Урэшце ў студзенi 1569 году ў Люблiне сабраўся супольны сойм Вялiкага Княства Лiтоўскага i Польскага Каралеўства, каб разгледзець пытаньне саюзу. Дэлегацыя Княства зноў рашуча не пагадзiлася зь iдэяй уключэньня сваёй краiны ў склад Польскага Каралеўства i ў знак пратэсту пакiнула Люблiн. Тады Жыгiмонт Аўгуст, карыстаючыся сваёй уладай вялiкага князя лiтоўскага, далучыў да Польскага Каралеўства Падляшша, Валынь i Кiеўшчыну, тым больш, што тамтэйшая шляхта была найбольш прыхiльная вунii, спадзяючыся знайсьцi праз гэта абарону ад Масквы i ад татараў. Вiльня была шакаваная такiм ходам падзеяў, нават чулiся галасы пра вайну з Польшчай, але калi з заходнiм суседам яшчэ можна было весьцi перамовы, то зь Iванам Жахлiвым размаўляць было няма пра што: там, дзе прайшлi маскоўскiя войскi, заставалася выпаленая зямля. Паслы Княства зноў паехалi ў Люблiн, каб адстойваць самастойнасьць сваёй дзяржавы i дасягнуць нейкага кампрамiсу. 1 лiпеня 1569 году быў абвешчаны акт стварэньня Рэчы Паспалiтай Двух Народаў, фэдэрацыi Польскага Каралеўства i Вялiкага Княства Лiтоўскага, якая мела аднаго караля i адну зьнешнюю палiтыку, але два войскi, два скарбы (фiнансавыя сыстэмы), два зборнiкi законаў.
   Саюз кальвiнскага Вялiкага Княства зь пераважна каталiцкiм Польскiм Каралеўствам пачаў новую старонку ў гiсторыi Беларусi, але ў той час мала хто мог прадбачыць, што будзе далей. На Люблiнскiм сойме амаль усе паслы Вялiкага Княства былi кальвiнiстамi цi лютаранамi, а сярод польскай дэлегацыi эвангельскiя хрысьцiяне складалi недзе чвэрць. Нягледзячы на гэта многiя ў Беларусi меркавалi, што прынцыповых зьменаў ва ўнутранай палiтыцы Рэчы Паспалiтай Двух Народаў не прадбачыцца.
   Тым часам у Польшчы рэфармацыйны рух пайшоў на спад, i каталiцкая царква пачала пацiху адваёўваць свае пазыцыi. На чале гэтай дзейнасьцi, званай Контррэфармацыяй, сталi езуiты, манаскi ордэн, якi меў сваёй мэтай усталяваньне ўлады каталiцкай царквы на ўсiм сьвеце. У 1569 годзе першыя езуiты прыехалi ў Вiльню па запрашэньнi вiленскага бiскупа Пратасевiча i ў наступным годзе адчынiлi сваю школу. Эвангельскiя цэрквы Вялiкага Княства, у той час вельмi моцныя i пашыраючыя свае ўплывы, проста не заўважылi зьяўленьня ў сталiцы свайго ў недалёкай будучынi найнебясьпечнейшага ворага. Увага ўсiх была засяроджана вакол спрэчак памiж большым i меншым зборамi, i на гэта былi кiнутыя iнтэлектуальныя i матэрыяльныя сiлы эвангельскiх хрысьцiянаў. Аднак самыя дальнабачныя зь лiдараў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве разумелi неабходнасьць супольных дзеяньняў прадстаўнiкоў розных накiрункаў рэфармацыйнага руху. У сакавiку 1570 году зь iнiцыятывы Мiкалая Радзiвiла Рудога ў Вiльнi была заключана дамова памiж лютаранамi i кальвiнiстамi, якая тычылася ня столькi дагматычных пытаньняў, колькi пытаньняў супрацоўнiцтва, кансультацыяў, узаемнай дапамогi. Прыклад Вялiкага Княства падзейнiчаў, i празь некалькi месяцаў у Сандамiры было заключана падобнае пагадненьне, якое ахоплiвала эвангельскiх хрысьцiянаў усёй Рэчы Паспалiтай.
   У 1572 годзе памёр, не пакiнуўшы нашчадка, Жыгiмонт Аўгуст, апошнi з дынастыi Ягайлавiчаў. Паўстала пытаньне, хто будзе наступным каралём i вялiкiм князем. Многiя ў Рэчы Паспалiтай схiлялiся да кандыдатуры Генрыка Валуа, брата францускага караля Карла IX. Сярод беларускiх кальвiнiстаў гэта выклiкала трывогу, бо акурат у той самы час уся Эўропа была шакаваная весткай пра ноч сьвятога Баўтарамея, калi ў Францыi было забiта каля 50 тысячаў гугенотаў (так у Францыi называлi кальвiнiстаў) толькi за тое, што яны ня моляцца як католiкi. Калi ў студзенi 1573 году шляхта Рэчы Паспалiтай сабралася ў Варшаве, каб акрэсьлiць умовы жыцьця краiны пад час бескаралеўя, Мiкалай Радзiвiл Руды, падтрыманы Астафеем Валовiчам i Паўлам Пацам, выступiў зь iнiцыятываю заканадаўча замацаваць рэлiгiйную талерантнасьць, каб захаваць дзяржаву ад рэлiгiйных войнаў. У вынiку галасаваньня быў прыняты акт Варшаўскай канфэдэрацыi, адзiн з пунктаў каторага гаварыў: "А iж в Речы Посполiтой ест розность немалая з стороны веры хрестiяньское, забегаючы тому, абы се с тое прычыны межы людмi заiстье якое шкодлiвое не вщело, которую по iншiх королевствах ясне вiдiм, обецуем то собе сполне за нас i за потомкi нашы на вечные часы покой межы собою заховатi, а для розное веры i отмены в костелах кровi не пролiвать, анi се каратi отсуженьем маетностi, почстiвостью, везеньем i выволаньем, i зверхностi жадное, анi уряду до такового поступку жадным способом не помагать".
   Гэта быў першы ў сьвеце прававы акт, якi дэкляраваў прынцыпы раўнапраўя памiж людзьмi розных веравызнаньняў. Для Эўропы, ахопленай полымем рэлiгiйных войнаў, Варшаўская канфэдэрацыя стала прыкладам, як укладаць справы свабоды сумленьня. Пяць месяцаў раней у Парыжы быў абвешчаны каралеўскi дэкрэт, забараняючы па ўсёй Францыi ўсялякiя сабраньнi, пропаведзi i служэньнi эвангельскiх хрысьцiянаў, пагражаючы за яўнае цi патаемнае вызнаньне "герэзii" сьмерцю. Аж да канца XVI стагодзьдзя францускiя гугеноты ставiлi Рэч Паспалiтую ў прыклад сваiм суайчыньнiкам.
   Увогуле, час першага бескаралеўя паказаў, на што здольны народ, у якiм жывуць iдэi Рэфармацыi. Уладу ў Вялiкiм Княстве ўзяў на сябе сэнат на чале зь вялiкiм гетманам Радзiвiлам Рудым. Шляхта па ўсёй краiне пачала склiкаць "каптуры" - канфэдэрацыi на ўзроўнi ваяводзтва, якiя павiнны былi захаваць цэласнасьць дзяржавы i забясьпечыць унутраны супакой на час бескаралеўя. "Калi б хто парушаў парадак, рабаваў цi забiваў, будзем таго лiчыць па-за законам, жыцьця яго пазбавiм, маёмасьць яго спустошым", - пiсалася ў адным з тагачасных унiвэрсалаў (пасланьняў). На шляхах i ўздоўж межаў краiны зьявiлiся ўзброеныя шляхецкiя аддзелы. Да вялiкага зьдзiўленьня сваiх i чужых не было нiякага замяшаньня. За паўтары гады адсутнасьцi манарха ў Вялiкiм Княстве не пралiлося анi кроплi крывi. Унутраны парадак у дзяржаве забясьпечылi самi лiцьвiны, выдатна здаючы iспыт на грамадзянскую сьпеласьць.
   Мiж тым трэба было выбiраць караля. Кандыдатура Генрыка Валуа падабалася католiкам, але не падабалася кальвiнiстам. Але i тыя, i другiя хацелi заключыць з будучым каралём дамову аб уладзе. Так паўсталi знакамiтыя генрыкаўскiя артыкулы. Iх можна сьмела назваць канстытуцыйным актам Рэчы Паспалiтай Двух Народаў, якi акрэсьлiваў палiтычны i грамадзкi лад дзяржавы. Шляхта, сабраная каля Варшавы, мусiла зрабiць тое, што праз два стагодзьдзi рабiлi айцы-заснавальнiкi Злучаных Штатаў Амэрыкi. Генрыкаўскiя артыкулы вызначалi, што вольныя элекцыi (выбары) караля i вялiкага князя павiнны праходзiць пры кожнай зьмене манарха, пры гэтым нельга iм перашкаджаць або вызначаць наступнiка пры жыцьцi папярэдняга караля. Далей падцьвярджалася Варшаўская канфэдэрацыя, гэта значыць свабода веравызнаньня, i забаранялася каралю бяз згоды сойму аб'яўляць вайну, склiкаць паспалiтае рушэньне, а таксама прызначаць падаткi. Каралеўскi скарб павiнен быў забясьпечваць абарону межаў i ўтрыманьне прафэсiйнага войска. Калi няма пiльнай патрэбы, сойм павiнен склiкацца раз на два гады не даўжэй, чым на шэсьць тыдняў. Са складу сойму выбiралiся шаснаццаць сэнатараў, якiя павiнны быць пры каралi i вялiкiм князю як дарадцы. Акрамя таго манарх не павiнен нiчога прадпрымаць у справе сужонства бяз рады i згоды сэнатараў i не шукаць магчымасьцяў для разводу. "А калi б, Божа захавай, штосьцi супраць правам, вольнасьцям, артыкулам i ўмовам мы (г.зн. кароль) учынiлi або нечага ня выканалi, тады грамадзяне двух народаў ад паслушэнства i веры, якiя нам належаць, свабодныя".
   Разам з генрыкаўскiмi артыкуламi будучаму манарху паставiлi таксама ўмовы, датычныя свабоды веравызнаньня ў самой Францыi. Гэтыя ўмовы патрабавалi, каб Карл IX абвесьцiў паўсюдную амнiстыю для гугенотаў, прызнаў свабоду веравызнаньня, вярнуў нашчадкам кальвiнiстаў, забiтых у ноч сьвятогы Баўтарамея, а таксама эмiгрантам, маёмасьць i годнасьць, дазволiў свабодна праводзiць кальвiнскiя набажэнствы i зьняў аблогу гугеноцкiх крэпасьцяў. Францускi пасол Жан дэ Манлюк прыняў ад iмя будучага манарха гэтыя ўмовы, чым у значнай меры паспрыяў выбраньню Генрыка Валуа каралём Рэчы Паспалiтай.
   Адразу пасьля выбараў пасольства Рэчы Паспалiтай Двух Народаў накiравалася на берагi Сэны. Парыж зь неахвотай пагадзiўся на ўмовы беларускiх i польскiх кальвiнiстаў. Была зьнятая аблога Ля Рашэлi, гэтаму гораду i яшчэ двум iншым было дазволена публiчна праводзiць эвангельскiя служэньнi, а прыватныя набажэнствы дазвалялiся па ўсёй краiне. Прыезд пасольства выратаваў ад зьнiшчэньня гугеноцкi горад Сансэру, у якiм на момант зьняцьця аблогi засталася толькi адна бочка пораху. Рэлiгiйная вайна ў Францыi была спынена на добрых некалькi гадоў. Беларускiя i польскiя кальвiнiсты супольнымi намаганьнямi прымусiлi францускага караля даць свабоду сваiм братам па веры.
   На колькi прыклад Рэчы Паспалiтай заахвочваў Францыю да талерантнасьцi, на столькi прыклад Францыi быў для паслоў Рэчы Паспалiтай яшчэ адным падцьвярджэньнем слушнасьцi сваёй паставы. Яны праяжджалi праз спаленыя вёскi i зруйнаваныя мястэчкi, бачылi голад i зьнiшчэньне на ўсiм сваiм шляху. Таму з тым большай настойлiвасьцю патрабавалi ад Генрыка Валуа прысягнуць, згодна з генрыкаўскiмi артыкуламi, захаваньне свабоды веры, сумленьня i слова. Калi пад час урачыстай iмшы ў Нотрэ-Дам будучы кароль Рэчы Паспалiтай паспрабаваў абмiнуць гэтыя параграфы артыкулаў, адзiн з паслоў, Ян Збароўскi, на вачах усяго каралеўскага двара сказаў: "Si non iurabis, non regnabis" (Не прысягнеш, ня будзеш каралём). Прыйшлося Генрыку Валуа падцьвердзiць артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыi. Пад час каранацыi ў Кракаве 20 лютага 1575 году сцэна з Нотрэ-Дам паўтарылася. Зноў Валуа паспрабаваў абмiнуць невыгодныя словы пра свабоду веравызнаньня. Тады Ян Фiрлей, маршалак каронны, i Мiкалай Радзiвiл Руды, вялiкi гетман лiтоўскi, не дазволiлi працягваць каранацыю, пакуль усе пункты прысягi ня будуць названыя, у тым лiку абавязацельства не перасьледваць нiкога за веру. Францускi каралевiч саступiў i стаў каралём i вялiкiм князем Генрыкам I, а артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыi набылi сiлу закону. Праўда, караляваньне новага манарха доўжылася ўсяго чатыры месяцы. Даведаўшыся пра сьмерць свайго брата, Карла IX, Генрык Валуа ў чэрвенi 1575 году ўцёк з Кракава, каб стаць францускiм каралём Генрыкам III, а для Рэчы Паспалiтай Двух Народаў зноў пачалося бескаралеўе.
   У наступным годзе прайшлi новыя выбары, i каралём стаў сямiгародзкi гаспадар Стэфан Баторы. Новы манарх адразу заявiў, што ён пануе над народам, а не над сумленьнямi, i без анiякiх хiтрыкаў падпiсаў генрыкаўскiя артыкулы. Многiя гiсторыкi назвалi гэтага караля "адпаведным чалавекам", якi паказаў, што Рэч Паспалiтая Двух Народаў, дзяржава, якая абмежавала сваiх манархаў законам, дала iм уладу на падставе дамовы, ня толькi не апынулася ў хаосе i анархii, але наадварот, жыла, разьвiвалася, перамагала ў войнах. Заходняя Эўропа прыглядалася да дэмакратычных мэханiзмаў улады ў Рэчы Паспалiтай, шукаючы для сябе прыклады дзяржаўнага будаўнiцтва.
   Стэфан Баторы, таленавiты военачальнiк i мудры палiтык, шмат зрабiў для ўмацаваньня Рэчы Пасталiтай, перад усiм у ваенна-палiтычнай сфэры, i перш за ўсё яго дзейнасьць была скiраваная на справы Вялiкага Княства. У 1579 годзе войскi вялiкага князя лiтоўскага вызвалiлi Полацак i ўсю паўночна-усходнюю Беларусь ад маскоўцаў, а ў 1582 годзе было падпiсанае перамiр'е з Масквою, якое скончыла Лiвонскую вайну - крывавую вайну, што паставiла пад пагрозу незалежнасьць Вялiкага Княства. Стэфан Баторы меў таксама вялiкае жаданьне пашырыць адукацыю ў краiне. Аднак у караля i вялiкага князя была адна iлюзiя: яму здавалася, што найлепш паспрыяюць разьвiцьцю краiны езуiцкiя школы, у якiх ён бачыў апiрышча ладу i парадку. На жаль, практыка паказала, што менавiта з гэтых школаў у хуткiм часе выйшлi найвялiкшыя крыкуны, якiя пад прыкрыцьцём абароны свабодаў i шляхецкай залатой вольнасьцi нiшчылi ўсякi парадак i супакой краiны. Як бы там нi было, але кароль Стэфан надаў вiленскай езуiцкай школе статус Акадэмii i адкрыў калегiюмы ў Полацку i Гораднi.
   Маючы такога апекуна, езуiты зь вялiкай руплiвасьцю ўзялiся за справу пашырэньня каталiцтва ў Вялiкiм Княстве. Перш за ўсё яны скiравалi сваю ўвагу на палiтычную элiту краiны, спрабуючы перацягнуць яе на свой бок. I адразу дасягнулi гучнага посьпеху. Мiкалай Крыштаф Радзiвiл, званы Сiротка, сын Мiкалая Радзiвiла Чорнага, пад час сваёй вучобы ў Нямеччыне i Iталii, сур'ёзна захварэў i, шукаючы паратунку, выракся веры свайго бацькi, перайшоўшы ў каталiцтва. Стан здароўя маладога магната палепшыўся, i Мiкалай Крыштаф, вярнуўшыся на радзiму, схiлiў перайсьцi з кальвiнiзму на каталiцтва сваiх родных. Каталiцкая царква ў Беларусi трыюмфавала, бачачы, як сын апостала Рэфармацыi нiшчыць справу свайго бацькi, закрываючы ў сваiх уладаньнях цэрквы, друкарнi, палячы Бiблii. Аднак у хуткiм часе хвароба вярнулася, i малады чалавек амаль цалкам страцiў слых. Жадаючы замалiць свае грахi, Мiкалай Крыштаф паехаў у Сьвятую Зямлю, у Ерузалiм, але гэта не дапамагло, засноўваў езуiцкiя калегiюмы, але здароўе станавiлася ўсё горшым. З-за хваробы бацькi зь дзевяцi ягоных дзяцей трое памерлi ў дзяцiнстве, а яшчэ чацьвёра сыноў памерлi, не пакiнуўшы нашчадка. Ня дзiва, што хутка галасы, што славiлi "мудрае рашэньне" Мiкалая Крыштафа, сьцiхлi, а спробы схiлiць да каталiцкай веры iншых магнатаў Княства ня мелi вялiкага посьпеху.
   Тым ня менш езуiты не здалiся, а пачалi рэалiзоўваць больш доўгатэрмiновую праграму. Школы, адкрытыя пры кальвiнскiх зборах яшчэ за жыцьця Мiкалая Радзiвiла Чорнага, далi адукацыю сотням маладых людзей. Каб працягваць вучобу, яны павiнны былi ехаць за мяжу, бо ў Вялiкiм Княстве не было свайго ўнiвэрсытэту, а зрабiць гэта маглi далёка ня ўсе. Бачачы патрэбу краiны ў вышэйшай навучальнай установе, езуiты пачалi захады, каб адкрыць у Вiльнi Акадэмiю, што i адбылося ў 1579 годзе. У Вiленскую Акадэмiю прымалiся на вучобу ня толькi католiкi, але таксама кальвiнiсты, лютаране, праваслаўныя, i гэта адкрыла перад езуiтамi вялiкую прастору для распаўсюджваньня "рымскай веры". Калi празь некалькi гадоў эвангельскiя хрысьцiяне ўсьвядомiлi, што значыць унiвэрсытэт у сваёй краiне, i пачалi рабiць захады па арганiзацыi кальвiнскай акадэмii ў Вiльнi, быў ужо iншы час i iншая ўлада. Вялiкае Княства так i не атрымала свайго кальвiнскага ўнiвэрсытэту.
   Падтрымка з боку караля надавала езуiтам адвагi ў iх змаганьнi з Рэфармацыяй, але адкрыта супрацьстаяць эвангельскаму хрысьцiянству ў iх не было сiлы. Асноўная заканадаўчая i выканаўчая ўлада была ў руках кальвiнiстаў, вялiкага гетмана Мiкалая Радзiвiла Рудога i канцлера Астафея Валовiча. Краiна жыла прынцыпамi Рэфармацыi, i гэта было вiдочна на кожным кроку. "Шляхта не саромееца трымаць шынкi, займацца гандлем, лiхвярствам i iншымi нiзкiмi справамi, толькi б яны служылi абагачэньню i прыносiлi прыбытак", - пiсаў Андрэй Волан, кальвiнскi прапаведнiк, аўтар шматлiкiх трактатаў на грамадзка-палiтычныя тэмы. Да нашых дзён дайшлi запiскi Фёдара Еўлашоўскага, дробнага шляхцiча зь Ляхавiчаў, у якiх ён распавядае пра сваё жыцьцё i пра жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1566 годзе дваццацiгадовы Еўлашоўскi прыехаў у Вiльню i дзеля цiкавасьцi зайшоў у кальвiнскi збор. Акурат тады прапаведвалi "мiнiстры ўчоные Вендрагоўскi i Касьцiнiюс", i малады чалавек, атрымаўшы ад гэтай пропаведзi "велiкую утеху", прымае кальвiнскае веравызнаньне. Эвангельскае вучэньне аб волi Божай для кожнага чалавека, прапаведванае кальвiнскiмi мiнiстрамi, скiроўвала чалавека на тое, каб ён рэалiзаваў сваё прызначэньне ў грамадзкiм жыцьцi, бiзнэсе, сваёй прафэсii, абвяшчала прынцыпы працавiтасьцi, дабрасумленнасьцi, ашчаднасьцi, прадпрыймальнасьцi. Фёдар Еўлашоўскi сур'ёзна прыняў Слова Божае i пачаў жыць згодна з гэтым. Неўзабаве, дзякуючы сваёй працавiтасьцi i стараннасьцi, ён назапасiў немалое багацьце i, пачынаючы зь сярэдзiны 70-х гадоў XVI стагодзьдзя, як бачна з дакумантаў, пазычаў вялiкiя сумы (па некалькi тысячаў коп лiтоўскiх грошаў) гатоўкаю некаторым магнатам. У той час за дзьве капы можна было набыць каня, а 60 коп каштаваў каменны дом у цэнтры Менску (капа раўнялася 60 грошам). Пытаньнi эканомiкi цiкавiлi i палiтыкаў, i паэтаў. Менскi ваявода Ян Абрамовiч, адзiн зь лiдараў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напiсаў кнiгу "Погляды лiцьвiна на танную куплю i даражэйшы продаж збожжа", у якой тлумачыў неабходнасьць свабоды гандлю ў дзяржаве. Яго сучасьнiк, фiлёзаф i паэт Язэп Даманеўскi ў сваiх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крынiцу шчасьця чалавека, а гультайства i бязьдзейснасьць як прычыну нешчасьлiвага жыцьця, абгрунтоўваючы гэта прыкладамi зь Бiблii. Даманеўскi сьцьвярджаў, што праца павiнна быць прадукцыйная i грамадзка карысная i што яна ня можа зьняважыць шляхецкай годнасьцi. Як прыклад таго, што надае гонар працаўнiку, паэт паказваў рамяство, гандаль i сельскую гаспадарку. Такая пазыцыя грамадзтва не магла не спрыяць хуткаму разьвiцьцю эканомiкi краiны.
   Ня меншы ўздым перажывала i юрыдычная думка Вялiкага Княства. Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова i сумленьня адлюстроўваюць юрыдычныя дакуманты таго часу, публiцыстыка i багаслоўскiя трактаты. Ужо ўзгаданы Андрэй Волан у сваiм творы "Аб палiтычнай або грамадзянскай свабодзе" пiсаў: "Нiхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе, i нiхто, такiм чынам, не нараджаецца рабом... Першы i галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабоднае ад усякага замаху на яго i несправядлiвасьцi. Далей, каб нашая маёмасьць i багацьце не ставалiся ахвяраю якога рабаваньня цi гвалту". Тут будзе дарэчы ўзгадаць канцлера Вялiкага Княства Астафея Валовiча, паплечнiка Мiкалая Радзiвiла Чорнага ў правядзеньнi зямельнай рэформы, арганiзатара працы i рэдактара Другога (1566 г.) i Трэцяга (1588 г.) Статутаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэтыя зборнiкi законаў зьяўляюцца сапраўднымi шэдэўрамi беларускай юрыдычнай думкi. Статут 1588 году лiчыцца найлепшым i найдасканалейшым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Нават праз два стагодзьдзi пасьля прыняцьця ён па-ранейшаму ўважаўся за найвыдатнейшы эўрапейскi збор законаў. Пасьля захопу Беларусi Расейскай iмпэрыяй яшчэ амаль 50 гадоў нашая краiна жыла паводле Статуту 1588 году, а не паводле расейскага заканадаўства. Статут абвяшчаў iдэю праўнай дзяржавы, у якой "естесмо невольнiкамi прав для того, абысьмы вольностi ужыватi моглi", замацоўваў падзел судовай i выканаўчай улады, лiквiдаваў судовыя прывiлеi магнатаў, сьцьвярджаў прынцыпы свабоды сумленьня i роўнасьць усiх перад законам. Акрамя таго Статут замацоўваў тагачасную беларускую мову ў якасьцi дзяржаўнай, ды i сам быў напiсаны па-беларуску, каб кожны жыхар Вялiкага Княства мог ведаць свае правы. Астафей Валовiч, будучы глыбока веручым чалавекам, на працягу свайго жыцьця засноўваў цэрквы, шпiталi, школы, актыўна ўдзельнiчаў у жыцьцi эвангельска-рэфармаванага Задзiночаньня ў Вялiкiм Княстве. На сваёй "сьмяротнай пасьцелi" ў Гораднi канцлер запаведаў пахаваць сябе ў мураваным склепе пад кальвiнскiм зборам у Сiдры (Гарадзенскi павет) без усялякiх цырымонiяў, "кгды там не на войну отхожу", а "во всiх iменiях моiх невольнiк, анi жадный дедечным правом зневоленый человек, хотя бы вязнем i должнiком зостал, маеть вольно служiтi i проч iтi".
   Недзе каля 1580 году Васiль Цяпiнскi, муж пляменьнiцы Астафея Валовiча князёўны Соф'i Жыжэмскай, сябра i паплечнiк Сымона Буднага, выдаў пераклад Эвангельляў на беларускую мову, кажучы: "Рады паказаць маю веру, якую маю, асаблiва народу свайму рускаму". Друкуючы беларускi пераклад Эвангельляў, асьветнiк i рэфарматар спадзяваўся ўзьняць хрысьцiянскую духоўнасьць у грамадзтве, "ня толькi для лепшае iх веры, але таксама для лепшага разуменьня, i ў дадатак, для iх самiх навучаньня". Гаворачы пра неабходнасьць разуменьня Слова Божага, Васiль Цяпiнскi зьвяртаў асаблiвую ўвагу на разьвiцьцё i ўдасканаленьне школьнай справы, выступаў як гарачы патрыёт сваёй краiны, заклiкаючы не занядбоўваць родную мову, асаблiва ў пропаведзi Слова Божага.
   Калi глядзець на 70-80-ыя гады XVI стагодзьдзя, можна сказаць, што Вялiкае Княства дыхала Рэфармацыяй. Нават праваслаўная царква не магла пазьбегнуць гэтага ўплыву. У гэты час у беларускiх гарадах пачалi актыўна дзейнiчаць брацтвы, якiя аб'ядноўвалi месьцiчаў, шляхту i некаторых сьвятароў. Братчыкi перш за ўсе iмкнулiся рэфармаваць праваслаўную царкву, спрабуючы надаць служэньню духавенства эвангельскiя прынцыпы, увесьцi ў царкоўнае жыцьцё пэўныя элемэнты Рэфармацыi. Берасьцейскi бiскуп Пацей з абурэньнем пiсаў: "Якож теперешнiх часов есть iх не мало не только межы геретiкамi, але i межы православнiкамi нашымi, которые зле Пiсьма разумеючы, iначей iх выкладают, а мало не за одно з геретiкамi i з арыяны держат...Смотрiж одно хто то чынiт, хто таковыя новiны спросные розсевает? Певне, не стан духовны, але люд посполiтый, простый, ремесный, который покiнувшый ремесло свое, дратву, ножнiцы i шыло, а прылащiвшы себе врад пастырскi, Пiсмом Божым шырмуют, нiцуют, выворачывают i на свое блюзнерскiе i хвальшывые потравы оборачают". Спробы праваслаўнай герархii абмежаваць дзейнасьць брацтваў, якiя ўсе мацней патрабавалi паправы маральнага жыцьця духавенства i вучэньня, якое б абапiралася на Слова Божае, не давалi станоўчых вынiкаў. У краiне Рэфармацыi цяжка супрацьстаяць патрабаваньням рэформы.
   У сьнежнi 1586 году ў Гораднi раптоўна памёр кароль Рэчы Паспалiтай Двух Народаў Стэфан Баторы. Краiна чарговы раз стала перад пытаньнем, хто будзе каралём. Кальвiнiсты Вялiкага Княства, пiльна гледзячы, каб падчас бескаралеўя ня быў "занядбаны i пакрыўджаны народ наш i ўсё Вялiкае Княўства Лiтоўскае", таксама мелi надзею замацаваць яшчэ больш свае правы i, дзякуючы гэтаму, аслабiць уплыў езуiтаў. Полацкi ваявода Мiкалай Монвiд Дарагастайскi, не чакаючы выбараў караля, загадаў, каб у Полацку нiводнага езуiта не было. Крыштаф Радзiвiл Пярун, сын Мiкалая Рудога, князь Аляксандар Пронскi, Ян Абрамовiч, Ян Глябовiч i iншыя магнаты кальвiнiсты пачалi актыўна супрацьдзейнiчаць езуiтам па ўсёй краiне. Здавалася, што пройдзе яшчэ трохi часу, i ўжо нiшто ня зможа пагражаць Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве. Але выбары караля ў 1586 годзе выявiлi яшчэ адно трагiчнае занядбаньне беларускiх рэфарматараў. Прыхiльнiкi Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве аднадушна выступалi ў абарону незалежнасьцi сваей краiны, i тут не было iстотна, хто быў кальвiнiстам, хто лютаранiнам, хто арыянiнам. Але ў iншых палiтычных пытаньнях эвангельскiя хрысьцiяне ня мелi супольнай плятформы, i таму кожны вёў палiтыку як хацеў i як разумеў. Таму пад час элекцыi 1587 году беларуская шляхта, пераважна кальвiнская, галасавала за швэдзкага каралевiча Жыгiмонта, выхаванца езуiтаў, католiка з католiкаў.
   Контррэфармацыя
   У 1587 годзе вялiкiм князем лiтоўскiм i каралём польскiм быў абраны Жыгiмонт Ваза, сын швэдзкага караля Яна III Вазы i Кацярыны зь Ягайлавiчаў, сястры Жыгiмонта Аўгуста. "Кароль Стэфан быў добры для жаўнераў, а гэты будзе добры для ксяндзоў", - сказаў свайму атачэньню папскi нунцы, даведаўшыся аб вынiках выбараў. I ён ведаў, што гаварыў. Кароль Жыгiмонт Ваза на працягу ўсяго свайго доўгага панаваньня нi на крок не адступiўся ад прагненьня зрабiць каталiцтва адзiным веравызнаньнем ня толькi ў Рэчы Паспалiтай, але i за яе межамi. Гэтаму была падпарадкавана ўся ўнутраная i зьнешняя палiтыка дзяржавы, а ўсе астатняе ня мела анiякага значэньня ў вачох манарха. Новы кароль як нiчым на свеце брыдзiўся талерантнасьцю, якая была тады нормай у Рэчы Паспалiтай Двух Народаў, сьведчыць адзiн зь яго сучасьнiкаў, i "калi б ад яго толькi залежала, не было б у гэтым каралеўстве анiводнаго схiзматыка, кальвiна цi лютара". Але пры ўсiм сваiм ваяўнiчым каталiцызме Жыгiмонт Ваза пад час каранацыi быў вымушаны падпiсаць генрыкаўскiя артыкулы, якiя абмяжоўвалi ўладу манарха i гарантавалi свабоду веравызнаньня. Рэфармацыя ў нашай краiне была вельмi моцнай, i аднаго жаданьня караля, каб яе зьнiшчыць, было замала. Хоць у Польскiм Каралеўстве каталiцкая царква ўжо адваявала свае пазыцыi, страчаныя ў сярэдзiне стагодзьдзя, у сэнаце Вялiкага Княства па-ранейшаму падаўляючую большасьць складалi кальвiнiсты i лютаране, i iх голас не дазволiў Жыгiмонту Вазе адкiнуць артыкул аб талерантнасьцi. Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага, падрыхтаваны перад усiм эвангельскiмi хрысьцiянамi, у адным са сваiх артыкулаў слова ў слова паўтараў тэкст Варшаўскай канфэдэрацыi.
   Хрысьцiяне Вялiкага Княства нейкi час цешылi сябе надзеяй, што кароль, народжаны ў лютаранскай Швэцыi, прынамсi ня будзе перашкаджаць рэфармацыйнаму руху. Рэальнасьць вельмi хутка паказала марнасьць падобных спадзяваньняў. Жыгiмонт Ваза атачыў сябе езуiтамi, якiх ведаў яшчэ са Стакгольму, дзе члены гэтага ордэну былi яго настаўнiкамi i выхавацелямi, i адкрыта заявiў, што дзяржаўныя пасады ён будзе даваць толькi католiкам. Ня мае значэньне адукацыя, здольнасьцi, розум, важна толькi падзяляць праграму караля - ачысьцiць Рэч Паспалiтую ад усяго некаталiцкага. На дзяржаўным узроўнi была аб'яўлена вайна Рэфармацыi.
   Аднак прагненьнi Жыгiмонта Вазы так i засталiся б прагненьнямi, калi б яго iдэi былi толькi ягонымi iдэямi. На самой справе кароль Рэчы Паспалiтай ня быў аўтарам сваёй палiтыкi. Сапраўднымi аўтарамi, а таксама выканаўцамi палiтыкi Контррэфармацыi ў Рэчы Паспалiтай былi езуiты. Iх нястомная, прадуманая праца дала каталiцкай царкве ў Вялiкiм Княстве шмат новых вернiкаў. Вось як апiсвае iх дзейнасьць Ю. Лукашэвiч, аўтар грунтоўнай працы "Дзеi кальвiнскiх цэркваў у Лiтве": "Езуiты выступалi з амбонаў супраць Лютара, Кальвiна, Цвiнглi, Арыя i iх пасьлядоўнiкаў, выклiкалi дысыдэнтаў (так называлi тады католiкi эвангельскiх хрысьцiянаў) на дыспуты, прамаўлялi да народу на рынках, iмкнулiся здабыць магнатаў для каталiцкай царквы, не прапускалi нiводнага спосабу, каб аслабiць або зганьбiць iншаверцаў, нацкоўвалi на iх натоўп i руйнавалi iм зборы, не аглядаючыся на лiтоўскi Статут, якi зьнiшчэньне сьвятыняў усялякiх хрысьцiянскiх вызнаньняў строга караў... У Вiльнi друкар Данiэль зь Ленчыцы, кальвiн, не пераставаў выдаваць творы свайго вызнаньня. Каб гэтаму перашкодзiць, езуiты намовiлi слугу ягонага, каб той скраў шрыфты, i калi ён зрабiў гэта, езуiты злачынцу ў сваiм калегiюме хавалi i выдаць пацярпеламу не хацелi... Не было ў Лiтве закутка, дзе б яны ня мелi сваiх мiсыяў, асаблiва пашыраючы сваё апостальства на Жамойць, Белую Русь i Наваградак. Па маёнтках, касьцёлах, пад час фэстаў, кiрмашоў, пахаваньняў, усюды i заўсёды совалiся езуiты, робячы прыхiльнiкаў каталiцкай царкве i трапляючы праз вочы да сэрца народу, арганiзоўваючы сцэнiчныя вiдовiшчы, кананiзацыi сьвятых i г.д. Усё гэта было прадумана, каб падабалася натоўпу, а таксама каб прынiзiць дысыдэнтаў, абрады i служыцеляў якiх не забывалi езуiты высьмейваць i ганьбiць разнастайнымi спосабамi, у сваiх палемiчных творах, супраць тых скiраваных, заўсёды пераходзячы на асобы. Пра найцнатлiвейшых, найадукаванейшых спамiж дысыдэнтаў пускалi ў такi спосаб розныя плёткi. Так, напрыклад, Волана, якi паўстрыманасьцю сваёй жыцьцё аж да 90 гадоў працягнуў, назвалi п'янiцам; пра Судровiя, якi ў ведах быў роўны найадукаванейшым езуiтам, прыдумалi байку, што да сталага веку быў катам у Львове, што срэбны талер украў i г.д. Пастановы дысыдэнцкiх сынодаў высьмейвалi, што на iх гаворка iдзе пра авёс, дровы, куры i iншае патрэбнае для мiнiстраў, як быццам духавенства каталiцкага вызнаньня на сваiх сходах нiколi не гаворыць пра дзесяцiны i грошы. Па праўдзе, дысыдэнты адкiдвалi гэтыя недарэчныя закiды, але езуiты, тысячу разоў паваленыя, тысячу разоў тое самае паўтаралi i, нарэшце, пераканалi ў гэтым народ, якi пачаў пагарджаць дысыдэнцкiм духавенствам, шануючы iх менш, чым п'янiцаў i жабракоў. Да таго ж езуiты ўсялякiмi спосабамi прыцягвалi ў сваю Акадэмiю сыноў дысыдэнтаў, i спамiж сваiх 700 вучняў мелi iх нямала, працуючы больш над iх перацягваньнем у каталiцкую царкву, чым над паглыбленьнем iх ведаў цi выхаваньнем iх справядлiвымi людзьмi i добрымi грамадзянамi".