- Дык мне змянiцца трэба?
   Яна адчула, што сказала ў гэтую хвiлiну глупства. I паправiлася як магла:
   - Гэта так я сказала. Так сабе... Кiнь, не думай нi пра што, давай жыць будзем, як людзi жывуць... Вазьмi сябе ў рукi, не злуй, не муч сябе i мяне лiха ведае якiмi думкамi, словамi...
   Яна палажыла яму локцi на плечы, нагнулася да яго тварам. Ён сядзеў цяпер гэтакi малы i слабы перад ёю. Яна стаяла над iм, глядзела яму ў твар.
   Але ён не паддаўся. Ён перш за ўсё глыбока чуў мяжу мiж сабою i ўсiмi, нават ёю. У iх нейкае там сваё жыццё, а ў яго сваё. Ён, дзеля прыклёпу, пагладзiў яе па галаве i падняўся. Нехаця ўзяўся ён за работу на двары, чуючы сябе чужым усяму i ўсiм нават тут. Ён i не спрабаваў саўладаць з сабою. Нашто гэта патрэбна чалавеку! Нiколi гэтага не было, не радзiлася гэта разам з iм на свет!
   VII
   I Андрэй бачыў цеснату навокал сябе, але ў сабе самiм чуў волю.
   Як тады, пасля неспадзяванай гаворкi з Бушмарам, увайшоў ён у хату, чамусьцi, як нiколi раней, ахвацiла яго адчуванне цеснаты тут. Можа, гэтая гаворка абудзiла ў iм парываннi, што заўсёды жылi ў iм.
   Яго i Амiлiны дзецi спалi. Амiля больш не спявала калыханкi. Яна i жонка яго шылi штосьцi, нагiнаючыся над сталом да лямпы. Пахла ў хаце парнасцю, тхнула запечным пылам. Ён заўважыў: за трамам пылела праз доўгiя ўжо гады колькi кнiг, з тых часоў, як яшчэ яму было калi больш цiкавiцца iмi, калi яшчэ з армii некаторыя з iх прынёс ён, а цяпер гаспадарскi клопат - адны яго мужчынскiя рукi ў хаце - забiваў у iм увесь час.
   Ён падышоў да стала, глянуў у жончын твар. Ён часта спрабаваў уявiць яе сабе ранейшаю, маладою. I не мог. Даўно ўжо яна замужам за iм. Твар яе даўно пачаў блекнуць i старэць. I толькi рабiўся маладым, дзявочым, калi радасць якая ажыўляла яго. Тады вочы яе свяцiлiся агнямi, разганялася з твару надакучлiвая i прыкрая непазбыўнасцю сваёю заклапочанасць.
   Калiсьцi, у зусiм яшчэ маладыя гады, калi ён быў удалым цымбалiстам, яна была сарамяжаю i цiхаю. Першыя спатканнi яшчэ i цяпер хвалявалi яго. Колькi разоў ён, жывучы з ёю, успамiнаў той час. Яна глядзела ў адно месца, кудысьцi скрозь усё, што было перад вачыма, далей за ўсё, i надоўга клала на твар летуценную ўсмешку...
   - Памятаеш, як ты да мяне бегла тады праз поплаў, уцякаючы ад канпанi?
   Яна пераводзiла вочы на яго, не зганяючы з твару той прывабнай заўсёды дзеля яго ўсмешкi.
   - А я крычаў табе: "Хутчэй, хутчэй, дагоняць!" Памятаеш?
   Можа, ад яго цяперашняга пiльнага зiрку яна ўзнiмае на яго вочы. Штосьцi гэтакае нечаканае ўзбягае на яе думкi, робiць нецiкавую работу. Яна нават крыху адкiдае ад сябе сфастрыгаваную з палатном кудзелю i апускае вочы на стол. Думае. Настрой гэты перадаецца i Амiлi. Утраiх яны маўчаць. Думкi цi то летуценнi пануюць у iх. Думкi - як бяздумнасць. Гэтак доўга. Над дзвярыма ледзьве жыве няроўным стукам сваiм старасвецкi, можа, дзедаўскi яшчэ, гадзiннiк. Раптам пачынае плакаць меншы Амiлiн сын. Амiля кiдаецца да калыскi закалыхваць яго. Зноў калыханка льецца за вокны, а там яе падхватываюць дубы i пераносяць у сваю гушчырню. Там яна тоне ў роўнай песнi ветру. Вецер iдзе ў сваю дарогу.
   Даўнейшыя Андрэевы цымбалы вiсяць у каморы насупроць акенца без шкла. Ветру, калi ён з гэтага боку, латва кожны раз казытаць запыленыя струны iх. Цымбалы i цяпер звiняць цiхiм звонам.
   - Цымбалы звiняць, - гаворыць Андрэю жонка, летуценна гледзячы ў вяршалiны дубоў над страхою.
   Яны выходзяць з хаты, у ясную ноч. Восень спiць у бляску зямлi пад срэбрам неба. Дубы гудуць.
   Удваiх яны стаяць на вулiцы. Нiчога не хочацца гаварыць, а толькi думаць бяздум'ем.
   - Лiхi малы, не дае Амiлi спакою нiколi, - гаворыць яна, азiраючыся на хату.
   - Тут кагадзе быў Бушмар, я гаварыў яму, а ён слухаў, - гаворыць ён.
   - Ну? - дзiвiцца яна.
   Зноў яны маўчаць. У хаце сцiхла калыханка, Амiля выбягае ў ноч. Утраiх яны стаяць.
   - Цымбалы звiняць, - прыслухоўваецца Амiля.
   - Няхай адно хлопцы падрастаюць, - смяецца Андрэй.
   Ноч.
   VIII
   Вiнцэнты лiпеў, як на пакуце. Цяпер яго не мучыў ужо нi смутак, нi якое-небудзь моцнае вельмi жаданне, а была толькi злосць. Старэйшы сын у пачатку зiмы зусiм выбраўся з хаты, чуць нават не сцураўся бацькi за яго дурную ўпартасць. Сам застаўся ў падсуседзях, хат праз чатыры ад бацькi. На вясну палавiна вёскi iшла на знос, усё перараблялася, зменьвалася. Ён не адступiўся ад усiх. Колькi гаспадароў засталiся адшчапенцамi, i Вiнцэнты з iмi. Балазе поле iхняе было ў самым кутку, за дубняком, нават наводшыбе крыху. Меншы сын Вiнцэнтага тае зiмы ажанiўся i ўпарта трымаўся бацькi.
   Вiнцэнты больш не патыкаў носа на Бушмараў хутар. Ён дрыжаў аднаго: каб Галена нiчога не сказала Бушмару пра яго. Бушмар сiберны чалавек, ён можа, засцiгнуўшы дзе, адным махам рукi адабраць навек здароўе або i зусiм душу выняць. Адно толькi цешыла тут i заспакойвала Вiнцэнтага: чуткi iшлi па ўсiм наваколлi, што ў Бушмара ў хаце нелады. Калатнi няма (Галена не такая жанчына, каб дапусцiцца да гэтакай сараматы), але Бушмар знявiдзеў яе. Хоць, можа, i не знявiдзеў, не можа Бушмар Галены знявiдзець, але ж i не будзе яна вельмi любаю яму. Бо яна толькi падабалася яму, а сама далёкая ад яго. Яна ўжо рвецца адтуль, ад яго, цяжкога чалавека. Яна ў людзi рвецца. Ён сам чуе далёкасць сваю да яе, гэтак як i да ўсiх. З таго вар'яцкага вечара, як толькi з'явiўся ён дадому, не ўспала жыццё на дабро, дык гэтак i далей пайшло. Можа, тут i не вiнаваты нiхто ў iх...
   Вiнцэнты гонiць ад сябе сваю трывогу.
   Але Бушмар раз такi засцiгнуў Вiнцэнтага.
   Хмурны дзень. Снег сiнее паўз лес. Вiнцэнты выбiраецца на дарогу з вязкаю вецця. Валёнкi яго мокрыя, нагамi ён ледзьве грабае па вiльготным снезе.
   - Стой, Вiнцэнты, - гукнуў Бушмар.
   Гэта было знячэўку. Вiнцэнты здрыгануўся. Бушмар ехаў паўз лес аднекуль, з-за лясной завiлiны выехаў раптоўна. Вiнцэнты спыняецца i дрыжыць.
   - Адкуль гэта едзеш, васпане? - выгаворвае ён.
   - От я табе зараз скажу, адкуль я еду, - чуе ён Бушмараў адказ.
   Дык ён пачынае падлагоджвацца пад Бушмара гаворкаю:
   - Гэта я дзеля разрыўкi, па вецце пайшоў. Ты думаеш, мяне з хаты вельмi выпраўляюць гэта? Баранi Божа. На сына i на нявестку я не паскарджуся. Гэта я сам дзеля разрыўкi. Дзеля разрыўкi...
   Гаворыць слабым, роспачным голасам i глядзiць, як Бушмар злазiць з возка i прывязвае свайго каня да прыдарожнага дубка.
   - Дзеля разрыўкi гэта я...
   - От тут табе зараз будзе i разрыўка.
   Гаворыць Бушмар i з д'ябальскаю ўсмешкаю iдзе да яго. Барада яго зрабiлася няроўнаю ад таго, што сцiснуты зубы. Бровы ссунулiся i з'ехалi ўнiз так, што аж закрылi вочы, але вочы гэтыя ядуць Вiнцэнтага. Ён чуе гэта яшчэ здалёк i спускае на снег вецце. Бушмар, не спяшаючы, бярэ яго за штрыфлi вопраткi.
   - Гва-а-алт!.. Васпане, што робiш!
   - Пачакай, не гвалтуй.
   Яны так i стаяць, упiўшыся адзiн у аднаго вачыма, - адзiн глядзiць, як агнём смалiць, другi мiргае i пускае паабапал носа дзве слязiны.
   - Дык цябе сын не выпраўляе па вецце?
   - Баранi Божа, гэта я сам дзеля свае разрыўкi.
   - Добры ж твой сын. Гэта гэты, што ажанiўся нядаўна?
   - Але, гэты самы.
   - Каго ж ён узяў?
   - Узяў, далiбог...
   - Чаму ж гэта ён мае жонкi не ўзяў?
   Вiнцэнты прысядае каленьмi на снег, i галава яго, як вялая, звешваецца набок. Бушмар арудуе не спяшаючы. Ён як трымаў за штрыфлi Вiнцэнтага, так нясе яго перад сабою i з размаху кiдае аб дрэва.
   - Гык! - абазваўся адно Вiнцэнты i ўткнуўся плечуком у снег, шапка з галавы яго з'ехала, i галава лягла на яе.
   Бушмар па-вар'яцку глянуў на Вiнцэнтага i, усё таксама не спяшаючы, сеў на воз i свiснуў над стаеннiкам пугаю.
   IХ
   Бушмара ўзяў одум тады, калi ён ужо ўз'ехаў на свой двор. Тут ён затрапятаўся. "Забiў цi так адно прыглушыў, але гатова пачацца ўсё як пасля таго райвыканкомаўца". I як нi находзiла цяпер на яго часта абыякавасць да ўсяго, у гэтую вострую хвiлiну ён мацней, як заўсёды, цяпер пачуў прынаднасць i водыр гэтага сiняга снегу, i гэтага дубовага шуму, i смольнага паху з зiмовага лесу.
   Бушмар кiнуўся да стайнi, выпраг каня i вымасцiў вазок у далёкую дарогу. З вялiкай нецярплiвасцю чакаў ён вечара. Быў сам не свой, выбягаў з хаты глядзець, цi не меркне над лясамi дзень, колькi разоў падсыпаў каню перад дарогаю аўса...
   - Я паеду да брата, - сказаў ён Галене.
   - Чаго гэтак раптоўна?
   - З'еду на нейкi час.
   - Чаго? - устрывожылася яна.
   - Трэба мне з'ехаць адсюль.
   Яна застыла перад iм у маўклiвым чаканнi.
   - Я цi не забiў гэта адно Вiнцэнтага.
   - Калi?
   - От цяпер.
   - Дзе?!
   - Ай!
   Ён адмахнуўся ад яе рукою, як ад якой назолы, сярдзiта пранiзаў яе зiркам.
   - Ты заўсёды сам сабе бяды наробiш. Сам заўсёды няшчасце на сваю галаву...
   - Маўчы! - грукнуў ён страшным голасам. - Праз цябе гэта ўсё!
   - Праз мяне?!
   - А праз каго ж! Ты мне калi прызналася, што ён даходжваў сюды цi прысылаў свайго сына? Што тут насупроць мяне ўсё падстройвалася...
   Галена стаяла белая як палатно.
   - Калi ты мне прызналася, што ён цябе падгаворваў кiнуць мяне! Адразу не сказала, як я толькi прыйшоў, а ў паўзiмы прызналася!..
   - Не было ў чым мне прызнавацца.
   - Мусiбыць жа было, калi не прызнавалася, калi адразу не гаварыла!
   - Як жа я магла гаварыць тады пра такiя рэчы, калi ты якiм быў тады, у той першы вечар?
   - Маўчы, у маёй галаве цяпер увесь свет пераварочваецца. Мяне за сэрца смокча. Маўчы, калi хочаш, бо зараз i цябе заб'ю!
   - Мяне? Завошта?!
   - За ўсё!
   - Нашто ты кiдаешся гэтакiмi словамi?
   - Ай!
   Ён страсянуў рукамi i выбег з хаты, пасля вярнуўся яшчэ, падбег да калыскi, паглядзеў на сына. I адтуль iрвануўся зараз жа, як бы ён зрабiў якi нядобры гэта ўчынак.
   Сiнеў вечар. Бушмар запрагаў каня. Галена на ганку плакала. Бушмар не бачыў гэтага. Ён шпарка пагнаў каня ў дарогу. За лесам, дзе павiнен быў ляжаць забiты Вiнцэнты, Бушмар пусцiў каня паволi. Ён азiрнуўся. Нiкога нiдзе не было вiдаць. Змрок гусцiўся ў кустах i пад дрэвамi. Ён звярнуў пад тое месца i ўгледзеўся. Вiнцэнтага не было. Дзiўны след, цэлая дарога раўчуком цяглася напрамiк цераз поле да сцежкi ў вёску.
   - Жывы, - мармынуў Бушмар, - папоўз дадому.
   Яму не стала ад гэтага нi цяжэй, нi лягчэй, але ён пасмялеў. Сцёбнуў каня i памчаўся цераз вёску. У Вiнцэнтавай хаце, як i ва ўсiх, не было нi вялiкага святла, нi руху.
   - Каб памёр, дык варушылiся б каля яго, - сказаў пад нос сабе Бушмар i прамчаўся вёскаю. Галас дагнаў яго ў чыстым полi. Ён прагнаў сабаку дадому. Каня гнаў так, як бы пагоня насцiгала яго.
   Х
   Вiнцэнты ачомаўся надвечар. Снегавы холад абудзiў яго. Вельмi балеў левы бок i плячо. Нават зварухнуцца было цяжка. Ён папробаваў крычаць, але не мог. Замест голасу было штосьцi нялюдскае, немагушчае. Ён ляжаў гэтак i калацiўся ад холаду. Разам з тым гарачка туманiла галаву i ламала каленi. Разгаты дуб упiраўся над iм у неба. Вецер не даваў спакою. Вiнцэнты зноў пачаў трацiць прытомнасць, але востры струменьчык думкi на момант устрасянуў яго. Ён зрабiў нечалавечы рух балючым целам i сяк-так перакiнуўся на другi бок, пасля лёг на жывот. Грудзi ўехалi ў цяжкi снег. Уткнуўся ў яго i твар. Цяпер стала яшчэ горш. Ён так пабыў, пакуль адсопся i папробаваў паўзцi. Ногi былi здаровыя, ён iмi ўпiраўся ў снег i гэтак патроху браўся наперад. Так выкiроўвацца пачаў на сцежку, а там ужо шукалi яго.
   Тым часам каля сцежкi ён зусiм страцiў сiлы i прытомнасць. Як бралi яго пасля на санi, яму здавалася, што гэта Бушмар, дробны паўпанак, саджае яго ў свой фаэтон, а ён не хоча лезцi: "Я яго нiколi ля касцёла за локаць не трымаю, у яго нават свайго лёкая няма. I не гонар мне ездзiць у яго фаятоне, ды яшчэ разам з iм". У хвiлiны прасвятлення думкi ён шаптаў:
   - Гэта ён, гэта ён.
   - Хто i што? - пыталi ў яго.
   - Ён, ён, - шаптаў ён i не мог сказаць - "Бушмар".
   Дома ён упаў у вялiкую гарачку. I ўсё сухiмi губамi шаптаў, крывячыся ад болю:
   - Вяльможны пане, не турбуйцеся. Калi вяльможная ласка...
   Аж сыну яго i нявестцы было прыкра.
   Тады былi месячныя ночы. Суседзi выйшлi на тое месца - гаварылi, што навокал санных i пешых слядоў шмат. Убачылi, што праўда. I здагадвацца тады ж пачалi - след павёў якраз у Бушмараву дарогу. Але за якую крыўду Бушмар мог абязвечыць гэтак старога Вiнцэнтага? Прычына нiкому нават i на думку не магла ўзбрысцi.
   Цiхая была зiма. Сляды там на снезе засталiся нядоўга.
   Доўга Бушмараў след чуў на сабе i Вiнцэнты. Не спадзявалiся нават, што ён выжыве. Страшна стала хрыпець у яго ў грудзях, але стары быў жывучы, як кот. Пад вясну сяк-так узвалакацца пачаў на ногi.
   - Бушмар? - запытаў раз быў сын, калi бацька весялей глядзець пачаў на свет.
   - Але.
   - За тое?
   - За тое самае.
   I мiж iмi стала маўклiвая згода, абодва думалi, як адпомсцiцца i каб людзi не ведалi, з чаго ўсё пачалося. Стары патроху дужэў. Сонечнымi днямi, пад вясну, вывалакацца пачаў ён на двор. Ён бачыў i чуў навокал рух з'iначвання свету, але ён спачатку не думаў нi пра што - дзякаваў Бога, што сяк-так выскрабся ад хваробы. Пасля ж, калi пачуў у сябе больш сiлы, ранейшая злосць пачала варочацца да яго. Ён хадзiў, як атручаны.
   Ён усё прапыткоўваў па людзях, дзе што чуваць на свеце, цi не гавораць дзе пра што добрае, цi не iдуць адкуль навiны. Ён цiкавiцца пачаў кожным новым чалавекам, але з сваiмi, тутэйшымi людзьмi, не лiшне трымаўся блiзка. Дрэнна чуў ён сябе тут. Брыдкая была тая зiма!
   Ён прыслухоўваўся i прыглядаўся, што робiць i дзе паварочваецца Бушмар. I чуў тут прыемныя навiны. Бушмар, казалi, бунтуецца. Хтосьцi недзе чуў, як ён гразiў некаму, нiбыта гаварыў, што жывым у рукi не дасца, што страсяне ўсю акругу i вялiкi след па сабе пакiне...
   Дакладна гэтага нiхто не сцвярджаў, але гаворкi былi. I гэта хоць трохi ды цешыла Вiнцэнтага. Ён гэтым толькi i жыў цяпер. Брыдкая была зiма. Нудна было на свеце.
   Пра Бушмараў хутар Вiнцэнты больш не думаў. Сама думка гэтая аж сцепала яго.
   Так жыў ён i пакрысе ачуньваў. Усё iшло паволi, цягнулася гэтак марудна!
   ХI
   Бушмар усё больш пачынаў нядобра пачуваць сябе пад зiркам Галенiных вачэй. Зiрк гэты пакрысе ператварацца стаў з па-жаноцку хiтрага, гуллiвага ў цвёрды i нават жорсткi. Яна як бы загадвала яму гэтым зiркам. Ён нi то што баяцца пачынаў яе, а чуў у Галене штосьцi яе ўласнае, што нiколi не страцiцца ў яе, нiколi не падначалiцца пад чужое.
   Яна часта падносiла яму сына:
   - На, паглядзi. Бачыш, у яго бровы такiя, як у цябе, робяцца.
   - Але, - гаварыў ён, дакранаючыся пальцамi да незарослага цемя дзiцяцi.
   Ён сам пачынаў чуць, як цяжка разбурыць той холад, якi з'явiўся мiж iмi з таго самага першага вечара, калi вярнуўся ён з астрога, i з таго другога вечара, калi ён, абязвечыўшы Вiнцэнтага, уцякаў да брата. Пасля гэтага вырасла вельмi; калi ён вярнуўся праз тыдзень ад брата, яна сказала яму:
   - Ну, заб'еш ты мяне цi не?
   Ён маўчаў.
   - Скажы.
   - Нашто табе гэта?
   - Хачу ведаць. Калi гэта ты праўду тады казаў, дык я не буду чакаць, а забяру дзiця i пайду.
   - Ты, мусiць, хочаш давесцi мяне да гэтага, калi ўспамiнаеш наўмысля, што я калi сказаў.
   Ён ведаў, што яна гэта здзекуецца з яго, помсцiць за яго неабдуманае слова. Бачыў, што яна нiдзе ў крыўду не дасца, што яна нават за слова дараваць не хоча. I гэта рабiла яе дзеля яго больш, як калi, прынаднай, але ж больш, як калi, i далёкай. Прыкрасць да ўсяго вырастала ў яго. I горш за ўсё было тое, што ён цяпер пачынаў думаць, прынамсi, несвядомае з'яўлялася iмкненне дзесьцi ў iстоце дазнацца, дзе пачатак гэтай варожасцi мiж iм i Галенаю. Варожасцi, якая за кароткi час апрыкрыла iм абодвум, але ж i пазбыцца якой было нельга, але пачаткi думак гэтых прападалi, ледзьве з'явiўшыся.
   Былi ў iх i лепшыя хвiлiны. Часамi, пасля даўжэзнай маўчанкi, яны пачыналi гаварыць пра што-небудзь не вельмi важнае i цiкавае для iх цяпер абаiх. Раз, напрыклад, яна сказала:
   - Мусiць, шчэпы ў садзе павымярзалi, нiхто не абгледзеў iх на зiму.
   - Не да гэтага было, - буркнуў ён, але чамусьцi ўзняў на яе вочы.
   Мусiць, штосьцi было ў голасе яе цяпер, што нагадала ранейшы час iх, калi яшчэ ён толькi паглядаў з акна, цi не доўга бавяцца каля хаты хлопцы, а яна хвалявала яго бляскам вачэй.
   I яны цяпер пачалi гаварыць пра ўсялякую драбязу, маючы асалоду не з гаворкi гэтай, а з нейкай згоды мiж iмi, але гэта сапраўды была толькi згода. Больш за ёю нiчога не было. Так гэта i праходзiла, як з'яўлялася. Без следу i карысцi.
   Затое часамi Бушмару было абыякава ўсё - i халоднасць жонкi, i нелады навокал яго. Хоць з гэтага ўсё нараджалася, але засланяла сабою першапрычыну i само вырастала ў iм i поўнiла сабою ўсё. Гэта часта было, i заўсёды тады, калi Бушмар пакiдаў за сабою ўсё i быў адзiн. Апошнi раз гэта было перад самым канцом зiмы, i той раз яно скончыла ўсё ранейшае.
   Зiма тады канчалася рана. Яшчэ ў канцы лютага збiралася пад снегам вада, i дарогi пачалi прападаць. Бушмар надвечар прыехаў ад брата. Страшна змарыў, аж да пены, свайго стаеннiка. Сам прамок на iмгле i быў злосны. Гнаў каня па прабоiнах i замакрэлых ухабах i нiкому не з'язджаў з дарогi (гэта i заўсёды меў ён сабе прывычку гэтую). Дома якраз iскра папала ў порах:
   - Нашто ты гэтак каня морыш, улегцы едучы? - сказала Галена.
   - Што табе да каня. Маўчала б!
   - Чаму маўчала б?
   - Таму што... К д'яблу!
   Увайшоўшы ў хату, ён заўважыў, што Галена кудысьцi збiраецца. Ён моўчкi глядзеў, што з гэтага будзе. Яна раптам пакiнула свае зборы i лягла спаць.
   - Ага, - загаманiў ён, дзiка i ўрачыста смеючыся, - пастрашыла. Ну што, пастрашыла?
   - Слухай, - абазвалася яна, - я цябе не страшыла i страшыць не думаю. Дый не такi ты чалавек, каб цябе можна было чым устрашыць. Да цябе нiякi страх не прыстане... Ты сам бачыш, што - якая гэта наша жытка! Гэта каб увесь век у гэтакiм пекле жыць? Лепш мне пайсцi адсюль. Я даўно гаварыла пра гэта з людзьмi. I з Амiляю гаварыла, i шмат з кiм там гаварыла. Туды я пайду.
   - Дык ты ўжо гаварыла?! Даўно ўжо думала пра гэта?! У маёй хаце ўсё гэта робiцца, а я нiчога не ведаю!..
   Ён крычаў i тупаў нагамi.
   Ён пераспаў тую ноч у кухнi на лаве, а ранiцою знiк з хаты, каб не бачыць, нiчога не чуць. Ён стаяў на ўзлеску, адзiн, пануры постаццю, але не пануры тварам цяпер. Як звер, якому дзесьцi здалёк запахла воля. Ноздры яго раздзьмулiся, бровы ссунулiся, i з-пад iх вочы свiдравалi ветравую далячынь. Высокая, чуць сутулая постаць яго доўга ўзвышалася на ўзлеску.
   Там, на сонцы, снег пасыходзiў, i леташняя трава зелянiла свае вяршкi. Адзiн кусцiк яе, малады, веснавы, бялявы, папаў пад Бушмараў бот. Падкаваная набойка глыбока ўвагнала яго ў зямлю.
   Пакуль не вярнуўся, Бушмар не думаў, зусiм забыўся на сваю хату i Галену з сынам.
   У тую ж ноч Вiнцэнты, адхаяны сынавым доглядам, падпалiў Бушмарава гумно. Ноч была без ветру, i гумно згарэла цiха, як свечка. У iм згарэла шмат Бушмаравага набытку.
   Тым часам Вiнцэнтаму падпалiць гумно не было лёгка. Ён колькi разоў варочаўся з паўдарогi, ад страху, пасля зноў iшоў. Ён цягаўся ўночы доўга, плюхаўся па мокрым снезе, правальваўся па каленi ў ваду, падыходзячы да гумна паплавамi. Нарэшце, калi прытулiўся за гуменным вуглом, пачаў шпарка жагнацца. Ткнуўшы агонь пад навiслую нiзка страху, ён з усiх сiл кiнуўся наўцёкi. Колькi разоў правалiўся па дарозе i ўвесь вымак у ледзяной вадзе да апошняй нiткi. Дадому ён не пайшоў проста дарогаю, а даў кругу паўз лес, каб не папасцiся на людскiя вочы - на пажар зараз жа пачалi бегчы. Тут ён iрваўся, каб падпалiць Андрэеву хату, але рух людзей па дарозе перашкодзiў яму. Змучаны i змочаны, дапаў Вiнцэнты да хаты, палез на печ, укрыўся кажухом i хваравiта задрамаў. Назаўтра прачнуўся ён у гарачцы, прахварэў нешта з тыдзень i сканаў.
   Бушмар жа наказаў брату, каб той прыехаў. Брат вохкаў i бедаваў, але не так па тым, што ўцякла Галена, як па тым, што згарэла гумно.
   Раздзел трэцi
   I
   Свет быў шырокi i вольны. У дзiцячым сэрцы нараджалася, расло i жыло захапленне iм. Кожны перажыты дзень даваў большае ўсё ўведванне свету. Так раслi два браты.
   Часамi старыя жанчыны, бабулi калгасаўцаў, кiвалi галовамi, пускалi нават, калi-нiкалi, слязу, божкаючы:
   - Ай-ай, за жывым бацькам, бацькi не ведаюць. От пайшлося iм як небаракам.
   Амiля тады не перапускала:
   - А на чорта iм гэтакi бацька!
   Галена ж, тая адно падмiргне тады слязлiвай старой:
   - А яны ж гэта i нарадзiлiся без бацькi.
   - Без бацькi? А-ёй!
   - Але. От надумалiся ды i нарадзiлiся.
   I тады да Амiлi:
   - Ну што iм канечне растлумачваць! Ты гавары таму, хто ўразумее тваю гаворку.
   Тады i Амiля засмяецца, радасна гляне на сваiх сыноў. Галена ж, калi скончана работа, заўсёды няньчыцца з усiмi трыма. Часамi да трох далучае яна чацвёртага - Андрэевага. Андрэй тады жартуе:
   - От мацярок у маiх сыноў!
   Ён жартам заве iх усiх сваiмi сынамi. Жывуць яны не разам, але блiзка цераз сенцы. У сенцах яшчэ падлога пахне свежаю смалою, i яны яшчэ не застолены. Робiцца ўсё не адразу: цяжка ў адзiн год зрабiць усё як ёсць, а яшчэ цяжэй было зламаць дурную ўпартасць некаторых суседзяў:
   - Як жа я пакiну, калi гэта маё?
   - А там жа будзе ўсё тваё гэтак як i ўсiх.
   - Калi ўсiх, значыцца, не маё.
   - Бушмар ты, - смяяўся неспакойным смехам тады Андрэй. - Гэтае "маё" даводзiць вось да чаго чалавека.
   Само слова "Бушмар" было ўжо словам незвычайным. Яно ўжо кожнаму тут гаварыла пра звярыную нялюдскасць, пра здзек над усiм, што не ён сам i не яго, пра тое, што не можа навокал яго, пакуль ён пануе, абысцiся так, каб не было пакрыўджаных, каб не было слёз людскiх. Тыя ж самыя бабулi божкалi i ўздыхалi, што гэта Бог даў чалавеку гэтакую натуру, можа, за якiя грахi яго цi нават бацькоў яго. Мужчыны ўсе i малодшыя жанкi смяялiся з гэтакай "Божае кары", але ўсё ж некаторыя гаварылi, што "натура гэта такая ў чалавека", i толькi. Тым часам былi i яшчэ адны, якiя iначай тлумачылi Бушмара. Да iх належаў i Андрэй, але першы як мае быць выказаў гэта не ён. Трымаўся тут вельмi блiзка Андрэя заўсёды (а цяпер выйшла наадварот - Андрэй стаў блiзка трымацца яго - той набываць пачаў сiлу ў сваёй дзейнасцi) адзiн хлапец. Ён на хутарах за лесам змалку пасвiў каровы, служыў нават год на Бушмаравым хутары. Яго неўзаметку пачалi заўважаць, як пачаў вырастаць тут. Бацькi яго ў вайну ўцяклi недзе з-за Вiльнi сюды i тут змерлi ад пакутных невыгодаў жыцця, а малы неяк выкiдаўся. Так на людзях i ўзрос. Звалi яго Ўладзем; ён, калi яшчэ малым пастушком быў, зблiзiўся неяк дзiўна з Андрэем, якога тады пачаў зваць дзядзькам. Раз Андрэй iшоў паўз лес i ўбачыў быў, як на дарозе стаiць i не варушыцца, як аслупянелы, малы хлапчук. Падышоўшы блiжэй, ён пазнаў "бежанскага Ўладзю". Ён глядзеў у адно месца, кудысьцi ў поле, i маўчаў. Каля вачэй у яго была чырваната, як ад нездароўя, або бессанi, цi ад слёз. Было тады холадна, восень, i ён, вiдаць, мёрз.
   - Чаго ты гэтакi? - запытаў Андрэй.
   - Кароў гляджу, - адказаў той.
   - Дзе ж твае каровы?
   - Недзе пацяглiся.
   I хлапчук пачаў плакаць.
   - Чаго ты?
   - Бушмар чуць не забiў мяне.
   - Завошта?
   - Карова закульгавела, дык ён крычыць, што гэта я не даглядзеў. Ранiцаю сёння сукаватым паленам па шыi бiў, схаваў мае лапцi, нарочна, каб я мёрз, гэта табе, кажа, навука.
   Андрэй глянуў на босыя Ўладзевы ногi. Праўда, што яны аж пасiнелi з холаду.
   - У мяне была адна запалка, але патухла, як я хацеў раскласцi агонь.
   Андрэй неўзабаве прыслаў яму з дому свае лапцi, а праз колькi дзён падгаварыў кiнуць Бушмара i перайсцi ў вёску. З таго часу Ўладзя пачаў мець Андрэя як за бацьку.
   У той меры, як Уладзя рос на людзях, ён сам заўважаць стаў, што дачыненнi яго з Андрэем неяк зменьваюцца. Калi дзялiлi панскую зямлю i калi Андрэй на гэтую зямлю першы павёў вяскоўцаў, Уладзя тады ўжо быў як бы нават дапаможнiкам Андрэевым. Ён нi то што дзейна дапамагаў яму, а чуў сябе, што як бы гэта ён сам усё гэта робiць. Ён тады ўжо быў сказаў Андрэю:
   - А Бушмару нашто гэтулькi лесу?
   Ён чуў, як расце ўсё больш i больш у iм страшэнная нянавiсць i да Бушмара, i да ўсiх тых гаспадароў, што трымалi яго тут за пастуха. Нават адзiн з iх, калi дзялiлi вяскоўцы панскую зямлю, выткнуўся быў на сваю мяжу i з хiтраю ўсмешкаю сказаў:
   - Што ж, зямлю вы бераце, балазе пан уцёк. I лес панскi папрабавалi зачапiць, але маладцы, што лазу пакiнулi, не выцерабiлi.
   - Чаму? - гукнуў Уладзя, чуючы ў гэтым паўпанкавым слове нейкую, няясную яшчэ, страшную крыўду.
   - А таму, што калi вернецца пан, дык будзе чым вас сцёбаць.
   Уладзя сцiснуў кулакi i падаўся блiжэй:
   - Маўчы, гадзiна!
   Дык той злосна заенчыў:
   - А-а-а, глядзi ты! Гэта ты гэтак дзякуеш, што цябе выгадавалi чужыя людзi, што не даў i я табе прапасцi на чужой старане!..
   - Мая старана ўсюды, дзе я стаю на зямлi.
   - Усюды? А от цяпер стаiш на маёй мяжы. Вон!
   Уладзя быў тады яшчэ недарослы дзяцюк. I повен ён быў хлапечага задору. Ён тады наўмысля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну, а хутаранец, скамячыўшы губы, схапiў яго за плечы. Андрэй рагатаў, стоячы ў мужчынах. Уладзя вылузаўся з хутаранцавых рук i пайшоў назад смеючыся.
   Другi раз была ў яго сутычка з Бушмарам. Тут было менш гаворкi, але больш яшчэ выразнасцi. Гэта ўжо тады, калi надышла пара зачапiць хутаранцаў. Уладзя сказаў быў пра Бушмараў хутар:
   - Вяльможныя паны ўжо ўпарадкаваны, цяпер пара зачапiць звяроў.
   Бушмару хтосьцi сказаў пра гэта, i пры спатканнi з Уладзем ён, звер, пранiзаў зiркам яго. Уладзя прыпынiўся i таксама не спускаў вачэй з Бушмара. Так прастоялi яны колькi момантаў. Хто каго пераможа? Але ўсё ж Бушмар заўсёды абмiнаў думкамi Ўладзю, можа, таму, што прывык ён дагэтуль бачыць яго хлапчуком? А мо таму, што яму проста страшна было чуць у гэтым хлапчуку варожую сiлу, што раптам вырасла. Вобразам гэтай сiлы паўставаў перад iм Андрэй.
   Дык вось гэты Ўладзя сказаў цяпер быў раз пра Бушмара. Ён гэтае разуменне сваё вынес яшчэ з суду, у якiм быў тады, калi судзiлi Бушмара i за збойства райвыканкомаўца, i за буйную высечку лесу, i за ўсё iншае. Пра Бушмара тады абвiнаваўца гаварыў доўга:
   "Бушмар - вынiк, аканчальны лагiчны вынiк ляснога спрадвечнага хутара. Гэта звер, навокал якога павiнны быць пакрыўджаныя. Iначай нельга, пакуль жыве на свеце Бушмар. Навакольны лес i дзiкi хмызняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзiч спрабуе авалодаць усiмi тут людзьмi. Бушмар, каб i хацеў, не можа даць рады нi лесу, нi хмызняку - засталася ж навек няскончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад - гэта пастка i вечная вайна, бо ж нават з сваiм, можна сказаць, жыццёвым братам Вiнцэнтым была ў яго смяртэльная спрэчка. У звяроў заўсёды ў адным нават логаве - вайна... Вось ён жыве на свеце, жыве спрадвеку, робiць нават гiсторыю свайго часу, гiсторыю крыўдаў слабейшых, ад якiх маюць крыўду яшчэ слабейшыя... Чалавечая гiсторыя нялюдскасцi! Дзе расплоджваюцца звяры i каля iх чэрвi!"