Лекар, якi не пераставаў сачыць за iм, хацеў быў выпрабаваць яго святасць.
   - Ты яшчэ не бачыў сапраўды страшных пракажоных. Тыя, што тут, яшчэ маюць нейкае аблiчча - чалавечае цi не - не важна. Перш чым ты сустрэнешся з iншымi, падрыхтуйся да самага брыдкага.
   - Хiба ўсе людзi не браты? - паўтарыў нiзкiм голасам чужынец. - Нiякая форма праказы мне не гiдкая. Але, - сказаў ён устрывожана, - хiба не ўсе пракажоныя жывуць пры манастыры?
   - На жаль, брат мой, - сказаў абат, - ён стаў занадта цесны для iх. Многiя, самыя страшныя, вымушаны жыць у халупах на схiлах гары. Каб абысцi вялiкi лепразорый, трэба днi са два.
   Было падобна, што чужынца ахапiла нечаканая трывога, i ён рэзка ўскочыў.
   - Брат абат, я не магу затрымлiвацца, - хутка сказаў ён, - я адчуваю сябе вiнаватым перад гэтымi няшчаснымi.
   5
   - Нiякая форма праказы мне не гiдкая, - задумлiва паўтарыў лекар. - Вось сапраўды смелы чалавек.
   Чужынец выйшаў так хутка, што абат нават не паспеў варухнуцца, каб затрымаць яго. Жан Маяр падышоў да акна i выглянуў на вулiцу. Змяркалася.
   - Дзiўная птушка гэты ваш святы. Вось пайшоў лавiць пракажоных. Чаго, чаго, а гэтага тут хапае. I дваццацi крокаў не зрабiў, а ўжо пацёрся тварам аб дзесятак выдатных струплявых пыс. Нiхто з нашых не хоча прапусцiць такога свята. На плошчы аж цёмна ад людзей. А вось пайшлi па жанчыну, каб прывесцi да яго. Што ён робiць? Ды ўсё тое самае. Нахiляецца, прыцiскаецца да яе грудзей сваiмi, цалуе ў лоб i шчокi, зноў цалуе, потым пераходзiць да iншай. Вядома, гэтыя шлёндры хацелi б яшчэ, але ён не затрымлiваецца. Як святы спяшаецца ўсiх прывiтаць або давесцi сваю святасць.
   - Мэтр Жан, гэта блюзнерства, - сказаў абат, у якога яшчэ не прайшоў экстаз. - Гэта святы, i велiч яго мiсii не дазваляе яму затрымлiвацца нi на хвiлiну.
   - Вядома, - прабурчаў лекар, - але цi не хочацца вам пагаварыць з iм крыху больш i даведацца, што ў яго за святасць. Бываюць, вы ведаеце, святыя каралi. Гэты не з iх. Бываюць святыя рыцары. Гэта таксама не той выпадак. Святы манах? У яго няма танзуры. Ён i не мужык, да таго ж я нiколi не чуў пра мужыкоў-святых.
   - А! Хiба важна, хто ён у мiрскiм жыццi. Гэта святы, i нам гэтага дастаткова. Цi не адчулi вы, як i я, водару, якi зыходзiць, калi ён дыхае? Я i цяпер яшчэ п'яны ад яго. Брату Розу не прымроiлася. Водар ладану i мiрту.
   - Глядзi ты! Сапраўды. Я абнюхаў яго ўсяго, як i вы, хоць ён i не палiчыў мяне годным свайго пацалунку. Богу не заўгодна было паслаць да нас пекную святую. Я, праўда, не прывык мець справу са святымi, але я нiколi не чуў, што яны неяк спецыфiчна пахнуць.
   - А вось тут вы i памыляецеся, хоць вы i выдатны лекар, - сур'ёзна сказаў стары. - У былыя часы некаторых святых ахiнаў водар, якi напаўняў паветра навокал. Гэта даведзена.
   Жан Маяр моўчкi глянуў на свайго набожнага сябра, потым, не вельмi перакананы, пакiваў галавой. Калi праз гадзiну ён пайшоў ад абата, месiр Тама Д'Арфёй усё яшчэ быў усхваляваны, а ўзрушанасць, якая панавала вакол кляштара, доўга не давала яму заснуць.
   Чужынец да позняй ночы блукаў па малым лепразорыi. Спачатку ён хадзiў па вулiцах паселiшча без нiякага парадку, цалаваў усiх, каго сустракаў, пры гэтым яго нiбы магнiтам цягнула да вялiкiх груп пракажоных. Потым, калi першая ўзрушанасць, якую выклiкала яго з'яўленне, трохi сцiшылася i вулiцы апусцелi, ён быццам бы задумаўся, i ў яго незвычайных паводзiнах з'явiлася нешта накшталт метаду.
   Ён папрасiў брата Роза, якi неадступна хадзiў следам за iм, быць яму праваднiком i пачаў заходзiць у кожнае жытло. Там ён знайшоў пракажоных, якiя не выйшлi - хто з прычыны кепскага стану, хто проста праз абыякавасць. У кожнай хацiне ён выказваў сваю мiласэрнасць у простым i строгiм рытуале: зайшоўшы, ён абдымаў i цалаваў усiх па чарзе. Можна было падумаць, што ён баяўся, каб хто не схаваўся. Нiкому не ўдалося пазбегнуць яго ласкi. Упартых ён праследаваў, заганяў у куток, i там - зноў абдымаў, i яго дзiўны голас, у якiм, здаецца, чуўся горкi папрок, ушчуваў няшчаснага за ягоны сорам.
   - Хiба ўсе людзi не браты? - паўтараў ён. - Я прыйшоў да цябе з любоўю, а ты мяне цураешся!
   Тады сэрца самага здзiчэлага пракажонага мякчэла, i ён са слязьмi прымаў яго пацалунак. Зрабiўшы гэта i агледзеўшы ўсе закуткi, каб упэўнiцца, што не прапусцiў нiкога - нi хворага ў пасцелi, нi дзiцяцi ў калысцы, - чужынец выходзiў i нецярплiва iшоў да наступнага дома.
   Ён скончыў свой абход i зноў апынуўся на галоўнай вулiцы пасёлка позна ўночы. Некалькi пракажоных, якiя не спалi, убачылi яго ў гэты момант у святле лiхтара, якi трымаў брат Роз. Яны заўважылi, што яго твар быў бледны i мокры ад поту, i ад думкi, што ён ахвяруе сваiм здароўем дзеля iх, iм зрабiлася прыемна. Брат Роз тым часам малiў яго крыху адпачыць, перш чым iсцi ў вялiкi лепразорый, што ён збiраўся зрабiць. Манах хацеў забраць яго ў сваю халупу, раз ужо ён не скарыстаўся з гасцiннасцi абата, але незнаёмы адмовiўся махам галавы. Яны перакiнулiся некалькiмi словамi, якiх нiхто не пачуў, i схавалiся ў цемры. Святы знiк, i ў тую ноч на вулiчках пасёлка больш не бачылi яго ценю. Усе былi перакананыя, што ён урэшце заначаваў у манаха. Паступова размовы сцiхлi, i цiша зноў запанавала на Гары Хворых.
   6
   Тама д'Арфёй падняўся незадоўга да першай ранiшняй малiтвы (яшчэ не было шасцi) i пайшоў у каплiцу, каб падзякаваць небу. Ён прабыў там зусiм нядоўга, бо яму было вельмi цiкава даведацца, як там новы госць лепразорыя. Выходзячы, ён напаткаў Жана Маяра. Той акурат скончыў ранiшнi абход у лякарнi. Лякарня, або, як казалi, Божы дом, уяўляла сабой доўгi барак, дзе размяшчалi хворых, стан якiх вымагаў сталага лячэння. Манахаў, якiя хадзiлi б ля хворых, не было, а брат Роз часцей за ўсё быў заняты iншымi справамi, i таму лекар патрабаваў ад пракажоных, якiя яшчэ былi чагосьцi вартыя, па чарзе глядзець хворых, што яны рабiлi, не хаваючы агiды.
   Жан Маяр размаўляў з братам Розам. У адказ на пытанне: "Дзе ён?", якое абат задаў яшчэ здалёк, ён пацiснуў плячыма i буркнуў:
   - Пайшоў да вялiкага лепразорыя. Пайшоў яшчэ давiдна, пераначаваўшы ў Божым доме.
   - У Божым доме! Але ж наша ўбогая лякарня заваленая хворымi, нават пракажоным не хапае ложкаў.
   - Ён так пажадаў, - сказаў брат Роз, - ён спаў з двума самымi страшнымi хворымi.
   - Ён спаў з пракажонымi?!
   - Ён так пажадаў, - паўтарыў манах. - Ён паспаў усяго некалькi гадзiн, а перад тым дапамагаў даглядаць хворых.
   - Мэтр Жан, - сурова сказаў абат, - хiба гэта не захапляе вас?
   - Не спрачаюся, гэта смелы ўчынак, i я не адмовiўся б, каб бог паслаў нам добраахвотнага санiтара, да таго ж святога. Я не пярэчыў бы гэтаму, калi б святы дух не выяўляўся ў iм праз шкодную гарачку. Ён ашалеў. Калi так пойдзе далей, яго здароўе не вытрымае. Да таго ж няма хваробы больш шкоднай за шаленства, нават калi яно святое, i сёння з ранiцы ўсе мае лайдакi заразiлiся iм. Гэтыя эмоцыi нiчога iм не дадуць. Вам трэба ўжыць свой аўтарытэт, каб прымусiць яго крыху сцiшыцца i праяўляць сваю святасць больш памяркоўна. Гэта вам кажа медык. Баюся, каб уся гэтая ўзрушанасць не перарасла ў вар'яцтва.
   Абат задумаўся. Ён ведаў, што яго сябар - чалавек цвярозага розуму i добры лекар i што ён часта, як бы мiмаходзь, дае добрыя парады. Ён сам не ўхваляў нiякiх эксцэсаў, i, хоць ён не прызнаваўся сабе ў гэтым, яго бянтэжылi паводзiны незнаёмага.
   - Не мая воля патушыць святы агонь, - сказаў ён, - але, магчыма, мне ўдасца пераканаць яго паберагчы свае сiлы дзеля самой яго мiсii.
   - Тады правядзiце мяне. Я павiнен наведаць вялiкi лепразорый. Мы абавязкова сустрэнем гэтую птушку, i вы зможаце яго паўшчуваць. Сёння я збiраюся заначаваць на паўдарозе да вяршынi, а заўтра падымуся на самы верх. Ужо даўно я не адведваў майго цемнаскурага калегу.
   Гэтай фамiльярнай фразай пра мурына, якi жыў на вяршынi, Жан Маяр намякаў на элементарныя веды ў медыцыне, якiя, як яму здалося, ён у таго разгледзеў. Але нiякi жарт не мог уратаваць абата ад трымцення, калi гаворка iшла пра чорную жудасць. Аднак лекар стаяў на сваiм:
   - Апошнiм часам вы не пакiдалi сценаў манастыра, а гэта вам не пашкодзiла б. Пракажоным патрэбен мацыён у разумных межах.
   З хвiлiну абат вагаўся. Яго зусiм не вабiла правесцi ноч дзе бог дасць. Але лекар меў рацыю: ён не выяўляў нiякага жадання пакiдаць манастыр i адчуваў дакоры сумлення за тое, што стараўся пазбягаць сустрэч са страшнымi пракажонымi. Да таго ж яму карцела як мага хутчэй пабачыць чужынца. I ён наважыўся.
   - Пойдзем, - сказаў ён. - Сядзенне ў чатырох сценах кепска адбiваецца i на душы, i на целе. Я з вамi.
   Яны выйшлi з манастыра разам з верным братам Розам, якi нёс скрынкi з лекамi, i з маладым пракажоным, на якога нагрузiлi коўдры i харч. Гэты пракажоны прыслужваў абату. Тама д'Арфёй не адважваўся прызнацца нават сабе самому, што выбраў яго з эгаiстычных меркаванняў: праказа ледзь закранула яго твар, i ён быў амаль чалавечы.
   Спачатку яны iшлi праз палеткi каля манастыра. Навокал было хораша, сцежка падымалася ўгору не настолькi крута, каб замiнаць размове. Сябры гутарылi. Жвавыя рухi i ранiшняе паветра ўзбадзёрылi абата. Праходзячы праз вiнаграднiк, вiно з якога абат пiў штодня, ён узнёс хвалу небу за багаты ўраджай i пахвалiў брата Роза за добры догляд. Дабрадзейны манах пачырванеў ад задавальнення.
   - Зямля тут добрая, - сказаў ён, - пагана, што вышэй яна нiкуды не вартая. А нам трэба будзе ўзараць яшчэ. Што нi год ратоў усё прыбывае.
   - Праказа забiвае павольна, - мудра заўважыў лекар.
   I праўда, насельнiцтва лепразорыя ўсё расло, i гэта турбавала абата. Праказа не толькi павольна забiвае, але i зусiм не стрымлiвае iнстынкт размнажэння. Жан Маяр нават сцвярджаў, што яна распальвае сексуальныя апетыты. Сапраўды, нараджалася больш, чым памiрала. Дзецi, якiх немагчыма было iзаляваць, зараджалiся праказай, ледзь паспеўшы з'явiцца на свет, i былi асуджаныя на тое, каб не ведаць у сваiм жыццi нiчога, акрамя Гары Хворых.
   Пры кожным такiм нараджэннi - у большасцi яны былi пазашлюбныя - абат уздыхаў, а лекару, якi прымаў роды ў пракажонай, рабiлася непамысна. Адзiн прапаведаваў цнатлiвасць, другi асцярожнасць, i абодва з аднолькавым поспехам.
   Пракажоныя не баялiся пракляццяў, пагарджалi парадамi i штоночы так шчыравалi, што гэта не магло застацца без вынiкаў. Не здатны выкаранiць зло, Тама д'Арфёй намагаўся абмежаваць яго з дапамогай вянчанняў i хрышчэнняў, да якiх усе ставiлiся абыякава. Лекар кляўся, што будзе скручваць галовы загадзя асуджаным небаракам, але нiколi не мог на гэта адважыцца. Такiм чынам колькасць падданых Яе Вялiкасцi Праказы ўвесь час расла.
   Абат уздыхнуў, але не адказаў брату Розу. Яны мiнулi палi. Дарога зрабiлася больш крутая. Неўзабаве, за паваротам, перад iмi адкрылася панарама далiны, над якой узвышалася Гара Хворых. На поўднi было ясна, i можна было разглядзець кожнае дрэва вялiзнага лесу. У другiм баку было наадварот: ад горада слаўся, ахутваючы наваколле, чырванаваты туман.
   - Я яшчэ ўчора заўважыў яго, - сказаў лекар. - Дзiўны туман. Сонца не разганяе яго.
   - Гэта пыл, - сказаў брат Роз. - Воблака стаiць над дарогамi i сцежкамi. Памятаю, у дзяцiнстве я бачыў такое, калi быў кiрмаш. Купцы з усяго каралеўства з'ехалiся ў горад. Дарогi былi проста пераараныя вазамi i вершнiкамi.
   - Мажлiва, кiрмаш цi вялiкае свята.
   Нейкi час яны стаялi засмучаныя, не кажучы нi слова. У сваёй турме яны не бачылi нiчога, акрамя праказы, i сяк-так мiрылiся з лесам, але досыць было iм глянуць на далiну, як у iх абуджалiся ўспамiны пра знешнi свет i выклiкалi тугу, якую ўзмацняў няспынны гул званоў, што далятаў здалёк. Жан Маяр паспрабаваў у звыклай для яго форме развеяць гэтую тугу:
   - Што нам дым i гоман у далiне, абат! Не сумняваюся, гэта адно з вашых новых рэлiгiйных святаў. Звоняць як апантаныя. Можа, здарыўся нейкi цуд? На добрую навiну злятаецца процьма пiлiгрымаў i гандляроў, якiя прагнуць збыць свой няпотраб. Мы смяёмся з усяго гэтага. Хiба ад учора ў нас няма свайго святога?
   - Урэшце, вы маеце рацыю, мэтр Жан, - сказаў абат. - Бог пасялiў нас на Гары Хворых i паслаў нам святога, каб нам стала сорамна за наш эгаiзм. Я ўпэўнены, што ў глыбiнi душы вы адчуваеце тое, што i я: нiхто не можа бясконца жыць без любовi i мiласэрнасцi.
   - Так, - сказаў лекар, - аман, абат, але мне не церпiцца зноў убачыць гэтага Месiю пры дзённым святле... А вось, здаецца, i ён.
   Яны падышлi да лясiстай зоны, дзе было шмат хацiн, якiя стаялi даволi далёка ад сцежкi. Чужынец быў тут. Ён стаяў нерухома, абапёршыся спiнай на дрэва, лiсце якога напалову хавала яго. Ён не заўважыў iх, увесь паглыблены ў назiранне за тузiнам малых, якiя, здавалася, былi цалкам захопленыя нейкай дзiўнай цырымонiяй. Большасць нерухома сядзела ў тры рады на кукiшках. Адзiн, у цёмных лахманах, стаяў перад гуртам на каленях. Крыху далей тварам да iх стаяў, як падалося, галоўны ў гэтай хеўры. Ён нешта казаў i махаў рукамi. Яны не заўважылi нi чужынца, нi тых, што прыйшлi пасля яго.
   Абат хацеў выдаць сваю прысутнасць, калi Жан Маяр цiха сказаў:
   - Стойце цiха, мне хочацца паглядзець на яго, калi ён думае, што яго нiхто не бачыць.
   - Але што робяць дзецi?
   - Гэта проста гульня.
   - Гульня?
   - Паназiраем за iмi. Хiба не яны заўтрашнi дзень лепразорыя? Улюбёная iхняя гульня. Пракажоныя дзецi гуляюць у пракажонага.
   На галаву таго, што стаяў на каленях, была накiнута чорная тканiна, а да грудзей быў прышпiлены шматок чырвонай, - неахайна выразанай у форме сэрца. Ён прадстаўляў пракажонага. Старэйшы хлопчык, якi стаяў перад iм, iмiтаваў абрад адпявання. Скончыўшы чытаць малiтвы, у якiя ён устаўляў словы, падобныя гучаннем да лацiнскiх, ад чаго прысутныя проста памiралi са смеху, хлопчык нахiлiўся i кiнуў некалькi жменяў зямлi на галаву таму, што стаяў на каленях, сказаўшы пры гэтым:
   - Гэта значыць, што ты памёр для гэтага свету.
   Хлопчыкi ў трох радах шапталiся i штурхалi адзiн аднаго локцямi. Пракажоны ўпаў нiцма. Завадатар казаў далей:
   - Я забараняю табе калi-небудзь уваходзiць у царкву, наблiжацца да людзей.
   - Я назаўсёды забараняю табе мыць рукi ў крынiцах, ручаях цi ў якой iншай вадзе, акрамя той, што ў тваёй мiсцы.
   - Ты не надзенеш нiякай вопраткi, акрамя вопраткi пракажонага.
   - Я забараняю табе, калi ты будзеш у дарозе, адказваць таму, хто звернецца да цябе з пытаннем, перш чым ты не станеш так, каб вецер дзьмуў у твой бок, каб не заразiць гэтага чалавека. Больш таго, з гэтага часу ты будзеш пазбягаць вялiкiх дарог, каб нiкога не сустрэць.
   - А калi ты будзеш iсцi па палях, я забараняю табе дакранацца да агароджаў i кустоў каля сцежкi.
   - Я забараняю табе дакранацца да каго б нi было, асаблiва да дзяцей i маладых людзей.
   - Ад сёння я забараняю табе есцi цi пiць з кiм-небудзь, апрача пракажоных.
   Скончыўшы сваё павучанне, ён махнуў рукой. Пракажоны ўстаў i падышоў да шырокай ямы, бразгаючы дзвюма жалязякамi, звязанымi разам, якiя замянялi ляскотку. Калi ён iшоў, усе астатнiя адсоўвалiся ад яго, затыкаючы насы i ўдаючы самую вялiкую агiду. Ён лёг у магiлу. Iншыя пачалi здалёк кiдаць жменямi зямлю, пакуль не засыпалi яго напалову.
   У жыццi гэта называецца separatio leprosarum - цырымонiя, якая папярэднiчае iнтэрнаванню ў лепразорый новавыкрытага пракажонага i якая выкрэслiвае яго з лiку жывых. Дзецi, якiя нарадзiлiся ў лепразорыi, не спазналi яе на сабе, але яна так уразiла iх бацькоў, што яны ўвесь час гаварылi пра яе мiж сабой, параўноўваючы розныя яе варыянты. Вялiкiя i малыя ведалi рытуал да драбнiц.
   Хлапчукi ўнеслi столькi рэалiзму ў гэтую iмiтацыю, што гэта ўразiла абата. Што ж да лекара, якi пад час сваiх падарожжаў нагледзеўся такiх забаў, то яго больш цiкавiла рэакцыя чужынца на ўсё гэта. А той быў, здавалася, зачараваны гульнёй. Калi дзецi скончылi, ён выйшаў да iх са сваёй схованкi. Жан Маяр адзначыў, што ён быў бляднейшы, чым напярэдаднi. Стомленасць i недасыпанне адбiлiся на яго зняможаным твары. Аднак вочы гарэлi нейкiм амаль драпежным агнём.
   Калi ён падышоў, дзецi змоўклi. Адзiн, самы малодшы, заплакаў i ўцёк. "Яшчэ крыху, i яны разляцяцца, як чарада вераб'ёў", - падумаў лекар. Але чужынец усмiхнуўся i загаварыў спакойным голасам, i яны пачалi слухаць i хутка зацiкавiлiся.
   Абат зноў хацеў быў падысцi, але Жан Маяр спынiў яго.
   Яны здагадалiся, што чужынец распытвае пра гульню. Раптам па ўсiм наваколлi разнёсся яго смех, якога яны яшчэ не чулi. Смяяўся ён, як i гаварыў, праз зубы. Хутка стала ясна, што ён прапаноўваў хлапчукам прыняць яго ў гульню i тыя, зацiкаўленыя, згадзiлiся.
   Новая гульня была прасцейшая, але таксама iнспiраваная праказай. Цяпер старэйшы хлапчук начапiў на сябе належныя аксесуары i выконваў ролю пракажонага. Астатнiя, крычучы ад страху, уцякалi, а ён ганяўся за iмi, бразгаючы сваiмi жалязякамi. Той, каго ён даганяў, павiнен быў замянiць яго. Але чужынец па-свойму ўвайшоў у гэтую гульню: замест таго каб уцякаць ад пракажонага, ён пайшоў яму насустрач, абняў, прыцiснуў да сябе i пацалаваў.
   Калi ён адпусцiў хлопчыка, той выглядаў збянтэжаным, але незнаёмы ласкава загаварыў да яго, i тады ўся гурма сабралася вакол iх. Падобна было, што ён звяртаўся да iх з чымсьцi накшталт казанi, з якой лекар i абат разабралi толькi знаёмае ўжо пытанне, сказанае з горкiм папрокам:
   - Хiба ўсе людзi не браты?
   - Вось дык прапаведнiк! - прашаптаў Жан Маяр. - Абат, гэта ваш сур'ёзны канкурэнт.
   Падобна было, што ён ахрысцiў свавольнiкаў у сваю веру. Калi гульня ўзнавiлася, яна стала дэманстрацыяй мiласэрнасцi. Чужынец стаў выконваць ролю пракажонага, а хлопчыкi, замест таго каб уцякаць, кiдалiся ў ягоныя абдымкi i цалавалi яго.
   Усе яны, у тым лiку i той хлопчык, што з плачам уцёк, але потым вярнуўся, пабывалi ў яго абдымках. Пасля гэтага, быццам страцiўшы ўсякую цiкаўнасць да гульнi, ён раптам адкiнуў вэлюм i чырвонае сэрца i, нiчога не сказаўшы, iмклiва пайшоў прэч, угору па схiле. Ён пайшоў так нечакана, што дзецi аслупянелi.
   Сябры рушылi далей. Яны маўчалi, паглыбленыя ў думкi i зберагаючы сiлы, бо неба аблажылi хмары, а спёка стала невыносная.
   - Абат, - раптам сказаў Жан Маяр, - назiраючы за iм, я раптам западозрыў яго ў махлярстве.
   Тама д'Арфёй запратэставаў - з тым большым абурэннем, што i яго самаго збянтэжылi i занепакоiлi паводзiны чужынца.
   - Мэтр Жан, - сурова сказаў ён, - асабiста я не ўбачыў нiчога, акрамя ўрока мiласэрнасцi, дадзенага дзецям, якiя, не маючы на ўвазе нiчога кепскага, знайшлi сабе брыдкую забаву. I ўрок быў карысны. Яны больш не будуць гуляць у гэтыя жорсткiя гульнi.
   - Прынамсi, нейкi час. Аман, абат.
   А ён тым часам зноў абрынуўся на iншых пракажоных, як коршак на куранят.
   7
   Яны зноў дагналi яго ў вялiкiм паселiшчы пракажоных, дзе вырашылi заначаваць. Гэта было апошняе паселiшча перад праклятай зонай верхняга лепразорыя. У лекара тут была хацiна, дзе ён адпачываў пад час сваiх абходаў. Дастаўшыся туды пад вечар, лекар пайшоў паглядзець сваiх хворых, а потым далучыўся да абата. Сябры як маглi ўладкавалiся, каб павячэраць, пакуль брат Роз i абатаў слуга слалi пасцелi.
   Як Жан Маяр даведаўся пад час абходу, чужынец яшчэ не пабыў у гэтай вёсцы, але навiна пра яго з'яўленне на Гары Хворых ужо даляцела таямнiчымi шляхамi да тутэйшых пракажоных, i ўсе яны сабралiся на паляне, чакаючы яго.
   Заклапочаны тым, каб у час свайго турнэ не ўпусцiць нiводнай душы, ён, вядома, збочваў на кожную сцежку, якiя вiлiся вакол гары, заходзiў у кожную хацiну i такiм чынам iшоў па доўгай спiралi, у той час, як лекар i яго спадарожнiкi паднялiся самай кароткай дарогай.
   Апусцiлася ноч. Натоўп пракажоных на паляне выглядаў цяпер нейкай няяснай масай, i абат адчуў ад гэтага палёгку. Яго балюча ўразiла гэтая безлiч гнойных балячак, мярзотных язваў, лахманы скуры, што вiселi на панявечаных руках, якiя часам, здавалася, былi гатовыя адарвацца ад цела, як ссохлыя пялёсткi, усе нягоды, якiя сталi звыклымi ў гэтым ужо жахлiвым месцы. Ён хацеў, хоць i не прызнаўся б у гэтым, каб цемра разагнала i смурод, якi iшоў ад зборышча, смурод кепскай праказы, не такi, да якога ён ужо прызвычаiўся ў малым лепразорыi.
   Калi ў хацiну ўварвалася хваля паветра яшчэ больш смярдзючая за iншыя, ён збялеў, ускочыў i рэзка прычынiў дошку, якая замяняла аканiцу. Потым яму стала сорамна за гэтую нестрыманасць, i ён, прыгнечаны, зноў сеў.
   - Бедныя людзi, - прашаптаў ён.
   - Праказа забiвае паволi... - сказаў лекар. - Але вы дарэмна так засмучаецеся, абат. Хвароба дае i пэўныя выгоды.
   - Сапраўды выгоды, - прашаптаў, падцiснуўшы, як раз'юшаны леў, свае вялiзныя губы Тама д'Арфёй.
   - Вядома. Праказа добра адганяе ўзброеных людзей, а такое лiха, як вайна, здаецца, збiраецца надоўга пасялiцца ў нашым каралеўстве. Наша слаўная праказа прымушае ангельцаў трымацца воддаль. Нiводзiн вораг каралеўства не наважыцца напасцi на лепразорый - як i нiхто свой, дарэчы. I дзякуй богу. Я маю на ўвазе тых рыцараў, якiя, быццам баронячы бедны люд, рабуюць вёскi, што трапляюцца на iх дарозе. Гара Хворых здаецца мне асяродкам мiру i спакою. Так Усявышнi ператварае зло ў даброць.
   - Аман, бязбожнiк, - сказаў Тама д'Арфёй, слаба ўсмiхаючыся.
   - Я не ўпэўнены, што пакiнуў бы гэтае сховiшча, каб зноў вярнуцца ў вар'яцкi свет, нават калi б гэта было магчыма.
   Абат, разважаючы над апошнiм выказваннем, быў ужо гатовы прыйсцi да высновы, што фiласофiя - цудоўная штука, але гоман, якi ўсчаўся на дварэ, прымусiў яго прыслухацца. Ён расчынiў акно, але не мог разабраць нi слова, бо, пачынаючы з пэўнай вышынi, на гары жылi хворыя, галасавыя звязкi ў якiх былi пашкоджаныя праказай, i iх гаворка нагадвала мала зразумелае чужым звярынае рыканне. Толькi лекар крыху разумеў прымiтыўныя мовы, на якiх размаўлялi на розных паверхах гары. Ён пацвердзiў абату тое, пра што той ужо здагадаўся: чужынец быў блiзка. Ён папрасiў брата Роза патушыць свечку. Сябры ўладкавалiся каля акна, шырыня якога якраз дазваляла iм прасунуцца сваiмi вялiзнымi галовамi. Яны пiльна ўглядалiся ў цемру, чакаючы прыходу святога.
   Пра яго з'яўленне абвясцiлi бязладныя крыкi ўсiх пракажоных, якiя ўсхапiлiся на ногi. Ад гэтых крыкаў у сяброў заледзянела кроў. Пачварная фантасмагарычнасць таго, што адбывалася, агаломшыла iх, як бязглузды кашмар.
   Як прэлюдыя да д'ябальскага вiдовiшча, у лесе ўспыхнула некалькi мiгатлiвых агеньчыкаў. Яны мiгцелi ўсё часцей, i ў хуткiм часе таямнiчае мiгценне злiлося ў адно цэлае, асвяцiўшы лес магiчным святлом. Тады на сцежцы, што выходзiла на паляну, з'явiлася працэсiя, падобная да карнавальнай.
   На чале iшлi дзецi з паходнямi, над якiмi ўспыхвалi чырвоныя языкi полымя. Але абат i лекар-фiлосаф акамянелi ад жаху, калi ўбачылi групу, якая iшла за дзецьмi, а брат Роз, якога цяжка было чым-небудзь збянтэжыць, глуха ўскрыкнуў, калi наважыўся зiрнуць у шчылiну. Iх жах быў выклiканы i агiднасцю вiдовiшча, i яго незразумеласцю, бо страшная, пачварная iстота выглядала досыць экстравагантна. Яны ўбачылi вялiзнае цела такой непамернай шырынi, што яно выступала па абодва бакi дарогi. Знiзу яно трымалася на некалькiх нагах, а зверху яго вянчалi тры галавы.
   Cerbero fiera crudele e diversa
   Con tre gole caninamente...*
   машынальна прамармытаў Жан Маяр, выцiраючы лоб.
   * Цэрбер драпежны i люты.
   Страшныя тры ў яго пашчы...
   (Дантэ. "Боская камедыя". Пекла. Песня VI.)
   Сапраўды, адзiнае разумнае, што магло прыйсцi ў гэтую хвiлiну яму ў галаву, - гэта атаясамiць тую iстоту з дэманам, якi ахоўвае браму ў пекла.
   Першае ўражанне ад гэтага д'ябальскага стварэння не дазволiла iм спачатку разглядзець яго як след. Калi ж яны прымусiлi сябе зрабiць гэта - бо толькi так можна было скiнуць з сябе здранцвенне, што iх ахапiла, - то заўважылi, што кожная асобная частка пачвары была агiдная па-свойму. Абат, як толькi апамятаўся ад першага шоку i змог убачыць яшчэ нешта, акрамя страшнага цэлага, засяродзiў сваю ўвагу на галовах. Яны неадольна прыцягвалi позiрк. У той, што злева, не было носа, ад губ засталiся толькi абрыўкi. Чорная дзiрка пасярэдзiне твару нагадвала прорву, якую не можа асвяцiць нiякi агонь. Што да правай, то на ёй не было месца, якое б нагадвала чалавечае цела, якое не гнiло. Яна была суцэльнай язвай, гангрэнай, па форме аддалена падобнай да шара, i трэба было доўга ўглядацца, каб разгледзець на ёй нос i рот, схаваныя ў брыдкiх пухiрах, ад якiх у святле паходняў падалi неверагодныя ценi.
   Трэцяя галава ў знямозе звесiлася наперад. Яна ў такт хадзе матлялася то ўлева, то ўправа. Гэта навяло абата на думку, што яна iмкнецца схаваць тое, што яна яшчэ больш мярзотная, чым дзве другiя. А калi яна стала падымацца, то ў яго замерла сэрца ад прадчування, што ён убачыць твар. Сапраўды, галава павольна паднялася. Манахава трывога перарасла ў панiку, калi ён пазнаў твар незнаёмага. Гэта быў менавiта ён. Абапал яго iшлi пракажоныя з халуп, што стаялi ў баку ад паселiшча; iм захацелася правесцi яго да гэтага месца. Яны падтрымлiвалi незнаёмага, амаль неслi. А ён так моцна абвiў рукамi шыi спадарожнiкаў, так цесна да iх прыцiснуўся, што тры целы здавалiся адным.
   Жах знiк адразу, як толькi яны зразумелi, што тут няма нiчога звышнатуральнага. Абат сваiм целам адчуў мярзотнасць блiзкасцi незнаёмага з гэтымi iстотамi, i яго перасмыкнула ад агiды.
   - Гэты чалавек святы! - з усяе моцы закрычаў ён, нiбы хацеў пераканаць сам сябе. - Толькi святы можа вытрываць такое.
   8
   - Бясспрэчна, гэта святы, - сказаў Жан Маяр, - але я лiчыў, што святасць нясе душам мiр i спакой, а гэта сапраўдны шаленец. Вось ён зноў пачынае свае штукi.
   Чужынец, адпушчаны пракажонымi, нейкi час стаяў прыгаломшаны, хiстаючыся ў бакi. Але калi натоўп цесна абступiў яго, ён авалодаў сабой. Не адкладаючы на потым, нават не перавёўшы дыху, ён яшчэ больш прагна пачаў раздаваць пацалункi, укладаючы ў iх адначасова i палкасць пачуцця, i манатонную рытуальнасць цырымонii. Ён распасцiраў рукi для абдымкаў, падыходзiў да пракажонага, апантана прыцiскаў яго да сябе, прыкладаўся вуснамi да брыдкай плоцi, потым адпускаў яго i браўся за другога.
   - Я памыляўся, калi падазраваў яго ў ашуканстве, - прамармытаў сам сабе лекар. - Ён з аднолькавай утрапёнасцю кiдаецца на ўсiх пракажоных: мужчын i жанчын, дзяцей i старых, незалежна ад полу i ўзросту. Вар'ят? Святы вар'ят, ёсць i такiя. З учарашняга дня гэты дзiвак перацалаваў больш за пяць соцень пракажоных пыс, i яму ўсё яшчэ мала... Абат, я бачу толькi адно разумнае тлумачэнне.