- Гэта што, допыт?
   - Я не прасiў цябе. Ты прыйшоў сам, каб "раскрыць душу", параiцца.
   - Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбiралi справы некаторых з тых, хто пiсаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былi аб'ектыўнымi.
   - Мы разбiралi кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялi часам лiбералiзму. Мiж iншым, некаторых з iх браў пад абарону ты. З пазiцый высокага гуманiзму. А Шыковiча хацеў выключыць за ўчынак сына.
   - Падбiраеш факты?
   - Не. Проста прыгадваю. Факта даволi аднаго. Якiя яшчэ патрэбны факты?
   Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкiя крокi.
   "Дзын-дзон, дзын-дзон", - дзiўны стук маятнiка ў гадзiннiка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якiя ад удару па-рознаму гучаць.
   - Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?
   - Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькi за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш - разам працаваць.
   - Так нават?
   - Уявi, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госцi. Не чакай, не прыйду.
   - Ясна.
   - Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.
   - Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.
   - Бывайце.
   Тыя ж цяжкiя крокi, гулкiя на паркеце, мяккiя, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулi дзверы. Ляпнулi другiя, з таго боку.
   "Бывайце"? - Гукан не помнiў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвiцы, успомнiў, што так адказаў Тарасаў - на "вы". Гэта яго чамусьцi ўразiла больш, чым уся размова. Ён спынiўся, падставiў успацелую лысiну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкi.
   Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такiя справы. На каго цi на што ён мог мець надзею?! Павiнен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калi пазванiў Шыковiчу i папрасiў сустрэцца. Як той, нахабнiк, адказаў!
   "Калi ласка, Сямён Парфёнавiч! Заходзьце заўтра пасля дванаццацi ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма".
   Здзекаваўся, пiсака няшчасны!
   "Ох, распусцiлi вас. Спахопiцеся!" - Ён выходзiў i пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такiя метады кiраўнiцтва.
   На першым паверсе яму зрабiлася цяжка дыхаць, нiбы ён спускаўся не ўнiз, а падымаўся высока ўгору. Ён спынiўся каля мiлiцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:
   - Гады.
   Маладзенькi мiлiцыянер стукнуў абцасамi i бадзёра пацвердзiў:
   - Так точна, таварыш Гукан!
   Сямён Парфёнавiч выйшаў на вулiцу. Як нiколi, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. I кожны трэцi з мiнакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставалiся два днi.
   Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мiтусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасцi, чым само свята. Ён, гаспадар, любiў у такiя днi аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як iдзе гандаль? Але яму нiколi не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзiў, а больш ездзiў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзiўна супакоiла. Ён залажыў рукi за спiну, згорбiўся больш звычайнага i рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, i якраз там, дзе асаблiва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалi па слiзкiм тратуары. Сямён Парфёнавiч вылаяў у думках трэст ачысткi. Вось зараз ён прачысцiць iм мазгi! I пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павiнен прывучыць сябе не хвалявацца i хадзiць толькi вось так - не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.
   Убачыўшы людзей з пакупкамi, ён успомнiў, як жонка сказала днi два назад нiбыта жартам, а магчыма, i з крыўдай:
   "Даўно ты, Сеня, падарункаў мне нiякiх не рабiў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года".
   Сямёну Парфёнавiчу раптам захацелася быць добрым, i ён пайшоў ва ўнiвермаг.
   Людзей - не прабiцца. Ён успомнiў, што паслаў ужо два пiсьмы ў Дзяржплан рэспублiкi з просьбай асiгнаваць сродкi на будаўнiцтва другой унiверсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.
   "Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, - зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвiлiну мусiў прызнаць: - Пабудуюць. Цяпер лёгка". Усё, што будзе рабiцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкiм.
   Рост яго дазваляў заглядваць на палiцы праз галовы людзей. Што купiць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзiў з аддзела ў аддзел. Вiдаць, нехта з работнiкаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькi цяпер прыкмецiў, што ўнiвермагам загадвае такi малады чалавек. Гэта яму чамусьцi не спадабалася.
   Дырэктар скардзiўся:
   - Мала тавараў, Сямён Парфёнавiч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
   - Парайце, што купiць у падарунак жонцы.
   - Сямён Парфёнавiч! - з дакорам зазначыў дырэктар. - Пазванiлi б. Што вам самiм хадзiць?
   "Падхалiм", - падумаў Гукан i строга адказаў:
   - Я гэтага не люблю.
   Аднак не адмовiўся пайсцi ў кабiнет дырэктара.
   - Што б вы хацелi? - спытала таваравед, жанчына, ад погляду i ўсмешкi якой, здавалася, рабiлася святлей у змрочным кабiнеце.
   "Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну", - усё больш i больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:
   - Далiбог, не ведаю. На ваш густ.
   - Колькi год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:
   - Пенсiённы век.
   У чароўных вачах тавараведкi скокнулi чорцiкi:
   - Ёсць цудоўныя шалi. Ёсць венгерскiя кофтачкi.
   Гукану хацелася спытаць: "А на прылаўках яны ў вас ёсць?" Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.
   - Давайце шаль. Давайце кофтачку.
   - Вось гэта муж! - аднагалосна ўхвалiлi ўсе тры жанчыны, якiя прысутнiчалi ў кабiнеце, хоць на самiх iх былi найлепшыя iмпартныя кофтачкi, такiя, якiх яго жонка бадай што нiколi не насiла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там нi здарылася, а ён такi добры чалавек быў i ёсць.
   На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзiла нямнога, з Гуканам прывiтаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамi ў руках i размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе i калi сустракаўся з iм, Сямён Парфёнавiч нiяк не мог. I раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач.
   - Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архiтэктар. З наступаючым Новым годам.
   - Дзякую. Вас таксама.
   - Мне захацелася сказаць вам, што праект, якi я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленiнградзе атрымаў першую прэмiю.
   - Вiншую вас.
   - Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хвалiць, а пасля столькi валаводзiць i... адхiлiць...
   - Тут ужо не мая вiна. Вашы калегi...
   - Не валiце з хворай галавы...
   Гукан спынiўся, уражаны нахабнасцю i дзёрзкасцю маладога архiтэктара.
   - Малады чалавек! Не забывайце!..
   - Я нiчога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагi да людзей i да праектаў. Выселкi забудоўваюцца дрэнна, - хлопец адсалютаваў левай рукой i пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы i чакала.
   Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае - пра яго далейшы лёс - не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпiзод. Хiба не званiлi яму раней, не пагражалi, не пiсалi ананiмных пiсьмаў з самымi страшнымi пажаданнямi? Ён не звяртаў на iх увагi. Часам толькi паказваў у гаркоме, у абкоме i як бы выхваляўся: "Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нiкому з вас не прыйшло нiводнага такога пiсьма".
   Але выхадка гэтага творцы ў такi дзень!..
   "З Новым годам павiншаваў... Паганец! Малакасос! Распусцiлi вас. Ох, распусцiлi!"
   Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую вiну (ён не лiчыў яе такой цяжкай, як лiчыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваiмi заслугамi, ваеннымi, пасляваеннымi. I раптам гэты тып, недапечаны архiтэктар, замахваецца на апошнiя заслугi - у адбудове горада. "Выселкi забудоўваюцца дрэнна". "Саплякi! Папрацуйце вы столькi, колькi папрацаваў Гукан".
   Сямён Парфёнавiч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, i цяжка ўздыхнуў.
   Можна было iсцi дадому - рабочы дзень канчаўся. Але яму чамусьцi зрабiлася страшна iсцi ў пустую кватэру цi, можа, наадварот, стала страшна не наведацца пасля такiх размоў у свой службовы кабiнет, у якiм ён ужо многа год адчуваў сябе спакойна i ўпэўнена.
   Рабочы дзень быў кароткi - напярэдаднi выхаднога. Але да канца яго заставалася яшчэ добрыя паўгадзiны. Аднак работнiкi разыходзiлiся. Праўда, убачыўшы старшыню, многiя збянтэжылiся, вярнулiся. Гукан умеў трымаць дысцыплiну, i яго баялiся. Ён не помнiў, каб калi-небудзь вось так разыходзiлiся. Гэта яго таксама спалохала. "Няўжо пранюхалi? Трэба сабраць усiх, даць адчуць, што я яшчэ старшыня. Ну i павiншаваць з наступаючым". I тут жа падумаў, што выйдзе так, як павiншавалi яго на плошчы. Але не праз гэта ён не стаў збiраць супрацоўнiкаў. Яго ашаламiла, што няма сакратаркi. I пустата ў прыёмнай - нiводнай жывой душы. "Гэты пiсака мог раззванiць па горадзе раней, чым прынята рашэнне", - падумаў ён пра Шыковiча з такой злосцю, што ажно балюча затахкала сэрца.
   Ён асцярожна распрануўся, сеў у сваё зручнае крэсла, адкiнуўся на спiнку, выцягнуў ногi. Толькi цяпер адчуў, як моцна змарыўся, зусiм разбiты, усё цела ные. Адпачынак прынёс заспакаенне. Ён доўга сядзеў, нерухома i бяздумна. Нiкога не хацелася выклiкаць, нiкога не хацелася бачыць. Толькi калi ў калiдоры загудзелi крокi i галасы - супрацоўнiкi выходзiлi ўсе адразу, ён як бы схамянуўся, глянуў на гадзiннiк - было роўна тры - i падумаў зноў са злосцю:
   "Адной хвiлiны лiшняй не хочуць папрацаваць. А я працаваў. Начамi". I яму захацелася, на злосць усiм, працаваць да позняга вечара. Але што рабiць?
   Пазванiў свайму старому сябру Мухлю.
   - Пятро Макаравiч! З наступаючым... Прабач, брат, але навагоднi баль наш адмяняецца. Занядужала мая палавiна. Дзякую. Перадам. Тваiм таксама.
   Трэба яшчэ двум чалавекам званiць - адмяняць запрашэнне. А жонка нiчога не ведае i, безумоўна, заклапочана, як найлепшым чынам прыняць гасцей. Пазванiць ёй? Але што сказаць, як растлумачыць? Яму зрабiлася шкада жонкi. I падарункi, якiя купiў, здалiся мiзэрнымi i непатрэбнымi. Хiба мала ў яе анучак гэтых? Цяпер, як нiколi раней, ён зразумеў, што яна - той адзiны чалавек, якi нiколi не пакiне яго, што б нi здарылася, з якiм яму давядзецца дажываць свае пенсiённыя гады. Ён адчуў удзячнасць жонцы, i захацелася зрабiць ёй нешта больш прыемнае, чым гэтыя падарункi.
   Заказаў Менск. Далi хутка, хвiлiн праз дзесяць. Адказала дачка.
   - Ала?! Здарова была. Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабi ты маме навагоднi падарунак. Якi? Бяры нашчадка, сядай у цягнiк - i да нас пад Новы год. Што? У Вовiка панос? - Зразумеўшы, што дачка не прыедзе, што ёй даражэй за ўсё на свеце гэты лабасты Вовiк, Сямён Парфёнавiч узлаваўся: - Панос, панос... - i гаркнуў на ўвесь кабiнет: - У мяне таксама панос! - i сярдзiта кiнуў слухаўку.
   Размова з дачкой як бы даканала Сямёна Парфёнавiча. Ён пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамi хворага адчынiў шуфляду стала, дастаў цюбiк з валiдолам, укiнуў таблетку ў рот.
   Увайшоў Кушнер.
   Гукан не любiў свайго намеснiка, але ў гэты раз узрадаваўся, што ён прыйшоў: хоць з кiм-небудзь пагаварыць, забыцца на ўсё. Можна нават заняцца справамi - апошняй справай года, якi мiнае.
   - З наступаючым, Сямён Парфёнавiч.
   - Цябе таксама, Iван Фёдаравiч.
   Кушнер сваёй адзiнай левай рукой моцна, да болю, сцiснуў правую руку старшынi, зблiзку зазiрнуўшы ў твар.
   - Нешта ў цябе, Сямён Парфёнавiч, несвяточны выгляд.
   Гукан паскардзiўся:
   - Сэрца зноў. Бачыш, валiдол смакчу.
   - Але, iнвалiды мы з табой.
   - Ну, ты яшчэ iнвалiд баявы. А я, брат, усё. - I даверлiва прызнаўся: Хачу прасiцца на пенсiю.
   - Ды што вы! - шчыра здзiвiўся Кушнер.
   - Як думаеш, персанальную дадуць?
   - Безумоўна. Каму ж тады даваць.
   - Ты ведаеш усе мае заслугi?
   - А хто iх не ведае! Ты сам iх распiсаў...
   Гукана ўсяго перасмыкнула.
   - Здзекуешся? - пабялелымi дрыжачымi вуснамi прашаптаў ён.
   Кушнер сумеўся:
   - Сямён Парфёнавiч! Далiбог, нiчога дрэннага не падумаў. Меў на ўвазе тваю кнiгу. А выйшла бог ведае што... Дурны ў мяне язык! Вы ж ведаеце. Прабачце.
   Гукан супакоена падумаў:
   "Гэты яшчэ не ведае, - але тут жа падумаў пра другое: - А даведаецца, злараднiчаць не будзе. Проста скажа, як i той: "Не хачу падаць табе рукi". I ён адчуў нечаканы прылiў нянавiсцi да iх - да Тарасава, да Шыковiча, да Кушнера, да Яраша, да гэтага маладога архiтэктара - за тое, што яны такiя, у нечым галоўным не такiя, як ён.
   35
   Пасля сустрэчы ў кiно Славiк пачаў дзейнiчаць даволi рашуча. Спачатку званiў у бальнiцу. Маша або не падыходзiла да тэлефона, або падыходзiла i ў адказ на яго прапановы сустрэцца смяялася.
   Тады ён вырашыў схадзiць да яе на новую кватэру. Двойчы падыходзiў да дома, падоўгу блукаў вакол. Але ўвайсцi - не хапала рашучасцi. Каб Маша жыла адна. А то з ёй - нейкая Зося Савiч, пра якую бацька напiсаў у газеце як пра гераiню падполля, значыцца, не маладая ўжо. Столькi часу ён выпрацоўваў у сабе незалежнасць, бессаромнасць, абвяшчаў вайну ўсiм умоўнасцям, якiя ўстанавiлi людзi, а прыйшло да паверкi, i ён, выходзiць, як усе, як вучань восьмага класа, якi ўпершыню прыйшоў на спатканне. Смешна! Ён здзекаваўся з сябе, каб раззлавацца i, сапраўды плюнуўшы на ўсе ўмоўнасцi, пайсцi ў гэты дом i сказаць пры ўсiх, што ён кахае гэтае рыжае дзiва. Але нiчога не выходзiла. Рашучасцi хапала да дзвярэй...
   Нарэшце ў трэцi раз ён з ходу ўскочыў на другi паверх, з ходу нацiснуў на званок. Адчынiлi адразу, быццам чакалi каля дзвярэй. Адчынiла Зося. Агледзела яго, стыльна апранутага, трохi падазрона.
   Ён спытаў:
   - Маша дома?
   Тады яна, вiдаць, здагадаўшыся, прыветлiва ўсмiхнулася:
   - Няма. Ды вы заходзьце, калi ласка. Пачакайце, я думаю, яна хутка вернецца.
   Але яго чамусьцi збянтэжыла гэтая маленькая жанчына ў халаце, яе ўсмешка, яе цiкаўнасць, з якой яна разглядала яго. I Славiк не здолеў адразу ж пераступiць парог. А ў наступны момант адбылося недарэчнае. Яна спытала:
   - Вы - сын Кiрылы Васiльевiча?
   - Не. Не ведаю я нi Кiрыла, нi Мяфодзiя.
   - О, тады i я вас не ведаю. I не магу пусцiць у кватэру, - сказала яна без усмешкi, самым сур'ёзным чынам, i зачынiла дзверы.
   Славiк застаўся на пляцоўцы адзiн, як дурань, якога прагналi з вяселля. Ён гатовы быў адкусiць свой балбатлiвы язык. Якi д'ябал штурхнуў яго адмовiцца, што ён сын Кiрылы Васiльевiча? Чаму? Прыйшлося зноў збегчы ўнiз i зноў блукаць каля дома. Але Маша, якая павiнна была "хутка прыйсцi", як на злосць, не з'яўлялася. А ён, Славiк, быў не вельмi цярплiвы. Звык, каб жаданнi яго здзяйснялiся неадкладна.
   Зноў званкi ў бальнiцу. Зноў смех у адказ. "Славiк! Не дуры галаву!" - "Я памру". - "Абяцаю быць на тваiм пахаваннi".
   У наступную суботу яму амаль пашанцавала. Ён убачыў Машу на катку. Не адну, з Тарасам. Шчаслiвы сапернiк вучыў яе катацца. Яна толькi-толькi навучылася стаяць на каньках i, як дзiця, рабiла першыя крокi. Ён, Славiк, прыйшоў без канькоў - заглянуў проста так, ад суму. Вось выпадак! Што рабiць? Бегчы дадому па канькi? Але пакуль туды ды назад... Убачыў аднаго са сваiх школьных сяброў - да яго:
   - Дай канькi!
   Той паказаў кукiш:
   - Свае май.
   Славiк схапiў яго загрудкi:
   - Дай канькi, а то выб'ю душу!
   - Ты што, звар'яцеў? Мiлiцыянера паклiчу.
   - Дай канькi. Можаш ты зразумець, янычар? Трэба адной марсiянцы сказаць два словы.
   - То так бы адразу i казаў, - здаўся сябра, зацiкаўлены, хто ж яна, гэтая "марсiянка"?
   Бацiнкi аказалiся малыя. Славiк усё-такi нацягнуў iх. Цiснулi да вострага болю. Напляваць. Каб там былi набiты нават цвiкi, ён усё адно не адступiў бы. Кiнуў на снежны бар'ер палiто, шапку, не клапоцячыся, хто будзе вартаваць iх. Чорт з iм, з палiто! Мацi купiць новае! Як вецер, вырваўся на ледзяное поле. Спрытна лавiруючы, пайшоў супраць плынi канькабежцаў, каб хутчэй дабрацца да чырвонай шапкi i блакiтнага свiтэра, з якiх ён не спускаў вачэй, пакуль надзяваў канькi. Падляцеў ззаду, схапiў Машу за руку. Яна войкнула, але, убачыўшы, што гэта Славiк, засмяялася.
   - Вiтаю вялiкiх спартсменаў эпохi! Хочаш, за паўгадзiны я зраблю з цябе рэкардсменку?
   - А цi не замнога самаўпэўненасцi? - Расчырванелая, яна ўся свяцiлася, ззяла, сыпала з вачэй такiя ж вясёлыя iскры, як блёсткi на снезе ад святла лiхтароў.
   Тарас, пэўна, не надта ўзрадаваны, што з'явiўся гэты шалапут, сказаў, аднак, з клопатам:
   - Што ты так лёгка? Прастудзiшся.
   - Брыгадзiр! Ты дрэнна ведаеш свае кадры!
   Маша зазвiнела смехам.
   Падтрыманая за абедзве рукi двума даволi спрактыкаванымi канькабежцамi, яна пайшла больш упэўнена, хутка, смела.
   Шоргат соцень канькоў, галасы i смех, дзесяцiградусны мароз, ззянне iнею, iскрыстае святло лiхтароў, пах елкi - елка ўжо стаяла пасярод катка, але не была яшчэ ўпрыгожана i асветлена, - усё гэта п'янiла, напаўняла ўзнёслымi жаданнямi, весялосцю.
   - Мiсiс марсiянка! Корпус наперад! Вось так. Глядзi на мае ногi! Не глядзi на яго! Ён жа ходзiць, як лось на лёдзе. - Пад нiбыта бяскрыўднымi жартамi хаваўся намер, можа, нават i несвядомы, асмяяць, прынiзiць свайго сапернiка. Пройдзем удваiх, i я пакажу табе вышэйшы клас фiгурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так.
   Славiк паспрабаваў абняць дзяўчыну за талiю, але яна адхiлiлася i вырвала сваю руку. Славiк ламаў галаву, якiм чынам адшыць Тараса i хоць на кароткi час застацца з ёй з вока на вока. Тады ў гэтым карагодзе ён, напэўна, здолеў бы сказаць ёй пра свае пачуццi. А сказаць трэба сур'ёзна i горача, каб яна паверыла, каб зноў не палiчыла гэта за легкадумны жарт, на яго звычайную безадказную балбатню. Недарэчна ўсё выходзiць! Можа, упершыню ў жыццi яму захацелася пагаварыць з дзяўчынай з усёй сур'ёзнасцю, i няма як. Магчыма, што ўрэшце ён усё-такi нешта прыдумаў бы. Але калi ўжо не шанцуе, то не шанцуе да канца. Усё складвалася так, каб перашкаджаць яму. Немаведама адкуль з'явiўся Яраш з усiм сваiм вывадкам - з Наташай, Вiцем. Яны адразу падхапiлi Машу. Побач з iмi пайшоў i Тарас. Уся сям'я сабралася! I ён, Славiк, аказаўся як бы лiшнi. Колькi хвiлiн ён круцiўся вакол гэтага сямейнага ансамбля, выпiсваючы самыя адмысловыя фiгуры. Яму хацелася паказаць свой спрыт, уменне. Але раптам сам Антон Кузьмiч вырваўся наперад i зрабiў два-тры такiя вiражы вакол Славiка, што хлопец, пры ўсёй сваёй несамакрытычнасцi, зразумеў: здзiвiць свет яму няма чым. А тут яшчэ падляцеў дурань сябра з яго, Славiкавым, палiто i шапкай i закрычаў, парасё, на ўвесь каток:
   - Аддай мае канькi!
   Размовы не адбылося. I ўвесь наступны тыдзень Славiк быў заняты тым, што пiсаў Машы пiсьмы. Увогуле ён не любiў пiсаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланнi. Пiсьмы не падабалiся яму: яны былi сентыментальныя, як Iрынiн дзённiк. А ён ненавiдзеў залiшнюю чуллiвасць. Хацелася сказаць пра сваё каханне проста, але гэтак шчыра, каб яна адразу паверыла. Цяпер ён добра разумеў, што толькi вера ў сур'ёзнасць яго прызнання можа нарадзiць у Машы гэтакiя ж пачуццi. Толькi такiм чынам можна перамагчы сапернiка, а не дуэллю, бойкай, сваркай, знявагай, крыўляннем цi якiм iншым глупствам. Але такiя шчырыя пiсьмы не выходзiлi. Выявiлася, што напiсаць так, каб табе паверылi, гэта зусiм нялёгка.
   * * *
   Сакратар камiтэта Валодзя Клецень перабiраў у шуфлядзе стала паперы i доўга не пачынаў гаворкi. Тарас зразумеў, што размова мае быць далiкатная i Валодзя, хлопец добры i мяккi, хоча, каб пачала яе Вера Куцькiна, лабарантка, сябра камiтэта. Гэтая нязграбная, высокая, у чорных акулярах дзяўчына сядзела каля стала i вельмi ўважлiва чытала нейкую чарговую доўгую пастанову вышэйшага камсамольскага органа.
   Вера ў камiтэце - спецыялiст па маральна-бытавых пытаннях. Усе на заводзе ведалi яе гнеўную непрымiрымасць да ўсялякiх амаральных учынкаў. Тарас таксама цанiў яе прынцыповасць: нiкому не змоўчыць, калi трэба, - нi дырэктару, нi парторгу. Таму ўсе пакрыўджаныя, асаблiва дзяўчаты, iшлi да яе. Але што датычыць яе высокiх маральных прынцыпаў, то Тарасу здавалася, што Куцькiна не заўсёды бывае шчырая, што гнеў яе да парушальнiкаў гэтых прынцыпаў - не ад глыбокага пераканання, душэўнай чысцiнi i дабраты, а хутчэй - ад злосцi на людзей за тое, што самую яе прырода пакрыўдзiла. Таму Тарас трохi недалюблiваў гэтую дзяўчыну. Не падабалася яму, што яна залiшне ўважлiва прыглядаецца да яго брыгады, быццам паставiла сабе за мэту: абавязкова знайсцi крамолу. Генрых сказаў ёй аднойчы:
   - Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калi ласка, што мы не ангелы, мы - людзi. Маладыя хлопцы.
   Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькiна праявiць iнiцыятыву. Сказаў:
   - Давай, Вера, ты... выкладвай...
   Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, блiснула акулярамi, крутнула галавой.
   - Ох, лiберал! - I павярнулася да Тараса: - Даклад кароткi. Я патрабую, каб гэтага твайго пiжона Шыковiча выцягнулi на камiтэт.
   - Завошта?
   - Ён пакрыўдзiў дзяўчыну Нiну Байкач.
   - Як пакрыўдзiў?
   Вера сурова глянула на брыгадзiра з-пад акуляраў.
   - Не прыкiдвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзiць такi.
   Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калi гаварылi пра такiя рэчы маладыя людзi, ды яшчэ дзяўчаты.
   - Яна паскардзiлася табе?
   - Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нiкому нiчога не расказвае. Але сяброўкi чуюць, як яна начамi раве ў падушку.
   - А чаму, Вера, па-твойму, гэта дурны гонар? - нечакана спытаў Валодзя Клецень.
   Куцькiна доўга разглядала сакратара праз свае вялiкiя акуляры, як бы здзiўленая, што ён мог задаць такое пытанне. Потым, як суровая настаўнiца, пакiвала яму пальцам.
   - Клецень! Табе не да твару такая пазiцыя. У цябе спытаюць... Гарком спытае... Чаму такi чалавек носiць званне сябра брыгады камунiстычнай працы? Я дагэтуль не ведаю, як ён апынуўся ў брыгадзе...
   - Мы самi яго ўзялi.
   - Ведаю, што самi. А завошта? За якiя заслугi?
   - Баюся, што ты, Вера, гэтага не зразумееш, - уздыхнуў Тарас, як бы шкадуючы, што яна не можа зразумець такой простай рэчы. А Вера прыняла гэта як абразу. Абурана закрычала:
   - Ты чуў, Валодзя? Адны яны ўсё разумеюць! Што гэта такое, як не зазнайства? Хiба я не казала, што нам трэба глядзець ды глядзець за гэтай брыгадай?!
   Тарасу хацелася пасварыцца, але ён змаўчаў. Iншае ўзрушыла. Ён быў супраць, каб адносiны Славiка з Нiнай выносiлi на камiтэт. Хто ведае, што ў iх было. Калi дзяўчына не скардзiцца, а толькi плача па начах i сохне, то, на думку Тараса, справа гэтая не для такога разбору. Тут трэба нешта другое. Неяк iнакш. Больш далiкатна.
   Акрамя ўсяго Тарас баяўся, як бы Славiк не падумаў, што ўсё гэта ўзняў ён, брыгадзiр, з-за Машы. Безумоўна, падумае.
   Славiкавы настойлiвыя заляцаннi да Машы прынеслi Тарасу нямала цяжкiх перажыванняў. Асаблiва трывожыла, што Маша ўсё яшчэ не адказвае, цi згодна яна выйсцi за яго замуж. Але каб выгнаць Славiка з брыгады, - такой i думкi нiколi не было. А вось жа могуць стварыцца абставiны, што зробяць iх ворагамi. I тады ўжо напэўна ў адной брыгадзе iм не працаваць. Валодзю Клеценю можна было б пра ўсё гэта расказаць. Але Куцькiнай - не. Перакруцiць усё дагары нагамi, даводзячы свае высокiя прынцыпы. Тарас сказаў:
   - Дайце спачатку нам самiм пагутарыць з iм. У брыгадзе.
   Вера падазрона прыжмурылася.
   - Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любiмчыка? Ой, глядзi, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота!
   Славiк i Генрых прыйшлi апошнiя: даўжэй другiх мылiся ў душы; любiлi паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збiраецца брыгада. Ён, як i Ходас, адразу паверыў, што Славiк мог зрабiць подласць, i ўзлаваўся на гэтага "безадказнага шчанюка". Яны разам працавалi - на зборцы аўтаматычнага дэталез'ёмшчыка. Славiк, як нiколi, быў уважлiвы i старанны. "Асiсцiраваў" без адзiнай памылкi. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала "прафесара". Няўжо ўсе iх спадзяваннi i намаганнi дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзiўна гасiў сваё абурэнне i выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной i той жа песнi:
   Миленький ты мой, возьми меня с собой
   И в той стране далекой зови меня женой.
   Славiку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.
   - Бабская песня, - сказаў ён.
   - Бабская, - згадзiўся Генрых.
   Славiк зразумеў, што сабралiся гаварыць пра яго адразу ж, як толькi ўвайшоў у пакой iнтэрната. З якой прычыны?
   Паважнай хадой "кiруючага таварыша" - Славiк навучыўся перадражнiваць гэтую паходачку - крочыў па пакоi Iван Ходас, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Косця завалiўся на свой ложак, прытулiўшыся патылiцай да сцяны - да фатаграфiй кiнаактрыс, i, чырвоненькi, узбуджаны, зiркаў сваiмi цыганскiмi вачамi на Iвана. Вiдно было, што яны пасварылiся. Тарас i Лапацiн сядзелi за сталом. Лапацiн з дзiцячай цiкавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круцiў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мiнiяцюрнай цацачкi.
   - Скажы, калi ласка! Косця! Колькi каштуе?
   - Сто рублёў.
   - Манiш. Толькi што гаварыў - трыццаць. Але i трыццаць - дорага. - Пасля таго як Вера нарадзiла сына, Васiль стаў надзiва ашчадны.
   "Знарок цягнуць", - падумаў Славiк. Яго неаднойчы прабiралi ў школе, на студыi, у брыгадзе. Але нiколi ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавiдзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкiм i смелым. Але калi казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумнiўся, што здолее быць такiм.
   Генрых падышоў да этажэркi, узяў нейкую кнiжку, разгарнуў i зноў цiха заспяваў:
   Миленький ты мой, возьми меня с собой