- Герда! Мiлая Герда!.. Дзе ж гэта ты была так доўга? Дзе ж быў я сам? - I ён агледзеўся вакол. - Як тут холадна i пустэльна!
   I ён моцна абняў Герду. А яна смяялася i плакала ад радасцi. I гэта было так цудоўна, што нават iльдзiны пусцiлiся ў скокi, а калi стамiлiся, то ўлеглiся i склалi тое самае слова, якое задала скласцi Каю Снежная каралева. Склаўшы яго, ён мог стаць сам сабе панам ды яшчэ атрымаць ад яе ў падарунак увесь свет i новыя канькi.
   Герда пацалавала Кая ў абедзве шчокi, i яны зноў запунсавелi, як ружы; пацалавала яго ў вочы, i яны заблiшчалi; пацалавала яго рукi i ногi, i ён зноў стаў бадзёрым i здаровым.
   Снежная каралева магла вярнуцца невядома калi - яго адпускная ляжала тут, напiсаная блiскучымi ледзянымi лiтарамi.
   Кай з Гердай поплеч выйшлi з ледзянога палаца. Яны iшлi i размаўлялi пра бабулю, пра ружы, якiя квiтнелi ў iх садку, i перад iмi сцiхалi парывiстыя вятры, праглядвала сонца. А калi дайшлi да куста з чырвонымi ягадамi, там ужо чакаў iх паўночны алень.
   Кай i Герда накiравалiся спачатку да фiнкi, адагрэлiся ў яе i даведалiся пра дарогу дамоў, а потым - да лапландкi. Тая пашыла iм новае адзенне, адрамантавала свае санi i паехала iх праводзiць.
   Алень таксама праводзiў юных падарожнiкаў аж да самай гранiцы Лапландыi, дзе ўжо прабiвалася першая трава. Тут Кай i Герда развiталiся з iм i лапландкай.
   Вось перад iмi i лес. Заспявалi першыя птушкi, дрэвы пакрылiся зялёнымi пупышкамi. З лесу насустрач падарожнiкам выехала вярхом на прыгожым канi маладая дзяўчына ў ярка-чырвонай шапачцы, з пiсталетамi за поясам.
   Герда адразу пазнала i каня - ён быў калiсьцi запрэжаны ў залатую карэту i дзяўчыну. Гэта была маленькая разбойнiца.
   Яна таксама пазнала Герду. Колькi было радасцi!
   - Бач ты, валацуга! - сказала яна Каю. - Хацела б я ведаць, цi варты ты таго, каб па цябе бегалi на край свету.
   Але Герда пагладзiла яго па шчацэ i запытала пра прынца i прынцэсу.
   - Яны паехалi ў чужую краiну, - адказала маладая разбойнiца.
   - А крумкач? - пацiкавiлася Герда.
   - Лясны крумкач памёр; ручная варона засталася ўдавой, ходзiць з чорнай шарсцiнкай на ножцы i скардзiцца на лёс. Ды ўсё гэта дробязi, а вось ты лепш раскажы, што з табой было i як ты адшукала яго.
   Герда i Кай расказалi ёй пра ўсё.
   - Ну, вось i казцы канец! - сказала маладая разбойнiца, пацiснула iм рукi i паабяцала наведаць iх, калi заедзе ў горад.
   Затым яна накiравалася сваёй дарогай, а Кай i Герда - сваёй.
   Яны iшлi, i на iх шляху расцвiталi вясновыя кветкi, зелянела трава. Нарэшце пачуўся перазвон, i яны пазналi званiцы свайго роднага горада. Яны паднялiся па знаёмай лесвiцы i ўвайшлi ў пакой, дзе ўсё было па-старому: гадзiннiк вызвоньваў "цiк-так", стрэлкi рухалiся па цыферблаце. Але, праходзячы ў нiзенькiя дзверы, яны заўважылi, што сталi зусiм дарослымi. Квiтнеючыя ружавыя кусты пазiралi з даху ў адчыненае акенца; тут жа стаялi iх дзiцячыя крэслiцы. Кай з Гердай селi кожны на сваё, узялiся за рукi, i халоднае, пустэльнае хараство пакояў Снежнай каралевы забылася, як цяжкi сон.
   Так сядзелi яны побач, абое ўжо дарослыя, але дзецi сэрцам i душою, а на дварэ было лета, цёплае цудоўнае лета.
   ЕЛКА
   У лесе стаяла цудоўная елачка. Месца ў яе было добрае, паветра i святла ўдосталь; наўкол раслi сяброўкi больш старэйшыя - i елкi, i сосны. Елачцы страшэнна хацелася як найхутчэй вырасцi; яна не думала нi пра цёплае сонейка, нi пра свежае паветра, не было ёй справы i да балбатлiвых сялянскiх дзяцей, што хадзiлi ў лес па сунiцы i малiну; i, назбiраўшы поўныя кубачкi, альбо нанiзаўшы ягады, быццам пацеркi, на тонкiя пруткi, прысаджвалiся пад елачку адпачыць i заўсёды казалi:
   - Вось слаўная елачка! Прыгожанькая, маленькая!
   Такiх размоў дрэўца i слухаць не хацела.
   Мiнуў год - i ў елачкi прыбавiлася адно каленца, мiнуў яшчэ год прыбавiлася яшчэ адно: так па колькасцi каленцаў i можна было даведацца колькi гадоў елцы.
   - Ах, калi б я была гэткай жа вялiкай, як iншыя дрэвы! - уздыхала елачка. - Тады б i я шырока развiнула сваё голле, высока падняла галаву, i мне вiдаць было б далёка-далёка наўкол! Птушкi звiлi б у маiм голлi гнёзды, а калi дзьмуў бы вецер, я гэтаксама важна кiвала б галавою, як iншыя!
   I нi сонейка, нi спевы птушак, нi ружовыя ранiшнiя i вечаровыя аблокi не давалi ёй анiякага задавальнення.
   Стаяла зiма, зямля была заслана ззяючым снежным дываном; па снезе не-не ды прабягаў заяц i часам нават пераскокваў цераз елачку - вось крыўда! Але прайшло яшчэ дзве зiмы, i да трэцяй дрэўца падрасло ўжо настолькi, што зайцу даводзiлася абмiнаць яго.
   "Так, расцi, расцi i хутчэй зрабiцца вялiкiм, старым дрэвам - што можа быць лепш за гэта!" - думалася елачцы.
   Кожную восень у лесе з'яўлялiся дрывасекi i секлi самыя вялiкiя дрэвы. Елачка ўсялякi раз трэслася ад жаху пры выглядзе агромнiстых дрэў, што з шумам падалi на зямлю. Iх ачышчалi ад голля, i яны валялiся на зямлi такiмi голымi, доўгiмi i тонкiмi. Ледзь можна было пазнаць iх! Пасля iх клалi на калёсы i вывозiлi з лесу.
   Куды? Навошта?
   Вясною, калi прыляцелi ластаўкi i буслы, дрэўца запыталася ў iх:
   - Цi не ведаеце вы, куды павезлi тыя дрэвы? Цi не сустракалi вы iх?
   Ластаўкi нiчога не ведалi, але адзiн з буслоў падумаў, кiўнуў галавою i сказаў:
   - Магчыма! Я сустракаў на моры, на шляху з Егiпта, шмат новых караблёў з дзiвоснымi, высокiмi мачтамi. Ад iх пахла елкаю i сасною. Вось дзе яны!
   - Ах, хутчэй бы i мне вырасцi ды пусцiцца на мора! А якое гэтае мора, на што яно падобнае?
   - Ну, гэта доўга расказваць, - адказаў бусел i паляцеў.
   - Радуйся свайму юнацтву! - казалi елачцы сонечныя промнi. - Радуйся свайму здароваму росту, сваёй маладосцi i жыццёвым сiлам!
   I вецер цалаваў дрэва, раса пралiвала над iм слёзы, але елка нiчога гэтага не цанiла.
   Перад Калядамi ссеклi некалькi зусiм маладзенькiх елак; некаторыя з iх былi нават меншымi, чым наша елачка, якой так хацелася хутчэй вырасцi. Усе ссечаныя дрэўцы былi на дзiва прыгожанькiмi; iх не ачышчалi ад голля, а проста паклалi на санкi i павезлi з лесу.
   - Куды? - запыталася елка. - Яны не большыя, чым я, адна нават меншая. I чаму на iх пакiнулi ўсё голле? Куды iх павезлi?
   - Мы ведаем! Мы ведаем! - працырыкалi вераб'i. - Мы былi ў горадзе i заглядвалi ў вокны! Мы ведаем, куды iх павезлi! Яны трапяць у такую пашану, што i сказаць нельга! Мы заглядвалi ў вокны i бачылi! Iх паставiлi пасярод цёплага пакоя i ўпрыгожылi дзiвоснымi рэчамi - залочанымi яблыкамi, мядовымi пернiкамi i мноствам свечак!
   - А пасля?.. - запыталася елка, калоцячыся ўсiм голлем. - А пасля?.. Што было з iмi пасля?
   - А больш мы нiчога не бачылi! Але гэта было цудоўна!
   - Магчыма, i я пайду гэткiм жа блiскучым шляхам! - радавалася елка. - Гэта лепей, чым плаваць па моры! Ах, я проста знемагаюся ад тугi i нецярплiвасцi! Хаця б хутчэй прыйшлi Каляды! Цяпер i я стала гэткаю ж высокаю i разгалiстаю, як тыя, што былi ссечаны ў мiнулым годзе! Ах, няхай бы я ўжо ляжала на санках! Ах, няхай бы я ўжо стаяла прыбраная ва ўсё тое хараство, у цёплым пакоi! А пасля што?.. Пасля, напэўна, будзе яшчэ лепш, iнакш бы навошта i ўпрыгожваць мяне!.. Толькi, што ж гэта такое будзе? Ах, як я нуджуся i iрвуся адсюль! Проста i сама не ведаю, што са мною!
   - Радуйся нам! - сказалi ёй паветра i сонечнае святло. - Радуйся свайму юнацтву i лясному прыволлю!
   Але яна i не думала радавацца, а ўсё расла ды расла. I зiму i лета стаяла яна ў сваiм зялёным уборы, i ўсе, хто бачыў яе, казалi: "Вось дзiвоснае дрэўца!" Падышлi нарэшце i Каляды, i елачку ссеклi першую. Пякучы боль i туга не далi ёй нават падумаць пра будучае шчасце; тужлiва было развiтвацца з родным лесам, з тым куточкам, дзе яна вырасла, - яна ж ведала, што нiколi больш не пабачыць сваiх мiлых сябровак - елак i соснаў, кустоў, кветак, а магчыма, нават i птушак! Як цяжка, як сумна!..
   Дрэўца прыйшло ў сябе толькi тады, калi апынулася разам з iншымi дрэвамi на двары i пачула каля сябе чыйсьцi голас:
   - Цудоўная елка! Вось такую нам i трэба!
   З'явiлася двое прыбраных слуг, узялi елку i ўнеслi яе ў агромнiстую, прыгожую залу. На сценах вiселi партрэты, а на вялiкай кафлянай печцы стаялi кiтайскiя вазы з iльвамi на накрыўках; паўсюль былi расстаўлены крэслы-качалкi, абабiтыя шоўкам канапы i вялiкiя сталы, заваленыя альбомамi, кнiжкамi i цацкамi на некалькi сот талераў - так, ва ўсялякiм разе, казалi дзецi. Елку пасадзiлi ў вялiкую кадку з пяском, абгарнулi кадку зялёнай тканiнай i паставiлi на стракаты дыван. Як трымцела елачка! Што ж такое цяпер будзе? З'явiлiся слугi i маладыя дзяўчаты i сталi ўпрыгожваць яе. Вось на галiнах павiслi напакаваныя ласункамi маленькiя сеткi, якiя выразалi з каляровай паперы, выраслi залочаныя яблыкi i арэхi i загайдалiся лялькi - ўсё роўна, як жывыя чалавечкi: такiх елка яшчэ не бачыла. Нарэшце да галiн прымацавалi сотнi рознакаляровых маленькiх свечак - чырвоных, блакiтных, белых, а да самай верхавiны елкi - вялiкую зорку з сусальнага золата. Ну проста вочы разбягалiся, гледзячы на ўсю гэтую раскошу!
   - Як заблiшчыць, заззяе елка вечарам, калi запаляцца свечкi! - сказалi ўсе.
   "Ах! - падумала елка. - Хаця б ужо хутчэй настаў вечар i запалiлi свечкi! А што ж будзе пасля? Цi не з'явяцца сюды з лесу, каб палюбавацца на мяне, iншыя дрэвы? Цi не прыляцяць да вокнаў вераб'i? Альбо, можа, я ўрасту ў гэтую кадку i буду стаяць тут такою прыбранаю i зiму i лета?"
   Каб жа, ды гэтак! Ад напружанага чакання ў яе нават забалела кара, а гэта для дрэва прыкладна тое ж самае, што для нас галаўны боль.
   Але вось запалiлiся свечкi. Што за бляск, што за раскоша! Елка затрапятала ўсiм сваiм голлем, адна са свечак падпалiла зялёныя iголкi, i елачка надта ж балюча апяклася.
   - Ай-ай! - закрычалi паненкi i паспешлiва затушылi агонь.
   Больш елка i ўздрыгануцца не смела. I напалохалася ж яна! Асаблiва таму, што баялася страцiць хаця б самае нязначнае са сваiх упрыгажэнняў. Але ўвесь гэты бляск проста ашаламляў яе... Раптам абедзве паловы дзвярэй расчынiлiся, i ўварваўся цэлы натоўп дзяцей; можна было падумаць, што яны хочуць звалiць дрэва! За iмi паважна ўвайшлi старэйшыя. Малышы спынiлiся як укапаныя, але толькi на хвiлiну, а пасля падняўся такi шум i гоман, што проста ў вушах звiнела. Дзецi скакалi вакол елкi, i мала-памалу ўсе падарункi з яе былi сарваны.
   "Што ж гэта яны робяць? - думала елка. - Што гэта значыць?"
   Свечкi дагарэлi, iх патушылi, а дзецям дазволiлi абабраць дрэва. Як яны накiнулiся на яго! Толькi галiны затрашчалi! Не будзь верхавiна з залатой зоркай моцна прывязана да столi, яны павалiлi б елку.
   Потым дзецi зноў узялiся скакаць, не выпускаючы з рук сваiх дзiвосных цацак. Нiхто больш не глядзеў на елку, акрамя старой нянькi, ды i тая толькi выглядвала, цi не засталося дзе ў голлi яблычка альбо фiнiка.
   - Казку! Казку! - закрычалi дзецi i падцягнулi да елкi маленькага, тоўсценькага чалавека.
   Ён усеўся пад дрэвам i сказаў:
   - Вось мы i ў лесе! Ды i елка таксама паслухае! Але я раскажу толькi адну казку! Якую хочаце: пра Iведэ-Аведэ альбо пра Клумпэ-Думпэ, якi хоць i звалiўся з лесвiцы, усё-такi праславiўся i здабыў сабе прынцэсу.
   - Пра Iведэ-Аведэ! - закрычалi адны.
   - Пра Клумпэ-Думпэ! - закрычалi другiя.
   Узняўся крык i шум; адна елка стаяла цiха i думала: "А я? А мне што рабiць?"
   Яна ўжо зрабiла сваю справу!
   I тоўсценькi чалавек расказаў пра Клумпэ-Думпэ, якi хоць i звалiўся з лесвiцы, усё-такi праславiўся i здабыў сабе прынцэсу.
   Дзецi запляскалi ў ладкi i закрычалi:
   - Яшчэ, яшчэ! - Яны хацелi паслухаць i пра Iведэ-Аведэ, але засталiся пры адным Клумпэ-Думпэ.
   Цiха, задумлiва стаяла елка, - лясныя птушкi нiколi не расказвалi нiчога такога. "Клумпэ-Думпэ звалiўся з лесвiцы, i ўсё ж яму дасталася прынцэса! Дык, вось што бывае на белым свеце!" - думала елка; яна цалкам верыла ўсяму, пра што зараз чула, - расказваў жа такi паважны чалавек. "Праўда, хто ведае! Магчыма, i мне давядзецца звалiцца з лесвiцы, а пасля i я стану прынцэсай!" I яна з радасцю думала пра заўтрашнi дзень: яе зноў упрыгожаць свечкамi, золатам i садавiнай! "Заўтра ўжо я не затрымчу! - думала яна. - Я хачу, як след нацешыцца сваёй раскошай! I заўтра я зноў пачую казку пра Клумпэ-Думпэ, а можа, i пра Iведэ-Аведэ". I дрэўца цiха прастаяла ўсю ноч у марах пра заўтрашнi дзень.
   Ранiцай з'явiлiся слугi i пакаёўка. "Зараз зноў пачнуць мяне ўпрыгожваць!" - падумала елка, але яны выцягнулi яе з пакоя, пацягнулi па лесвiцы i сунулi ў самы цёмны куток. гарышча, куды нават не трапляла дзённае святло.
   "Што ж гэта значыць? - думала елка. - Што мне тут рабiць? Што я тут пабачу i пачую?" Яна прыткнулася да сцяны i ўсё думала, думала... Часу на гэта было дастаткова: мiналiся днi i ночы - нiхто не заглядваў да яе. Толькi аднойчы прыйшлi людзi паставiць на гарышча нейкiя скрынкi. Дрэва стаяла ад iх у баку, i пра яго, здавалася, забылiся.
   "На двары зiма! - думала елка. - Зямля зацвярдзела i пакрылася снегам; значыцца, нельга зноўку пасадзiць мяне ў зямлю, вось i давядзецца пастаяць пад дахам да вясны! Як гэта разумна прыдумана! Якiя людзi добрыя! Не будзь толькi тут так цёмна i так жахлiва пуста!.. Няма нават нiводнага зайчыка!.. А ў лесе ж як было весела! Наўкола снег, а па снезе зайчыкi скачуць! Хораша было... Нават калi яны скакалi цераз мяне, хаця мяне гэта i злавала! А тут як пуста!"
   - Пi-пi! - пiскнула раптам мышаня i выскачыла з норкi, за iм яшчэ адно, такое ж маленькае. Яны ўзялiся абнюхваць дрэва i шмыгаць у яго голлi.
   - Жахлiва сцюдзёна тут! - сказалi мышаняты. - Каб не гэта, дык i добра было б! Праўда, старая елка?
   - Я зусiм не старая! - адказала елка. - Ёсць шмат дрэў, якiя старэй за мяне!
   - Адкуль ты i што ты ведаеш? - спыталi мышаняты; яны былi страшэнна цiкаўныя. - Раскажы нам, дзе самае лепшае месца на зямлi? Ты была там? Цi была ты калi-небудзь у клецi, дзе на палiцах ляжаць сыры, а пад столлю вiсяць кумпякi i дзе можна скакаць на свечках з лою? Туды ўвойдзеш худым, а выйдзеш адтуль тоўстым!
   - Не, такога месца я не ведаю! - сказала дрэва. - Але я ведаю лес, дзе свецiць сонейка i спяваюць птушкi!
   I яна расказала iм пра сваё юнацтва; мышаняты нiколi не чулi нiчога такога, выслухалi расповяд елкi i пасля сказалi:
   - Як ты шмат бачыла! Якая ты была шчаслiвая!
   - Шчаслiвая? - сказала елка i задумалася пра той час, аб якiм толькi што расказвала. - Сапраўды, вiдаць, тады мне жылося няблага!
   Затым яна расказала iм пра вечар, калi была ўпрыгожана пернiкамi i свечкамi.
   - О! - сказалi мышаняты. - Якой жа ты была шчаслiвай, старая елка!
   - Я зусiм яшчэ не старая! - запярэчыла елка. - Мяне ўзялi з лесу толькi сёлетняй зiмою! Я ў самым росквiце! Толькi што ўвайшла ў рост!
   - Як ты цудоўна расказваеш! - сказалi мышаняты i на наступную ноч прывялi з сабою яшчэ чатырох, каб i яны паслухалi расповяды елкi. А сама елка, чым больш расказвала, тым ясней прыгадвала мiнулае, i ёй здавалася, што яна перажыла шмат добрых дзён.
   - Але яны ж вернуцца! Вернуцца! Вось i Клумпэ-Думпэ ўпаў з лесвiцы, а ўсё-такi яму дасталася прынцэса! Магчыма, i я зраблюся прынцэсай!
   Тут дрэва ўспомнiла прыгожанькую бярозку, што расла ў лясным гушчары непадалёк ад яго, - яна здавалася яму цяпер сапраўднай прынцэсай.
   - Хто гэта Клумпэ-Думпэ? - спыталi мышаняты, i елка расказала iм усю казку; яна запомнiла яе слова ў слова. Мышаняты ад задавальнення скакалi ледзь не да самай верхавiны дрэва. На наступную ноч з'явiлася яшчэ некалькi мышэй, а ў нядзелю прыйшлi нават два пацукi. Iм казка зусiм не спадабалася, што надта засмуцiла мышанят, але цяпер i яны перасталi ўжо так захапляцца ёю, як раней.
   - Вы толькi адну гэтую гiсторыю i ведаеце? - спыталi пацукi.
   - Толькi! - адказвала елка. - Я чула яе ў самы шчаслiвы вечар майго жыцця; але якраз тады я, мiж iншым, яшчэ не ўсведамляла гэтага!
   - Нiчога дзiўнага, звычайная, вартая жалю, гiсторыя! Магчыма, вы ведаеце што-небудзь пра тлушч, альбо свечкi з лою? Пра клець?
   - Не! - адказала дрэва.
   - Тады шчаслiва заставацца! - сказалi пацукi i пайшлi.
   Мышаняты таксама разбеглiся, i елка ўздыхнула:
   - А ўсё ж слаўна было, калi гэтыя гарэзлiвыя мышаняты сядзелi вакол мяне i слухалi мае расповяды. I гэтаму настаў канец... Але ўжо цяпер я не ўпушчу свайго, як след парадуюся, калi зноўку выйду на белы свет!
   Ды не так ужо хутка гэта здарылася!
   Аднойчы ранiцай з'явiлiся людзi прыбраць гарышча. Выцягнулi скрынкi, а за iмi i елку. Спачатку яе даволi груба кiнулi на падлогу, пасля слуга пацягнуў яе па лесвiцы ўнiз.
   "Ну, цяпер для мяне пачнецца новае жыццё!" - падумала елка.
   Вось на яе павеяла свежым паветрам, блiснуў промень сонца - елка апынулася на дварэ. Усё гэта адбылося так хутка, наўкол было столькi новага i цiкавага для яе, што яна не паспела i паглядзець на самую сябе. Двор прылягаў да саду; у садзе ўсё зелянела i цвiло. Цераз агароджу перавешвалiся свежыя духмяныя ружы, лiпы былi пакрыты цветам, ластаўкi лёталi ўзад i ўперад i шчабяталi:
   - Квiр-вiр-вiт! Мой муж вярнуўся!
   Але гэта не цiкавiла елку.
   - Цяпер я зажыву! - радавалася яна i выпроствала свае галiны. Ах, як яны пабляклi i пажоўклi!
   Дрэва ляжала ў кутку двара, у крапiве i пустазеллi; на верхавiне яго ўсё яшчэ ззяла залатая зорка.
   У двары весела гулялi тыя ж самыя дзецi, што скакалi i танцавалi вакол упрыгожанай елкi на Каляды. Самы малодшы пабачыў зорку i сарваў яе.
   - Паглядзiце-тка, што засталося на гэтай брыдкай, старой елцы! - крыкнуў ён i наступiў на яе голле; галiны захрумсцелi.
   Елка паглядзела на маладое, квiтнеючае жыццё наўкол, пасля паглядзела на самую сябе i пажадала вярнуцца ў свой цёмны куток на гарышчы. Успомнiлiся ёй i маладосць, i лес, i вясёлыя Каляды, i мышаняты, якiя радасна слухалi казку пра Клумпэ-Думпэ...
   - Усё прайшло, прайшло! - сказала бедная елка. - I хаця б я радавалася пакуль быў час! А цяпер... усё мiнулася, мiнулася!
   Прыйшоў слуга i пасек елку на кавалкi, - атрымалася цэлая вязанка распалак. Як горача запалымнелi яны пад вялiкiм катлом! Дрэва глыбока-глыбока ўздыхала, i гэтыя ўздыхi былi падобны на слабыя стрэлы. Прыбеглi дзецi, уселiся прад агнём i сустракалi кожны стрэл вясёлым "пiф! паф!". А елка, цяжка ўздыхаючы, успамiнала ясныя летнiя днi i зоркавыя ночы ў лесе, вясёлыя Каляды i казку пра Клумпэ-Думпэ, адзiную чутую ёю казку!.. Так яна ўся i згарэла.
   Хлопчыкi зноў гулялi на дварэ; у малодшага на грудзях ззяла тая самая залатая зорка, якая ўпрыгожвала елку ў самы шчаслiвы вечар яе жыцця. Цяпер ён прайшоў, кануў у вечнасць, елцы таксама прыйшоў канец, а з ёю i нашай гiсторыi. Канец, канец! Усё на свеце мае свой канчатак!
   КУФАР-САМАЛЁТ
   Жыў-быў купец. Ён быў такi багацей, што мог бы вымасцiць срэбнымi грашыма цэлую вулiцу. А ў прыдатак - яшчэ i завулак. Але гэтага купец не рабiў. Ён добра ведаў як трацiць грошы.
   Раптоўна гэты багацей памёр. Нашчадкам яго скарбаў застаўся сын. От ён i пачаў жыць весела. Кожную ноч удзельнiчаў у розных гулях, маскарадах. З грошай вырабляў папяровых змеяў. А па вадзе, замест каменьчыкаў, шпурляў залатымi манетамi.
   Зразумела, што сын купца вельмi хутка застаўся без грошай. У адным старым халаце. Ды ў пантофлях-шлёпанцах. Адвярнулiся ад яго ўсе сябры. Толькi адзiн з iх, добры чалавек, прыслаў яму стары куфар. Нiчоганькi не мог пакласцi бядак у той куфар. Узяў ды сам усеўся туды.
   А куфар быў не просты. Варта нацiснуць на замок - i куфар узлятаў у паветра. Купецкi сын так i зрабiў.
   Вокамгненна, з подсвiстам куфар вылецеў з iм у комiн. Узвiўся высока-высока, пад самыя воблакi. Купецкi сын вельмi страшыўся, што куфар вось-вось разаб'ецца на друзачкi. Але ўсё было добра, i неўзабаве ён прыляцеў у Турцыю.
   Схаваў купецкi сын у лесе свой незвычайны куфар-самалёт. А сам пакiраваў у горад. Ён не саромеўся свайго ўбора, бо ў той краiне ўсе людзi хадзiлi ў халатах i туфлях.
   Сустрэлася яму на вулiцы жанчына з дзiцём, ён i пытае:
   - Скажыце, што гэта за вялiзны палац каля вашага горада? Чаму ў iм вокны так высока ад зямлi?
   - О, тут жыве прынцэса! - сказала жанчына. - Ёй прадказана, што яна будзе няшчаснай ад свайго жанiха. Вось да яе нiхто i не можа зайсцi. Толькi з дазволу самiх караля i каралевы.
   Падзякаваў купецкi сын, вярнуўся ў лес. Сеў у свой куфар i прыляцеў на дах палаца. Адтуль улез да прынцэсы праз акно.
   Прынцэса якраз спала на канапе. Яна была такая прыгажуня, што купецкi сын не ўтрымаўся i пацалаваў яе. Прынцэса прачнулася, спалохана спытала:
   - Вы хто?
   - Турэцкi бог! - адказаў купецкi сын. - Я прыляцеў да вас з неба.
   Прынцэсе гэта спадабалася. Яны селi побач. I госць пачаў расказваць ёй казкi: пра яе вочы, прыгажосць, урэшце, пра буслоў, якiя прыносяць людзям маленькiх дзяцей.
   Так яны i пазнаёмiлiся, спадабалiся адзiн аднаму. Хлопец прапанаваў прынцэсе выйсцi за яго замуж. Яна пагадзiлася, але сказала пры гэтым:
   - Прыйдзiце сюды ў суботу. У мяне будуць пiць гарбату кароль i каралева. Iм спадабаецца, што я выходжу замуж за турэцкага бога. А вы пастарайцеся расказаць iм цiкавую казку. Толькi ўлiчыце: мама любiць казкi павучальньныя i сур'ёзныя, а бацька - вясёлыя.
   - Мае казкi i будуць вясельным падарункам, - паведамiў купецкi сын.
   Прынцэса на развiтанне падарыла свайму жанiху шаблю, выкладзеную чырвонцамi. Такога багацця яму i не хапала. На тым яны развiталiся.
   Паляцеў хлопец у горад, купiў сабе новы халат. Ды засеў у лесе складваць казку. Не думайце, што гэта так проста.
   Але вось казка гатова. I якраз наступiла субота. Усё адбылося, як сказала прынцэса. Кароль, каралева i ўвесь двор сабралiся да прынцэсы на гарбату. Купецкага сына прынялi як найлепш.
   - Ну, раскажы нам казку! - папрасiла каралева. - Толькi што-небудзь сур'ёзнае, павучальнае.
   - Але каб i пасмяяцца можна было! - дадаў кароль.
   - Добра! - адказаў купецкi сын.
   Паслухаем i мы яго казку.
   "Жыў-быў пачак запалак. Ляжалi запалкi на палiцы памiж крэсiвам i старым жалезным кацялком. Час ад часу яны расказвалi суседзям пра сваё дзяцiнства:
   - Добра нам было ў маладосцi. Жылi мы ў лесе зялёнай сасной. Кожную ранiцу i штовечар пiлi брыльянтавую гарбату - расу. Цалюткi дзень свяцiла нам сонейка, а птушкi расказвалi казкi. Мы ганарылiся сваiм багатым родам. Лiставыя дрэвы былi апрануты толькi летам. А мы мелi зялёную вопратку круглы год, нават зiмой. Але аднойчы з'явiлiся ў лесе дрывасекi, i пачалiся вялiкiя перамены. Загiнула ўся наша сям'я. З нашага шаноўнага дрэва зрабiлi запалкi. Вось мы, важныя паны, ляжым цяпер на кухнi, служым чэрнi.
   - Са мной усё было iнакш, - сказаў жалезны кацялок. - Як толькi з'явiўся на свет, мяне бясконца чысцяць, шкрабуць, ставяць на агонь. Калi сказаць праўду, то я займаю ў хаце першае месца. Адзiнае маё балаўство - ляжаць пасля абеду чысценькiм на палiцы ды гутарыць з сябрамi.
   Кацялок пачаў расказваць розныя небылiцы пра вядро, кошык, гаршчок. Яго супынiла крэсiва:
   - Вельмi, дружа, ты разбалбатаўся. Цi не лепш бы нам паслухаць iншых?
   - Так, так, давайце пагаворым, хто з нас важнейшы, - прапанавалi запалкi.
   - Не, я не люблю гаварыць пра сябе, - сказала глiняная мiска. - Я пачну i паведаю сёе-тое з жыцця, што будзе знаёма ўсiм i кожнаму. Дык вось, на беразе роднага мора, у цяньку ад дацкiх букаў...
   - Цудоўны пачатак! - пахвалiлi талеркi.
   - Там у адной мiрнай сям'i правяла я сваю маладосць. Уся мэбля была палiраваная. Падлога чыста вымытая. А фiранкi на вокнах мянялiся кожныя два тыднi.
   - Як цiкава! - сказала мяцёлка. - У вашым аповедзе так i адчуваецца жанчына, якая любiць чысцiню.
   - Так, так! - пацвердзiла вядро, ад задавальнення нават падскочыла i выплюхнула на падлогу крыху вады.
   Глiняная мiска тым часам прадаўжала свой аповед. Талеркi загрымелi ад захаплення. Мяцёлка дастала са скрынi з пяском пучок зялёнай пятрушкi i ўвянчала iм мiску.
   Вугальныя абцугi пусцiлiся ў скокi. Бог ты мой, як яны ўскiдвалi то адну, то другую нагу!
   Павiнен быў заспяваць самавар. Але ён важнiчаў, маўляў, можа спяваць толькi тады, калi ўсярэдзiне ў яго кiпiць.
   - Што ж, - сказала гусiнае пяро, якое ляжала на акне, абмакнутае ў чарнiльнiцу, - калi самавар не хоча спяваць, хай заспявае салавей, якi вiсiць за акном у клетцы.
   - Па-мойму, гэта непрыстойна слухаць нейкую нетутэйшую птушку, - зазначыў медны iмбрык, зводны брат самавара.
   - Давайце шумець! - закрычалi ўсе.
   Раптам дзверы адчынiлiся, увайшла служанка. Усе прыцiхлi, нi гугу. Але не было нiводнага гаршка, якi б не думаў пра сваю знакамiтасць. Кожны думаў пра сябе: "От каб я ўзяўся за справу, было б весела!"
   Служанка ўзяла запалкi i запалiла iмi свечку. Божа мой, як яны фыркалi, калi запальвалiся!
   "Вось цяпер усе бачаць, што мы тут важныя асобы, - думалi яны. - Якi ад нас бляск, колькi святла!"
   Так яны i згарэлi.
   - Цудоўная казка! - сказала каралева. - Я нiбыта сама пасядзела на кухнi разам з запалкамi. Так, ты варты рукi нашай дачкi.
   - Безумоўна! - пацвердзiў кароль. - Вяселле адбудзецца ў панядзелак!
   Кароль i каралева звярталiся да жанiха на "ты". Яны паверылi, што ён вельмi хутка стане часткай iх сям'i.
   Вечарам у горадзе наладзiлi iлюмiнацыю. Народу кiдалi пампушкi i абаранкi. Хлапчукi лавiлi iх, крычалi "ўра".
   А купецкi сын накупляў ракет, хлапушак. Узляцеў з iмi на сваiм куфры-самалёце i давай пiф-пафаць. Туркi скакалi ад радасцi, бо яшчэ нiколi не бачылi такога феерверка. I паверылi, што на прынцэсе жэнiцца сам турэцкi бог.
   Купецкi сын зноў схаваў свой куфар-самалёт у лесе. Вярнуўся ў горад i з прыемнасцю слухаў, што казалi людзi пра яго.
   - Бачыў я самога турэцкага бога! - сказаў адзiн гараджанiн. - Вочы ў яго нiбыта зоркi, а барада - пена марская!
   - Ён лятаў на вогненным плашчы! - расказваў другi.
   Наблiжаўся час вяселля, i купецкi сын пайшоў у лес, каб сесцi ў свой чароўны куфар ды паляцець да нявесты. Але здарылася нечаканая бяда.
   Куфар згарэў. Ад яго застаўся толькi попел. Вiдаць, у час феерверка ў iм аселi iскры. Яны тлелi, тлелi дый успыхнулi.
   Так i не пашчасцiла купецкаму сыну зноў узляцець на каралеўскi палац, да вокнаў прынцэсы.
   А яна ўвесь дзень стаяла на даху, чакала яго. Ды чакае i па сёння!
   Жанiх жа ходзiць па белым свеце, расказвае новыя казкi. Толькi цяпер яны ўжо не такiя вясёлыя, як была яго першая казка пра запалкi.
   ЦЕНЬ
   Вось ужо дзе палiць сонца - дык гэта ў гарачых краiнах! Людзi загараюць там да таго, што робяцца чырванаскурымi, а ў самых гарачых краiнах чырвонымi, як мурыны. Але мы пагаворым пакуль толькi пра гарачыя краiны; сюды прыехаў з халоднай стараны адзiн вучоны. Ён стаў бегаць у шубе па горадзе, як у сябе дома, але неўзабаве адмовiўся ад гэтага i, як усе разважлiвыя людзi, пачаў сядзець увесь дзень дома з зачыненымi аканiцамi i дзвярыма. Можна было падумаць, што ўвесь дом спiць або нiкога дома няма. Вузкая вулiца, забудаваная высокiмi дамамi, скварылася на сонцы з ранiцы да вечара; сiл нiякiх не было цярпець гэтую гарачыню! Вучонаму, якi прыехаў з халоднай краiны, - а ён быў чалавек разумны i малады яшчэ, - здавалася, быццам ён сядзiць у гарачай печы! Гарачыня моцна ўплывала на яго здароўе; ён пахудзеў, i нават цень яго неяк увесь зморшчыўся, стаў шмат меншым, чым быў у халоднай краiне; гарачыня паўплывала i на яго. Абодва яны - i вучоны, i цень - ажывалi толькi з надыходам вечара.