Чым далей, тым часцей празаiк звяртае ўвагу на складанасць жыцця i чалавека. За радасцю ён бачыць смутак: "Гавораць людзi, носяць радасць i смутак, смяюцца i плачуць. Б'ецца з пустаты глыбiня, з-пад смутку - радасць. Жыццё ты маё шырокае без краёў, глыбiня мая бяздонная" ("Вечар", 1925). Адсюль - ад разумення жыцця як велiчнай мiстэрыi - назвы твораў: "Бяздонне" (1925), "Маленькая драма" (1926), "Трагедыя майго настаўнiка" (1927), "Ноч пры дарозе", "Па дарозе" (1925)... Жыццё, дзе "адно ўмiрае, другое расце", дзе адно i тое ж людзi бачаць па-рознаму, захапляе чорнаўскага героя-думаннiка, не толькi ўдзельнiка падзей, але i iх даследчыка, фiлосафа. Любiмая формула галоўнага героя, якая адначасова з'яўляецца i творчым крэда самога пiсьменнiка: "Чалавек - гэта цэлы свет". Чорны паўтарае яе ў розных варыянтах ў многiх творах 20-х гадоў. Празаiка захапляе праблема "жывога чалавека", якая бурна дыскутавалася ў тыя часы, але iнтэрпрэтуе ён яе па-свойму - у пазiтыўным, "жыццесцвярджальным" значэннi. Гэта ўжо крыху пазней крытыкi-вульгарызатары надалi тым паняццям негатыўнае адценне. У творчасцi расейскага празаiка У.Iвбнава, украiнскага празаiка В.Стэфанiка, якому Чорны прысвяцiў асобны артыкул, беларускi пiсьменнiк шукаў пацвярджэння сваiм патаемным задумам. "Васiль Стэфанiк, - пiсаў ён, - не пiсьменнiк быту. Хутчэй яго льга назваць тварцом псiхалагiчнае навелы. Ён не расказвае пра бытаванне сваiх герояў, ён бярэ якi-небудзь момант, заўсёды характэрны i тыповы, i яго героi дзейнiчаюць, гавораць... Ён падымае заслону перад чалавечаю душою i паказвае - якi вялiкi i глыбокi свет там, у чалавеку". Гэтую характарыстыку, амаль не ўдакладняючы, можна адрасаваць самому аўтару - паэту "змучанага вякамi сялянства", толькi ўжо беларускага, лёс якога гэтак нагадвае лёс украiнскага селянiна-гарапашнiка.
   Свайго "жывога чалавека" Чорны супрацьстаўляе "чалавеку ў скуранцы" з яго "класавай нянавiсцю". У апавяданнях празаiка 20-х гадоў перад намi людзi складанага лёсу, загадкавых характараў, каларытныя народныя тыпы. Мэта аўтара-псiхааналiтыка: "непрыкметна душой увайсцi ва ўсе таямнiцы, што ў жывых iстотах захованы, увайсцi ласкава i цiха, з чыстымi думкамi i адчуваннямi". Пiсьменнiка цiкавiць у чалавеку ўсё: як той адносiцца да жыцця i як да смерцi? як у людской iстоце ўзнiкае пачуццё закаханасцi? у чым бачыць сэнс жыцця? як адносiцца да iншых людзей? Калi ў раннiм апавяданнi "Жалезны крык" аўтара захапляў "жалезны душой" чалавек, якi насмiхаецца над "цiхiмi, палявымi людзьмi", то ўжо ў апавяданнi "Новыя людзi" (1925), а яшчэ больш у апавяданнi "Па дарозе" такi позiрк "зверху" на блiжняга яго насцярожвае. А ў апавяданнi "Трагедыя майго настаўнiка" расказваецца, як гiне стары чалавек, якога ўласныя дзецi гоняць з хаты, каб не замiнаў жыць. Ёсць тут свой "тэарэтык", журналiст, якi, азнаёмiўшыся са скаргай настаўнiка, лёгка вырашае пытанне: маўляў, той ужо аджыў сваё, таму павiнен саступiць новаму! З аднаго боку, "агульны закон", "формула" ("пастолькi паколькi"), з другога - трагедыя жывога чалавека. Чорны згодзен, што "ласкавае слова - саматужнiцтва", але, калi можаш, то лепш дапамажы чалавеку. Яго насцярожвае тое, што развялося шмат "пiсароў", якiя за паперай не бачаць чалавека.
   Творчы рост Чорнага адбываўся вельмi шпарка: так шмат патрэбна было яму сказаць i за сябе, i за сваiх землякоў-цiмкаўцаў, i за ўсiх беларусаў, асуджаных на бязмоўе. Услед за першым зборнiкам "Апавяданнi" на працягу толькi 1925-1926 гадоў выйшлi яго кнiгi "Па дарозе", "Срэбра жыцця", "Пачуццi", "Хвоi гавораць". Малады празаiк хутка пазбаўляўся "дзiцячых хвароб" пачаткоўца: ад досыць павярхоўнага захаплення новым у жыццi вёскi i горада, у чым ён зблiжаўся з iншымi маладнякоўцамi, шлях вёў у глыбiнi чалавечай душы, дзе вiравалi вялiкiя буры пачуццяў i думак, дзе якраз i выспявалi будучыя ўчынкi. Лiтаратура, сцвярджаў ён, адрознiваецца ад "агiткi", бо ў яе iншая задача. Разам з сябрамi-аднадумцамi У.Дубоўкам, А.Бабарэкам, Я.Пушчам, К.Крапiвой, стваральнiкамi лiтаратурнай суполкi "Узвышша", такiмi ж, як сам, маладымi i дзёрзкiмi, К.Чорны падпiсаў дэкларацыю, надрукаваную ў першым нумары часопiса "Узвышша", дзе быў заклiк пiсаць творы, якiя "ўбачаць вякi i народы". Цi не залiшне гучна? Эпахальна? Вялiкi замах пры небагатых на той час магчымасцях? Так здавалася многiм, i "Узвышша" ад пачатку трапiла пад асаблiва пiльны нагляд крытыкаў-"аглабельшчыкаў", якiя спавядалi сваё разуменне лiтаратуры як прапаганды партыйных iдэй "у вобразнай форме". Тым не менш большасць надрукаванага ва "Узвышцы" за няпоўныя 5 гадоў яго iснавання перажыло час. Многiя мастацкiя шэдэўры "ўзвышаўцаў" прадказвалi далейшы ход падзей у краiне. Народ, якi абуджаўся, павiнен быў вылучыць са свайго асяроддзя таленты эўрапейскага маштабу, i ён iх вылучыў.
   Як сведчыць гiсторыя савецкай лiтаратуры 20-х гадоў, тое, пра што пiсалi, аб чым папярэджвалi лепшыя тагачасныя пiсьменнiкi, было надзвычай своечасовым. Захоплены iдэямi "культурнай рэвалюцыi", паверыўшы ў тое, што гэта не проста чарговая палiтычная кампанiя, а жыццёвая патрэба, Чорны раскрываў праграму барацьбы "за лiтаратурны сталiчны Менск, супраць Менска як губернскай правiнцыi, з кансерватарскiмi поглядамi на лiтаратуру i традыцыямi губернскага маштабу". Ён адвяргаў тых, хто, у адпаведнасцi з кан'юнктурай, лiчыў, што "лiтаратура ёсць зброя класавага змагання", i не мог "адрознiць канцылярскую iнструкцыю ад мастацкага твора" ("некаторыя асобы ў Менску"). У лепшых сваiх творах празаiк iмкнуўся выявiць гуманiстычны патэнцыял беларускага сялянства i iнтэлiгенцыi, бо надышла апошняя праверка новай улады i новай iдэалогii - праверка iх адносiнамi да чалавека як непаўторнай асобы. З твора ў твор не стамляўся ён паўтараць: жыццё само па сабе, безадносна да "iдэi", радаснае; свет складаны ("i смяецца, i маўчыць, i плача, i пакутуе, i цешыцца зямля"); душа чалавека поўная супярэчнасцей ("i ў цiшынi буры, i ў бурах - цiшыня"); нiхто не мае права лезцi ў чужую душу ("напоўнiся вялiкай пашанай... насi ў сабе вастрату хараства"). Жорсткасць грамадзянскай вайны, перанесеная ў мiрны час, небяспечная сваiмi непрадказальнымi, катастрафiчнымi вынiкамi. Творы Чорнага вылучаюцца балюча-страснай пастаноўкай праблемы "чалавек i свет", трансфармаванай у новы час у праблему "чалавек i рэвалюцыя". Празаiк пiльна ўглядаўся ў стыхiю, абуджаную падзеямi, намагаўся ўгадаць будучыню. Яго абвiнавачвалi ў "дастаеўшчыне", "змадэрнiзаванай андрэеўшчыне", а ён адчуваў, што без дакладнай ацэнкi сiтуацыi iсцi наперад небяспечна: занадта шмат з'явiлася людзей, для якiх няма ў свеце нiчога "нi вышэйшага, нi нiжэйшага", на ўсё гатовых. Шукаючы адказу на няпростыя пытаннi, Чорны прагнуў ведаць усю праўду пра чалавека, якi ён ёсць i якiм можа быць, калi трапiць у надзвычайныя акалiчнасцi: "Тады, пачуўшы аб сабе праўду, чалавек, можа, хутчэй адкiнуў бы ад сябе ўсё паскудства, што ўрасло ў яго з самых цёмных далей вякоў i, будучы часам нават малым, псуе вялiкае хараство чалавека".
   Эстэтычныя катэгорыi "хараства" i "паскудства" выяўлялiся Чорным на канкрэтным матэрыяле жыцця беларускай вёскi i горада, калi пад нацiскам спрошчаных класавых ацэнак падмiналiся агульначалавечыя каштоўнасцi. "Ён жа чалавечай душы не прызнае!" - жахаецца стары Радзiвон Цiвунчык, "слаўны чалавечнасцю" герой рамана "Сястра", калi сустракаецца з чэрствасцю тых, хто "рабiў рэвалюцыю". А героя наступнага рамана "Зямля" старога Тамаша больш за ўсё хвалюе тое, што "чалавек ад чалавека далёка". У самiх назвах гэтых першых буйных твораў Чорнага заключаецца асаблiвы фiласофскi сэнс. Менавiта ў Манi Iрмалевiч бачаць героi сваю сястру - у евангельскiм разуменнi слова: увасабленне душэўнасцi, жаноцкасцi, спагадлiвасцi, хараства ("Сястра"). Маня вабiць да сябе такiя супрацьлегласцi, як Абрам Ватасон, былы камiсар, якi ў часы нэпа стаў цырульнiкам, але не страцiў сваёй класавай пiльнасцi, Казiмiр Iрмалевiч, хiрург, для якога чалавек - недасканалая iстота, бо часта хварэе i патрабуе ўрачэбнага ўмяшальнiцтва. Вось чаму ёй блiжэй няўрымслiвы Ваця Бранiславец, якi нiяк не адшукае сваё месца ў жыццi, "сiстэму духовых паводзiн", увесь час спрачаецца з нейкiм "членам цi сакратаром", з ягонай канцэпцыяй "чалавека-шрубкi". "Сухiя, сухiя вы вельмi ўсе. Жывое душы больш патрэбна чалавеку", - кiдае папрок Маня тым, хто зачарствеў у "класавых баях". Паняцце "зямля" таксама займае асаблiвае месца ў сiстэме поглядаў селянiна-беларуса на свет ("Зямля"). Усе гаворкi герояў рамана адбываюцца вакол "зямельнага пытання", а заезджы каморнiк - адна з цэнтральных фiгур вёскi. Аднак "зямля" асэнсоўваецца Чорным у фiласофска-паэтычным плане як месца, дзе дзеецца мiстэрыя чалавечага жыцця - ад нараджэння i да смерцi. Твор завяршаецца перапiскай закаханых маладых герояў, каморнiка Андрэя i вясковай дзяўчыны Ганны, якiя збiраюцца пабрацца, стварыць новую сям'ю, жыццё, дзе не будзе дробязных згрызот i непаразуменняў, што прынiжаюць чалавека як iстоту найперш духоўную, надзеленую неўмiручай душою.
   Для перабольшвання пранiклiвасцi Чорнага няма падстаў. Ён быў сынам свайго часу i не бачыў сапраўдных прычын духоўнай катастрофы, хоць многае чуў душою. Да ўсяго, ён, таленавiты мастак слова, выдатна засвоiў урокi сусветнай класiкi, помнiў, як грунтоўна вывучалi свет А.Бальзак i Э.Заля, на каго заклiкаў у пачатку 30-х гадоў раўняцца, якiм быў узровень маральнасцi ў творах Л.Талстога i Ф.Дастаеўскага. Нездарма крытыка 30-х гадоў параўноўвала задуманую празаiкам серыю раманаў пра гiсторыю беларусаў "ад паншчыны i да нашых дзён" з "Чалавечай камедыяй" Бальзака. Як сапраўдны мастак-фiлосаф, псiхолаг, гiсторык Чорны напружана шукаў адказ на пытанне, што адбываецца з чалавекам, з краiнай, з народам. Сапраўды, чаму зло ў свеце, дзе столькi разумных i нармальных людзей, не толькi не адступае, але i часам святкуе перамогу над справядлiвасцю, чалавечнасцю, чысцiнёй, красой?! Можа, таму, што зло iрацыянальнае i чалавечая падсвядомасць нараджае яго зноў i зноў...
   Менавiта псiхалогiя, падсвядомае ў чалавеку, нават бiялагiчнае зацiкавiла Чорнага ў аповесцi "Лявон Бушмар" (1929), напiсанай у той гiстарычны момант, калi iдэi ўласнiцтва ў Савецкiм Саюзе аб'явiлi "апошнi i рашучы бой" i пачаўся наступ на яе натуральнае асяроддзе, "дробнабуржуазную стыхiю". У Беларусi гэту стыхiю найперш увасабляла сялянства, вёска, хутаранская сiстэма, якая там-сям ужо ўсталявалася. Лясны хутар Лявона Бушмара - апошнi астравок, што сiмвалiзуе непарушнасць векавечнага побыту мужыка, земляроба, "сейбiта i кармiцеля". Сам гаспадар хутара, магутны, нiбы стогадовы дуб, з'яўляецца ахоўнiкам iнстытута ўласнiцтва: вобраз, намаляваны рукой мастака, што ўжо адчуў, у чым яго моц. Лявон упэўнены ў сваёй гiстарычнай неабходнасцi i праваце, а таму з усяе сiлы, якою ён не абдзелены матухнай-прыродаю, абараняе сваю цытадэль. Ён нутром звера, загнанага ў аблогу, чуе наступ "новага свету" i адбiваецца, як умее, наiўна, амаль па-дзiцячы (у тэксце частае параўнанне яго з дзiцем). Iмкненне адгарадзiцца ад усяго свету, засланiцца на хутары лесам i адлегласцю, iнстынктыўнае, прадыктаванае пачуццём слабасцi. Магутная постаць Лявона Бушмара, што ўнушае ўсяму наваколлю страх i вымушаную павагу, адзiнока ўзвышаецца, быццам апошнi рэлiкт мiнулай эпохi. Ён i свайго натуральнага саюзнiка, такога ж абаронцу ўласнасцi, Вiнцэнтага не падпускае блiзка, а калi той, па натуры больш эластычны, хiтры i хцiвы, усё ж неасцярожна пераступае мяжу хутара, па сутнасцi, зводзiць яго са свету. У вобразе, натуры, ладзе жыцця Лявона празаiк бачыць з'яву, якая атрымлiвае ў творы абагуленую назву "бушмароўшчына": яна сiмвалiзуе "цёмнае" ў чалавечай iстоце, не асветленае розумам, што ўяўляе сабой немалую небяспеку. Бушмар супрацьстаiць маладым "калектывiзатарам": яны ў аповесцi выглядаюць досыць кволымi, калi параўноўваць iх з вобразам галоўнага героя.
   Вульгарная крытыка канца 20-х - пачатку 30-х гадоў папракала Чорнага ў апраўданнi "кулака", "хутаранскiх настроях", "апяваннi кулацкiх iнстынктаў", а таксама ў "бiялагiзме", запазычаным у французскiх пiсьменнiкаў-натуралiстаў. "Пра адну рэакцыйную аповесць", - менавiта так, а не iнакш, называўся пагромны артыкул А.Кучара, прысвечаны "разбору" чорнаўскага "Лявона Бушмара". Нягледзячы на фiнал, дзе Лявона "iзалююць" ад калектыву, арыштоўваюць i высылаюць ("другая гiсторыя перад намi"), у творы прысутнiчае гуманiстычны погляд аўтара на людзей, ахопленых "уласнiцкiм iндывiдуалiзмам": "Чалавеку цяжка перарабiцца адразу..." - так сцвярджае празаiк, бо разумее складанасць чалавечай псiхалогii. Думка пра выхаванне "новага чалавека", узнятая афiцыйнай прапагандай як лозунг эпохi, цiкавiла Чорнага i ў iншых яго творах 30-х гадоў, незавершаных ("Iдзi, iдзi", 1930; "Трыццаць год", 1934) i завершаных ("Бацькаўшчына", 1931; "Трэцяе пакаленне", 1935; "Люба Лук'янская", 1936; "Насцечка", 1940). Прыкметна, што ў пiсьменнiка свой погляд на чалавека, якi не заўсёды супадаў з афiцыйным разуменнем гiсторыi, хоць супрацьстаяць агульнай тэндэнцыi да прыхарошвання жыцця было складана: улада, быццам ненажэрная пачвара, патрабавала пастаяннага пацвярджэння лаяльнасцi.
   Калi ў мастацкiх творах яшчэ захоўвалася мiнiмальная магчымасць паказваць аб'ектыўную карцiну жыцця, то ў публiцыстыцы, дзе думкi i iдэi выказвалiся адкрыта, прамой моваю, даводзiлася шчодра выкарыстоўваць афiцыйную рыторыку, якой шмат у тагачасных артыкулах Чорнага. У адных з iх аўтар выкрывае "нацдэмаўшчыну", пацвельваецца з "нацдэмаўскай" лексiкi, сентыментальнасць якой нiбыта не адпавядае часу "класавага змагання" ("нацдэмаўскi стылёк"), у другiх выступае за "наркомаўку", у трэцiх з прыкметна гiпертрафiраванымi пачуццямi ўслаўляе "правадыра ўсiх народаў" Сталiна i яго "верных паплечнiкаў". Чорнаўскага вельмi мала ў падобных славаслоўях, што лёгка заўважаецца сёння.
   Аднак i ў неспрыяльны для вольнай творчасцi перыяд 30-х гадоў Чорны не пакiдаў спроб уздымаць у сваiх творах праблемы, якiя заўсёды хвалявалi беларусаў. Так, героi рамана "Iдзi, iдзi", прадстаўнiкi творчай i тэхнiчнай iнтэлiгенцыi, горача абмяркоўваюць пытанне пра месца нацыянальнага ў працэсе "вялiкай перабудовы" грамадства: раман нараджаўся ў той час, калi "нацыянальная элiта", за выключэннем адзiнак, была выслана за межы Беларусi, а пазней амаль цалкам знiшчана. Таму твор застаўся незавершаным. Шырокi спектр нацыянальнай праблематыкi ў наступным рамане "Бацькаўшчына" звузiўся да адной, але сапраўды важнай у жыццi нацыi, праблемы - праблемы Бацькаўшчыны. Пошукi Радзiмы Леапольдам Гушкам, галоўным героем твора, пошукi сваёй зямлi, палкая мара пра ўласны куток, дзе гэты вялiкi працаўнiк адчуваў бы сябе свабодным i незалежным, пазбыўся б сваёй адвечнай трапятлiвасцi, няўпэўненасцi ў сабе. Гушка шукае праўды то ў пана, то ў папа, то ў ксяндза, то нават у прыстава, пакуль не пераконваецца на ўласным прыкладзе, што яго "беларуская мара" не знаходзiць водгуку ў чужой улады. Яго фанатычная вера ў магчымасць нармальнага iснавання ва ўмовах беззямелля i бяспраўя ператвараецца ў такой жа сiлы расчараванне. У фiнале рамана перад намi iншы Леапольд Гушка: моцны, загартаваны, валявы. Герой, паводле логiкi сюжэта, адшукаў сваю "праўду", хоць Чорны заўсёды любiў "адкрытыя фiналы", бо яны выяўлялi погляд пiсьменнiка на чалавека як вечнага шукальнiка iсцiны.
   Раман "Бацькаўшчына" Чорны бачыў у сiстэме iншых сваiх буйных твораў пра гiсторыю беларусаў у ХХ ст. Падзеi сучаснасцi празаiк асэнсоўваў на фоне Вялiкага Часу, прагрэсу чалавецтва, якое на працягу стагоддзяў выпрабоўвала, сцвярджала i абвяргала мноства розных iдэй грамадскага ўладкавання. У рамане "Трэцяе пакаленне", шырокавядомым у 30-я гады савецкаму чытачу (твор выдаваўся штогод на розных мовах былога Савецкага Саюза), празаiка захапiла праблема ўласнасцi як грамадскага iнстытута, што займае такое вялiкае месца ў жыццi. Свае гуманiстычныя погляды на беларуса, якiм ён быў у ХХ ст., аўтар падае ў захапляючай форме дэтэктыва, дзе сваё месца мае iнтрыга, загадка, следчы пошук (аграбленне банка, забойства, пераслед, допыт, суд, пакаранне). Чорны ўвесь свой праведны гнеў скiроўвае супраць уласнiка, якi ў пагонi за багаццем занядбаў у сабе ўсё чалавечае, тым самым аўтар стварае вобраз фенаменальнага злачынцы, кулака Скуратовiча, увасабленне "фiласофii нянавiсцi": чалавек чалавеку воўк... Уласнiцтва ў сваiм крайнiм выражэннi, калi цана грошай i золата пераважае цану чалавечай асобы, сапраўды калечыць дзяцей, такiх, як падлетак Мiхалка Тварыцкi, дэфармуе iх псiхiку, вядзе да духоўнай дэградацыi. У страсным маналогу "кулака" Скуратовiча, акрамя недаверу да ўсiх на свеце, нямала горкай праўды пра жорсткасць жыцця, пра блiзкi апакалiпсiс, калi дзецi, "трэцяе пакаленне", будуць бадзяцца беспрытульнымi па ваенных дарогах. Мiхалка чуе гэтую яго правату: зерне падае не на камень. Iншы шлях выбiрае Зося, яго будучая жонка, якая, у сваю чаргу, паверыла ў "праўду" чырвонаармейца Назарэўскага, захопленага iдэяй "канкрэтнага i страшнага выкарчоўвання эксплуататарскага i нявольнiцкага з душы", i ўзялася за "выкарчоўванне" носьбiтаў "радзiмых плямаў" капiталiзму, пачаўшы з уласнага мужа. Фармальна перамагае Назарэўскi, але ў мастацкiм плане больш пераканаўчай уяўляецца пазiцыя Тварыцкага, якi ахвяруе сабой, каб уратаваць сваю дачку Славу ад будучых трагедый, хоць i разумее гэты паратунак па-свойму. Гэтага вострага прадчування блiзкай трагедыi няма ў камунiста Назарэўскага i ў Зосi: яны аднабаковыя i павярхоўныя ў сваiм пафасным услаўленнi "новага чалавека". Так, "новы", перавыхаваны Кравец, той самы чорнаўскi "трапятун", страцiў сваю непаўторнасць, набыўшы хiба толькi нязвыклую для яго маўклiвасць i спакой, больш падобныя на абыякавасць да людзей i жыцця. Непазнавальнай у другой частцы рамана становiцца i мова, набыўшы нетыповую для Чорнага сухасць i афiцыйнасць, як i ўсякая савецкая "наркомаўка".
   Для творчасцi Чорнага характэрна, што свае думкi ён развiвае i ўдакладняе ў наступных палотнах. У аповесцi "Люба Лук'янская", у драме "Iрынка" (1941), у творах для дзяцей, напiсаных у другой палове 30-х гадоў, заўважаецца змякчэнне рыгарыстычнай пазiцыi празаiка, якi зразумеў, што яго героi жывуць у жорсткi час i ў сваiх драмах невiнаваты. Так, у драме "Iрынка", напiсанай пасля ўз'яднання Беларусi ў 1939 годзе, выразна гучыць думка, што "чалавек - стварэнне яснае, светлае, а не змрочнае i злое", i што жыццё трымаецца не на "здаровым розуме" прыгнятальнiка, а на "чыстай, чалавечай, лiтасцiвай, мiласэрнай, ласкавай праўдзе". Па сутнасцi, Чорны, насуперак афiцыйнай прапагандзе "класавай нянавiсцi", недаверу i падазронасцi, сцвярджаў хрысцiянскую мараль, адвергнутую "новым светам". У апавяданнi "Макаркавых Волька", напiсаным у 1938 годзе, у самы разгар рэпрэсiй, празаiк паказаў атмасферу, у якой квiтнела даносчыцтва: "кааператар" Сафрон Дзядзюля лiтаральна вiжуе, не дае жыцця маладой дзяўчыне Вольцы Макаркавых, помсцячы ёй за ўсё на свеце i за ўласныя няўдачы.
   Восем месяцаў, з кастрычнiка 1938 па чэрвень 1939 года, праведзеныя Чорным у яжоўскай турме, надламалi яго здароўе i ў адначассе змянiлi адносiны да людзей. У гады вайны Чорны зноў i зноў паўтараў сваю магiчную формулу 20-х гадоў: "Чалавек - гэта цэлы свет".
   У першыя днi вайны з фашызмам пiсьменнiк разам з сям'ёй (жонкай i дачкой) пешшу пайшоў на ўсход. У Крычаве ён уступiў у рады Чырвонай Армii, але праз некалькi дзён быў адклiканы ў групу друку i стаў супрацоўнiкам газеты-плаката "Раздавiм фашысцкую гадзiну". З другой паловы студзеня 1942 года Чорны жыве ў Маскве, займае з сям'ёй невялiчкi нумар у гатэлi "Якар", дзе ў той час знаходзiлiся многiя эвакуiраваныя беларускiя пiсьменнiкi. Ён увесь час марыў пра хуткае вяртанне на Радзiму, у Менск, уяўляў, як вернецца ў родныя Цiмкавiчы, у бацькоўскую хату (калi толькi яна не згарэла ў вайну), адпачне душой i целам ад перажытых хвароб i нягод, здзейснiць нарэшце ўсё задуманае, пачатае i незавершанае.
   За тры з паловай ваенныя гады К.Чорны, цяжка хворы (амаль паўгода кепска бачыў, балела сэрца, ацякалi да калень ногi), паўгалодны, перагружаны тэрмiновай працай у журналiстыцы ("на хлеб надзённы"), напiсаў каля паўсотнi публiцыстычных артыкулаў, выступленняў, фельетонаў, падрыхтаваў да друку зборнiк апавяданняў "Вялiкае сэрца", напiсаў тры раманы, задумаў i часткова ажыццявiў каля дзесятка iншых эпiчных твораў. У гэты ж час ён рабiў кароткiя, але надзвычай ёмiстыя ў фiласофскiм сэнсе дзённiкавыя запiсы, дзе называў рэчы сваiмi iмёнамi, на поўны голас гаварыў пра трагедыю, якая спасцiгла беларусаў у савецкiя часы, называў некаторыя прозвiшчы канкрэтных вiноўнiкаў многiх людскiх драм. Самы апошнi запiс, зроблены за паўгадзiны да смерцi, гучыць як малiтва (К.Чорны памёр 22 лiстапада 1944 года): "Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца цi што?..".
   Падзеi другой сусветнай вайны Чорны ўспрымаў як новы этап у трагiчнай гiсторыi народа. Нездарма адзiн з раманаў ён назваў "Вялiкi дзень", а сярод варыянтаў значылася i iншая назва: "Судны дзень". Пiсьменнiк разумеў: у вайне вырашаецца лёс нацыi i ўсяго чалавецтва. Менавiта таму яго захапляла задума стварыць "раман вынiкаў", дзе падводзiлiся б падрахункi вялiкай гiсторыi беларусаў. Ужо ў апавяданнях ваеннага часу "Бацька", "Маленькая жанчына", "Аксiнiны сляды" (усе 1942), "Прасторны дом", "Вялiкае сэрца" (абодва 1944) узнаўляюцца не толькi асобныя эпiзоды вайны, але i даецца фiласофскае падсумаванне маральных вынiкаў, да якiх прыйшло чалавецтва. Чорнага ўразiла карцiна адступлення, разбурэння, гiбелi мноства людзей, у якой ён убачыў выразныя абрысы апакалiпсiса. Яго героi, простыя беларускiя людзi, як бiблейскi Iоў (вобраз якога ён згадваў у адным з раманаў), поўняцца велiзарнай цярплiвасцю, мужна прымаюць свой лёс, застаючыся ў экстрэмальных умовах самi сабою, вернымi чалавечай прыродзе.
   У творах Чорнага ваенных гадоў на ўсю моц загучалi гуманiстычныя iдэi, занядбаныя ў часы сталiншчыны. Ствараючы вобразы сялян i iнтэлiгентаў, вясковых мудрацоў, самабытных фiлосафаў, дзiвакоў, праўдашукальнiкаў (а менавiта на iх трымаецца цiкаўнасць чытача нават незавершаных твораў, фрагментаў i ўрыўкаў), празаiк думаў пра тое адвечнае i сапраўднае, чым жыў i жыве народ. Гэта быў унiкальны ў нашай лiтаратуры выпадак, калi пiсьменнiк iшоў паралельна, а то i апярэджваў у мастацкiм асэнсаваннi ХХ ст. сваiх замежных калег, пра многiх з якiх ён нiчога не чуў i не ведаў (А.Камю, Т.Ман, I.Андрыч). Асобныя старонкi чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкi, думкi ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як "успамiн пра будучыню".
   Усведамленне асабiстай адказнасцi за лёс жыцця на Зямлi вызначае пачуццi i думкi герояў рамана "Пошукi будучынi". Аўтар называе iх, жыхароў мястэчка Сумлiчы, сумлiчанамi - ад слова "сумленне". Гэта людзi "з праўдай у сэрцы i розумам у галаве". Вясёлы, гаваркi, чулы да жыцця Фельчар не мае нават iмя: доктар, лекар, ён знаецца на спосабах ратунку i ад фiзiчных траўмаў, i ад душэўнага болю. Ён бязмежна верыць у светлы пачатак у чалавеку, у тое, што зробленае дабро вяртаецца стакроць больш моцным, адгукаючыся ў будучынi. Чорны бачыць сваiх герояў на шырокiм фоне беларускай i сусветнай гiсторыi, разумеючы, што за ваенным подзвiгам "цiхага чалавека" стаiць усё яго ранейшае жыццё. У першай частцы рамана апавядаецца пра Вялiкага Злодзея, якi прымушае згадваць творы Ф.Дастаеўскага, аднаго з самых любiмых чорнаўскiх пiсьменнiкаў: сусветны мiлiтарызм, грамадства, пабудаванае на нянавiсцi, развязалi вайну i "ўкралi" ў бацькоў маленства iх дзяцей. Асiрацелi Кастусь Лукашэвiч, "выгнанец з-пад Вiльнi", i Волечка Нявада, якая чакае не дачакаецца звароту бацькi з вайны. Вайна прымусiла гэтых герояў стаць дарослымi раней часу, а бязлiтасная неабходнасць вымушае разам шукаць паратунак, стаць "вялiкiмi змоўшчыкамi". "Дзецi прыроды", яны выклiкаюць замiлаванне сваiм даверам, жаданнем рабiць дабро, ахвяраваць апошнiм, абы ў свеце надышло замiрэнне, настаў лад. Разам з iншымi сумлiчанамi, "быццам ратуючы ўвесь свет не менш як ад касмiчнай катастрофы", Кастусь i Волечка ратуюць немца Шрэдэра: дабро павiнна адгукацца дабром. Так шукаюць i выбiраюць беларускiя дзецi, "трэцяе пакаленне", будучыню. Якою яна стала, пра гэта апавядаецца ў другой частцы рамана.
   У рамане "Вялiкi дзень" Чорны разгортвае панараму глабальнага сутыкнення Дабра i Зла. Дзея адбываецца ў Беларусi, якая ўспрымаецца аўтарам як гiстарычная арэна, на якой сутыкаюцца супрацьлеглыя сiлы. У першай частцы "Пошукi роднай зямлi" ставiцца праблема, што адвеку хвалявала беларусаў. Бацькаўшчына, родная зямля, свой кут - пытанне пытанняў для беларусаў, боль iх душы, незагойная рана. Адны ("кулак" Блецька, пан Гальвас, "тэарэтык" расiзму Тоўхарт) лiчылi "роднай" толькi тую зямлю, якая з'яўляецца iх уласнасцю, другiя (сяляне-земляробы Максiм Астаповiч, Уладзiмiр Вялiчка) перакананыя: Радзiма - паняцце не толькi фiзiчнае, але i духоўнае, яно ўключае ў сябе замiлаванне да прыроды, любоў да працы на сваёй зямлi, чуласць да блiжняга, каханне да любай жанчыны, адданасць звычаям продкаў i родным магiлам. Другая частка "Спусташэнне" ўпершыню ў беларускай лiтаратуры ўзнаўляе трагедыю народа: масавае знiшчэнне мiрнага насельнiцтва, карнiцкiя акцыi фашыстаў, генацыд i этнацыд. Максiм Астаповiч паўтарае ў сваiм лёсе перажытае беларусамi на працягу ХХ ст.: здольны "змянiць аблiчча ўсёй мясцовасцi", ён адвеку працуе на iншых, будуе сабе дом, але вайна руйнуе гэты дом, i гэтак паўтараецца тройчы. Яго вера ў будучыню грунтуецца на ведах, што слушнасць мае толькi сумленная праца, праўда, дабро, хараство. Чорны не шкадуе сваiм героям (Максiму Астаповiчу, Уладзiмiру Вялiчку, Антону Цвiрку) самых высокiх ацэнак: "усеабдымная чалавечая асоба", "вялiкая душа, што змяшчала ў сабе ўвесь свет". Глыбокае замiлаванне да Радзiмы натуральна перарастае ў такой жа сiлы нянавiсць да акупантаў i iх памагатых (Гальвас, Тоўхарт, Блецька), якiмi кiруе халодны разлiк, бяздушны эгаiзм, пагарда да людзей, прапаведнiкаў нацысцкага "сiмвалу веры", "новых прынцыпаў", iдэi "звышчалавека". Вобраз Генрыха Тоўхарта, якi спавядае "новае евангелле" i марыць паставiць "жалезны п'едэстал над усiм светам", з'яўляецца наватарскiм адкрыццём Кузьмы Чорнага, зробленым iм задоўга да Нюрнберга.