I вось тады адбылося тое самае важнае. Сам аканом, высокi i моцны, выскачыў на ганак i схапiў бацьку за шыю, пхаў яго гэтак перад сабою цераз увесь дзядзiнец, да самай дарогi, дзе стаялi дваровыя людзi, i некаторыя спачувалi, некаторыя смяялiся. Бацька пайшоў, а яна, малая, бегла за iм, i страшны малюнак бацькавай прынiжанасцi не даваў ёй спакою.
   - Заўтра пайду папрашу аканомiху, - сказаў спакойна бацька, калi адышлiся яны трохi ад двара.
   - Не iдзi!
   Яна закрычала немым голасам. Не магла больш выгаварыць нiводнага слова ад слёз i вялiкай цяжкасцi.
   - Чаму? - сказаў бацька. - Можа, яе ўпрашу, дык як-небудзь i абыдзецца добра.
   I, памаўчаўшы, яшчэ сказаў сам сабе:
   - Яна, кажуць, нiштаватая кабета, ласкавейшая за яго.
   I яшчэ большая крыўда за гэты бацькаў спакой i халодную нявольнiцкую разважлiвасць пеканула яе ў сэрца. Бацька ж гаварыў:
   - Давай хлеб, падсiлкавацца трохi.
   Яны селi на дарозе, i Амiля магла толькi сказаць:
   - Як ён цябе пхаў цераз увесь двор.
   - Што ж ты зробiш, - адказаў бацька. - Будзе горшая бяда, калi прыйдуць ды апошняе забяруць.
   I маўчаў. Можа, буры кiпелi ў iм на дне душы, але твар яго, грубы, абветраны, быў халодны. I от з таго доўга насiла яна ў сабе страшны роспач: "Можа, яму не зусiм моцна балела, як яго цiснулi за шыю, але як гэта ён яго гнуў унiз, пхаў!"
   Бацька iшоў гэтак у чужых руках праз увесь дзядзiнец, той самы бацька, якi заўсёды галодны i спрацованы. Ён пойдзе да аканомiхi, хоць тут зусiм не можна iсцi прасiць - нейкая сiла не дазваляе iсцi зноў прасiць, а загадвае штосьцi iншае: пайсцi i ўзяць таго, хто пхаў бацьку, i забiць яго, але не адразу, а каб ён мучыўся перад смерцю i каб слухаў, як яму будзе яна за скрыўджанага бацьку выгаворваць усю крыўду. Толькi гэта трэба зрабiць, больш нiчога не можна рабiць.
   Але нiчога не магла яна, тады малая, выказаць. Толькi праз колькi ўжо дзён сказала бацьку:
   - Тата, набi яго.
   Ён здзiвiўся:
   - Каго?
   - Аканома.
   - Што ты выдумляеш?
   I ўсё гэта засталося навек.
   Амiля стаяла ўсё ў хаце, нi з кiм не гаворачы.
   - Як ты прыйшла ад работы? - запытала Андрэiха. - Хiба Бушмара дома няма?
   Амiля ўздрыганулася ад чалавечага слова. Яна ўзяла на рукi дзiця i вынесла на двор.
   - Гуляй, сынок, гуляй сабе.
   - Ты пойдзеш? - запытала дзiця.
   - Пайду, сынок.
   - Чаму ты пойдзеш?
   Яна панесла яго да варот i там паставiла на зямлю.
   - Не iдзi, мама.
   - Я прыйду... Бяжы ў хату, сынок.
   У полi вецер плыў па засевах, жыта шаптала.
   Праз узгорак Амiля выйшла да лесу. На самым узгорку пад ветрам прыпынiлася азiрнуцца. Высыхала пад нагамi раса. Вецер мяў i трапаў адзежу.
   Яна ўзняла галаву, штосьцi незнаёмае дагэтуль нараджалася з думак пра Бушмара. I як хмары перад навальнiцай збiралася ўсё больш i запаноўвала ў чалавеку. Бушмар стаяў як жывы ў яе вачах з ссунутымi брывамi, нездаволены, упарты...
   Першы раз у жыццi ў яе сцiснулiся губы. Гэта было толькi лёгкае дрыжанне iх.
   Яна адна была на ўзгорку, перад сцяною лесу, постаць яе ўзвышалася над аўсамi i жытам. Вецер абвяваў яе, i галава яе была ўзнята.
   Шпаркаю звычайнаю сваёю хадою яна ўвайшла ў лес.
   ХII
   Чалавеку цяжка перарабiцца адразу. Можна думаць i гаварыць iначай, а сам чалавек доўга будзе ранейшым. Так, як ляцяць кожны год, абы толькi замакрэе веснавы снег, гусi над Бушмаравай сялiбай, так, як адлятаюць яны над гэтымi ж лясамi назад, абы толькi пацямнее ад старасцi на ржышчы белае павуцiнне, - гэтак сваiмi дарогамi будзе хадзiць чалавек, пакуль увесь узыдзе на дарогi iншыя.
   У той дзень, калi вярнулася Амiля пасля ўтрапення свайго ў Бушмараў дом, яна ажыла была дзеля iншай сваёй дзейнасцi, жывучы на свеце. Яна, як Бушмар прыйшоў толькi ў хату, пад поўдзень пачала выгаворваць яму ўсё, што сабралася ў яе; гаварыла яму i пра сябе i пра яго.
   - ...Ты пануры, ты цяжкi, i з табою цяжка, але ты можаш з'iначыцца. Толькi скажы мне раз назаўсёды, што я для цябе i цi патрэбна я табе. Калi ты знявiдзеў мяне, дык годзе папрокамi ўсякiмi мучыць мяне, а выганi мяне з хаты. Тады я ведаць буду! Калi ж ты сам не ведаеш, што я для цябе, дык слухай - я застануся з табою... Нам не кепска будзе жыць... У нас будзе дзiцё, тваё дзiцё... а маё дзiцё цяжкiм для цябе не будзе. Я зраблю тут усё ў нашым доме так, што нiчога лiшняга i непатрэбнага для нас не будзе, усё будзе добра i табе i мне. Толькi не будзь воўкам для мяне, а калi iнакшым быць не можаш, дык - скажы мне, не маўчы - нашто я табе? Ты скажы... Ты не маўчы больш, але скажы тое, што трэба. Без папрокаў скажы... Тады лепш будзе ўсё...
   Яна гаварыла доўга. Ён спачатку маўчаў з новым прасветленым нейкiм тварам, як ад якой трывожнай i важнай навiны, пасля якой прыкра яму стала, але ж ён даслухаць хацеў да канца. Усё маўчаў, нiводнага разу не глянуў на яе.
   - Чаго ты? - сказаў ён раптам.
   - Што?
   - Што з табою зрабiлася? Дзе ты была?
   Яна глядзела на яго.
   - Дзе ты была? Чаму ты гэтакая?
   - Дома была.
   - Дзе дома?
   - У Андрэя была. Сына свайго глядзець хадзiла. Сын у мяне ёсць, ведаеш?.. Той самы, пра якога ты ўчора дапытваўся, ад каго ён, той самы, мой сын. Ты чуеш пра майго сына?
   Ён сцiснуў зубы, але на гэта змоўчаў. Толькi глянуў на яе. I раптам здзiўленне нейкае засвяцiлася ў яго вачах.
   - Дык от я цябе пытаю, ты павiнен сказаць мне.
   - Я не ведаю, што ты хочаш, каб я табе сказаў.
   - Я кагадзе гаварыла табе што.
   - Я табе нiчога не рабiў кепскага.
   - А вечарам учора, ты забыўся?
   - Я цябе не бiў.
   - Канешне бiць?! - а што ты гаварыў мне! Ты памятаеш, што ты гаварыў мне?
   - Я табе гаварыў праўду.
   - Праўду? Гэта твая праўда?
   Ён зноў узняў на яе вочы. Ён нiколi не бачыў яшчэ яе гэтакаю. Нi адна жанчына нiколi не гаварыла яшчэ з iм гэтак. Ён маўчаў, здзiўлены.
   - Што ж ты маўчыш?
   - Што табе гаварыць?
   - Ты лепей сам ведаеш.
   Пасля доўгай маўчанкi свае яна пачула яго пануры голас:
   - Тое прайшло.
   Ён пачаў заiкацца.
   - Што прайшло?
   - Што было ўчора вечарам.
   Больш ён маўчаў. Яна адышлася ў чыстую хату, старалася разагнаць сваю ўзбуджанасць, сваё ўтрапенне. Ён доўга сядзеў, успёршыся локцямi на стол, пакуль яна не ўвайшла. Цяпер спакайнейшаю здавалася, штучна нават усмiхнулася, калi падышла да стала:
   - Усё прайшло, што было?
   I памаўчаўшы:
   - Ты праўду кажаш мне?
   Села з iм поплеч. Зноў штучна - не было яшчэ прычыны для шчырасцi хмурна ўсмiхнулася i сама ж адразу прагнала з твару гэтую непатрэбную ўсмешку. Так сядзелi яны, i яна каля яго рабiлася ўжо той самай ранейшай Амiляй.
   ХIII
   Людзi жылi тут павольным жыццём, спрадвечным, цiхiм... Людское жыццё было, як жыццё гэтага поля навокал i гэтых лясоў. Кожны год зямля мяняла ўсё твар свой, але праз год яна была той жа самай. I гэта трымала людзей пад нейкаю ўладаю.
   Кожную восень над гэтым полем i лясамi адляталi жоравы i гусi. Тады людзi глядзелi на гэты свой радасны сум, думалi свае няхiтрыя рэчы, падоўгу стаялi i ўглядалiся ў гэтых адвечных падарожнiкаў, якiя ведаюць толькi сваю, гэтую адвечную дарогу, але дарога гэтая здавалася людзям незвычайнаю i вольнаю. Можа, людзi зайздросцiлi гэтай птушынай волi, можа, яны чулi ў гэты час тое сваё адвечнае iмкненне, што жыве ў iх, у глыбiнi пад нявольнiцкiмi путамi гаспадарскай клапатлiвасцi.
   Так iшло тут жыццё зямлi i людзей на ёй.
   Калi Бушмар служыў яшчэ ў войску, ён нудзеў па гэтым жыццi. Тут быў для яго цэнтр свету. Гэта ён тады чуў больш, як цяпер. Цяпер толькi жыў, больш, можа, як хто тут заклапочаны ўпартым сваiм змаганнем з зямлёй. Ён папрабаваў быў выкарчоўваць падлесную неўрадлiвую i дагэтуль граду, але не даў рады. Так у яго гэта засталося, толькi ў думках - от нешта такое прыйдзе, пара гэтакая, калi неяк гэта ў яго зробiцца, ён сам пра гэта пастараецца, тады будзе нешта iншае... Такое чаканне ўсё было ў чалавека, пакуль ён ладзiў i ладзiў удала, што пакiнуў яму бацька.
   Гэтакае ж чаканне было i ва ўсiх. Бушмаравы вясковыя суседзi спрадвеку мучылiся на сваёй зямлi, яна была цяжкаю, але яе было мала. Людзi думалi каб яе было больш, яна была б лягчэйшай.
   З вялiкаю радасцю людзi пачалi рэзаць яе, адрэзваць сабе, дзе толькi льга было. Суседнiя ад вёскi хутары адразу паменшылiся. Вяскоўцы ўрэзалi сабе зямлi i з княжацкага маёнтка. Зямлi хапiла, яе стала даволi, але яна стала яшчэ цяжэйшаю. Таму яе яшчэ ўсё было мала.
   Трэба было рабiць з зямлёю штосьцi зусiм iншае.
   У гэты ж час Бушмар узнявiдзеў Андрэя. Андрэй тады пачаў арудаваць над зямлёю. Тады, калi Бушмар быў яшчэ ў войску, Андрэй першы падаў быў думку пра тое, за што стары Вiнцэнты назваў быў яго ў Бушмара гадам.
   Людзi не любiлi Бушмара, i ён не любiў людзей. Ён быў звераваты з натуры сваёй i, яшчэ з бацькам жывучы, прывык адмяжоўвацца заўсёды ад усiх.
   Ужо ў тую ноч, калi варочаўся Бушмар дадому з войска, ён, ступiўшы на сваю зямлю, адчуў быў сумную трывогу, але пасля гэта прайшло, ён як бы не заўважаў цi стараўся не заўважаць таго, што навокал яго рабiлася.
   Але ў глыбiнi яго душы з гэтага расло страшнае пачуццё. Можа, яно павялiчвалася з таго, што гэтак неспадзявана i гэтакаю блiзкаю стала да яго Андрэева сястра. Амiля сама заўважала гэта, i гэта яе мучыла. Яна не магла дзеля Бушмара сцурацца брата, - там было ўсё роднае, з малых дзён блiзкае i знаёмае. Там было i праходзiла ўсё, чым поўнiлася аж дагэтуль жыццё. Там былi i радасцi i гора. Таму ва ўсе цяперашнiя горкiя хвiлiны свае яна заўсёды была там. I да Бушмара ж яна была прывязана вялiкаю i страшнаю цяпер для яе прычынаю. Яна цяпер пакутавала страшна. Ей хацелася расказаць каму пра гэта, але каму? А Бушмар? У наступныя ж днi пасля той шалёнай ночы Амiля зноў стала ад яго плакаць. Ён рабiўся больш усё жорсткiм, хоць часамi находзiла на яго нейкае прасвятленне, аднак жа гэта была толькi слабая праява чалавечага пачуцця, якое i ў яго недзе драмала. Амiля бачыла - гэта не ёсць блiзкасць яго да яе, блiзкасць таго Лявона, якi ў першыя днi быў для яе ўсiм.
   Тая навала, якую прарочыў Вiнцэнты, упарта насядала на Бушмара. Чым больш наблiжалася восень, тым шырэй iшлi гаворкi пра гэта i ўсё больш адбiралi ў Бушмара гаспадарскi спакой.
   Лета тады было гарачае, сухое. Гэтакага лета нiколi не ведала Амiля. Штосьцi чорнае, страшнае стаяла перад ёю. Гэта было няведанне страшнага далейшага, роспач, якi к канцу лета стаў з'яўляцца кожны дзень на доўгiя хвiлiны разам з пакутнымi думкамi. Бушмар быў бязлiтасным. Яна ўжо не пытала больш, завошта ён знявiдзеў яе. Гэтага не трэба было пытаць. На гэта ён не сказаў бы нiчога. Ён сам, можа, жахнуўся б, каб мог уразумець, што гэта ж ён сапраўды страшна знявiдзеў яе. Непатрэбнасць тут Амiлi панавала ў яго над усiм. Яна была звязана праз Андрэя з той навалаю, што iшла разам з восенню.
   За лета Амiля напакутавалася ў полi. Бушмар прынаймаў на поле людзей; яму было ўжо страшна, што Амiля тут сярод iх за гаспадыню. Людзi не ведалi гэтага, нiхто нi пра што не думаў, але Бушмару здавалася ўсё пра людскiя думкi. Ён стаў ужо думаць пра свае справы. Раней думак было ў яго мала, думаць ён не прывык.
   Лета канчалася сухiмi днямi, Амiля не прыкмячала больш росных ранiц, цiхiх адвячоркаў. Усё стала няважным, другарадным. Цяпер сапраўды яна ўсё больш рабiлася ў Бушмаравай хаце наймiчкай.
   Гаварыць з Бушмарам яна пакiдала, а Бушмар i пагатоў маўчаў.
   ХIV
   Бушмар бачыў, як Амiля далей усё адыходзiла ад яго. Нейк гэта раптам заўважыў ён, у адзiн сонечны дзень. Усё нагадвала тады блiзкую восень. Сям-там жаўцеў лiсток на дрэве, вялiкая была ўжо атава на паплавах. Ён не здагадваўся, не чуў, што Амiлi цяжка з iм. Ён не мог гэтага ведаць з самой натуры сваёй. Сам жа ён несвядома адчуў дзiкую радасць з усяго гэтага. Можа, i яшчэ ён калi будзе блiзкi да яе, але ўжо быў тут канец. Ён штосьцi мармытнуў раз быў ёй, але яна не адказала наўмысля цi не заўважыла. I гэта аж страсянула яго. Ён выйшаў на двор i агледзеў шпаркiм зiркам навокал усё зялёную рунь зямлi, лес, неба... i пайшоў так, як ёсць, без вопраткi, без шапкi за браму. Ён сеў на каня, каб завесцi яго на атаву, а выехаў за лес i прыпынiўся там. Ён доўга сядзеў так на сваiм хутарскiм дэрашу, трапаў яму грыву i стаў, як дзiцё, - радасны, без думак аб прычынах. Ён чуў, як вецер iдзе над лесам, трашчыць i гудзе ў верхавiнах спрадвечных дрэў, падае на зямлю i вялiкаю свежасцю абдымае ўсё. Ён убачыў над лесам буйнага коршака i не зводзiў з яго вачэй. Ён, здавалася яму самому, чуў нават пах пер'я гэтай птушкi, i от ужо - раздзьмулiся яго ноздры, вочы сталi шпаркiмi iскрамi. Ён пусцiў каня i сеў на зямлю. На траве, на хвойных шыпулях сядзеў ён доўга, так як бы тут было яго ўсё.
   Перад гэтым жа, у той самы дзень Амiля перажыла пакутную гаворку з братам. Ён ужо сам збiраўся iсцi да яе, бо сам ужо ведаў.
   - Я за iм замужам.
   Гэта яна адказала брату.
   - А як, зусiм цi так сабе?
   Ён гэта сказаў, бо бачыў, што яна сама зараз пра гэта будзе гаварыць. I ён пастараўся памагчы ёй лягчэй пачаць гэтую гаворку. Адказ яе быў гэтакi: яна страсянулася ўся, i скрозь штучную цвёрдасць прарваўся плач.
   - М-гу.
   Ён толькi i выказаў гэта.
   Пасля яшчэ:
   - Гэта я сам вiнават, што пусцiў цябе. Трэба было тады мне сiлком цябе не пусцiць служыць...
   - Сама я...
   - Трэба рабiць зараз жа канец, усяму.
   - Чаму канец?
   - Уцякай адтуль i падавай у суд.
   - Ён мяне адтуль не гонiць.
   Тады брат аж зазлаваў, доўга хваляваўся i гаварыў.
   Так прайшоў той дзень. Яна пад вечар адна была дома, а Бушмара ўсё не было. Ён не прыходзiў доўга, ён сядзеў там усё, каля свайго каня. Вечар пачаў агортваць яго, а ён як бы i не думаў рушыць адсюль. Ён як бы першы раз цяпер на жыццi сваiм адчуў моц водыру лясной зямлi, вялiкую цiшыню гэтай адзiноты тут, гарачую iмклiвасць конскiх вачэй каля яго, пераможныя гукi вялiкай птушкi над лесам.
   Амiля нi за што не бралася дома, адвячорак спаткаў яе ў полi, з другога боку ад сялiбнай брамы, там, дзе за агароджаю пачыналася ржышча на лясным выцерабе. "Цi не паручнiкаў гэта?" - тачыла яе сэрца крыўднае Бушмарава слова, якое яна чула ад яго нават гэтымi днямi, калi прынесла была сюды на кароткi час свайго малога.
   Ля ног яе ляжала пустое ржышча. Над полем, над ёю, над усiм вакольным чула яна - гуў лес. Яна сядзела на зямлi, маленькая, змучаная, без ранейшых жывых колераў уваччу.
   Быў вецер, было чыстае неба i адзiноцтва. Шумеў лес, i маўчала поле.
   Раздзел другi
   I
   Вiнцэнты нiколi не ўспамiнаў ужо сваiх дзяцей ад першай жонкi - яны даўно рассыпалiся па свеце, ад другой жонкi былi два сыны. Праз колькi ўжо год яны сварылiся - нiяк не маглi выжыць разам, але гаспадарка была гэтакая, што дзялiцца было нельга. Жывучы пры iх, Вiнцэнты трымаў руку то аднаго, то другога, як калi, а ўсiм гаварыў, што ўмешвацца яму ў спрэчку дзяцей няма ўжо лiшне чаго - ён iх пагадаваў, а цяпер яны павiнны яго дагледзець, i больш ён нiчога да iх не мае.
   Багатым лiшне Вiнцэнты нiколi не быў, але ганарыстым быў заўсёды. З Бушмаравага бацькi смяяўся, бывала, што той хоць i заможны, але страцiў з выгляду ўсю сваю шляхетнасць, забыўся, мусiць, на сваю радавiтасць i не знаўся з выдатнымi арандатарамi i панамi. Сам жа Вiнцэнты з панамi знаўся гэтак: чакаў, бывала, у нядзелю ля касцёла пры панскiх фаэтонах, пакуль не выйдзе з касцёла знаёмы пан. Панскiя фурманы пакеплiвалi з яго, а ён зняважлiва, моўчкi адно паглядаў на iх з вышынi свайго шляхетнага гонару. Як выходзiў да фаэтона знаёмы пан, Вiнцэнты далiкатна вiтаўся, пакуль лёкай зашпiльваў на пану дарожны пыльнiк, Вiнцэнты падтрымлiваў панаў локаць i пасля падсаджваў пана ў фаэтон. За гэта пан пры спатканнi нiколi не адмаўляўся адказаць на прывiтанне Вiнцэнтага, а калi Вiнцэнты раз у год з'яўляўся ў маёнтак да панскiх пакояў, пакаёўка выносiла яму што-небудзь з старых панскiх убораў - нагавiцы, сурдут або камiзэльку. Гэтакiя дачыненнi былi ў яго, можна сказаць, з усiмi вакольнымi панамi i нават некаторымi падпанкамi. З гэтай прычыны iншы пан ля касцёла яшчэ здалёк пазнаваў яго па сваiх, напрыклад, нагавiцах, другi па сурдуце, а па камiзэльцы - якi-небудзь маянтковы радзiвiлаўскi фундатар.
   Як на паноў прыйшоў звод, Вiнцэнты пачаў прарокаваць, што "гэта так не будзе хамам даравана", але пасля, як сыны яго панацягвалi з панскага лесу дрэва, ён стаў цiшэйшым. Моўчкi ўжо ўбiраўся святочнымi днямi ў панскiя неданоскi.
   З суседзьмi ён ладзiў, але дружбы нi з кiм не меў. Каго i ненавiдзеў, дык i з тым гаварыў заўсёды лагодна. Так ён гаварыў i з Амiлiным братам Андрэем. Андрэя называў ён гадам, шмат было прычын дзеля таго, каб быць яму "гадам". Зусiм сцураўся ён усялякай веры ў Бога. Ён першы павёў вёску на панскую зямлю i шляхечыя хутары, тлумачачы ўсiм, што савецкая ўлада нiколi не лопне. I хоць сыны Вiнцэнтага таксама раскашней атайбавалiся на зямлi цяпер, але Вiнцэнты ведае, што "не аб адным толькi хлебе жыў будзе чалавек".
   Быў час, калi Вiнцэнты гатоў быў з кожным Андрэевым словам згаджацца. Гэта ў той год, калi сыны яго панабiралi зямлi i лесу. Андрэй рабiў "выгадную справу", i каб на гэтым справа гэтая спынiлася, лепшага нiчога i не трзба было б. Цяпер паны ўжо могуць i не варочацца, можна, калi на тое пайшлося, i без iх пражываць на свеце, абы толькi ўсё як мае быць усталявалася; абы паўрасталi як мае быць новыя межы. Вiнцэнтаму вялiкай работы не было, дык ён так у сваю ахвоту папрацаваў тут, паглядзеў - мяжу хлопцы зрабiлi шырокую, нават яна ўжо дзiрваном пачала ўростаць. I Вiнцэнты панасаджваў скрозь на ёй грушак-дзiчак: "Няхай урастаюць - i мяжа будзе вечна трымацца аднаго месца, i ў спёку адпачыць добра на сваiм полi, пад сваёю дзiчкаю". А пасля i над дзiчкамi гэтымi i над мяжою пачала навiсаць хмара. Тады Вiнцэнты лiшнi раз упэўнiўся, што гады гадамi застануцца вечна i з iмi таму, хто не гад, не выжыць разам.
   З таго часу, як Вiнцэнты прыходзiў да Лявона Бушмара пагаварыць аб ратунку, ужо два цi тры разы прыходзiла i праходзiла восень. I як снег закiдаў зямлю, сцiхалi i ўсялякiя трывожныя гаворкi, i ўсё зiмавала спакойна. Дзiчкi на мяжы пачалi ўжо як мае быць убiрацца ў сiлу, але гэтая восень была самаю трывожнаю, i гаворкi былi самымi пэўнымi.
   Восень даўно запанавала ў полi. Лес загуў мацней i трывожней, дарога паўз яго не хацела высыхаць. Мокрымi прасторамi тхнула з лесу, поле сiнела пад рухавым ветраным небам.
   Вецер iмчаўся полем.
   З узгорка павольна спускаўся чалавек. Ён лёгка апiраўся на сукаваты старасвецкi кiй, iшоў як бы спацырам, нават штосьцi мармытаў сабе пад нос, нейкую песню, без слоў i мелодыi. Ён перакiдаўся з нагi на нагу i iшоў да лесу. За плячыма яго танула ў iмгле вёска.
   У лесе, на прыдарожных выцерабах, вецер шастаў непрыбраным галлём i шыпулямi, ганяў кусты i весялiўся. Чалавек спыняўся, слухаў, але твар яго заставаўся халодным, як у таго, хто ўсё гэта спрадвеку ведае, уведаў стала i назаўсёды.
   Iмглiсты дзень. Мокры скавыш. Яна патрэбна тут, павольная постаць гэтага чалавека.
   Так чалавек выйшаў за лес.
   Сабака вартуе хутарскую адзiноту. Яго брэх доўга, аж пакуль чалавек не падышоў да ганка, ваюе з ветрам. Чалавеку непрыемны сабачы брэх.
   - Галас, Галас, сцiхнi...
   I, нарэшце, з раптоўнаю злосцю:
   - Сцiхнi, каб ты апруцянеў, каб ты!
   Тады адчыняе сенечныя дзверы жанчына цi дзяўчына - гэтакая яна свежая, ружовая. Вочы чорныя i вялiкiя. Нездаваленне i разам з тым жартлiвая хiтрасць у яе ўсмешцы:
   - Як гэта ён не парваў вас?
   - Дзяньдобры, панi Галена.
   Жанчына ўсё стаiць на парозе, i ветлiваму старому няма як iсцi далей. Ён трымаецца на адным месцы, растапырыўшы рукi.
   - Якая ж я панi? - смяецца жанчына, - цяпер няма паноў.
   - Ну, няхай сабе няма, а вы панi.
   Ён гаворыць гэта спрытна, лёгка, падступае блiжэй i есць вачыма жанчыну. Вiдаць, за свой век добра вывучыў ён разнастайнасцi жаночых характараў. Жанчына разумее яго добра i хiтра глядзiць на яго. Ёй робiцца весела, i яна смяецца, але стары ведае цану ўсiм жаночым смехам, ён iм не верыць адразу. I гады яго гэтакiя ўжо, што толькi хiба кпiць можа з яго, усмешкаю, маладая жанчына, але думак гэтакiх няма ў старога. Ён вiтаецца з жанчынай за руку. Тая руку падае, але з хiтрым, моцным смехам адразу вырывае назад. Тады стары бярэ яе за плечы, каб прайсцi ў сенцы. Жанчына бачыць, што ўжо досыць расцвялiла старога, i годзе ўжо гэтага. Дык яна робiцца жорсткаю:
   - Вы за якою патрэбаю прыйшлi цi зноў...
   - За патрэбаю, за патрэбаю, - шпарка ратуецца ён, - з таею ж самаю ўсё патрэбаю... З таею ж...
   - З якою?
   Жанчына быццам не памятае або i зусiм не ведала нiчога. На твары яе вясёлая рашучасць i злосць. От яна зараз назаўсёды адшые адгэтуль старога, каб больш не цягаўся сюды.
   - Панi Галена?
   - Якая я панi!
   Мала калi чалавека гэтага бачыць такiм лагодным, якiм ён раптам цяпер робiцца, хiба можа, тады ён бываў такiм, як разам з лёкаямi падтрымлiваў пад локаць пана. Ён як бы просiць Галену:
   - Бушмар усё роўна не вернецца...
   Галена востра ўсмiхнулася, ускiнула ўгару вочы: ёй штосьцi вядома! А той гаворыць:
   - Гэтакiх хутка не пускаюць. Яго закапалi надоўга. Усё адно да аднаго сабралася там.
   - Вы ўсё пра нешта гаворыце можа з паўгода, - крычыць жанчына, - я сама здагадваюся, чаго вы ад мяне хочаце, але самi вы нiколi выразна пра тое, чаго вы ходзiце сюды, -не гаворыце. Гаварыце выразна!
   - Я з паўгода ўсё думаю, ходзячы сюды, гэта праўда. Бушмар не вернецца, пройдуць гады, пакуль ён будзе тут. Я па-чалавецку хачу сказаць. Два разы вы адкiнулi ад сябе майго сына - навошта вы гэта робiце? Нашто вам трацiць маладыя гады, прападаць так? Гаспадарка гэта не Бушмарава...
   - Мая! Я жонка Бушмарава!
   - Вось, вось! Ваша! Цяпер гэтакае права. Хто робiць - таго, а вы ж яшчэ i жонка, а Бушмар правоў не мае, ён арыштант! Вам з iм разлуку трэба браць. Вы сына майго не адпiхайце. Жыць будзеце, рабiць будзеце. I тут будзеце гаспадарамi. Як гэта вы жывяцё, лiха ведае як, не па-людску.
   Жанчына кiпiць ад крыўды i злосцi, але чакае яшчэ чагосьцi.
   Нарэшце Вiнцэнты гаворыць тое, што павiнна давяршыць цераз край келiх:
   - Я перабраўся б сюды, галавою я яшчэ ў гаспадарстве кiраваць магу... што меў я там з гадамi ў адзiн кацёл нос мачаць...
   - Во-о-он! - раптам крычыць Галена. - Вон!.. Вон!..
   Вiнцэнты чакаў усяго, толькi не гэтага. Ён нават не разумее спачатку, адступае назад i глядзiць на Галену.
   - Каб больш я цябе тут не бачыла!
   Вiнцэнты ўпiрае ў зямлю кiй: няўжо ўсё гэтак па-дурному скончыцца? Гэтулькi прапала думак i хатнiх нарадаў? Ён ужо глядзiць у зямлю. Жанчына закрычала:
   - Галас! Галас!
   Аднекуль з'яўляецца сабака. Жанчына кiўнула галавою на старога. Галас пачаў браць яго. Стары замахаў навокал сябе кiем. Сабака стаў зверам. Стары пайшоў задам да брамы, адмахваючыся ад сабакi.
   - Як гэта я дагэтуль не здагадвалася! Гэта ж ты ўсадзiў яго!
   - Бушмара? Я! - урачыста крычыць Вiнцэнты. - Гэта я. Гэта мая работа. Забойцаў я не мiлую! Гадаў не цярплю!.. А ты хочаш жыць з iм! Паручнiка забiў, казённага лесу насек, раённага начальнiка забiць хацеў!.. Гэта я каля яго пастараўся, нашто мне таiцца...
   З-пад брамы ён крычыць, гатовы памiрыцца:
   - Сын мой яшчэ прыйдзе да вас!
   - Добра, што сказаў, я другога сабаку дастану!
   Сабака праводзiць старога да лесу, па лесе гулка ходзiць сабачы брэх.
   II
   Чаму так Вiнцэнты дзiўна думаў пра Галену? Не толькi ўпэўнены быў, што сына пажэнiць з ёю i сам заўладае Бушмаравым хутарам, але нават сам каля яе быў смелы: пачынаючы гаворку, не раз гэта ён, стары, клаў руку ёй на плечы. Ён i ўсе навокал пасмiхалiся адно, успамiнаючы Бушмарава вяселле. Пра Галену i ва ўсiх была пэўная думка - яна не пара сталаму чалавеку, а сталым быў тут Бушмар, сталым быў i Вiнцэнты! Сталых людзей тут шмат.
   Пасмiхалiся, успамiнаючы, як Бушмар падхвацiў Галену.
   Яму цяжка гаварыць з начальствам, нават i з сельсавецкiм - гэта для яго вялiкая пакута, а перад раённым начальствам ён хвалюецца, заiкаецца. Начальству яго лёгка збiць, ён блытаецца, усё выходзiць у яго не гэтак, як было, хоць яму i няма нiякай патрэбы гаварыць няпраўду, але затое, калi дзе давядзецца не гаварыць, а дзейнiчаць рукамi, хоць перад якiм сабе хочаш начальнiкам, дык тады Бушмара не пазнаць - ён спрытны тады i бязлiтасны. Свайго ён тады не перапусцiць.
   Суд тады трашчаў ад рогату, не памагаў i злосны званок суддзi. Нават народныя заседачы ўсмiхалiся ў вусы - калi Бушмар выступаў перад судом. Рудая суконная бурка рабiла яго тонкiм i больш высокiм, шапку ён няспрытна трымаў у руках, у руках трымаў i стусiнавую пугу, пакуль яму не параiлi хоць пугу гэтую куды-небудзь паставiць у кут. Ён заiкаўся i хваляваўся страшна, пра Амiлю як пачаў гаварыць, дык каб траха, дагаварыўся б да паручнiка. Сыпаў паўсловамi, чырванеў i бялеў, угаворваў усё сюды, што не было тут патрэбна, i ўгаварыў сам сябе. Пра паручнiка не ўспомнiў, але не далёка было ўжо i да гэтага. I раптам усе зноў успомнiлi пра тое забойства. Усякi, хто памятаў тую справу, адразу падумаў - няйначай-такi гэта Бушмарава работа. Суд пацвердзiў патрабаванне Амiлi - Бушмару прысудзiлi даваць на дзiцянё i сплацiць Амiлi за ўвесь час яе работы на хутары. Так скончыўся гэты суд. Бушмар уночы ехаў адзiн дадому, разганяючы адзiноцтвам сваё судовае ўтрапенне. Паспакайнеўшы, ён пачаў думаць пра маладую жанчыну, справу якой ён, да свайго яшчэ выступлення, гэтак як i ўсе, з цiкавасцю выслухаў. Яна пажыла з мужам два месяцы i цяпер разлучалася; выявiлася, што муж хворы, а жыць з хворым яна не хацела. Яна пра ўсё спакойна расказвала суду, ад мужа яе было ўражанне вялiкай, але цiхай нездаволенасцi гэтакiм здарэннем, а яна гаварыла жорстка, вiнавацiла яго, што ён хворы жанiўся. Калi пасля выдзяляла яна сабе свой пасаг, выступалi сведкi - суседзi iх, вяскоўцы. Бушмар разам з усiмi слухаў справу, чакаючы сваёй чаргi, а жанчына, гаворачы, колькi разоў ненаўмысля глянула на яго. I гэты позiрк укалоў яго, пасля суду, ад'язджаючы дадому, ён убачыў яе на возе - чамусьцi яна яшчэ не паехала. Бацька яе завiхаўся каля воза.
   - Бывайце, - з смуткам сказаў ёй Бушмар.
   - Бывайце.
   I яна ўсмiхнулася, можа, успомнiўшы, як ён апраўдваўся ў судзе, а ад яго гэтая ўсмешка адабрала спакой.
   Наступныя днi ён усё думаў пра жанчыну, а праз некаторы час паехаў радзiцца да брата. Той яму даў параду такую, якая надала яму радаснай пэўнасцi. I ён з братам паехаў сватацца. Яму было патрэбна цяпер скончыць як найхутчэй усё ранейшае. Гады два прайшло, мусiць, з таго, як назаўсёды пайшла з яго хутара Амiля. I Галена застала тут вялiкi непарадак ва ўсiм тым, што не належала да зямлi i жывёлы. Навокал пачалi гаварыць пра Бушмараву жонку. Яе першае замуства пачало абростаць людскiмi выдумкамi, праз паўгода якога самы суд яе з першым мужам зрабiўся ў людскiх вуснах, можна сказаць, легендаю нейкаю, асаблiва старалiся каля гэтага хлопцы. I нават стары Вiнцэнты раз быў пусцiў брыдкую здагадку, што праз нейкi час, як i першы муж, Бушмар стане хворым i няўгодным ёй, але гэта не прышчапiлася да людской думкi - больш усяго цiкавiлiся Галенаю цяперашняю, а не заўтрашняю. Яна з хiтрым жартам дражнiла зiркам хлопцаў i мужчын. Святымi днямi хлопцы знаходзiлi прычыну зайсцi на Бушмараў хутар - патаргаваць насеннай канюшыны або садавiны. Галена калола iх вачыма, даводзiла iх да таго, што iм не хацелася iсцi адгэтуль, а сама, зiрнуўшы катораму з iх у вочы апошнi раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, i iшла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалi каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як звер, паглядаў у акно, а пасля як бы ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат i сабачы брэх доўга абуджвалi лясныя нетры, пасля гэтага Бушмар даходзiў ад Галены "праўды". Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страцiць гэтай яе ласкi. Ледзьве яна з штучнаю абыякавасцю на яго гляне, ён, не думаючы, усхватваўся, патрабаваў, прасiў, выпрошваў ад яе сказаць "праўду", а яна, патрымаўшы яго крыху гэтакiм, упэўнiвала яго, што не ведае, чаго хлопцы валочацца сюды, i дакляроўвала другi раз сама адразу выпусцiць сабаку i не выходзiць да iх. Яна ўскiдала на яго вачыма гэтак, што ён пакорлiва змаўкаў i верыў. Усе так i гаварылi, што Бушмар пад бабскаю ўладаю, а ўлада гэтая нават i самому Бушмару дасць рады. "Гэта яму не Амiля!", а Бушмару было ўсё роўна, што i як пра яго гавораць. Людскою думкаю ён не цiкавiўся. Ён быў бы рад, калi нават чалавечая нага не ступала на яго хутар, каб нiводная жывая iстота, якая можа думаць i гаварыць, не з'яўлялася нiколi па гэты бок лесу.