Як праходзiлi паўз могiлкi, Юшка зноў загаманiў.
   - А на могiлкi колькi ўсадзiлi - i чаго? Нябожчыкам ужо быту не даюць, ня тое, каб жывым. I ведаеш, якая здарылася праява? Памятаеш-жа, атруцiўся калiсьцi наш хэмiк, а мы злажылiся й паставiлi яму на магiлцы помнiк iз чырвонаю зоркаю? Дык бомба якраз акуратненька адбiла да лiха гэную зорку. Значыцца, вось якi знак! Праява, цуд, Божы цуд!
   "Цаляў у крыжык, а лучыў у савецкую зорку - таксама знак?" - I Юрку прыкра прыгадалася ягонае ўчарайшае дарэмнае паляваньне на "крыжык", i як нядобра зрабiлася раптам тады...
   - А ты што, верыш у цуды? - спытаўся ён, успомнiўшы, што ў школе-ж гэты "Качка" быў "упаўнаважаным" "Бязбожнiка". Праўда, што ўся ягоная "работа" палягала вылучна бадай на зьбiраньнi сяброўскiх складак...
   - А як-жа, што ты, увяраю. Мае бацькi заўсёды былi "рэгiлiёзныя"...
   "Скончыў дзесяцiгодку, а й такога слова правiльна ня вымавiць", мiльганула ў Юркi.
   - ...i мяне, хоць крыючыся, а так гадавалi. Дый, падумаўшы-ткi, нешта ёсьць...
   "Нешта ёсьць", - прыгадалася зноў учарайшае Юрку.
   - Нешта й тут знойдзем, ня можа быць, - ня даў далей думаць "Качка", адчыняючы дзьверы ў нейкi цёмны калiдорчык. - Форзыхт, прыступкi! Налева!
   Яны ўвайшлi ў поўную людзей, дыму, чаду й п'яное гаманы "кнайпу".
   XI
   Юрка адразу выпiў адным духам поўную шклянку нейкае, мусiць, самагонкi, даволi-ткi гадкае на смак. "Качка", хоць i дужа хвалiў яе перад гэтым i, вiдаць, вельмi хацеў дараўнавацца ў выпiвацкiм гэройсьцьве Юрку, адужаў усяго ледзь палавiну. Закусiлi кiслай капустай, ужо, праўда, вельмi смачной, як умеюць яе квасiць хiба што толькi ў нас у Беларусi.
   Гарэлка анi не ўзяла Юрку, i ён моўчкi, панура разглядаўся па "кнайпе" i ейных гасьцёх, хоць за густым, ядучым дымам разнастайнага тытуну ваеннае прадукцыi й цяжка было каго цi што разгледзець. Паўтарылi яшчэ. "Качка", падплятаючы ўжо крыху языком, пачаў "раскрываць сваю душу" перад Юркам. Цяпер ён канчальна стаецца вынаходнiкам - ягонае, яшчэ школьнае лятуценьне, хоць якраз фiзыка давалася яму ў школе туга, i як сьлед "вынаходнiк", пэўна, i цяпер яе ня ведаў ды ня мог-бы даць рады з прасьценькiм разьлiкам. Ды дармо у яго ўжо разьлiчаны й зусiм распрацаваны такi вынахад, такi вынахад... Поўны пераварот у сьвеце, а найперш - у гэтай вайне. Борздая перамога новай Эўропы над бальшавiзмам, над плютакратамi, а адкуль? Зь Беларусi, якая тым самым заваюе сабе першае месца ў гэтай новай Эўропе. А патэнт у каго? У Беларусi, у Юшкi Кiпця ў руках. "У кiпцях", - панура мiльганула ў Юркi, баржджэй ад прывычкi да гульнi словаў, i ён таксама паглядзеў на "Качкавы" кiпцi з густой чорна-сiняй "жалобай" пад iмi... Але-ж, жалоба - гэта ў яго, у Юркi, запраўдная жалоба, чорна-чорная...
   А "вынаходнiк" хвалiўся далей, што пачаў ужо будаваць мадэль свайго нязвычайнага вынахаду. Праўда, тугавата з гэтым - вайна, правiнцыя, няма патрэбных частак, матар'ялаў, майстроў... Юрка слухаў яго зусiм бязуважна, горка думаючы пра тую сваю жалобу, i "Качка" мусiў нагнуцца да яго блiзенька, узяць за штрыфлi марынаркi й адкрыць яму ўжо сакрэт, калi таму так ужо цiкава, хоць цiкавасьць гэтая анiчым яшчэ ня выявiлася, а баржджэй наадварот, пачынала паказвацца абрыджонасьць. I Юрка моўчкi, але станоўка, адчапiў Юшкавы пальцы-кiпцi ад сваiх штрыфляў. Ну, калi Юрка ўжо так хоча, дык яму скажацца: гэта мае быць - груба кажучы, толькi груба, як ляiку - вялiзарны магнэс, якi мамэнтальна прыцягвае да сябе, ськiдае далоў на зямлю самалёты. Га, што за штучка? Адразу перамога на тым баку, якi будзе мець гэткую машыну: ворагавая авiяцыя спаралiжаваная, свая дзеiць бесьперашкодна, i ўсё ў шапцы. А тады Юшка возьмецца за другi, яшчэ большы вынахад, якi ў iдэi ў яго зусiм гатовы й прынясе шчасьце ўжо цэламу, чалавецтву, ды зноў-жа - з рук Беларусi, зь ягоных, Юшкавых рук... Гэта няпраўда, што вечны рухавiк - "пэрпэтуй мабiль", сказаў "Качка" - немагчымы. Ён давёў адваротнае, усё выходзiць... А тады ого, тады! Тады Юшку даецца ўся ўлада ў рукi - ну, значыцца, пiшацца паперка, што ўся ўлада - Юшку, i ён уладжвае ўсё пасвойму. Трэба мець толькi ўладу, ну, паперку, i ўся маса пойдзе за табою. Калi адразу й ня надта захоча йсьцi можна крышку й падашукаць, як бальшавiкi ў сямнаццатым годзе...
   Юрка ўсёроўна ня слухаў, i "Качка" крыху перасьцiх. Але неўзабаве, выснаваўшы, мабыць, iз свайго разумаваньня над прычынаю Юркавае бязуважнасьцi да такiх цiкавых пытаньняў, ён выпалiў:
   - Начхнi ты на гэтую Верку, браце. I яна зусiм спэцкалася была апошнiм часам, iз палiцыянтамi круцiць пачала, i гэта не з адным, а з двума адразу...
   - Вера? - пракруцiў ацяжэлым, яму здавалася - толькi цяпер, языком Юрка. У яго зноў уздымалася аднекуль iз глыбi залеглае там яшчэ раней жаданьне таксама цяжка аплявушыць гэтага болбатня.
   - Ну але. Вунь, адзiн зь iх цi не сядзiць у тэй кумпанii, - "Качка" паказаў галавой у кут. Юрка зiрнуў туды. Там сядзелi й гаманiлi ўсе адразу, мусiць, добра ўжо пацягнуўшы, нейкiя маладыя хлапцы ў чорнай, вайсковага тыпу ўнiформе. "Дык гэта такiя ў iх палiцыянты, - падумалася Юрку, - добра ведаць!" - хоць ён i ня мог-бы вытлумачыць, чаму гэта яму "добра ведаць". I раптам Юрка прыцягнуў ужо "Качку" за штрыфлi, як той Юрку перад тым, толькi мацней, i пачаў, i сам ня ведаючы наперад, што скажа й што так - i перад кiм? прагаворыцца:
   - А ты... ведаеш, адкуль я й чаго?
   - Ну-у? - аж спалохаўся i, так i застаўшыся разьзяўленым, працягнуў "Качка". Ён успомнiў, што праўда, пытаўся аб гэтым Юрку, але цi не дачакаўся адказу, цi забыўся...
   I Юрка, ня зусiм гладка ўжо i зь перапынкамi, зь пераскокамi, проста ў Юшкаву разьзяўленую губу - як-бы той мусiў слухаць i чуць ёй, а ня вушыма, вылажыў усю праўду аб сваiх учарайшых i сяньняшнiх прыгодах.
   - Iдзi ты! - толькi працягнуў, усё яшчэ ня верачы, "Качка".
   - То-ж бо й то, што няма цяпер, зусiм няма куды йсьцi, - працадзiў Юрка й змоўк. Абодва нейкi час маўчалi. "Качка", вiдаць, стараўся ператравiць такую неспадзяваную й адразу неверагодную, а разам iз тым - чаму не праўдападобную? - Юркаву гiсторыю.
   - Дык кажаш, iз парашутам - дальбог? - працягнуў ён нарэшце. Юрка толькi моўчкi i ўжо зусiм пап'яному целяпнуў галавой. Iзноў маўчалi. Тады "Качка" раптам пачаў ёрзаць на сваiм месцы, а далей устаў i ўзяўся за капяляюш.
   - Дык я... тут зараз... нешта капуста пушыць. Ты пачакай гэтта, - ён панёс капялюш да галавы, але, не данёсшы - вiдаць, раздумаўшыся, апусьцiў i паклаў на свой услон. - Хай гэта тут... будзе занята, як хто - скажаш: "Бэзэц!" Я вомiрг! - Юрка зноў целяпнуў галавой, i "Качка", з павялiчанай яшчэ больш цяпер амплiтудай свае валюхатае хады, паплыў да выйсьця, манэўруючы мiж п'янымi й яшчэ цьвярозымi.
   Юрка выпiў яшчэ шклянку, i цi ад яе, цi ад рэзкае кiсьлiнi закускi капустаю - пачаў нёк iзноў цьвярозець. Чорт пацягнуў яго за язык перад гэтым боўдзiлам! "Пайшоў даносiць, няйначай, - мiльганула ў яго. - Зараз прывядзе гэтых палiцаяў цi так як... Мо заробiць што для свайго магнэсавага "пэрпэтуя". - Ну, i няхай, - iзноў апанавала бязуважнасьць, - няхай бяруць, калi так. Пачакаем!" - I ён выпрастаўся на сваiм месцы, ськiраваўшы пагляд туды, куды адплыў "Качка". Але рука ўсё-ж сьцiснула, i моцна, дармо, што п'яны рэвальвэр у кiшэнi.
   "...А Вера, кажа, з палiцыянтамi... "Па руках пайшла"... Значыцца, запраўды дрэнь, i цi варта"... - цяжка варочалiся думкi. Але тут-жа абураўся сам на сябе за такое думаньне: "Як важышся так, забойца?!" I няхай-бы сабе была, хоць-бы сабе й з палiцыянтамi гуляла, няхай... А цяпер якраз-бы ён, Юрка, шась - i, пэўна, яна тых палiцыянтаў - вон, па баку, адстаўка! Пэўна-ж, ён - лепшы... "Лепшы" - забойца...
   Дзе-ж той "пэрпэтуй", чаму ня йдзе, не вядзе?
   Нiхто ня йшоў. А мо надарма ўся гэтая трывога? Можа той - проста... Казаў-жа - "капуста пушыць"... Ну, i няхай...
   Юрка зноў нахiнуўся над сталом, узлокцiўшы цяжкую такую цяпер галаву. Здаецца, пачынала "развозiць", цягнуць на сон...
   XII
   - Выбачайце!..
   Што, ужо прыйшлi, прывёў? Няслухмяная рука не трапляла адразу ў кiшаню па рэвальвэр. Дый навошта? Няхай... Юрка пакiнуў гэтыя дарэмныя намаганьнi. Дый сьмех - аказалася толькi жанчына, маладая, прыгожая жанчына, уся ў чорным. Уся ў чорным?
   - Гэтае месца занятае?
   - Занятае... - Юрка намагаўся ўспомнiць тое нейкае, нямецкае пэўна, слова, якое сказаў быў тады "Качка", думаючы, што мусiць яго канечна трэба цяпер дадаць.
   - Ну але, я бачу - капялюш. Але - гэта? - яна паказала на трэйцi, вольны ўслон пры тым самым столiку, справа ад Юркi.
   - Гэта? Здаецца, не.
   Жанчына села, шаснуўшы спаднiцаю. Юрка агледзеў яе. Чорныя вочы, чорныя валасы, бездакорна правiльныя рысы маладога жаноцкага, напэўна, не дзявоцкага ўжо твару. Вусны падмаляваныя зьлёгку, мала знаць, таксама й бровы. У вопратцы - чорнай (дзе гэта бачыў такую, i сяньня?) - поўная строгасьць. Толькi чаго ёй тут, у гэтай кнайпе? Хiба-ж ня з гэтых... з прастытутак. Тыя-ж павiнны быць размаляваныя, разьвязныя, паўголыя... А тут-жа яны могуць, павiнны навет быць. Што-ж, можа "незнаёмка" - з таго вершу, што так любiць чытаць Валiк, як троху чарку возьме (i Юрка любiць вершы, ды толькi непамкi заўсёды, чые яны забываецца). Якраз там нешта пра чорны шоўк, якi шастае. I дзе ён чуў гэтае шастаньне?
   - Дазвольце аганьку? - зьвярнулася "незнаёмка".
   Ну, калi курыць - дык напэўна ўжо з "гэтых", яны-ж, кажуць, усе кураць. А вонкавасьць, строгасьць - часам знарок на сябе напушчаюць, каб прынадзiць лягчэй, Юрка чытаў нейдзе гэтак. Але ён, усё-ж, як мог, пакавалерску дастаў з кiшанi сярнiчкi, не даючы прыкурыць ад ягонае папяросы, што, праўда, да таго-ж i згасла ўжо няма ведама, калi. Жанчына закурыла й кiўнула галавой, дзякуючы.
   Мабыць, ад суседзтва "незнаёмкi" за адным сталом хмель iзноў пачаў бiць у галаву Юрку. Суседка выдавалася што раз больш павабнай i прыгожай. Навет тое, што яна курыць, было ёй нек асаблiва да твару, прыгожа й асаблiва ўзбуджала. I Юрка зусiм бясцырымонна ўзорыўся ў гэтую "незнаёмку", як-бы хацеў яе выпiць вачыма, яшчэ больш ахмялiцца ёю. Але тая на яго, як быццам-бы, анi зважала, прымружанымi крыху вачыма пiльна выглядаючы некага сярод кнайпавае публiкi. Каго яна шукае?
   Ды раптам чорная "незнаёмка" павярнулася да Юркi i з павабнай цi завабнай усьмешкай, гледзячы проста ў вочы, сказала:
   - Дык гэта вы - той парашутысты? Ня бойцеся, я - так званая (яна прыцiснула на гэтым слове) жонка гаспадара гэнага дзiвацкага капялюша, - яна кiўнула на "Качкаву" аздобу на ўслоне.
   Юрка адразу нек нiчога не зразумеў. Жанчына моцна зацягнулася папяросай i, нахiнуўшыся да Юркi блiжэй, не зьмяняючы тае-ж усьмешкi, але цяпер паўшэптам, нейкiм пасьпешным i, здавалася, гарачым, пачала яму тлумачыць. Ён мала разумеў i цяпер, больш любуючыся, як разам iз словамi выскокваў у яе дым, то гусьцейшы, то зусiм далiкатна-сiвенькi, i так доўга, як-бы гэта не ад папяросы, а загарэлася ў яе што ўнутры, i адтуль - i гэты дым, i гарачы такi шэпт. Юрка ня бачыў яшчэ нiколi, каб гэтак курылi жанчыны, ды яшчэ - маладыя, такiя прыгожыя. I ён куды больш глядзеў на гэткую дымную вопратку словаў, як услухваўся i ўдумваўся ў iхны сэнс. Усё-ж, нарэшце i з большага да яго дайшло: "Качка" i запраўды пабег даносiць, а яе, сваю "жонку", прыслаў сюды пiлнаваць. Толькi Юрка можа быць зусiм спакойным. Адно, што той нiкога цяпер ня знойдзе сьвята, усе такiя во, як i тут, а каб i знайшоў, дык нiчога ня будзе: ня будуць i слухаць такога, таксама-ж п'янога, дый наагул, яны такiя-ж няпiльныя, такiя наiўныя, што да даверу людзям, i зусiм ня цэняць даносаў i даношчыкаў. Цi раз ужо праштырвалi з гэтым i "Качку"... А нарэшце, i галоўнае - на тое й яна тут. Праўда, страшэннай неасьцярогай было зь Юркавага боку зьвярацца з гэтым, хоць сабе й свайму школьнаму сябру, але такому, хай Юрка прабачыць, дурню (апошняе Юрка моўчкi пацьвердзiў, целяпнуўшы галавой). Ейны праўдзiвы муж - таксама тут, недалёка, працуе з "нашымi" ў лесе й таксама нядаўна з парашутам... А гэты так - часовая шырма. Як iз мужа - зь яго невялiкае што. Садзiць усе грошы на нейкi iдыёцкi вынахад - пэўна-ж, хвалiўся Юрку? I каб па iм - даўно трэ было-б сям'i дацца з голаду. Загрувазьдзiў усю хату дзiвацкiмi сваймi прычындаламi, мусiла выкiнуць iх у хлеўчык. Ды зь iм лёгка даць рады. А яна зараз можа ськiраваць Юрку, куды трэба. Не? Значыцца, ведае сам... Ён яшчэ пабудзе тут? Толькi-ж - асьцярожнасьць, гарэлка - заўсёды благое апраўданьне. Ну, яна яшчэ можа наведаецца сюды... - i, загасiўшы аб стол недакурак, бо попелкi ня было, жанчына адыйшла з усё тэю-ж усьмешкаю й шастаньнем шоўку.
   Ага, цяпер Юрку ўспомнiлася. Гэта цi не яна прашастала каля яго там, на могiлках, абудзiўшы з таго адраньцьвеньня? Уся ў чорным, але, гэта яна. Хто яна?
   У добра п'яной ужо галаве ўсё блыталася. Раптам выйшла нек, што яна - гэта Вера, хоць на самой рэчы мiж iх нi ў чым ня было нi макулiнкi падабенства. Вера! "Пайшла па руках", з палiцыянтамi, i курыць, як прастыт... Не, але-ж якая - яшчэ прыгажэйшая! I няхай-бы была, хоць якая, абы была. А так - уся ў чорным... Усё чорнае зацягвае, засьцiлае ўсё... нячорнае. I ў дыме чорнай цемры - вогнiшча толькi, i Мечык, хлопчык Мечык...
   Мечык - меч... Якая дурнiна: Мечык - меч, - гэта-ж усё - толькi гульня словаў. I толькi сьнiцца, трызьнiцца, ды сп'яну. А меч у Юркавых руках - як зiгацiць! Не, гэта крыж, той учарайшы крыж зiгацiць, мяняецца. "Меч i крыж" здаецца, кiно такое было калiсьцi...
   Але-ж, меч i крыж. I зь мячом, зь Мечыкам - гэта-ж ён вырас у меч - зь мячом - на каго? На крыж? Не, накрыж... Накрыж яго перачыркнулi. Хто? "Нашыя", пэўна... "Працуе з "нашымi" ў лесе". Хто "нашыя"? "Юзiкавы хлопцы"?
   А сам "Юзiк" - сам Iо-сiф Вi-са-ры-са... i ў мазгох не пракруцiш, яшчэ як п'яны... Юрка-ж бачыў яго самога, "вялiкага правадыра", а тут ён - як маленькi: "Юзiк"... Дый маленькi-ж - добра бачыў яго, як быў выпуск iхнае школы. Не, зусiм не "вялiкi", а малы, касалапы, i твар у восьпiнах - адно малююць гэткiм прыгажуном. Адно малююць, а так - усё няпраўда, усё ў iх няпраўда, ён ведае даўно... "Маняць, як малююць". I мана, няпраўда, што "Сталiн": сталь - вось на гэтым мячы. Дык зь iм - на яго, на iх, на "нашых"? А хто-ж - "нашыя", дзе "нашыя", дзе "вашыя"? "Нашы вашых падвязуць"...
   Як-жа зiгацiць - меч - аж глядзець баляць вочы... Прыплюшчыць вочы... Прыплюшчаным вокам - нехта глядзiць, пiльна глядзiць. Гадэнка - ажыў i глядзiць? Не, гэта Мечык прапушчаў ад вогнiшча прыплюшчаным вокам. I гэтая - у чорным - плюшчыла вочы, выглядала кагось у дыме. Вера? "I той пагляд"... Пагляд прыплюшчанага вока... Будзе гэтак глядзець цэлы век, i трэ будзе нешта рабiць, каб заплюшчыць яго, цi засыпаць - пяском. Не, завязаць - чорным, чорныя бываюць павязкi на воку. Уся ў чорным - i яна ад "Юзiка", яны ўсе чорныя, ад чорных, чорненькiя - дробненькiя "Юзiкi". Чорнае - агнiстым мячом расьсячы! А вока ўсё роўна будзе прыплюшчанае век, iз тым самым дакорам, вялiкае вока, як у кiно, людзкое вока, як у казках... Казкi там, у лесе... "Пуга, торбачка, гразь па калены, адпачынак на балоце, ля вагня"...
   Нехта моцна трос за плячо. Кнайпа пустая ўжо, толькi дым, i дым у галаве, у душы, халодны дым. Ага, трэба ўжо зачыняць? Плацiць? Калi ласка, калi ла-асачка, колькi хочаце, ня лiчачы навет. А шапка, дзе шапка? Ня было-ж шапкi, праўда. Быў дзiвацкi капялюш - Юшкаў, "Качкаў", з загнутым пяром адзадзя. Дзе-ж ён? I яго ўжо няма. А так-бы ёмка цяпер зафутболiць у той вунь кут - капялюш. I Юшку - па капялюшку - заюшыць. Што, данёс? "Качка" - толькi гадкiя "качкi" пушчаць. "Беларусь", "зь Беларусi", "для Беларусi". Для Веры. У што веры? Няма Веры, няма веры, а Беларусь ёсьць, ёсьць Мечык...
   Што? Ужо, ужо...
   Цяжкiмi, няслухмянымi нагамi выбраўся Юрка з кнайпы. Нехта памагаў? Дурнiна, с-сам.
   Вясьняны цёплы брызок далiкатна пырскаў на твар. А як-жа цёмна, чорна-цёмна, анi ясачкi...
   Перастаўляў ногi, кiруючыся наманы, праз тую чорную цемру - да нейкага вогнiшча, хоць нiякага ня было нiдзе. Кiравала, усплыўшы, зноў тое: "Пуга, торбачка, гразь па калены, адпачынак на балоце, ля вагня"...
   XIII
   На Юрку яшчэ доўга чакалi на лётавiшчы, хоць ужо ясна было: ня вернецца... Не вярнуўся-ж i тамбоўскi герой Жарабцоў, i сябры зь ягонага зьвязу самi бачылi, як, загарэўшыся, кулём рынула далоў ягоная падстрэленая машына. Гэтак загiнулi два найбольшыя рызыканты эскадрыльлi. Не далiчылiся й яшчэ сяго-таго, двух не зьвярнулася з паветранага бою, да якога яны былi змушаныя ворагавымi зьнiшчальнiкамi, што перанялi iх падарозе назад. Хоць, праўда, i згаджалiся ўсе, што налёты былi неспадзяванымi для ворага, i абарона ўсюды ўваходзiла ў справу не адразу, "праспаўшы", але ўсё-ж гэтая абарона была, i "пэўныя весткi", што яе быццам няма, толькi абуралi ўсiх.
   На Юрку чакалi даўжэй за ўсiх, бо нiхто ня бачыў ягонае катастрофы. Праўда, Вiктар ужо пад канец чуў страшэнныя выбухi, гул ад якiх проста зьлiваўся - можа, Юрка "сеў на свае"? Але гэта як-бы было зусiм не ў ягоным баку... Валiк здагадваўся добра аб запраўднай прычыне чутага Вiктарам, ды, пэўна-ж, маўчаў...
   Усё-ж адправу па ахвярах, дзеля пэўнасьцi, пастанавiлi зрабiць па сьвяце мо яшчэ й вернецца хто "пехатой на самалёце", як любiў казаць - нябожчык? Юрка.
   Настрой у бальшынi "сакалоў" ад усяго гэтага быў ня вельмi, каб "сакалiны". Толькi якраз першы зьвяз, Юркавы сябры, дармо, што й безь яго, а пачувалi сябе няблага. Вiктар, бядуючы дзеля прылiку па такой цяжкой для зьвязу страце, як бясстрашны, запраўдны пiлёт (цяпер ужо, а раней - рызыкант, навет хулiган) Юрка, душою быў у падвойным задаваленьнi: Юрка скруцiўся яшчэ баржджэй i раней, як ён спадзяваўся. Адзiн ужо напэўна суступiў зь ягонае дарогi. Але й гэты другi нейкi падозрона-спакойны, усьмiхаецца нейкай лятуценнай, нябёснай усьмешкай, як сьвяты. Цi ня Веру пабачыў мо з высакосьцi? Не, мусiць проста рады, што абмiнуў шчасьлiва "знаёмы дом" - гэтак зрабiў, як меркаваў наперад Вiктар. Але як канкрэтна (Вiктар дужа любiў гэтае слова, як любяць яго ўсе тыя, што запраўды "канкрэтна" нi гаварыць, нi рабiць ня звыклi)? Ня можа быць, каб выйшаў сухiм iз вады. Гэны гук - якраз у ягоным баку, не, гэта ня Юрка, а мусiць, што гэты "аблягчыўся". Трэ будзе, канечна трэба "прамацаць".
   Валiк i праўда быў у спакойным, бадай радасным навет настроi. Пэўна, шкада было Юркi й навет Жарабцова, але затое была поўная - мо эгаiстычная? задаволенасьць сабой, што сам выйшаў чыстым i перад "каханым горадам", i перад Ёю. Цi адчувала хоць яна тады, што ён тут, зусiм блiзка быў, думаў аб ёй i зрабiў усё, каб абмiнула яе тая навала?... I яшчэ крыху нядобра - трэба хавацца з гэтым усiм, як злодзею. I што Вiктар чуў, пэўна-ж, як ён "згружаў" у балота, хоць i ня ведае праўды - таксама ня зусiм добра... Але ўсё гэта дармо, спачатку толькi трэ будзе крыху патрымацца. Галоўнае - каб не чырванець, гэтым можна зрадзiць сябе, хоць i тое, зрэшты, праўда, - усе прывыклi, што ён чырванее заўсёды. А там абляжацца ўсё, забудзецца, i будзе ўсё добра. Гэта-ж не з благой, злой справай хавацца трэба, а з добрай якраз, - толькi ў iх заўсёды добрае перакручваецца благiм i злачынным, i наадварот...
   Ночны халадок крыху праймаў на лётавiшчы, але й гэта нек прыемна вязалася з тым, што пачуў i адчуў там:
   Мае босенькiя ножкi,
   Сьцюдзёна стаяць...
   I да Вiктара нат ня было цяпер жалю, як перад стартам. Можа навет i лепш, што ён Валiку тую "сьвiньню падлажыў". Будзь-жа ў тым раёне якi Юрка - мала чаго нарабiць мог iз сваiм дурным рызыканцтвам - вось-жа няма й дагэтуль. I калi Вiктар запрапанаваў пачакаць яшчэ крыху ў "чырвоным кутку", у будынку "дыжуркi", бо на дварэ ўжо крыху зябка - Валiк ахвоча згадзiўся, не падазраючы нiчога благога й не спадзяваючыся цяпер новае "сьвiньнi" ад Вiктара.
   - Так вось i няма нашага Юрачкi, нашае Галушачкi, - пачаў iзноў бедаваць Вiктар, але выходзiла гэта ў яго так штучна, так драўляна й прыкра-штучна, асаблiва ў гэтых зьмяншальна-ласкальных, што Валiка ўсяго аж пакарэжыла неяк. - Ды мне ўсё здаецца - завiтае яшчэ вось-вось сакалок, - хлусiў Вiктар далей, будучы сам у душы цьвёрда-пэўным у зусiм адваротным, прынамся, хочучы быць пэўным.
   - Баюся, што ўжо не, такi рызыкант, - пэўна, загiнуў...
   - Бадай, маеш рацыю што да рызыканцтва. Зусiм што iншае тут - чыстая работа! - пачынаў адразу, сваiм заўсёдным "самасуйскiм" звычаем, хвалiць сам сябе Вiктар. - Штаб - нашая школа - адразу, не здрыгануўшыся, трапнымi лучаньнямi - да ўсiх чартоў сабачых! Чыгуначнае дэпо - хто зраўнаваў? Больнiца - паводля вестак, зь iхнымi раненымi - уся, як сьвечка!
   "Паводля вестак" - "пэўныя весткi", - падумаў Валiк i жахнуўся: раненыя як раненыя, але-ж у гэтай больнiцы за старажыху была й тут-жа жыла Вiктарава мацi... Вось дзе запраўдная "бальшавiцкая бязжаласнасьць", бязьлiтасная драўлянасьць - ня дзiва, што й Валiка туды, дзе бацькi, пасылаў - якая тут "свiньня"...
   - А як нашыя ўдачы, Валечка? - цягнуў далей, вiдаць, аж надта гэтым разам задаволены сабой Вiктар, у знак асаблiвай пяшчоты цi што, паклаўшы руку Валiку на калена. - Праўда, у цябе ня было паважных аб'ектаў... Вось ты зразу скуксiўся быў на мяне, кусьлiва дзякаваў "за давер". А падумай цяпер сам - не даваць-жа было мне гэтаму, кажаш сам, рызыканту Юрку, i ня браць сабе - бачыш, якi я... ("драўляны", - падумаў iзноў Валiк), - нiчога не пашкадаваў... i я, праўда, знарок, сьведама даручыў табе той раён, дзе нашая Вера, - ён прыцiснуў на слове "нашая", i Валiку гэта здалося асаблiва прыкрым, як гук ад зялеза па шкле, - ведаючы, што ты будзеш шанаваць, як вока... Я нат сказаў гэта Юрку можаш спытацца ў яго, калi вернецца можа. Так што й быў давер, бяз усякае гэтае твае гiронii, найбольшы давер. Ну, а што й бацькi твае ў гэтым самым раёне - гэта ўжо трудна... Пэўна-ж, добра й з гэтым абылося?
   - Ня ведаю, як там... - выкруцiўся Валiк, пачуваючы, што ўжо чырванее пад аляiстым, ды ўсё-ж мёртва-драўляным паглядам круглых Вiктаравых вачэй.
   - Ну, што там - "ня ведаю"! Папраўдзе кажучы, каб я быў на тваiм месцы... Аб'ектаў-жа там ня было, значыцца, задача адна: дэманстрацыя магутнасьцi, моцы. I калi, адлятаючы ўжо, я пачуў той гук - а быў ён якраз iз твайго, з твайго, - падчыркнуў ён аж двойчы, - боку, i я ня мог яшчэ анiяк гадаць, што мо гэта гiне бедны наш Юрачка (шчасьце, каб гэта было ня так) - дык тут-жа падумаў: гэта, мусiць, манiфэстуе "наша Валя", i няблага манiфэстуе... Дык як?
   - Так... - цiха, неазначана яшчэ, але разам iз тым неяк прыбiта, адказаў Валiк, выразна пачуўшы сябе ўжо злоўленым. Ён ня мог больш адарвацца ад гэтых, як пугачовых нейкiх, вачэй - не схавацца ад iх, усё бачаць, як пачулi й гэтыя гадкiя, адторклыя вушы той гук...
   - У руiны пакiдаў, цi ў рэчку, цi так? - не даючы адхланьня, бiў далей у тую самую кропку i ўжо дабiваў, здаецца, Вiктар...
   - Так... - iзноў гэтаксама, ды яшчэ цiшэй, азваўся Валiк, адчуваючы, як запраўды нек пачынае таяць, бы тая самая сьнягурка. Хоць iзноў маўчалi крыху, але добра ведаў ужо Валiк - ня зьвернуць кiрунку гаворкi гэтыя моўчкi, трэ будзе нешта сказаць, i мусiць...
   - Куды? - раптам грозна крыкнуў, моцна стукнуўшы кулаком па стале, Вiктар. Аляiстасьць зьнiкла ў мамант iз вачэй, засталася зноў адна драўлянасьць, мёртвая ўжо зусiм i бязжаласная, "бальшавiцка" бязжаласная. I Вiктар вельмi добра разьлiчыў гэты свой рэзкi зварот у гаворцы, ад якога iншы хто, вытрыманы цi спрактыкаваны "злачынец", лёгка мог-бы перайсьцi якраз у контратаку, у вабурэньне. Iншы хто, але толькi ня Валiк, у якога адразу цiха, быццам само, як выпала:
   - У балота...
   - Усе?
   - Усе...
   Iзноў змоўклi, i цяпер ужо маўчалi даўжэй. Вiктар мусiў перажыць, не паказваючы, радасьць ад гэтае свае, i другое, i падвойнае зноў удачы: i так лёгка зыходзiў з дарогi другi - зусiм, зусiм бадай так, як было спадзявана (Вiктар навет падумаў: "уплянавана"), i так лёгка, яшчэ лягчэй выкрыць яго ўдалося. I яму можна, нат трэба даць пярэдых - уседна, дзе дзенецца цяпер?
   - Так, - абарвала нарэшце маўчанку, ды ўжо ня Валiкава цiхое-неазначанае, а станоўка мёртвае Вiктарава "так", як кропка, як пункт над усiм. - Спадзяюся, што заўтра прачытаю аб гэтым усiм падрабязна ў вадмысловым дакладзе, таварыш Сьнягурскi, - якiя матывы й гэтак далей...
   Валiк маўчаў. Гэны рэзкi зварот, на якi так папаўся адразу, гэты тон i "таварыш Сьнягурскi" - гаварылi ўсё. I як подла падвёў! А ён баяўся толькi, каб не пачырванець, а на большае й ня ўздумаў - такi вось спрытны, спрактыкаваны круцель... Не, не яму было спадзявацца на свае сiлы ў такой гульнi, не яму... Ды што? усёдна - як iначай было? Толькi дарма сам ашукваў сябе тым спакоем... Хоць i тут - цi шкадаваць? Нечага, меней сябе пагрыз, а крыху адпачыў...
   - I Вы-ж (так, i "Вы" цяпер на месцы зусiм, як i "таварыш Сьнягурскi"), i Вы, - цягнуў Вiктар, не дачакаўшыся адказу, - добра ўсьведамлялi сабе й павiнны ўсьведамляць цяпер, што так груба "выкарысталi", груба-супрацьзаконна права "аблягчэньня" ў крытычным выпадку, калi такога выпадку зусiм ня было. I да чаго можа павесьцi гэткае "выкананьне заданьня", такая iнтэлiгенцкая маладушнасьць, такая...
   Што? Валiк яшчэ не зразумеў, хоць увесь ход быў такi лёгiчны. Няўжо, хiба - яшчэ большая подласьць?
   - Ты-ж сам, Вiктар, кагадзе казаў, што каб быў на маiм месцы... абы дэманстрацыя... - нек нi то просячы, нi то спадзяючыся яшчэ, што ня так зразумеў, што жарт можа ўсё, што ня будзе-ж так подла падводзiць прыкра-жаласьлiва аж для самога сябе, як ня выенчыў Валiк.
   - Так, казаў "каб" i казаў "на тваiм", але-ж сам - сам што зрабiў, бяз "каб", на сваiм месцы - цi не расказваў табе перад гэтым? Нiшто сабе "дэманстрацыя" - груз бомбаў, дэфiцытны, каштоўны матар'ял, сьмерць сотняў варагоў, народныя, працоўныя грошы - у балота? - аж да патасу пачаў ужо ўзносiцца Вiктар.
   "Падлюга" - раптам устаўшы, хацеў крыкнуць яму, ды ня мог ад раптоўнае навалы агiды Валiк. I адразу-ж астыг: на сябе, на сябе толькi трэ абурацца было, як мог думаць iначай, навет нейкiя добрыя намеры ў "сьмярдзюху" гэтым дапушчаць. Не, вон адсюль, на чыстае паветра - баржджэй!
   - Справа паважная, - пераходзячы тымчасам iзноў на разважна-навучальны тон цягнуў Вiктар, - вельмi, вельмi паважная, але пры шчырым тваiм прызнаньнi, хоць i ведаеш сам абставiны часу, - можа й возьмецца што на ўвагу... Хочаш ужо йсьцi?
   З радыё-дыжуркi раптам прыўшчынiлiся дзьверы.
   - Слухайце, хлопцы, улучаю! - вясёла чамусьцi гукнуў дыжурны радысты, разанец Блiноў, якога Юрка "перайменаваў" быў у "Блiндаж", бо блiны, казаў, цяперашнiм ваенным часам - страва не сэзонная.
   Вiктар кiнуўся да радыё-рэпрадуктара, якi стаяў на столiку ў куткў i пачаў услухоўвацца. О, як прагавiта ўчуваюцца ўва ўсё i як войстра чуюць чуюць зусюль гэтыя подлыя, адторклыя вушы!
   - ...на ворагавыя аэрадромы, чыгуначныя вузлы, зграмаджаньнi войскаў i ваенных матар'ялаў. Напярэдаднi сьвята працоўных яшчэ раз прадэманстраваная была баёвая магутнасьць сталiнскай авiяцыi. Усе машыны зьвярнулiся на свае базы...
   - Гэта - пра нас, - самаздаволена ўсьмiхаючыся, сказаў Вiктар.
   - Пра нас? - адарваны ад свае бяды больш Вiктаравай заўвагай, як самым радыёпаведамленьнем, зьдзiўлена перапытаў Валiк. - Як-жа гэта - "усе зьвярнулiся"? А Юрка, Жарабцоў? А якiя "аэрадромы, вузлы, зграмаджаньнi"? Больнiца, найвышэй - штаб...
   - I балота? - прыкусьлiва закончыў Вiктар. - Бясьспрэчна, пра нас. Ня ўсё тое кажацца, што робiцца, i ня ўсё тое робiцца, што кажацца...
   - Гэта-ж хлусьня, Вiктар, ашуканства!
   - Ня хлусьня, а палiтыка. I правiльная палiтыка, разьлiчаная на карысьць нашага народу, а можа й на сусьветную грамадзкую думку, на думку нашых хаўрусьнiкаў. Хлусьня, ашуканства было-б сказаць гэтак у справаздачы свайму камандваньню, зрабiўшы аэрадром з балота... Ашуканства для бальшавiка ёсьць адно тады, калi спрабуюць ашукваць ягоную партыю i ўрад - бессаромна, ня зьмiрнуўшы нат, бо, зрэшты, наагул, здаецца, ня ўмеў зусiм моргаць, - спакойна выбiваў словы Вiктар.
   Так, няма больш чаго рабiць, гаварыць, толькi адно - на паветра!
   - Бывай!
   - Iдзеш? Дык - да заўтра.
   Як агiдная, гадкая ўдвая-ўтрая гэтая склiзкая рука, нязгiнальная дошчачка i навет гэтае "заўтра", якое Вiктар заўсёды стараўся пераламаць на "перадавое" "зафтра", бо за ягонае, занадта выразнае кароткае "ў" Расейцы дражнiлi. Але, цi ад неэлястычнасьцi органаў вымовы, цi ад залiшняга стараньня выходзiў у яго пасярод слова такi прыкры гук - нейкi нi то порскат, нi то рохкат...
   - Пайду й я, не дачакацца-ткi, мусiць, праўда. Хадзем, хiба, за адным скрыпам.
   Яшчэ раз - дошчачка, яшчэ раз - порскат "зафтра" - гадкае таўро, якiм пакарала хiба Бацькаўшчына свайго вырадка, адшчапенца... Мэханiчна адбiваючы крок, сягаў Валiк у сваю палатку. Раптам недалёка шпокнула ў неба ракета, зырка асьвятляючы ўсё на мамэнт. I, здаецца, такiм-жа зыркiм, бязьлiтасна-зыркiм сьвятлом праясьнiлiся адразу й думкi. Цi ёсьць ужо для яго, Валiка, сэнс у якiм-небудзь "заўтра"? "Можа", "можа" - падчыркнуў i гэты правакатар аж двойчы, а калi ня "можа", а "напэўна" - адно, i такое яснае, гулкае, як гэтая во ракета: расстрэл... А пакуль да яго - допыты, "шчырыя прызнаньнi", "самавыкрываньнi" й "самабiчаваньнi", "адмежаваньнi", нудныя павучаньнi... I гэта ўсё пачнецца ўжо заўтра - "зафтра"...
   Дык - цi варта?.. Цi ня лепш самому, выперадзiўшы iх...
   А Вера? Толькi-ж - Вера, не, лепш - вера, што пабачыць Яе хоць некалi, магла-б утрымаць пры жыцьцi... Але-ж, каб верыць гэтак, трэба ўзьверыцца перш, што можна будзе неяк, дзiвам нейкiм, такi канец абмiнуць. Не, не абмiнуць яго нiяк, бо - канец-жа, пусты канец, i гэты-ж падлей ужо зробiць усё, каб нiякае "можа" ня вываражыла надвая...
   А - "каханы горад"? - "Можа спаць спакойна"... Можа, iзноў - "можа"...
   Спакойна спаў у палатцы, салодка хроп ужо Ахмет. Слаўны хлопец... А можа "можа"! Можа зь Вiктаравае сакрэтнай падвучкi раду такую добрую Валiку падаткнуў? "Слаўны хлопец" - цi-ж не здаваўся ўжо такiм сяньня й Вiктар, як алеем увесь сплываў, i пра "давер", а не агiдны вералом падумалася й самому...
   Калi-ж не, калi запраўды "слаўны хлопец" - дык i перад iм, перад Ахметам, рашчынiцца заўтра тое-ж "можа" - "можа"... Чаму не перасьцярог начальнiка, ня спынiў, урэшце - не данёс адразу? Суўдзельнiк...
   ...Дзiрачка ад кулi ў палатне палаткi - маленькае вакенца ў неба... Юрка... Дзе Юрка, што Юрка... Вакенца ў неба... Неба... Вера ў неба... Вера...
   Так, "вакенца ў неба" - iзноў падказвае такi просты шлях. Шлях разьвiтаньня зь зямлёй, паратунку ад нудна-пакутнага "зафтра"... Шлях ад Веры цi - да Веры? Шлях веры...
   Так, наважана.
   I ўжо цьвёрдая, наважаная, як нiколi, як не свая - бязвольная рука. "Ты тчэш, бязвольная рука". Адкуль гэта? Цi ня ўсёроўна цяпер...
   Рука - у сэрца. Дзе яно, сэрца? Гулка калоцiць-б'е нешта ў грудзёх, як не рассадзiць iх, запаўняе бiцьцём сваiм грудзi ўсе, не пазнаць, не знайсьцi яго, дзе яно, што павiнна быць - маленькi, трапяткi камячок-сэрца, што павiнна зараз - сьцiхнуць навекi.
   Грудзi поўныя сэрцам, жывым яшчэ, нясьцiханным...
   Ды ня здрыгнулася рука - першы й апошнi раз у жыцьцi, бязвольная рука, хоць стрэл кiравала проста ў сэрца, сабе самому ў сэрца, дзе й цяпер яшчэ - i ўжо толькi там - поўна было ўсё аднэй - Верай...
   Вiктар прыбег адразу, яшчэ добра ня ўцямiўшы, чаго хоча запыханы Ахмет. Так, усё як найлепш, iзноў больш, як спадзявана. Насьмерць? Усёроўна... Трохi толькi крывёю запырсканы партрэт, зь яе партрэт - як жывая - сам, мусiць, маляваў, а не хвалiўся-ж, не паказваў нiколi й нiкому. Цяпер гэта - ягоная, Вiктарава собскасьць. Цяпер - толькi гэта, а пасьля - пасьля i жывая зусiм сама.
   Што - не насьмерць? Усёроўна, усёроўна... Ахмет - па лекара... Ды дармо, усёроўна, усёроўна. Каб сабе i выжыў навет - толькi адцяжачка, адтэрмiнаваньне пэўнага, наканаванага, i нат - самым...
   Але-ж, двух, можна лiчыць, усёроўна, як суступiлi. Застаецца адзiн, ён Вiктар - "пераможац". Яму - перамога й слава, слава й перамога, gloria-victoria.
   Яму, толькi яму аднаму
   усьмiхнецца
   знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...