Здавалася, што прытаiлiся ў лесе птушкi, прыцiхлi па хутарох сабакi. Адно дзесьцi ля балота пенiўся на ланцугу таўстым басам Сабакевiчаў Ромак. У вушах усё яшчэ гучэлi адгалоскi стралянiны й гарканьня КОПаўцаў. Доўга трывала маўчаньне. Над сьветлай явай вялiкага дня вызваленьня павiс дзявочы цень.
   Лявон Шпунт зарагатаў раптоўна й гвалтоўна, ажно адскочылi ў бакi ягоныя сябры.
   - Гэ-гэ-гэ-гэ! От-жа i ўкрасiлi сссукiны ссыны! Гэ-гэ-гэ! На самай сярэдзiне, пад Сталiнам нячысьцiкi! Гэ-гэ-гэ!
   Рогат да болю глыбока тузаў высокую Лявонаву фiгуру, гарляк душыўся раптоўнымi гукамi, лес дражнiў глухiм рэхам. Гэта быў наглы рогат звар'яцелага чалавека, што выцягнуўшы руку па ўзнагароду атрымаў па шчацэ ёмiстую аплявуху.
   - Маўчы, дурань! - сьцiснуўшы зубы, раўнуў Сабакевiч. - Ашалеў, цi што?
   У Сабакевiчавых вачох зазьзялi маланкi. Рукамi як клешчамi ўчапiўся за Шпунта й пачаў трэсьцi быццам яблыню, калi ззамоладу чужыя сады латашыў. Здавалася, што ад трасеньня гэнага зломiцца Лявонава шыя. Даўгiя валосы рассыпалiся, вочы наплылi сьлязьмi, твар пачырванеў.
   - Пiра... пiра-сс-тань, Косьцiк! - ледзь выцадзiў праз зубы Лявон.
   - Маўчы, кажу табе! - хрыпеў паднечаны Сабакевiч.
   Перад вачмi рыжавусага Захарука, што першы зь Лiтўцаў прыбег на месца злачыну, адкрыўся несамавiты вобраз. На новазбудаванай браме пад самым партрэтам Сталiна вiсела жанчына, а на гасьцiнцы тузалiся й пыхцелi, як кавальскiя мяхi, Сабакевiч i Шпунт. З дурнаватай мiнай прыглядаўся iм збоку Павалiцкi Хведар. Не марудзячы, Захарук кiнуўся разбараняць дзяцюкоў. Левай рукой узяў за плячо Косьцiка, а правай за Лявона й разлучыў iх як дзьве недарэчныя жабоцькi. Зьбянтэжаныя вочы дзяцюкоў ськiравалiся на вялiкага шыракаплечага дзядзьку, што iх так бясцырымонна разьвёў ды цяпер мерыў абвiнавальным позiркам.
   - Гэта вы што, хлопцы, здурэлi цi якой трасцы? Што гэта тутака ў вас робiцца? Нашто брама гэта? Хто бабу павесiў? - паказаў Захарук таўстым, рудым ад табачнага дыму пальцам на Макатунiшку.
   Лявон закашляўся i ўпiхаў у штаны кашулю, трос галавою, каб адкiнуць назад непаслухмяныя валосы. Быццам злачынец, Косьцiк вiнавата пазiраў то на найдужэйшага ў вёсцы гаспадара, то на Лявона, то на браму. Маленькая макулiнка чалавечае годнасьцi, што захавалася нейдзе глыбака ў Косьцiкавай натуры, паставiла яго, распранутага да поўнай духовай галечы, перад дакорлiвымi вачмi лiтоўскага асiлка. Каб сiлу меў, не сьцярпеў-бы. Сьвярбела правая рука. Як бабахнуў-бы гэтаму самаўпэўненаму дзядзьку здаравенную аплявуху, як закрыў-бы гэныя дакорлiвыя колкiя вочы! Што яму да таго, што тут сталася? Чаго так рана прынесла яго сюды нейкая трасца на мiравога пасрэднiка.
   Як нiколi ў жыцьцi, адчуў Сабакевiч сваю фiзычную слабасьць i маральную нiкчэмнасьць. Тлумач ты цяпер во гэтаму дзёрзкаму мужыку, дый во гэным людзям, што ўжо да гасьцiнцу зь вёскi наблiжаюцца, што, як i чаму гэтта адбылося. Збыўшы Захарука маўчаньнем, Косьцiк разглядаўся навокал. Ля абочыны гасьцiнца знайшоў раструшчаны абрэз. Захарук падыйшоў да Павалiцкага Хвёдара.
   - Можа ты, Хвёдар, скажаш што тут сталася?
   Хведар памарудзiў.
   - Цэлую, братка, ноч браму строiлi. Нас трох i Макатунiшка. Сягоньнiка рускiя прыйсьцi маюць. Ранiцы нячыстыя сiлы копаўцаў нарвалiся. Мы ўсьпелi ў лес уцячы, а яе павесiлi.
   - Ааа, - разiнуў вусаты рот Захарук, - дык гэта бальшавiкi сягоньнiка прыйдуць... Павесiлi, кажаш? Гэта яны стралялi?
   - А хто-ж, - буркнуў Хвёдар.
   - Цьфу на вас! - узлаваўся Захарук. - От i нарабiлi-ж, дзялкi. Жарцiкi во, нявiнная дзяўчына галавой налажыла. Вам-бы штаны спусьцiць ды аддубасiць, каб сесьцi не маглi! Чаму-ж не баранiлi яе, га?
   - Баранiлi? - успыхнуў Хвёдар. - Самiм яшчо на ражон? Нас во траiх i бiз аружжа, толька ў Косьцiка аднаго абрэз, а iх чалавек дваццаць. От i баранiся...
   - Ну мы... нашы iх яшчо паймаюць псоў панскiх! Нi я буду! - пагрозьлiва загрымеў Сабакевiч.
   - Ну, ну паймаiш, - зьдзеклiвым тонам адказаў Захарук. - Ката за хвост, цi з носу ды ў рот, гярой гэткi!
   Косьцiк узгарэўся, бурчэў пад носам, ня ведаючы дзе рукi падзець. Бясьсiльная злосьць расьпiрала грудзi.
   - Дый што-ж там такое, калi няшчасьця... Свабоды-ж бяз жэртваў нi бываiць, - пасьмялеў Хвёдар Павалiцкi.
   - Гм, - задумаўся Захарук, пiльна мерачы зрокам Хвёдара, ды аглядаючы браму з усiмi ейнымi адзобамi. - Кажаш: свабоды бяз жэртваў нi бываiць... Можа ты й разумнейшы-ткi за мяне, хлопча. Ну як на маю цёмную мужыцкую галаву, дык цi не пасьпяшылiся вы, малойчыкi... А можа каб у пару, дык i цэлымi выйшлi-б...
   На гэта нiхто нiчога не адказаў. Лявон ужо ацiх, стаяў i слухаў.
   - Дык сягоньнiка, кажаш, прыйдуць? - пытаўся Захарук. - А калi, рана цi позна?
   - Далжны рана, - адказаў Павалiцкi, - но точна нi знаем.
   У голасе прабiвалася нота сумлеву й рашчараваньня.
   - Ага, во як - прадаўжаў Захарук, - ну й наварылi-ж вы, дзяцюкi, кашы... што й гаварыць. А хто-ж яе расхлёбваць за вас будзiць, га? Чаго стаiцё, як папруцянелi? Цi можа вiсець во гэдак будзiць, бальшавiком на паказ?
   Сьвежым раньнiм тварам зiрнула з-за Гараваткi сонца й сьвятлом залiло гасьцiнец, прыдарожны лес, браму й труп на ёй. Як валадарны самаўпэўнены гаспадар, у падкасаваных зрэбных портках, вылiнялай сiняй кужэльнай кашулi, басаногi, з апоўзлай на патылiцу кепкай-аладкай, стаяў побач замарожаных сваей ненаважанасьцю трох падпольнiкаў даўгавусы дзядзька. З-над брамы тупым зрокам уталопiўся ў гэтую групу ўтрапёных людзей бяздушнатвары дыктатар.
   - Ну дык чаго пасталi? - загарэўся Косьцiк. - Давайце здымаць.
   Але сам Косьцiк i сябры ягоныя, быццам iм хто волю адабраў, топалi на месцы. Увагу iх адцягнулi людзi, што незаўважна зьявiлiся на гасьцiнцы. Лiтоўскiя жыхары, устрывожаныя стралянiнай, пасьпяшылi сюды зь вёскi. Цi ня першай з рукамi запэцканымi ў сажу, - мусiць ад чалесьнiкаў, - прысьпела Аўдоля Кмiтава. У гурце былi й два лекаравы хлапцы, i Бахмач Пракоп зь Януком i ягоным неадлучным Тапсiкам, i Пiлiпава Аксеня з Арсенем.
   - А матухны-ж мае, а божачкi! - галасьлiва завойкала Аўдоля. - А што-ж гэта, ягодка мая мiлiнькая, гэттака нарабiлася?
   Натоўп гусьцеў. Падыходзiлi, але не дакраналiся да вiсячай дзяўчыны, аглядалi браму ды дакорлiвымi вачмi мерылi трох перадавiкоў камунiстычнага падпольля.
   I тады, адкуль нi вазьмiся да натоўпу далучыўся Антось Дзяркач. У правай руцэ трымаў неадлучны бярозавы кiй, а па ягоным сухiм, змарнелым твары з гусьценька чорнай бародкай, што зь дзеркача ў мяккую мяцёлку вырасла, шныраў праменьчык вядомай вясковым людзём кплiвай усьмешкi.
   - Антось! - кiнулася да яго першая Пiлiпава Аксеня. - А ты адкуль?
   - З дому, - кпiў Дзяркач.
   - Як гэта з дому? Цябе-ж на вайну забралi. Дзе ты быў?
   Дзеркача абступiлi з пытаньнямi. Некаторым карцiла рукой яго памацаць, каб пераканацца, што гэта не здань.
   - Забраць то забралi, ды толька нi ўпiлнавалi, хэ-хэ-хэ... дробненькiм сьмехам паехаў Антось. - Вы помнiце, што дзед Якуб казаў? Што нiма нам за каго на ражон лезьцi, га? От я й не палез.
   Наблiжылiся да грамады падпольнiкi. Уся ўвага зьбеглася на пранырлiвым вясковым жартаўнiку. Як непараўнальны гэрой, рос на вачох Антось. Распытвалi пра ўцекi, ды чаму iншым уцячы ня собiла. I Антось, першы раз у жыцьцi здабыўшы такую агульную пашану аднавяскоўцаў, прыгадваў свае зусiм нязвычайныя прыгоды: як па дарозе зь цягнiка ў казармы шмыгнуў упоцемку за вугал хаты, як хаваўся пасьля па лясох i сялянскiх гумнах, як нарэшце пазаўчора вечарам пастукаў у дзьверы роднай хаты. I хто ведае што было-б, калi-б даведалiся пра яго ў вёсцы. Пазаўчора зходзiў пацягнуць бацьку за язык дзiравы шляхцiц Паўлоўскi. На бацьку не насядаў. Зьбянтэжыўся зусiм яго просталiнейны розум ад часу, калi пачала пыхцець i на ўсе застаўкi трашчэць "моцарствовая". Адылi бацька параiў Антосю скрыцца, "покуль праясьнiцца". Хаця-нехаця, Антосю давялося паслухаць гоману начнога Гаравацкае пушчы.
   Увачавiдкi рос ды поўнiўся цiхiм гоманам натоўп. Захарук усьпеў ужо пераказаць мужчынам навiны. Неспадзяваная вестка пра непазьбежны прыход "рускiх", што прасаладзiла некаторыя ўяўленьнi, захмарылася трагэдыяй, ахвяра якое вiсела ў людзей на вачох.
   - Павесiць-бы во Сабакевiча й гэтых мурзiкаў разам! - голасна сказаў Пракоп. Адразу прыкусiў язык. Слова выпушчанае як птушка, - паспрабуй злавiць яго. Надта-ж яшчэ нылi Пракопавы бакi ад рук Вадзiмскага Адася, калi за Косьцiкавы правакацыi папакутаваў.
   - Пракоп, здурэў цi што? - сыкнуў збоку швагра Алесь. - Цi-ж ты ня чуў, што сягоньнiка бальшавiкi прыдуць?
   - Брама ня выдзiржыць! - зарагатаў Антось Дзяркач.
   - А што-ж яны вiнаватыя? - цiўкнула Аксеня. - Палякi во павесiлi.
   Настаў напружаны момант. Людзi расступiлiся, каб даць дарогу Макатунiсе з Дуняй. Матка зiрнула на браму й на твары людзей, адылi ня быў гэта позiрк прытомнай жанчыны. Яе гаротны твар скрывiўся болем. Спынiлася пару крокаў воддаль ад павешанай дачкi. Дробная постаць здрыганулася, яна раптоўна падбегла, угледзiлася ў мёртвы твар Параскi, а ўдушлiвы плачвырваўся з глыбокiх нетраў грудзей. - Параска, Па-а-ра-ссач-каа маая! А божжачкii-ж мае! А што-ж гэта з табой зрабiлi? Гы-гы...
   Дрыжачыя рукi выцягнулiся ўверх, каб абхапiць ступнi ног. Жанчына пахiснулася, упала. Целам ейным торгаў удушлiвы плач. Першай падскочыла да яе Дуня, за ёю - Кмiтава Аўдоля й Пiлiпава Аксеня. Паднялi, ласкавым словам намагаючыся спатолiць матку. Ды галашэньне набiрала сiлы.
   Дуня нiводнае сьлязы ня пусьцiла. Доўга прыглядалася павешанай сястры, быццам адубелая ўзiралася ў трох камунiстаў. Пасьля зiрнула на кiй, якiм падпёрся Антось. Раптам падскочыла да дзяцюка, маланкавым рухам вырвала кiй, ажно Дзяркач на нагах пахiснуўся. Дзiва колькi гэта дзяўчо, злосьцяй спануканае, сiлы мела. Адным скокам апынулася ля Шпунтовага Лявона i, ёмка размахваючы кiем, пачала абкладаць дзяцюка.
   - Бандзюга! Басяк! Здыхляк! Злыдзень! А ты яе са сьвету зьвёў, а ты яе павесiў а нi палякi! Во, на табе!
   Дуня нагадвала разьюшаную тыгрыцу. Пэўне-ж ня толькi за Параску Лявону пападала, але й за Дунiну асабiстую крыўду, за гэны гвалтоўны напад у скарбовым лесе. Махала кiем ёмка й гвалтоўна, а Лявонавы намаганьнi абаранiцца яшчэ прыспорылi яму ўрону. Калi дзяцюк выцягнуў рукi, каб злавiць кiй, дзяўчына малацiла па галаве. Цурком кiнулася з носу кроў. Мiгам падскочыў Косьцiк, але гэтта й яму дасталося. Як апантаная, Дуня таўкла й Сабакевiча. Людзi рагаталi, крычэлi й падбухторвалi.
   - Маладзец. Дуня! Так iм трэба, давай iм!
   - А людцы, а ягодкi мае, гляньце што робiцца!
   Бахмачоў Янук разiнуў рот i веры сваiм вачом ня мог даць. З таго неспадзяванага захапленьня вярнуў яго здаравенны таўхель у бок i голас доктарава Стася: - Глядзi, Янук, глядзi якi маладзец твая дзяўчына.
   Янук няўцямна зiрнуў на сябру й нiчога не адказаў. Захарук падскочыў да дзяўчыны, аблапiў яе ззаду пад рукi ды адцягнуў ад камунiстаў. Антось адабраў свой кiй.
   - Бандзюга, бабнiк, чорт лазаты! - не ўтаймоўвалася маладая Макатунiшка. - Павесiць i яго, гада!
   Распачлiвы злосны крык рэхам пераняла Гаравацкая пушча. Быццам на загад, суняўся натоўп. Соп i выцiраў з носу кроў Лявон, зьвярыўся на Дуню Косьцiк Сабакевiч i ўдушлiва хлiпала старая Макатунiха.
   5
   Пачулi адно цяпер, калi ацiх вэрхал. Далёка ў нетрах пушчы цяжкiм гулам поўнiўся гасьцiнец. Як сьвет сьветам, нiхто зь лiтоўскiх такога ня чуў. Быццам пружынiлася, стагнала змораная гаротная зямля. Удаўжкi i ўшыркi, як вада ў разводзьдзе, расплываўся па шырокай пушчы гул. Анямелi ў сполаху зьвяры й птушкi. Каторае крылатае шмыгнула ў кароны дрэваў, а iншае - пад цемя лесу. Колькi моцы ратавалася ў гушчарах хмызьнякоў чатырохногае. Чаканьнем новага й няведамага застылi ў нярухомасьцi пад брамай сонцам асмужаныя, зьвернутыя на поўдзень сялянскiя твары.
   - Iдуць! - раўнуў з захапленьнем Павалiцкi Хвёдар.
   - Танкi! - падтрымаў Сабакевiч.
   Радасьць распрамянiла твары Косьцiка й Хведара, адно франт "драгомiшч" нязручна затыкаў сваей насаткай нос. Ад Дунiнай лупцоўкi зьявiлiся на твары сiнякi. Камiчна выглядаў зьбянтэжаны гэткiм борздым наплывам неспадзяваных выпадкаў лiтоўскi бабнiк.
   Быццам заварожаны, прагна сачыў натоўп глотку гасьцiнцу ў сьцяне лесу. Вось-вось выплыве адтуль бясконцая, тысячамi людзей кiраваная, стальная пачвара, папаўзе па старых гасьцiнцах, гулам новае гаворкi й лязгатам зброi цiхiя мiрныя сёлы й нiвы залiе. Пачвары яшчэ ня вiдаць, але чуваць як энэргiяй тысячаў конскiх сiлаў дыхаюць i равуць у лесе магутныя маторы. Хвiлiна, дзьве, тры. Паднечаныя сэрцы поўняцца загадкавай трывогай. Ад Лiтоўцаў да гасьцiнцу сьпяшаць людзi.
   З-за павароту выпаўз руда-зялёны, запылены танк, выпрастаў на браму й гурт людзей вялiкую цыгару-гармату. На вежы ягонай людзi спасьцераглi людзi чырвоную зорку. Чарапаха-гаргара вялiчынёў была зь Пятухову хату. Плёхалi па дарожнай глiне шырокiя стальныя лапы гусянiцаў, пыльны хвост паволi асядаў на прыдарожныя зарасьнiкi. За павадыром вылез зь лесу другi й трэцi. Iмчалi на поўны разгон. Зь вежы першага танку тарчэў да паловы росту чалавек. На iм - чорная камiзэля, на галаве - наводля падсядзёлка чорная шапка.
   Лiтоўскiм сялянам дыханьне заняло. Хто-ж дзе калi такое бачыў? Навет вэтэраны першае вайны, - нашто ўжо выдумлялi - пра такое нiколi не згадвалi. Быццам на каманду, сяляне адыходзiлi на абочыны гасьцiнцу.
   Янукоў Тапсiк даўгавата са Стасевым Мурзiкам нюхаўся. Гэны гул насамперш паставiў на зважай ягоныя вушы. Калi-ж пачвары выпаўзьлi зь лесу, сабака натупырыў шэрсьць на шыi, пачаў пагрозьлiва вурчэць ды iрвануў насустрач танкам з голасным браханьнем. Наўздагон пакацiўся камяк-Мурзiк ды дружна загаўкалi iншыя прысутныя сабакi. Завагаўся зь перапалоху Янука, а пасьля за сваiм гадаванцам пасьпяшыў. Тапсiк цi то гаспадаровага загаду не пачуў, цi нязвычайнае паднечаньне ягонай паслухмянай натуры замiнала. Апярэдзiўшы далёк Мурзiка, дапяў да першага танку, брахаў што моцы. Але хiтрун трымаўся воддаль ад гусянiцы, цяўкаў i на чалавека, што ўсьмешкай распрамянiўся на вежы.
   Чалавек гаркнуў нешта шофэру, галава якога тарчэла сьпераду, танка пачаў звальняць i спынiўся перад самым натоўпам. Склыгалi гусянiцамi й затрымлiвалiся заднiя. Паволi людзi ўгледзелi ў чалавека на вежы па дзьве шпалы на пятлiцах каўняра, кiрпаты нос, шырокi падбародак, плоскi твар, шырака ад пераносiцы разьмешчаныя вочы. Вочы гэныя папаўзьлi па людзях, затрымалiся на браме й тады зморшчыўся нявысокi лоб.
   - Што за чорт? Што ў вас гэтта? Чаму жанчына вiсiць? - спытаў парасейску шорсткi бас.
   Людзi маўчалi й пазiралi на Сабакевiча. Дзяцюк падыйшоў да танку.
   - Палякi павесiлi, таварышч камандзiр.
   У дрыжачым голасе - нясьмеласьць, на твары - чырвань сораму.
   - Павесiлi, кажаш? Дык вы-ж гэта ёлупы сабралiся з павешанай жанчынай нас сустракаць?
   Цяпер чалавек выглядаў такiм грозным, як i ягоная пачвара што з задняй трубы капцiла сьмярдзючым бiнзiнным дымам.
   - А ну зараз-жа зьнiмiце яе! - загадаў.
   Мужчыны кiнулiся да трупа пры браме. Мала хто прыглядаўся iм, апроч старое Макатунiхi й Дунi. На вачох былi танкi з чырвонымi зоркамi на вежах. У стальных пачварах сядзелi чужыя людзi. Некаторыя былi на мясцовых сваiх людзей падобныя, iншыя-ж - то касавокiя, то плоскатварыя, жоўтыя й цёмныя. Ды вось дзiва дзiўнае: танкiсты шчыра ўсьмiхалiся хоць i малазразумелай мовай гаварылi. Некаторыя вяскоўцы, ужо пасьмялеўшы, перакiдвалiся прывiтаньнямi, выцягнутыя рукi цiснулi.
   Наважылiся падыйсцi да машынаў i дзецi ды падлеткi. Доктараў фарсун Уладзiк прыблiзiўся да другога танку, пальцамi памацаў бок.
   - Нi чапай, укусiць! - жартаваў Антось Дзяркач.
   - Ня бойся, дзяцюк, ён ня кусаецца, - усьмiхнуўся на вежы шырокi круглы твар.
   Цела Макатунiшкi палажылi на адхоне. Заплаканая матка прасiла Захарука, каб адвезьцi яе дахаты парупiўся.
   Афiцэр пярэдняга танку вылез зь вежы, нехлямяжым крокам падыйшоў да тройкi камунiстаў. Паздароўкаўся. Косьцiк прадставiўся сам, пасьля адрэкамэндаваў таварышоў. Зь лiсьлiвай падхалiмскай ўсьмешкай адразу згадаў пра "барбу процiў панскага iга", прамянiўся, рос, пазiраў на бацьку й мачыху, што гамонцы прыслухоўвалiся. Стары Бурак ня мог разабрацца цi сын ягоны стаў сяньня забойцам цi гэроям.
   Афiцэр цярплiва слухаў Сабакевiча, пытаўся хто браму будаваў, сквапна пра польскiх памежнiкаў распытваўся. На мапе адшукаў Гацi й хацеў ведаць цi там якая абарона ёсьць. Вельмi шкадаваў Косьцiк, што ня мог сваiх вызвольнiкаў з хлебам i сольлю сустрэць. Адылi й тое, што вось ня зь кiм iншым, адно зь iм гаворыць на вачох цэлае вёскi гэты важны камандзер, спрычынiлася да росту ягонага аўтарытэту.
   Даўгая калёна, - адзiн танк упрытык другому - расьцягнулася да лесу, роўна гула маторамi, смуродзiла едкай бiнзiнай. Танкiсты пасаскаквалi на дарогу, некаторыя гаварылi зь сялянамi. Два малодшых афiцэры падыйшлi да пярэдняга. Гэты выплюнуў недакурак, адрывiстым тонам загадаў: - Давайце назад в колону, поезжаем!
   Рушылi паволi. Цяжкiя лапы гусянiцаў на рудую муку дзяўблi груды глiны, раўнялi колавыя каляiны. Густой коўдрай уздымаўся пыл i сяляне адыходзiлi ад гасьцiнцу. Танкiсты шчодра ўсьмiхалiся, махалi рукамi, некаторыя кiдакi ёмкае, голаснае "здрасьце".
   Басаногi Захарук сьпяшыў дахаты, каб запрэгчы павярткога гнядога й старой Макатунiсе ў горы пасобiць. Руху войска, здавалася, канца ня будзе. Сонца добра над Гараваткай паднялося, грэла сялянскiя плечы й шыi. Гулкi запылены зялезны вуж мерна поўз гасьцiнацам, лёгкi ветрык забаўляўся пылам i бiнзiнавым смуродам.
   - Алi-ж i сiла! Ай-я-яй-яй-я! - чулася мiж разяваў. - От i бальшавiкi табе! Гэта-ж брахалi палякi, што сам адзiн смурод у iх, бiда адна! А ты глянь, ты глянь! Дзе-ж яшчо каму такую сiлу задзержыць?
   Няведама хто й калi старой Пятушысе наказаў. Апошняй мусiць зь вёскi да гасьцiнцу прыклыпала. Каго як каго, а яе гэтта нiхто не спадзяваўся. Рэдка калi за весьнiчкi двору свайго выглядала. Цi адзiн вясковец даўно забыўся, што старая - гадоў за восемдзесят - дзесь яшчэ лiпела з гультаём сынам на лапiку зямлi. Адно калi ранiцы капцiла з тонкага, з абрэзу нейкай трубы змайстраванага, Пятуховага комiну казала каторая жанчына ў вёсцы: - Глянь, Пятух во закурыў. Мусiць-ткi клеваiць яшчо старая Пiтушыха.
   I не ўяўлялi людзi такой нагоды, што прынадзiла-б старую на шырокi гасьцiнец. Падсьлепаватая, кволая, яна апiралася бярозавым кiёчком, мiргала выцьвiлымi вачмi. Ды хада яе наўзьдзiў борздай людзям паказалася.
   Даўно-даўненька, гадоў паўтузiна цi больш заняло ей пакуль спатолiла горыч па Язэпку сваiм, што дзесь на японскай вайне прапаў. Прыйшла вялiкая беспрасьвецiца то ў наймах, то на сваей вузенькай палосцы. Сыны - малеча, iх накармiць i апрануць трэба было. Ажно ў трыццатых гадох найстарэйшы ў Расею лепшай долi шукаць пайшоў. Доўга сьлязiлася ўдава, на бальшаку прастойвала, праз маленькае ваконца на дарогу выглядала. Зусiм спадзяваньнi на сынаў паварот страцiла, калi Расею як у зрэбным мяху завязалi.
   Цяпер-жа здалося жанчыне, што Бог ейныя доўгiя малiтвы нарэшце выслухаў, зрэбны мех разьвязаў. Можа-ж можа й ейны Сьцёпка-галубок вернецца. Дападлiвая Аўдоля першая старую Пятушыху спасьцерагла.
   - Глянь, ты, глянь, ягодка мая! Божачка ясны, - таўханула Пiлiпаву Аксеню, - а гэта што вылiзла?
   Старая цiснулася наперад. Пад пахай трымала нешта загорнутае ў ручнiк, прастакутнае хвормы. Сiвыя валосы рассыпалiся з-пад новае хусьцiнкi ў клеткi, кутамi пад бараду завязанай. Мо на сьмерць дзе яе ў куфры трымала. Апранулася ў белую кужэльную блюзку, цёмна-руды андарак, басаногая. Затрымалася. Борзда мiгаючы вачмi, зiрнула на людзей i машыны ды разгарнула ручнiк. У руках трымала iкону Збаўцы, мо тую самую, каторай калiсь мужа й сына праводзячы на чужыну багаслаўляла.
   Маўклiва прыглядалася рухлiвай бальшавiцкай калёне. Мала хто ведаў-бы, калi-б давялося, як i пра што са старой пачаць гутарку. Танкi гэным часам сьцiшылi ход i зусiм спынiлiся. Пятушыха прыблiзiлася да вялiкай запыленай машыны, ды высака над галавой падняла iкону. Людзi з панцырнай пачвары прыглядалiся дзiвоснаму зьяўленьню.
   - Сыночкi мае, саколiкi мiлыя, нiхай вас Бог багаславiць! - прамовiла надзiва выразным голасам, iконай зрабiла знак крыжа. Зморшчыўся сухi й жоўты твар танкiста зьверху.
   - Это что ў вас, матушка?
   - Гасподзь Iсус Хрыстос наш, сынока. Нiхай памагаiць вам...
   - Да что вы шутите, матушка? Мы без Бога уже лет двадцать, на кога чорта он нам, - разрагатаўся маскаль.
   Старая страсанулася, быццам гадзюка яе джгнула, але падыйшла амаль упрытык да машыны. Людзi чулi колкiя танкiставы словы.
   - Ды ты-ж, сынок, нi гавары так... няможна на Бога, грэх. - дрыжэў Пятушыхi голас.
   Быццам адганяючы назойлiвага авадня, махнуў маскаль на старую рукой. Танкi рушылi раптоўна. Пахiснулася Пятушыха й моцныя рукi падхапiлi яе ззаду, ад гусянiц адвалаклi. Каторым давялося нядзвычайную тую сцэну бачыць, да болю горка было глядзець на дрыжачую, з iконай у руцэ, старую, што ледзь на нагах трымалася, сьлёзы выцiрала. А з-над брамы адным прастрэленым i другiм цэлым вокам касавурыўся ўнiз бяздушны дыктатараў твар.
   6
   Ужо добра пакарацеў сонечны дзень, калi некаторыя сяляне, уволю пылу наглытаўшыся, бiнзiннага смуроду нанюхаўшыся, прыгадалi, што ад раньня нiчога ў ратох ня мелi. Пракоп паклiкаў сыноў, а Алесь - жонку й дачку. Маладыя не хацелi дадому йсьцi. Iм-бы тут цэлы дзень пралiпець i то можа мала было-б. Адно калi пачулi абяцанку, што могуць пасьля паўдня назад вярнуцца, павалаклiся ўсьлед за бацькамi.
   Iшлi моўчкi. Ладны кавалак ад гасьцiнцу адыйшоўшы, спынiлiся на лекаравым жытнiшчы. З узгорку вачом iхным паказалася надзвычайнае зьявiшча. Ад глоткi гасьцiнцу ў пушчы ды аж да павароту за чыгуначным пераездам пад Лiпавiчамi, шлях стагнаў пад цяжкiмi стальнымi машынамi. Гульлiвым рэхам адклiкалася Гаравацкая пушча, шырокiм разьлiўным гоманам поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi. I здавалася, што адно стальныя круглыя вежы, з таўстымi цыгаркамi наперадзе, паўзьлi па шэра-рудой кудзелi густога пылу. Дзесь у гэны суцэльны гул з боку Дубовiчаў уварвалася кволае бомканьне царкоўных званоў.
   - Вы чуеце? Дубовiцкi абух у сваю краму клiчыць, - iранiчна кiнуў Алесь.
   - Божа-ж мой, што-ж гэта будзiць! - ахнула Кацярына.
   Ад часу Аленiных паховiнаў бальшыня лiтоўскiх мужчын i жанчын перасталi ў Абухаву царкву заглядаць, а хадзiлi ў далейшую Слабаду, дзе сьвятар ня толькi носьбiтам Хрыстовага слова, але й шчырым памочнiкам сялянаў быў.
   - Ня чуў во мусiць, што на дарозе вытвараiцца, - спасьцярог Пракоп.
   - Пачуiць, ня дзе дзенiцца. А пачуўшы, сукiн сын, можа яшчэ во да гэтых служыць папрэць, як палякам служыў, - зьедлiва дадаў Пракопаў швагра.
   - Упасi цябе Бог, Алеська. Гэтыя-ж мусяць у Бога ня веруць, спахапiлася Кацярына.
   Iшлi памалу, на гасьцiнец аглядалiся. Цёрлася ля ног высокае жытняе iржышча, па каторым гуртамi забаўлялiся сьвяшрчкi. Вялiкi каршун шыбануў з шырокае Архiпавае кароны, ды быццам планер, прымаючы параду, ледзь варушачы крыльлямi, плыў узбоч панцырнае калёны.
   - Ня веруць? - зьдзiвiўся Алесь, коса на жонку зiрнуўшы, - дык цi-ж Абуху Бог трэба? Ён-жа табе любога Бога за пару пудоў жыта на рынак папёр-бы.
   - Ды чаму-ж не... папёр-бы, чорт пайсаты, - згадзiўся Пракоп.
   Мiнулi доктараў двор, падыйшлi да Пракопавай хаты. Насустрач, абапiраючыся мылiцай, чыкiльгаў пасярод вулiцы дзед Якуб. Патрыярх лiтоўскi занемагаў мусiць апошнiмi часамi, бо рэдка калi з прызбай сыновай хаты расставаўся. Гулкая нясусьвецiца на гацкiм гасьцiнцы даплыла мусiць i да ягоных глухаватых вушэй.
   - Здаровы, Пракоп, Алесь, Кацярына, - прывiтаўся здалёку. - Што гэта дзе робiцца? Маiх ня вiдзiлi?
   Голас, як на стары век, быў надзiва звонкi й выразны.
   - Бальшавiкi на гасьцiнцы йдуць, нi канца нi краю нiма? Дый вашы тамака-ж, - сказаў Пракоп.
   - Бальшавiкi? - разiнуўся шчарбаты рот. - Дык праўду мусiць во казалi... А я, цьфу, каб на iх макарэц, узяў дый не паверыў.
   - Так, дзядуля, бальшавiкi, мора цэлае, - пацьвердзiў Алесь.
   Стары абапёрся на мылiцу, выцягнуў з роту цыбатую люльку, пiльна жмурыўся на суседзяў.
   - А Божа-ж мой, бальшавiкi значыцца, - перахрысьцiўся дзед. - От табе й на! А як гэта кажаш, Пракоп, iдуць? Едуць цi што?
   - Ды едуць-жа, едуць. Самыя танкi, нi канца нi краю нiма. Схадзiў-бы паглядзеў...
   - Ты ўжо, Пракопка, зь мяне нi падтруньвай. Дзе мне старому такую дарогу шкандыбаць?
   Дзед пальцам патаптаў табаку ў люльцы.
   - Танкi, кажаце? Ня вiдзiў-жа я нiколi якiя гэта яны.
   - Ня вiдзiлi-ж да сягоньнiшняга й мы. Надта-ж вялiкiя й страшныя пудзiлы, от гэтак зь Пiтухову хату вiлiчынёй. Кажны арудзiю маiць. Ды нi на калёсах, а на гусянiцах яны. Мусiць i цяжкiя-ж надта, бо так глядзi як гасьцiнец выраўнялi.
   Дзед стаяў i думаў. Цi ўяўляў, што такога дажыве?
   - А гэтта-ж Пiлiпаў Арсень прыбягаў ды казаў, што старэйшую Макатунiшку палякi павесiлi. Праўда гэта?
   - Павесiлi. На самай браме пад Сталiнам, - паясьнiў Алесь.
   - На каторай гэта браме?
   - Ды на гэнай, што во гэтыя тры галадранцы - Косьцiк, Лявон i Хведар Павалiцкi - за ноч пастроiлi. Дзяўчына-ж iм памагала.
   - Госпадзi мой, спасi душу яе, - перахрысьцiўся стары. - А як-жа яны яе? Дзе-ж тыя галадранцы былi? Чаму нi баранiлi яе, каб iх макарэц спапялiў.
   - Тамака-ж i былi, а дзе-ж... Ды як нарвалiся палякi, копаўцы гэтыя значыцца, - гэтак нам людзi расказвалi - дык дзяцюкi ў штаны панапускалi, у кусты ходу, от як...
   Журботнае бомбканьне дубовiцкiх званоў спынiлася.
   - Спасi, Госпадзi, душу ейную, - крактаў дзед Якуб. - Якая яна там нi была, але цi-ж так можна?
   Заварожаныя патокам пасьпеўшых падзеяў, стаялi пасярод вулiцы.
   - Ты, дзеду, самы ў нас найразумнейшы. Скажы во што настанiць цяперака. Ты-ж некалi ў Расеi быў. Палепшаiць цi пагоршаiць? - пацiкавiўся Алесь.
   Дзед хмыкнуў, пальцам пакалупаў пад сьвiткай за паясьнiцай, ды бледнымi ясна-блакiтнымi вачмi пазiраў дзесь у бок Лiпавiчаў.