Таго, што давалi ёй есьцi, хапала з яе, яшчэ й заставалася, на стале чарсьцьвеў хлеб, суп з рыбай вылiвала ў "парашу". Не хацелася есьцi, душа зацялася i пасьцiлася, як душа манашкi. Пiла толькi гарбату з цукрам. "Сохне душа, няхай сохне й цела".
   Забразгацяць посудам на карыдоры, i Валя Камоцкая ведае - абед. Турэмнiк стане на парозе, трохi пажартуе i зноў зачынiць дзьверы, упусьцiўшы ў камэру на некалькi глыткоў халаднаватага паветра. I гэтак тры разы на дзень. У дадатак - выпусьцяць у прыбiральню. Валя вымые там сваю блюзку цi што iншае, высушыць у камэры i зноў надзене чыстае. А то пашчасьцiць разабраць "пошту": дастаць з кошыка кавалак газэцiны, некiм кiнуты туды. Ёй газэт не давалi, i яна дзiвiлася, што нехта iх мае i, як назнарок, кiдае тут, як-бы спэцыяльна для яе. З гэтай "пошты" Валя шмат аб чым даведвалася, распасьцiраючы ў камэры на стале пакммечаныя шматкi, а то й цэлыя балонкi якой-небудзь газэцiны. Напрыклад, ёй удалося вычытаць, што скончыў самагубствам Чарвякоў, арыштаваны Галадзед, Шаранговiч, Жылуновiч (Цiшка Гартны), Кудзелька (Мiхась Чарот), Касянкоў-Зарэцкi, Дайлiдовiч-Дудар i г.д. Такiя i iншыя навiны як-бы жывiлi Валю, яна вычувала, што насоўваецца нешта вялiкае i што ў гэтым вялiкiм, можа стацца, i яна знойдзе нейкае сваё месца. Але зноў - цесныя сьцены камэры сьцiскалi яе ў сваiх каменных абдымках, не давалi ходу, i ўсяго, што ёй заставалася - гэта той нязводны кавалак неба, што сiнеў у ейным высокiм вакне, перахрышчаным кратамi.
   Валю Камоцкую ня толькi не выклiкалi на допыт, але i не вадзiлi на прагулку. Стоячы пад дзьвярыма i падслухоўваючы рух на карыдоры, Камоцкая чула, як там тупацелi, пацiху гаварылi i сыходзiлi ўнiз па гулкай лесьвiцы. Камоцкая здагадвалася, што гэта вядуць зьняволеных на прагулку, бо хутка яны вярталiся i тупаценьне ўзнаўлялася. Валя чакала, што вось павядуць i яе, але нiхто не падыходзiў да яе дзьвярэй i не адчыняў iх, i яна, зьняможаная ў чаканьнi, садзiлася за свой каменны столiк у кутку.
   Увечары выблiснулi за кратамi зоры i паказаўся ў небе новы, тонкi ў сваiх абрысах месяц. Ён крышыўся ў кратах вакна, i, паламаны, сыпаўся аськепкамi сьвятла ўнiз, па той бок сьцяны. Валi здавалася, што калi-б яна магла падставiць свае прыгаршчы, гэтыя аськепкi, упаўшы, апяклi-б ёй далонi. Але гэта ёй толькi здалося. З суседняй камэры дробненька забарабанiлi ў сьцяну. Па рытму гэта нагадвала ёй азбуку Марзэ. Камоцкая пашкадавала, што яна не разумее гэтага коду i выклiк на размову застаўся без адказу. Валя, узяўшы лыжку, толькi чыркнула ёй па сьцяне. I неводомы ёй сусед цi суседка замоўк. Але ад усьведамленьня, што нехта жыве побач яе i, напэўна, мучыцца гэтаксама, як i яна, ёй рабiлася весялей. Яна пачынала сваю няспынную хаду па камэры, да яе вярталася сiла, i недзе ў iмглiстай далечынi як-бы ўспыхвала надзея, то няясная, то зыркая, дастаткова звабная, каб натхняць яе i аддаляць ад усяго, што яе трымае тут.
   I месяц, i зоры за вакном, i той паўзмрок у камэры, якога не магла перамагчы лямпачка ўгары, i той, нарэшце, выклiк з-за сьцяны - усё гэта вытварыла ў Валi нязвычайны настрой.
   На карыдоры дзённая зьмена дзяжурных перадае сваю "паству" начной. Значыць дванаццаць гадзiн. Адчыняюцца дзьверы, i начная зьмена прыймае "тавар" ад дзённай, запiсваючы ў журнал колькi таго "тавару" ў наяўнасьцi.
   - Колькi ўсяго? - трымаючы журнал i алавiк напаготове, пытаецца начная зьмена ў дзённай.
   - Колькi ўсяго? Ня бачыш? Адна! - сьмяючыся, адказвае старая зьмена.
   Дзьверы зачыняюцца, крокi зацiхаюць i вее жудасьцяй ад мёртвага турэмнага гмаху.
   Праходзiць яшчэ паўгадзiны, i Валя, сьцiшаная, кладзецца ў ложак.
   Толькi Камоцкая ўладкавалася, як адчынiлiся дзьверы i чалавек у форме прыглушаным голасам, але ўладна прагаварыў:
   - Зьбiрайцеся на допыт! Хутка!
   Камоцкая хутка была гатова. Праз хвiлiну яна ўжо зыходзiла з другога паверху ўнiз, устрывожаная i спалоханая нечаканым выклiкам.
   На двары зоры з вышынi калолi яе сьвятлом, што сьцякала з iх, як iз штыхоў. Хутка яна апынулася ў тым будынку, у якiм яна была на першым допыце. Гэты будынак выглядаў цяпер больш прыплюснутым, здавалася, што ягоная столь у карыдоры гатова ўпасьцi на галаву ў кожную хвiлiну. Карыдор хутка скончыўся крутымi сходкамi ўнiз, i Валя была ўжо ў другiм карыдоры, даўжэзным i вузкiм. У канцы яго адчынiлiся дзьверы, i яркае сьвятло выбухнула навонкi. З дзьвярэй выйшаў чалавек у форме i, угледзеўшы Валю, чакаў яе, пакуль яна не падыйдзе да яго.
   - Бачаце, як мы вас сустракаем? - усьмiхнуўся ёй Палiтыка. - Заходзьце вось сюды! Мы вас ужо даўно чакаем!
   Потым Палiтыка зьвярнуўся да чалавека, што прывёў Валю, i сказаў:
   - Вы свабодны. Можаце йсьцi.
   I ўжо да Камоцкай:
   - Сюды! Сюды! Вось у гэты пакой!
   У зырка асьветленым пакоi, куды ўвайшла Валя, ня было нiкога. Палiтыка пасадзiў Валю за стол i, перабiраючы нейкiя паперы на столiку, запытаўся:
   - Як вам сядзiцца? Я пасьпяшаўся трохi з выклiкам - вы яшчэ за такi кароткi час нiчога не пасьпелi надумаць. Цi можа ўжо?
   Палiтыка, адыйшоўшыся ад столiку, не чакаючы адказу, нацiснуў кнопку.
   - Зараз я вам пакажу такое, чаго вы, пэўна, не спадзяецеся пабачыць. Я, уласна, i выклiкаў вас сюды, каб зрабiць вам прыемнасьць. Мы народ спагадлiвы...
   З двума сьледчымi ў габiнэт увайшоў Раман Корзюк. Наступiла цiшыня, якой нiхто не парушаў. Сьледчыя адыйшлiся, як-бы ня хочучы перашкаджаць i назiралi зводдаль. Камоцкая, седзячы, бяз нiякага, здавалася, зьдзiўленьня, спакойна i моўчкi глядзела на Рамана, сваiм поглядам шукаючы яго вачэй, якiя ён хаваў пад спушчанымi павекамi. Але гэта цягнулася можа якую тысячную долю сэкунды i Раман, пад пiльным поглядам Валiных вачэй, зiрнуў на яе i iх кiдкiя погляды зьбеглiся, збочлiва i коратка. З iх нiхто яшчэ не сказаў нiводнага слова.
   - Рамантычная сустрэча не ўдалася, пачнём рэалiстычную. Можа гэта ўдасца лепей! - ня вытрымаў Палiтыка, з халоднай усьмешкай паглядзеўшы на сваiх сяброў-сьледчых. - Грамадзянiн Корзюк, сядайце!
   Корзюк сеў за сталом насупраць Валi. Селi й сьледчыя за асобны столiк.
   - Валя Камоцкая, вы ведаеце Рамана Корзюка? - пачаў Палiтыка. - Усё душэўнае вы мусiце цяпер адкiнуць! Адказвайце на маё пытаньне: вы ведаеце Рамана Корзюка?
   - Вы ведаеце добра, што гэта лiшняе пытаньне.
   - Раман Корзюк, вы ведаеце Камоцкую?
   - Валя, падумай толькi - нiчога ня сталася. Усё будзе добра! Чаго ты нахохлiлася? Сягоньня мы вялiкiя акторы! Грайма-ж!
   - Ц-с-с. Адказвайце на пытаньне!
   - Ня зьдзеквайцеся!
   - Бацькоў i сястру Рамана Корзюка ведаеце, Камоцкая?
   Валя Камоцкая глядзела на Рамана i ня ведала, што гаварыць.
   - Валя, гавары! Гавары! Нiчога ня бойся! Усё, як было! Толькi гавары годна! Грай! Чым большай ты будзеш акторкай, тым больш будуць задаволеныя табой нашыя рэжысэры.
   - Не хачу я граць!
   - Правiльна - граць ня трэба! Валя Камоцкая, адказвайце на маё пытаньне! Бацькоў i сястру Рамана Корзюка вы ведаеце?
   - Нiкога i нiчога я ня ведаю... Досыць... Досыць мучыць мяне...
   Валя Камоцкая зайшлася гiстэрычным плачам, рукамi закрыўшы свой твар. Сьледчыя пераглянулiся мiжсобку. Двое з iх узялi пад рукi Камоцкую i вывелi яе ў суседнi пакой, пакiнуўшы дзьверы адчыненымi. Корзюк бачыў, як Валю пасадзiлi там на дыван. Немаведама адкуль узяўшыся, моўчкi цьвёрдаю хадой перасекла пакой "Галя", тая самая "Галя", што сустракала Корзюка на першым яго допыце тут. "Галя" села каля Валi i сьледчыя вярнулiся.
   - Нiчога! Пасядзiць трохi i ачухаецца. Гэта яшчэ нiшто! А тымчасам паклiчам сюды яшчэ аднаго героя.
   Палiтыка пазванiў i прывялi Шаркевiча.
   - Пазнаеце адзiн аднога, сябры?
   Раман пакiнуў пытаньне без адказу.
   Палiтыка пачаў званiць. Хутка ў вялiкi пакой Палiтыкi ўвялi пад зброяй пяць чалавек, у тым лiку i Генадзя Кандраценю. За сьпiною ў кожнага з iх пасталi чырвонаармейцы з вiнтоўкамi. Як толькi прыведзеныя селi, увайшлi двое ў ваеннай форме, на выгляд - высокае начальства. Палiтыка i двое ягоных паплечнiкаў павайсковаму аддалi iм чэсьць. Высокае начальства села за стол, пакрыты чырвоным сукном. Паабапал начальства селi сьледчыя. У пакой "Галя" ўвяла Камоцкую.
   Узьняўся Палiтыка:
   - Гэта яшчэ ня суд. Суд будзе. Справядлiвы, але бязьлiтасны суд.
   Палiтыка сеў, а адзiн з высокага начальства - высачэзны i кантаваты падняўся, вiдавочна, прызвычаены гаварыць стоячы.
   - Я займаюся даўно вашаю справаю, арыштаваныя! - пачаў ён. - Канешне, ня толькi вашаю аднэй справаю, а й сотнямi падобных. Карацей - я вывучаю нацдэмаўскую справу ва ўсебеларускiм маштабе. Але я не гэта хачу сказаць. Я тут зараз хачу падчыркнуць адзiн факт, якi вы, можа, не дастаткова ясна ўяўляеце сабе, а менавiта зьнiтаванасьць нацдэмўскай кантррэвалюцыйнай шпiгунска-дывэрсыйнай арганiзацыi, сцэнтралiзаванасьць яе. Ды як-бы нi была сцэнтралiзаваная гэтая арганiзацыя, цэнтра, я ўпэўнены, вы ня ведаеце, i такому адгалiнаваньню, як, скажам, ваша ў Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце можа здацца, што яно нi з кiм i нi з чым ня зьвязанае, што яно самастойнае, народжанае мясцовымi ўмовамi, нявiннае, бяз мэты i кiрунку адгалiнаваньне. Болей таго - вы можаце сказаць, што вашая ячэйка (умоўна назаваём яе гэтак) жыла штодзённым студэнцкiм жыцьцём i нiчога такога не рабiла, чаго-б нi рабiлi i ўсе. I мы гатовы нават згадзiцца з гэтым. Бальшыня членаў (бяручы гэта слова не фармальна) вашай нацдэмаўскай ячэйкi ў Пэдiнстытуце, сапраўды, усяго толькi й рабiла, што чытала забароненую нацыяналiстычную лiтаратуру, шукала яе, i найчасьцей шукала яе таму, што яна забароненая лiтаратура. Бальшыня з вас ня лiчыла гэта нейкiм праступствам перад савецкай уладай. I я нават скажу тут, што ў дадзеным выпадку ня вы вiнаваты перад савецкай уладай, а яна перад вамi. Бо-ж гэта яны, мясцовыя органы савецкай улады, пазбавiлi вас гэтай лiтаратуры. Пад рубрыкай забароненай лiтаратуры апыналася найiстотнейшая частка беларускай лiтаратуры, i нам зусiм зразумела ваша прыродная, натуральная цяга да яе. I гэта нiякая не нацдэмаўшчына! Нацдэмаўшчына пачынаецца там i тады, калi нехта гэтую вашую натуральную цягу ськiроўвае ў iншы бок i надае ёй палiтычна-iдэялагiчны характар, а ў некаторых выпадках прост улучае яе ў сфэру шпiгунства, здрады i дывэрсыi. Хто накiроўвае i ўлучае, запытаецеся вы? Адкажу адразу - ваш Цэнтр. Дзе ён i якi ён? I вось над гэтым трэба затрымацца... Да тых пор, пакуль у Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце пэўная група студэнтаў (досыць вялiкая) толькi чытала забароненую лiтаратуру, захаплялася ёю, сябравала памiж сабой i ня думала, што яна кантррэвалюцыйная група, да тых пор гэтая група ня была небясьпечнай для нас. I мы ня лiчылi яе нацдэмаўскай групай. Але з часу, калi яе намацаў сваiмi шчупальцамi Цэнтр, калi яна сталася ўцягнутай iм у агульную арганiзацыю, яна зрабiлася небясьпечнай для нас. Вось чаму вы апынулiся тут. I тут я вам скажу адзiн сакрэт (прамоўца ўсьмiхнуўся) гэтаю начой, лiтаральна паўгадзiны таму назад, органы НКВД (прамоўца пасур'ёзьнеў) дадаткова арыштавалi сорак студэнтаў ВПI. Яны цяпер тут, разам з вамi. I ўсё гэта толькi таму, што яны ўцягнутыя, няважна - разумеюць яны гэта, цi не. Яны апынулiся ў засягу Цэнтра, i з гэтага часу перасталi быць савецкiмi студэнтамi.
   Гэта адзiн бок, якi я тут хацеў адцемiць. Ёсьць яшчэ iншы, аб якiм i будзе мова... Самi па сабе вы для нас - ноль. I мы ня сталi-б з вамi вазёкацца, надаваць вам нейкае значэньне, набiваць вам цану - вы ня вартыя, кажу, усяго гэтага. Нажаль... (прамоўца затрымаўся) нажаль, запахла порахам. Мы яго ўжо чуем, хоць яшчэ й на вялiкай ад нас адлегласьцi. Вы зьяўляецеся тым порахам, на якi разьлiчвае наш вораг. Так што ўсё, што мы робiм, нi больш, нi менш санiтарнае мерапрыемства. Гэта iншая рэч, што аднаго санiтарнага мерапрыемства мала для нас i мы змушаныя часамi ўжываць больш радыкальныя сродкi... Усiх вас ня так ужо й шмат, але мы бярэм пад увагу, што ў кожнага з вас ёсьць бацькi, браты, сёстры, сваякi i разам - гэта ўжо вунь якая армiя!..
   Да гэтага часу прамоўца гаварыў i не глядзеў на арыштаваных. Ягоны зрок быў ськiраваны ўвесь час на чырвонаармейцаў, што стаялi ззаду зьняволеных i былi быццам мiшэняй для прамоўцы. Цяпер прамоўца затрымаў свой зрок на зьняволеных i, перачакаўшы часiну, зноў пачаў, але ўжо зьмененым, нiжэйшым тонам.
   - А потым i яшчэ адно - гэтак званае нацыянальнае пытаньне. Скажу катэгарычна й шчыра (у НКВД гэта можна сабе дазволiць), што гэтае пытаньне здымаецца намi з парадку дзённага, як пытаньне, якое не забясьпечвае цэласьцi савецкае Расеi. Вырашыць пазытыўна нацыянальнае пытаньне, значыць - разбурыць Савецкi саюз, а мы на гэта нiколi ня пойдзем. Так што, уласна кажучы, беларускае пытаньне ня мае будучынi. Разьвязаць нацыянальнае пытаньне ўнутры iмпэрскай Расеi немагчыма, i ваш Цэнтр разумее гэта. Вось чаму разьвязкi нацыянальнага пытаньня ён шукае вонках. Адсюль - арыентацыя Цэнтра на буржуазны Захад, у сяньняшнiх умовах - на Польшчу й Нямеччыну.
   Прамоўца паглядзеў на гадзiньнiк i загаварыў хутчэй.
   - Я ня сьледчы. Вашыя сьледчыя сядзяць побач мяне i яны канчальна разьвяжуць вашае пытаньне. Побач дзяржаўнай функцыi, якую НКВД выконвае, у яго ёсьць яшчэ функцыя ўзгадаваўчая. Я тут i выступаю з гэтай мэтай i спадзяюся, што маё выступленьне дапаможа вам разабрацца ў сутнасьцi справы i стаць на шлях супрацоўнiцтва з вашымi сьледчымi.
   Прамоўца спынiўся, узяў з стала паперы, якiя ляжалi перад iм, i, гледзячы ў iх, пачаў:
   - А вось i той Цэнтр, аб якiм я гаварыў. Усё, што я хачу тут зрабiць, гэта пералiчыць некаторыя з iмёнаў, якiя складаюць цi складалi гэты Цэнтр: Iгнатоўскi, Балiцкi, Адамовiч, Чарвякоў, Убарэвiч i некаторыя iншыя. З прысутных тут цэнтраўцаў вы бачыце чатырох: Жылуновiча - Цiшку Гартнага, Дайлiдовiча - Алеся Дудара, Касянкова - Мiхася Зарэцкага, Кудзельку - Мiхася Чарота. Прашу ўзьняцца!
   "Цэнтраўцы" паднялiся.
   Раман Корзюк, а таксама Кандраценя з Шаркевiчам глядзелi на iх без асаблiвага зьдзiўленьня. "Цэнтраўцы", слаба ўсьмiхаючыся, паголеныя i ў гарнiтурах, бяссэнсоўна i ледзь прыкметна паварочвалiся направа i налева, кланялiся, быццам перад iмi была сапраўды вялiкая аўдыторыя.
   - Сядайце, калi ласка!
   "Цэнтраўцы" селi.
   - Гэта, так сказаць, навочны вам прыклад. Возьмем цяпер вас самiх, ячэйкаўцаў. Хто вы i што вы? Хто вамi апякуецца? Кандраценя, устаньце!
   Кандраценя ўзьняўся i ўсе мускулы на ягоным твары зайгралi, аляiстыя вочы засьмяялiся, забегалi.
   - Кандраценя - гэта вельмi важнае зьвяно ў нацдэмаўскiм ланцугу. Яго перакiнула да нас яснавяльможная Польшча i ён лазiў тут у нас даволi доўга. Зьнюхаўся з нашым начальнiкам пагранзаставы i з ягонай дапамогай перапраўляў за мяжу забойцаў, дывэрсантаў i розных кантррэвалюцыянэраў, у тым лiку сям'ю Корзюкаў. Працаваў i на iдэалягiчным фронце. Фармальна не належыў да ячэйкi ў ВПI, але накiроўваў яе праз Рамана Корзюка. Сядайце, Кандраценя!
   - Шаркевiч!
   Узьняўся Шаркевiч.
   - А гэта вось Кандраценеў памочнiк, выканаўца ягоных плянаў. Знаўца гранiцы i майстра пераходзiць яе! Сядайце, Шаркевiч!
   - Корзюк.
   На ўвесь свой рост падхапiўся Корзюк.
   - А гэта вось, бачыце, галоўная сiла ў нацдэмаўскай ячэйцы Пэдiнстытуту. Сын забойцы. Быў перакiнуты ў Польшчу ўсё тымi-ж Кандраценем i Шаркевiчам, але па загаду Цэнтра вярнуўся адтуль з мэтай барацьбы з савецкай уладай, з ейнымi прадстаўнiкамi. Кандраценя рыхтаваў Корзюка на тэрарыста, забясьпечваючы яго ня толькi грашыма, а й зброяй. Усё гэта было знойдзена ворганамi мiлiцыi i НКВД на кватэры Рамана Корзюка. Сядайце!
   Корзюк адразу ня сеў, заставаўся стаяць, гатовы, як выглядала, на нейкую неспадзеўку, але стрымаўся i толькi запытаўся, цi сапраўды высокi начальнiк болей не патрэбуе яго, у выпадку патрэбы, ён мог-бы паслужыць яму дэкарацыяй колькi начальнiку спатрэбiцца.
   - Камоцкая!
   Камоцкая не ўставала. Высокi чын папрасiў яе яшчэ. Аднак, Камоцкая заставалася ўсё сядзець.
   - Няважна... Адным словам, Камоцкая заблыталася ў кантррэвалюцыйных сувязях, ад усьведамленьня гэтага не валодае сабой. Камоцкая выкрала мацi й сястру Рамана Корзюка з-пад аховы раённага НКВД i даставiла iх на хутар Шаркевiча, адкуль iх, усю сям'ю, Шаркевiч перакiнуў у Польшчу. На гэтым я канчаю. Я спадзяюся, што карцiна, намаляваная мною й падмацаваная канкрэтнымi прыкладамi, гаворыць сама за сябе.
   Высокi начальнiк сеў. Атрымаўшы ад аднаго сьледчага нейкую папку, ён выйшаў з-за стала, за iм падняўся i другi высокi начальнiк. Абодвым iм сьледчыя зноў аддалi чэсьць i высокiя чыны выйшлi з габiнэту Палiтыкi.
   Сьледам за iмi чырвонаармейцы вывелi i "Цэнтраўцаў", а таксама Кандраценю i Шаркевiча. Камоцкая з Корзюкам яшчэ заставалiся ў Палiтыкi.
   ...Вокны ўжо пачалi сiнець ранiшняй трывогай, але ў габiнэце Палiтыкi гэтага не заўважалi. Зыркае сьвятло ад лямпачак выядала вочы i здавалася - ноч яшчэ ў сiле. Толькi вялiкi гадзiньнiк, што бесьперестанку тахкаў на сьцяне, здавалася, пайшоў хутчэй, быццам даючы гэтым знаць, што ён даволi ўжо адмерыў начы i што яна ўжо канчаецца.
   За Камоцкай у габiнэт зайшла "Галя". Валя разьвiталася з Раманам. Пакуль яна йшла да дзьвярэй. Раман увесь час глядзеў ёй усьлед.
   - Бывай Валя!
   Калi Валя зiрнула на яго, павярнуўшыся ад дзьвярэй, яна таксама хацела сказаць "Бывай!", але не магла i толькi зайшлася плачам.
   - Сцэнiчнае мастацтва на сёньня скончылася. Заўтра пачнецца мастацтва сапраўднае, - прыгразiў Палiтыка, адпушчаючы Корзюка.
   27
   У тую самую ноч, калi Палiтыка, разам iз вышэйшым начальствам, iнсцэнiзаваў у НКВД "нацдэмаўшчыну", у Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце адбывалiся вялiкiя арышты. За ноч было арыштавана сорак студэнтаў, пераважна з лiтаратурнага й гiстарычнага факультэтаў. Але трапiлi ў гэты лiк i студэнты з iншых адзьдзяленьняў, у прыватнасьцi з пэдоляга-пэдагагiчнага. Асаблiва латошылi ў тую ноч iнтэрнаты на Энгельса i ў Галоўным корпусе Ўнiвэрсытэцкага гарадка. Людзi з НКВД былi поўнымi гаспадарамi тае начы. Але яшчэ ўдзень перад тою начой i ўвечары, калi толькi што пачынала шарэць, можна было заўважыць iх, пераадзетых у штацкае, на сходках i ў пад'ездах гэтых iнтэрнатаў. Яны асьцярожна й коратка праходзiлiся тут i зьнiкалi гэтаксама, як i зьяўлялiся нечакана й няпрыкметна. Апрача тэхнiчак, iх нiхто й не заўважаў. А калi перавалiла за поўнач, яны пад'ехалi на машынах, размаляваных i быццам прызначаных для развозкi хлеба па магазынах, на такiх-жа самых машынах, якiмi карысталiся i ў горадзе, з надпiсам на iх "хлеб" (пры тым на розных мовах). Грузiлi гэты "хлеб" i везьлi на Ўрыцкага, у турму.
   У самым найбольшым пакоi ў iнтэрнаце на Энгельса, пасьля дванаццатай, калi ўжо ўсе вярнулiся з гораду й спалi моцным сном, загарэлася вiсючая пад сталом вялiкая электрычная лямпачка, зырка асьвяцiўшы ложкi, што цесна стаялi паўз сьцен. Ззаду людзей, якiя ўвайшлi ў пакой, стаяла тэхнiчка i, калi трэба было, паказвала, дзе хто сьпiць. Патрэбных студэнтаў цiха будзiлi, гаварылi iм, што яны арыштаваныя, загадвалi ўставаць i зьбiрацца. Iшоў вобыск, пiсалiся пратаколы. Усё гэта рабiлася хутка. Суседзi па ложку, прачнуўшыся, прыкiдвалiся соннымi, i, калi яны былi патрэбныя як сьведкi, iх нельга было дабудзiцца. У такiм разе падпiсвала пратакол у якасьцi сьведкi тэхнiчка. Калi ўсё ўжо было гатова, арыштаваных выводзiлi i лямпачка гасла.
   Тое-ж самае дзеелася i ў iнтэрнаце Галоўнага корпусу. Але там апэрацыя арыштаў праходзiла лацьвей: пакоi маленькiя, на тры-пяць чалавек, i можна было б не асьцерагацца вельмi. А часам здавалася, што забiралi цэлым пакоем, дык тым болей нiякага розгаласу баяцца ня трэба было. Адылi як-бы латва не праходзiлi тут арышты, слых аб iх блiскавiчна разьнёсься па ўсiх карыдорах iнтэрнату. Быццам у нейкай самаабароне тушылiся на карыдорах лямпачкi. Згашаныя яны былi й на той пляцоўцы, дзе на Кастрычнiк былi танцы.
   Спакойна спаў толькi манастыр. Для яго гэтая ноч была, як i ўсе iншыя ночы. Тым болей ашаламiла яго ранiца ў iнстытуце, калi яна наступiла.
   А гэта была самая палахлiвая ранiца, ранiца дваццаць чацьвертага лiстапада 193* году.
   Усе дзяўчаты прыйшлi на заняткi ў iнстытут, як i звычайна, перад самым званком. За кафэдрай, аблакацiўшыся, стаяў Пiятуховiч i, склаўшы свае вусны ў нейкай запытальнасьцi, глядзеў перад сабою i быццам нiчога ня бачыў, маўклiвы й акамянелы. Лекцыi не пачынаў, нечага чакаў. Дзiчкоўская, увайшоўшы ў аўдыторыю i пабачыўшы, што яна напаўпустая, спынiлася адразу-ж каля дзьвярэй. Павярнуўшыся да сваiх сябровак, што таксама спынiлiся за ёю, запыталася:
   - Дзяўчаты, глядзеце, дзе-ж гэта падзелiся нашыя хлопцы?
   Пiятуховiч як-бы ня чуў гэтага i ўсё заставаўся ў тэй-жа самай позе. Ён толькi бачыў, як селi на сваё месца Дзiчкоўская, Шкляр, Лагоўская, Аўсеева, Ларыса, але, здавалася, ня ўспрыймаў гэтага, яго вочы глядзелi няпрысутным, патойбочным паглядам. Чакаў i лекцыi не пачынаў.
   Роза Шкляр непазнавальна зьмянiлася: яна ўбачыла, што ў лiку адсутных быў i ейны Каплеўскi. Заўсёды сьмяшлiвыя, ейныя вочы спынiлiся й застылi, а твар, звычайна белы ад пудры, зачырванеўся. Бася Цыпiна ня ўгледзела за сваiм столiкам Петрака Шыракова, i Дзiчкоўская, да якой ужо пасьпеў вярнуцца ейны зласьлiвы гумар, прыкмецiўшы гэта, выпалiла:
   - Бася, цяпер ня будзе каму адразаць у цябе каўбасы. Сьцiзорыка твайго няма таксама. Ня толькi-ж аднаму Раману Корзюку адседжвацца! Бачыш, як падмялi!
   З хлопцаў прыйшлi на заняткi Шынкевiч, Яначкiн, Пелагейчык. Нават Шарамецьцева, i таго забралi. Сьцяпан Мялешка таксама адсутнiчаў.
   - Паўторым тэзы нашай папярэдняй лекцыi! - пачуўся, нарэшце, голас прафэсара Пiятуховiча, якi меў звычай заўсёды пачынаць сваю лекцыю гэтымi словамi. Не пасьпеў Пiятуховiч паўтарыць "тэзаў", як зьявiўся Сьцяпан Мялешка i аб'явiў, што па загаду дырэктара заняткаў ня будзе i што замест гэтага склiкаецца агульны сход студэнтаў i выкладчыкаў.
   - Вось табе й тэзы! - нi то сур'ёзна, нi то жартлiва тыцнула пад бок Дзiчкоўская Цыпiну, што села цяпер побач яе.
   - Ужо ня будзе й лекцыi? - уськiнуў прафэсар на Мялешку спалоханы пагляд сваiх вачэй.
   - Такi загад, таварыш прафэсар.
   Пiятуховiч заўсёды баяўся сходаў - ён нiколi нiчога добрага для сябе не чакаў ад iх. Тым болей баяўся сягоняшняга сходу. Пiятуховiч даведаўся аб арыштах яшчэ перад заняткамi i добра ўяўляў сабе, якi гэта будзе сход. Згроб свае сьпiсаныя алавiком лiсткi, паклаў iх асьцярожна ў партфэль. Паглядзеў неяк асаблiва на студэнтаў i ягоныя вусны зноў склалiся ў журботную i вiнаватую напаўухмылку. Пiятуховiч быццам разьвiтваўся iз студэнтамi. Здавалася - прафэсар шкадуе, што ягоная лекцыя засталася не прачытанай. На самай-жа справе, гэта было ня так: Пiятуховiч баяўся, што гэта ягоная апошняя лекцыя наагул. I Пiятуховiч не памыляўся.
   Студэнты паднялiся з-за сталоў, але з аўдыторыi ня выходзiлi, стаялi гуртам, зачыналi гаворку, хаця яна хутка й абрывалася.
   - Шынкевiч, а чаму цябе не арыштавалi? - распачала свой звычайны ход Дзiчкоўская i пайшла, сьмяючыся, на яго з кулакамi. - Чаму вас усiх не арыштавалi - i цябе, i цябе, i цябе! - бiла яна з падскокам кожнаму ў жывот сваiмi маленькiмi кулакамi. - Ня люблю я такiх хлопцаў. Вы нiкому непатрэбныя!
   Яна шукала яшчэ Мялешку, але той ужо пасьпеў выйсьцi.
   - Хто куды, а я ў буфэт! - пераводзячы на iншае гутарку, выгукнуў Пелагейчык. - Оля пабiла жывот кулакамi, дык балiць - пайду палячу малачком.
   - Iдзеце й вы ўсе з Пелагейчыкам, я-ж вас усiх пабiла, - лячыць свае жываты! Зараз-жа! Каб вас болей я тут ня бачыла!
   Жарты Дзiчкоўскай памаглi мала - нiхто асаблiва не сьмяяўся. Лагоўская не сказала нi слова. А Ларыса адыйшлася ад гурту i стала ля вакна, углядаючыся ў голыя галiнкi дрэў на панадворку.
   Калi выйшлi на карыдор, убачылi ля дошкi абвестак натоўп студэнтаў. Дзяўчаты накiравалiся туды. Загадам дырэктара выключалiся з складу студэнтаў усе арыштаваныя. Дзяўчаты табунком павярнулi да выхаду, сцiшаныя i сумныя.
   На дварэ сеелася iмжа. Дзяўчаты тулiлiся адна да аднэй, настаўлялi каўняры - зябка. У паветры як-бы малолася вiльгаць i, прасееная, як на самым тонкiм сiце, спадала нi то сьцюдзёнай зольлю, нi то дажджом. Дрэвы ад ветру хiсталiся i з iх сыпалiся буйныя кроплi дажджу. Дзяўчаты перайшлi на другi бок вулiцы, дзе ня было прысадаў. Iхныя валасы хапаў вецер i яны часта спынялiся, павяртаючыся сьпiной да ветру. Але ўсё роўна ён даймаў iх, безабаронных, у паношаных палiтончыках нарасхлiст. На завароце сквiлiлi трамваi, ахутаныя дажджанай iмглой.
   У карыдоры манастыру дзяўчаты ўгледзелi бацькоў Валi Камоцкай, якiх яны ведалi яшчэ з ранейшых часоў, калi яны прыяжджалi ў Менск наведаць дачку. Цяпер яны прыехалi за дачкiнымi рэчамi. Стаялi ля ўваходу ў манастыр дзяўчаты, iдучы на заняткi, прымкнулi сваю багадзельню. Гуртам увайшлi ў хату. Бацькi Камоцкай горка заплакалi, угледзеўшы сiратлiвы ложак свае дачкi. Мацi Валi была мяккога характару i ўсё сьлязiлася. Бацька, няпрыметна выцершы сьлязiнкi, што дрыжэлi на ягоных вейках, узяўся за работу: складаў рэчы, пакаваў, зьвязваў. Мацi гаманiла з дзяўчатамi, распытвала пра дачку, як яе арыштавалi, за што, цi пiша яна да iх i што яны думаюць будзе з ёй. Дзiчкоўская, як магла, суцяшала яе, сказала, што можа яшчэ Валю й выпусьцяць. Лагоўская таксама спрабавала супакоiць Валiну мацi, гаворачы, што не адну-ж яе арыштавалi, на што Камоцкая-мацi адказала:
   - А от вас-жа не арыштавалi.
   - Можа яшчэ арыштуюць, - пацешыла яе Дзiчкоўская.
   - Крый Божа, каб я гэтага хацела. Я гэта толькi так сказала.
   - Пагаманiла й хопiць. Пара нам кратацца, - зьвярнуўся Камоцкi да сваёй старой.
   Стоячы ля парогу i гатовыя выйсьцi, яны яшчэ раз падзяквалi, што Валiны рэчы засталiся цэлымi. Ад парогу яны прыкмецiлi на сьцяне свой партрэт у рамачцы.
   - Iдзi, стары, здымi! Хай не назаляе паненкам. Досыць яны ўжо нагледзелiся на нас з табою.
   Валiн бацька зьняў рамачку, i месца, якое яна займала, цяпер выглядала бялейшым i чысьцейшым у параўнаньнi з цэлаю сьцяною.