Калi Конрад вярнуўся дадому, ён знайшоў у сваiм пакоi Рудольфа, якi стаяў каля стала i нешта трымаў у руцэ.
   - Ха-ха-ха! - засмяяўся ён. - Я цябе раскусiў!
   Конрад не зразумеў, што той мае на ўвазе.
   - Ага, - сказаў Рудольф, хаваючы рукi за спiнай, - дык ты мне хлусiў. Ты сам закахаўся ў прынцэсу. Ты ўгаворваў мяне не бiцца з цмокам, бо сам хочаш яго забiць i здабыць сабе славу!
   Рудольф смяяўся, а напалоханы Конрад закрычаў:
   - Не, ты нiчога не разумееш!
   - Ану, паслухай, - сказаў Рудольф i пачаў чытаць Конрадава прызнанне ў каханнi. Спачатку кплiва, потым больш сур'ёзна, а скончыў са слязьмi ў вачах, голасам, якi дрыжаў ад пачуццяў, што захапiлi яго.
   Хвiлiну абодва маўчалi. Конрад працягнуў руку, каб забраць паперку, але Рудольф не аддаў яе.
   - Аддай, - папрасiў Конрад.
   - А навошта яна табе? - запытаў брат.
   - Я хачу яе спалiць! - закрычаў Конрад.
   - Не, - усмiхнуўся Рудольф i цiхенька адштурхнуў Конрада. - Няхай пабудзе ў мяне, можа, калi прыдасца, хто ведае?!
   Ён выйшаў, забраўшы паперку з сабой. Конрад гатовы быў памерцi, бо зразумеў, што зрабiў дурасць.
   Ён меў рацыю. Праз два днi Рудольф, памiж iншым, паведамiў, што прапанаваў сябе за прэтэндэнта на прывiлей вызвалiць прынцэсу Гэрмiёну з-пад цмокавай улады i што ягоная прапанова была прынятая.
   - Бойка адбудзецца ў аўторак, - весела аб'явiў ён, - бедны стары цмок!
   Мацi загаласiла. Бацька моўчкi выйшаў з хаты i не вяртаўся больш за гадзiну. Конрад сядзеў, утаропiўшыся вачыма ў сцяну, i нiчога вакол сябе не бачыў. Нарэшце ён запытаў:
   - А як жа Шарлота?
   - Ну, - легкадумна адказаў Рудольф, - яна рада, што я пайду. Яна ўсё разумее i сама вельмi шкадуе прынцэсу. "Я ведала, што ты захочаш бiцца з цмокам, - сказала яна мне. - Я буду чакаць цябе".
   - I гэта ўсё? - не паверыў Конрад.
   - Яна мяне блаславiла.
   Конрад задумаўся, потым запытаў:
   - А ты прызнаўся ёй, што кахаеш прынцэсу?
   Рудольфу зрабiлася няёмка:
   - Як бы я ёй такое сказаў? Гэта было б не надта прыгожа. Ну i потым, я ж не па-сапраўднаму кахаю прынцэсу. Проста тое прызнанне, што ты напiсаў, прымусiла мяне адчуць, нiбыта я яе кахаю. (Конрад згодна кiўнуў.) Я паспрабую кахаць яе, пакуль будзе iсцi бойка. Калi цмок не паверыць мне, дык не выйдзе, i я згублю свой шанец. Але, - дадаў ён павесялеўшы, - я прачытаю тваё прызнанне, i гэта падмане цмока.
   - А потым?
   - Потым я вярнуся i ажанюся з Шарлотай. Яна мне верыць i ўсё разумее. А ты падаруеш нам крыху сваiх грошай, усе я не вазьму, бо я ж не хцiвы.
   Ён выйшаў пасвiстваючы. Конрад самлеў ад жаху.
   Каралеўскi палац, якi шмат вякоў таму быў пабудаваны на скале, з трох бакоў абкружанай глыбокiмi прорвамi, заўсёды лiчыўся непрыступным. Казалi, што ў самой скале было выбiта больш пакояў, чым пабудавана з каменю на скале. У познiя часы архiтэктары ўпрыгожвалi толькi знешнi выгляд палаца - дадавалi элегантныя вежкi ды балкончыкi.
   Улюбёным прынцэсiным месцам у палацы быў пакой, так глыбока схаваны ў тоўшчы скалы, што сонечнае святло трапляла туды толькi пры дапамозе складанай сiстэмы люстраў. Немагчыма было здагадацца, якая пара года на двары, бо цэлы год у камiне гарэў агонь. Уваход у гэты пакой быў толькi адзiн - па стромкай вузкай лесвiцы, але, па чутках, выхадаў з яго было некалькi: цёмныя, нiзкiя праходы, якiя, напэўна, вялi да патаемных сховiшчаў у скале. Стагоддзямi нiхто iмi не карыстаўся i не цiкавiўся, але прынцэса захаплялася ўсiм таямнiчым i ведала праходы як свае пяць пальцаў. Часам яна нават палохала бацькоў - раптам узнiкала перад iмi нiбыта з паветра.
   Гэрмiёна сядзела ў глыбокiм фатэлi ля камiна i гартала нейкiя паперы. Прачытаць iх яна не магла, бо не хапала святла. Раптам на паперы ўпаў нечы цень. Прынцэса падняла вочы. Перад ёю стаяў чалавек. Як ён тут апынуўся, яна ведала не больш за нас з вамi, але зусiм не здзiвiлася i не напалохалася.
   - Ну што, - сказаў чарадзей (безумоўна, гэта быў ён), - ты ўсё яшчэ незадаволеная?
   - Учора, прынамсi, усё прайшло цудоўна, - прашаптала прынцэса.
   - Ты прачытаеш мне, што ён сказаў? - папрасiў чарадзей.
   - Дай святла, - загадала прынцэса.
   У тую ж хвiлiну пакой напоўнiўся залацiстым святлом. Гэрмiёна гартала паперы.
   - Рудольф, Рудольф, - мармытала яна. - А, вось i ён. Табе сапраўды цiкава, што сказаў гэты небарака?
   - Тое ж, што i iншыя?
   - А што ж яшчэ? Але гэта асаблiва ўдалы экземпляр, - хоць прынцэса й намагалася, каб яе голас гучаў абыякава, было вiдаць, што яна вельмi задаволеная.
   Яе цень, якi нiбыта жыў сваiм уласным жыццём, закалыхаўся, зморшчыўся i зрабiўся меней прыгожым. Прынцэса павярнула галаву i заўважыла гэта.
   - Зноў гэты цень за сваё, - раздражнёна сказала Гэрмiёна i загадала чарадзею: - Прыбяры яго!
   Цень знiк.
   Прынцэса ўтульней уладкавалася ў фатэлi i чароўным голасам, але iмiтуючы вясковае вымаўленне, пачала чытаць:
   "Мiласцiвая Прынцэса!
   Ва ўсе часы людзi шкадавалi мiнулае i баялiся будучынi, але нiколi яшчэ гэта не было так слушна, як цяпер. Бо ў мiнулым не было Прынцэсы Гэрмiёны; у далёкай будучынi, мiлы анёл (дай табе Бог жыць вечна), не будзе прынцэсы Гэрмiёны - не будзе дзеля каго жыць, не будзе дзеля каго гiнуць. Таму я кажу: няшчаснае ўчора, горкае заўтра! Я бласлаўляю сённяшнi дзень, бласлаўляю гэтыя чароўныя хвiлiны, калi жыццё i смерць злiлiся ў адно, каб саслужыць табе апошнюю службу, каб праспяваць апошнюю песню!"
   Прынцэса змоўкла, потым запытала звычайным голасам:
   - Хiба ён не заслужыў, каб яго з'елi?
   - Заслужыў, Ваша высокасць, яшчэ й як!
   - А цяпер, - зноў загаварыла прынцэса, i яе голас загучаў жыва i ўсхвалявана, - я хачу прачытаць табе нешта зусiм iншага кшталту. Нiчога падобнага я яшчэ не атрымлiвала.
   Цiхутка, нiбы сабака, якi завiнавацiўся, зноў прабраўшыся на сцяну, цень паказаў, што прынцэса нахмурылася ў задуменнi.
   Было з чаго. Лiст быў напраўду вельмi дзiўны. Аўтар шчыра прызнаваўся, што ён не надта смелы, не надта моцны i зусiм не ўмее бiцца. Ён нават мышэй баiцца, дык што ён можа супраць цмока? Ён пiсаў, што прынцэса, якая, на яго погляд, вылучаецца не толькi прыгажосцю, але i немалым розумам, першая зразумее марнасць гэткай ахвяры. Але ён увесь час думае пра яе, шкадуе яе i быў бы шчаслiвы зрабiць для яе якую-небудзь, хай сабе i невялiчкую, паслугу. Ягонае сэрца сцiскаецца, калi ён уяўляе, як пакутуе бедная прынцэса, калi чакае зыходу бойкi памiж цмокам i яе чарговым рыцарам. Як ён хацеў бы палегчыць гэтыя цяжкiя хвiлiны! Ён лiчыў бы за вялiкi гонар, каб Гэрмiёна дазволiла яму пабыць побач (няхай нават за дзвярыма) у горкi час выпрабавання.
   - Шкада, што не магу гэтага дазволiць, - уздыхнула прынцэса. - Ён мне падабаецца. Мне падабаецца, што ён не прапануе аддаць сваё жыццё. Мне падабаецца, што ён разумее, што жанчыне не надта прыемна глядзець, як мужчыны гiнуць праз сваю пыху ды славалюбства. Мне падабаецца, што ён лiчыць мяне разумнай. Мне падабаецца, што ён шануе мае пачуццi i гатовы быць побач у цяжкую хвiлiну, хоць нiякай славы гэтым не здабудзе. Я ўпэўненая, што, каб ён быў побач, дык заўсёды ведаў бы, у якiм я гуморы, i што мне патрэбна, ён увесь час клапацiўся б пра мяне. Ах, ён падабаецца мне з тысячы розных прычын! Мне нават падаецца, што я кахаю яго!
   - Ваша высокасць! Ваша высокасць! - занерваваўся чарадзей. - Прыгадайце, калi ласка, умовы заклiнання.
   - Паўтары мне iх, я забылася, - загадала прынцэса.
   - Калi ён любiць,
   А ты не,
   Дык хутка быць
   Яму ў труне,
   - весела прапеў чарадзей.
   - Вось i ўсё, што трэба ведаць, - уздыхнула прынцэса, якая, праўду кажучы, цудоўна памятала заклiнанне, - бо так заўжды было, так заўжды i будзе. Што ж, кажы далей.
   - Калi ён любiць,
   Як i ты,
   Дык шанец ёсць,
   Але якi?
   - прадэкламаваў чарадзей крыху цiшэй.
   - Але ж калi "ён" - гэта Конрад, дык ты мог бы паспрабаваць адгадаць, праўда? - какетлiва сказала прынцэса. - Ну, а якая апошняя ўмова?
   Чарадзей панiзiў голас да шэпту:
   - Калi ты любiш,
   А ён не,
   Нiшто цябе
   Не ўберажэ.
   - Ха, ха, ха! - зарагатала прынцэса, i цень на сцяне закалыхаўся, як матылёк над кветкай. - Мне ўсё роўна, я кахаю гэтага Конрада!
   - Ён яшчэ юнак, Ваша высокасць, яму ўсяго семнаццаць.
   - Мой улюбёны ўзрост, я кахаю яго!
   - Гэта летуценнiк, а не мужчына, ды яшчэ баязлiвец i гультай!
   - Я кахаю яго!
   - Пакуль вы чыталi, я выклiкаў ягоны вобраз: у яго няма пярэдняга зуба!
   - Мне абрыдлi прыгожыя твары з правiльнымi рысамi! Я кахаю яго!
   - Ён рудавалосы, увесь у рабацiннi ды яшчэ й неахайны.
   - Нiчога, я кахаю яго.
   - Ён любiць насякомых i розных гадаў, ягоныя кiшэнi поўныя павукоў ды сараканожак.
   - I я iх палюблю.
   - Яму падабаюцца вадаспады, кветкi, горы...
   - Кахаю яго яшчэ болей!
   - Але, - сказаў чарадзей, раптам зрабiўшыся суровым, - я не ўпэўнены, што ён кахае вас!
   - А, - ускрыкнула прынцэса, - дык менавiта таму я ў яго й закахалася!!!
   Абодва змоўклi. Цень уздыхнуў i споўз на падлогу.
   - Не можа быць, каб ён мяне не кахаў, - прамармытала прынцэса. - Мяне ўсе кахаюць, значыць, i ён таксама.
   Яна падняла вочы на чарадзея, чакаючы, што ён пацвердзiць, але той знiк. Тут Гэрмiёна заўважыла згубу.
   - Чарадзей! Чарадзей! - закрычала яна. - Ты забраў Конрадаў лiст. Вярнi яго!
   Але калi чарадзей i пачуў яе, дык не падаў выгляду. Калi Конрадаў лiст быў надрукаваны ў газетах, пасыпалiся абураныя водгукi. Палiчылi, што ягоная прапанова абражае прынцэсу. "Сын лесаруба наймаецца ў мамкi!" - крычалi загалоўкi газет. Вядома, тлумачылi газетчыкi, прынцэса хацела б, каб ёй было на каго абаперцiся ў цяжкiя хвiлiны, i кожны жадаў бы падтрымаць яе, пачынаючы з бацькi-караля. Яна цудоўна магла б абысцiся без сына лесаруба. Але прынцэса не хацела, каб нехта бачыў яе пакуты i пакутаваў праз гэта сам. Таму яна збiрала апошнiя сiлы i прымала цяжкiя ўдары лёсу ў адзiноце. Дзе ўжо хлопцу-недарэку зразумець такiя тонкiя пачуццi, пiсалi газеты, але куды глядзелi ягоныя бацькi?! Двух сыноў яны выхавалi героямi, але трэцi...
   Пасля смерцi Рудольфа Конрад быў такi няшчасны, што амаль не выходзiў з лесу: ён хадзiў па толькi яму вядомых сцежках, думаў пра братоў i часам плакаў. Сяброў у яго не было, i таму спачатку ён не тое, што не зважаў, а нават i не ведаў, якiя кплiвыя рэчы кажуць пра яго ўсе навокал. Але добрыя суседзi не маглi не растлумачыць ягоным бацькам, якую ганьбу наклiкаў iх малодшы сын на ўсю правiнцыю. Нават улады пачалi ўжо цiкавiцца, чаму гэта з iх мясцiн нашмат меней валанцёраў змагацца з цмокам, чым з iншых? Тут ужо пачала непакоiцца ўся правiнцыя, бо пайшлi чуткi, што чакаюць афiцыйнага прызыву юнакоў, якiя маглi б прадэманстраваць сваю адданасць i гераiзм каля замкавых муроў.
   Конрадавы бацькi ўсё гэта ад яго ўтойвалi. Вядома, iм было вельмi прыкра, што iх сын напiсаў такi недарэчны лiст, але яны бачылi, як цяжка ён перажывае смерць братоў, i не хацелi псаваць яму настрой яшчэ болей.
   Але даволi хутка Конрад пра ўсё даведаўся. Часам, калi ён гуляў па лесе, а асаблiва ўначы, зусiм побач пралятаў камень цi кiй. Калi ж ён падлавiў аднаго з нягоднiкаў - хлопца крыху маладзейшага за яго - i запатрабаваў растлумачыць прычыну такой увагi, той абазваў Конрада самымi брыдкiмi мянушкамi i недвухсэнсоўна сказаў, што Конрадаў лiст зганьбiў добрае iмя iх вёскi.
   Конрад доўга думаў i нарэшце вырашыў, што яму засталося толькi адно: ён павiнен сам бiцца з цмокам.
   Калi яго браты рыхтавалiся да бойкi, дык яны рабiлi розныя фiзiчныя практыкаваннi, выбягалi на прагулкi, нават не паснедаўшы, харчавалiся толькi карыснымi арганiзму пажыўнымi, але зусiм нясмачнымi стравамi. Убачыўшы якi-небудзь куст дзiўнае формы, яны ўяўлялi, што гэта цмок, прышпорвалi каня i раз'юшана накiдвалiся на яго з сякераю. Нiчога такога Конрад не рабiў, ды каб ён нават i паспрабаваў узмахнуць сякерай, не злезшы папярэдне з каня, дык абавязкова звалiўся б, бо добра трымацца на канi так i не навучыўся.
   Не захацеў ён i трацiць свае грошы, каб набыць прыгожыя дарагiя даспехi ды шалом з пёрамi. Яго зусiм не турбавала, спадабаецца ён гледачам цi не.
   Уся падрыхтоўка была вельмi простая i танная. Адзiнае, над чым яму давялося паламаць галаву, была прамова ў гонар прынцэсы.
   Конрад цудоўна ведаў, што павiнен вымавiць словы кахання, бо iначай цмок не з'явiцца. Але пасля смерцi Рудольфа ягоная абыякавасць да прынцэсы перарасла ў варожасць, амаль у нянавiсць. Ён не мог прымусiць сябе сказаць, што кахае яе, нават схлусiць не мог. Таму ён падбiраў такiя выразы, якiя дурному агiднаму цмоку падалiся б словамi кахання, а для прамоўцы азначалi б нешта зусiм iншае.
   Конрад, як i ўсе яго папярэднiкi, атрымаў афiцыйны лiст, запячатаны вялiкай чырвонаю пячаткай, у якiм было шмат камплiментаў i вызначаўся час бойкi. Конрад выехаў з дому вельмi рана, яшчэ ў прыцемку. Ён ехаў на канi, якога яму пазычыў бацька: конi цмока не спакушалi. Конрад з задавальненнем пайшоў бы й пешкi, але апроч ежы яму трэба было цягнуць сякеру, а да замка было далёка - семнаццаць мiль. На iм была старая вопратка, бо шкада было псаваць новую. Хлопец цiхенька ехаў па маўклiвых вулiцах, людзi спынялi працу i выходзiлi з хат, каб зiрнуць на яго. Усе ведалi, куды ён едзе, i якi лёс яго чакае. I хоць яны i не вiталi яго голасна, але ж i не кпiлi з яго. Ужо гэта было прыемна.
   Нарэшце на даляглядзе паўстаў замак, i Конраду да драбнiц прыгадалася ўсё, што ён бачыў два гады таму. Ажно душа зайшлася ў хлопца, але ён не спынiўся i мужна паехаў далей.
   Конрад не паспеў з'есцi свой сняданак, i торбачка з харчамi так i вiсела ў яго на шыi. Калi ён прыгадаў гэта, яму зрабiлася няёмка i боязна, што людзi пачнуць смяяцца. Але смяяцца амаль не было каму - нiкога не вабiў спектакль, бо ўжо занадта часта яго гулялi.
   I ўсё ж, калi ён пад'ехаў блiжэй да замкавых муроў, народ пачаў збiрацца. Нейкi маленькi хлопчык прадудзеў на трубе ў вуха Конрадаваму каню. Той напалохаўся, адскочыў убок, i, як Конрад нi хапаўся за ягоную грыву, конь усё ж яго скiнуў.
   Усе вакол зарагаталi. Ну як не пасмяяцца з героя, якi нават на канi ўтрымацца не можа?!
   Конрад пасаромеўся зноў залазiць на каня i ўзрадаваўся, калi нейкi добразычлiвы чалавек прапанаваў патрымаць жывёлiну, пакуль Конрад будзе заняты з цмокам.
   Конрад уяўляў сабе, як дзiўна ён выглядае: пешкi, у запыленай вопратцы, ды яшчэ з сякерай, на якую ён абапiраўся, як на кiй. Натоўп, якому падабалiся прыгожыя, вясёлыя, зухаватыя героi, прыняў яго вельмi халодна.
   Зусiм iначай на яго з'яўленне адрэагавалi ў замку. Прыцiснуўшыся тварам да вакна i стаiўшы дыханне, прынцэса Гэрмiёна назiрала за кожным ягоным крокам. "Гэта ён, гэта мой Конрад! - у захапленнi шаптала яна. - Ах, чарадзей, ну, пачакай яшчэ хвiлiну! Дай мне яшчэ разок зiрнуць на яго!"
   Конрад усё блiжэй падыходзiў да замка, яму вельмi хацелася чым-небудзь парадаваць гледачоў, але ён толькi i здолеў, што нервова ўсмiхнуцца. У ягонай кiшэнi ляжала пляшачка з хлараформам, якую ён папярэдне загарнуў у насоўку. Яшчэ нiхто да яго не спрабаваў выкарыстаць супраць цмока што-небудзь, апроч звычайнай сталi.
   Раптам Конрад заўважыў, што вакол нiкога не засталося. Гадзiннiк на замкавай вежы прабiў тры разы. Час надышоў!
   Конрад павольна зняў капялюш, у якiм ляжала паперка з напiсанай на ёй прамовай на той выпадак, калi раптам усе словы вылецяць з галавы. Потым ён укленчыў i сказаў:
   - Найчароўнейшая прынцэса! Нарэшце надышла хвiлiна, якую я так доўга чакаў. З якiмi пачуццямi? Здагадацца не цяжка. Тыя, што прыходзiлi сюды да мяне, узносiлi табе хвалу, дык хто я такi, каб дадаць да iх словаў хоць гук? Але ж я ведаю, што ты, дарагая прынцэса, шануеш не словы, але сэрца, з якога яны сыходзяць.
   У гэтую хвiлю скала расчынiлася i над Конрадам навiс цмок. Ён разявiў пашчу, з якой высунуўся доўгi чырвоны язык. Юнак адчуў на сваiм твары гарачы цмокаў подых. Словы замерлi на ягоных вуснах, але, прыгадаўшы, што ў капелюшы ляжыць напiсаная прамова, Конрад дастаў паперку i загаварыў зноў:
   - Усе аднолькава кахалi цябе, але не ўсе маглi красамоўна выказаць свае пачуццi. Некаторыя казалi, што iх каханне хоць i вялiкае, але яно ўсяго толькi жолуд, якi з часам ператворыцца ў магутны дуб. Але калi я прыгадваю, што ты зрабiла для мяне: выратавала ад сумнага жыцця ў закiнутай лясной вёсцы; падняла з невядомасцi на вяршыню славы; летуценнiк зрабiўся ваяром, гультай стаў паляваць на цмокаў! - дык у мяне не хапае словаў, каб аддзячыць табе, i я не магу кахаць цябе болей, чым кахаю цяпер!
   Сама нервовыя з гледачоў ужо заплюшчылi вочы. А тыя, у каго нервы былi мацнейшыя i хто не зводзiў позiрку з Конрада i з цмока, убачылi незвычайную рэч. Цмок быў нiбыта не ў сабе: ён хiстаў галавою з боку ў бок, доўгi язык лiзаў пыл каля Конрадавых ног. Конрад нязграбна выцягнуў з кiшэнi насоўку, скруцiў яе i кiнуў у цмокаву пашчу. Жывёлiна вылупiла вочы, закхэкала, завiшчала i ўжо не выглядала гэтак жудасна. Конрад падняў сякеру i наважыўся ўдарыць па цмокавай шыi. Удар быў няўмелы (не такi ўдар павiнен быў бы быць у сына лесаруба), але так цi iначай, усе ўбачылi, як з раны на цмокавай шыi пацякла цёмна-зялёная кроў.
   Цмок не ўтрымаўся i вывалiўся са скалы зусiм побач з Конрадам, якога шалёнымi крыкамi падбадзёрваў натоўп. Той ударыў яшчэ й яшчэ раз. У цмока быў вельмi здзiўлены i бездапаможны выгляд, цяпер з iм магло б расправiцца нават немаўля. Конрад сек шыю, нiбыта то было спiлаванае дрэва. Ён збiраўся ўжо святкаваць перамогу, калi цмок, сабраўшы апошнiя сiлы, здолеў запаўзцi ў сваю дзiрку. Скала за iм адразу зачынiлася.
   Поле бiтвы засталося за Конрадам.
   Радасныя крыкi спынiлiся, нiхто не ведаў, што рабiць цяпер, i менш за ўсiх сам Конрад, якi, нiбыта зачараваны, застаўся стаяць каля лесвiцы. Усе, вядома, зразумелi, што цмок моцна паранены, але, можа, ён збiрае сiлы для новай вылазкi?! Цяжка было паверыць, што непераможнага цмока забiў просты сялянскi хлопец.
   Але час iшоў, цмок не з'яўляўся, людзi адзiн за адным пачалi падыходзiць да Конрада i вiншаваць яго i сябе. I вось ужо ўвесь натоўп вакол плакаў i смяяўся ад нечаканай радасцi.
   Нарэшце радасныя крыкi пачулiся i ў замку, замiльгацелi рознакаляровыя насоўкi, у кожным акне з'явiўся святочны сцяг. З замка ў афiцыйным убраннi, з каронаю на галаве i скiпетрам у руцэ, выйшаў кароль. Разам са шматлiкай свiтай ён накiраваўся да лесвiцы. Прыдворныя вакол яго весела балбаталi i смяялiся, але было вiдаць, што ўрачыстая сустрэча пераможцы не была падрыхтаваная. I гэта цалкам зразумела, бо хто ж мог чакаць, што нейкi сын лесаруба пераможа жахлiвую пачвару?!
   Прыдворныя крычалi Конраду, каб ён падымаўся ў замак, але ён нiчога не мог зразумець, i тады нехта падпiхнуў яго ўгору па лесвiцы да караля. Убачыўшы, што Конрад падымаецца, кароль пайшоў яму насустрач. Яны сустрэлiся на сярэдзiне лесвiцы. Кароль абняў i пацалаваў Конрада, а потым павёў яго ў палац.
   - А цяпер я хачу пазнаёмiць вас са сваёй дачкою, прынцэсай, - урачыста сказаў кароль, калi яны паднялiся на верхнюю пляцоўку лесвiцы, i прыдворныя кiнулiся вiншаваць пераможцу. - Але дзе ж прынцэса? Напэўна, адышлася некуды, зараз з'явiцца. Шкада, што яна прапусцiла такое вiдовiшча.
   - Гэрмiёна! Гэрмiёна! - чыстымi звонкiмi галасамi клiкалi фрэйлiны, зазiраючы ў вокны палаца. Людзi, якiя стаялi за замкавымi мурамi, падхапiлi: "Гэрмiёна! Мы хочам бачыць прынцэсу Гэрмiёну!" А калi ўлiчыць, што да замка збеглiся людзi з усяго горада, дык не дзiўна, што крык "Гэрмiёна!" можна было пачуць за сотню мiль.
   Але Гэрмiёна ўсё не выходзiла. Людзi ахрыплi, фрэйлiны кашлялi i непаразумела глядзелi адна на адну. Кароль нахмурыўся, ён адчуваў, што прынцэсе даўно пара ўжо выйсцi да народу. А прынцэсы ўсё не было.
   - Дзе ж яна? - хвалявалiся прыдворныя. - Трэба тэрмiнова знайсцi яе, але паведамiць пра ўсё вельмi асцярожна, каб не разнерваваць.
   Конрада неяк адцiснулi ад караля, i ён пайшоў у палац разам з прыдворнымi. Некалькi чалавек паабяцалi яму, што пакажуць, куды iсцi, але з гоманам i смехам кожны далучаўся да сваiх сяброў, i так атрымалася, што Конрад застаўся ў доўгiм цёмным калiдоры зусiм адзiн. Але калi ён добра прыгледзеўся, дык убачыў у канцы калiдора нейкую постаць. Конрад крыкнуў чалавеку, каб той пачакаў, i шпарка пайшоў па калiдоры да яго. Постаць пачала хутка аддаляцца, Конрад iшоў за ёй, але дагнаць не мог. Так яны iшлi праз незлiчоныя дзверы, кароткiя i доўгiя праходы, спускалiся па сходах, якiя вялi ўсё нiжэй i нiжэй у тоўшчу скалы. Конрад адчуў халодны подых сутарэння на твары i руках. I вось нарэшце расчынiлiся яшчэ адны дзверы, правадыр знiк, а Конрад увайшоў у невялiчкi пакой. На канапе каля сцяны ляжала прынцэса, галава ў яе была павернутая ўбок, а на бялюткай шыi зеўрала страшная рана. На сцяне быў цень, якi мог жыць, пакуль жыла прынцэса. I ледзь Конрад убачыў неверагодную прынцэсiну прыгажосць, як цень растаў.
   Конрад укленчыў каля ложка. Невядома, колькi часу ён правёў так, але калi падняў галаву, то ўбачыў, што ў пакоi было поўна народу.
   - Ты забiў яе! - ускрыкнуў нехта.
   Конрад падняўся.
   - Я не забiваў яе. Я забiў цмока.
   - Паглядзiце, - сказаў нехта iншы, - у яе на шыi такая самая рана.
   - Гэтую рану я нанёс цмоку.
   - А гэта што? - запытаў трэцi i паказаў на скрутак бавоўны, якi быў зацiснуты ў прынцэсiнай руцэ.
   Чалавек узяў з рукi скрутачак i разгарнуў яго. Пакой адразу напоўнiўся пахам хлараформа. Гэта была Конрадава насоўка, ў куточку якой было вышытае ягонае iмя.
   - Дык ты яшчэ й атруцiў яе?! - уздыхнуў натоўп.
   - Гэтую атруту, - адказаў Конрад, - я кiнуў у пашчу цмока.
   Двое цi трое прысутных згодна закiвалi галавой, але астатнiя закрычалi:
   - Але калi ты яе не забiваў, дык чаму ж яна памерла?
   Конрад затулiў твар рукамi.
   - Нашто мне было забiваць яе? Я кахаю яе, - вымавiў ён ледзь чутна. - Я забiў цмока.
   Усе заварожана глядзелi на яго i нiчога не казалi. Тады ён дадаў:
   - Але цмокам была прынцэса.
   Падняўся страшэнны шум i гвалт, i з крыкамi: "Хлус! Здраднiк! Забойца!" Конрада выкiнулi з пакоя.
   Афiцыйная версiя была такая: прынцэса сустрэла сваю смерць, калi спрабавала абаранiць Конрада ад цмока. Калi ў Конрада пыталiся, цi праўда гэта, ён не адмаўляўся.
   Як пераможца цмока ён быў папулярны зусiм нядоўгi час, i, наадварот, усё астатняе жыццё на iм ляжала ганебнае таўро: праз яго загiнула прынцэса.
   Усе - i малыя i старыя - лiчылi, што Конрадава вiна была ў тым, што ён ужыў хлараформ.
   Цяжкiя часы, якiя перажыла краiна пад цмокавай уладай, хутка забылiся, а слава аб прынцэсе Гэрмiёне - нацыянальным скарбе - расла i шырылася ў сэрцах яе суродзiчаў.
   Пераклала Алена Арлова