Саля загаманiла i раздалiся галасы.
   - Выгнаць з iнстытуту Рамана Корзюка!
   - Арыштаваць Рамана Корзюка!
   Псыхоз улёгся, яму быў дадзены выхад, саля зашорхала нагамi, ажыла, нехта падняўся i папрасiў слова, але Мялешка яшчэ ня сунiмаўся, усё гаварыў, размахваючы рукамi.
   Валя Камоцкая знайшла ў сабе сiлы падняцца i накiравалася да выхаду. Сьцяпан Малешка праводзiў яе з трыбуны вачыма, аж пакуль яна не зачынiла за сабою дзверы.
   У Валiных вушох стала цiха-цiха, гарачыя сьлёзы апяклi ейны твар. На карыдоры нiкога ня было, толькi жанчына з распранальнi правяла яе вачыма аж да самага выйсьця з Галоўнага корпусу.
   Праз колькi хвiлiнаў яна была ўжо ў студэнткi Басi Цыпiнай, што жыла тут-жа за манастыром, ля Чыгуначнага маста, на кватэры свае сястры, жонкi другога сакратара ЦК КПБ. Валя ня то што сябравала з Цыпiнай, але любiла часамi заходзiць да яе, паслухаць, як яна грае на раялi, папоркацца ў ейнай бiблiятэцы, пабыць у сям'i (з Цыпiнай жыла i ейная мацi). Асаблiва Валя Камоцкая адчувала патрэбу ў людзях, калi ў яе было нядобра на душы, што-небудзь ня ладзiлася. Адзiным прыстанiшчам для яе тады была кватэра Цыпiнай.
   Цыпiны якраз позна сьнедалi й пасадзiлi за стол Валю Камоцкую. Валя нiчога ня брала, адмаўлялася, а калi пачалi яе ўгаварваць, заплакала. У адказ на роспыты, Валя ўсё расказала пра Мялешку i пра выступленьне сакратара партарганiзацыi (Цыпiна на сход не пайшла). Саромячыся сваiх сьлёз, Валя выцерла iх хустачкай i запыталася:
   - Адкуль гэта ў вас столькi набiта шкла?
   Валя й не заўважыла, што амаль усе шыбы на вулiцу былi выбiты. Бася падвяла Валю да вакна - праз вулiцу, якраз насупраць iхнага дому, ляжала грудай цэглы царква.
   - Узарвалi, - растлумачыла Бася.
   Валя толькi цяпер здагадалася, для чаго прыносiў у манастыр паперу i клей загадчык гаспадарчай часткай.
   Толькi пасьля абеду пачалiся ў iнстытуце заняткi. Валя хацела ня йсьцi, але яе ўгаварыла Цыпiна. Цiха, нiчога не запiсваючы, сядзела Валя за столiкам у першым радзе ад выкладчыка. Можна было падумаць, што яна ўважлiва слухае, але гэта было ня так. Выкладчык дыямату, той самы, якому Корзюк здаваў экзамен, як i заўсёды, тым-жа тонам, з тым-жа выразам у твары, гнусява напамяць цытаваў з Карла Маркса, Энгелса, Ленiна, як-бы й нiчога надзвычайнага ня здарылася, як-бы падзеi для яго зусiм ня тычылiся - нi сходы, нi мiтынгi, нi пагрозы, нi заклiкi. Ён як-бы знаходзiўся паза часам, належыў гiсторыi. Ён быў сапраўды той Кантавай рэччу ў сабе, сутнасьць якой ён цяпер тлумачыў сваiм слухачом. Як-бы не ўсьведамляючы сябе, аднак дакладна фармулюючы свае думкi, прафэсар хадзiў узад i ўперад, спыняючыся то каля аднаго, то другога столiку ў першым радзе, за якiм сядзелi пераважна дзяўчаты. Прафэсар такiм парадкам падыходзячы да Валi, кожны раз машынальна браў двумя пальцамi пасмачку доўгiх ейных валасоў i цягнуў яе ўгору датуль, пакуль пасмачка не канчалася. Пасмачка падала i прафэсар адыходзiў, каб зараз-жа вярнуцца зноў i рабiць тое самае. Гэта не магло ня выклiкаць сьмеху. Даведаўшыся ў чым рэч, прафэсар прасiў Валю прабачыць яму. Валя выбачала яму смутным схiленьнем свае галавы.
   На адным з перапынкаў у Малую салю Галоўнага корпусу ўнесьлi труну з целам прафэсара Барычэўскага. У ганаровай варце стаялi студэнты. Пастаяўшы колькi часiнаў перад труной свайго прафэсара, яны, зьмяняючыся, адыходзiлi, каб уступiць месца iншым.
   А пятай гадзiне ад Галоўнага корпусу да самай Камароўкi пацягнулася, як дэманстрацыя, пахавальная працэсiя. Наперадзе, адразу перад чорным катафалкам, iнстытуцкая аркестра грала жалобныя мэлёдыi з тугой па вечнасьцi. Валя Камоцкая iшла таксама "хаваць сябе", як яна думала. Да Ваенных могiлак было далёка i гразка. Наперадзе Валi сiгаў выкладчык дыямату, высачэйшы за ўсiх i ў пэнснэ. Задраўшы галаву, як жаўнер на парадзе, ён перастаўляючы ногi, некаму наступаў на пяты. Той "нехта", як вiдаць было, напачатку цярпеў, намагаўся iсьцi хутчэй, але яму ня было як, i ён, нарэшце, як-бы просячы ратунку, азiрнуўся назад - Валя Камоцкая пазнала ў iм Янку Купалу з кастылём на плячы.
   7
   Не сьпяшаючыся, Валя спушчалася ла сходках з трэцяга паверху ў касу. Якiмi трымя ступенькамi вышэй за ёю цiха клыпаў Сьцяпан Мялешка i з нейкiм затоеным дыханьнем глядзеў на яе ззаду: i ногi, i стан, i сiняя блюзка на ёй страшэнна падабалiся яму. Iдучы за ёю, ён думаў, якая яна ўсё-ткi прыгожая i прывабная. Такой зграбнасьцяй надзялiла яе прырода, што яна мусiла-б быць нечым надзвычайным, а не такой бязьлiтаснай, якою яна ёсьць на самай справе. Але гэта нiколькi не зьмяншала яе вартасьцi ў вачох Мялешкi i ён хацеў яе. Ды ён ведаў, што ён не падабаецца ёй: ён ня прыгожы i ёй не раўня. Але ён, як нiхто, адчувае прыгажосьць, ня так, як Раман - прыгожыя мужчыны ня ўмеюць ацанiць жаночага хараства i ўсяго iхнага прывабства.
   Валя адчувала сьпiной, што нехта за ёю iдзе, чакала, што яе хутка абгоняць, але той, хто мусiў-бы ўжо зраўнацца з ёю, нiбы назнарок марудзiў, i Валя аглянулася - толькi тады Мялешка хутка абмiнуў яе.
   Да касы стаяла ўжо вялiкая чарга - кожны хацеў атрымаць стыпэндыю хутчэй, тым болей, што сягоньня ўпяршыню за колькi год ува ўсiх крамах сталiцы прадаюць бяз картак хлеб, чорны i белы.
   Камоцкая ўсё роўна была-б апошняй, i ў чаргу таму не станавiлася, разглядала кнiжкi на выставе, што была тут-жа, недалёка ад касы. Гэта была пераважна выстаўка мастацкай лiтаратуры: Купала, Колас, Александровiч, Чарот, Галавач. А вось невядомы ёй аўтар Юрка Лявонны iз сваiм зборнiкам "Стала i мужна". Злучнiк "i" яна прачытала не адразу - ён быў некiм замазаны i ў яе выходзiла не "Стала i мужна", а "Стала мужна". Нешта кальнула ў сэрца, нешта азвалася ў нутры трывогай i жарсьцяй. Але гэта ўсё было толькi мiмалётнiм. Валя падыйшла да вялiкага вакна, дзе на падваконьнiку заўсёды клаў паштар лiсты для студэнтаў. Камоцкая нiчога не чакала для сябе, i толькi дзеля цiкавасьцi пачала разглядаць пошту. Аж не паверыла сваiм вачом, калi пабачыла лiст "Корзюку Раману Савоставiчу". Доўга думала, ўзяць, цi не, i пасьля некаторага ваганьня ўткнула лiст у кiшаню, паднялася аж на чацьверты паверх-паддашша, дзе канчалася лесьвiца невялiчкай пляцоўкай i дзе яна, бывала, сядзела з Раманам на крэсьле, невядома кiм прынесеным туды. Тут можна было прачытаць лiст да Рамана. Як выявiлася, пiсаў да яго з Варкуты Мiкола Саланевiч, якога забралi яшчэ ў мiнулым годзе з трэйцяга курсу, быццам за тое, што той абараняў на занятках антымарксысцкую тэорыю аўтагенных вобразаў Пераверзева, згодна якой пiсьменьнiк-спадарожнiк ня можа стацца пралетарскiм пiсьменьнiкам. У прыватнасьцi Саланевiч ня верыў у магчымасьць перабудовы Кузьмы Чорнага: ягоная буржуазна-нацыяналiстычная "аўтагеннасьць" перадалася-б у творы ўсiм персанажам.
   Саланевiча арыштавалi ня ў Менску, а ў Прапойску, куды ён паехаў настаўнiчаць, ня скончыўшы iнстытуту. У Прапойску Саланевiч многа пiў, але зьдзiўляў усiх сваiмi нязвычайнымi здольнасьцямi: i ў лiтаратуры, i ў музыцы, i ўва ўсiм чыста, за што нi браўся. Выкладаў у старэйшых клясах дзесяцiгодкi беларускую лiтаратуру, якую добра ведаў i дзеля чаго рэдка калi рыхтаваўся да заняткаў. Аднойчы прадстаўнiкi з раёна i з гаркома партыi захацелi пабываць у Саланевiча на ўроку. Яны зайшлi ў клясу, у часе перапынку, калi Саланевiч быў у настаўнiцкай, i селi ззаду. Саланевiч, нiчога ня ведаючы аб гэтым, п'яны, увайшоў у клясу бяз нiякiх нататак. Угледзеўшы гасьцей, зьбянтэжыўся, але ўсё-ткi паведамiў ня гэтулькi вучням, колькi прадстаўнiком, што гутарка сёньня будзе пра Янку Купалу. Хоць Купалы па раскладу ня было, тым ня менш Саланевiч наважыўся гаварыць мяноўна пра Купалу - свае здольнасьцi выкладчыка i сваю эрудыцыю ён спадзяваўся паказаць на Купалу. Ды не пасьпеў Саланевiч вымавiць i першага сказу "Iван Дамiнiкавiч нарадзi...", як нутро Саланевiча здрадлiва выкiнула на стол, за якiм ён стаяў, усё, што ён выпiў i чым закусiў. У той-жа дзень Саланевiча арыштавалi i накiравалi ў Менск. Цяпер у лiсьце да Корзюка, з якiм яго зьвязвала дружба, Саланевiч прасiў прыслаць яму... гальштук. Саланевiч пiсаў, яму жывецца ў лягеры вельмi добра, што ўсяго з яго хапае, лепей i быць ня можа, толькi вось не стае аднэй дробнай рэчы - гальштука. Спачатку гэтай алегорыi Валя не разумела, а потым з далейшага тэксту лiста здагадалася - гальштук сымбалiзуе сабою самагубства. Значыць, жыве Саланевiч так, што лепей было-б павесiцца. Так дасьцiпна паведамiў Саланевiч аб сваiм жыцьцi-быцьцi на Варкуце.
   Камоцкая парвала на дробныя кавалачкi лiст Саланевiча i спусьцiлася ўнiз. Ля касы было толькi некалькi чалавек i Валя стала за iмi. Касiр доўга шукаў у ведамасьцi Валiнага прозьвiшча i ўсё не знаходзiў, а Валя, стоячы ля вакна, думала, што ўжо можа й стыпэндыi няма для яе. Касiр падняўся з крэсла i выйшаў, як ён сказаў, на часiнку ў канцылярыю. Прайшло добрых пяць часiнак, а касiра ўсё ня было, i гэта яшчэ болей стрывожыла Камоцкую. Нарэшце, касiр прыйшоў, сказаў, што ўсё ў парадку i выдаў Камоцкай стыпэндыю, адлiчыўшы пяць рублёў на самаабкладаньне.
   Валя Камоцкая не пайшла ў манастыр, а да Басi Цыпiнай. Тая адразу тыцнула ёй лiст ад Рамана i ўпiхнула яе ў сваю спальню, жартлiва зазначыўшы, што яна ня хоча бачыць Валiных сьлёз. А сама стала зачэсваць рыжыя, як полымя, свае доўгiя валасы. Ззаду яны даходзiлi аж да пояса. У люстры вiднелiся Басiны голыя грудзi i шыя, усееныя ўсьцяж няпрыемным, як у курапы, рабацiньнем. Рабацiньне-плямы рухалiся ад кожнага ўзмаху рукi i гралi, як чышуёю. На твары сядзеў здаравяка-нос з вялiкай валасатай бародаўкай на канцы. Адылi гэта не перашкаджала Цыпiнай быць задаволенай сабою, яна расчэсвала i расчэсвала сваю гордасьць - валасы, пiльна ўглядаючыся ў люстра. Радасная i ўсхваляваная, яна чакала з хвiлiны на хвiлiну Петрака Шыракова i канечне хацела, каб ён застаў яе ў такiм выглядзе, найбольш эфэктным паводля ейнага разуменьня.
   На парозе паказаўся Пятрок Шыракоў з папкаю пад пахай. Жартлiвая, Бася пабегла да яго, ашчаперыла, пацалавала ў пухлую шчаку, абдаючы яго залацiстым агнём свайго пышнага валосься. Пятрок вызваляўся з рук Цыпiнай, выкручваўся, пакуль не пасыпалiся на падлогу сьпiсаныя аркушы паперы з папкi. Шыракоў ажно быў раззлаваўся, але на просьбу Басi, усё-ткi пацалаваў яе сваёю расьсечанай наўкось губою. Хутка яны расьселiся на дыване, i Шыракоў хацеў быў чытаць Басi сваё новае апавяданьне. Але Бася, паклаўшы свой падбародавiч на плячо Шыракова, перапынiла яго:
   - Ты ведаеш, хто ў нас? Ня ведаеш? Мой кавалер. Спалохаўся цябе i схаваўся ў маёй спальнi. Хадзi - пакажу!
   Цыпiна пацягнула Петрака за руку ў спальню, а з яе якраз ужо выходзiла Валя Камоцкая.
   - Ня выйшла - тваё шчасьце, - сьмяючыся, сказала Бася Петраку i запыталася ў Валi: - Зьбег? Дзе ён? I чаго гэта ён надумаўся пасылаць лiсты на мой адрас?
   - Ня ведаю.
   - А што ён пiша?
   - Нiчога. Тры радкi ўсяго.
   - Дзе-ж ён, пытаюся - у бацькоў?
   - Ах, ведаеш, Бася, як-жа ён можа быць у бацькоў?
   Цыпiна спакмела, што Камоцкая ня хоча гаварыць аб Раману i запрапанавала ёй застацца паслухаць апавяданьне Петрака, але Валя, папрасiўшы прабачэньня, пакiнула iх адных, ведаючы, што калi Цыпiна запрашае - ад запрашэньня трэба адмовiцца.
   "Прыедзь, калi можаж i хочаш пабачыць мяне, на тое самае месца, дзе мы былi з табою, як iшлi на Польшчу", - думала Валя аб прачытаных радкох у Раманавым лiсьце, пакiдаючы Цыпiну.
   "Прыездзь, калi хочаш i можаш"... Як я магу? Зусiм не магу. Гэта-ж ты добра ведаеш i сам, але просiш. Зьнябыўся, га? Я так i ведала. "Калi можаш"? Магчымасьцi ў мяне нiякай. Ёсьць толькi адно хаценьне.
   Камоцкая была рада хоця якой магчымасьцi пабачыцца з Раманам. Учора яна думала, што ўжо страцiла яго, аж тут, во глядзi, знайшоўся i спакушае.
   Як-жа мне дабрацца да "таго самага месца"? Тады гэта было проста i лёгка яны йшлi абы йсьцi, абы куды, вясёлыя, абы толькi наперад, праз ноч i цiш, поўныя хаценьня, цягi адзiн да аднаго, то была сапраўды вандроўка "на край начы". Гледзячы на зоры, Раман вёў яе тады "ў Польшчу", i сапраўды, яны дайшлi тады мала не да самай заставы. Цяпер ёй трэба йсьцi аднэй, i яна баялася гэтага кiрунку на Польшчу.
   Валя Камоцкая адчула - пахiснулася пад ёю зямля, усё, як назнарок, пайшло наўкрыў i не на ейную карысьць: i тое, што яе дапытвалi ў мiлiцыi, i тое, што Мялешка на сходзе назваў ейнае прозьвiшча, i той галоўны факт, што яна заадно з Раманам, i нават тое, што касiр ня выдаў ёй грошай адразу. Камоцкая адчула, што Раман разьдзелiць лёс Саланевiча, што, апынуўшыся на нейкай сваёй фатальнай дарозе, ён уцягне яе ў сваю арбiту. Усё гэта яна добра ўсьведамляла цяпер, але ведала - няма павароту. Каб нават i былi нейкiя шляхi да адступленьня, яна не павярнула-б на iх. Ёй таксама наканавана сваё, як i Раману. I Камоцкая нават iшла далей - ейны шлях прадбачаны нейкай вышэйшай сiлай, самiм космасам, як i шлях Корзюка. Як i Раман, яна чалавек з мiсiяй. "Нiхто з гранiц сваiх ня выйдзе", - пацяшала яна сябе. Таму сваё прызначэньне яна мусiць споўнiць. У гэтым "споўнiць" былi для Валi i насалода, i боль, i шчасьце. Адно было толькi ў гэтым няўцешлiвае - цi разумее Раман супольнасьць, наканаванасьць ягонай i ейнай долi? Адказ на гэтае пытаньне ў Валi выходзiў часта адмоўным. I яшчэ было адно балючае месца: гатовая "споўнiць", спаўняючы ўжо сваю "долю", Валя не магла споўнiць практычна-зямнога хаценьня сваiх бацькоў: выйсьцi ў людзi праз навуку. Не магла, бо навука ня йшла ў пары з ёю, з ейнаю "доляй", дый навука - гэта няшчасьце: каб яна сядзела ў бацькоў на зямлi, не пайшла ў гэтую навуку, усё можа пайшло-б паiншаму, хоць яна й усьведамляла, што ўжо й тая зямля перакуленая дагары i болей не ратуе, што ў спакойны быт зямлi ўварвалася грозная, разбуральная сiла. Адвеку чамусьцi так на нашай зямлi, што людзi, якiя йшлi ў навуку для сябе й зямлi свае, толькi цярпелi ад навукi. Яна ня была нiколi такой разгубленай, нiколi не паддавалася сваёй збытнасьцi, усе ейныя практычныя здольнасьцi пакiнулi яе i яна нат радая была паддацца нейкаму свайму вышэйшаму прызначэньню. Такi настрой у яе пачаўся, калi яна йшла "хаваць сябе" на Ваенныя могiлкi.
   "Прыдзi, калi хочаш i можаш пабачыць мяне". Помнiш нашае "трошачкi"? сьвяцiлiся ў Валiнай душы словы Раманавых запросiнаў.
   8
   Вярстох у трох ад савецка-польскай мяжы тулiўся да лесу аднэй сваёю хатай i вялiкай стадолаю хутар Баранкевiча. Гаспадара з сямёю некуды выслалi, як кулака, а на яго месца пасадзiлi многадзетнага бедняка Шаркевiча, даўняга прыяцеля Генадзя Кандраценi. З Шаркевiча гаспадар быў неважнецкi, але сельсавет, вiдавочна, не кiраваўся гаспадарскiмi якасьцямi Шаркевiча, i надзялiў яго гэтым хутарам з нейкiх iншых меркаваньняў. Гэтак i апынуўся Шаркевiч нечакана для сябе на гэтым аселiшчы з сваёю вялiкай сям'ёй - з дзьвюма дарослымi дачкамi i з драбязой-падлеткамi, голымi i абдзёртымi. Ведама, бяз маткi. Гультаяватыя, як i бацька, дарослыя дочкi ня дбалi пра меншых, глядзелi толькi самых сябе. Параўнаўча вялiкая хата Баранкевiча была разьдзеленая на чатыры пакоi-каморкi, якiя й зьмясьцiлi ўсю сям'ю Шаркевiча. На гэтую сялiбу i прывёў уначы Кандраценя Рамана Корзюка.
   Шаркевiчы i палавiны не сабралi з поля таго, што пасееў быў колiшнi гаспадар Баранкевiч: няскошаная сенажаць ляжала пажоўклай, а перасьпелае жыта ўпала крыччу, - Шаркевiч казаў, што яно было ўжо перасьпелым i высыпалася, калi ён перабiраўся на хутар. Затое Шаркевiчы накапалi сабе на зiму бульбы, насеклi капусты, нарылi буракоў, а мяса пасьвiлася на полi - цэлы гурт зьдзiчалых авечак. Быў конь i карова. Усё гэта дасталася Шаркевiчу дарма. Цэлая раскоша была тут Шаркевiчам.
   Хоць было ўжо запоўнач, калi Генадзь з Раманам прыйшлi на хутар, хата ўсё яшчэ сьвяцiлася адным сваiм вакенцам. Сьвятло яны заўважылi толькi тады, калi бралiся за клямку. Дзьверы былi не на засове, i Генадзь увайшоў з Раманам ня стукаючыся.
   За вялiкай старою пiянiнай, у кутку, пры газоўцы, сядзеў, як потым выявiлася, п'яны Шаркевiч i сьмяяўся з маладога ката, што асьцярожна хадзiў па клявiшах, нацiскаючы на iх сваiмi лапкамi, i палохаўся, калi клявiшы адзывалiся. Гэта, вiдаць, падабалася Шаркевiчу, i ён вяртаў ката зноў хадзiць па клявiятуры, забаўляючыся кацiнай iмправiзацыяй. З гасьцьмi прывiтаўся неяк ненатуральна шумна, апёкшы Рамана як незнаёмага затоеным бляскам сваiх вачэй.
   - Ага, ведаю, ведаю... Добра, добра! Пагаворым потым. Цяперка позна ўжо, трэба класьцiся спаць... Заседзеўся во... Дрынзы-брынзы пад кустом, накрывай... лiстом, - сьпяваў нешта сабе пад нос Шаркевiч. - Ну, як у цябе ўсё, Кандрацiк мой залаценькi? У мяне дык расход з барышом на адным полазе едуць... Дзе будзеш спаць, гэй ты (ён ляпнуў па плячы Рамана)? Пойдзеш да бацькi на сена, цi да дзявок?
   З каморкi выглянула на кухню цупкая дачка Шаркевiча, засланяючы ночнай сарочкай грудзi.
   - Я табе пакажуся! Га, якая! Брысь!
   Раман пайшоў у стадолу да бацькi. Яго завёў туды Шаркевiч, аддаючы на рукi "бадзяку", як ён назваў Рамана, тармозячы за плячо старога Корзюка. Вярнуўшыся ў хату, Шаркевiч распачаў з Генадзем гаворку, налiваючы яму чарку за чаркай гарэлкi.
   - Дык, кажаш, хочыш перакiнуць iх туды? Як гэта зрабiць, я й сам ня ведаю. Сплавiў туды не аднаго, i як канцы ў воду... Але цяперака... Цяперака, глядзi, я й Шмэрку не таварыш. Вунь колькi ўсяго маю. Няхай сабе яно й чужое... Тымчасам я спажываю. Дык ня хочацца неяк на ражон лезьцi.
   - Памажы яшчэ трохi, пан Шаркевiч, цярпеньню нашаму прыйдзе хутка канец ня сяньня, дык заўтра выбухне вайнiшча. Запануем, дальбог, i зап'ема тады! А за сваё атрымаеш, колькi скажаш, дармо, што разбагацеў, кажаш.
   - Хай яны спрахнуць грошы - ня хочу! Здаецца, на мой сьлед натрапiлi ўжо. Во-во, ляпне пастка. Чуе сэрца.
   - Ня бойся, пане Шаркевiч. Хiба ты ўжо ня верыш мне? Скажы, Кандраценя падвёў цябе калi? Ня бойся, кажу, у мяне ўсе тут у кiшанi... да самага начальнiка пагранзаставы! Ня верыш? Хочаш, нiводнага пагранiчнiка ня будзе там, дзе ты будзеш пераходзiць. Адцягну! Разумееш? Хоць пры тваёй спрытнасьцi й розуме табе гэтага й ня трэба. Ты-ж сам калiсь казаў, што ўдача дружыць з табою толькi тады, калi ёсьць рызыка. А тут, браце, канечне-ж, не бяз рызыкi. Ну, дык i што?
   - А ўжо-ж, няхай будзе й так, - закiльзаў, не адчэпiшся. Позна мне каiцца.
   - Ну вось што ўздумаў! Цi выпiў зашмат?.. Трэба-ж пашкадаваць людзей. Ведаеш, як смачна хавацца чалавеку. У сене век не праляжыш. Трэба калi-небудзь i вылазiць. А куды вылезеш? За забойства - забойства! Сам ведаеш. Прывёў табе й сына. Бачыш якi! Гэты махне праз тваю гранiцу, як праз плот. Клопату з iм ня будзеш мець. Вось толькi, як вычапiць iхную мацi з дачкою? Вось пра гэта падумай. А гранiца - глупства!
   - Хто iх там сьцеражэ гэтак у iхнай хаце? Дурныя, дык i сядзяць павалачэмся во зараз i забярэм! НКВД ужо, я думаю, паехала. А сьцерагуць для прычэльля толькi. Бяз вiнтовак i, пэўна-ж, свае людзi. Якая гэта стража?
   Загаманiлi пад вокнамi сосны, дасюль яны маўчалi, як-бы падслухоўваючы гутарку ў хаце, а мо' гэта толькi яны азвалiся пад восеньскi ранак сваiм затоеным шумам? За перагародкаю, як конi ў хляве, стукалi нагамi сонныя дзецi. Кандраценя й Шаркевiч, устрывожаныя шумам сосен, вышлi на двор пераканацца, цi ў гомане хвояў ня было сапраўды чаго-небудзь трывожнага, цi цiшыня, парушаная гоманам сосен, была надзейнаю цiшынёю. Шаркевiч i Кандраценя прывыклi ня верыць цiшынi, што залягла на колькi кiлямэтраў памiж двума бакамi - гэным i тым. Не, гэта ненадзейная i як-бы чалавекам штучна створаная цiшыня. Сама прырода недаверлiва прыслухоўваецца й рэагуе пасвойму на яе, заўсёды папераджае цябе аб небясьпецы, калi ты толькi заадно з прыродаю i ўмееш разгадваць яе. Кожны рух, трэск, павеў, моўкнасьць i грук - гэта ўмоўны для цябе знак. Хутар Баранкевiча - хатаю, стадолаю, соснамi, авечкамi ў хляве i коньмi - настаўляў вушы i разгадваў цiшыню, перасейваючы яе на сiце недаверу. Вушы хутару Баранкевiча, яшчэ ў часы свайго першага гаспадара, навучылiся рапартаваць ня толькi аб тым, што дзеецца на гэтым баку, а й хапалi той бок. I восень тут гулка-цiхая, яна глядзiць на цябе з пагранiчнай пушчы папераджальна. Заўважыўшы яшчэ цябе здалёк, пужае, калi ты баiшся, i запрашае цябе, калi разумееш яе i йдзеш да яе.
   Кандраценя з Шаркевiчам заснулi воддаль хаты ў iмшанiку - невялiкай будынiне, накшталт лазьнi. Звычка ня спаць у хаце сталася законам для Кандраценi: чатыром сьцянам ня вер, калi-небудзь закутаюць цябе. Куды ляпей назiраць за хатай збоку, як за няпрыяцельскiм пунктам - прынамся, ты бачыш, каго нялёгкая прыгнала й зачым, i калi што - ногi могуць уратаваць.
   На досьвiтку старэйшая з дачок Шаркевiча вывела на папас каня, што ўсё нечага фыркаў. Вярнуўшыся, Шаркевiчанка цiхенька ўвайшла ў стадолу. Прыслухалася. Па дыханьню адрозьнiла малодшага з Корзюкаў: ёй запаў у вока Раман адразу, як толькi яна пабачыла яго на кухнi, назiраючы за iм з свае каморкi-спальнi. У пасьцелi ёй было душна, яна круцiлася i не магла заснуць i, нарэшце, наважылася - начныя пляны сьмелыя - злазiць да Корзюкава сына на сена. Паўзла ня дыхаючы, але сена шамацела, Корзюкi пераставалi сапсьцi, Шаркевiчанка замiрала, ды, перачакаўшы часiнку, зноў паўзла, покуль не дабралася да Рамана. Але напрыканцы ў яе не хапiла адвагi выканаць свой намер - ашчаперыць соннага Корзюка моцна-моцна i пацалаваць яго гэтак, каб ён, ня ведаючы хто, прачнуўшыся, ў жарсьцi прытулiў яе да сябе i, зьнясiлены асалодай, заснуў з ёю разам. Вокамгненная думка, як да гэтага ўсяго паставiўся-б сын Корзюка, размагнiцiла Шаркевiчанку, i яна пахопiста спаўзла долу. Каб нечым апраўдаць перад сабою свой заход у стадолу, яна наскубла, быццам для авечак, дробнага сена i з ахапкам выйшла з стадолы.
   Ранiцою Шаркевiчанка саромiлася паказвацца на вочы Раману. Бацька Рамана коса глянуў на яе - мусi, ня спаў i ўсё чуў i ўсё разумеў, ня выдаючы сябе.
   Шаркевiч папрасiў усiх трох - i Савосту, i Рамана, i Генадзя - адыйсьцiся куды-небудзь ад хаты да наступнай начы на ўсялякi выпадак.
   - Iдзеце пасьвiцца з авечкамi ў кусты! Начзаставы ўнадзiўся нешта апошнiм часам - два разы на тыдзень прыяжджае на кабыле.
   - Начзаставы - чалавек малады, а прынаду маеш. Дзiва што ўнадзiцца, падмiргнуў Кандраценя Савосту, але гэты мiрг не застаўся незаўважаным для Шаркевiча. - Хочаш мяне за свата?
   Невядома адкуль, як з мора, раптам набег туман i заняў увесь хутар Баранкевiча. Iмшанiк, хата, стадола расталi ў iм, толькi высака на хвоях вiдны былi вароны. Яны каркалi, пазiраючы ўнiз, як валадары. Хутар быў цяпер, як мора, а сосны з варонамi - як машты. Туман шуршэў, як у вокнiшчы, i ўсё нiкла ў iм бязгучна, як у пустынi.
   Калi сьцямнела, усе чацьвёра рушылi на хутар Корзюка вызваляць заложнiц. Кандраценя ўзяў з сабою зброю, якую перахоўваў у Шаркевiча - так, на ўсякi выпадак. Да хутару было вёрст шэсьць i трэба было прайсьцi гэтую адлегласьць гэтак, каб ня сустрэцца нi з кiм. Мясьцiны, якiмi йшлi, былi добра вядомыя, толькi адзiн Раман не пазнаваў iх i ўсё спатыкаўся на куп'ё.
   - Э, браце, глядзi, каб ня йшоў гэтак, калi трэба будзе сапраўды iсьцi.
   Раман нiчога на гэта не адказаў. Моўчкi перайшлi рэчку, за якой пачынаўся той лес, дзе быў забiты сакратар райкому партыi Ленскi. (Раман быў негаваркi ня толькi цяпер, а й тады, калi ляжаў уначы з бацькам на сене. Быў, як здавалася бацьку, рашчуленым. У бацькi-ж канчальна высьпела думка перабрацца ў Польшчу. Не адзiн-жа ўжо там! I ня чутно, каб выкiдвалi адтуль назад, значыць - прыймаюць. Тым болей, калi ёсьць там сваякi. Ня можа быць - будзе лепей, як тут. Перад судом за чужы грэх Савоста не хацеў станавiцца. А застанешся тут, дык абавязкова станеш. Каб-жа яшчэ перад судом, а то перад зладзеямi. Дык чаго яшчэ чакаць? Рады быў за сына, што паслухаўся i далучыўся да сям'i. Дасьць Бог - пярэйдуць i мяжу: Кандраценя абы як за дзела не бярэцца).
   Ступiлi на зямлю Корзюкаў, чужую ўжо, але ўсё-ткi яшчэ як-бы й сваю. Сьвятла ў Корзюкавым доме ня было, i ён сваёю пабелкаю бялеў у цямрынi, як здань. Прабралiся цiха ў сад, адтуль - за хлеў. Насьцярожылiся: нi гуку, нi зыку. Увайшлi ў сенцы - нiкога. Цапнулi за клямку - замок. Корзюкам - бацьку i сыну - стала ясна: вывезьлi. Савоста абняў сына i павiс на iм. Раман чуў, як сьлёзы бацькi - гарачыя i салёныя - пяклi яму шчокi, раставалi на вуснах. Раман тулiў да сябе за плечы бацьку, але чамусьцi саромiўся блiзiнi з iм, хоць сэрца й заходзiлася жалем. Тымчасам Кандраценя з Шаркевiчам зялезным прэнтам выцягнулi з луткi прабой i ўвайшлi ў хату. Натыкалiся на розныя рэчы, iшлi вобмацкам - запалак усьцiраць не хацелi. Савоста нiчога ня мог намацаць з таго, што ведаў - усё перамянiлася, было чужым i незнаёмым. Тое самае i за хатай, на двары: хлявы пустыя, дзьверы парашчыняныя, нi ўздыху скацiны, нiчога. Ды ня гэта цяпер турбавала Савосту - ён мучыўся цяпер адным: навошта ён адбiўся ад хаты, пайшоў з яе? Усё можа было-б ня так, i жонка з дачкой можа былi-б цэлыя. Што-б там нi было - прынамся, ён быў-бы з iмi разам. I той суд можа разабраўся-б, як сьлед, i не абвiнавацiў-бы невiнаватага. Дык скуру сваю зьбярог, а iх падставiў за сябе. Трымалi-трымалi, бедных, зьдзеквалiся i няма. Бяз слова апошняга на разьвiтаньне. Iшоў, прыйшоў - i нiкога ня ўбачыць!
   Рушылi назад. Савоста Корзюк адумаўся, стаў, як укопаны, i сказаў, што нiкуды ня пойдзе адсюль, застанецца ў хаце, можа жонка й дачка яшчэ прыйдуць адкуль-небудзь. Можа ў iх была якая пiльнасьць, i яны вернуцца зноў.
   - А навошта-ж дошкамi ў хаце вокны забiты? - азваўся Кандраценя.