Черный Кузьма
На пыльнай дарозе (на белорусском языке)

   Кузьма Чорны
   На пыльнай дарозе
   Паабапал жвiрыстай дарогi калышыцца леташнi быльнiк, i веснавая шырыня вее над неабдымным полем. Неба сiняе, сонечнае; над дарогаю тонкi, як туман, падымаецца пыл- плыве вецер з-за сiнiх лясоў, i на дзернавых узмежках пры жоўтых каляiнах шумiць сухi палын... Моцна думаюць голыя яшчэ кусты, а за iмi, далей, пярэсцяцца колеры зямлi: зялёныя ўзгоркi, цiхiя лагчыны, рэдкiя чорныя палосы першай раллi i леташняя шэрань веснавой цалiны.
   Вецер прынёс аднекуль сухi жмут аўсянай саломы, прыпёр да сухога быльнiкавага куста, растрасае патроху i разганяе па саломiне ў полi, салома звонка шалясцiць i навявае задуменасць вялiкай далечынi.
   Моцна шумiць яшчэ нейкае зелле, перазiмаваўшае, падгнiўшае, цяпер сухое i шэрае. У яго галоўках захавалiся, мусiць, зярняты - маленькiя, порсткiя птушкi гаварлiвымi семямi прылятаюць i клююць iх.
   Дарога - ад таго, што шырокая, ветраная i пыльная - вясёлая. Шырокi паварот з яе ў горад; горад блiзка, i не вiдзен за блiзкiмi ўзгоркамi, i каля павароту куча бiтых каменняў, пры зямлi абмалёваная зялёным шлакам травы.
   Нам слаўна было сядзець тут на гэтых каменнях; i мы сядзелi - сушылi на ветры спацеўшыя шыi i маўчалi. Шмат было перагаворана дарогаю - паволi прайшлi мы з iм разам трыццаць вёрст, многа я зразумеў у яго без слоў, i цяпер трэба было разысцiся таксама, як выпадкова сышлiся на дарозе. Было яму год дванаццаць, а я iшоў у горад, дзе ўжо жыў. Убачыў быў я яго пасярод дарогi - ён стаяў, растапырыўшы босыя ногi ў палатняных портках, i трымаў у руках шапку.
   - Што ты робiш? - запытаў я, праходзячы мiма.
   - Пчолы нейкiя, каб на iх упадкi, з зямлi вылазяць, - адказаў ён з вялiкай сталасцю дарослага, i гэта выйшла ў яго смешна, па-дзяцiнаму, адна, лiха ёй, джала дала мне ў нагу, чорт яе бачыў, iшоў ды наступiў.
   Ён даў раптам з-за вуха шапкаю па зямлi i з расчараваннем сказаў:
   - Уцякла, каб яна здохла... I пайшоў са мною.
   - Куды ты iдзеш?
   - Гэта я iду на хутары па брата. Ён там цэлую зiму служыў, значыцца, а гэта як памёр айчым наш, дык трэба, каб дома быў, неканечна яму было i так iсцi, але што ты парадзiш.
   - А даўно айчым памёр?
   - Нядаўна.
   - А мацi жыве?
   - Мацi жыве.
   - А больш хто ў вас ёсць?
   - А больш у нас яшчэ дзяўчыны дзве ёсць, старшыя за мяне сёстры, дык яны дома, нiдзе не служылi, бо яны хоць бабы, але цвярдзейшыя за Васiля, дык айчым iх не мог выкурыць з хаты.
   - А хiба ён выкурваў?
   - Уга... Ён чуць Васiля на той свет не адправiў, як пачаў грызцi. Дык той i пайшоў у людзi.
   - Мацi што?
   - Дык жа ён чуць i мацеру ў труну не ўвагнаў - азiят нейкi быў, а не чалавек.
   Гаварыў ён стала, як дарослы. I вiдно было, што пражытыя на свеце дванаццаць год навучылi яго многаму, паказалi яму многа бакоў жыцця, закалiлi яго i давялi да вострай цвёрдасцi.
   I цяпер ён iшоў па брата, адзiн, па пустой ветранай дарозе. Ён i забаўляўся iдучы, i разважаў стала: i наглядаў, i абдумваў. Твар яго, у лiшаях ад сонца i ветру, меў на сабе ўсе адзнакi халоднай сталасцi i прывычкi - вялiкае лiчыць часам малым; i толькi калi-нiкалi прарывалiся ў iм не згладжаныя яшчэ дзiцячыя манеры.
   - А ты гаспадарыў ужо?
   - Я летась адзiн паараў усё. Айчым тады ўжо хварэць пачаў.
   - А цяпер айчыма шкада?
   - Цяпер не... Але шкада маткi, бо яна нездараўчаная вельмi. Хто яе ведае, цi пажыве яна доўга на свеце. Мы то не прападом - мы ж усе ўжо ўзнялiся на ногi, але яна як... Мы ж яшчэ яе нiчым не пацешылi...
   Ён моцна аб нечым стаў думаць i змоўк. I твар яго раптам ажыў. Пачалi, як ценi ад хмар у ветраны дзень па зямлi, праходзiць па твары яго адзнакi перажытага смутку i ўздымаў, адбiтак як бы нейкай мудрасцi пазнання жыцця з'явiўся на iм, i ўпэўненасць у неабходнай патрэбе пацешыць матку, i моцнае жаданне гэтага, важнае i для яе, i для яго. I зусiм не адбiлася на твары яго непаразуменне перад тым, што гэта ж сам ён нiчым яшчэ не нацешыўся.
   Толькi хутка шырокае нешта i надзвычай тонкае лягло на гэты сталы i глыбокi твар, i яно паведамiла пра вялiкую ўцеху, вылаўленую ў жыццi з самога жадання пацешыць матку, з самога працэсу падарожжа па брата i ва ўсiм, што даводзiлася рабiць, у самым тым, што трэба было дзейнiчаць.
   У тым, што ён сказаў, было сказана самае важнае, i ўсё iншае стала зразумела, i была асалода глядзець на гэты сталы не па-дзяцiнаму твар...
   Ён шырока ступаў па пыльнай дарозе.
   - Тым часам так, - загаварыў ён, - хутка аўсы будзем сеяць...
   I зноў змоўк i задумаўся.
   - Ногi баляць, - падаў ён яшчэ голас. - Я цяпер паляжаў бы, скурчыўшыся пад кустамi дзе на сонцы, але да вечара дайсцi трэба.
   I ўжо ў менш, як мне здалося, значных гаворках i многа моўчачы прайшлi мы астатак дарогi да павароту i на каменнях прыпыпiлiся. Ён дастаў з кiшэнi сваiх палатняных портак кавалак хлеба i пачаў ламаць каравымi, тонкiмi пальцамi i есцi. Хлеб запах суха i кiсла - так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полi, пакуль не даарэцца загон i не падыдзе пара есцi.
   Нам абодвум не хацелася ўставаць, мне было блiжэй, яму яшчэ вёрст дзесяць.
   - А калi назад?
   - Заўтра, - адказаў ён, жмурачыся ад ветру, - заўтра з Васiлём, павесялеў ён.
   Цераз паўгадзiны ён кiўнуў мне галавою i пайшоў, роўна гойдаючыся ў такт крокам. Я застаўся адзiн i сачыў за тым, як бела-шэрая постаць яго патроху рабiлася меншай ад роўнай далечынi дарогi i пасля зусiм згiнула за першым узгоркам. Пасля зноў вiдаць стала галаву яго - маленькую ўжо i чуць прыкметную, як цемнаватая кропка. Пасля нiчога не вiдаць стала.
   Я сядзеў на каменнях i думаў аб маленькiх i нязначных здарэннях, якiя слабым здаюцца вялiкiмi i страшнымi, i аб вялiкiх i страшных здарэннях, якiя моцным здаюцца маленькiмi i нязначнымi. I ад таго, што гэтае дзiцянё не сагнулася i не сагнецца i iдзе сабе моцна па дарозе, стала мне радасна i думна.
   Было жаданне спяваць што-небудзь моцнае i цягучае, спяваць яго доўга без слоў i без лiшняй тут вясёласцi.
   "Будзем зараз аўсы сеяць", - прыпомнiў я яго хрыплыя словы...
   Аўсы будуць улетку шумець тут паабапал дарогi, i радасная зямля ўсцешыць чалавека...
   Ён, малы, вырасце i таксама, як цяпер, моцна i горда пройдзе па зямлi, па дарозе...
   У такiх думках я сяджу на каменнях...
   Пры пыльнай дарозе шумяць палыны, i вясёлыя плачуць наводдаль калiны.
   1926
   Каментары
   Друкуецца па зборнiку "Хвоi гавораць" /2-е выданне, Менск, БДВ, 1928/. Упершыню апублiкавана ў зборнiку "Хвоi гавораць" /1-е выданне, Менск, БДВ, 1926/. Датуецца красавiком 1926 года.