Так i пайшлi.
   Ужо цямнела, як прыселi яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункi. Адзiн за адным iшлi таварныя цягнiкi. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свiней, гагатанне гусей.
   - Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? - запытаў Мiколка ў дзеда.
   - Куды? У Нямеччыну, куды ж iначай...
   - А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?
   - Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукi, сялян жабракамi пускаюць, адбiраючы ўсё да нiткi.
   - Ну, я б iм паказаў, як рабаваць!
   - А што б ты зрабiў? - запытаў дзед.
   - А пастраляў бы ўсiх! - I Мiколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.
   - Вось у тым-то i бяда, што мала ў нас зброi, цяжка з ёй супроць нямецкай вiнтоўкi ды кулямёта выступаць... Вось калi арганiзуемся як след, тады нiякi вораг нам не страшны...
   Цiха гутарылi Мiколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкi патруль на чыгунцы, рашылi падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясцiну для начлегу.
   Несцi пiсталет, вiдаць, было ў вялiкi труд дзеду, i ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае "аружжа". Тады Мiколка прасiў дзеда даць яму паднесцi пiсталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. I Мiколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялiкую чорную рулю, праўда, вельмi заржавелую i аблупленую. Мiколка цэлiўся з пiсталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне i быў вельмi задаволены такiм важнецкiм "аружжам".
   "Усё роўна як вiнтоўка i страляе, мусiць, як з гарматы... Цяпер нiякiя немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!"
   I Мiколка прыстаў, як смала, да дзеда:
   - Давай паспрабуем, цi спраўна страляе!
   Не было асаблiва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпiшся ад унука.
   - Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады i паспрабуем...
   Месца для начлегу выбралi надзвычай добрае. Старыя ялiны высока ўзнеслi свае лапы ў чорнае неба, на якiм мiгцелi рэдкiя зоры. Пад ялiнамi быў сухi ўзгорак, на якiм густа разраслiся верасы, папарацi i блiскучы бруснiчнiк. Яловыя лапы так моцна перапляталiся, што праз iх цяжка было прабрацца. Пад iмi было цiха, утульна. Сюды не дасягалi вятры, што глуха гулi ў верхавiнах дрэў, i нiякi дождж не прабiўся б тут праз густыя яловыя нетры.
   На ўзгорак нацягалi сухога лiсця, моху i, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалi такiя мяккiя пасцелi, што дзед аж крактануў ад вялiкага задавальнення.
   - Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка i пах якi духавiты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!
   - А ты калi-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелi? - запытаў Мiколка.
   - Спаць не спаў, але думаю, што пасцелi ў буржуяў важныя, мяккiя... Нязручна ж з iх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.
   Назбiраўшы яшчэ сушняку, Мiколка з дзедам расклалi невялiкi агонь, i ён весела патрэскваў, асвятляючы блiжэйшыя дрэвы i згушчаючы ценi за iмi. З агнём стала куды весялей. Ён нiбы разганяў i тыя гукi лесавыя, да якiх уважлiва прыслухоўваўся Мiколка i, не разумеючы iх, распытваў дзеда:
   - А хто гэта там крычыць?
   - А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...
   - А хто гэта нiбы рагоча так страшна?
   - Гэта сава.
   - Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пiсталета. Весялей будзе, i воўк уцячэ, калi пачуе...
   - Ваўкi, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногiя звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.
   - А ўсё ж паспрабуем, паглядзiм, як страляе.
   Дзе ты тут адчэпiшся ад Мiколкi! Згадзiўся дзед. Мiколка ўсё намагаўся, каб самому стрэлiць. Але дзед, узгадаўшы колiшняе паляванне, рашуча адмовiў i стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабiўшы нажом метку на ялiне, дзед важна стаў у баявую позу i падняў пiсталет угору. Але калi пачаў цэлiцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пiсталета i так далёка адставiў руку са зброяй, што вiдаць было, як дзед яўна непакоiцца за вынiкi стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гiсторыя з "арудзiяй". I сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку:
   - Хавайся, Мiколка, за ялiны, а то чаго добрага...
   Падаўся Мiколка за тоўстае дрэва i, высунуўшы з-за кары сваю кiрпаўку, назiраў за дзедавым практыкаваннем. А той стаяў усё з выцягнутай рукой i глядзеў зусiм у другi бок ад мiшэнi, вiдаць, баючыся выбуху.
   - Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэлiш! - дапамагаў Мiколка сваiмi парадамi.
   Урэшце дзед адважыўся i, зажмурыўшы вочы, нацiснуў на курок. Мiколку здалося, што ў ялiну стукнуў пярун, бо ўся яна моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж iглiцы i шышак. Аж шорах пайшоў па лесе - так церушылiся шышкi. Ды агеньчык ледзь не згас ад стрэлу.
   Дзед i Мiколка мнагазначна пераглянулiся:
   - Вось гэта дык арудзiя, вось гэта дык б'е.
   - Важнецкi б'е, не раўнуючы, як батарэя... - задаволена адказаў дзед i пачаў масцiцца нанач, схаваўшы пад бок сваю слаўную "батарэю".
   Аднак спалi трывожна. Насiлiся па лесе нейкiя таемныя гукi, пагрозлiва шумелi верхавiны ялiн, i абамшэлыя ствалы гудзелi працягла i сумна. Зрэдку падалi каплi дажджу. З цiхiм шолахам скочвалiся яны з ялiн i сiпелi, трапляючы ў прысак вогнiшча. Дзесьцi раздавалiся не то раскаты далёкага перуна, не то прыглушаныя стрэлы. А з поўначы палавiна неба зрабiлася барвовай. Барвовасць то рабiлася цьмянай, то набракала залацiстай чырванню, нiбы падмiргвала неба налiтым крывёю зрокам. Барвовыя спалохi неба наганялi жудасць i страх. Верхавiны дрэў нiбы загаралiся тады празрыстым полымем, i яшчэ гусцей быў змрок на зямлi.
   А з ветрам, што кiдаўся зверху, з высокiх вяршалiн, даносiлiся водгукi нейкiх слоў, крыку. Нiбы нехта кiдаў у чорныя прасцягi ночы прыглушаныя словы цi то просьбы, цi то адчаю, цi гарачага заклiку да расправы, да помсты.
   Мiколка бачыў, як дзед уважлiва прыслухоўваўся да нечага, прынiкшы вухам аж да самай зямлi. Твар дзеда быў трывожны.
   - Што слухаеш, дзеду?
   - Нiчога, унуча, гэта я так... - схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за iм назiрае Мiколка. - Ты сабе спi спакойна...
   Але адзiн за адным даляцелi гукi стрэлаў, i тады Мiколка рашуча запытаў дзеда:
   - Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робiцца ноччу?
   - А што можа рабiцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.
   З паўночы крыху паспакайнела, i Мiколка з дзедам моцна заснулi пад яловым дахам. Але пад самую ранiцу, калi пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, iзноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Мiколка да палахлiвых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былi паасобныя словы:
   - Божа ж мой, Божа...
   I яшчэ чуваць былi нейкiя словы, але былi яны зусiм незразумелымi, i нiколi Мiколка iх не чуў.
   Заварушыўся Мiколка.
   - Уставайма, дзед. Вунь плачуць, ды блiзка недзе... Дапамагчы трэба.
   Прыслухаўся дзед.
   - Так... плачуць... Ну што ж, пойдзем, унуча. Вазьмi толькi ў мяшок наша снеданне.
   Мiколка выкарпаў з цяпла дзесяць печаных бульбiн, якiя паклаў у прысак, калi лажылiся спаць. Укiнуў бульбу ў торбу, якая вiсела ў яго цераз плячо. Смачна пахла бульба, i ад торбы iшла прыемная цеплыня, прыграваючы Мiколкаў бок. У самы раз была гэтая цеплыня, бо ў лесе стаяў густы халодны туман, у расе былi лесавыя травы, кусты i дрэвы. Аж пальцы на руках адубелi ў Мiколкi ад золкай вiльгацi ранiцы. Прыкладзеш руку да торбы - i добра, як ля печы ўсё роўна.
   Развiднела.
   Галасы раздавалiся ўсё мацней i мацней, выразна чуўся плач. Вось i выйшлi на самы ўскраек лесу да невялiчкай палянкi, акружанай непралазным хвойнiкам, хмызнякамi. Трохi не дайшлi да самай палянкi, як спынiлiся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарнiку. Стаялi i моўчкi глядзелi на палянку. I праз якую хвiлiну да Мiколкi нахiлiўся дзед, праказаў гарачым шэптам:
   - Iдзi, Мiколка, назад адсюль... Не трэба глядзець на брудныя людскiя справы.
   Але, сцяўшы зубы, стаяў Мiколка i, нiчога не адказваючы дзеду, глядзеў на палянку. Пад высокай разгалiстай хвояй стаяў чалавек. Быў ён сярэдняга росту, шырокi ў плячах, прысадзiсты. Быў ён без шапкi, буйныя пасмы валасоў у беспарадку звiслi на бледны лоб. На чалавеку была звычайная сялянская свiтка, такiя ж зрэбныя штаны. Ён быў босы i зябка перамiнаўся з нагi на нагу. З-пад разарванага каўняра палатнянай сарочкi вiдаць быў матроскi цельнiк у сiнюю з белым палосамi.
   "Марак, вiдаць", - падумаў Мiколка, успомнiўшы матросаў, якiя цэлымi эшалонамi праходзiлi праз станцыю ў часе рэвалюцыi.
   Але што асаблiва кiдалася ў вочы, гэта быў позiрк гэтага чалавека. Ён быў поўны вялiкай нянавiсцi да людзей, што стаялi вакол яго з вiнтоўкамi са штыкамi. То былi немцы. Трое вартавалi чалавека, двое таропка, хапаючыся, рылi лапатамi зямлю, капалi яму - магiлу. Свежы пясок жаўцеў на палянцы, бразгалi каменьчыкi аб лапаты. Завiхалiся людзi. I вiдаць было, нiбы чаго саромеюцца гэтыя людзi, унiкаюць глядзець у вочы адзiн другому i нiбы чакаюць нецярплiва, як хутчэй скончыць гэтую нудную справу. Толькi адзiн з iх, што быў без вiнтоўкi i трымаў у руцэ рэвальвер, хадзiў абыякава па палянцы, грозна падганяў тых, што капалi зямлю, крычаў, лаяўся.
   - Афiцэр... - цiха шапнуў Мiколку дзед i замоўк.
   З ямы вылезлi салдаты, кiнулi ўбок лапаты, узялi вiнтоўкi, што стаялi прыхiленыя да дрэва. Афiцэр падышоў да чалавека пад хвояй, выняў з кiшэнi нейкую паперу. Страшэнны плач раздаўся на паляне, i Мiколка тут заўважыў, што з боку паляны пад зламанай бярозай стаяла жанчына з дзiцем на руках. Другое, большае, стаяла побач, трымаючыся адной рукой за матчын падол, другой расцiрала слёзы на перапалоханым i запэцканым тварыку. Жанчына кiнулася была да чалавека, што стаяў без шапкi, але грозна закрычаў афiцэр i, наставiўшы на яе рэвальвер, адагнаў назад.
   Афiцэр, спяшаючыся, чытаў прысуд:
   - "За пасягненне на маёмасць i жыццё мясцовага пана... за парушэнне закону аб уласнасцi... за супрацiўленне iмператарскiм нямецкiм войскам... за падбухторванне сялян супроць падаткаў... батрак Сямён, былы матрос i член былога бальшавiцкага савета, па загаду яго iмператарскага вялiчаства iмператара ўсяе Германii Вiльгельма II прысуджаны ваенным судом да расстрэлу..."
   Двое салдат кiнулiся да чалавека пад хвояй i сталi надзяваць яму мяшок на галаву. Але чалавек рашуча скiнуў яго i, кiнуўшы мяшок у твар афiцэру, крыкнуў:
   - Прэч, нягоднiкi!.. Не мне баяцца смерцi, як вам, сабакам... Але памятайце, нават з магiлы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам... I многа яшчэ жывых...
   Далейшыя словы былi не чутны. Нешта грозна крычаў афiцэр. Бразнулi затворы вiнтовак. Мiколка сцяўся ў халодны камяк, нiбы ўлiп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархацiць пясок на магiле, як скочваюцца каменьчыкi на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. I гарачыя слязiнкi павiслi на раснiцах. Вось-вось расплачацца Мiколка, выдасць сябе i дзеда ў гэтай лесавой схованцы.
   Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцiлаўся над палянай. У iм гублялiся фiгуры салдатаў. Бачыў Мiколка: чалавек як стаяў, так i стаiць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Мiколка, як няўпэўнена ходзяць iх рукi, як дрыжаць вiнтоўкi, паднiмаючыся то задужа высока, то нiзка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаiць пад хвояй, i вочы яго гатовы, здаецца, спапялiць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам. I вось бачыць Мiколка, як азвярэлы афiцэр кiдаецца да салдат, выхоплiвае ў аднаго вiнтоўку i пачынае цэлiцца ў чалавека пад хвояй.
   I не заўважыў Мiколка, як над самым яго вухам грымнуў незвычайны стрэл. Афiцэр упаў як падкошаны, нязграбна раскiнуўшы рукi на жоўтым пяску. Выразна бачыў Мiколка падэшвы яго ботаў з прыстаўшай да iх зямлёй. Ды яшчэ бачыў, як кiнулiся ўбок напалоханыя салдаты ды блiзка каля iх шпарка прабег той чалавек, што стаяў дагэтуль пад хвояй. Чалавек, якому хацелi завязаць вочы, каб нiколi-нiколi не бачыў ён нi зары, нi яснага сонечнага ўсходу, нi чыстых зор, нi ўсяго, што ёсць на прыгожай зямлi. Гэта быў адзiн толькi момант, калi, здавалася, нiбы прыкуты быў да месца Мiколка, не мог скрануцца, паварушыцца.
   - Пойдзем хутчэй адсюль, унучак! Не варта тут доўга аставацца...
   Дзед быў узрушаны не менш, чым Мiколка, i таропка хаваў сваю зброю за пояс.
   I тут не вытрымаў Мiколка. Ён кiнуўся дзеду на шыю, церабiў яго сiвую бараду, ласкава гладзiў шурпатыя шчокi ў маршчынках i, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў:
   - Якi ж ты, дзед, слаўны чалавек... Якi ж харошы, дзядуля... Якi ж ты, мой дзеду, храбры.
   Але дзед тут паморшчыўся крыху.
   - Пра храбрасць ты кiнь... Не ў ёй справа, унуча. Кожны павiнен дапамагчы свайму чалавеку, якi з мазаля жыве i якога крыўдзяць.
   Мiколка з дзедам, спяшаючыся, пайшлi ад таго месца, дзе вызвалiлi яны ад смерцi чалавека, якога нават не ведалi, пра iмя якога нiколi не чулi. Вызвалiлi таму, што на чалавеку было зрэбнае палатно, у чалавека былi мазалi, чалавека хацелi забiць насiльнiкi, прыгнятальнiкi.
   Мiколка з дзедам трапляюць у бяду
   Ужо вечарэла, калi Мiколка з дзедам натрапiлi на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькi дзесяткаў сялян з сем'ямi, з маёмасцю, з коньмi, з каровамi. Збоку ўсё было падобна на вялiкi цыганскi табар. Стаялi калёсы з паднятымi ўгору аглоблямi. На аглоблях былi панадзяваны розныя дзяругi, коўдры. Пад гэтымi дзяругамi спалi на лахманах дзецi. Плакалi жанчыны то голасна, то цiха, наўзрыд. Плакалi па-рознаму, але словы былi адны:
   - А што ж то будзе далей? Хiба жывымi ў магiлу класцiся?
   Ля калёс гарэлi агнi. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымi i сыпала ўгору снапы iскраў. Нiбы раiлiся залатыя пчолы, падымалiся ўсё вышэй i вышэй, аж пад самыя верхавiны маўклiвых сосен, ялiн. Ад сядзеўшых ля агню сялян мiтусiлiся навокал палахлiвыя ценi, яны скакалi па дрэвах, па кустах i знiкалi, праглынутыя чорнымi змрокамi ночы. Усюды было трывожна. Гэта вiдаць было i па плачу жанчын, i па гутарках сялян, па iх трывожных позiрках навокал. Некалькi чалавек было з старымi паляўнiчымi стрэльбамi. Яны вартавалi жывёлу - тут жа ў лесе пасвiлiся конi, каровы, свiннi.
   Мiколку з дзедам спынiлi некалькi чалавек, акружылi, запыталi сурова:
   - Што вы за людзi? Чаго паначы швэндаецеся па лесе?
   - А вы хто? - перапытаў у сваю чаргу дзед.
   - Мы сяляне, уцяклi ў лес ад немцаў...
   - Ну дык i мы ўцяклi ў лес... А самi мы рабочыя, чыгуначнiкi.
   Слова за словам - пачалася гутарка. I тут убачыў Мiколка, што аднолькава прыходзiцца ад немцаў i рабочым i сялянам. I тым i другiм прыходзiцца хавацца, ратаваць сваё жыццё, апошнi свой кавалак хлеба. Рабочага пад канвоем немцы вядуць на працу ў дэпо, на паравоз. За гэтую працу амаль нiчога не даюць, прымушаюць галадаць. У селянiна немцы адбiраюць апошнюю карову, апошнi хлеб, паляць яго хату, калi селянiн не захоча добраахвотна аддаваць гэты хлеб. А паспрабуй ты выступi супроць гэтых парадкаў, цябе расстраляюць або закатуюць да смерцi.
   - Адным толькi панам настала цяпер вялiкае жыццё... - гаварыў адзiн з сялян. - Толькi немцы прыйшлi, з'явiўся i пан. I такую расправу ўчынiў нам, што мы i не снiлi нiколi... Вось i сядзiм цяпер у лесе, укрыўшыся небам. А Сёмку-матроса, якi быў у батрацкiм камiтэце, выдаў пан немцам. Тыя прысудзiлi Сёмку да смерцi за тое, што ён нiбыта падбухторваў сялян да паўстання. Сёмка быў ворагам паноў. За гэта, вiдаць, i судзiлi. I хто ведае - жыў цяпер Сёмка цi не...
   Да самае поўначы гаварылi каля агню. Тут жа i ўлеглiся спаць. Хто пад калёсамi, хто пад хатнiм скарбам, прывезеным сюды. Хто тут жа каля агню, падклаўшы пад галаву торбу цi шапку-кучомку. Тут жа спалi i Мiколка з дзедам.
   А перад самай ранiцай узнялiся ў лесе таропкiя стрэлы. Папрачыналiся напалоханыя людзi, беглi куды папала, крычалi:
   - Ратуйцеся, немцы ў лесе!..
   Але хавацца было ўжо недзе. З усiх бакоў акружылi немцы паляну, дзе размясцiлiся ўцекачы-сяляне. I калi намагаўся хто праскочыць праз густыя зарасцi хмызнякоў, насустрач яму высоўваўся шырокi нямецкi штык i чуўся грозны воклiч:
   - Стой! Назад!
   Сяляне кiдалiся назад, але ўсюды iх сустракала адна i тая ж грозная каманда, шэрыя каскi салдат i ашчацiненыя штыкi. I тады ўбачыў Мiколка, як таропка хавалi сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлi, хаваў у стары абамшэлы корч зброю, старанна абкруцiўшы яе старой хусцiнкай.
   - Патроны, дзеду, хавай, патроны! - цiха крыкнуў Мiколка. Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкi салдат i штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногi. Мiколка кiнуўся да салдата, лёг грудзьмi на вiнтоўку, каб адвесцi штык ад дзеда, але тут жа пакацiўся па зямлi. Яго ўдарыў прыкладам вiнтоўкi другi нямецкi салдат. Мiколка ледзь падняўся на ногi, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Мiколкi кружылася галава, нейкая пеляна засцiлала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, якi так немiласэрна ўдарыў яго. I вялiкае, непераможнае пачуццё помсты запалiла Мiколку. Ён падхапiў вялiкi камень i кiнуў яго ў салдата. Камень трапiў у каску. Азвярэлы салдат кiнуўся са штыком на Мiколку. I здавалася тады Мiколку, што нiколi яму болей не ўбачыць нi гэтай паляны, нi лесу, нi дзеда, нi бацькi. Ля самых грудзей прамiльгнуў перад iм шырокi штык, i Мiколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплi расы ў барвовых i яркiх водблiсках ранiцы. Але то была не раса. Гэта Мiколкава кроў пацякла па штыку. Хапiўшыся за яго абедзвюма рукамi, Мiколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы i крыкнуў. Яго адцягнулi ад штыка падбегшыя жанчыны.
   - Што вы з хлопчыкам робiце, рабаўнiкi! - крыкнулi яны азвярэламу салдату.
   Той памкнуўся быў жорстка расправiцца са сваёй ахвярай, але нейкi трэцi салдат затрымаў яго за рукi, нешта гаварыў яму, няйначай, папракаючы за дзiкi ўчынак.
   Хутка ўсiх сялян павялi пад канвоем з лесу. Сярод сялян быў i Мiколка з дзедам. Ззаду салдаты гналi сялянскiх кароў, ганялiся па лесе за коньмi, за свiннямi...
   Развiднела. Узышло сонца. Было яно нейкае пахмурнае, мутнае, нiбы шызая пеляна засцiлала яго ранiшнi зрок. То былi шэрыя хмары, якiя абляглi ўсё неба, праглынулi сонца, замуцiлi небавую сiнь. Неба было шэрае, халоднае, нiбы ў познюю дажджлiвую восень.
   - Гэта ж дым, а не хмары, - праказалi сяляне.
   I сапраўды, то дагарала вёска, да якой падвялi цяпер пад канвоем сялян. Вёска гарэла ўжо другi дзень, i некаму было тушыць пажару, дый баялiся тушыць. Вёску падпалiлi немцы за супрацiўленне сялян непамерна цяжкiм падаткам i кантрыбуцыям. У гэтым падпале вiнаваты быў i пан, якi помсцiў сялянам за рэвалюцыю i падгаворваў немцаў на бязлiтасную расправу з беднатой вёскi. I вось стаялi пачарнелыя комiны, дымiлiся галавешкi, струменьчыкi дыму вiлiся ад платоў, ад пажоўклых яблынь, бяроз. Зграi крумкачоў ляталi ў паветры, апускалiся сям-там на гарачых папялiшчах i завiхалiся на трупах жывёлы, загiнуўшай у дыме, у агнi.
   - Наша вёска... - цiха прамовiў адзiн селянiн да дзеда. - Вось яны ж i спалiлi... - паказаў ён на сваiх канваiраў.
   Над усiмi навiсла грозная цiшыня. Толькi чуваць былi кароткiя загады афiцэраў ды канваiраў. Твары салдат былi ва ўсiх грозныя, у некаторых раз'ятраныя. Гэтыя зусiм былi не падобны на тых, якiя займалi калiсьцi Мiколкаву станцыю. Там былi палкi запасных салдат, многiя былi з бародамi, пажылыя людзi. Неяк нават лягчэй было гаварыць з iмi, не так па-зверску абыходзiлiся яны з народам. У гэтых жа i форма трохi iнакшая: чорныя венгеркi, большасць салдат на конях, у многiх чорныя шапкi i на шапках страшныя чарапы з перакрыжаванымi касцямi.
   - Вiдаць, гусары смерцi з карных вiльгельмаўскiх батальёнаў... Быць цяпер у бядзе нам... - цiха прагаварыў дзед Астап да Мiколкi.
   Канваiры спынiлi народ недалёка ад спаленай вёскi. Паставiлi пару кулямётаў, нацэлiўшы iх на сялян. Асобна ад усiх пад узмоцненым канвоем трымалi двух маладых сялянскiх хлапцоў, якiх захапiлi немцы са зброяй у лесе. Канваiры i афiцэры, акружыўшы сялян, нечага чакалi. I раптам заварушылiся, заўважыўшы на дарозе ад маёнтка белае воблачка пылу. Воблачка расло, шырылася. I хутка ўсе ўбачылi, што гэта шпарка едзе па дарозе запрэжаная ў чацвёрку коней карэта. Паабапал i ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннiкаў. Усё гэта былi тыя ж гусары смерцi. Чацвёрка коней стала як укопаная перад кругам сялян. З карэты паволi сышоў добра апрануты чалавек з навiслымi сiвымi вусамi, у паляўнiчым касцюме, у жоўтых ботах. Чуваць было, як рыпелi гэтыя боты, становячыся на зямлю. То быў памешчык. Ён дапамог выйсцi з карэты другому чалавеку ў вайсковай форме.
   - Палкоўнiк нямецкi... - шапнуў нехта збоку i замоўк пад суровым позiркам канваiра.
   Памешчык з палкоўнiкам падышлi да сялян. Спешылiся коннiкi, пад'ехала яшчэ адна каламажка, i з яе таропка вылез поп, няўклюдна апраўляючы падраснiк, з-пад якога вiдаць былi наваксаваныя папоўскiя боты.
   - А гэты сiваграк чаго тут? - гучна запытаў дзед Астап у стаяўшага побач з iм селянiна. Але той не паспеў адказаць, бо загаварыў памешчык. Ён стаяў перад народам, важна выставiўшы ўперад немалы свой жывот, ленавата пакручваючы вус, i нiбы ўсмiхаўся сялянам самай мiрнай, лагоднай усмешкай:
   - Ну вось, мужычкi, iзноў мы з вамi сустрэлiся... А вы думалi, што мы рассталiся навекi... Ну што ж, мала з вас ласкi iмператара Вiльгельма? - I ён паказаў рукой на абгарэлыя комiны сялянскiх хат, на сумныя папялiшчы. Вы думалi, што вам пройдуць так, даруюцца грабяжы над маiм маёнткам? Што вам даруецца бальшавiцкае свавольства? Не, не чакайце, мае мiлыя, гэта вам не свабода... Гэта вам не бальшавiкi... Гэта войска вялiкага iмператара Германii, якое стаiць за закон, за законную ўладу, за маю зямлю, за маё дабро.
   Ён гаварыў i гаварыў, i словы яго перайшлi ўжо ў шалёны крык. Ён захлiпаўся словамi, пырскаў пенай, пагражаў, лаяўся.
   - За кожную маю карову я вазьму цяпер тры каровы, за кожнае зярно вы будзеце расплачвацца са мной сваёй крывёю i потам... Я згнаю ў турмах... Я расстраляю.
   Яго спынiў чамусьцi палкоўнiк, запытаў нешта. Тады памешчык пачаў гаварыць больш спакойна:
   - Палкоўнiк ставiць перад вамi ўмову: калi хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забiў нямецкага афiцэра i вызвалiў Сёмку-бальшавiка?
   Народ глуха маўчаў. Толькi вiдны былi сцятыя ў бяссiллi кулакi, суровыя твары былi ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамi, грозна падступаў да некаторых.
   - Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызвалiў?
   Але маўчаў народ. Толькi ўсхлiпвалi жанчыны, выцiраючы слёзы ражкамi хусцiнак, ды плакалi дзецi.
   Адышоўся памешчык, пачаў нешта раiцца з палкоўнiкам. Той махнуў рукой аднаму з афiцэраў. Двух хлапцоў, якiх узялi з лесу са зброяй, падвялi да абгарэлай грушы, паставiлi пад ёй. Да iх падышоў поп, нешта гаварыў iм, паказваючы на крыж. Але бачыў Мiколка, як плюнулi хлопцы на крыж папу, на яго грудзi. Як пабiты сабака, адышоў поп убок. Загаласiлi жанчыны, хапiўшыся за галовы. Глуха шапталi старыя:
   - Калi ж кончацца гэтыя здзекi? Цi доўга цярпець яшчэ будзем?
   Грымнулi стрэлы... Мiколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькi, як узнялiся над папялiшчам стаi чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лiсце i цiха-цiха кружылася, ападаючы ўнiз. Яму насустрач вiлiся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.
   Доўга яшчэ здзекавалiся над людзьмi, усё выпытвалi пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб i жывёлу, хто быў у батрацкiм камiтэце.
   Але колькi нi настаўлялi на людзей кулямётаў, колькi нi спрабавалi страляць паверх галоў у народ, нiчога не дапамагала. Людзi маўчалi. Тады памешчык з афiцэрамi падышлi блiжэй да людзей. Некаторых бралi i адводзiлi ўбок. Вось i да дзеда з Мiколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:
   - Ты хто, нешта цябе я не памятаю?
   - Я таксама з табой незнаёмы... не даводзiлася сустракацца... працадзiў дзед скрозь зубы.
   - А ты, чорт стары, адказвай, калi з табой гавораць... Жарты ў мяне кароткiя... Хто i адкуль? - усё пытаў расчырванелы ад злосцi пан.
   - Чалавек я... Вось хто я.
   Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукi. Кастлявыя былi гэтыя рукi, з шырокiмi пляскатымi далонямi, з вечнымi мазалямi, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамi ад мазуту. Зiрнуў на iх пан i затросся аж.
   - Недарма ты ацiраешся тут сярод мужыкоў... Вiдаць, з рабочага кодла, пракляты... - засiпеў ён i, заўважыўшы Мiколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: - Гавары, хто гэта такi?
   - Гэта мой дзед... - адказаў напалоханы Мiколка.
   - Якi дзед?
   - А дзед... вось проста дзед, i ўсё тут.
   - А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?
   Хацелася Мiколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што нi на ёсць бальшавiкоў сын, але, зiрнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў цiха:
   - А я дзедаў унук.
   - А фамiлiя твая?
   Зiрнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовiў: "Не ведаю..." Як уджалены, падскочыў пан.
   - У склеп iх! - грымнуў ён на ўсё горла.
   Мiколку з дзедам адвялi ўбок да купкi людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганялiся за каровамi, за iншай жывёлай. Частку гналi ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралi для нямецкага войска. Сяляне аставалiся на дымных папялiшчах. Над папялiшчамi кружылiся крумкачы. Дымiлiся платы i дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалi два забiтыя чалавекi.
   Мiколка з дзедам iшлi ў групе людзей. Iх падганялi салдаты. На салдатах былi чорныя венгеркi i чорныя шапкi. На шапках былi страшныя чарапы. На пражках паясоў паблiсквалi пад сонцам выбiтыя лiтары нямецкiх слоў: "З намi Бог!"
   Кружылiся крумкачы над дымнымi папялiшчамi.
   Паблiсквалi штыкi.
   Людзей вялi ў склеп.
   У нямецкiм палоне
   Склеп быў нiзкi, вiльготны, з прапыленымi, бруднымi сценамi, з невялiкiмi акенцамi, узятымi ў жалезныя краты. У акенцы вiдаць былi ногi часавога. Другi часавы быў ля дзвярэй, ад якiх вяла ў склеп невялiчкая лесвiца. Гэты часавы хадзiў узад i ўперад ля дзвярэй i раз-пораз гучна пакрыкваў, каб не размаўлялi мiж сабой, каб сядзелi цiха, маўклiва. Было тут каля трыццацi чалавек. Было некалькi батракоў, адзiн каваль, а рэшта сяляне. Усе чакалi, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеi, цi будзе калi збаўленне ад пана, ад немца, цi хутка прыйдзецца памiраць. Спрабавалi спытаць аб тым часавога: