- На вось, бяры. Глядзi толькi, каб Гарашчэня ня ўбачыў, - згадаўшы Гарашчэню, гаспадар хаты мацюкнуўся, скоса зiрнуў у вакно. - Са сьвету зжывае. Дай пахмялiцца, i ўсё...
   - Ня ўбачыць! - ужо ад парога азваўся Iван, вылецеў на двор, i, азiрнуўшыся на хату Баркоўскiх, рынуўся гародамi, прыстасоўваючы бег да мернага булькаценьня вiна ў бутэльцы.
   Таго вечару Лябёдка круцiў фiльм з iнтрыгуючай назваю "Памылка Анарэ дэ Бальзака". Ратуючы касавы плян, кiнамэханiк пусьцiў чутку, што ў фiльме пакажуць голую бабу, i народу ў клюб набiлася як завязаць. Асаблiва шмат прыйшло дзятвы. Тыя падшыванцы, што мелi грошы, сядзелi ў залi, астатнiя таўклiся на ганку, просячы Мандрычыху пусьцiць iх безь бiлетаў.
   - Сёньня не магу. Даўгалёў з праверкай едзе, - казала Мандрычыха, i бычкоўская дзятва, пачуўшы прозьвiшча дырэктара раённай кiнасеткi, асуджана апускала галовы.
   Стоячы разам з падшыванцамi на ганку, Iван прыкметна хваляваўся. Лёшка Мандрык хаця i быў на падпiтку, але на нагах трымаўся цьвёрда, i гэта не магло не хваляваць. "Цi хопiць бутэлькi?" - думаў Iван, прыслухоўваючыся да бязладнай Лёшкавай гамонкi. Абкружаны малалеткамi, Лёшка распавядаў iм пра бойкi ў азярышчанскiм рэстаране. Доўгiя чвэрць гадзiны Iван уважлiва слухаў гэтыя аповеды, з насьцярогаю пасьмiхаўся, а калi Лёшка, паказваючы, як ён вырубiў нагой азярышчанскага фраера, не ўтрымаўся на нагах i ляснуўся вобзем, з упэўненасьцю ў голасе прашаптаў:
   - Хопiць!
   На пачатку фiльма стужка рвалася ледзь ня кожную хвiлiну. Пад час замiнак ў залi ўключалi сьвятло, i Iван уцiскваў голаў у адтулiну, спрабуючы ўгледзець Машу. Маша сядзела ля сьценкi, i праз амбразуру можна было ўбачыць ёйную руку ды абцягнутыя вэльвэтавымi штанамi каленi. Гэтыя каленi не давалi Iвану спакою. Ён круцiў галавой у цеснай нiшы, пускаў сьлiну на падбародзьдзе, а калi Лябёдка зь Пецькам запускалi праектар, стагнаў i пакутлiва моршчыўся.
   - Лябёдка, адпусьцi тормаз! - крыкнулi з залi пад час чарговага парыву.
   Лябёдка прыпаў да амбразуры, спрабуючы разгледзець, хто гэта там такi разумны, i ў гэты момант у лоб яму заехалi яблычным агрызкам. Другi агрызак праляцеў ля Iванавага вуха, i кiнамэханiк, перакрываючы гамэрню, гойкнуў у адтулiну:
   - Чаго ўсхадзiлiся?! Фiльм трэцяй катэгорыi!
   Гледачы былi абражаныя: замест францускага фiльму пра мушкетэраў iм круцiлi нейкую лухту. У залi сьвiсталi, тупалi нагамi, а той-сёй з гледачоў, уголас шкадуючы змарнаваных грошай, сунуўся да выхаду.
   "Час!" - мiльганула ў Iванавай галаве, i ён, адарваўшыся ад адтулiны, крадком сышоў з кiнабудкi. У цемры глядзельнай залi ён мiжволi зiрнуў у той бок, дзе сядзела Маша, потым - на таўстуна, якога паказвалi на экране, i, набраўшы ў грудзiну паветра, прашаптаў:
   - Лёха!
   - Навошта ён табе?! - азвалася зь цемры Мандрычыха. - Зноў пiць будзеце?
   - Будзем! - пачулася ад заднiх радоў, i кудлатая Лёшкава галава чорным ценем праплыла па экране.
   Зьдзiраючы зубамi мэталёвую галоўку, Лёшка парэзаў сабе губу, але пры гэтым нават не паморшчыўся i прагна глынуў замяшанае на ўласнай крывi "чарнiла". Дакладней, нават не глынуў: вiно папросту лiлося ў ягоную глотку, i коўцiк пры гэтым не варушыўся. Падзiвiўшыся такому штукарству, Iван пераняў бутэльку, але пiць ня стаў - ашчаджаў пiтво для сябра.
   - Люблю кiрнуць, - прамовiў сябра, выцiраючы рукавом крывавую пену з вуснаў, - асаблiва пад балдою. - Лёшка ўзьняў вочы, i яркi маладзiк сьветлымi кропкамi адбiўся ў ягоных зрэнках.
   Балдою сябрук называў месяц. Слоўца гэтае ён прывёз з аршанскай зоны, i яно, як i шмат якiх iншых слоў з таго рэпэртуару, намёртва прылiпла да языкоў бычкоўскай дзятвы.
   Лёшка плюхнуўся на траву, задаволена адрыгнуў, дастаў папяросу.
   - Слухай, хто гэта ўчора мае коры насунуў? - запытаўся ён у Iвана, i той, хаця i ведаў, куды заляцеў Лёшкавы чаравiк, страсянуў галавою.
   - Ну i ваўчары, - прастагнаў сябрук, iзноў прыклаўся да пляшкi, i неўзабаве панурыўся тварам у быльнiк.
   Танцы, як заўсёды, пачыналiся вальсам, i танчылi яго, як заўсёды, дзьве пары: бiблiятэкарка Забаронька са сваiм кавалерам Юркам Гулем i настаўнiца Кнiповiч зь Люськай Халiмонавай. Бiблiятэкарка вальсавала адмыслова - задзёршы голаў i адкiнуўшы назад правую руку, i кавалер ейны, стрымлiваючы кружэньне партнэркi, так iмпэтна шоргаў чаравiкамi, што заглушаў голас Валерыя Абадзiнскага. Танчылi, вядома ж, пад "Что-то случилось". У апошнiм куплеце сьпявак пачаў заiкацца - Юрка Бадуноў, якi сядзеў ля радыёлы i павiнен быў перасунуць iголку, забавiўся, прапусьцiў момант, i кавалер, пад роспачную iкаўку Абадзiнскага выгукнуў:
   - Юрка... натаўку!
   Калi песьня скончылася, бухгальтарка з настаўнiцай, а разам зь iмi i Люська Халiмонава падалiся да выхаду. "Прыдзьвернiк" Васька Бохан выпусьцiў на двор бiблiятэкарку, потым, атрымаўшы грымака, i настаўнiцу, а Люську Халiмонаву запiхнуў назад у залю.
   - Што... што ён табе сказаў? - запыталася настаўнiца ў сяброўкi, прабягаючы мiма Iвана.
   - Сказаў, што гатовы хоць сёньня расьпiсацца!
   Дзяўчаты фыркнулi здушаным сьмехам, пабеглi за клюб, а Iван пасьля такiх слоў зябка перасмыкнуў плячыма. Вечаровы халадок прабiраў да дрыжыкаў, сьцягваў скуру на сьпiне, i, каб нейкiм чынам сагрэцца, даводзiлася раз за разам прыпальваў папяросу.
   - Харэ лiвэр цiснуць! Дзеўкi млеюць! - крыкнуў Юрка Гуль, махнуў рукой малому Бадунову, i хлопцы, што гуртавалiся на ганку, пачалi заходзiць у залю. Юрка Бадуноў завёў хуткi музон, а ягоны старэйшы цёзка забухаў чаравiкамi, дэманструючы пабачаны ў азярышчанскi рэстаране мадняцкi танец. Тупаў Юрка Гуль так натхнёна, што са столi сыпалася пабелка, а са стэнду "Новае ў жывёлагадоўлi", якi вiсеў ля сцэны, звалiлася некалькi брашураў. Магчыма, i сам стэнд грымнуўся б долу, ды тут у пройме ўваходных дзьвярэй зьявiлася Мандрычыха i пагрозьлiва загадала:
   - Пакiньце мазгатаць!
   Загадчыца клюбу прайшла па залi, рашуча вырвала штэпсэль радыёлы. Каб даняць загадчыцу, Юрка Гуль яшчэ хвiлiну скакаў бяз музыкi, а калi Мандрычыха, плюнуўшы ў ягоны бок, пайшла да дзявярэй, рушыў за ёю сьледам.
   Iван стаяў ля сьцяны i ўсiм сваiм выглядам паказваў, што памiрае ад суму. Ён раз-пораз пазяхаў, крывiўся, кiдаў пужлiвыя позiркi на Юрку Бадунова i з жахам чакаў, калi Юрка завядзе павольную музыку. I вось Юрка ўключыў радыёлу, паставiў на дыск гнуткую кружэлку, i навакольны сьвет напоўнiлi шчымлiвыя акорды "Анжэлы". "Анжела, ты на счастье мне судьбой дана-а..." - зацягнуў Абадзiнскi, а знадворку, заглушаючы сьпевака, надрыўна гаркнулi:
   - За капыты, за капыты бярыце!
   З начной цямрэчы выплылi падэшвы зношаных чаравiкаў, i ў залю, наперад нагамi, унесьлi Лёшку Мандрыка. "Кароль аршанскай зоны" быў у поўным "вырубоне".
   - Цяжкi, халера! - выдыхнуў Юрка Гуль, трымаючы "караля" пад пахi.
   Хлопцы занесьлi Лёшку ў канец залi, усьпёрлi на кучу бязладна зваленых крэслаў, i Юрка Гуль, мяльком зiрнуўшы на бiблiятэкарку, гучна абвясьцiў:
   - Запрашаюць жанчыны!
   - Паскуда! - выдыхнула Забаронька, выбегла з залi, а Юрка Бадуноў чарговым разам уключыў "Анжэлу".
   Слухаючы шчымлiвую мэлёдыю, Iван заплюшчыў вочы, уяўляючы, што гэта не Абадзiнскi, а ён, Iван, сьпявае прачулую песьню, а калi зноў зiрнуў на сьвет, дык убачыў, што Маша ўстала з крэсла i iдзе праз залю ў ягоны бок. Стукалi туфлiкi па расссохлай падлозе, парывiста бiлася сэрца, пранiкнёна, зь пяшчотным прыдыханьнем сьпяваў Абадзiнскi. Яшчэ была спадзеўка, яшчэ была кволая надзея, што Маша iшла запрашаць некага iншага. Iван зiрнуў па баках, ступiў крок да дзьвярэй i пачуў раптам такi мiлы i такi лагодны голас:
   - Вас можна?
   Шаснаццаць гадоў пражыў Iван на сьвеце, а на белы танец яго запрашалi ўпершыню. Ды што там танец... ён i сам да дзяўчат блiжэй як на тры мэтры не падыходзiў, а тут адразу такое... Таму i зьмянiўся Iван з твару, i язык ягоны прысох да паднябеньня, i ня здолеў Iван паведамiць прыгажунi, што ён не танцуе.
   - Вас можна? - паўтарыла дзяўчына, i нехта, вiдаць, Васька Бохан, штурхнуў яго ў сьпiну. Ён прайшоў на ватных нагах на сярэдзiну залi, стаў там як укапаны, i Маша паклала яму на плечы свае танклявыя рукi.
   "Анжела, ты одна, одна на свете,
   Анжела, в добрый час тебя я встретил..."
   Трэба было варушыцца, пераступаць з нагi на нагу, хаця б дзеля таго, каб прыхаваць праклятыя дрыжыкi. Падпарадкоўваючыся Машыным рухам, ён зрабiў крок, наступiў дзяўчыне на туфлiк i, спалохана падскочыўшы, ударыў партнэрку нагой ў шчыкалатку. Маша войкнула, адступiла на мэтар, але рук з Iванавых плячэй не зьняла. Разам з апошнiмi ўсхлiпамi Абадзiнскага спакутаваны Iван крутнуўся на абцасах i замест таго, каб правесьцi дзяўчыну да месца цi хаця б кiўнуць галавой, неакрэсьлена крэкнуў i выйшаў на падворак.
   На падворку было халодна i месячна. Мяккае сьвятло маладзiка высьвечвала кусты ля гатаўскай дарогi, бункер траянаўскага камбайна i нечую пахiлую постаць - цi не самога Траяна, - якая краталася мiж кустоў, то ўзьнiкаючы, то зьнiкаючы зь вiдавоку.
   Няўдалы танцор сядзеў на ўсходах ля дзьвярэй кiнабудкi i, пацепваючыся ад холаду, прыслухоўваўся да галасоў, што даляталi з клюбу. У клюбе мiж тым скакалi "шэйковiча". Музыкi не было чуваць: адно зумкалi шыбы ды здрыганалiся ад тупату дашчатыя сьцены.
   - Ну чаму, чаму я такi? - шаптаў начны летуценьнiк, раз-пораз шморгаючы азяблым носам.
   У носе сьвярбела. Iван доўга зьбiраўся зь сiламi, каб чхнуць, а калi сабраўся i ўжо затрос галавой, з адчыненых дзьвярэй клюбу вырваўся вясёлы вiскат Люськi Халiмонавай.
   - Адчапiся, нам дахаты трэба!
   Чхаць не выпадала - трэба было хавацца, i начны летуценьнiк, пацёршы далоньню пераносьсе, пабег на нягнуткiх нагах у блiжэйшыя кусты.
   Зарагатаў i ацiх Васька Бохан, крыкнуў штосьцi няўцямнае Юрка Гуль, i па цэмэнтавым ганку дробна застукалi дзявочыя туфлiкi.
   - Слухай, а хто ён такi? - запыталася Маша, калi яны зь Люськай падышлi да матацыкла.
   - Хто, Васька?
   - Ды не... Ну той, дзiўны такi...
   - А-а! Дэсантнiк! - Люська азiрнулася, падбегла да кустоў, за якiмi хаваўся начны летуценьнiк, i, прысеўшы на кукiшкi, прамовiла: - У яго ня ўсе дома. Чокнуўся, як зь вежы падаў.
   У цемры мiльганула дзявочае сьцягно, iрванулася да каленяў палоска белых майтак, i ў Iвана, якi аглядаў усё гэта, на момант спынiлася сэрца. Ён i ня сьцямiў адразу - пра якога гэта дэсантнiка вядзе гаворку Люська Халiмонава, а калi сьцямiў i абурана глынуў паветра, у носе ягоным зноў засьвярбела, i ён аглушальна чхнуў. Люська войкнула, пабегла ўпрысядкi да матацыкла, на хаду нацягваючы майткi, а Iван, страсянуўшы галавой, чхнуў ёй усьлед чатыры разы запар.
   Дахаты ён iшоў, сьцiскаючы кулакi i ўголас лаючы Люську Халiмонаву.
   "Нiчога, яшчэ пашкадуе, - супакойваў сябе Iван. Апанаваны ўласнымi фантазiямi, ён уявiў, як роспачна будзе плакаць Люська Халiмонава, i нечакана ступiў нагой у каровiну "аладку". Фантазii выпетрылiся з галавы, i Iван, выцiраючы чаравiк аб траву, з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, вырашыў не хадзiць болей на танцы.
   Ноччу яму добра спалася. Ён праспаў да абеду i абудзiўся, як i мiнулым днём, ад бразгату вёдраў на доле.
   - Слухай, тут жа ў Азярышча Карзо прыяжджаў, - прамаўляла, гучна бразгаючы вёдрамi, суседка Мiронаўна, - дык i гэтая папёрлася... Людзi казалi - лезла нейкую кнiжку падпiсваць, а той на яе i не зiрнуў нават.
   - А на каго там глядзець? - падтрымала Мiронаўну мацi. - Пыса як у той рапухi... i куды ўжо лезеш?
   Мандрычыха, а гэта яе абгаворвалi жанчыны, пад час вайны была ў партызанскiм атрадзе - мыла там бялiзну ды з камандзерам спала. I вось за гэтыя подзьвiгi Карзо яе па вайне ў райкам уладкаваў, у аддзел прапаганды i агiтацыi. Ад тых часiн жанкi яе i зьненавiдзелi, i абгаворвалi пры кожным зручным выпадку.
   Паслухаўшы плёткi, Iван занурыў галаву ў падушку, мерачыся паспаць яшчэ якую гадзiну, але тоўшчу падушкi прарэзаў жаночы лямант:
   - Бабы, што скажу!
   Лямантавала Карпачыха. Iван скiнуў з галавы падушку, прыслухаўся.
   - Ляжыць у амбуляторыi... i морда ў крывi, - гукала з суседняга агароду Карпачыха. - Карпачыха бегла па гародзе i пад нагамi ейнымi спалохана шамацела капуснае лiсьце.
   - Уся морда? - перапытала Мiронаўна, а мацi, пляснуўшы ў далонi, улякнута выдыхнула:
   - У каго?
   - У Гарашчэнi! У п'янтоса гэтага... Пракопаўна краму адчыняла, а тут ён падбег... кажа: "Чаму Лёшку Мандрыку вiно прадаяце, а мне не?" - i Пракопаўну за руку схапiў. А тая доўга ня думала. Разгарнулася ды як лясьне замком па лобе. Так лоб i расьсекла.
   Карпачыха змоўкла, пераводзячы дых, i цяпер ужо Мiронаўна дала волю сваiм лёгкiм:
   - Цi чула ты? Гарашчэню забiлi-i! - крыкнула Мiронаўна, праўдападобна, цётцы Авадзiсе, i на доле зноў зашамацела капуснае лiсьце.
   ... Сонца адбiрала вочы. Iван прымружыўся, паглядзеў з-пад рукi ў бок Авадзiшанага агароду, на якiм тым часам ўжо сабраўся збой жанчын, i, прыпалiўшы папяросу, усеўся на верхняй папярочцы драбiнаў.
   На душы было пагана, а на двары пустэльна; нават куры некуды пахавалiся, i толькi певень з паскубаным хвастом стаяў ля дзьвярэй хлеўчука, пазiраючы на Iвана круглявым вокам.
   "Вунь i певень глядзiць, - падумаў Iван, зацягваючыся пяршывай папяросай. - Вiдаць, прачуў ужо пра маю ганьбу?" - I, ня ведаючы, чым заняць сьвярблiвыя рукi, шпурнуў у пеўня кавалкам бярозавай кары.
   Певень падскочыў, залапатаў крыламi, выставiў наперад грудзiну i празь iмгненьне прарэзаў сьвет кукарэканьнем, запрашаючы курэй паглядзець на таго, хто так абняславiў сябе на ўчарашнiх танцах.
   Пасьля абеду мацi папрасiла схадзiць па хлеб. Iсьцi, вядома, не хацелася: сорамна было зьяўляцца на людзях, але што паробiш... Давялося ўсё ж узяць сетку i рушыць у краму.
   Ля крамы гаманiў натоўп. Вясковыя цёткi, павесiўшы на рулi сваiх вэласыпедаў торбы з хлебам, на розныя галасы абмяркоўвалi падзеi сёньняшняга ранку, пад час якiх магазыншчыца Пракопаўна разьбiла пысу вартаўнiку Гарашчэню.
   Iван азiрнуўся, шукаючы вачыма Машын матацыкл, ступiў на сельмагаўскi ганак i пачуў, як недзе непадалёку сiплавата зарагатаў Лёшка Мандрык.
   Лёшка стаяў сьпiнаю да Iвана, праваруч ад уваходу, i, махаючы рукамi, распавядаў Мiронаўне, вядомай бычкоўскай пляткарцы, як яно ўсё было.
   - Гарашчэня да Пракопаўны падышоў i кажа: "У цябе ў прысенку "вэрмут" схаваны. Дзьве скрынi. Не прадаш - ноччу сам вазьму", - i заграбкi Пракопаўну хапануў. - Паказваючы, як Гарашчэня хапаў магазыншчыцу "заграбкi", Лёшка схапiў Мiронаўну за рукаў, Мiронаўна адкаснулася, плюнула, а Iван, каб не патрапляць Лёшку на вочы, сьпехам шмыгануў у краму.
   Крама ў Бычках - самае люднае месца. Калi не прыйдзеш - увесь час народ таўчэцца. Вясковыя цёткi сюды ня столькi па справункi прыходзiлi, колькi дзеля таго, каб апранахi перамацаць, якiя на палiцах вiселi. Прыйдзе якая, грудзямi на прылавак навалiцца i давай носам па баках вадзiць:
   - А пакажы ты мне, Пракопаўна, вунь тую кофту... - I Пракопаўна давала, хаця i ведала, што кофту тую браць ня будуць, бо яна ўжо тут дзесяць гадоў вiсiць.
   Лаючы ў душы цётак i штохвiлi ўздрыгваючы ад грукату матацыклаў знадворку - крый Бог, Маша прыедзе, чырваней тады, - Iван болей як гадзiну прастаяў у чарзе, а калi, нарэшце, узвалiў на карак сетку зь цёплымi буханкамi i выйшаў з крамы, дарогу яму заступiў Лёшка Мандрык.
   - Ваня! Куды хiляем? - рыкнуў Лёшка голасам чалавека, якi прагнуў пахмялiцца.
   Лёшка зазiрнуў Iвану за сьпiну, адламаў ад буханкi храбусткi акраец. "Кароль зоны" з асалодаю хруснуў скарынкаю, а Iван, апусьцiўшы вочы, падумаў: "I як ад яго адчапiцца?" I не пасьпеў Iван уздыхнуць, як ля крамы загуў бэнзавоз i з кабiнкi вытыркнулася галава Юркi Гуля.
   - Лёха, давай сюды!
   - Навошта? - азваўся "кароль", глынуўшы недажаваную скарынку.
   - У Азярышча едзем, па пiва! - Юрка выцягнуў з-пад сядзеньня полiэтыленавую канiстру, а Лёха, адламаўшы ад бохана ладны кавалак, пабег да машыны.
   Мацi дома не было: на дзьвярах вiсеў замок, а за дзьвярною клямкаю тырчэла раённая газэта "Зара камунiзму" i аркушык паперы. "Схадзi па камбiкорм", прачытаў Iван на паперцы i пачухаў патылiцу.
   Па камбiкорм трэба было iсьцi да цёткi Авадзiхi. Зяць цётчын рабiў на млынкамбiнаце галоўным бухгальтарам. Ну i, вядома, тое-сёе сьпiсваў на цешчу. Авадзiха ў горад ледзь не штодня наведвалася - туды бiтоны з "дамагай" везла, а назад мяхi з камбiкормам перла. "Дамагу" цётка зь яблычнага соку вырабляла хмельнае вiно атрымлiвалася. Мiнулай восенi Iван сьцягнуў у сваячкi тры лiтры - трэба было Ваську Бохана падпаiць, каб не чапляўся. Авадзiха пасьля той прапажы доўга супакоiцца не магла, нават брата свайго, мiлiцыянта Мiхнова, выклiкала. Мiхноў тры днi з рулеткай важдаўся, мераў штосьцi каля пограбу; выпiў болей, чым укралi, а злодзея так i не знайшоў.
   Ачуўшыся ад одуму, Iван разгарнуў раёнку, зiрнуў на зводку ўборкi лубiну, i лiчба "0,1%", а менавiта столькi лубiну скасiлi ў калгасе "Шлях камунiзму", прывiдна заскакала ўваччу.
   ... Цётка сядзела ў пограбе i звонку быў бачны ейны шырокi азадак. Iван прайшоўся па двары, разважаючы - з чаго пачаць гаворку, i пакуль ён гэта рабiў, цётка Авадзiха неяк вельмi хутка вылезла з пограбу i гэтак жа хуценька павесiла на прабой амбарны замок.
   - Цяпер ня ўлезеце, - крэкнула Авадзiха, перахапiўшы Iванаў пагляд, разьвялося фулюганьня... ратунку няма.
   Пасьля такiх слоў размаўляць пра вiно не было сэнсу. Iван сплюнуў цягуткую сьлiну, азiрнуўся i рашуча запытаў:
   - Дзе камбiкорм?
   - Вунь, ля плоту стаiць, - кiўнула цётка на латаны мех. - Лорцы скажаш, каб грошы прынесла. Шэсьць рублёў.
   - Скажу, - буркнуў Iван, узвалiў мех на сьпiну i шырокiм крокам рушыў па цётчыным агародзе.
   - Чаго ты па бураках пайшоў? - крыкнула наўздагон яму цётка, i пляменьнiк, перакiнуўшы мех цераз плот, скрозь зубы працадзiў:
   - Ды пайшла ты... жмiнда няшчасная.
   Хаця й заракаўся Iван не хадзiць у клюб, а згледзеў, седзячы на драбiнах, бэнзавозку, што з гораду вярталася, i засьвярбела ў душы жаданьне - зiрнуць, цi напiўся Лёшка Мандрык. Бо калi напiўся i не стаiць на нагах, дык i хвалявацца няма чаго - да Машы сёньня чапляцца ня будзе. Iван праводзiў позiркам бэнзавозку, пачакаў яшчэ хвiлiну ў тайнай спадзеўцы ўбачыць на дарозе Машын матацыкл, i толькi потым, пацёршы здранцьвелы азадак, спусьцiўся па драбiнах долу.
   Юрка зь Лёшкам сядзелi ў Лябёдкi: з прачыненага вакна кiнабудкi вырывалiся iхныя галасы i жаласьлiвыя ўздыхi.
   - Пiва, пiва... паперлiся як фофаны... - гукаў Лёшка Мандрык, футболячы па цэмэнтавай падлозе пустую канiстру.
   - Хто ж ведаў... учора прадавалi, - апраўдваўся Юрка Гуль, i пустая канiстра зь левага кута пераляцела ў правы.
   - Прадава-алi, - голас Лёшкаў панiк, чаравiкi ягоныя зашоргалi ля блiжняй сьценкi i з прачыненага вакна вылецеў сьлiнявы недакурак.
   - Перапiхнуцца зь якой, цi што? Чуеш, Юрка? - Юрка прамаўчаў, а Лёшка, дзьмухнуўшы ў папяросу, запытаў: - А што гэта за лярва на матацыкле езьдзiць?
   - Зь Ленiнграду. Баркоўскага пляменьнiца, - Юрка пазяхнуў i, выдыхаючы паветра, мацюкнуўся.
   Ад такiх слоў ў Iвана перахапiла дыханьне. Ён прыцiснуўся да сьцяны кiнабудкi, наструнiў слых, але болей нiчога не пачуў, бо Лябёдка завёў сваю перамотку i галасы патанулi ў напорлiвым гудзе.
   Iван пастаяў яшчэ пару хвiлiн, а потым пацёгся прэч, асуджана пацепваючы панiклай галавою. I поўныя жаху карцiны паўсталi перад вачыма: ён уявiў, як Лёшка будзе цалаваць Машу, як будзе зьдзiраць зь дзяўчыны вопратку, i ў галаве ягонай нарадзiлася iдэя. "Перапынiць Машу, перахапiць па дарозе, як на танцы паедзе", - i апанаваны такою думкаю, Iван рушыў на гатаўскую праселiцу.
   Сядзець у кустах давялося аж да цёмнага. Ужо i зоркi высыпалi на небе, i кiно пачалося ў клюбе, а Маша ўсё ня ехала, i якраз у той момант, калi Iван хацеў ужо вылезьцi са свайго схову, з боку Гатава пачуўся матацыклетны рокат. Рокат мацнеў, убiраўся ў сiлу, сухiм трэскам рассыпаўся па кустах, i па тым нязладжаным пошчаку можна было зразумець, што па дарозе ехалi два матацыклы. Iван вытыркнуўся з кустоў, наструнiўся i ўпалым голасам прашаптаў:
   - Сашка Собалеў.
   Колькi часу ён сядзеў у непаразуменьнi, потым пацёр рукою лоб i, прадзершыся скрозь кусты, пабег насустрач бязладнаму рокату.
   "Спыню на павароце, як Сашка праедзе. Самае зручнае месца", - мiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, а вусны раз-пораз паўтаралi кагадзе прыдуманую фразу: "Маша, спынiся... у клюбе бойка!"
   Каб апраўдаць гэтую вэрсiю, ён на хаду расшпiлiў кашулю, пацёр кулаком вока, хацеў яшчэ i нос расквасiць, але перадумаў. I вось ужо праляцела мiма, дыхнуўшы ў твар халодным пылам, Сашкава "Панонiя", i новым строкатам - мерным i басавiтым - напоўнiлiся вушы, i з жахам адчуў Iван, што забыў тую фразу, якую зьбiраўся выгукнуць.
   Матацыкл быў ужо зусiм блiзка, калi Iван, страцiўшы надзею згадаць патрэбныя словы, рынуў на дарогу. У вочы ўдарыла сьвятло ад фары, рухавiк "Iжа" завыў на фарсажы, i матацыкл са страшным трэскам абрынуўся ў алешнiк.
   Хвiлiну панавала цiшыня, i парушыў яе дрыготкi Машын голас:
   - Люся, ты жывая?
   - Жывая, толькi нагу парэпала.
   Зашамацела лiсьце, трэснула галiна, i Люська Халiмонава спачатку аддзьмулася, а потым натужлiва крэкнула. Мяркуючы па ўсiм, дзяўчыны выкочвалi матацыкл на дарогу.
   - Хто гэта быў? - запыталася Маша, на хаду абабiваючы спаднiцу.
   - Ванька Бянькоў. Я ж табе казала, што ён ненармальны.
   Матацыкл чхнуў... раз... другi, потым завёўся, i сярод перарывiстага матацыклетнага рокату Iван яшчэ раз пачуў усхваляваны Машын голас:
   - Iдыёт. Ледзь пад колы не патрапiў.
   Дахаты ён цягнуўся, не разьбiраючы дарогi, i вочы ягоныя засьцiлi сьлёзы. Сьлёзы пякучай крыўды на Лёшку Мандрыка, на Люську Халiмонаву, на сябе самога вiхлястымi раўчукамi зьбягалi па твары, блiскучымi пацеркамi дрыжэлi на падбародзьдзi; i жоўты маладзiк калыхаўся ў небе, як на хвалях бязьмежнага акiяну, i Траянаў камбайн, што стаяў на ўзьмежку Карпачышынага агароду, здаваўся нейкай вялiзнай пачварай, якая выплыла на iмгненьне з акiянскiх глыбiняў.
   Iдучы паўз камбайн, Iван выцер рукавом вочы, усхлiпнуў на астачу, i ўсхлiп гэты супаў з глухiм бразганьнем пад нагамi. Траян вось ужо другi дзень рамантаваў зламанае матавiла, i навакольле было закiданае рознымi жалязякамi. На прамасьленай ватоўцы ляжала кучка шрубных ключоў, стаяла, дзержаком угору, пудовая кувалда, а пасярод iржышча тырчэла, цьмяна блiскаючы ў месяцавым сьвятле, пакарабачаная манцiроўка. Iван зладзеявата шморгнуў носам, пужлiва агледзеўся. Страшная думка, ад якой зварухнулiся валасы на галаве, уварвалася ў сьвядомасьць, i падуладныя ёй дрыготкiя рукi спачатку прылашчылi валасы, а потым падхапiлi пакарабачаную манцiроўку.
   Бычкоўскую краму - струхлелую, перабудаваную некалi з кулацкай хаты будынiну, - рабавалi ледзь не штогоду. Балазе рабаваць яе было адно задавальненьне. Торкнi пальцам у той жа дах - i праб'еш навылёт: дранка на даху зусiм збуцьвела. Дарэчы, Хведзька, брат Васькi Бохана, менавiта праз дах i ўлез. Сто рублёў тады ўзяў i дзесяць пляшак мятнага лiкёру. Тры днi пiў, у лазьнi схаваўшыся, а на чацьверты паехаў у Азярышча пляшкi здаваць - тут яго i злапалi. На судзе прасiўся, каб у Сьвярдлоўскую вобласьць паслалi, туды, дзе раней сядзеў. Казаў, дужа там мясьцiны прыгожыя. Хведзька Бохан быў адзiны, хто грошы ўзяў. Усе астатнiя рабаўнiкi - тыя як людзi... Скрыню вiна якога выносiлi ды пару бляшанак кансэрваў на закуску. Ноччу рабавалi, а ранiцай, працьверазеўшы, грошы прыносiлi. Вунь электралiнейшчыкi, дык тых i ў турму грэх было садзiць. Жылi, небаракi, у кузьнi - у хату нiхто не пускаў, бо яны ў суседняй вёсцы адрыну спалiлi па неасьцярожнасьцi. Вось i давялося электралiнейшчыкам у сярэдзiне лiстападу ў кузьнi жыць, зубамi ад холаду ляскаць. А на кастрычнiцкiя сьвяты, канчаткова адубеўшы, у краму ўлезьлi. Усю ноч гарэлкаю грэлiся ды на гармонiку гралi, а ранiцай да Пракопаўны прыйшлi... з пакаяньнем. Таго ж дня сьвятло ў вёску далi i крамныя дзьверы бляхаю абабiлi. Але ўсё адно брыгадзiр iхны на "хiмiю" паехаў - як высьветлiлiся, ён ужо так чацьверты сельмаг рабаваў. I вось, праз два з паловаю гады пасьля тых падзеяў, прабiў i Iванавы час лезьцi ў краму.
   "Чарнiла", па словах вартаўнiка бычкоўскай крамы Гарашчэнi, стаяла ў прыбудове. "Вазьму пару пляшак, пакладу дзе-небудзь, каб Лёшка ўбачыў... З ночы нап'ецца, а ўраньнi мiлiцыя абудзiць..." - з гэтымi думкамi Iван i падышоў да Гарашчэневай хаты. У вокнах хаты лiпела кволае сьвятло: лямпачка гарэла дзесьцi ў прысенку i гэта сьведчыла за тое, што вартаўнiк мог зьявiцца на аб'екце ў любую хвiлiну.
   Дзiўна, але ён зусiм не хваляваўся, i толькi даткнуўшыся плечуком да плоту, адчуў, як да холаду манцiроўкi, якую хаваў у рукаве, дадаўся непрыемна-казытлiвы халадок у пахвiне.
   ... Плот быў гэткi ж, як сама крама: дошкi шмат дзе падгнiлi, трымалiся на адным цьвiку, i Йван, адсунуўшы адну зь iх, спрытна ўлез у дзiрку. Трэснула пад нагою кара, прашапацела над галавою начнiца, i халадок, якi нарадзiўся ў пахвiне, вомiгаў разьлiўся па ўсiм целе. Тут, у закутку, якi ўтваралi збуцьвелы плот i крамная сьцяна, захоўвалi некалi лазовую кару. Яшчэ i Iван памятаў, як мацi разам зь iншымi жанчынамi хадзiла ў зарэчныя кусты, дзерла там лазовую кару i потым, высушыўшы на сонцы, несла здаваць у краму. Лазу ўжо даўно нiхто ня дзер, а вось плот ды прысьценак, дзе яе захоўвалi, засталiся i паволi буцьвелi на дажджы i сонцы.
   Намацаўшы дрыготкiмi пальцамi прабой на дзьвярах прыбудовы, Iван выцягнуў з рукава манцiроўку i прыслухаўся. Яму падалося раптам, што дзесьцi зусiм побач трэснула кара i нехта здушана кашлянуў. Анямелымi рукамi ён упiхнуў манцiроўку ў прабой, пацягнуў мэталёвае дзяржальна, i амбарны замок з грукатам звалiўся пад ногi. Ён ступiў у прысьценак, памацаў нагою ў цемры, наткнуўшыся спачатку на пустое вядро, потым на нейкае жалезьзе, i нарэшце да вуха ягонага даляцеў такi лагодны i такi жаданы бразгат напоўненых бутэлек. Сунiмаючы дрыготку, Iван разапхаў бутэлькi па кiшэнях, пiхнуў адну бутэльку за пояс штаноў i, наступiўшы ў поцемках на вядро, пакiнуў месца злачынства. Прабiраючыся ўздоўж сьцяны, ён паспрабаваў разгледзець этыкетку на бутэльцы, а прачытаўшы дзiўнае слова "ацэтон", спалохана войкнуў. Нейкая шалёная сiла вывернула руку, прыцiснула да зямлi; зямля кульнулася дагары нагамi, i разам са звонам разьбiтай бутэлькi пачуў Iван злавесны голас: