ГIСТОРЫЯ ПРА ДВАIХ ДЗЕТАК КААЦI I ДВАIХ ДЗЯЦЕЙ ЧАЛАВЕКА
   У аднаго каацi было трое дзетак. Жылi яны ў лесе, елi фрукты, карэнне i птушыныя яйкi. А калi сядзелi на дрэве i раптам чулi моцны шум, дык iмклiва саскоквалi на зямлю i ўцякалi, задраўшы хвасты.
   I вось аднаго разу, калi каацяняты крыху падраслi, мацi паклiкала iх залезцi да сябе на апельсiнавае дрэва i сказала iм так:
   - Каацяняткi, вы ўжо дастаткова падраслi, каб самiм шукаць сабе ежу. I вы павiнны навучыцца гэтаму, бо калi зробiцеся зусiм дарослыя, дык пачняце жыць паасобку, як усе каацi. Большанькi з вас ласы да макрыц i слiмакоў, i ён знойдзе iх у спарахнелых дрэвах, бо там шмат гэтых казурак. Сярэднi - вялiкi аматар фруктаў, i ён зможа знайсцi iх на гэтым цi на другiх дрэвах: апельсiны будуць ажно да снежня. А меншы, якi ласуецца толькi птушынымi яйкамi, можа хадзiць дзе хоча, бо паўсюль ёсць птушыныя гнёзды. Але баранi яго Бог хадзiць шукаць гнёзды ў поле, бо гэта небяспечна.
   I асаблiва, дзеткi мае, вы павiнны баяцца сабак. Аднойчы я з iмi бiлася i ведаю, што кажу, - з таго часу ў мяне паламаны зуб. За сабакамi заўсёды iдуць людзi, у якiх ёсць магутны гром, якi забiвае. Як толькi пачуеце гэты гром, дык як мага хутчэй саскоквайце на зямлю з любога высокага дрэва. Iначай вас могуць застрэлiць.
   Так навучала iх мацi. Потым яны ўсе злезлi з дрэва i разышлiся, круцячы галавою то справа налева, то злева направа, быццам шукаючы нечага згубленага, бо так ходзяць каацi.
   Большы, якому захацелася паесцi слiмакоў, шукаў iх у гнiлым ламаччы i пад прэлай травой. I знайшоў iх столькi, што хутка наеўся i задрамаў. Сярэднi, якi болей за ўсё на свеце любiў фрукты, наеўся колькi хацеў апельсiнаў, бо сярод лесу расло шмат апельсiнавых дрэваў - гэта звычайная рэч у Парагваi i Мiсьёнэс. I нiхто з людзей не патурбаваў яго. А меншы, якi без памяцi любiў птушыныя яйкi, папахадзiў цэлы дзень i знайшоў усяго толькi два гняздзечкi: адно туканава з трыма яйкамi i адно туркаўкi, у якiм яек было толькi два. Усяго разам - пяць маленечкiх яечак: надта мала, каб добра пад'есцi. I таму, калi настаў вечар, маленькi каацi быў такi самы галодны, як i ранiцай. I зажурыўшыся, ён сеў непадалёк ад ускрайку лесу. Адсюль ён убачыў за дрэвамi поле i ўспомнiў параду мацi.
   "Чаму гэта мама забаранiла шукаць гнёзды ў полi?" - падумаў ён. I так разважаючы, ён раптам пачуў вельмi далёка спеў нейкай птушкi.
   - Якая гучная песня! - сказаў каацi ў захапленнi. - I якiя, напэўна, вялiкiя яйкi павiнны быць у такой птушкi!
   Спеў пачуўся зноў. I тады каацi кiнуўся бегчы праз лес. Ён бег напрасткi, не разбiраючы дарогi, бо спеў ляцеў аднекуль проста наперадзе. Сонца ўжо садзiлася, а ён усё бег, задраўшы ўгору хвост. Нарэшце ён выскачыў на ўзлесак i паглядзеў у поле. Удалечынi стаяў чалавечы дом, i побач ён убачыў чалавека ў ботах, якi вёў на повадзе каня. I яшчэ ён убачыў вялiкую птушку, якая спявала. Тады каацi пляснуў сябе па лбе i сказаў:
   - Ну, якi я недарэка! Я цяпер успомнiў, што гэта за птушка. Гэта ж певень! Аднойчы мама паказвала мне яго, калi мы сядзелi на дрэве. Пеўнi вельмi хораша спяваюць, i ў iх шмат курэй, якiя нясуць яйкi. Вось бы паесцi гэтых курыных яек!
   Усiм вядома - нiшто так не падабаецца гэтым лясным звяркам, як курыныя яйкi. I хоць на адну хвiлiнку маленькаму каацi ўспомнiлася парада, якую дала яму мацi, але жаданне перамагло. Ён сеў на ўзлеску i пачаў чакаць, калi добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк.
   Нарэшце апусцiлася ноч. Тады ён на дыбачках, крок за крокам, пачаў падкрадацца да хаты. Падышоўшы, ён асцярожна прыслухаўся: вакол нiчагуткi было не чуваць. Маленькi каацi вельмi ўзрадаваўся, што зараз зможа з'есцi сто, тысячу - не, дзве тысячы курыных яек! Ён ступiў у куратнiк i першае, што ўбачыў каля дзвярэй, было яйка, якое ляжала адно на зямлi. Спачатку ён вырашыў пакiнуць яго на пасля, на закуску, бо яйка было ладнае. Але ў яго пацякла слiна, i ён, не ўтрымаўшыся, схапiў яйка зубамi.
   Ледзь толькi ён гэта зрабiў, як ТРЭСЬ! - страшны ўдар абрынуўся яму ў твар, i ён адчуў невыцерпны боль.
   - Мама, мама! - закрычаў ён, не ведаючы што рабiць ад болю.
   Але ён быў як прыкуты да месца! I ў тую ж хвiлiну пачуўся хрыпаты сабачы брэх.
   Тым часам, калi каацi сядзеў на ўзлеску i чакаў, пакуль добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк, гаспадар дома забаўляўся на саломе са сваiмi дзецьмi, белагаловымi хлопчыкам i дзяўчынкай пяцi i шасцi гадоў. Яны смяялiся, бегалi, падалi, смеючыся ўставалi i зноў падалi. I бацька таксама падаў, на вялiкую радасць дзяцей. Урэшце яны перасталi дурэць, бо была ўжо ноч, i гаспадар сказаў:
   - Пайду пастаўлю пастку на ласку, бо яна часта да нас залазiць i душыць куранят ды крадзе яйкi.
   Ён пайшоў i паставiў пастку. А потым яны павячэралi i палеглi спаць. Але дзецi спаць не хацелi, яны скакалi з ложка на ложак i блыталiся ў начных кашулях. А бацька чытаў у сталовым пакоi i не перашкаджаў iм. Але раптам дзецi перасталi скакаць i крыкнулi:
   - Тата! У пастку трапiла ласка! Сабака брэша! Мы хочам пабачыць, татачка!
   Бацька дазволiў, але з умоваю, што яны абуюць сандалi, бо вакол было шмат гадзюк i цёмначы дзецям забаранялася хадзiць босымi.
   Яны пайшлi. I што ж яны ўбачылi? Яны ўбачылi, што бацька нахiлiўся i, стрымлiваючы адной рукою сабаку, другою рукой выцягнуў за хвост i падняў каацi. Каацi быў яшчэ зусiм маленькi i ўвесь час пранiзлiва, як цвыркун, вiшчаў.
   - Тата, не забiвай яго! - папрасiлi дзецi. - Ён зусiм маленечкi! Аддай яго нам.
   - Добра, бярыце, - адказаў бацька. - Але добра даглядайце за iм, i сама галоўнае - не забывайцеся, што каацi, як i вы, п'юць ваду.
   Ён казаў гэта таму, што раней у дзяцей быў лясны кот, якому яны ўвесь час цягалi мяса з халадзiльнiка, а вады не давалi, i ён здох.
   I вось цяпер каацi запусцiлi ў тую самую клетку, у якой раней жыў лясны кот i якая стаяла каля куратнiка. А самi зноў пайшлi спаць.
   Мiнула поўнач, i вакол апала глыбокая цiшыня. Але маленькi каацi, якi вельмi пацярпеў ад зубоў пасткi, не мог заснуць. I раптам ён убачыў у месяцавым святле тры невялiкiя ценi, якiя асцярожна падкрадалiся да яго. Сэрца ў няшчаснага каацiка затрымцела, бо ён пазнаў маму i сваiх двух братоў, якiя яго шукалi.
   - Мама, мама! - паклiкаў палоннiк вельмi цiхенька, каб не нарабiць шуму. Я тут! Вызвалiце мяне! Я не хачу тут заставацца, ма... ма...
   I ён несуцешна заплакаў.
   Нягледзячы на ўсё, што здарылася, каацi былi задаволеныя, бо яны такi знайшлi адно аднаго i лашчылiся цяпер пысамi.
   Яны адразу паспрабавалi вызвалiць палоннiка. Дзеля гэтага яны спачатку вырашылi былi перагрызцi драцяную сетку, i ўсе чацвёра накiнулiся на яе зубамi. Але ў iх нiчога не выйшла. I тады маме прыйшла ў галаву адна добрая думка. I яна сказала:
   - Давайце пашукаем чалавекаў рыштунак! У людзей ёсць такiя прылады, каб перакусваць жалеза. Яны завуцца напiльнiкi. У iх тры бакi, як скура ў грымучай змяi, i iмi водзяць сюды-туды. Хадземце пашукаем!
   Яны пайшлi ў чалавекаву майстэрню i вярнулiся адтуль з напiльнiкам. Разумеючы, што аднаму сiлы не хопiць, яны ўзялiся за напiльнiк утраiх, i праца пачалася. Яны так захапiлiся, што нават не заўважылi, што ўся клетка ўжо дрыжыць, трасецца i страшна грымiць. Яны нарабiлi такога грукату, што сабака нарэшце прачнуўся i хрыпла забрахаў. Але каацi вырашылi не чакаць, пакуль iх папросяць растлумачыць прычыну такога скандалу, i, кiнуўшы напiльнiк, уцяклi ў лес.
   На другi дзень дзецi раненька пайшлi паглядзець на свайго новага госця, якi маркотна сядзеў у невялiчкай клетцы.
   - Як мы яго назавём? - спытала дзяўчынка ў брацiка.
   - Я ўжо прыдумаў! - адказаў хлопчык. - Мы назавём яго Семнаццаць!
   Чаму Семнаццаць? Нiколi не было яшчэ лясной жывёлiны з такiм дзiўным iмем. Але хлопчык вучыўся лiчыць, i яго, напэўна, нечым прывабiў гэты лiк.
   Як бы там нi было, а маленькага каацi назвалi Семнаццаць. Яму прынеслi хлеба, вiнаграду, шакаладу, мяса, крэветак i яек - вельмi смачных курыных яек. I яшчэ iм удалося вельмi хутка вылечыць яго - так, што ўжо праз дзень ён перастаў чухаць сабе галаву. Пяшчота дзяцей была такою вялiкай i шчырай, што, калi зноў наступiла ноч, каацi ўжо амаль змiрыўся са сваiм палонам. Ён толькi i думаў пра тыя ласункi, якiя еў цэлы дзень, i ўспамiнаў пра бялявых дзяцей чалавека, якiя былi такiя вясёлыя i добрыя.
   Дзве ночы запар сабака спаў так блiзка да клеткi, што, на вялiкi жаль, сям'я палоннiка не магла да яго падысцi. Калi ж на трэцюю ноч яны зноў падкралiся, спадзеючыся знайсцi напiльнiк i выпусцiць на волю маленькага каацi, ён сказаў:
   - Мама, я ўжо не хачу сыходзiць адсюль. Мне даюць яйкi, i ўсе са мной вельмi добрыя. Сёння мне сказалi, што, калi я добра буду сябе паводзiць, мяне хутка выпусцяць. Яны такiя ж, як мы. Яны таксама маленькiя дзецi, i мы разам гуляем.
   Дзiкiя каацi вельмi засмуцiлiся, але ўрэшце, змiрыўшыся, паабяцалi каацiку прыходзiць да яго кожную ноч.
   I праўда, кожную ноч, нават калi лiў дождж, мама i брацiкi прыходзiлi да маленькага каацi i бавiлi разам з iм трошкi часу. Каацiк прасоўваў iм праз драцяную сетку хлеб, i дзiкiя каацi сядзелi i елi хлеб перад клеткаю.
   Так мiнула два тыднi. Каацi хадзiў ужо вольны i нанач сам iшоў у клетку. Калi не лiчыць, што часам яго тузалi за вуха, - за тое, што ён надта блiзка падыходзiў да куратнiка, - усё астатняе iшло добра. I ён, i дзецi вельмi ўпадабалi адно аднаго. Нават дзiкiя каацi, убачыўшы, якiя добрыя ў чалавека дзецi, таксама iх палюбiлi.
   I вось аднойчы, калi стаяла вельмi цёмная ноч, а ў паветры моцна парыла i грымеў гром, дзiкiя каацi прыйшлi i гукнулi свайго меншага сыночка i брацiка. Але нiхто не азваўся. Занепакоеныя, яны падышлi блiжэй i ледзь не наступiлi на аграмадную гадзюку, якая скруцiлася каля ўвахода ў клетку! Каацi адразу зразумелi, што маленькi быў пакусаны, калi заходзiў у клетку. Таму ён i не адказваў на iх поклiч, а можа, нават быў ужо нежывы. Але яны жорстка адпомсцяць за яго! Вельмi раз'юшыўшыся, яны ўтраiх абступiлi змяю, заскакалi вакол i праз секунду, напаўшы, расшкамуталi зубамi ёй усю галаву.
   Яны ўбеглi ў клетку i, сапраўды, убачылi, што каацiк ляжыць апухлы, ногi ў яго дрыжаць i ён памiрае. Марна дзiкiя каацi варочалi яго, марна чвэрць гадзiны лiзалi яму ўсё цела. Урэшце каацiк разявiў рот i перастаў дыхаць: ён быў нежывы.
   Увогуле каацi мала ўспрымальныя да гадзючай атруты. Атрута iм амаль не шкодзiць. Ёсць i iншыя такiя жывёлы - напрыклад, мангуста, якая таксама вельмi добра пераносiць гадзючую атруту. Але каацiк, напэўна, быў укушаны ў артэрыю цi ў вену, бо тады кроў атручваецца адразу i жывёлiна памiрае. Так яно i здарылася з нашым маленькiм каацi.
   Убачыўшы, што ён памёр, мацi i браты доўга плакалi. Потым, больш не маючы што рабiць, яны выйшлi з клеткi i абышлi двор, каб астатнi раз паглядзець на месца, дзе каацiк быў такi шчаслiвы. I ўрэшце рушылi ў лес.
   I ўсё ж трое каацi былi вельмi заклапочаныя, i турбавала iх тое, што скажуць дзецi, калi назаўтра ранiцаю ўбачаць, што iх улюбёнец ляжыць нежывы? Дзецi паспелi моцна яго палюбiць, i каацi таксама палюбiлi бялявых дзяцей. Таму ўсе трое яны думалi пра адно: як зрабiць, каб дзецям не было балюча.
   Яны доўга раiлiся i ўрэшце пастанавiлi так: сярэднi брат, якi целам i звычкамi быў рыхтык як меншы, павiнен застацца ў клетцы замест памерлага. З расказаў маленькага каацi яны ведалi шмат сакрэтаў гэтага дома, i дзецi не павiнны былi нi пра што здагадацца: можа, трошкi падзiвяцца чаму-небудзь, дый толькi.
   Так i зрабiлi. Яны вярнулiся да хаты, сярэднi каацiк замянiў меншага, а мацi i старэйшы брат пацягнулi цела памерлага, схапiўшы яго зубамi. Яны паволi цягнулi яго ў лес, i галава нябогi звiсала i гайдалася, а хвост валачыўся па зямлi.
   Назаўтра дзецi сапраўды здзiвiлiся пэўным дзiўным прывычкам свайго каацiка. Але таму што гэты быў такi самы добры i ласкавы, як яго брат, дык у дзяцей не ўзнiкла нiякага падазрэння. А каацi засталiся такой жа сям'ёй, як раней. Як i раней, дзiкiя каацi кожную ноч прыходзiлi ў госцi да хатняга сыночка i брата. Яны сядалi побач, елi кавалачкi цвёрдага яйка, якiя каацiк iм зберагаў, i апавядалi яму пра жыццё ў лесе.
   БIТВА НА ЯВЭВIРЫ
   У рэчцы Явэвiры, якая цячэ ў Мiсьёнэс, жыве шмат скатаў. I само слова "Явэвiры" якраз азначае "рака скатаў". Iх там столькi, што нават адною нагой ступiць у ваду небяспечна. Я ведаў аднаго чалавека, якому скат укалоў у пяту, а потым яму давялося паўмiлi чыкiльгаць дадому: чалавек ледзь не падаў ад болю, i з вачэй у яго кацiлiся слёзы. Боль ад скатавага ўколу - адзiн з сама моцных, якiя можна адчуць.
   Ёсць у Явэвiры i шмат iншай рыбы, i часам бываюць людзi, якiя прыходзяць паляваць на рыбу з дынамiтнымi шашкамi. Яны кiдаюць такiя шашкi ў раку i забiваюць мiльёны рыб. Усе рыбы, якiя плаваюць вакол, гiнуць, нават калi яны велiчынёю з цэлы дом. А разам гiне i ўся драбяза, якая нi на што не прыдатная.
   I вось аднойчы там пасялiўся чалавек, якi не хацеў, каб у раку кiдалi дынамiтныя шашкi. Яму было вельмi шкада рыбак. Ён, зрэшты, зусiм не пярэчыў, каб людзi лавiлi рыбу сабе на ежу, але ён не хацеў, каб марна забiвалi мiльёны маленькiх рыбак. Людзi, якiя кiдалi шашкi, спачатку злавалiся на яго, але той чалавек меў хоць i добры, але цвёрды характар, i ўрэшце людзi з дынамiтнымi шашкамi пайшлi паляваць у iншыя мясцiны, а ўсе рыбы засталiся вельмi задаволеныя. Яны былi такiя задаволеныя i такiя ўдзячныя свайму сябру, якi ўратаваў маленькiх рыбак, што пазнавалi яго, як толькi ён выходзiў на бераг. А калi ён гуляў па беразе i курыў, скаты плылi за iм, сцелячыся па дне, i вельмi радавалiся, што гуляюць разам са сваiм сябрам. Чалавек нiчога гэтага не ведаў ды жыў там шчаслiвы.
   Але аднойчы адвячоркам на бераг Явэвiры прыбегла лiса i, залезшы ў ваду, крыкнула:
   - Гэй, скаты! Там iдзе ваш сябар, ён вельмi паранены!
   Пачуўшы гэта, скаты ўсхвалявана падплылi да берага i спыталi ў лiсы:
   - Што, што такое? Дзе чалавек?
   - Вунь ён iдзе! - зноў крыкнула лiса. - Ён пабiўся з ягуарам! I цяпер ягуар гонiцца за iм! Ваш сябар хоча пераправiцца на востраў. Дайце яму прайсцi, ён добры чалавек!
   - Вядома! Вядома, мы прапусцiм яго! - адказалi скаты. - Але ўжо ягуара мы нi за што не прапусцiм!
   - Вы асцярожна з iм! - крыкнула скатам лiса. - Не забывайцеся, што гэта ўсё-такi ягуар!
   I адным скачком лiса знiкла ў лесе.
   Ледзь яна паспела гэта зрабiць, як вецце расхiнулася i на бераг выйшаў чалавек. Ён быў увесь скрываўлены, у падранай кашулi. Кроў цякла ў яго па твары i па грудзях, капала на штаны i па складках штаноў сцякала на пясок. Ён быў цяжка паранены. Хiстаючыся, ён дайшоў да берага i ступiў у раку. Як толькi ён ступiў адной нагою ў раку, скаты перад iм расступiлiся, i чалавек па грудзi ў вадзе пайшоў да вострава. Нiводзiн скат не ўкалоў яго. Тады, выбраўшыся на другi бераг, чалавек самлеў i ўпаў на пясок, бо страцiў шмат крывi.
   Скаты не паспелi нават паспачуваць свайму смяротна параненаму сябру, як пачулi жудасны рык i аж падскочылi ад страху ў вадзе.
   - Ягуар! Ягуар! - закрычалi яны ўсе разам i стралою кiнулiся да берага.
   I сапраўды, у гэтую хвiлiну на бераг Явэвiры выйшаў ягуар, якi пабiўся з чалавекам i цяпер гнаўся за iм. Звер быў таксама паранены, з яго цела сачылася кроў. Убачыўшы, што чалавек ляжыць як нежывы на востраве, ягуар злосна рыкнуў i кiнуўся ў ваду, каб прыкончыць яго.
   Але не паспеў ён апусцiць у ваду лапу, як адчуў, што ў яе нiбыта ўсадзiлi восем цi дзесяць даўжэзных цвiкоў. Ад болю ён адскочыў назад. А гэта скаты, абараняючы пераход цераз рэчку, з усяе моцы ўцялi яго сваiмi хваставымi шыпамi.
   Ягуар завыў ад болю i замахаў лапаю ў паветры. Але потым, агледзеўшыся, убачыў, што вада каля берага ўся закаламучаная, быццам на дне паварушылi глей. I ён зразумеў, што гэта былi скаты, якiя не хацелi яго прапускаць. Тады ён злосна зароў:
   - Ага, я ведаю, хто гэта! Гэта вы, праклятыя скаты! Ану, прэч з дарогi!
   - Не сыдзем!
   - Прыбiрайцеся!
   - Не прыбяромся! Ён добры чалавек! Ты не маеш права яго забiваць!
   - Ён мяне паранiў!
   - Вы абодва параненыя! У лесе - гэта вашыя справы! А тут ён пад нашай аховай! I праходу табе няма!
   - Я ўсё роўна прайду! - зноў рыкнуў ягуар.
   - Нi, нiколi! - адказалi скаты. (Яны казалi "нi, нiколi", бо так кажуць тыя, хто жыве ў Мiсьёнэс i гаворыць на мове гваранi.)
   - Ну, то пабачым! - яшчэ раз рыкнуў ягуар.
   I ён адышоўся ад берага, каб узяць разгон i скочыць як мага далей у раку.
   Ягуар ведаў, што скаты амаль заўсёды трымаюцца каля берага, i думаў, што калi скочыць далёка, дык пасярод рэчкi скатаў не будзе, i тады ён зможа дабрацца да вострава i з'есць паўжывога чалавека.
   Але скаты здагадалiся, i ўсе хуценька паплылi на сярэдзiну ракi, перадаючы з вуснаў у вусны:
   - Далей ад берага! - крычалi яны пад вадою. - На сярэдзiну! У пратоку! У пратоку!
   I ў тое ж iмгненне ўсё войска скатаў кiнулася ад берага абараняць пераход на сярэдзiне ракi. А ягуар тым часам ужо ляцеў над ракой у сваiм гiганцкiм скачку. Ён упаў у ваду i вельмi ўзрадаваўся, бо ў першае iмгненне не адчуў нiводнага ўколу. Ён падумаў, што ўсе падманутыя скаты засталiся ля берага...
   Але не паспеў ён ступiць першы крок, як сапраўдны град уколаў прымусiў яго спынiцца: вакол зноў былi скаты, якiя бязлiтасна калолi яму ў лапы.
   Ягуар упарта хацеў прайсцi, але боль быў такi невыцерпны, што ўрэшце ён зароў i, павярнуўшы назад, даў лататы да берага. Там ён упаў на пясок, бо не мог ужо нават стаяць. Жывот у яго ўздымаўся i апускаўся, быццам ён увесь задыхаўся i вельмi стамiўся.
   Скаты атруцiлi ягуара сваёю атрутаю.
   Але хоць iм удалося перамагчы ягуара, яны не супакоiлiся: яны баялiся, што прыйдзе ягуарыха i яшчэ шмат iншых ягуараў... I тады яны не здолеюць абаранiць пераход.
   I праўда, лес у гэтую хвiлiну зноў напоўнiўся рыкам, i з яго выйшла ягуарыха. Убачыўшы ягуара, якi покатам ляжаў на пяску, яна вельмi раз'юшылася. А калi заўважыла, што рака каля берага ўскаламучаная скатамi, яна падышла да вады i, нiзка апусцiўшы пысу, крыкнула:
   - Гэй, скаты! Я хачу прайсцi!
   - Няма табе праходу! - адказалi скаты.
   - Глядзiце, калi не дасце прайсцi, у гэтай рацэ не застанецца нiводнага ската з хвастом! - рыкнула ягуарыха.
   - Няхай мы застанемся без хвастоў, але прайсцi табе не дадзiм! - адказалi яны.
   - Апошнi раз кажу: дайце прайсцi!
   - Нi, нiколi! - закрычалi скаты.
   Раз'юшаная ягуарыха неасцярожна апусцiла адну лапу ў ваду, i тут адзiн скат, падкраўшыся, уваткнуў ёй памiж пальцамi ўвесь свой шып. Пачуўшы, як ягуарыха завыла ад болю, скаты з усмешкай сказалi:
   - Здаецца, хвасты ў нас яшчэ ёсць!
   Але ягуарыха нешта прыдумала, i маючы ў галаве гэтую сваю задумку, яна адышла ад берага i моўчкi пайшла ўверх па рацэ.
   Але скаты i гэты раз разгадалi план свайго ворага. А варожы план быў такi: перайсцi рэчку ў тым месцы, дзе скаты яшчэ не ведаюць, што трэба абараняць пераход. Вялiкi смутак ахапiў скатаў, якiя сабралiся ля вострава.
   - Яна збiраецца перайсцi рэчку вышэй па цячэннi! - закрычалi яны. - Але ж нельга, каб яна забiла чалавека! Трэба абаранiць нашага сябра!
   У роспачы яны так круцiлiся ў глеi, што закаламуцiлi ўсю раку.
   - Што ж нам рабiць? - думалi яны. - Мы хутка плаваць не ўмеем... Ягуарыха пяройдзе рэчку раней, чым тамтэйшыя скаты даведаюцца, што павiнны абараняць пераход любою цаной.
   Яны не ведалi, што рабiць. I раптам адзiн маленькi, але вельмi разумны скацiк сказаў:
   - Я ведаю! Хай да iх паплывуць дарады! Дарады нашы сябры! Яны плаваюць шпарчэй за ўсiх!
   - Правiльна! - крыкнулi ўсе. - Хай плывуць дарады!
   У адно iмгненне гэты клiч разнёсся вакол, i праз хвiлiну ўжо восем цi дзесяць шыхтоў дарадаў - сапраўднае войска дарадаў! - з усiх сiл паплыло ўверх па рацэ. Яны плылi так хутка, што пасля сябе, як пасля тарпедаў, пакiдалi на вадзе барозны.
   Але як дарады нi старалiся, яны ледзьве паспелi перадаць загад перагарадзiць ягуарысе дарогу. Ягуарыха ўжо плыла i была зусiм недалёка ад вострава.
   Але скаты як найхутчэй кiнулiся да другога берага, i як толькi ягуарыха намацала зямлю, скаты накiнулiся ёй на лапы i пачалi iх калоць шыпамi. Звер аж звар'яцеў ад болю! Ягуарыха раўла, скакала ў вадзе, узнiмала лапамi цэлыя стаўбуры пырскаў. Але скаты зноў i зноў кiдалiся ёй на лапы i так загарадзiлi сабой дарогу, што ўрэшце ягуарыха павярнулася, паплыла назад i выскачыла на бераг. Усе чатыры лапы ў яе страшна распухлi. I тут ёй не ўдалося прайсцi i з'есцi чалавека! Але скаты таксама стамiлiся. А горай за ўсё было тое, што ягуар i ягуарыха паднялiся i пайшлi ў лес. Што яны задумалi? Гэта выклiкала непакой у скатаў, i яны доўга раiлiся. Урэшце яны сказалi:
   - Будзе вось што: яны збяруць iншых ягуараў i прывядуць iх сюды. А калi прыйдуць усе ягуары, дык тады яны пройдуць!
   - Нi, нiколi! - закрычалi сама маладыя скаты, якiя былi не надта дасведчаныя ў жыццi.
   - Пройдуць, даражэнькiя! - са смуткам адказалi старэйшыя. - Калi iх будзе шмат, яны пройдуць... Давайце параiмся з нашым сябрам.
   I яны паплылi да чалавека, з якiм, абараняючы пераход цераз раку, дагэтуль яшчэ не мелi часу пабачыцца.
   Чалавек ляжаў, страцiўшы шмат крывi, але мог ужо гаварыць i крыху варушыцца. Скаты хуценька расказалi яму пра ўсё, што здарылася, i як яны абаранялi пераход ад ягуараў, якiя хацелi яго з'есцi. Паранены чалавек быў вельмi расчулены прыхiльнасцю скатаў i ласкава пагладзiў тых, што былi блiжэй да яго. Урэшце ён сказаў:
   - Нiчога не зробiш. Калi ягуараў будзе шмат i яны захочуць прайсцi, дык пройдуць...
   - Не пройдуць! - сказалi меншыя скаты. - Вы наш сябар, i яны не пройдуць!
   - Пройдуць, даражэнькiя! - сказаў чалавек.
   I цiха дадаў:
   - Адзiным выйсцем было б паслаць каго-небудзь да мяне дадому. Каб прынеслi вiнчэстэр з набоямi... Але на рэчцы ў мяне няма нiякiх сяброў, апроч рыб... а сярод вас нiхто не ўмее хадзiць па зямлi.
   - Што ж нам тады рабiць? - заклапочана спыталiся скаты.
   - Чакайце, чакайце... - сказаў чалавек, праводзячы рукою па лбе, нiбыта пра нешта прыпамiнаючы. - Быў у мяне адзiн сябар... капiбара... Ён гадаваўся ў мяне дома i гуляў з маiмi дзецьмi... Але потым ён зноў вярнуўся ў лес i цяпер, здаецца мне, жыве недзе тут, на Явэвiры... Але дзе - я не ведаю...
   Тут усе скаты радасна загаманiлi.
   - Ведаем! Мы ведаем! - закрычалi яны. - Ягонае лагво на канцы вострава! Ён аднойчы расказваў нам пра вас! Мы зараз жа пашлем па яго!
   Сказана-зроблена: адзiн вялiкi дарада адразу на ўвесь дых паплыў унiз па рацэ шукаць капiбару. А чалавек тым часам развёў на далонi згустак крывi, каб зрабiць чарнiла, i костачкай рыбы, якая была ў яго замест пяра, пачаў пiсаць на сухiм лiсце, якi яму замяняў паперу. I напiсаў ён такi лiст: "Прышлiце мне з капiбарам вiнчэстэр i цэлы пачак з дваццаццю пяццю кулямi".
   Ледзьве ён закончыў гэта пiсаць, як увесь лес задрыжаў ад глухога рыку: гэта падыходзiлi ягуары, гатовыя ўвязацца ў бойку. А скаты хутчэй панеслi лiст, высунуўшы галаву над вадою, каб не намачыць яго. Яны аддалi лiст капiбару, i той паiмчаў па траве, каб занесцi лiст чалавеку дадому.
   I ў самы час! Бо хоць рыканне чулася яшчэ здалёку, але з кожнай хвiлiнаю наблiжалася. Тады скаты сабралi ўсiх дарадаў, якiя чакалi загаду, i крыкнулi iм:
   - Хутчэй, даражэнькiя! Абплывiце ўсю раку i ўзнiмайце трывогу! Хай усе скаты па ўсёй рацэ будуць напагатове! Хай яны ўсе збiраюцца вакол вострава! Пабачым, цi пройдуць гэтыя ягуары!
   I войска дарадаў у тое ж iмгненне разбеглася ўверх i ўнiз па рацэ, пакiдаючы за сабой на вадзе барозны.
   На Явэвiры не было нiводнага ската, якi б не атрымаў загаду прыплысцi да берага ракi побач з востравам. Адусюль: з-пад камянёў, з глею, ад вусцяў раўчукоў - з усёй Явэвiры збiралiся скаты, каб абаранiць пераход ад ягуараў. А перад востравам на поўнай хуткасцi сюды-туды сноўдалi дарады.
   I зноў усё было зроблена ў самы час! Страшны рык ажно скалануў ваду ў рацэ, i ягуары высыпалi на бераг.
   Iх было шмат - здавалася, што ўсе мiсьёнэскiя ягуары сабралiся тут, ля ракi. Але i рака Явэвiры ўся вiравала ад скатаў, якiя сабралiся ля берага з рашучасцю абараняць пераход любою цаной.
   - Дарогу ягуарам! - зараўлi драпежнiкi.
   - Няма вам дарогi! - адказалi скаты.
   - Паўтараем - дайце дарогу!
   - Не дамо!
   - Глядзiце ж! Калi не дасце нам прайсцi, не застанецца нi ската, нi скатавага дзiцяцi, нi скатавага ўнука!
   - Можа быць! - адказалi скаты. - Але нi ягуары, нi ягуаравы дзецi, нi ягуаравы ўнукi - нiводзiн ягуар у свеце не пройдзе тут!
   Так адказалi iм скаты. Тады ягуары зараўлi апошнi раз:
   - Патрабуем нас прапусцiць!
   - Нi, нiколi!
   I тады пачалася сапраўдная бiтва. Гiганцкiм скачком ягуары кiнулiся ў ваду! Але яны ўпалi на суцэльны подсцiл са скатаў. Скаты пачалi бiць iх, працiнаць iм лапы ўдарамi сваiх вострых шыпоў, i на кожную рану ягуары азывалiся страшным рыкам ад болю. Але ж i яны адбiвалiся лапамi, з усяе сiлы лупцуючы iмi ў вадзе. I скаты, распаласаваныя кiпцюрамi ягуараў, узляталi ў паветра.
   Уся Явэвiры ператварылася ў крывавую раку. Скаты гiнулi сотнямi... Але ж i ў ягуараў былi жахлiвыя раны, i яны, рыкаючы, адступалi, каб са страшна апухлымi лапамi адлежацца на пяску. А скаты, растаптаныя, разарваныя кiпцюрамi ягуараў, не адступалi. Яны нi на хвiлiну не пакiдалi абараняць пераход. Шмат хто з iх узлятаў у паветра i зноў падаў у раку, але ўсе яны зноў i зноў кiдалiся на ворага.
   Паўгадзiны доўжылася гэтая жахлiвая бойка. А праз паўгадзiны ўсе ягуары зноў, стомленыя, сядзелi на беразе i раўлi ад болю: нiводзiн з iх не прайшоў. Праўда, i скаты стамiлiся да знямогi. Шмат хто загiнуў. I тады тыя, што засталiся жывыя, сказалi:
   - Другой такой атакi нам болей не вытрываць. Хай дарады пашукаюць падмацавання. Хай неадкладна сюды прыплывуць усе скаты, якiя ёсць у Явэвiры!
   I дарады зноў разбеглiся ўверх i ўнiз па рацэ, i плылi яны ўсе так шпарка, што пасля iх у вадзе, як пасля тарпедаў, заставалiся барозны.
   А скаты тым часам паплылi да чалавека.
   - Мы болей не вытрываем! - сказалi са смуткам скаты. I сёй-той са скатаў заплакаў, убачыўшы, што яны не могуць выратаваць свайго сябра.
   - Iдзiце, скаты! - сказаў паранены чалавек. - Пакiньце мяне аднаго. Вы ўжо вельмi шмат для мяне зрабiлi. Хай ягуары пройдуць!
   - Нi, нiколi! - у адзiн голас крыкнулi скаты. - Пакуль у нашай рацэ Явэвiры ёсць хоць адзiн жывы скат, мы заўсёды будзем абараняць добрага чалавека, якi некалi абаранiў нас!