Дзед павярнуўся, зiрнуў на залю, мусiць каб упэўнiцца, што да яго, а не да каго iншага камiсар гаварыў.
   - Гэта вы от мне гаворыце?
   - Да, отец.
   - Чаму-ж, каб сказаць...
   - Сколько вам лет, отец? Верно больше ста?
   - Ага, ды ўжо-ж, болi як сто...
   - Еслi так, вы верно крепостное время помните? - пытаўся Маршалкаў.
   Выглядала гэта на публiчны допыт, але дзед Якуб не зьбянтэжыўся, адказваў спакойна.
   - Чаму-ж не, сынок, помню, каб яго макарэц спапялiў...
   - Вот это интересно.
   - Яшчэ пiсягi на плячох нашу, каб ня помнiў...
   - Это что такое?
   - Лупцавалi некалi, от рубцы на целе асталiся.
   - Разве так? Поэтому благодарите товарища Сталина, что за длинную жизнь он вам действительную свободу принес.
   - Ну Бог яго ведаiць... Як вы кажаце, дык можа й доля праўды ёсьць. Старому нiдаверку пасобiць можна.
   На камiсаравым твары зьявiлася няўцямнасьць. Ён нахiлiўся, нешта Косьцiку сказаў. Сабакевiч устаў.
   - Наш сягоньнiшнi мiцiнг скончыўся. Сiчас пастаўце па бакох скамейкi. Есьць у нас баян i балалайка, дык пагуляiм.
   13
   У гэны вечар не сьвяцiлiся вокны лiтоўскiх хатаў, ня зьбiвалi дзецi пятаў у пiкара, цi мячык. Амаль усё, што жывое, сплылося гэтта ля школы. Адно дзiвiцца трэба было, колькi памясьцiцца магло ў будынку людзей. Сяляне прыходзiлi яшчэ падчас камiсаравай гутаркi, цiснулiся ля адчыненых вокнаў i дзьвярэй. Цяпер-жа ўсе выйшлi на двор, каб зачарпнуць сьвежага паветра, падзялiцца думкамi пра пачутае й новае, што прыехала ў вёску на гэных двух вялiкiх грузавiкох, ля якiх сабралiся дзецi й падлёткi.
   Аксенiна група жанчын чакала ля дзьвярэй i пiльна сачыла за Маршалкавым. Ён наблiжаўся ў суправодзе Косьцiка й Лявона. Бальшавiцкiя жаўнеры гутарылi зь дзяўчатамi, абступiлi Хвядосаву Маньку. Дзяўчына гаварыла бойка й звонка сьмяялася, аж падскаквалi круглыя, тугiя грудзi.
   - Iдзець-жа, iдзець, ягодка, - таўханула Аксеню Кмiтава Аўдоля. Дык-жа гавары, ягодка, за ўсiх нас.
   Гэтта-ж перад выхадам спынiла камiсара Вульляна.
   - Таварышч, я-ж гэта... хацела сыноў, каб запiсалi...
   - Ага, гэта тых, што белапалякi змабiлiзавалi?
   - Так, пано... таварышч, сыноў-галубкоў маiх.
   - Хорошо, мать, - кiўнуў бальшавiк галавой i зьвярнуўся да Косьцiка. Вы, Канстанцiн Паўлавiч, абавязкова зрабiце сьпiс усiх мабiлiзаваных, не забудзьцеся.
   I ён iшоў далей. Аксеня выйшла камiсару напярэймы, але няведама дзе падзелася ейная сьмеласьць, ня ведала як пачаць выкананьне даручэньня. Тымчасам Маршалкаў разглядаўся як абмiнуць групу жанчын, што замiнала ў праходзе.
   - Пазвольце, - сказаў ветлiва, - можна прайсьцi?
   - Ну дык ты-ж кажы, ягодка, - падбадзёрвала Аўдоля.
   - Таварыш камiсар, - пачала Аксеня й спынiлася.
   - Да, гражданка, вам что угодно?
   Вочы ягоныя, здалося Аксенi, праколвалi, глядзелi наскрозь.
   - Дык я-ж гэта... хацела сказаць... Ага. Вы нам расказалi якi добры й вялiкi таварышч Сталiн, як ён асвабадзiў нас i другiя, як таварышч Молатаў, тожа добрыя. Дык мы тут, бабы, разгаварылiся, што за iх дабро для нас, за тое, што нас асвабадзiлi, каб iм якi падарак паслаць...
   Аксеня выказала гэта адным дыхам. Спынiлася, ня ведала што далей зрабiць.
   - Вы, жанчыны, думалi падарак паслаць таварышчу Сталiну? Так вас разумею, цi не?
   - Ага, да, таварышч, так...
   - Гэта цудоўна вы выдумалi! - захапiўся камiсар. - Так, гэта цудоўна! Ну а якi падарак вы будзеце пасылаць?
   Пачуўшы такую пахвалу ад Маршалкава, Аксеня аж змалела. Цяпер ейная першапачатковая думка здалася то дрэннай, то зусiм недарэчнай. Як-жа ты з такiм падаркам ды да самога Сталiна ткнешся? Аксенi было яшчэ нiякавата й таму, што цяпер сталася цэнтрам агульнае ўвагi. Жанчына зiрнула на сябровак. Непаслухмяным зрабiўся язык. У вачох жанчын пабачыла падбадзёрваньне й таму сьмела загаварыла да Маршалкава.
   - Мы гэта-ж, таварышч камiсар, гаварылi цi варта толькi асьмелiцца, бо нiчога, ведаеце, дарагога ня можам...
   Яна спынiлася, а маскаль чакаў далейшага слова.
   - Ну так, прадаўжайце.
   - Дык вось-жа, мы нiчога дарагога паслаць ня можам, самi ведаеце, пад польскiм iгам жылi... Можа таварыш Сталiн i каторыя другiя начальнiкi, як ён, нашага падарка ня прымуць?
   Аксеня, вiдаць, не асьмелiлася падаркам пахвалiцца. Маршалкаў усьмiхнуўся, зiрнуў на Косьцiка.
   - Дык ты-ж, цётка, скажы, што вы надумалi паслаць i я ўверан, што таварышч камiсар пасаветуiць цi варта пасылаць цi не, - растлумачыў Сабакевiч.
   - Мы гэтага-ж, свайго дамашняга палатна надумалiся паслаць, ось што, нарэшце прызналася Аксеня. Яна зiрнула на камiсара, сарамяжлiва, быццам дзеўка перад першым прызнаньнем у каханьнi, апусьцiла вейкi. Камiсар зычлiва ўсьмiхнуўся.
   - Добра, цудоўна! - усклiкнуў Маршалкаў. - Я думаю, што вы надзвычайна прыдумалi. Бяз сумнiву, таварыш Сталiн вам лiчна падзякуе. Аб вас даведаецца ўвесь народ i вы станеце прыкладам для жанчын усей рэспублiкi.
   Цяпер Аксеня ўявiла сябе гэраiняй, гэт далёка за Лiтоўцамi слаўнай. Ды што там Лiтоўцы, унь аж у Маскве пра яе пачуюць. Гэта-ж ня хто iншы, як сам таварыш Сталiн асабiста ей падзяку прышле. Вось будзе што людзям паказаць. Вялiкая слава, ўжо казытала Аксенiна сэрца. Бойкая, наравiстая, агрэсыўная, гэта яна, а ня Пiлiп у хаце гаспадар. Што той Пiлiп: сядзеў вунь над калодай. малатком цюкаў, шылам калоў, фратвай прышываў. Рухавiк - яна, Аксеня. Ласкава зiрнула на сына, што стаяў побач задаволены, што матку хвалiў такi вялiкi маскоўскi начальнiк.
   - А як-жа гэта, - гаварыла збоку да маскаля Аўдоля, - як-жа гэта, таварыш камiсар, паслаць падаркi? Пошты-ж цяперака нiма.
   - Ды пусьцяк гэта, - махнуў Маршалкаў рукой. - Зьбярыцеся, зрабiце пасылку, напiшыця хто й каму... Вы апроч таварышча Сталiна i другiм членам палiтбюро партыi хочаце падаркi паслаць?
   - Ну ўсiм-жа, усiм, - пацьвердзiла Аксеня.
   - Дык от, вельмi добра, цудоўна. Падаркi перадайце мне. Я паклапачуся, каб iх адразу адправiлi ў Маскву.
   Пачуўшы такую пахвалу ды абяцаньне помачы ад бальшавiцкага камiсара, паднечаныя жанчыны загаварылi ўсе разам. Энтузiязм разьлiўся ў цэлы шэраг прапановаў, каторых адразу нельга было вырашыць. Насамперш трэба была ўстанавiць хто й каму падрыхтуе падарак. Сталiна адразу прысвоiла Аксеня. Думка пра падаркi ў ейнай галiне нарадзiлiся, дый была яна цi нi найлепшай ткальляй кужалю ў вёсцы. Жанчыны згадзiлiся сабрацца на наступны дзень i падзялiць прозьвiшчы бальшавiцкiх палiтбюроўцаў.
   У школьнай залi напiнаўся мяхамi й рыгаў баян. У вялiкiм коле пасярод два жаўнеры скакалi "рускага". Калi тым духу не хапiла, зьмянiлi iх iншыя скакуны. Гэткiм чынам "рускi" трываў ладны кавалак часу. Адзiн маскаль прынадзiў да скокаў Хвядосаву Маньку. Пад гул i рогат з бакоў, дзяўчына нядрэнна патрапляла чырвонаармейцу. Ногi да танцаў мела спрытныя, але недахоп практыкi ў такой акрабатыцы хуткаў выгнаў пот на лоб, дзяўчына задыхалася ды неўзабаве, пры агульным рогаце, азадкам села на падлогу.
   Ромкаў гаспадар нешта сказаў баянiсту. Той кiўнуў галавой, скончыў "рускага" й пераключыўся на "Кацюшу", Спачатку нясьмела, пасьля байчэй пацягнулi за баянам галасы. Лявон i Косьцiк дзёрлi глоткi, быццам каб пахвалiцца сваiм майстэрствам перад лiтоўскiмi сялянамi. Праз шырока адчыненыя вокны й дзьверы песьня вылятала на двор, рэхам адклiкалася мiж вольхаў i вербаў у блiзкiх аселiсах i далейшым балоце. Навокал школьнага будынку групамi гаманiлi сяляне, нiхто дамоў ня сьпяшаў. Адно Васiль уссадзiў крэкчучага бацьку на каляску ды рушыў з двара. Дзесь улiпавiцкiм маёнтку конаўкай сьвятла разганяючы цемру, грувасткi касалапы гусянучны чалябiнец валок на загадзя раскапаную пазыцыю цяжкую зэнiтку.
   Наўздагон "Кацюшы" паплыла "Есьлi заўтра вайна". Гэта была куды баявейшая. Перад кажнай звароткай словы казаў чарнявы гарбаносы чырвонаармеец. - Дружно, все разом! - спанукаў ён прысутных. Адылi апроч бальшавiцкiх жаўнераў мала хто сьпяваў.
   Нястомны баянiст пераключыўся на польку-трасуху. Як восеньню лiсьце пад сiльным ветрам, закружылi на залi пары. У гурце старэйшых i падлёткаў ля парогу стаяў i прыглядаўся танцам Янук. Да грамады меншых дзяўчат падыйшоў рыжавалосы бальшавiк. Дзяўчаты сьцiснулiся, пачуўся вiск i сьмех. Маскаль учапiўся за Дунiну руку й выцягнуў дзяўчыну з грамады. Спачатку ногi яе хадзiлi нязграбна, нясуладна з танцорам. Сарамяжлiва азiралiся на бакi. Неўзабаве ўжо добра патрапляла чужнiку. Учэпiстая касматая рука прыгарнула гiбкую дзявочую сярэдзiну. Раз цi два вочы-васiлькi спынiлiся на Януку. Нешта балюча заскрабло яго ў грудзёх.
   Алесява дачка Надзя сядзела побач Брунiськавай Мальвiны. Калi спасьцерагла Шпунтовага Лявона, што як таран, не аглядаючыся на бакi, iшоў проста ў ейным кiрунку, падумала, што дзяцюк на Мальвiну зрок меў. Дзеўка аж гарэла. На твары яе паднечанае чаканьне: вось дзяцюк iдзе, паласавацца можна. Мальвiна даўно ў старых дзеўках марнела. Цяпер-жа, акупанты прарэдзiлi лiк дзяцюкоў сваей вайною, Мальвiне пры адных марах даводзiлася астацца. Спагадлiвая да суседкi, Надзя спасьцерагла Лявонаў намер адно тады, як выцягнулася ягоная рука.
   - Ну што-ж, золатца разумнае, маж й сiчас нi пойдзiш?
   Ужо пасьля сходу мусiць усьпеў сербануць недзе, бо самагонкай ад яго нясло.
   Надзя зачырванелася. Як у кажнай вёсцы, гэтак i ў Лiтоўцах, дзеўкам вызначалi шансы замужжа перадавыя клясыфiкатаркi-пахатухi. Паводле характару й выгляду Надзю паставiлi блiзка сьпераду, паводле пасагу - у хвасьце. Надзiн дзяцюк Мiхась ваяваў цi бiбiкi ў палоне зьбiваў недзе. Каму-ж цяпер за яе заступiцца? Дзўчына ведала цану Лявонавага заляцаньня, пазьбягала дзяцюка як магла. Яна зiрнула на бацькоў, што ля дзьвярэй стаялi.
   - Патанцуй, Лёнька, са мной, галубок! Ха-ха-ха! Хадзi! - запрашала, устаючы з лавы Мальвiна. Дзеўка аж пабрыдзела ад недарэчнага сьмеху, што трос вялiкiмi, абвiслымi грудзьмi.
   Лявон быццам ня чуў яе. Юрлiвы, паднечаны самагонкай зрок распранаў сьцiплую, нясьмелую, чырвоную аж да кончыкаў вушэй Алесяву дачку.
   - Што-ж ты, Лёнька, дзевак табе мала? Ты-ж знаiш, што я Мiхасёва. Мальвiну во вазьмi, - адказала Надзя.
   - Якая ты такая Мiхасёва? Дзяцюк твой знаiш дзе? От я тут хадзяiн i сiчас мая будзiш! - гаварыў таран i дзьве рукi паднялi дзяўчыну з лавы. Баянiст рыпеў нейкую дагэтуль у Лiтоўцах няведамую мэлёдыю факстроту. Зьбiтая з тропу хамскай нахабнасьцю, Надзя не агледзiлася як апынулася мiж танцуючых i намагалася патрапляць няроўным крокам дзяцюка. Ашчаперыў яе як мядзьведзь, адну лапу ззаду нiжэй паясьнiцы трымаў. Дзяўчыне дух займала. Яна схапiла Лявонаву руку.
   - Што ты робiш, нястыднiк? Людзi глядзяць!
   - Га? Ну што людзi? Iм сваё, а нам сваё...
   Ён насядаў яшчэ мацней, басiў дзяўчыне на самае вуха. З роту нясло самагонным гарам.
   - Нястыднiк, каб ты згарэў! - сыкнула Надзя, - Ня цiсьнi гэтак, дыхаць нiма чым!
   - Я-ж цябе люблю, - дыхнуў юрлiвасьцю дзяцюк.
   Надзя жахнулася. Ведала цану Лявонавай нахабнасьцi. Зiрнула на зьбянтэжаную матку ля парогу.
   - Любiш як мядзьведзь. Ня можаш танцаваць як людзi? Калi табе ласкаў захацелася, дык iдзi да Мальвiны, дзеўка аж гарыць...
   Надзя баялася раззлаваць Лявон й трымала лягодны тон.
   - Я во да цябе, красоткi, прышоў, дык нi пасылай мяне да Брунiськавай. Калi душна, дык пойдзем на двор.
   Насядаў i цiсныў яшчэ больш. Надзя спасьцерагла, што калi нейкiм чынам ня вузвалiцца з абдымкаў падпiтага мядзьведзя, дык у гарачцы язык можа шкоды сабе й бацьком нарабiць. Яна раптоўна й зручна крутанулася й пакуль актывiст спасьцярогся, ужо стаяла ля парогу ля маткi.
   - Мама, iдзём скарэй дамоў, бо ад гэтага мядзьведзя нiма ратуначку нiякага!
   - Добра, дачушка, хадзi.
   Лявонавы нахабныя заляцаньнi даўно сачыла ягодка-Аўдоля. Гаворачы з Аксеняй пра палатно, часта ўкiдвала свае заўвагi. Калi Надзя зручна вышмыгнула ад Лявона, дзяцюк стаяў мiж танцуючых, цяжка дыхаў, мiргаў юрлiвымi вачмi.
   - Уцiкла, от маладзец! Глядзi, глядзi на яго, Аксеня! I дзяцюк, здаецца, з галавой, ягодка, алi мусiць напiўся ўжо, - сказала Кмiцiха сваей неадлучнай суседцы.
   14
   У гэны вечар надта ўсхадзiўся сьцюдзёны вецер. Калацiў доктаравы клёны, лiсьцем замятаў лiтоўскую вулiцу й двары. У васелiцах тужлiва шумелi вольхi й вербалозы. Зьгiналi на могiльнiку пышныя чубы сёстры сосны, скрыпела пакалечанымi дрэвамi й злавесна гудзела Гаравацкая пушча, удужкi зь ветрам браўся на Гараватцы гiгант Архiп.
   У Пракопавай хаце вясёлым буйным полымем трашчэў у печцы-бакавушцы сухi сасновы хвораст. На плiце варылася вада на зацiрку. Прымасьцiўшыся на зэдлiку, Мiкола абломваў хрусткiя сасновыя галiны, зьбiраў з падлогi iглiцу й кiдаў пад плiту. Полымя брала раптоўна, ярка асьвятляла змрочны пакой i людзей у куце пры стале. Медзьдзю аблiвалiся задуманыя змрочныя твары. Здавалася, што пазлазiлi яны з малюнку каторага рэнэсансавага мастака й застылi пад абразамi ў Пракопавай хаце. Полымя ўспыхвала зыркiм агнём i раптоўна малела.
   Цень запанаваў ня толькi ў Пракопавай хаце. Цi адзiн селянiн пазiраў на сухi хвост кнута ў лямпе. Нафты на дне асталося столькi, што й камару ўтапiцца ў ей цяжка было-б. Хмарнелi твары пры згадках пра кiлямэтравай даўжынi чэргi пры гацкай краме-сельпо. I мала каго цешыла гэна бальшавiцкае выясьненьне: - Нафты няма? Ды не сьпяшыце, усяго хопiць. Пачакайце, справiмся!
   Акупантавым самахвальствам хаты не асьветлiш. Надыходзiлi доўгiя вечары й жанчыны трывожылiся, што ўпацёмку нiчога не напрадзеш. Як кашаль хваробе, памагала iм тое бальшавiцкае "пачакайце".
   Доўга зьзяла яркiмi вокнамi лiтоўская школа. Прывалаклi сюды электрычны рухавiк, паказвалi такiя фiльмы, як "Ленiн в Октябре", "Чапаев", "Броненосец Потемкiн" i iншыя. Каб падкаваць людзей у "палiтграмаце", ды навучыць чытаць i пiсаць "паруску нiграматных", разы два на тыдзень лекцыi давалi. Прыяжджаў зь Лiпавiчаў палiтрук, часам i сам Маршалкаў заглядаў.
   Пра гэта вось, аблакацiўшыся на стол напокуцi, гаварылi ў Пракопавай хаце Алесь, Пракоп i Янук. Пад трэск хворасту й шум ветру за вакном млява йшла гутарка.
   - Ну гэтыя-ж пахатухi туды чаго? Што iм? - пытаўся Пракоп. - Яны-ж нi бэ, нi мэ...
   - Ты гэта пра Аўдолю й Аксеню?
   - Ну.
   - Казала Надзя, што цiкуюць, каб Маршалкава прыпiлнаваць ды даведацца цi Сталiн палатно атрымаў.
   - А паслалi?
   - А як-жа. Ды каб гэтыя толька, а то й Макатунiха таксама. Цi нi Пятух з таго камбеду прыцягнуў, сьвiснуўшы недзе. Во ўжо нядзелi тры назад выслалi, а нiчога яшчо нi чуваць.
   - Во яно як...
   Недзе на дварэ вецер тоўк акацiцай у сьцяну.
   - Янучок, выйдзi ты, паглядзi каторую акацiцу б'ець. Можа прывязаць, цi што. Нечага во надуець, так усхадзiўся.
   - Добра, тата.
   - З гэтым самым камбедам... Пiтуху-гультаю цяперака нi рабi, адно сьмярдзючкай-самакруткай сьвет божы капцi ды людзей аграбай. Цьфу, басяк! узлаваўся Пракоп.
   - Права-ж iхнае. Яшчо во хто гэта мне на днях казаў, - задумаўся Алесь, - ага, во Тодар, значыцца, казаў, што ня толька паноў i асднiкаў абiраюць. Тамака-ж самая, казаў, уласьць савецкая падчышчаiць. Казаў скора й да нашых багацейшых даберуцца.
   - Чаму-ж не, даберуцца...
   Тата, вада кiпiць, - адазваўся Мiкола, што пiльна трымаў вуха, каб нiводнага слова не прапусьцiць.
   - Ну дык добра. Запалi, сынок, лучыну ды зацiрку рабi.
   Мiкола пайшоў у сенi й прынёс адтуль малое карытца. Налiў у яго ваду, дастаў з-за пячы вялiкую лучынiну, запалiў яе ды ўторкнуў у дзяржала, прыладжанае з аднаго боку карытца. Паставiўшы яго на прыпечку, палез у шафу.
   - Тата, у нас мукi мала.
   - Як у цябе з млiвам? - спытаў Пракопа Алесь.
   - Ды ўжо мука на зыходзе. Мяшок жытняй мусiць ёсьць ды пшанiчнай жменька. Трэба во да Сявенькi йсьцi, на зацiрку пазычыць прасiць, а на млын аж у Докшыцы тыя цягнуцца. Тут у Гацях усё вайсковае мелюць. А ў Докшыцах, кажуць, завоз надта вялiкi. Жыду, кажуць, млын забралi, дык новыя парадкi, цi бiспарадкi пачалiся. Нейкiя талоны нiбыта вымагаюць, цi якую халеру... Пакуль ехаць, дык трэба Шпунта распытацца, гэты-ж мусiць знаць.
   - Гэтага бандзiта! - плюнуў Алесь. - Каб яго зiмля нi насiла, як во маей дзяўчыне праходу нi даець!
   - А чаго-ж ён?
   - Ну як гэта чаго? Нi знаiш, што сабаку трэба? Маладых во палякi ўсiх падчысьцiлi, а гэты басяк застаўся. Цяпер во яму разгул, усё поле чыстае. Ну дык i давай, праходу дзяўчыне нi даець. Ды начальнiк-жа яшчо...
   Памаўчалi.
   - Уласьць! Да лучыны дажылiся! - скардзiўся Пракоп. - Бяз солi еш... Што гэта робiцца? Зямлю, кажуць, даваць будуць, дабро наступiць. Ну паглядзiм...
   Пракоп зьмянiў тон.
   - Ты гэта кажаш, быў у школе ўчорака?
   - Ага.
   - Ну й што тамака?
   - Ат, махнуў, - памарудзiўшы, рукой Алесь, - гэты палiтрук жыдок пра галасаваньне плявузгаў. - Тавагыш Сталiн, - кажыць даёт вам вазможнасьць самiм гашыць, хацiця ля вы пгысаiдзiнiцца да нашага нiаб'ятнага Савецкага Саюзу, iлi нет... Пыхцеў як мех кавалёў. Як-бы тоя "пгысаiддзiненьня" нiвядома якое дабро.
   - А калi тое галасаваньне маiць быць?
   - Ды нi казаў. Скора мусiць. Можа от людзям у вушы начаўпуць, дык тады.
   - Ну як-бы гэта было, каб людзi прагаласавалi, што ня хочуць да iх далучыцца? - усьмiхнуўся Пракоп.
   - Пра гэта жыдок нi казаў. Ды да каго-ж мы маiм прылучацца? Цi можа самi асобна гаспадарыць пачнём? Паспробуй во, нi прылучыся, яны табе пакажуць дзе ракi зiмуюць...
   У хату ўвайшоў Янук.
   - Ну як там на дварэ? - спытаў бацька.
   - Ды дуець i нi пiрастаець, - неахвотна адказаў юнак. - Можа во надуiць чаго.
   - Учорака чуў я на рынку ў Гацях, - узяў голас Мiкола, - як адзiн чалавек са Слабоды расказваў, як у iх сяле адзiн бiларус iз таго боку праходам быў. Iшоў куды, цi што... Дык расказваў, што мы яшчо бяды нi вiдзiлi. У iх народ даўна пра мяса забыўся, на самым посным крупнiку й бульбе марнеiць. Калхозы ўсiх у лапцi абулi.
   - Гэта ты чуў? Каторы знаёмы чалавек?
   - Свой чалавек. Вiдiў я яго раней на кiрмашы.
   - Во як. А што яшчо расказваў?
   - Наша жыцьцё, казаў, нiма чаго да iхнага, калхознага, раўняць. Неба й зiмля, кажыць. Ходзяць, казаў, абарваныя, спрацаваныя, худыя, як жабракi. А ў тым калхозя, дык як дзед Якуб Якуб расказваiць, як у прыгоне некалi. Многа каторыя, кажыць, упёрлiся, у калхозы йсьцi нi хацелi. Дык тады Сталiн усiх на Сiбiр павысылаў. Гэта, кажыць, самых найлепшых, найболi працавiтых. Толька бедныя й басота асталiся. Што-ж гэта яшчо... ага, казаў, што людзi настрашаныя такiя, што цяпер чалавек баiцца роту адчынiць, навiт наракаць забылiся.
   Мiкола пачаў мяшаць зацiрку.
   - Страх, што гэта чуваць. Няўжо-ж праўда?
   - Калi-ж гаворуць, дык нешта ёсьць. Нiма дыму бiз агня.
   Запанавала доўгае маўчаньне. Адно вецер грукаў весьнiчкамi, сьцёбаў рабiнаю па страсе, ачэсваў падстрэшша, праз няшчыльныя вокны прабiраўся ў хату.
   - Трэба во скора падвойнныя вокны ўстаўляць, мусiць, бо халадзеча бярэцца. Пакрова ўжо нiдалёка, а там i зiма, нi агледзiшся калi, - прыгадаў Пракоп.
   - Пайду дамоў, - устаў Алесь, - недзiка там ужо вячэра гатовая. Дабранач.
   - Дабранач.
   Зацiрку сёрбалi паволi. Колькi разоў уставаў ад стала Янук, каб зьмяняць лучыну. Хоць прыказка кажа, што лыжкай i ўпоцемку ў рот трапiш, практыкаваць гэта нiхто нiхто ня iмкнуўся. Сядзелi з трох бакоў стала, схiлiўшы галовы над мiскамi. Адно вялiкi шэры кот голасна мяўкаў пад сталом i цёрся ля босых ног.
   - Аа-псiк, ну цябе! - сыкнуў Мiкола.
   - Дай во кату ў чарапок, таксама-ж есьцi хочыць, стварэньне божае, зьвярнуўся бацька да Мiколы.
   - Усьпеiць, нiкуды яму нi сьпяшыцца, дый гарачага ён ня будзiць есьцi, - адказаў Мiкола. Калi скончыў есьцi, налiў кату ў глiняны чарапок зацiркi ды сказаў Януку: - Цяпер ты прыбiрай, я сваё ўжо зрабiў.
   - Можаш i сам, пан нiвялiкi, - адказаў Янук.
   - Вы гэта што, зноў зачынаiця? Янук, прыбяры. Нi пан i ты нiякi, можаш памагчы, - падняў голас Пракоп. - I я болi нi хачу нiякiх сварак. Рабiць нiма каму, самi ведаiця.
   - Узяў-бы ты, тата, ды ажанiўся. Хоць-бы во гаспадыня ў хаце была, сказаў Мiкола.
   Калi-б гэта было сказана ў iншых абставiнах, Пракоп можа навалiўся-б на сына. Ды ў Мiколавым голасе было гэтулькi шчырасьцi й добрага жаданьня, што бацька ўстрымаўся.
   - Ты гэта адкуль такую думку ўзяў? - сказаў лагодна Пракоп. - Мацi нiдаўна на той сьвет адыйшла, а ты во што... Як табе ня грэх?
   - Грэх грэхам, а жыць неяк трэба. Бог можа даруiць. Сам можа вiдзiць вунь, што бiз бабы нiякай гаспадаркi нiма.
   Пракоп уважна зiрнуў на старэйшага сына. У будзёншчыне мала нагодаў да душэўнай размовы было. Ад шэрага жыцьця пачарсьцьвелi, здавалася, сэрцы. Стрымлiвалiся пачуцьцёвыя выказваньнi. Так ужо павялося, што часта адно слова, зiрк вачэй, цень цi прамень на твары замяняў тое, што ў iншых людзей забрала-б шмат часу для пылкiх выказваньняў.
   Пытаньне гаспадынi ў хаце вымагала даўжэйшага разважаньня. Не пазьбегнеш эмоцыяў, мо i спрэчак ня мiнеш, Хоць ведаў Пракоп, што вялiкая праўда была ў словах сына, але нiчога пазытыўнага ня мог-бы цяпер зрабiць. Звонку выглядаў апанаваным i зроўнаважаным, але дзесьцi глыбака ў грудзёх загнязьдзiўся чарвяк з таго часу, як чужынцы падсеклi ягонае карэньне. Кажуць, што час ёсьць найлепшым лекарам. Праўда. Да вясны крыху зажыла душэўная Пракопава болька. Ды новыя падзеi зноў адбiралi роўнавагу, нярэдка бяссоньнiцай марылi. Намагаўся трымацца перад сынамi, ды болькi гэнай глыбака не схаваеш, Неасьцярожнае слова цi рух былi надта вымоўнымi.
   Мiкола мяркаваў, што мужчыну ў бацькавых гадох жанчына патрэбна была ня толькi для гаспадаркi. Перад Бахмачом, як на добры лад, ляжаў яшчэ прастор жыцьця. Калi-б знайшоў сабе сабе добрую сяброўку, ды ня толькi бацьку раўнавагу вярнула-б, але й яму, Мiколу, вялiкi цяжар з плячэй звалiўся-б. А дзевак выбар цяпер быў вялiкi. i мо таму, што насьпелае сарвалася зь Мiколавага языка зусiм нечаканна, бязь нiякага папярэджаньня, аж уздыхнуў лягчэй. Стаяў i пазiраў на бацьку. Што-ж ён скажа?
   - Ну знаiш што, Мiкола, нi час пра гэта цяперака, - сказаў Пракоп. - Нi палiце во дарма лучыну, спаць iдзiце. Можа калi пра гэта пагаворым.
   "Ага. - падумаў сын, - значыцца нi сказаў наадрэз, што не. Дык можа яшчо што й будзiць з гэтага".
   Мiкола зiрнуў на Янука й той мiгам зразумеў ягоную думку.
   - Спаць? Я яшчо во на сяло думаю. Ноч вялiкая, высплюся, - сказаў дзяцюк.
   - Да каго-ж ты гэта?
   - Недзiка некага знайду.
   - Можа дзе самагонку знайдзiш?
   - А чаму самагонку? Думаў, што можа дзяўчынай упiкнеш, ажно самагонкай, - усьмiхнуўся сын.
   - Табе мусiць дзiўчаты ў галаве. Ат, iдзi, - махнуў Пракоп рукой.
   Доўга качаўся ў пасьцелi й ня мог заснуць Янук. У галаве блыталася-крыжавалася павуцiньне думак. Неяк на днях, нечакана сустрэўшы Дуню, выплыла наверх новае й неспадзяванае: школа. Дзяўчына казала, што быццам у Гацях бальшавiкi школу маюць адкрываць i цi не жадаў-бы Янук пайсьцi й даведаццапра навуку.
   Ад часу, калi нямоглы бацька здаў на ягоныя слабыя плечы гаспадарку, думкi пра навуку на заднi плян адыйшлi. Адно ў марах часам сябе на школьнай лаўцы бачыў. Былi калiсьцi мроi пра перамену. Цяпер-жа яна прыйшла. На лепшае цi на горшае? Прага да навукi не змалела. Кажуць Французы, што апэтыт падчас яды расьце, а Янукова прага да ведаў нiколi ня спыняла росту. Калi Дуня згадвала пра школьную лаўку, аж млосна зрабiлася. Варта было-б новы сьвет пазнаць.
   Памкнуўся нешта Дунi сказаць, зьбянтэжыўся, зачырванеўся. Завязаўся мiж iмi нейкi, Януку ня зусiм зразумелы вузел. Дзяўчынiна блiзкасьць i непасрэднасьць зьвязвала яму язык, забiрала волю. Бянтэжылi хлапца дапытлiвыя й добразычлiвыя вочы-васiлькi.
   - Нi... нi знаю. Сама ведаеш як у нас...
   Абмiнаў дзяўчынiн зрок, баяўся, што ўсё на ягоным твары вычытае. З аднаго боку спанукала нешта, каб душу перад сяброўкай раскрыць. А што будзе, калi пачнеш скардзiцца ды сьлiнькай выглядаць будзеш? Трэба трымацца, мужным быць. Дуня спасьцерагла, як гарэў Янукоў твар.
   - Што з табой, Янучок? Чаму ты як бурак чырвоны зрабiўся? Часта нi пазнаю цябе.
   Васiлькi больш дапытлiва й глыбей у твар пазiралi.
   - Нi пытайся.
   Янук адвярнуўся й раптоўна адыйшоў. Спачатку ногi непаслухмяныя былi. Мо вярнуцца й расказаць? А пра што раскажа? Пра мазылi й цяжкую працу? Аж здрыгануўся пры думцы такой. Прыгадаў далёкi той час, калi дзяўчыну ў школу нi пушчаў. Яна-ж горшая была. - А чаму-ж горшая яна? - пагрозьлiва вырасла на лясной сьцежцы высокая постаць дзядзькi Захарука.
   Нешта ў нутры пякло. Цяпер "горшая" яму разам у школу iсьцi сулiла. Бачыш, як яно перавярнулася, зьмянiлася. Ды ў iх-жа цяпер у хаце дабра поўна, хоць i з камбеду нацяганага. А Пракоп Бахмач можа ў Сабакевiча на чорнай лiсьце запiсаны.
   Ногi пайшлi раўней. Адно раз азiрнуўся. Дуня стаяла, сачыла за iм, мо спадзявалася, што вернецца.
   На мяжы дрымоты, у той паласе, дзе смугой паволi зацягваецца сьведамасьць, прыгадалася тое нiкчэмнае зьбянтэжаньне. I зноў, здавалася, загарэўся чырваньню твар.
   Вецер ацiхаў. Недзе на вулiцы пачулiся гулкiя, няроўныя галасы. Адзiн буянiў, iншы гарлапанiў нейкую няведамую "частушку". Вечарамi бальшавiкi да вясковых дзяўчат заглядалi й цяпер мусiць у Лiпавiчы вярталiся. Недзе прахапiўся й забрахаў Тапсiк.
   Янук перавярнуўся на другi бок, глыбака ўдахнуў паветра й смачна пазяхнуў. Галасы за вокнамi ацiхлi ненадоўга. Мусiць iшлi iншыя, бо чуваць была гаворка. Тапсiк кiнуўся да весьнiчак i гулка забрахаў. Воддаль адклiкнуўся доктараў Мурзiк. Моцны дзёрзкi голас вылаяўся трохпавярховым матам. Гэта цi нi падбадзёрыла Янукова гадунца, бо аж заходзiўся ад браханьня. Гулкi стрэл скалануў паветра за вакном. Тапсiкаў голас раптоўна перамянiўся ў балючы енк, быццам душыўся сабака. Енк той, спачатку вельмi галасьлiвы, скора слабеў.
   - Так тебе, подлец! - пачуўся за вакном грубы голас. I рогат.
   Жахлiвая думка падарвала Янука з ложку. Кiнуўся да вакна й прылiп носам да сьцюдзёнай шыбiны. Празь нiзка абвiслыя галiны рабiнаў, што расьлi перад ганкам, спасьцярог дзьве вайсковыя постацi, што йшлi ў доктараў двор.
   - Тата, мусiць бальшавiкi Тапсiка застрэлiлi! - крыкнуў трывожна Янук i кiнуўся ў дзьверы.
   Поўнiк вызiраў з-за хмараў i, быццам хлапцу на помач, млявым рудым сьвятлом разрэдзiў гушчу цемры. Янук пабачыў двух бальшавiкоў ужо за лекаравай брамай. А пад плотам, дрыгаючы ўсiм целам, цяжка хроп залiтым крывёй горлам, душыўся ягоны найлепшы сябра. Хлапец прысеў перад iм, узяўся за вушы. У рудых поўзакрытых вачох гасьлi апошнiя iскрынкi жыцьця.