Страница:
- Як цябе зваць?
Немец спынiў працу, праз пыл павярнуў да яго твар -ён не разумеў пытання.
- Завуць як? - гучней, бы глухога, запытаў Валока. - Мяне - Iван, а цябе? Ганс? Фрыц?
- Фрыц! Я, я! Фрыц Хагеман, - нiбы ўзрадаваўшыся сваей здагадлiвасцi, ахвотна абвясцiў немец i засмяяўся. - Iх - Фрыц, ду - Iван. Гут! - I ён зноў засмяяўся, у дробныя зморшчынкi сабраўшы свой немалады ўжо твар.
- Гут-то гут, - разважна, але паддаючыся яго лёгкасцi, сказаў Валока. Толькi не дужа. Вось вылезем, а тады што?
Але на немца гэты Валокаў клопат не зрабiў уражання. Ён па-ранейшаму рупна выдзiраў з груды наваленыя сюды кавалкi нейкае разбуранай сцяны i кiдаў iх унiз. Баец прымасцiўся побач i, нязручна сагнуўшыся ў цеснаце, пачаў рабiць тое ж.
4
Невядома, колькi мiнула часу. Яны ўжо багата перакiдалi ўнiз друзу, пад столлю можна было стаць - там, у змроку i пыле, сапраўды была праломiна некуды ўгору i ўбок, толькi яе моцна завалiла. Праменьчык са шчылiны знiк, цяпер адтуль нясмела клалася ў пыл толькi маленькая плямка знадворнага святла, i ў сутарэннi панаваў густы, ледзь-ледзь прышарэлы змрок. Як-колечы прызвычаеныя да яго, дзве пары вачэй трохi бачылi паблiзу, i людзi працавалi. Абодва яны наскрозь прапылiлiся, немец раз-пораз чыхаў, а Валока цяжка, дыхавiчна кашляў. Тое, што яны ўсё ж намацалi выхад, крыху абнадзейвала байца, цяпер ён ужо не думаў, што прападзе па-дурному. Затое новы, куды большы i складанейшы клопат усе настойлiвей пачаў агартаць яго.
Якi нячысцiк звёў яго з гэтым недарэчным немцам, думаў Валока. Праўда, пакуль яны былi тут i разам выкарасквалiся з аднае бяды, баец сяк-так мог пагадзiцца на гэтае iх сяброўства. Але што рабiць, калi яны вылезуць? I хто там наверсе - свае цi немцы? Калi свае, то гэта яго клопат - яшчэ палова бяды: немца можа як-небудзь пашанцуе залучыць у палон. А калi немцы? Зноў бiцца? Дык цi не лепш забiць яго тут?
Але Валока толькi думаў так, адчуваючы, што застрэлiць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго, калi мiж iмi рушылася галоўнае для таго - узаемная нянавiсць, калi раптам у варожым мундзiры з'явiўся перад iм зважлiвы, рупны, працавiты, самы звычайны чалавек, якi i да Валокi ставiўся не як вораг-фашыст, а як супольнiк i сябра. Здаецца, гэта быў зусiм неблагi немец, i недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмi нават магло стацца, што i ён забiў бы Валоку. Незвычайна гэта было i дзiўна - адчуваць яго тут, побач з сабой; хвiлiнамi нават забывалася, што яны ворагi. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесцi, пакурыць, мiрна i па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае iх разважнае добразычлiвасцi адкрыецца нешта значнае i цiкавае.
Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. З выгляду немец быў неблагi чалавек, працавiты, - пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як iхнi санiнструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забiтыя, але хто тады нарабiў такога гора людзям, хто столькi пазабiваў, папалiў, абрабаваў, перавешаў, хто залiў крывёю ўвесь свет? Ды i што скажуць хлопцы i начальства, калi даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калi дазнаецца капiтан Воранаў, маўклiвы загадкавы чалавек са схаванымi пад бровы вачмi, як ён паставiцца да такой суполкi? Валока мог меркаваць - што-колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку.
Пакутна было i складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай i такой нечаканай бядзе.
Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселi на цэглу ў куце i пачалi адплёўвацца. Валока дастаў кiсет, насыпаў у паперку махоркi i, прытрымлiваючы яе пальцамi, перадаў кiсет немцу. Той ахвотна пераняў. Калi Валока саслюнiў цыгарку, ён услужлiва пстрыкнуў запальнiчкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мiльготкi, маленькi, як iскрынка, агеньчык запальнiчкi трохi разагнаў змрок, асвяцiў пакарэжаную столь, выварацiны цаглiн у сцяне i два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку запальнiчку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе i пачаў прыладжваць у вышчарбiне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, i Валока падняў з долу кавалак цаглiны. .
- На вось прыпры.
Але немец раптам здрыгануўся, бялявыя бровы на яго твары саўганулiся на лоб, ён з жахам услухаўся ў нешта, што адбывалася знадворку. Валока ўзняў голаў - наверсе, над самымi iх галовамi, пачулiся крокi - туп... туп... туп... Праз бетон данёсся блiзкi, аднак глухi, невыразны голас, недзе над прыступкамi штось грукнула i сцiхла: чалавек, пэўна, спынiўся цi мо адышоўся далей. Баец ускочыў - першым яго жаданнем было крыкнуць, азвацца, але ў той жа момант ён злавiў на сабе напружана ўмольны позiрк немца i сам схамянуўся.
Хто? Такое пытанне ўраз маланкай пранеслася ў свядомасцi абодвух,i, вядома, абодва яны прагнулi рознага. Гэтая хвiлiнная iх раз'яднанасць зноў застарэлай варожасцю захлiснула Валокава нутро, але толькi на кароткi час. Адразу, як сцiхлi крокi, сцiхла i нясцерпнае жаданне азвацца - цвярозая разважнасць падказвала яму, што трэба маўчаць i выбiрацца з падзямелля самiм.
Яны яшчэ паўслухоўвалiся, мярцвеючы ад празмернае ўвагi, затым немец выдыхнуў, неяк абвяў з цела i пачаў паволi прыладжваць у сцяне запальнiчку. Баец закашляўся, зацяў рот далонямi. Крокаў болей не было чуваць.
- От папалi, дык папалi, - не так немцу, як самому сабе сказаў Валока, выдыхаючы ў трапяткую цемру зацяжку. Немец звесiў з калень цяжкiя натруджаныя рукi i ўздыхнуў. Яго нядаўнi, трохi бесклапотна-бадзёры настрой вiдавочна прыхмурэў, - пэўна, ад працы цi мо ад гэтага трывожнага клопату.
- Вайна нiкс гут! - раптам прыцiшана, але з набалелай упэўненасцю азваўся ён, i баец ажно здзiвiўся ад гэтае перамены ў настроi ворага. - Вайна - шайзэ!
Немец сказаў гэта з нейкiм трудным, зацятым адчаем у вачах. Валока, трохi разявiўшы рот, недаўменна, з прыхаванай iронiяй паглядзеў на яго.
- Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру?
- Фюрэр - шайзэ! - строга абвясцiў немец, вiдаць, толькi адно гэтае слова i зразумеўшы з доўгай Валокавай фразы. - Фюрэр своляч! Фюрэр эйнфахерменш нiкс нада, - сказаў ён i стукнуў сябе кулаком у грудзi. - Фрыц Хагеман нiкс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кiндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! Шайзэ вайна.
Валока зразумеў не ўсё, але ўцямiў прычыну абурэння гэтага немца, толькi спачуваць яму ён не збiраўся. Немец жа, мусiць, вылiў свой даўнi гнеў i на хвiлiну змоўчаў. Баец тым часам дакурыў цыгарку i ўрэшце, наважыўшыся на тое, што ўвесь час непакоiла яго, сказаў:
- Слухай, Фрыц. Вылезем туды, - ён паказаў пальцам угору, - давай палон. Рус плен - i вайна капут. Га?
Немец уважлiва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруцiў галавой.
- Нiкс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч - Сiбiр. Пуф-пуф дойч.
- Нiхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баiшся? - загарачыўся Валока. - Ты ведаеш, колькi у нас вашых камарадаў плен?
Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнiчкi ў сцяне. З ягоных вачэй выплыла i атулiла ўвесь твар туга чалавека, якi колькi нi прыкiдваецца сам сабе, як нi абнадзейвае сябе, а ўсё ж нiяк не можа пазбыцца вялiкага i нязбыўнага, як смерць, клопату. Задумаўшыся, ён трошкi памаўчаў, пасля заварушыўся, расшпiлiў кiшэнь мундзiра i дастаў нейкiя паперы. Перабраўшы iх, знайшоў там надарваны канверт з пацёртымi краямi i дастаў адтуль картку.
- Майн фрау ўнд кiндэр. Дрэздэн, - сказаў ён i падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлiвасцю да чужога, але зразумелага i па-чалавечы дарагога наблiзiў картку да слабенькага святла запальнiчкi.
З фатаграфii на яго пазiралi жанчына i трое малых. Старэйшы - галаногi хлапец у кароткiх штонiках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у мацi, сярэднi - хлопчык год дзесяцi - стаяў ля старэйшага i трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду вiднеўся невялiчкi, але ладна адбудаваны i дагледжаны домiк з верандаю, высокi чарапiчны дах, у прасценках густая лiстота вiнаграднiку. На хвiлiну баец ажно ўпiўся ў гэта вачмi.
- Ладная дамоўка, нiчога не скажаш, - уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы цiхенькi самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мiрнаму, гаспадарчаму жыццю, цi мо ад успамiнаў аб сваiх там, дома... З прытоенай зайздрасцю i скрухаю ён аддаў картку назад.
- Драй кiндэр! - сказаў Фрыц, хаваючы у кiшэню паперы. - Плёха плен. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, - фрау, кiндэр ком, ком унд канцлагер. Плёха!
Валока зразумеў. Пэўна ж, так, яны, гэтыя немцы, не дужа там няньчацца i са сваiмi - ён ужо чуў, што за такiя справы сем'i гэтых фрыцаў па галовах не гладзяць. Ну, але што ж тады iм рабiць?
А Фрыц тым часам ямчэй усеўся на цагляным зломку i, памагаючы сабе рукамi, пачаў нешта тлумачыць.
- Фрыц нiкс буржуй, Фрыц арбайт! - Нiбы ў доказ таго ён выцягнуў перад сабой шырокiя, дужыя, працавiтыя далонi. - Маркi мала-мала Фрыц. Айн хаўз Фрыц. Хагеман - бедны чалавек. Рус Iван - бедны чалавек. Цвай бедны чалавек, паказаў Фрыц два пальцы. - Мi панiмайт.
- Ну гэта... Якi я бедны? - невядома чаму сумеўся Валока. - Чаго Iван бедны? Што я, беспрацоўны? Калгаснiк я.
- Я, я, - пагадзiўся немец. - Плёха рускi кальхаснiк. Кальхас бедна.
"Што ён мяне тут ахмурае, - падумаў Валока. - Куды гне?" I яму дужа захацелася быць не горшым, чым гэты немец, - не ўступiў жа ён яму ў нядаўняе бойцы, быў роўны ў працы, i цяпер вельмi ж нежадана было яму аказацца нейкiм бедняком, вартым спачування. Унутры ў iм усё запратэставала супраць гэтага абразлiвага варожага спачування.
- Наш калгас багаты. Вось! У нас не такiя - у нас яшчэ лепшыя дамы. Мы шыферам крылi. I хлеба - во! -гаварыў ён, паказваючы далонню да шыi. Немец, здаецца, нiчога не зразумеў i казаў свае:
- Плёха рус кальхас... Бедна...
Баец адчуў, што не дужа абхiтрыш гэтага немца, якi прайшоў палову Расii i, пэўна, нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца.
- Мала што дзе там бедна. а ў нас багата. Во. Мы хлеба па сто пудоў палучалi. I бульбы. I гароху. I масла па пуду, i грошы - тысячу рублёў. Тысячу, разумееш? - з пафасам назваў ён суму, якая ў даваенным сялянскiм разуменнi была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякiм разе за гэтыя грошы можна было купiць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. Немец нахмурыў лоб, iмкнучыся штосьцi зразумець у запальчывай гэтай гамонцы, i Валока пальцам вывеў на запыленай сцяне палачку i тры нулi.
- Тысяча! От!
- Таўсенд! Кiлёграм масле? - здзiвiўся немец i недаверлiва паглядаў то на лiчбу, то на байца. А той, адчуўшы, што немец памыляецца, але, бачачы яго захапленне, не стаў выкрываць непаразумення i нахабнавата пацвердзiў:
- Ну! А ты думаў...
Немец загасiў у вачах недаверлiвы агеньчык i паскроб патылiцу.
- Усё было. Да вайны, - гаварыў далей Валока з такiм адчуваннем, бы рашыўся на штосьцi адчайна забароннае, адкуль назад нiякага ходу ўжо не было. I ён лез напралом. - Радыё было - раз, - пачаў ён загiнаць на левай руцэ пальцы. - Лiсапед. - Для нагляднасцi ён падабраў ногi i пакруцiў, бы педалямi, у паветры.
- Рад, - здагадаўся немец.
- Во, во, рад - два.
- Iх iмель крафтрад, матацыкль, - аб'явiў немец.
- Матацыкл? Матацыкл што? Матацыкл ерунда. а ў мяне была... ведаеш што? Гэта што плавае - чых-чых-чых! Маторка звалася. Во! - паведамiў ён, знайшоўшы свой галоўны ў гэтай спрэчцы козыр.
- Лодка?
- Ага, лодка. От жылi. Каб не вы, фашысты... Фрыц падумаў, яшчэ паўзiраўся ў байца, наморшчыў лоб i ўздыхнуў, няпэўна супакойваючыся. "Паверыў", коратка, з надзеяй, падумаў Валока.
- Фашызм нiкс гут. Плёха фашызм, - сказаў Фрыц, i баец цяжка падняўся з месца. Немец таксама ўстаў, услухаўся, але скрозь было цiха.
Яны зноў пачалi разбiраць завалле, выцягваць каменныя выварацiны з праломiны ў сцяне, але канца гэтае справе не было вiдаць. За праломiнай iшла суцэльная сцяна друзу, i хутка з яе ўжо нiчога нельга было выдраць - так там усё было туга спрасавана. Абодва за той час дужа ўходалiся, запылiлiся. Валока, не перастаючы, кашляў ад пылу. Урэшце ён вылаяўся i вылез на вальнейшае месца. Стала вiдаць, што калупацца там - справа дурная i марная.
Яны памаўчалi, змарыўшыся, пасля Валока пайшоў абмацваць усе закуткi гэтага падзямелля. Запальнiчка свяцiла слаба, i ён больш вобмацкам, чым бачачы, натрапiў на нейкую патарчаку, што высоўвалася ўгары са столi. Гэта было ў баку ад таго месца, дзе ўдзень прабiваўся праменьчык. Баец гукнуў, i Фрыц прынёс сюды свой мiзэрны свяцiльнiк. Мiльготкая iскрынка праплыла ў цемры i, толькi калi немец падняў яе ў кулаку пад самую столь, трошкi асвяцiла цьмяны кавалак бетону.
Слабенькае святло хлiпка блукала па столi, два твары напружана ўзiралiся ўгору. Валока напяўся - зломак кратаўся. Немец свяцiў адной рукой, а другой таксама ўпёрся ў край гэтае выварацiны.
- Ахтунг! Памалё! Малё трэба, Iван, - засцярожлiва сказаў ён, i баец пачуў яго цёплае дыханне ля вуха. Там, ззаду, за спiной, вiсеў яго аўтамат, якi лёгка можна было ўхапiць, але Валока ўжо не звяртаў на гэта ўвагi.
- Што там "ахтунг!". Ану, дужэй. Раз, два, узялi! Шырока расставiўшы ногi, яны ўперлiся, Валока папiхаў
зломак у адзiн бок, у другi, той яўна паддаваўся iхняе сiле. Тады баец напяўся яшчэ, i зломак зрабiў шырэйшы ход туды i назад. Здавалася, у гэты раз яны сапраўды знайшлi выйсце. Валока аж акрыяў духам i, змораны, сабраў у сабе рэшту сiл. Зломак паддаваўся, вось-вось павiнен быў выпасцi, як раптам немец засцярожлiва ўскрыкнуў, запальнiчка ўраз пагасла, i нейкi жахлiвы цяжар, прарваўшыся, рухнуў на Валоку. Ён i не ўцямiў нават, што сталася, уваччу блiснула аранжавая зарнiца, i страшны боль у галаве пагасiў адчуванне.
5
Не, ён не загiнуў - ён жыў, але навакольны свет даходзiў да яго свядомасцi праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нiбы ён дзесьцi сцяты, сцiснуты, бы ў якой зубатай пашчы, i страшны боль пранiзвае ўсё яго цела. Асаблiва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сiлы, i было вельмi пакутна. Яшчэ больш балела спiна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасцi Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкi якога разам з калючкамi асоту ўпiваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахiма, якi жне побач на коннай жняярцы, але нiяк не можа выдавiць з сябе таго крыку. Праз хвiлiну, аднак, ён бачыць жняяра; толькi гэта чамусьцi не Трахiм, а немец - той Фрыц, з якiм ён спаткаўся куды пазней, на вайне, i ў яго аўтамат, - аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлiвае на каленях зброю. Немец чамусьцi гаворыць па-беларуску. Валока заходзiцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спынiць коней i застрэлiць яго. Ён ездзiць па кругу навокал байца, кругi ўсё звужаюцца, i зубы жняяркi ўсё блiжэй i блiжэй прысоўваюцца да яго ног. А тут яшчэ дужа пячэ сонца, так смалiць, што ажно разломваецца галава, унутры ўсё ссохла, i нясцерпна хочацца пiць. Валока шэпча: "Пiць, пiць..." - толькi слоў няма: вусны варушацца, а гук прапаў. Затым сонца пачынае знiжацца, падступаць да яго, але чамусьцi робiцца маленькiм, не большым за агеньчык запалкi. Страх патроху мiнаецца, толькi спякота ўсё ранейшая i ўсё хочацца пiць. I яшчэ робiцца цёмна, прападае кудысьцi поле i Трахiм, а ён апынаецца ўжо на вайне. За пагоркам стракоча кулямёт, а недзе паблiзу над галавой чуецца спагадлiвы голас iх ротнага санiнструктара Корзана: "Гут, Iван, гут! Жывы Iван гут..." Санiнструктар гаворыць па-нямецку, толькi байца гэта чамусьцi не здзiўляе, той рады, што побач чалавек - ён дапаможа. I зноў загараецца ў цемры агеньчык i плыве некуды ўдалячынь. Валока жахаецца ад таго, што яго пакiдаюць, ён ускрыквае ад жудасцi, як некалi ўскрыкваў у маленстве, напалоханы жахамi сноў. I ўжо з большай рэчаiснасцю бачыць у змроку асветленую з таго боку постаць з адарваным пагонам, якi целяпаецца па плячы. Постаць сунецца кудысьцi ў цёмны кут, на момант слабенькаю плямай асвятляецца сцяна ў адным месцы, пасля ў другiм. I вось у асветленай мясцiне мiльгае знаёмы абрыс аўтамата. Валока здзiўляецца - гэта ж яго ППШ нумар НЛ 0482. Баец не цямiць яшчэ, што i як сталася папярэдне, не ведае, хто там, толькi здагадваецца, што гэта не санiнструктар. I ўсведамленне таго, што яго абяззброiлi, зноў жахам працiнае байца. Пераадольваючы страшны боль у галаве, ён прыўзнiмаецца з долу, пакутна сядае, падпёршы сябе дрыготкiмi рукамi, намацвае нейкi цагляны абломак i чакае. Забiць, забiць, забiць у што б там нi стала, iнакш заб'е той!.. Валока спрабуе ўстаць, сэрца яго надрыўна калоцiцца ў грудзях, толькi ён дужа слабы, цяжкiя рукi не слухаюцца, i страшны боль у галаве мацнее. А вораг усё поўзае ў цемрывай далечы, высветлiвае глухi мур сцяны - што ён шукае? Затым плямка святла спыняецца, дрыжыць на адным месцы, коратка клацае затвор аўтамата. Валока, душачыся ад болю i знямогi, сцiскаецца, у вачах мутнее, i тады ў куце грукае стрэл. Шырокi чырвоны бляск зусiм асляпляе байца, рукi не вытрымлiваюць, ён падае, але боль не павялiчваецца - чалавек жыве. Ён збiрае ў сабе сiлы крыкнуць, нясцерпна памiраць у гэтай нямой маўклiвасцi, але ў той час да яго слыху даносiцца мернае, вельмi лагоднае цвiркатанне вады. Ну вядома ж, так можа цвiрчэць толькi вада! Валока ўжо бачыць у цемры яе зiхаваты струмень i, адчуваючы, як пакiдаюць яго рэшткi свядомасцi, выдаўлiвае з сябе стогн.
Наступным яго адчуваннем было далiкатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыi; здавалася, нейкая жывая iстота паўзла за каўнер, на грудзi, толькi на вуснах i ў роце стала лепш i нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы - у зрок ударыла рассыпчатая яркасць iскраў; яны гойдалiся, скакалi на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклi. Пасля ён сцямiў, што ўсё гэта адбiвалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзiлi словы:
- Трынкен, Iван! Трынкен!
Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалi аб край нейкай пасудзiны, а ў свядомасцi коратка i выразна блiснула ява - ён згадаў, дзе ён i хто з iм. "Немец! Фрыц!" На момант адарваўшыся ад вады, ён зiрнуў угору, - над iм мiльгала ў кулаку запальнiчка i расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знiзу, твар з вялiкiмi i валасатымi ноздрамi, брывастым iлбом, пад якiм лыпалi выпуклыя жаўтлявыя бялкi вачэй. Вочы, аднак, таiлi ў сабе лагоду i спагадлiвасць, i гэта супакоiла байца.
- Трынкен, Iван. Трынкен...
Ён зноў апусцiў голаў да пасудзiны; у глыбiнi яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнiчкi. Чамусьцi Валоку зрабiлася блага - ён хiснуўся ад вады, Фрыц штосьцi сказаў, пабурчаў i прыбраў ваду ўбок.
Баец сцiшыўся ў доле, так яму стала лягчэй - спякотны жар уняўся, толькi галава, плечы i нешта ўсярэдзiне тупа балелi. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, i раптам прахапiўся ад думкi - дзе аўтамат? Чалавек iрвануўся з долу - немцавы рукi адразу прытрымалi яго, настойлiва паклалi назад, i Валока ў нейкiм раптоўным прасвятленнi здзiвiўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калi цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былi ўвесь век i цяпер сталi самыя найблiжэйшыя адзiн аднаму i самыя патрэбныя. I таму - прэч усе падазрэннi, засцярожлiвасць, недавер! Усё, што стала над iх чалавечаю сутнасцю, - усё, наслоенае iх нацыянальнаю рознасцю, палiтычнай варожасцю, вайной, - усе гэта, аддзеленае ад iх магiльнаю тоўшчай руiн, засталося там, наверсе, у беззваротным мiнулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнiкi былi тут людзi i толькi дбалi пра тое, як абодвум застацца жывымi дзеля iх сем'яў, мiрнае справы, дзеля самых звычайных i незаменных чалавечых радасцей.
Валока памацаў рукой немцава калена побач iслаба пацiснуў яго. Фрыц жыва адгукнуўся, падняў яго руку, таксама далiкатна пацiснуў яе ля локця i асцярожна паклаў на дол. Тлумачыць адзiн аднаму нiчога не трэба.
Пасля баец сцiх i забыўся. Клопат яго знiк, боль крыху прыцiх, але нейкiя ўнутраныя пакуты працягвалiся. Невядома, цi гэта быў сон, цi трызненне хворага, толькi пакутныя зданi i прывiды доўгi час не пакiдалi яго.
Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау, на гарадской ускраiне ў садку, дзе з тыдзень да наступлення перафармiроўваўся iх полк. I быццам яшчэ не было гэтага наступлення, але ўжо ўсё, што здарылася цяпер з iм, стала мiнулым, i Валока не стараўся зразумець, чаму гэта так. I быццам быў жывы камбат Папрэнка, забiты яшчэ пад Оршай; ён выклiкаў Валоку ў штаб, i баец з цяжкiм сэрцам прыйшоў у блiндаж, хоць ведаў, што ў Брэслау штаб батальёна змяшчаўся ў ладным катэджы з балконамi, а не ў блiндажы. Але ў блiндажы чамусьцi аказаўся не камбат Папрэнка, а капiтан Воранаў. "Ну што, нямецкi шпiён?" Такiм папрокам сустрэў ён Валоку, хапiў яго за плечы, здзёр пагоны, потым пачаў настаўляць пiсталет у кружочкi медаляў на ягоных грудзях. "Немца хаваў? Ворага тытунём частаваў? Чаму не забiў?"
Валока вельмi хацеў вытлумачыць, што i як сталася з iм у гэтым склепе, але мову ў яго адняло, i ён адчуваў, што зараз будзе пагiбель. I сапраўды, Воранаў стрэлiў, але болю Валока не адчуў i тады здагадаўся: медалi. Медалi яго ўратавалi ад кулi. Але ў той жа час у Воранава замест пiсталета апынулася супрацьтанкавае ружжо - гэта ўжо была пэўная смерць.
"Здраднiк! Пракурыў Радзiму? Вышэйшую меру табе!" - гучалi страшныя словы, i Валока азiрнуўся ў пошуках выйсця. Але раптам аказалася, што ззаду роўнае поле, Воранаў некуды знiк, i ён, Валока, як у даўнiя, даваенныя часы,сядзiць у вясновы дзень на краi баразны, паставiўшы босыя ногi на мяккi вiльготны глей. Побач шнурком сядзяць калгаснiкi, яго аднавяскоўцы, у барознах адпачываюць конi, а ззаду, па раллi, клюючы вялiкiх белых чарвякоў, скачуць гракi. Усе кураць, жартуюць, снедаюць тым, што папрыносiлi iм дзецi i жонкi, п'юць квас. Валоку таксама вельмi хочацца пiць, але сняданка яму нiхто не нясе, бо яго дом чамусьцi далека адсюль. Ён адзiн тут вайсковец, на iм салдацкiя галiфэ i гiмнасцёрка, толькi яна без дзягi, якая разам з аўтаматам i скаткай ляжыць воддаль на раллi, i на скатцы сядзiць вялiкi, нейкi нерухомы чорны грак. Усе смяюцца i кураць, а Валока ведае, што яму ўжо сняданка не будзе, бо ён асуджаны да смяротнае кары, i што ўсё тое, што ляжыць пад граком, ужо здадзена старшынi, якi зняў яго i са сталавання.
Пасля таго конi, людзi i гракi знiкаюць, толькi той, нерухавы, усё сядзiць на скатцы i крумкае. Аказваецца, гэта воран. Валока палохаецца настойлiвай загадкавай птушкi, прабуе ўскочыць, тузаецца i ачынаецца.
6
За пакутную ноч памутнела яго свядомасць, i Валока не адразу ўцямiў, дзе ён i што з iм сталася.
Перш-наперш яго здзiвiла блiзкая, устрывожаная стралянiна. Недзе таропка патрэсквалi аўтаматныя чэргi, бахалi вiнтоўкi. Аднойчы нават данёсся крык, але Валока не зразумеў, у якiм баку ён раздаўся. Перамагаючы санлiвую аслабеласць, баец расплюшчыў вочы.
У склепе было светлавата. Па-над сцяной, дзе яны выдзiралi зломак, ляжала новая куча друзу, - вiдаць, тая, што абрынулася на яго, - i над ею яркiм дзённым святлом блiшчала дзiрка. Валоку адразу скаланула радаснае iмкненне, ён тузануўся ў доле, сеў, але боль у галаве прымусiў яго пакутна схiлiцца набок.
Як-колечы ён, аднак, утрымаўся, перамог слабасць, трошкi аддыхаўся i паварушыў у ботах адубелыя ад сцюжы ногi. Пасля ён усе ж сеў i паволi падняў галаву, абкручаную нейкай анучай, шкумат якой звiсаў каля вуха. Валока асцярожна памацаў гэты скрываўлены турбан i тады, ураз прыпамятаўшы, што з iм сталася, з удзячнасцю падумаў пра немца.
Фрыц Хагеман сядзеў побач, прысланiўшыся спiной да пагнутае бэлькi, i спаў. Галава яго звесiлася на плячо, валасы растрапалiся, нiжняя губа адтапырылася. Шчацiнне на яго шчоках за ноч пабольшала, i ўвесь ён выглядаў вельмi стомленым, пажылым чалавекам. Ля яго ног стаяла каска з рэштаю вады. Валока адразу памкнуўся за ёю, але, узяўшы ў рукi, зноў апусцiў на зямлю. Вада дужа смярдзела потам, i байца ледзь не зблажыла. Гэта была нямецкая салдацкая каска, сотнi якiх валялiся на месцах баёў; хлопцы iх заўжды адкiдвалi з-пад ног ботамi, - тым больш што траплялiся акрываўленыя, прастрэленыя, усякiя. Каска адразу напомнiла байцу пра варожае i агiднае.
Валока паморшчыўся, зноў прыслухаўся i агледзеўся. У куце за прыступкамi, на закiданай друзам падлозе, цямнела вiльготная пляма, i чуваць было, як мерна капае недзе вада: кап-кап-кап. З трубы, пэўна, падумаў Валока i зноў паглядзеў на немца. Вiдаць, прытамiўшыся за ноч, той моцна спаў, i баец стаў напружана думаць у цiшы, што яму рабiць далей.
Трэба вылазiць. Здаецца, ён здолеў бы сам як-небудзь выкараскацца адсюль дзiрка ёсць, - што яму цяпер немец! Хай спiць, а прачнецца - хай сам дбае; без яго Валоку спакайней, ды i бяды менш будзе. Толькi... Толькi хто там, наверсе? Стралянiна, здавалася, яшчэ болей пашырылася - чутна стала i ў адным баку, i ў другiм, раз за разам непадалёк гахнулi тры выбухi. Хто гэта? Нашы? А калi немцы? Калi немцы - яму будзе кепска з яго праламанаю галавой, а калi нашы пападзе немцу. Нарвецца на якога аўтаматчыка, не паспее i рук падняць, як той прашые яго чаргой. Хлопцы ёсць бязлiтасныя, у многiх свежыя раны ў сэрцы - усё можа стацца.
Не, прыйдзецца, вiдаць, разам - здаць Фрыца ў палон, i на душы будзе спакайней.
Так разважаючы, Валока сядзеў каля немца i азiраў таго, соннага, без асаблiвай варожасцi да яго i без вялiкай прыязнасцi. Уначы было iнакш - ён бачыў толькi яго асветлены запальнiчкаю, звычайны, як i ва ўсiх, чалавечы твар, - а цяпер перад iм сядзеў немец у прапыленым, з адарваным пагонам мундзiры, у нiзкiх скураных ботах, побач валялася ягоная каска з арлом на баку, не хапала толькi нямецкага аўтамата. Валокаў ППШ ляжаў зводдаль, i баец па салдацкай звычцы пацягнуўся да яго рукой, зачапiў за почапку i павалок да сябе. Магазiн заскрыгаў па жарсцвянаму долу, i немец, раптам абарваўшы мернае роўнае дыханне, прачнуўся.
Спачатку ён таксама, вiдаць, звянтэжыўся, залыпаў вачмi, а затым, пазнаўшы байца усмiхнуўся i трохi здзiўлена азваўся:
- О, Iван, лебенд? Гут, гут.
Заўважыўшы, што Валока прыбраў сабе аўтамат, ён заклапочана варухнуў бровамi. У вачах адбiўся кароценькi неспакой, але ён зараз жа падавiў яго i зноў бадзёра, стараючыся як мага выразна вымаўляць кожнае слова, сказаў: