На тым i пагадзiлiся.
   Глюмдальклiч маўчала, бо i сама баялася, каб каралева не раззлавалася на яе, а Гулiверу таксама не хацелася, каб прыдворныя смяялiся з яго i расказвалi адзiн другому пра тое, як ён пабываў у зубах нейкага шчанюка.
   Пасля гэтага выпадку Глюмдальклiч цвёрда вырашыла не адпускаць ад сябе Гулiвера нi на хвiлiну.
   Гулiвер даўно ўжо баяўся такога рашэння i таму ўтойваў ад сваёй нянечкi розныя дробныя прыгоды, якiя раз-пораз здаралiся з iм, калi яе не было паблiзу.
   Аднойчы каршун, якi лётаў над садам, раптам каменем рынуўся на яго. Але Гулiвер не разгубiўся, выхапiў з ножан сваю шпагу i, размахваючы ёю, кiнуўся ў кусты.
   Калi б не гэты спрытны манеўр, каршун, напэўна, панёс бы яго ў сваiх кiпцюрах.
   Другi раз у час прагулкi Гулiвер залез на вяршыню нейкага пагорка i раптам правалiўся ў нару, выкапаную кротам.
   Цяжка нават расказаць, як нялёгка было яму выбрацца адтуль, але ён усё-такi вылез сам, без чужой дапамогi, i нi словам нiводнай жывой душы не расказаў пра гэтае здарэнне.
   Трэцi раз ён вярнуўся да Глюмдальклiч накульгваючы i сказаў, што вывiхнуў нагу. На самай жа справе, гуляючы i ўспамiнаючы сваю мiлую Ангельшчыну, ён напароўся на ракавiну смаўжа i ледзь не зламаў сабе нагу.
   Дзiўнае пачуццё валодала Гулiверам у час такiх адзiнокiх прагулак: яму было i добра, i жудасна, i сумна.
   Нават самыя маленькiя птушачкi зусiм не баялiся яго: яны спакойна рабiлi сваю справу - скакалi, мiтусiлiся, шукалi чарвякоў i казявак, як быццам Гулiвера i не было каля iх.
   А то неяк адзiн смелы дрозд, весела цырыкнуўшы, падскочыў да беднага Грыльдрыга i выхапiў у яго з рук кавалак пiрага, якi Глюмдальклiч дала яму на снеданне.
   Калi Гулiвер спрабаваў злавiць якую-небудзь птушку, яна спакойна паварочвалася да яго i старалася дзеўбануць у галаву цi ў працягнутыя рукi. Гулiвер мiмаволi адскокваў.
   Але неяк ён усё-такi злаўчыўся, запусцiў тоўстую дубiну ў адну непаваротлiвую канаплянку, i тая ўпала як нежывая. Гулiвер схапiў яе аберуч за шыю i ўрачыста пацягнуў да нянечкi, каб хутчэй паказаць ёй сваю здабычу.
   I раптам птушка ажыла.
   Аказалася, яна не была забiта, а толькi аглушана моцным ударам палкi.
   Канаплянка пачала крычаць i вырывацца. Яна бiла Гулiвера крыламi па галаве, па плячах, па руках. Ударыць яго дзюбай яна не магла, бо Гулiвер трымаў яе на выцягнутых руках.
   Ён ужо адчуваў, як рукi яго слабеюць i канаплянка вось-вось вырвецца i паляцiць.
   Але тут падаспеў адзiн з каралеўскiх слуг. Ён адкруцiў раз'юшанай канаплянцы галаву i занёс паляўнiчага разам са здабычай да панi Глюмдальклiч.
   На другi дзень па загаду каралевы канаплянку засмажылi i падалi Гулiверу на абед.
   Птушка была крыху большая, чым лебедзi, якiх ён бачыў у сябе на радзiме, i мяса яе было цвердаватае.
   11
   Гулiвер часта расказваў каралеве пра свае ранейшыя марскiя падарожжы.
   Каралева слухала яго вельмi ўважлiва i аднойчы спытала, цi ўмее ён абыходзiцца з ветразямi i вёсламi.
   - Я карабельны доктар, - адказаў Гулiвер, - i ўсё сваё жыццё правёў на моры. З ветразем я спраўляюся не горш за сапраўднага матроса.
   - А цi не хочаш ты, мой мiлы Грыльдрыг, пакатацца на лодцы? Я думаю, гэта было б вельмi карысна для твайго здароўя, - сказала каралева.
   Гулiвер толькi ўсмiхнуўся. Самыя маленькiя лодачкi ў Брабдынгнегу былi куды большыя i цяжэйшыя за першакласныя ваенныя караблi яго роднай Ангельшчыны. Не было чаго i думаць справiцца з такой лодкай.
   - А калi я закажу для цябе цацачны караблiк? - спытала каралева.
   - Баюся, ваша вялiкасць, што яго чакае лёс усiх цацачных караблiкаў: марскiя хвалi перавернуць i панясуць яго, як арэхавую шкарлупiну.
   - Я закажу для цябе i караблiк i мора, - сказала каралева.
   Праз дзесяць дзён цацачны майстар зрабiў па малюнку i ўказаннях Гулiвера прыгожую i трывалую лодачку з усiмi снасцямi.
   У гэтай лодачцы маглi б размясцiцца сем весляроў звычайнай чалавечай пароды.
   Каб праверыць гэту цацку, яе спачатку пусцiлi ў балею з вадой, але ў балеi было цесна, Гулiвер не мог нават паварушыць вяслом.
   - Не бядуй, Грыльдрыг, - сказала каралева, - хутка будзе гатова тваё мора.
   I сапраўды, праз некалькi дзён мора было гатова.
   Па загаду каралевы цясляр зрабiў вялiкiя драўляныя ночвы даўжынёю трыста крокаў, шырынёю пяцьдзесят i глыбiнёю больш сажня.
   Ночвы добра прасмалiлi i паставiлi ў адным з пакояў палаца. Кожныя два-тры днi ваду з iх вылiвалi, i двое слуг за паўгадзiны напаўнялi iх свежай вадой.
   Па гэтым цацачным моры Гулiвер часта катаўся на сваёй лодцы.
   Каралева i прынцэсы вельмi любiлi глядзець, як спрытна працуе ён вёсламi.
   Часам Гулiвер ставiў ветразь, а прыдворныя дамы, размахваючы сваiмi веерамi, то наганялi спадарожны вецер, то ўздымалi цэлую буру.
   Калi яны стамлялiся, на ветразь пачыналi дзьмуць пажы, i Гулiверу не так проста было справiцца з такiм моцным ветрам.
   Пасля катання Глюмдальклiч несла лодку да сябе ў пакой i вешала на цвiк, каб яна прасохла.
   А аднойчы Гулiвер ледзь не ўтапiўся ў сваiх ночвах. Вось як гэта здарылася.
   Старая прыдворная дама, настаўнiца Глюмдальклiч, узяла Гулiвера двума пальцамi i хацела пасадзiць у лодку.
   Але ў гэту хвiлiну нехта паклiкаў яе. Яна азiрнулася, адпусцiла пальцы, i Гулiвер выслiзнуў з рукi.
   Ён бы абавязкова ўтапiўся або разбiўся, упаўшы з шасцiсажневай вышынi на край ночваў цi на драўляны памост, але, на шчасце, зачапiўся за шпiльку, якая тырчала з касынкi старой дамы. Галоўка шпiлькi прайшла ў яго пад поясам i пад кашуляй, i небарака павiс у паветры, замёршы ад страху, баючыся паварушыцца, каб не сарвацца.
   А старая дама разгублена лыпала вачыма i нiяк не магла зразумець, куды ж падзеўся Гулiвер.
   Але тут падбегла Глюмдальклiч i асцярожна, стараючыся не зрабiць яму балюча, зняла Гулiвера са шпiлькi.
   У гэты дзень прагулка на лодцы была адменена. Гулiвер адчуваў сябе нядобра, яму было не да катання.
   Другi раз яму давялося правесцi ў час прагулкi сапраўдны марскi бой.
   Слуга, якому было даручана мяняць у ночвах ваду, недаглядзеў i прынёс у вядры вялiзную зялёную жабу. Ён вылiў ваду разам з жабай i пайшоў.
   Жаба прытаiлася на дне i, пакуль Гулiвера садзiлi ў лодку, сядзела спакойна. Але як толькi Гулiвер адплыў ад берага, яна рэзкiм скачком сiганула ў лодку. Лодка так моцна нахiлiлася на адзiн бок, што Гулiвер павiнен быў усiм целам навалiцца на другi борт, iнакш бы яна абавязкова перакулiлася.
   Ён налёг на вёслы, каб хутчэй прычалiць да прыстанi, але жаба быццам наўмысна перашкаджала яму. Напалоханая мiтуснёй, што ўзнялася наўкол, яна пачала скакаць узад i ўперад: з носа на карму, з правага борта на левы. Пры кожным яе скачку Гулiвера залiвалi цэлыя патокi вады.
   Ён моршчыўся i сцiскаў зубы, усяляк стараўся, каб не дакрануцца да яе слiзкай бугрыстай скуры. А ростам жаба была з добрую пародзiстую карову.
   Глюмдальклiч, як заўсёды, кiнулася на дапамогу свайму выхаванцу. Але Гулiвер папрасiў яе не хвалявацца. Ён смела зрабiў крок насустрач жабе i ўдарыў яе вяслом.
   Пасля некалькiх добрых удараў жаба адступiла на карму, а потым i зусiм выскачыла з лодкi.
   12
   Быў гарачы летнi дзень. Глюмдальклiч пайшла некуды ў госцi, i Гулiвер застаўся адзiн у сваёй скрынцы.
   Адыходзячы, нянечка зачынiла дзверы свайго пакоя на замок, каб нiхто не патрывожыў Гулiвера.
   Застаўшыся адзiн, Гулiвер шырока расчынiў у сваiм домiку вокны i дзверы, сеў у крэсла, разгарнуў свой дарожны журнал i ўзяўся за пяро.
   У замкнёным пакоi Гулiвер адчуваў сябе ў поўнай бяспецы.
   Раптам ён пачуў, як нехта саскочыў з падаконнiка на падлогу i з шумам прабег цi, правiльней, праскакаў па пакоi Глюмдальклiч.
   Сэрца ў Гулiвера закалацiлася.
   "Той, хто прыходзiць у пакой не праз дзверы, а праз акно, прыходзiць не ў госцi", - падумаў ён.
   Асцярожна ўстаўшы з месца, ён выглянуў у акенца сваёй спальнi. Не, гэта быў не злодзей i не разбойнiк. Гэта была ўсяго толькi ручная малпачка, любiмiца ўсiх дварцовых паварчукоў.
   Гулiвер супакоiўся i пачаў назiраць за яе смешнымi рухамi.
   Малпа пераскочыла з крэсла Глюмдальклiч на другое крэсла, пасядзела крыху на верхняй палiцы шафы, потым саскочыла на стол, дзе стаяў домiк Гулiвера.
   Цяпер Гулiвер зноў спалохаўся, i на гэты раз мацней, чым раней.
   Ён адчуў, што дом яго прыўзняўся i стаў бокам. Крэслы, стол i камода з грукатам пакацiлiся па падлозе. Вiдаць, гэты грукат вельмi спадабаўся малпе, бо яна яшчэ i яшчэ раз патрэсла домiк, а потым з цiкаўнасцю зазiрнула ў акенца.
   Гулiвер забiўся ў самы далёкi куток i стараўся не варушыцца.
   "А, чаму я не схаваўся пад ложак! - думаў ён. - Пад ложкам яна мяне не заўважыла б. А цяпер позна. Калi я паспрабую перабегчы з месца на месца цi нават перапаўзцi, яна ўбачыць мяне".
   Ён прыцiснуўся да сцяны так моцна, як толькi мог. Але малпа ўсё-такi ўбачыла яго.
   Весела ашчэрыўшы зубы, яна прасунула ў дзверы домiка лапу, каб схапiць Гулiвера.
   Ён кiнуўся ў другi куток i зашыўся памiж ложкам i шафай. Але i тут страшная лапа дастала яго.
   Ён паспрабаваў выкруцiцца, выслiзнуць, але не змог. Ухапiўшы Гулiвера за крысо кафтана, малпа выцягнула яго з домiка. Ад страху Гулiвер не мог нават закрычаць.
   А мiж тым малпа спакойна ўзяла яго на рукi, як нянька бярэ дзiця, i пачала гайдаць i гладзiць лапай па твары. Напэўна, яна палiчыла яго за дзiця малпавай пароды.
   Якраз у гэтую самую хвiлiну дзверы з шумам расчынiлiся i на парозе пакоя з'явiлася Глюмдальклiч.
   Малпа пачула стук. Яна ўскочыла на падаконнiк, з падаконнiка - на карнiз, а з карнiза па вадасцёкавай трубе палезла на дах. Яна карабкалася на трох лапах, а ў чацвёртай трымала Гулiвера. Глюмдальклiч закрычала.
   Гулiвер пачуў яе спалоханы крык, але адказаць ёй не мог: малпа сцiснула яго так, што ён ледзь дыхаў.
   Праз некалькi мiнут увесь палац быў на нагах. Слугi пабеглi па лесвiцы i вяроўкi. Цэлы натоўп сабраўся на двары. Людзi стаялi, задраўшы галовы, i паказвалi ўгору пальцамi.
   А там, наверсе, на самым вiльчыку, сядзела малпа. Адной лапай яна прытрымлiвала Гулiвера, а другой набiвала яму рот усялякай дрэнню, якую выцягвала са свайго рота. Малпы заўсёды пакiдаюць у зашчочных мяшках запас напаўпражаванай ежы.
   Як толькi Гулiвер спрабаваў адвярнуцца цi сцiснуць зубы, яна давала яму такога плескача, што яму мiмаволi даводзiлася падпарадкавацца.
   Слугi ўнiзе заходзiлiся ад рогату, а ў Гулiвера сцiскалася сэрца.
   "Вось яна, апошняя хвiлiна майго жыцця!" - думаў ён.
   Нехта знiзу кiнуў у малпу каменем. Камень праляцеў над самай галавой Гулiвера.
   За першым каменем паляцеў другi, трэцi... Добра, што афiцэр варты, баючыся, каб людзi разам з малпай не забiлi i каралеўскага Грыльдрыга, забаранiў кiдаць у яе камянямi.
   Нарэшце некалькi лесвiц было прыстаўлена да сцен будынка з розных бакоў. Два прыдворныя пажы i чацвёра слуг пачалi падымацца наверх.
   Малпа зразумела, што яе акружаюць i што на трох лапах яна далёка не ўцячэ. Яна кiнула Гулiвера на дах i, зрабiўшы некалькi скачкоў, апынулася на даху суседняга будынка, дзе i схавалася ў паддашкавым акенцы.
   Гулiвер застаўся ляжаць на пакатым, гладкiм даху, з хвiлiны на хвiлiну чакаючы, калi вецер скiне яго ўнiз, як пясчынку.
   Але ў гэты час адзiн з пажоў паспеў перабрацца з лесвiцы на дах. Ён знайшоў Гулiвера, сунуў яго сабе ў кiшэню i шчаслiва спусцiўся ўнiз.
   Глюмдальклiч была страшэнна рада. Яна схапiла свайго Грыльдрыга i панесла дамоў. Гулiвер ляжаў у яе на далонi, як мышаня, замучанае кошкай. Агiдная жвачка, якую малпа напхала яму ў рот, не давала дыхаць.
   Глюмдальклiч зразумела, у чым бяда. Яна ўзяла сваю самую тоненькую iголачку i асцярожна, кончыкам, выграбла з рота Гулiвера ўсё, што напхала туды малпа.
   Гулiверу адразу стала лягчэй. Але ён быў так перапалоханы, так пакамечаны малпай, што цэлыя два тыднi праляжаў у ложку.
   Кароль i ўсе прыдворныя кожны дзень прысылалi даведацца, цi папраўляецца бедны Грыльдрыг, а каралева сама адведвала яго. Яна забаранiла ўсiм прыдворным без выключэння трымаць у палацы жывёлу. А тую малпу, якая ледзь не задушыла Гулiвера, загадала забiць.
   Калi Гулiвер нарэшце ўстаў з пасцелi, кароль загадаў паклiкаць яго да сябе i, смеючыся, задаў яму тры пытаннi.
   Яму было вельмi цiкава даведацца, як адчуваў сябе Гулiвер у лапах малпы, цi спадабаўся яму яе пачастунак i што б ён рабiў, калi б такое здарылася ў яго на радзiме, дзе не знайшлося б чалавека, якi паклаў бы яго ў кiшэню i спусцiў на зямлю.
   Гулiвер адказаў каралю толькi на апошняе пытанне.
   Ён сказаў, што ў яго на радзiме малпы не водзяцца. Iх часам прывозяць з гарачых краiн i трымаюць у клетках. Калi ж якой-небудзь малпе ўдалося б вырвацца на волю i яна асмелiлася б накiнуцца на яго, ён лёгка справiўся б з ёю. Ды i не з адной малпай, а з цэлым тузiнам малпаў звычайнага росту. Ён упэўнены, што i гэтую велiзарную малпу ён змог бы адолець, калi б у час нападу ў яго руках была шпага, а не пяро. Варта было толькi пракалоць гэтай пачвары лапу, i гэта назаўсёды адбiла б у яе ахвоту нападаць на людзей.
   Усю гэтую прамову Гулiвер сказаў рашуча i гучна, высока ўзняўшы галаву i паклаўшы руку на рукаятку шпагi.
   Ён вельмi не хацеў, каб хто-небудзь з прыдворных палiчыў яго баязлiўцам.
   Але прыдворныя адказалi на яго прамову такiм дружным i вясёлым рогатам, што Гулiвер адразу змоўк.
   Ён абвёў вачыма сваiх слухачоў i з горыччу падумаў пра тое, як цяжка чалавеку дабiцца павагi ад тых, хто глядзiць на яго звысака.
   Гэтая думка не раз прыходзiла ў галаву Гулiверу i пазней, у iншыя часы, калi яму здаралася бываць сярод высокiх асоб - каралёў, герцагаў, вяльможаў, хоць часта гэтыя высокiя асобы былi нiжэй за яго на цэлую галаву.
   13
   Жыхары Брабдынгнега лiчаць сябе прыгожымi людзьмi. Магчыма, гэта i на самай справе так, але Гулiвер глядзеў на iх быццам праз павелiчальнае шкло, i таму яны яму не надта падабалiся.
   Iх скура здавалася яму вельмi тоўстай i шурпатай - ён бачыў кожны валасок на ёй, кожную вяснушку. Ды i цяжка было не бачыць, калi гэтая вяснушка была велiчынёй са сподачак, а валаскi тырчалi, як вострыя шыпы цi зубы грэбеня. Усё гэта i навяло Гулiвера на пацешную думку.
   Неяк ранiцой ён прадстаўляўся каралю. Караля ў гэты час галiў прыдворны цырульнiк. Гаворачы з яго вялiкасцю, Гулiвер мiмаволi пазiраў на мыльную пену, у якой чарнелi тоўстыя, быццам кавалачкi жалезнага дроту, валаскi.
   Калi цырульнiк скончыў сваю справу, Гулiвер папрасiў у яго кубак з мыльнай пенай. Цырульнiка вельмi здзiвiла такая просьба, але ён выканаў яе.
   Гулiвер выбраў з белай пены сорак самых тоўстых валаскоў i паклаў на акенца сушыцца. Потым ён знайшоў гладкую трэсачку i выстругаў з яе спiнку для грэбеня.
   Самай тонкай iголкай з iгольнiцы Глюмдальклiч ён асцярожна прасвiдраваў у драўлянай спiнцы на роўнай адлегласцi адна ад другой сорак вузкiх адтулiн i ў гэтыя адтулiны ўставiў валаскi. Затым падрэзаў iх, каб яны былi зусiм роўныя, i завастрыў ножыкам iх канцы. Атрымаўся цудоўны грэбень.
   Гулiвер быў вельмi рады: амаль усе зубы на яго грэбенi паламалiся, i ён не ведаў, дзе яму дастаць новы. У Брабдынгнегу не было такога майстра, якi змог бы зрабiць такую малюсенькую рэч. Усе любавалiся новым Гулiверавым грэбенем, i яму захацелася зрабiць яшчэ што-небудзь.
   Ён папрасiў служанку каралевы зберагчы для яго валасы, якiя выпадуць з касы яе вялiкасцi. Калi iх набралася шмат, ён даручыў таму самаму сталяру, якi рабiў для яго камоду i крэслы, вытачыць два лёгкiя драўляныя крэслы.
   Папярэдзiўшы сталяра, што спiнку i сядзенне ён зробiць сам з iншага матэрыялу, Гулiвер загадаў майстру толькi прасвiдраваць у крэслах вакол сядзення i спiнкi маленькiя частыя адтулiны.
   Сталяр зрабiў усё, што было загадана, i Гулiвер распачаў работу. Ён выбраў са свайго запасу самыя моцныя валасы i, абдумаўшы загаддзя ўзор, уплёў iх у тыя адтулiны, якiя былi для гэтага зроблены.
   Атрымалiся цудоўныя плеценыя крэслы ў ангельскiм стылi, i Гулiвер урачыста паднёс iх каралеве. Каралева была ў захапленнi ад падарунка. Яна паставiла крэслы на сваiм любiмым столiку ў гасцiнай i паказвала iх усiм, хто да яе прыходзiў.
   Яна хацела, каб Гулiвер у час прыёмаў сядзеў толькi на такiм крэсле, але Гулiвер рашуча адмовiўся сядзець на валасах сваёй уладаркi.
   Пасля заканчэння гэтай работы ў Гулiвера засталося яшчэ шмат валасоў каралевы, i, з дазволу яе вялiкасцi, ён сплёў з iх для Глюмдальклiч прыгожы кашалёк. Кашалёк быў толькi трошкi большы за тыя мяхi, у якiх у нас звычайна возяць у млын жыта, i зусiм не падыходзiў для цяжкiх брабдынгнежскiх манет. Але затое ён быў вельмi прыгожы - увесь ва ўзорах, з залатым вензелем каралевы на адным баку i срэбным вензелем Глюмдальклiч - на другiм.
   Кароль i каралева вельмi любiлi музыку, i ў палацы часта наладжвалiся канцэрты.
   Гулiвера таксама часам запрашалi на музычныя вечары. У такiх выпадках Глюмдальклiч прыносiла яго разам са скрынкай i ставiла на якi-небудзь столiк далей ад музыкантаў.
   Гулiвер шчыльна зачыняў усе дзверы i вокны ў сваёй скрынцы, завешваў шторы i гардзiны, зацiскаў пальцамi вушы i садзiўся ў крэсла слухаць музыку.
   Без такой перасцярогi музыка велiканаў здавалася яму нясцерпным аглушальным грукатам.
   Куды больш падабалiся яму гукi невялiкага iнструмента, вельмi падобнага на клавiкорды. Гэты iнструмент стаяў у пакоi Глюмдальклiч, i яна вучылася iграць на iм.
   Гулiвер i сам нядрэнна iграў на клавiкордах, i яму захацелася пазнаёмiць караля i каралеву з ангельскiмi песнямi. Справа гэта была нялёгкая.
   Даўжыня iнструмента была шэсцьдзесят крокаў, кожны клавiш быў шырынёй амаль на цэлы крок. Стоячы на адным месцы, Гулiвер мог бы iграць не больш чым на чатырох клавiшах - да iншых яго рукi не даставалi. Таму ён павiнен быў бегаць справа налева i злева направа - ад басоў да дыскантаў i назад. А паколькi iнструмент быў не толькi доўгi, але i высокi, то бегаць яму даводзiлася не па падлозе, а па лаўцы, якую спецыяльна для яго зрабiлi сталяры i якая была такой жа даўжынi, як iнструмент.
   Бегаць уздоўж клавiкордаў узад i ўперад было вельмi цяжка, але яшчэ цяжэй было нацiскаць тугiя клавiшы, разлiчаныя на пальцы велiканаў.
   Спачатку Гулiвер спрабаваў бiць па клавiшах кулаком, але гэта было вельмi балюча, i ён папрасiў зрабiць для яго дзве дубiнкi. З аднаго канца гэтыя дубiнкi былi таўсцейшыя, чым з другога, а для таго каб пры ўдары яны не вельмi моцна стукалi па клавiшах, Гулiвер абцягнуў iх тоўстыя канцы мышынай скурай.
   Калi ўсе гэтыя падрыхтаваннi былi закончаны, кароль i каралева прыйшлi паслухаць Гулiвера.
   Аблiваючыся потам, бедны музыка бегаў з аднаго канца клавiкордаў у другi, б'ючы з усiх сiл па патрэбных клавiшах. З горам папалам яму ўдалося даволi бегла сыграць вясёлую ангельскую песеньку, якую ён памятаў з дзяцiнства.
   Кароль i каралева пайшлi вельмi задаволеныя, а Гулiвер доўга не мог аддыхацца - пасля такога музычнага практыкавання ў яго балелi рукi i ногi.
   14
   Гулiвер чытаў кнiгу, якую ўзяў з каралеўскай бiблiятэкi. Ён не сядзеў за сталом i не стаяў перад канторкай, як гэта звычайна робяць усе людзi ў час чытання, а спускаўся i падымаўся па спецыяльнай прыстаўной лесвiцы, якая вяла ад верхняга радка да нiжняга.
   Без гэтай лесвiцы, зробленай спецыяльна для яго, Гулiвер не мог бы чытаць велiзарныя брабдынгнежскiя кнiгi.
   Лесвiца была не вельмi высокая - усяго дваццаць пяць прыступак, кожная прыступка адпавядала радку кнiгi.
   Пераходзячы ад радка да радка, Гулiвер спускаўся ўсё нiжэй i нiжэй, а апошнiя словы на старонцы ён дачытваў, стоячы на падлозе. Перагортваць старонкi яму было не цяжка, бо брабдынгнежская папера славiцца сваёй тонкасцю. Яна i на самай справе не таўсцейшая за звычайны кардон.
   Гулiвер чытаў разважаннi аднаго мясцовага пiсьменнiка пра тое, як здрабнелi за апошнi час яго суайчыннiкi.
   Пiсьменнiк расказваў пра магутных велiканаў, якiя некалi насялялi яго краiну, i горка скардзiўся на хваробы i небяспекi, якiя на кожным кроку падпiльноўваюць слабых, нiзкарослых i кволых брабдынгнежцаў.
   Чытаючы гэтыя разважаннi, Гулiвер успомнiў, што i ў сябе на радзiме ён чытаў нямала такiх кнiжак, i, усмiхнуўшыся, падумаў:
   "I вялiкiя, i маленькiя людзi любяць паскардзiцца на сваю слабасць i кволасць. А па праўдзе кажучы, i тыя i другiя не такiя ўжо i бездапаможныя, як iм здаецца". Перагарнуўшы апошнюю старонку, ён спусцiўся з лесвiцы.
   Якраз у гэты час у пакой зайшла Глюмдальклiч.
   - Нам трэба збiрацца, Грыльдрыг, - сказала яна. - Кароль i каралева едуць на марское ўзбярэжжа i бяруць нас з сабой.
   На марское ўзбярэжжа! Сэрца ў Гулiвера радасна забiлася. Больш чым два гады ён не бачыў мора, не чуў глухога шуму хваляў i вясёлага посвiсту марскога ветру. Начамi яму часта снiўся гэты мерны знаёмы шум, i ранiцой ён прачынаўся сумны i ўстрывожаны. Ён ведаў, што пакiнуць краiну велiканаў можна толькi морам.
   Гулiверу добра жылося пры двары брабдынгнежскага караля. Кароль i каралева любiлi яго, Глюмдальклiч даглядала яго, як самая клапатлiвая нянечка, прыдворныя былi ветлiвыя i з ахвотай гаварылi з iм.
   Але гэта было так цяжка - баяцца ўсяго на свеце - абараняцца ад мухi, уцякаць ад кошкi, захлынацца ў кубку вады! Ён толькi i марыў аб тым, каб зноў жыць сярод самых звычайных людзей, такога ж росту, як ён сам.
   Нялёгка жыць сярод людзей, якiя глядзяць на цябе зверху ўнiз.
   Нейкае няяснае прадчуванне, прымусiла Гулiвера на гэты раз асаблiва старанна ўпакаваць свае рэчы. Ён узяў з сабой у дарогу не толькi адзенне, бялiзну i свой дарожны дзённiк, а нават калекцыю рэдкасцяў, сабраных iм у Брабдынгнегу.
   Назаўтра ранiцой каралеўская сям'я са свiтай i слугамi рушыла ў дарогу.
   Гулiвер цудоўна адчуваў сябе ў сваiм дарожным домiку. Гамак, якi служыў яму пасцеллю, быў падвешаны на шаўковых вяроўках да чатырох куткоў столi. Ён плаўна пагойдваўся нават тады, калi коннiк, да пояса якога была прышпiлена Гулiверава скрынка, ехаў самай шпаркай рыссю.
   У вечку скрынкi, над самым гамаком, Гулiвер папрасiў зрабiць маленькае акенца, з далонь шырынёй, якое ён мог сам адчыняць i зачыняць, калi яму захочацца.
   У гарачы час ён адчыняў i верхняе i бакавыя акенцы i спакойна драмаў у сваiм гамаку, а лёгкi ветрык абвяваў яго. Але, напэўна, гэты сон на скразняку быў не надта здаровы.
   Калi кароль з каралевай i са сваёй свiтай прыбылi ў свой летнi палац, якi знаходзiўся ўсяго за васемнаццаць мiль ад берага, каля горада Фленфласнiка, Гулiвер адчуў сябе нядобра. Ён моцна прастудзiўся i меў вельмi стомлены выгляд.
   А бедная Глюмдальклiч дык тая зусiм захварэла ў дарозе. Ёй давялося легчы ў пасцель i пiць горкiя лякарствы.
   Мiж тым Гулiвер хацеў як мага хутчэй пабыць ля мора. Ён не мог дачакацца той хвiлiны, калi зноў ступiць на ўзбярэжны пясок. Каб наблiзiць гэтую хвiлiну, Гулiвер пачаў прасiцца ў сваёй мiлай нянечкi адпусцiць яго на бераг аднаго.
   - Салёнае марское паветра вылечыць мяне лепш за ўсякае лякарства, паўтараў ён.
   Але нянечка чамусьцi не хацела пускаць Гулiвера. Яна старалася адгаварыць яго ад гэтай прагулкi i пусцiла толькi пасля доўгiх просьбаў i спрэчак, неахвотна, са слязамi на вачах.
   Яна даручыла аднаму з каралеўскiх пажаў аднесцi Гулiвера на бераг i ўважлiва сачыць за iм.
   Хлопчык нёс скрынку з Гулiверам добрай паўгадзiны. Увесь гэты час Гулiвер не адыходзiў ад акенца. Ён адчуваў, што бераг ужо блiзка.
   I вось нарэшце ён убачыў цёмныя ад прылiву камянi i паласу вiльготнага пяску са слядамi марской пены.
   Ён папрасiў хлопчыка паставiць скрынку на якi-небудзь камень i, сеўшы ў крэсла перад акенцам, пачаў сумна ўзiрацца ў пустынную далячынь акiяна.
   Як хацелася яму ўбачыць там, на гарызонце, трохкутнiк ветразя! Хоць здалёк, хоць на iмгненне...
   Хлопчык, насвiстваючы нейкую песеньку, кiдаў у ваду каменьчыкi велiчынёй з невялiкую рыбацкую хацiну, i гэты шум i плюхаценне перашкаджалi Гулiверу думаць. Ён сказаў пажу, што стамiўся i хоча падрамаць. Паж вельмi ўзрадаваўся. Прычынiўшы шчыльна акенца ў вечку скрынкi, ён пажадаў Гулiверу добрага сну, а сам пабег да скалаў - шукаць у расколiнах птушыныя гнёзды.
   Гулiвер i сапраўды лёг у свой гамак i заплюшчыў вочы. Стомленасць ад доўгай дарогi i свежае марское паветра зрабiлi сваю справу. Ён моцна заснуў.
   Раптам моцны штуршок разбудзiў яго. Ён адчуў, як нехта рвануў за кальцо, укручанае ў вечка скрынкi. Скрынка хiснулася i пачала iмклiва ўздымацца ўгору. Гулiвер ледзь не вылецеў са свайго гамака, але тут рух стаў больш плаўны, i ён саскочыў на падлогу, падбег да акенца. Галава ў яго закружылася. З усiх трох бакоў ён бачыў толькi хмары i неба.
   Што здарылася? Гулiвер прыслухаўся - i ўсё зразумеў. У шуме ветру ён выразна пачуў узмахi шырокiх магутных крылаў.
   Мусiць, нейкая вялiзная птушка нагледзела Гулiвераў домiк i, ухапiўшы яго за кальцо, нясе немаведама куды.
   I навошта ёй спатрэбiлася гэтая драўляная скрынка?
   Можа, яна хоча кiнуць яе на скалы, як арлы скiдаюць чарапах, каб раскалоць iх панцыр i дастаць з-пад яго далiкатнае чарапашае мяса. Гулiвер закрыў твар рукамi. Здаецца, яшчэ нiколi смерць не была так блiзка.
   У гэтую хвiлiну скрынка зноў моцна гайданулася. Яшчэ, яшчэ раз... Ён пачуў арлiны клёкат i такi шум, быццам усе марскiя вятры. раптам завiхрылiся ў яго над галавой. Несумненна, гэта другi арол напаў на таго, якi ўкраў Гулiвера. Пiрат хоча адабраць здабычу ў пiрата.
   Штуршок за штуршком, удар за ўдарам. Скрынка гайдалася направа i налева, як шыльда пад моцным ветрам. Гулiвер качаўся па падлозе i, заплюшчыўшы вочы, чакаў смерцi.
   I раптам скрынка здрыганулася i паляцела ўнiз, унiз, унiз... "Канец!" падумаў Гулiвер.
   15
   Страшэнны ўсплёск аглушыў Гулiвера, i домiк на хвiлiну апынуўся ў поўнай цемры.
   Потым, злёгку пагойдваючыся, ён узняўся ўгору, i дзённае святло пакрысе прабiлася ў пакой.
   Па сценах, выгiнаючыся, прабеглi светлыя ценi. Такiя ценi дрыжаць на сценах каюты, калi iлюмiнатары залiвае вадой.
   Гулiвер стаў на ногi i агледзеўся. Так, ён быў у моры. Домiк, абабiты знiзу жалезнымi пласцiнкамi, не страцiў у паветры раўнавагi i не перакулiўся. Але ён быў вельмi цяжкi i глыбока асеў у вадзе. Хвалi даставалi амаль да паловы акон. Што будзе, калi iх магутныя ўдары разаб'юць шыбы? Яны ж прыкрыты толькi лёгкiмi жалезнымi рашоткамi.