабе страсць, усё шчадрэй раздаваў абяцаннi, кахаў адначасова некалькiх жанчын - як у былы час меў некалькi любоўных сувязей адразу. Але цяпер, бадай, прыносiў жанчынам болей гора, чым раней, калi ставiўся да iх зусiм абыякава. Не памятаю, цi казаў я вам, што мой прыгожанькi папугайчык ад роспачы хацеў пакончыць сваё няшчаснае жыццё галоднай смерцю? На шчасце, я паспеў своечасова - я самаахвярна працягнуў руку i падтрымлiваў яе да той пары, пакуль яна нарэшце не сустрэла нейкага iнжынера з сiвiзной на скронях, якi толькi што вярнуўся з вандроўкi на Балi i пра якога ўжо пiсаў яе любiмы штотыднёвiк. Карацей кажучы, замест таго каб ачысцiцца ад грахоў i з галавой, як той казаў, аддацца вечнай страсцi, я толькi яшчэ больш памножыў цяжар сваiх памылак i аблуд. Усё гэта абудзiла ўва мне такую агiду да любовi, што я не мог болей чуць пра "Светлае жыццё" i "Каханне i смерць Iжоты", каб не заскрыгатаць зубамi. Я паспрабаваў у пэўным сэнсе адмовiцца ад жанчын i пачаць цнатлiвае жыццё манаха. Урэшце, мне павiнна было хапiць i аднаго жаночага сяброўства. Але гэта азначала - адмовiцца ад гульнi. Бо, як аказалася, ва ўсiм астатнiм, апроч кахання, жанчыны наводзiлi на мяне нясцерпную нуду, яшчэ большую, чым я спадзяваўся, i, вiдаць, не меншую нуду наводзiў на iх я. Кончылася гульня - кончыўся i тэатр, я апынуўся ў самай гушчы праўды. А праўда, мiлы дружа, - гэта сама смяротная нуда.
   Каханне i цнатлiвае жыццё мне не прынеслi паратунку, i я вырашыў, што застаецца адно - кiнуцца ў распусту, якая выдатна замяняе любоў, прыглушае смех, наводзiць поўнае маўчанне i, што сама галоўнае, - даруе бессмяротнасць. Калi позна ноччу ў стане таго ап'янення, калi ўсё робiцца ясным i зразумелым, ты ляжыш памiж дзвюма шлюхамi i не адчуваеш ужо нiякага жадання, надзея больш не здаецца пакутай, над усiм запаноўвае поўная свядомасць, i боль жыцця ўяўляецца адоленым назаўжды. У пэўным сэнсе, я заўсёды жыў у распусце i заўсёды марыў быць бессмяротным. Цi не гэтая мара была сутнасцю маёй натуры i вынiкам маёй любовi да сябе? Ды я проста памiраў ад жадання жыць вечна! Я занадта сябе любiў, каб пагадзiцца, што аб'ект маёй любовi можа некалi знiкнуць назаўжды. Але на цвярозую галаву, як бы кепска я сябе нi ведаў, мне было ўсё-ткi цяжка знайсцi разумныя довады, якiя б гарантавалi бессмяротнасць такой пажадлiвай малпе, як я. Заставалася - знайсцi хоць бы сурагат такой бессмяротнасцi. I вось, прага да вечнага жыцця штурхнула мяне да прастытутак, я пачаў пiць, пiць штоноч. Ранкам, вядома, як i кожнаму смяротнаму, мне дзёрла горыччу глотку. Але доўгiмi начнымi гадзiнамi я быў на вяршынi шчасця. Можа быць, у гэтым сорамна прызнавацца, але i цяпер я з пяшчотай прыгадваю тыя ночы, калi спяшаўся ў змрочны прытон на спатканне з адной танцоўшчыцай стрыптызу, якая адорвала мяне сваiмi ласкамi. Аднойчы я нават пабiўся за яе гонар з занадта выхвалястым сутэнёрам. Цэлыя ночы я прастойваў каля стойкi пад пыльным чырвоным святлом гэтага цёплага месцейка, хлусiў, як наняты, i ўсё пiў, пiў. Я чакаў свiтання, каб нарэшце апынуцца ў вечна не засланым ложку маёй мiлай прынцэсы, якая машынальна аддавалася ўцехам i потым спала непрабудным сном. Днела, сонца пацiху асвятляла бязладны кавардак у пакоi, i, нерухомы, я ўздымаўся на ранiшнiх промнях славы.
   Чаго таiць, выпiўка i жанчыны давалi мне тую адзiную палёгку, якой я i быў варты. Я адкрываю вам гэты сакрэт, мiлы дружа, каб вы без боязi маглi iм скарыстацца. Вы самi пераканаецеся, што сапраўдная распуста вызваляе чалавека, яна не патрабуе ад яго нiякiх абавязкаў. Калi чалавек распуснiчае, ён думае толькi пра сябе, i таму гэты занятак заўсёды будзе найлюбiмейшы ва ўсiх вялiкiх сябелюбаў. Распуста - гэта джунглi без мiнулага i будучага, i галоўнае - без нiякiх абяцанняў i неадкладнай кары. Мясцiны, дзе ёю займаюцца, аддзелены ад свету. I кожны, хто туды заходзiць, разам з надзеяй адкiдае страх. Размовы там неабавязковыя: усё, па што туды прыходзяць, даецца там без лiшнiх слоў, а часам нават i без грошай. Дазвольце ж, калi ласка, я ўшаную тых невядомых i забытых жанчын, якiя мне тады дапамаглi! Яшчэ i цяпер я прыгадваю пра iх з цёплым пачуццём, падобным нечым да павагi.
   Ва ўсякiм выпадку я да душы пакарыстаўся гэтым выратавальным сродкам. Мяне можна было ўбачыць нават у адмысловым гатэлi, цi, як iх яшчэ называюць, грэшным доме, дзе я адначасова жыў i з пераспелай шлюхай, i з маладзенькаю шляхетнаю дзяўчынай. З першай я гуляў у паслужлiвага рыцара, а другой даваў магчымасць зведаць пэўныя таямнiцы нашага жыцця. На няшчасце, шлюха аказалася даволi буржуазнаю натурай i неўзабаве пагадзiлася надрукаваць свае ўспамiны ў рэлiгiйным часопiсе, якi шырока асвятляў праблемы сучаснага грамадства. А маладая паненка, каб задаволiць свой абуджаны iнстынкт i знайсцi ўжытак сваiм выбiтным здольнасцям, хутка выйшла замуж. Магу пахвалiцца, што ў той час мяне як роўнага прымалi ў мужчынскiх кампанiях, на якiя часта наводзяць дарэмны паклёп. Дый вы самi добра ведаеце, што нават вельмi iнтэлiгентны чалавек лiчыць за гонар, калi можа выпiць на бутэльку больш за свайго суседа. Можа быць, я i здолеў бы знайсцi спакой i забыццё ва ўсiх гэтых прыемных уцехах. Але зноў натыкнуўся на перашкоду ў самiм сабе. Гэты раз ёю аказалася печань i настолькi жахлiвая стома, што я i цяпер яшчэ не пазбавiўся ад яе. Так заўсёды: гуляеш у бессмяротнасць, а сам ужо праз некалькi тыдняў не ведаеш, цi здолееш неяк далiпець да заўтрага.
   Я вымушаны быў адмовiцца ад сваiх начных подзвiгаў, i ўсё ж яны прынеслi мне пэўную карысць: жыццё цяпер не здавалася такiм пакутным. Стома, якая мучыла маё цела, загаiла многiя язвы ў маёй душы. Любая празмернасць памяншае кантакт з жыццём, а тым самым памяншае i пакуту. Насуперак агульна прынятай думцы, у распусце няма нiчога апантанага. Гэта ўсяго толькi доўгi сон. Вы, мусiць, заўважалi, што чалавеку, якi дужа пакутуе ад рэўнасцi, нiчога так не карцiць, як хутчэй пераспаць з жанчынай, якая, на яго думку, яму здрадзiла. Безумоўна, ён хоча яшчэ раз пераканацца, што яго дарагi скарб па-ранейшаму належыць яму. Iначай кажучы, ён хоча валодаць iм непадзельна. Але адразу пасля таго як ён авалодвае сваiм скарбам, яго рэўнасць цiшэе. Наогул, рэўнасць гэта плён фантазii, характарыстыка, якую раўнiвец дае самому сабе. Бо думкi, якiя ўзнiкаюць у яго самога ў падобных абставiнах, ён прыпiсвае свайму сапернiку. На шчасце, празмерныя ўцехi паслабляюць фантазiю, як i здольнасць даваць нейкiя характарыстыкi. Душэўныя пакуты згасаюць разам з мужчынскаю сiлай i не абуджаюцца, пакуль яна спiць. Па гэтай самай прычыне першая ж сапраўдная каханка пазбаўляе маладых ад метафiзiчных трывог, а некаторыя шлюбы, якiя, па сутнасцi, афiцыйна дазваляюць распусту, ператвараюцца ў марудныя хаўтуры па адвазе i вынаходлiвасцi. Але, мiлы дружа, мяшчанскi шлюб абуў нашу краiну ў пантофлi i хутка прывядзе яе да брамы ў нябыт.
   Я перабольшваю? Ну, можа быць, не ведаю. Я толькi хацеў расказаць пра тую палёгку, якую прынеслi мне некалькi месяцаў оргiй. Я жыў нiбыта ў тумане, скрозь якi смех прабiваўся так глуха, што нарэшце я наогул перастаў яго чуць. Абыякавасць, якая i раней займала столькi месца ў маёй душы, цяпер не сустракала ўжо нiякага супрацiўлення i ператварылася ў сапраўдны склероз. Пачуццi знiклi! Запанаваў роўны i заўсёды аднолькавы настрой, цi, дакладней кажучы, - настрой таксама знiк. Падобна да таго, як лёгкiя ў сухотнiка, калi ён ачуньвае, ссыхаюцца i пацiху душаць свайго шчаслiвага ўладальнiка, так i я, акрыяўшы, цiхамiрна канаў. Я па-ранейшаму зарабляў на хлеб сваiм рамяством, але рэпутацыя ў мяне была ўжо добра падмочаная маiм словаблудствам, а рэгулярнай практыцы замiнала беспарадкавае жыццё. Цiкава заўважыць, што за начныя прыгоды мяне папракалi намнога менш, чым за моўныя вольнасцi. Чыста рытарычныя заклiкi да Бога, якiя я часам дазваляў сабе ўжываць у прамовах, выклiкалi ў маiх клiентаў нешта накшталт недаверу. Яны, напэўна, баялiся, што неба не здолее абаранiць iх iнтарэсаў гэтак жа добра, як адвакат, якi бездакорна ведае Статут. Адсюль недалёка было прыйсцi да высновы, што мае заклiкi да ўсявышняга тлумачацца звычайным невуцтвам. Менавiта да такой высновы i прыйшла мая клiентура, i колькасць яе адразу паменшылася. Але зрэдку я ўсё яшчэ выступаў у судзе. Часам я нават забываўся, што болей не веру таму, што кажу, i тады прамовы ў мяне выходзiлi вельмi ўдала. Я запаляўся ад гуку свайго ж голасу i ляцеў за iм; праўда, я ўжо не лунаў, як раней, пад скляпеннем, я адно крыху адрываўся ад зямлi - ляцеў на брыючым палёце. Па-за сценамi суда я рэдка з кiм сустракаўся i падтрымлiваў хiба адну-дзве сяброўскiя сувязi, якiя мне даўно ўжо абрыдлi i ледзьве лiпелi. Часам, зрэшты, я цэлы вечар мог правесцi ў сяброўскай кампанii (я маю на ўвазе кампанiю, у якой у мяне не ўзнiкала нiякага пажадлiвага пачуцця), але гэта наганяла на мяне такую нуду, што я нават не слухаў, што мне казалi. Я трошкi памажнеў, i гэта дало мне падставу паверыць, што крызiс нарэшце мiнуў. Цяпер заставалася толькi старэць.
   Але здарылася нечаканае. Каб адсвяткаваць сваё адраджэнне, я запрасiў у вандроўку па Атлантыцы адну з сваiх сябровак. Вядома, я не сказаў ёй пра сапраўдную мэту гэтай паездкi. Мы мiла прагульвалiся, натуральна, па верхняй палубе карабля, i раптам я заўважыў удалечынi сярод шэра-сталёвых хваляў чорную кропку. Я адразу адвёў вочы, маё сэрца шалёна затахкала. I я доўга не мог прымусiць сябе паглядзець у той бок, а калi паглядзеў - кропка некуды знiкла. Я хацеў быў ужо закрычаць, як вар'ят, паклiкаць на дапамогу, але ўбачыў яе зноў. Гэта быў звычайны абломак бервяна, якiя часта сустракаюцца ў моры. I ўсё ж я не мог глядзець на яго спакойна, мне здавалася, што гэта тапелец. I тады я ўразумеў, я ўсвядомiў - пакорна, як пакараюцца думцы, у слушнасцi якой даўно ўжо няма сумнення, - што крык, якi некалькi год назад пралунаў над Сенай, нi на мiг не змаўкаў, яго знесла цёмнымi водамi да Ламанша, ён доўга лётаў па свеце, над неабсяжным акiянскiм абшарам, каб нарэшце даждаць таго дня, калi я сустрэнуся з iм. Я зразумеў, што ён цяпер i заўжды будзе чакаць мяне на морах i рэках - паўсюль, дзе ёсць горкая вада майго хрышчэння. А тут, скажыце, мiлы дружа, цi ж мы не на вадзе? На гэтай гладкай, манатоннай i бясконцай вадзе, якая неўпрыкмет ператвараецца ў сушу? Нават цяжка паверыць, што хутка мы будзем зноў у Амстэрдаме! Здаецца, нам нiколi не вырвацца з гэтай гiганцкай купелi. Прыслухайцеся! Вы чуеце, як клiчуць кагаркi? Можа быць, яны клiчуць нас? Да чаго ж яны нас заклiкаюць?
   Гэта тыя самыя кагаркi, што крычалi i малiлi над Атлантыкаю ў той дзень, калi я канчаткова ўсвядомiў, што я зусiм не акрыяў, што я па-ранейшаму хворы i з гэтым трэба неяк змiрыцца. Кончылася пышнае жыццё, кончылiся i выбрыкi, i шалёныя намаганнi. Настаў час скарыцца i прызнаць сваю вiну. Пачалося жыццё ў каменным мяху. Але вы, мусiць, не ведаеце, што каменным мехам у сярэднявеччы называлi адмысловую камеру ў падземным вязеннi. Найчасцей чалавека кiдалi туды на ўсё жыццё i забывалi. Такая камера адрознiвалася ад iншых умела падабранымi памерамi. Яна была не такая высокая, каб у ёй можна было стаяць, але i не такая шырокая, каб можна было легчы. Жыць там даводзiлася ў абсалютна ненатуральнай паставе - наўскасяк. Калi чалавек засынаў - ён падаў, калi не спаў - мусiў сядзець на кукiшках. Паверце, нягледзячы на ўсю сваю прастату, гэта было сапраўды генiяльнае вынаходнiцтва. Вязень, якi кожны дзень быў вымушаны сядзець у неверагодна скручанай паставе, ад якой дранцвела ўсё цела, нарэшце сам усведамляў, што ён - вiнаваты, бо бязвiннасць можа, прынамсi, бестурботна выпрастацца на ўвесь рост. Вы можаце сабе ўявiць, каб у такой камеры апынуўся чалавек, прызвычаены да вяршынь i верхнiх паверхаў? Што? У гэтых камерах маглi сядзець i бязвiнныя людзi? Неверагодна, мiлы дружа, абсалютна неверагодна! Iначай гэта знiшчыла б усе мае разважаннi. Каб бязвiннасць прымусiлi жыць гарбатай?! Ды я нават на секунду не хачу дапусцiць такой думкi! Зрэшты, хто можа з упэўненасцю сказаць, што той цi iншы чалавек нi ў чым не вiнаваты? Наадварот - кожны з нас перакананы, што за ўсiмi ёсць нейкая вiна. Кожны сведчыць пра злачынства ўсiх - вось маё крэда i мая надзея.