Бюлетэнь "Кантроль No2" (1.89) атрымаўся зусiм не цiкавым. Нумар сьведчыў аб хуткiм заняпадзе Таварыства. "У канцы сьнежня прайшла вечарына "Тутэйшых" на фiлфаку БДУ. Слабая арганiзацыя яе прывяла да сумнай колькаснай раўнавагi тых, хто выступаў, i тых, хто слухаў". Аднак "Тутэйшыя" працягвалi змагацца з "прыкарытнiкамi". Хто гэта такiя, тлумачылася наступным чынам: "ПРЫКАРЫТНIКI. Так назвала лiтаратурная моладзь банду лiтаратурных дыназаўраў, акапаўшыхся ў Саюзе Пiсьменьнiкаў БССР, якiя памагалi калянiзатарам душыць Беларускую культуру i нiшчыць Беларускую мову, ды галасiлi ў сваiх творах нiбы пра "росквiт" гэтай забiванай культуры, ды вясёлае жыцьцё падняволенага народу пад управай Крамлёўскiх стаўленiкаў. Мiхаiл Мiнскi (пражывае ў СССР) апавядае аб тым, як жыў адзiн з гэтых верных слугаў панявольнiка - "беларускi пiсьменьнiк" Пятрусь Броўка: "Дом быў стараветны, з высачэзнымi столямi, з мармуровымi сходамi... На першым паверсе быў дзiцячы садок, другi паверх займаў вялiкi паэт Пятрусь Броўка, на трэцiм паверсе жыў акадэмiк Мацэпура, а апошнi займаў архiтэктар i прафэсар Чантурыя... Кожнаму прыпадала па паверху, пакояў гэтак на 10-12... Стукаю да Петруся Броўкi. Адчынiла мне пакаёўка з чэпчыкам на валасах i павяла да памяшканьня. На ўсiм шляху тоўстыя кiлiмы, гэткiя хiба да рэвалюцыi тут ляжалi. Прывяла да вiтальнага пакою i пасадзiла ў крэсла... У дзiцячым садку скардзiлiся: яны ня могуць праводзiць музычную гадзiну, таму што паэт Броўка думае сваю вялiкую думу i не дазваляе пяяць i граць на пiянiне, таму што музыка адганяе ягоную музу... Броўка меў i некалькi дачаў, аўтар апiсвае ягоныя ходаньнi, каб адстаяць свае дачы, калi адну ў яго хацелi забраць. Так выглядалi i выглядаюць гэтыя так званыя "народныя паэты", верныя паслугачы Маскоўскага рэжыму. За верную працу калянiзатар умее шчодра плацiць!" Кватэры, дачы й ганарары "прыкарытнiкаў" не давалi спакою тутэйшаўцам. Але на iх долю гэтых шчадротаў ужо не хапiла. Як "чорная хмара", насоўвалiся часы "перабудовы".
   1988 год стаўся лебядзiнай песьняй "Тутэйшых". Нават наладжаная гадавая нарада Таварыства не прынесла якiх-кольвечы вынiкаў.
   3-га траўня ў Наваполацку я атрымаў паштоўку ад Бяляцкага з наступным паведамленьнем: "Шаноўны Алесь! Мабыць табе У.Арлоў трохi нешта гаварыў, але я яшчэ хачу больш дакладна перадаць. 15 траўня (мая), у нядзелю, у 11.00, у Доме Лiтаратараў будзе праходзiць рэспублiканская нарада "Тутэйшых". Вырашылi праводзiць iх раз у год-два, каб спынiцца, паразважаць, паглядзець назад i падумаць аб будучым. Абавязкова прыяжджайце зь Сержуком, вазьмiце Бурдыку, калi ён ня супраць. Праезд будзе аплочаны ў два бакi адразу ж. Трэба нам усiм хоць зрэдку зьбiрацца. Будзем мы тут прыймаць дэклярацыi, пастановы (наконт школак, мовы i г.д.), можа i ў вас ёсьць канструктыўныя iдэi - падумайце, калi ласка. Увечары будзе вечарына. Чакаем. Алесь Бяляцкi. Запрашаем гасьцей з Эстонii, Латвii, Лiтвы".
   Ня памятаю, цi паехаў на нараду Сяржук Сокалаў-Воюш, а я з Бурдыкам на рэспублiканскiм мерапрыемстве быў. Павал Бурдыка зьяўляўся сябрам наваполацкага лiтаратурнага аб'яднаньня "Крынiцы". Нейкi час я працаваў разам зь iм на адным прадпрыемстве - наваполацкiм заводзе "Вымяральнiк". У 1991 годзе ў Полацкай друкарнi мы разам выдалi зборнiк вэрлiбраў "Тайнiца", якi стаў першым беларускамоўным выданьнем, што пабачыла сьвет у Полацку пасьля лiквiдацыi Галоўлiту. (Цi не апошняй беларускамоўнай полацкай кнiгай быў альманах маладнякоўцаў "Зарнiцы", 1928 г.)
   На нараду сабралася багата маладых лiтаратараў, бадай з усiх куткоў Беларусi. На жаль, я не пакiнуў падрабязных запiсаў аб тым, што адбывалася падчас паседжаньня. У маiм дзёньнiку пазначана, што згадвалiся Дзяды-88, iшла гутарка пра ўласны альманах, адбылася стыхiйная дыскусiя на тэму "Лiтаратура й грамадзкi абавязак". У дзёньнiку я пакiнуў прозьвiшчы тых, хто выступаў: Глёбус, Мiнкiн, Акулiн, Шалкевiч, Бабкоў... З таго дня помнiцца зусiм iншае. Па сканчэньнi паседжаньня Сыс, Дранько-Майсюк, Вольга Куртанiч, Бурдыка i я выправiлiся ў больнiцу адведаць Пiмена Панчанку. Ён неяк няўдала павалiўся (цi не ва ўласнай кватэры?), зламаў сабе скабы. Здаецца, прапанаваў схадзiць да клясыка Сыс. Шкадую, што я ў той день не сфатаграфаваў народнага паэта. Панчанка жартаваў i апавядаў пра сваё флiртаваньне зь дзяўчынай-мэдсястрой. Цытаваў напiсаны ёй верш. У Панчанкi й Сыса былi на той час асаблiвыя дачыненьнi - яны сталiся апанэнтамi. Панчанка напiсаў верш "Разьвiтаньне", у якiм казаў пра незваротны заняпад беларускай мовы.
   Родны Янка Купала,
   Вы пiсалi:
   "Я веру - настане..."
   Дарагi мой Iван Дамiнiкавiч,
   Не, не настане!
   Гэта ўжо не сьвiтаньне,
   Гэта наша настала зьмярканьне,
   Гэта з мовай маёй,
   Гэта з песьняй маёй
   Разьвiтаньне.
   Верш спачатку быў надрукаваны ў "ЛiМе", а затым у зборнiку "Горкi жолуд" i выклiкаў у беларускай сьвядомай iнтэлiгенцыi шок. Вядома, Панчанка на тое й разьлiчваў. "Тутэйшыя" мусiлi адказаць. Сыс напiсаў верш "Прачытаўшы верш Пiмена Панчанкi "Разьвiтаньне".
   Родны мой Пiмен Панчанка,
   Вы сказалi: настала зьмярканьне?
   Вы сказалi на мацi мачыха?
   Бо настала Вам разьвiтаньне?
   (...)
   Вы жывымi сьлязьмi заплачыце,
   за паэтам народ убачыце
   скрозь расстаньне i скрозь зьмярканьне,
   Вам за сьмерць сваю прыкра стане,
   бо пад небам Сафii полацкай
   на народных паэтаў моляцца.
   Але нiякiх нацягнутых адносiнаў памiж iмi не паўстала. Сыс мне казаў, што прасiў прабачэньня ў Панчанкi за свой верш. Той, нiбыта, супакоiў, маўляў, чакаў i спадзяваўся, што нехта падобным чынам яму запярэчыць. Калi з Панчанкам надарылася бяда, Сыс ледзь не штодня наведваў яго ў шпiталi. Пры нас ён размаўляў з Панчанкам па-сяброўску, як далучаны, як пераемнiк. Калi наша дэлегацыя выйшла зь лякарнi, я прапанаваў усiм разам сфатаграфавацца на памяць, што мы й зрабiлi.
   Полацак, 2000