Кафка Франц
Нешчаслiвасць (на белорусском языке)

   Франц Кафка
   Нешчаслiвасць
   Пераклад: Лявон Баршчэўскi
   Калi мне ўжо ўсё апрыкрала - гэта было аднаго разу лiстападаўскiм надвячоркам - i я выбег з пакоя па вузкай дывановай дарожцы, як па той, што на iпадроме; раптам напалохаўшыся ўбачаных у завулку лiхтароў; пасля завярнуў быў назад, але ў глыбiнi пакоя, у вялiкiм трумо, згледзеў нешта яшчэ i закрычаў каб толькi чуць крык, на якi не адказваюць i якому не перашкаджае яго сiла, якi гэткiм чынам узмацняецца без супрацьдзеяння i не можа ацiхнуць, нават калi крычаць перастаюць; вось тады ў сцяне раптоўна адчынiлiся дзверы, вельмi паспешлiва, бо паспешлiвасць была патрэбная, i нават конi каля павозак, што стаялi ўнiзе на брукаванцы, як здзiчэлыя ў баi кавалерыйскiя конi, не шкадуючы сваiх горлаў, паднялiся на дыбкi.
   Нiбы маленькi прывiд, выплыла дзiця з цёмнага-цёмнага калiдора, у якiм яшчэ не запальвалi лямпачку, i, выплыўшы, яно застыла на дыбачках, пасярэдзiне вузкай маснiцы, якая непрыкметна гайдалася. Адразу аслепленае прыцемкам пакоя, дзiця хацела хуценька схаваць твар у далонях, ды нечакана супакоiлася, зiрнуўшы ў акно, перад крыжам якога ўрэшце легла прыцiснутая паўзмрокам смужлiвая свецень вулiчных лiхтароў. Перад адчыненымi дзвярыма дзiця, памагаючы сабе правым локцем, выпрасталася наўздоўж сцяны, упусцiўшы звонку ў пакой паветра, што прайшло па суставах яго ног, вакол шыi i скроняў.
   Я паглядзеў у той бок i сказаў: "Добры дзень"; потым узяў пiнжак, што вiсеў каля печы, - бо мне не хацелася быць паўголым. Нейкую хвiлю я не закрываў рота, каб праз яго з мяне выйшла ўсхваляванасць. У роце ў мяне было неяк дрэнна, на маiм твары ўздрыгвалi вейкi - карацей, мне не хапала толькi яшчэ гэтага - чаканага, зрэшты, - прыходу.
   Дзiця ўсё стаяла на тым самым месцы каля сцяны, прыцiснуўшы да яе правую руку; i, ружовашчокае, яно нiяк не магло наталiцца з таго, што тынк на сцяне быў грубы i ўцiнаўся яму ў пальцы. Я сказаў: "Вы праўда хочаце сюды? Гэта не памылка? Няма нiчога лягчэйшага, як памылiцца ў гэтым вялiкiм доме. Мяне завуць Так-i-так, жыву я на чацвёртым паверсе. Цi я сапраўды той, да каго Вы хацелi прыйсцi?"
   - Цiха! Цiха! - ускрыкнула дзiця, павярнуўшы голаў да мяне. - Усё, вядома, так, як трэба.
   - Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачынiць дзверы.
   - Дзверы я толькi што зачынiў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.
   - Пры чым тут турботы. Але ж на гэтым калiдоры жыве шмат народу; усе, натуральна, мае знаёмыя, шмат хто якраз вяртаецца са службы; калi яны пачуюць, што ў нейкiм пакоi гамоняць, яны палiчаць, што iм дазволена адчынiць дзверы i паглядзець, што тут робiцца. Ад гэтага нiкуды не падзенешся. За плячыма ў гэтых людзей рабочы дзень, i яны не ўпадабаюць нiякiх замахаў на сваю часовую вячэрнюю свабоду! Зрэшты, Вы гэта ведаеце таксама. Дазвольце, я зачыню дзверы.
   - Ну i што з таго? Чаго Вы напалохалiся? Што да мяне, дык няхай прыходзiць хоць увесь дом. I да таго ж: было ўжо сказана, што дзверы я зачынiў. Вы што думаеце, толькi Вы ўмееце зачыняць дзверы? Я iх нават на ключ замкнуў.
   - Тады добра. Болей мне нiчога i не трэба. На ключ, можа, i не варта было... Уладкоўвайцеся, раз Вы ўжо тут. Вы - мой госць. Можаце цалкам мне давярацца. Смялей. Будзьце як дома. Хочаце - заставайцеся тут, хочаце - iдзiце сабе: я анi не збiраюся Вас прымушаць. Дый цi трэба мне казаць пра гэта? Хiба Вы мяне так дрэнна ведаеце?
   - Ды не. Вам сапраўды не трэба было казаць пра гэта. Вы нават не павiнны былi казаць... Я ж дзiця, нашто столькi валтузнi каля мяне?
   - Ну, гэта й не так кепска. Вядома ж, дзiця... Але ж Вы не такое ўжо i малое. Вы зусiм дарослы. Каб Вы былi дзяўчынаю, Вам не варта было б вось так проста зачыняцца ў адным пакоi са мной.
   - Пра гэта нам няма чаго турбавацца. Я толькi хацеў сказаць: тое, што я Вас так добра ведаю, не надта мяне баронiць; проста Вам не трэба высiльвацца, каб манiць мне. Тым не менш Вы дагаджаеце мне. Кiньце гэта, заклiкаю Вас, кiньце. Мне пачынае здавацца, што я не ведаю Вас - так, каб паўсюды i ўвесь час - тым больш у гэткай цемры. Было б лепш, каб Вы запалiлi святло. Не, лепей не трэба. Ва ўсякiм разе, я сабе зазначу, што Вы ўжо мне пагражалi.
   - Што? Я - Вам пагражаў? Ну што Вы! Я ж такi рады, што Вы нарэшце тут, у мяне. Я кажу "нарэшце", бо ўжо такая позняя пара. Мне неяк няўцям, чаму гэта Вы прыйшлi так позна? Ну, i зусiм мажлiва, што я ад радасцi нагаварыў тут не ведаю чаго, а Вы гэта адпаведна зразумелi. Тое, што я гаварыў менавiта так, магу пацвердзiць хоць дзесяць разоў; напраўду, я пагражаў Вам усiм, чым Вы хочаце. ...Толькi, далiбог, не трэба спрэчак! ...Але як Вы маглi ў гэта паверыць? Як Вы маглi так пакрыўдзiць мяне? Чаму гэта Вам так хочацца сапсаваць гэту нейкую там хвiлiну, што Вы тут, у мяне? Чужы чалавек i той паводзiў бы сябе больш ветлiва, чым Вы.
   - Разумею, гэта не было мудра. Такi блiзкi Вам, як гэта ўвогуле магчыма камусьцi чужому быць Вам блiзкiм, я паводле сваёй натуры. Пра гэта Вы, зрэшты, ведаеце; навошта тады гэты жаль? Калi Вам хочацца ламаць камедыю, дык адразу скажыце; я пайду адсюль.
   - Во як? I ў Вас хапае адвагi казаць мне пра гэта? Бачу, у Вас яе трохi зашмат. Дый, урэшце, Вы ў маiм пакоi. Вы ўшчаперылiся, як той вар'ят, пальцамi ў маю сцяну. Мой пакой, мая сцяна! Да таго ж усё, што Вы тут казалi, - гэта не толькi нахабства, гэта проста смеху варта. Вы кажаце, што гэта Вашая натура прымушае Вас так гаварыць са мною. Няўжо праўда? Вашая натура Вас прымушае? Што ж, вельмi гжэчна з боку Вашае натуры. Ваша натура - яна ж i мая, i калi я паводле сваёй натуры прыязны з вамi, дык i Вам нiхто не дазваляў быць iншым.
   - Што, вось гэта i ёсць прыязнасць?
   - Я кажу пра тое, што было.
   - Хiба Вы ведаеце, якi я буду пасля?
   - Я нiчога не ведаю.
   I я, падышоўшы да маленькага стала, запалiў на iм свечку. Тады нi электрычнасцi, нi газу ў мяне ў пакоi не было. Я трохi пасядзеў каля стала, потым, стамiўшыся ад гэтага, падняўся, накiнуў на плечы палiто, узяў з канапы капялюш i дзьмухнуў на свечку. Выходзячы з пакоя, зачапiўся за ножку крэсла.
   На сходах напаткаўся сусед з майго паверха.
   - Зноў iдзяце кудысь, лайдача? - спытаўся ён, стоячы на дзвюх прыступках, шырока расставiўшы ногi.
   - Што ж мне рабiць? - сказаў я. - У мяне ў кватэры толькi што быў прывiд.
   - Вы кажаце пра гэта так, нiбыта знайшлi валасiну ў супе.
   - Жартуеце. Але ж прывiд ёсць прывiд.
   - Вельмi добра. Але як быць, калi наогул у прывiды не верыш?
   - Вы думаеце, я ў iх веру? Але што мне дае гэтае нявер'е?
   - Усё проста. Вы не павiнны больш нiколi палохацца, калi да вас у хату сапраўды завiтае прывiд.
   - Вядома ж, але гэты сполах - не самы важны. Найбольш баiшся - гэта калi думаеш, чаму ён з'явiўся. I гэты страх не знiкае. Ён якраз выдатна сядзiць ува мне. - Нервуючыся, я пачаў лiхаманкава мацаць па ўсiх сваiх кiшэнях.
   - Калi Вы не баiцеся самога прывiду, Вы б маглi спакойна спытацца ў яго, чаму ён прыйшоў.
   - Вы, бачу, нiколi яшчэ не гаварылi з прывiдамi. Ад iх нiчога па-сапраўднаму нельга даведацца. Гэта - адна марная мiтусня. Часам у гэтых прывiдаў бывае больш сумненняў наконт свайго iснавання, чымся ў нас; гэта й не дзiва, бо яны такiя кволыя.
   - А я чуў, нiбыта iх можна выкармiць.
   - А Вы добра дасведчаныя ў гэтым. Можна, вядома. Але ж хто будзе гэтым займацца?
   - Чаму? Калi, прыкладам, гэты прывiд жаночага полу? - адказаў ён i перайшоў на прыступку вышэй.
   - Ну, калi так, - сказаў я. - Але нават тады ён не падыдзе для гэтага...
   Я задумаўся. Мой знаёмы стаяў мiж тым ужо так высока, што, каб бачыць мяне, мусiў нагiнацца пад пралётам лесвiцы.
   - I ўсё ж, - сказаў я яму, - калi Вы прагонiце адтуль, зверху, мой прывiд, мiж намi ўсё будзе скончана, назаўсёды.
   - Ды не, я пажартаваў, - сказаў ён i зноў выпрастаўся.
   - Вось гэта добра, - прамовiў я i мог нарэшце iсцi гуляць са спакойнаю душой.
   Але яе, маю душу, апанавала самота; з гэтае прычыны я зноў падняўся ў свой пакой i лёг спаць.