— І таму вы вырашылі ўсыпіць яго. Ці ж вы ведалі, што ўсё гэта аж так скончыцца? І вось Мар'ян сам купіў у вашага халуя пачак атручанай «Шыпкі»… Уся бяда была ў тым, што ваша правая рука не ведала, што робіць левая. Пахольчык падсоўваў «Шыпку» і ўсыпіў праз замочную шчыліну сабак, разлічваючы пагаспадарыць у кватэры падчас адсутнасці гаспадара. А ў гэты ж самы час Мар'ян ехаў на возера. Па запісцы на маёй паперы, здабытай Зояй і падробленай пад мой почырк кімсьці з вас… Вамі асабіста, Альшанскі.
   — Зноў праўда. Што яшчэ?
   — Ды ваша дзейнасць як атрутніка.
   — Ого-го. Ды вы што, перакваліфікаваліся?
   — Не, — сказаў я, — гэта мне падарунак зрабілі. А справай вашай…
   — А справай іхняй і вашай цяпер зоймецца не ён, — сказаў Шчука. — І нават не я. На жаль. А можа, як падумаеш, што непасрэдна ваша, гм… аблічча… бачыць буду куды радзей, то не на жаль. Хутчэй, на радасць. Кажыце далей, Косміч.
   — Вам трэба было выбіць мяне з сядла, Альшанскі. Былі ў мяне, на ваша няшчасце, дзве размовы. Амаль адначасова. Адна з вамі, калі вы, памятаеце, жываплот садзілі. Аб адхіленні ў псіхіцы кавалера. І з Пахольчыкам, ля будкі. Ён дужа пільна назіраў, як я пачак ускрываю. І абодва вы тады заўважылі дзеля сябе, што нават не ўвесь пачак труціць трэба, як Мар'яну, які курыць рэдка. І прыстасавалі вы тады Пахольчыка і на гэтую работу з «метадычным старым кавалерам». Дзве-тры цыгарэты збоку, дзе надразае. І дзейнічаць будзе не адразу… Ну вось. А цяпер будзеце гаварыць і вы. Як? Якім сродкам?
   — Так, тут ужо гаварыць мне. Я тады не падумаў, што мая здагадка пра паўночна-заходнюю Індыю можа не адвесці, а навесці на пэўныя думкі. Што ж, даліна Нарбады пралягае па пласкагор'і. Невялікія судны ходзяць толькі па ніжняй плыні. Рака парожыстая, вельмі. І даліна яе гэта не савана, а амаль трапічны па дзікасці і гушчыні лес. Часам толькі скалы выходзяць да ракі і абрываюцца ў яе. І часцей за ўсё там пчаліныя мегаполісы, на многія кіламетры. Соты шматметровай таўшчыні і вышыні, мёд многіх стагоддзяў, унізе зусім чорны… Урэшце добрае апісанне ў «Кнізе джунгляў» Кіплінга… Мне зараз не да паэзіі… Чырвонае дрэва, чорнае дрэва, сандал, бог ведае што яшчэ. І ўсё гэта перавіта ліянамі, а на найбольш высокіх камянях у парогах растуць у вадзяным пыле архідэі. Кветкі — велічынёй з чалавечую галаву. Часам на тых камянях узнікаюць запруды з дрэў, і лісцяў, і іншага, і тады рака разліваецца па нізінах, калі яны ёсць, і ўтварае балоты колеру чорнай гарбаты.
   Ён закурыў са свайго пачка:
   — Мне давялося блукаць там доўга. І з насільшчыкамі і самому, калі яны кінулі мяне. Я ўсё адно ішоў. Мне добра плацілі і ў Ахмадабадзе, і ў Бамбеі, і яшчэ лепей у Джайпуры, і нават у Дэлі за расліны: і лекавыя, і атрутныя, і… наркатычныя… Там, недзе між Бурханпурам і… А, ды ці не ўсё адно?! Я і пачуў пра кветкі расліны Ваё і яе зерні, наркотык рэдкасны і небывалы. Рэдкасны, бо водзіцца толькі там (можа, калісьці арэал быў шырэйшы, ды там расліну звялі). А ў мегаполісах, у гэтай недаступнай пчалінай краіне «ваё» збераглася. Зрэдку вецер заносіць яе зерне, яе слёзы… да людзей…
   Твар ягоны нібы пацяжэў.
   — І чаго мяне зноў панесла назад, на так званую бацькаўшчыну?… Стаміўся ў блуканнях?… Паваліў цень багацця?… Вось я маю яго зараз… А там я мог бы быць манапалістам, зрабіцца мільярдэрам… Толькі пляваць мне на гэта… Проста нідзе я не быў такі шчаслівы, як там… Ну добра, хопіць пра гэта.
   Сеў выгадней, нібы сеў на ўлюбёнага канька і сабраўся чытаць лекцыю. Ды так яно і было.
   — Вы, мабыць, не задумваліся, што чалавеку (я маю на ўвазе чалавека вытанчанага, а не прыземленую свінню) з часам усё абрыдае. Свіння так і будзе да смерці лыгаць сівуху і задавальняцца гэтым. Вытанчаны — вынаходзіць. Усё вастрэй, усё з большай выдумкай — сапсаванасцю, ненармальнасцю.
   — Пра сябе? — спытаў Шчука.
   — Не, — сказаў Хілінскі, — ён не з тых. Ягоная ненармальнасць — назіраць за адхіленнямі іншых. Ён як пісьменнік. Нашто яму хапацца за нож, выбівацца ў Напалеоны? Без усякай рызыкі можна рабіць што хочаш, рухаць арміямі, эпохамі, сумленнямі… Добры вядзе выдуманыя легіёны да дабрыні і дабра. Злосны…
   — Правільна, — згадзіўся Альшанскі, — пісьменнік распусты і зла. Чорная сіла. Самушчальнік. Злы дух Жэневы… То вось, спачатку быў мак, Марфей, бог сну з макавай кветкай у руцэ, опій, а ў ім такія простыя рэчы, як марфін або морфій, папаверын, кадэін і іншае. І пачалося гэта ў Грэцыі, а не Індыі ці Кітаі. Фалангі Македонскага прынеслі яго на ўсход. Так яно было. І… задурманены край. Але опіум нібыта выжыў сябе, як нішчыцель. І не законы прыпынілі яго. Проста прыеўся. Ну што? Нешта каля трохсот тысяч з гакам курыльшчыкаў. У Ганконгу — дзесятая частка мільёна. Абрыднуў, як і чыстая жвачка з чыстых лісцяў кокі ў Амерыцы. І яна абрыдла, як і індыйскія каноплі, мексіканскі мескалін — гэты з кактусаў, галюцынагенныя грыбы. Словам, бядота.
   Чалавек упарта ідзе ў дурман, у загібель. Адбяруць адну атруту або абрыдне яна — з'явяцца сотні новых. Марыхуана, гераін, хат… З'явіліся, ды і былі заўсёды, і ўвогуле страшныя рэчы. Чалавек набывае дзікую сілу на некаторы час. Пройдзе там, дзе і мурашка не пройдзе. Натоўп адзін раскідае. І праявы дзівосныя вакол. А пасля галаўны боль, а то і паралюш мінімум на пару месяцаў. Звыкання няма. Хто два разы ўзапар выпіў — скончыўся. І ўсё гэта дактары і вучоныя стваралі па-за прыродай, паклікаўшы на дапамогу хімію. І вось штампавалі, узважвалі, дазавалі. Усё каб пайсці ад Нясцерпнага ў свет Вялікай Ілюзіі. У свет усеабдымнай Асалоды, пры якой што табе тваё цела і цела жанчыны, твой мозг і мазгі ўсіх людзей, дзеці свае і сам Род Чалавечы? Асалода без бою за авалоданне ёю. Асалода раптоўная, як тарпеда ў днішчы карабля. Толькі тут карабель — мозг. Выбух — яго салодкая агонія. Радасная смерць сябе самога і сусвету ад сваёй жа рукі. І… знішчэнне ворага, адзін ён супраць цябе ці ў мільярдзе асоб.
   — І ўрэшце знішчэнне сябе? — спытаў я. — Зямны шар населены ідыётамі? Чалавецтва, якое сядзіць і раскашуецца, пускаючы сліну з рота?
   — Не. Не зусім так. Вучоныя шукаюць у гэтай кампаніі сяброў. І знаходзяць іх. Рэдка. І толькі ў памяркоўным ужытку.
   Хілінскі раптам сказаў, і такім журботным тонам, якога я ані разу яшчэ ад яго не чуў:
   — Людзі, нават геніяльныя, не стварылі анальгезікаў, што не ўваходзяць у склад абмену рэчываў арганізма, і таму не даюць звыкання. Наркаманіі.
   — Я знайшоў, — проста сказаў Альшанскі. — Я выдзеліў такое рэчыва з майго Ваё. Я яго сінтэзаваў.
   — Гэта немагчыма па ўсіх законах… Як вы гэта зрабілі?
   — Вы не зведаеце гэтага. І, мабыць, не даведаецеся ніколі. Ён не шкодзіць, амаль не шкодзіць. Дае чалавеку Ілюзію больш рэальную, чым Рэальнасць. І вось я думаю, што гэта будзе дрэнны падарунак людзям. Хай знікне са мной… Пахольчык з Высоцкім папрасілі ў мяне крыху экстракту. Першы, каб збіць з панталыку, пазбавіць пэўнасці вас. Другі, каб усыпіць Пташынскага. І вось іхнія шляхі сутыкнуліся адразу і на ім, і на вас. Не непакойцеся, вы не паспелі звыкнуць да гэтага сродку. Але маглі. Я не здолеў здабыць канчаткова чыстае рэчыва. Патрэбныя былі гады і лабараторыі — не ў пару маім. І сродак усё ж дзейнічаў, і адмоўна. Ці не адчувалі вы пасля гэтых вашых «відзенняў» і кароткатэрміновай дэпрэсіі пачуцця ўзнёсласці і працаздольнасці? Ясна, ненадоўга. Урэшце, калі вы прыйшлі да мяне са скаргамі, я зразумеў, куды ўжыў Пахольчык сваю частку. І зразумеў, што звыканне ўсё ж павінна ўзяць вас у лапы. А калі ты ў кагосьці ў лапах — гэта ўжо распад асобы. Але на такое патрэбны былі гады. Нічога, застанецеся здаровы.
   — Друг мой памёр.
   — І гэта другая прычына таго, што сакрэт памрэ. Амаль бясшкодны сродак, і раптам чарада, лавіна смерцяў. Атрымоўваецца, гэта я выпусціў іх.
   — Атрымоўваецца так. Ды яшчэ і гулялі з агнём і Пахольчык і вы. Умаўлялі кінуць курыць. Гэта ўразіла мяне, хутчэй падсвядома, яшчэ тады. Гэткае супадзенне. І парады аднолькавыя. І на тое, як «БТ» распячатваў, аднолькава глядзелі. Адно хачу ведаць, чаму не заўсёды дзейнічала?
   — Шпрыцам уводзіўся, відаць, сродак толькі ў пару цыгарэт на пачак. І тое не на кожны.
   — Нашто вам было гэта?
   — Вы ішлі па слядах. Трэба было пазбавіць вас упэўненасці. І потым, нават калі б напалі на мой след, калі б паверылі вашым прадчуванням — ніхто не паверыў бы паказанням вар'ята.
   — А Мар'яну зарадзілі цэлы пачак. І ў той жа час перадалі запіску. Так што заснуў ён не ў кватэры, ачысціўшы вам поле пошуку. Ён з'ехаў, і вы маглі, усыпіўшы сабак, шукаць колькі вам хацелася. А ён пачаў марыць і бачыць розныя з'явы і ўпаў у дрэму ў чаўне. І ніхто ўжо не зведае, аб чым апошнім ён марыў.
   Зноў усталі на краі паляны дробныя, бязгучныя ўсплёскі, якія зрэдку лізалі пясок, і зноў я зразумеў, што гэта не паляна, а возера, густа ахутанае імглой. А на дне гэтага апошняга возера мой больш за ўсіх улюбёны (а болей няма і не будзе) друг.
   Забіты не праз нейкія там меркаванні, а проста дзякуючы дурному супадзенню, таму што «так атрымалася». А гэтыя жывуць, і няма ў іх сэрцах майго тагачаснага прадчування нейкай вялікай бяды. Нічога, я ўсё ж не паверыў у інфаркт, я прымусіў не паверыць і іншых.
   Сэрцы вось гэтых таксама захлынуцца ў апошняй тузе, і гэта адзін з нешматлікіх маіх учынкаў, за якія я папрашу ў цябе ўзнагароды, госпадзі.
   — Вось так, — сказаў я, — і ў хату нябожчыка вы некалькі разоў залезці хацелі. Раз — вахцёрка перашкодзіла. Другі раз — нічога не знайшлі і вырашылі як толькі можна пільна сачыць за мной. Каб я вас прывёў да мэты. Не ведалі вы толькі пра запавет, які на мяне цень кінуў. Слаба ведалі гісторыю з карцінамі, але пад удар антыквара і Гутніка не пасаромеліся падставіць. Пешкі! І тут я пачаў расшыфроўку. І першыя ж крокі прымусілі мяне падумаць, што, можа, тут не проста спекуляцыя, што ёсць у кнізе ініцыялы Пятра Давыдавіча ды Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскіх. А значыць, гэта фамільная каштоўнасць і гэта азначае, што павінен нейкі сваяк і спадчыннік застацца. Хаця я і не думаў тады, што існуяце вы, сын.
   — Ну пра сакрэт шыфроўкі ніхто з нас тады не ведаў, хаця я і чуў нешта ад бацькі (ён сам не ведаў цвёрда) пра нейкую папяровую істужку. І што нейкую ролю іграў таўкач, і, чамусьці, вішнёвы клей, і ступка. Ды што нам было з гэтага. Невядома, што з імі рабіць, і хрэн яго ведае, як з імі распарадзіцца. І тут пачалася спрэчка. Адны казалі, што трэба вас і надалей трымаць у сумненні наконт уласных мазгоў. А я лічыў, што гэтую справу з галюцынацыямі трэба канчаць.
   — Праўдзівей, прыпыніць на час. І вы прыпынілі.
   — Ясна. Трэба было даць магчымасць расшыфраваць вам, калі ўжо ў нас сваіх мазгоў і ведаў не хапае. А тады скарыстацца пладамі вашых намаганняў.
   — З Мар'янам не прыпынілі, — жорстка сказаў я.
   — Позна даведаўся, — сказаў ён. — Кажу не дзеля апраўдання. А калі даведаўся — было позна нешта рабіць. Трэба было ўжо прыбраць Пахольчыка. Сведку. А пасля зноў вас палохаць. А можа, вы, нават ужо трапіўшы на след, спалохаецеся ды пакінеце гэты занятак.
   — А я не спалохаўся. І таму вашы бандзюкі мяне вырашылі напужаць… І аж да смерці.
   — Адзінае, чаго мы недаацанілі, — ваша воля. І яшчэ тое, што вось ведамства пана Шчукі зацікавілася гэтым, хаця што яму было ў дакументах трохсотгадовай даўнасці.
   — Мы і не цікавіліся, — буркнуў Шчука. — Занадта доўга не цікавіліся. Злачынна доўга, не пабаюся сказаць, не цікавіліся. Таму гэта і прывяло да такіх падзей.
   — А гэта не ўваходзіла ў кампетэнцыю вашых. Што, можа, іх задача дапамагаць гісторыкам і літаратуразнаўцам? Дапамагаць пану К. у пошуках аўтара «Энеіды»? Ці пані С. у пошуках старых Альшан?
   — Маўчыце пра яе, — сказаў я.
   — А-а… ну, дай бог. Але памагаць ім усім ці не затлуста будзе?
   — Дарэмна не дапамагалі, — сказаў Шчука. — Узаемны вопыт мог бы прыдасца.
   Здавалася, перад намі сядзеў не чалавек, які чакаў арышту, і не тыя, што прыперлі яго, а проста ішла мілая бяседа на цікавую для ўсіх тэму.
   — Дарэчы, ці не выпіць нам каньяку? — устаў Альшанскі.
   Мы пераглянуліся. Гэта было ўжо занадта. Але з другога боку…
   — У якасці ўзнагароды за тое, што я прайграў, і, як бачыце, мужна прайграў. Не ламаюся. Словаахвотлівы.
   Ён прынёс з серванта непачатую бутэльку «Дзвіна».
   — А што? — раптам папусціўся злосці я. — Можна. Спадзяюся, што ён не трымае ў буфеце дзесяць непачатых бутэлек з атрутай.
   — Можна, — сказаў Хілінскі.
   — Я не атручваю віно.
   — А цыгарэты? — спытаў я.
   — Прыпомніце, што я раіў вам патроху піць і абавязкова кінуць курэнне.
   — Было, — прызнаў я.
   — Я не хацеў бы атруціць вас і не хачу атручвацца сам. А вам дзякуй за ваша «можна», Хілінскі. — І ўзняў келіх. — Ну, чокацца не будзем, гэта ўжо занадта. — Закінуў ільвіную сівую галаву. Пасля сказаў: — Цалкам магчыма, што гэта апошняя бутэлька каньяку, якую я пачаў. Ці, можа, у якасці апошняга жадання яшчэ дадуць? Прынята гэта ў нас ці не?
   — Хто вам сказаў, што вам давядзецца выказваць апошняе жаданне? — спытаў Шчука. — Вы ж пра многае не ведалі. Вядома, калі вы тут казалі праўду.
   — Я казаў праўду… Але нават калі б давялося — не выказваў бы жаданняў і не наракаў бы… Так, шмат аб чым не ведаў… Але ёсць у падсонечнай іншы суд. Больш непрымірымы, больш жорсткі. І, здаецца, апошні з Альшанскіх якраз і падлягае гэтаму суду.
   — Што, бог? — спытаў Хілінскі.
   — Гэта вы пагаварыце з Леанардам Жыховічам, — сказаў гаспадар.
   — Дзяўчыну якога ў ліку іншых выдаў немцам ваш Высоцкі.
   — Спеліся, — іранічна перадражніў нас Альшанскі, — забойца і нашчадак забойцы.
   — Патуральнік забойстваў, — сказаў я.
   — Смерць Зоі, — хутчэй сцвярджальна сказаў ён.
   — Так. Бо хаця яна і сама атруцілася, а ў рэшце рэшт атруцілі яе вы.
   — Чаму?
   — Не вытрымала. Сумленне здрады не вытрымала. Палічыла раптам, што адзін у яе сапраўдны і быў і яго яна аддала галавою ворагам… Ведаеце, як гэта балюча, хаця й коратка.
   — Я тады яшчэ не ведаў пра гэта.
   — «Тады» — гэта калі ўпэўніўся, што кнігі ў хаце Мар'яна няма, і паспрабавалі ўзламаць маю хату. Вось тут вам малады чалавек са смеццем і спатрэбіўся. Нехта адчыняе…
   — Высоцкі.
   — А другі на варце стаіць. І калі я Высоцкага спалохаў, ён паспеў у склеп пад павуцінне прапаўзці, а пасля, пакуль я бегаў на двор, скочыць на вуліцу. А малады чалавек, «п'яны, як бэля», шмыгнуў да дзяўчат ды прыкінуўся, быццам сп'яну прыпёрся.
   — Што ж, і ім зоймемся, — сказаў Шчука.
   — Тым больш што, думаецца мне, папаўзуць за ім і яшчэ сякія-такія грахі.
   — А што нам застаецца, — сказаў Шчука. — Справай архіва ды айнзацштаба з Адальбертам фон Вартэнбургам ды Францам Кернам іншыя зоймуцца.
   — А папіхачоў іхніх я тады ўпершыню ў двары замка заўважыў. Герояў. Вы думаеце, яны спалохаліся, што я фатаграфую разбураны мур? Чорта! Фота сваіх абліччаў яны спалохаліся. Я гэта досыць скора пачаў разумець.
   — І маўчаў, — сказаў Шчука.
   — Усе маўчалі. І вы былі не лепшы… Але добра, што я там прыдбаў не толькі ворагаў, але і сяброў.
   — А ў мяне вось сяброў не было, — сказаў Альшанскі. — Паплечнікі.
   — Дый хіба паплечнікі? Паплечнікі — гэта плячо да пляча. «Поплеч», «поруч». А калі людзі с… адзін да аднаго сядзяць, то як гэта называецца?
   — «По…», — засмяяўся Шчука.
   — Вось менавіта так. І не паплечнікі, а па…
   — Гэта што, у вас у навуковым цяперашнім свеце заўсёды такія жарты?
   — Жыццё прывучыла… Як былога самага асвечанага на ўвесь павет чалавека — Людзвіка Лапатуху.
   — Так, выслізнуў ён тады, — сказаў Альшанскі. — Шанцаванне незвычайнае. Відаць, удалося на апошнім шляху туды заваліцца незаўважана ў хмызы. Варта не далічылася аднаго.
   — Цяпер мы ўжо не даведаемся… — пачаў было я.
   — Чаму не даведаемся, — сказаў Шчука. — Цудоўна даведаемся. Сведка, які пачаў прыходзіць да памяці. Варта было ўратавацца, жыць столькі год такім няшчасным. І каб на парозе прытомнасці сустрэла смерць. Вось вам і ўцёкі ад рэчаіснасці.
   — І таксама не без вашай віны, — сцяўшы зубы, кінуў я. — Калі справа зайшла аб вашай шкуры і шкуры абяздоленага такімі вось, як… Вы выбралі сваю шкуру, а не шкуру няшчаснага чалавека. Што ён перад вышэйшымі меркаваннямі. Абстрактны гуманізм… А як наконт канкрэтнага чалавеканенавісніцтва?
   — Не трэба занадта злаваць мяне, — сказаў Альшанскі.
   — А колькіх вы з вашай абыякавасцю смяротна пакрыўдзілі?
   — Не трэба яго перавыхоўваць, — сказаў Хілінскі. — Пустая справа.
   — Пустая, — сказаў гаспадар, — я Альшанскі. А вы што думалі? Апошні. Іншых няма. Вывеліся. Неперавыхаваныя.
   — А жылі. На жаль. Не як тыя, атручаныя вайной, што паміралі. Забойцы і ахвяры.
   — У забойцаў, на жаль, была сіла і хітрасць. Подлая. Як той Ганчаронак-Боўбель спрытна свой «пабег ад самога сябе» ўладкаваў! Уцёк, пасядзеў у балоце, а іншым раструбіў, што напярэдадні разгрому з-пад бандыцкага расстрэлу збег. Яшчэ і ў героях хадзіў… А за таўкач свой як трымаўся! За грошы і за жыццё. Грошы здрады, грошы крыві — яны для вас скончыліся. Канец! Цяпер сапраўды канец.
   — Канец, — сказаў Альшанскі. — Толькі ў мяне не такі, як вы, можа, мяркуеце. Я апошні, і я адыду, як сам захачу, і той сцежкай, якой захачу.
   — І толькі не здолееце зрабіць так, каб быць высокай думкі пра свае ўчынкі, пра сваё жыццё. Наадварот, самаацэнка ў апошнія хвіліны будзе самая подлая. Пекла няверуючых. Горш за нейкія там апраметныя катлы.
   — У маёй волі — перарваць успаміны. Нават калі б вы мяне не выкрылі — я адмовіўся б ад працягу гэтай камедыі.
   — Чаму?
   — Мне абрыдла жыць. Жыць абрыдла. Сярод гэтай вакханаліі забойстваў праз гэтых бандытаў. І Лапатуха. Баяліся, што выдасць — далоў яго. І Зоя, калі скеміла, што загінуў праз яе чалавек, — не вытрымала. Адна справа хлусіць, і зусім іншая — смерць, якой ты вінен.
   — Боязь. І мяне спрабавалі перастрэць з нажамі, а калі не ўдалося — замураваць у падзямеллі. Продак ваш быў вялікі мастак — ну і вы недалёка ад яго пайшлі. Хаця і чужымі рукамі.
   Сядзелі моўчкі, прыгнечаныя. Не магу паручыцца за іншых, але я адчуваў сябе так.
   Гарэлі за акном шматлікія гарадскія агні, рознакаляровыя, ад саладжава-аранжавых да безжыццёва-зеленаватых. Згасалі адны, запальваліся іншыя, нібы нехта вельмі павольна граў кнопкамі на пульце невядомай волатавай машыны. І толькі сінія «дзённыя» агні вулічных ліхтароў ды чырвоныя трывожныя агні тэлевышкі наводдаль былі нязменныя.
   А мне было ганебна, як заўсёды, калі трапляўся на маёй дарозе чалавек, які незваротна і не так распарадзіўся сабой.
   Альшанскі глядзеў на іх нібы ў апошні раз, ды так яно, мабыць, і здавалася. І яму і мне.
   — Жыць Шаблыкам? — спытаў ён. — Жыць сабой? Жыховічам?
   — Космічам, — падказаў Хілінскі.
   Не быў бы ён сабою, каб не паспрабаваў праверыць, а што яно атрымаецца і з такога супрацьпастаўлення.
   — …Космічам яшчэ куды ні шло. Прынамсі, ведае мэту, умее ісці і ідзе. Праз небяспеку, падазрэнні, плёткі. Бачыце, якія я кампліменты вам кажу, Косміч? Закіньце там за мяне слоўца вашаму богу гуманнасці. Можа, гады на два раней выпусціць з катла… Або як там ваш пісьменнік, гісторык гэты пісаў… Ну, там яшчэ д'ябал пісаў дысертацыю: «Велічыня абсалютнага аптымальнага ціску ў катлаагрэгаце для прапарвання грэшнікаў…» Дык вось. Хілінскім, Космічам, іншымі такімі быць не магу, іншымі — не хачу. Я — Альшанскі. І памру як Альшанскі. Досыць, што ўсё жыццё жыў інкогніта.
   — Ну добра, — сказаў я, — Пахольчыка вы прыбралі таму, што асноўны сведка вашай дзейнасці, што шмат ведаў, што ўтравіў вас у забойствы, што дысцыпліну парушыў, перавысіў «паўнамоцтвы». Нягледзячы на вашу забарону, усё ж распараджаўся рэшткамі наркотыку. А Кухарчыка? А дворніка нашто? Бясшкодны, з пытаннямі лезе паўсюль, дзе не трэба. І толькі.
   — Вось за гэтае «толькі». Але я Пахольчыка пальцам не крануў.
   — І тое верна, — сказаў я. — Нашто вам было? Вы праінфармавалі Высоцкага, а той, паколькі не пакідаў тады Альшанку, распарадзіўся жыццём прадаўца… ну, хутчэй за ўсе праз таго маладога чалавека са смеццем. Так? А Кухарчык, відаць, проста меў няшчасце быць сведкам, узлезці, на сваю галаву, у справу якраз тады, калі гэты, са смеццем, выконваў загад Высоцкага.
   — Так.
   — Той быў і без таго запэцканы. «Трэці» і «чацвёрты» падчас першага нападу на мяне гэта і былі яны, Пахольчык і будучы яго забойца. Са смеццем. Больш ад яго нічога і не застанецца.
   — Разбяромся, хто, дзе, калі і ў што мачаў пальцы, — сказаў Шчука. — Тут ужо на высокім узроўні пойдзе справа.
   — Пахольчыка мне было шкада, — сказаў Альшанскі. — Не кажучы пра духам віннага дворніка… Тады я і вырашыў, што калі нітка давядзе і да мяне — я не буду старацца адвесці ад сябе ўдар. Я нібы камень у гарах скрануў. І пайшла лавіна забойстваў. Шкада, што я запэцкаўся з гэтай свалатой.
   І вельмі сур'ёзна, так, што немагчыма было не паверыць, сказаў:
   — Я даў толькі след. І гэты след прывёў да загібелі многіх. А ўцячы вось хаця б ад гэтага вашага з'яўлення мне было вельмі лёгка. Толькі я не меў права ўцячы, не выказаўшы вам усяго.
   — Якім чынам уцячы? — спытаў Шчука.
   — А вы унь там, у шуфлядзе, вазьміце пісталет. Мне ён не спатрэбіўся і не спатрэбіцца.
   Шчука ўстаў, высунуў шуфляду пісьмовага стала і дастаў адтуль «вальтэр».
   — Не, я не шпег, — разважаў далей лекар. — І не бандыт. Гэта ім па плячы. Мне па плячы было большае, і я ім няважна распарадзіўся. Мне і грошай адтуль не трэба было. Рэліквіі некаторыя.
   — Для самапавагі?
   — Мала я вартага ў жыцці зрабіў, то вось.
   — Ды нашто гэта?
   — Мяркуйце, як раней, — будзеце акадэмікам. Раскопвайце і іншае такое — быць вам вядомым. Гэта прадбачанне чалавека, якому няшмат застаецца жыць… Жыць? А хто сказаў, што мой род заслугоўвае права на жыццё? То ж бо… Але таксама верна, як тое, што не заслугоўвае, таксама верна і тое, што гэта мой род, што я — крапліна ягоная, і што іншым быць не магу, і што дарогі мне ад яго няма. Значыцца, адзін выхад.
   Махнуў рукой, быццам адкідаючы нешта:
   — Я даўно падрыхтаваўся і да вышынь і да смерці. Толькі доўга не ведаў, што пераможа. Гатовы быў яшчэ ў саракавым, у Варшаве. З бацькам я тады быў на нажах. Магчыма, найбольш вострых за ўсё жыццё. Бо толькі зараз я стаю бліжэй да літасцівай Збавіцелькі і ўседаравальнай Ратаўніцы, чым стаяў тады. Бо ў той час мне не падабалася, што ён круціць раман з панам Розенбергам.
   Кепска мне было. Магутны склад гожага цела, дасканалае ў сваім гонары аблічча, ільвіная грыва сівых валасоў. Надзіва маленькія і зграбныя кісці рук і ступакі ног.
   Божа, які закончаны, бездакорны ўзор чалавечай пароды. У кіно такіх здымаць, трымаць у лепшых сябрах, бараніць за ўсялякую цану.
   А замест гэтага за дасканалай, боскай абалонкай раз'едзеная ржою наскрозь, аблепленая да апошняга крывёю і багнам сутнасць. Праказа сумлення, мазгавы сіфіліс. Лёс, бог ці хто там яшчэ — як жа вы непапраўна, смярдзюча жартуеце часам з людзьмі!
   Гэта ён сплывае атрутным гноем, гэта яго дзейнасць прывяла да ўсяго. А я не магу асудзіць яго, бо пакрыўджаны за ўсіх людзей. Бо гэта я зняважаны, зняслаўлены, збэшчаны.
   — Пры чым тут смерць? — з гэтым новым і нясцерпным адчуваннем сваёй чалавечай агульнасці ўсё ж спытаў я.
   — А хто мне можа забараніць ну хаця разбіць макітру аб мур, адмовіцца прымаць ежу. Добра — знойдзецца метад, каб я не зрабіў гэтага. А хто забароніць мне не хацець жыць? Выключу сябе — і ўсё. Паверце, з веданнем усходняга шляху да вялікага спакою, найвялікшага вызвалення ад усялякай журбы — нічога цяжкага ў гэтым няма. Спыніць сэрца на гадзіну ці назаўсёды — якая розніца?
   Ён паглядзеў на Шчуку і ўсміхнуўся:
   — Ну, як кажуць летувісы, «дар по вена», яшчэ па адной. Не, я не зараз. Што ж, я стану падводзіць вас і вашых калегаў, Шчука? Да таго ж мне яшчэ трэба даць афіцыйныя паказанні. Бо гэта, што зараз, гэта проста ледзь не бяседа. Спачатку я ўсё выкажу афіцыйна дзе трэба. Гэта апраўдае мяне ў адным: што я ледзь не звёў з розуму Антона. Гэтага я таксама рабіць не хацеў… Дык зноў без звону чарак.
   Альшанскі павольна выпіў каньяк:
   — Ну вось, гэта, бадай, усё. Унь там мой кабінет, а ў ім тэлефон. Схадзіце, Шчука, і пазваніце туды, дзе зараз будуць павінны заняцца мною… Да той ступені, да якой я палічу гэта мэтазгодным. І зачыніце за сабою дзверы, я не хачу ведаць, якімі словамі гэта гаворыцца. Не меў такога вопыту і не жадаю яго набываць.
   Шчука пайшоў у кабінет. Мы трох сядзелі моўчкі, утаропіўшыся ў акно на жывыя гарадскія агні.
   — Я знаю, што мяне чакае, — сказаў лекар. — Магчыма, і найгоршае (з нечага пункту гледжання). Як гэта там называюць: «вышка», «дзірка»?
   — І так гавораць і гэтак, — нечакана для сябе самога сказаў я.
   — Хутка крочыце. Відавочны поступ. Можа б, да Шчукі пайшлі?
   — Позна, — я ўпершыню за цэлы вечар упаў у шал. — Але куды хочаце пайшоў бы, абы такіх вось, ганебна абыякавых да людзей, у імя высокай хлусні. На плошчах бы за ногі вешаў… Саматугам, без усякай міліцыі душыў бы.
   Мы чулі невыразныя словы Шчукі за дзвярыма. Пасля ён паклаў трубку, з'явіўся ў пакоі і заняў сваё месца:
   — Пазваніў.
   І тут Альшанскі раптам засмяяўся:
   — На хвіліну мне стала шкада.
   Ён выскаліў белыя роўныя зубы:
   — Невялічкі рэцыдыў шкадавання. А здорава гэта, Косміч. Сіла, магутныя рукі за спінаю. Род волатаў-людзей на волатах-конях. І сцягі над галавой. І слава на ўвесь свет.
   Хлопцы б'юць у сякеры,
   Сінія, быццам неба,
   Пахолкі ў рудае полымя шчытоў сваіх удараюць,
   Дзіду ўстраміўшы ў зеніт і дрыжучы ад гневу,