Страница:
Черный Кузьма
Справа Вiктара Лукашэвiча (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Справа Вiктара Лукашэвiча
1. Гр-ну Марынковiчу
"...Я тады спакойна быў выслухаў вашу казань, шаноўны грамадзянiн Марынковiч, мала што гаварыў вам у адказ, бо мне вельмi дораг мой час, i я не магу трацiць яго на дыскусiю з вамi. Таўчэце сабе вы, колькi ўлезе, ваду ў ступе, а мяне ў гэтую работу не ўцягнеце. Спрачацца ж з вамi - гэта значыцца таўчы ваду ў ступе.
Вы не маеце зусiм нiякiх прынцыпаў. Вы - верхагляд. А iх бязлiтасна адганяе ад сябе ўсялякая справа, калi яна толькi сталая справа, а не вада ў ступе. Але калi ўжо ўсё пайшло шырэй, калi ўжо вы, страцiўшы ўсялякае сумленне, палезлi ў друк, дык цяпер я не магу маўчаць.
Вы карыстаецеся вельмi простым i можа ў наш час выгадным, але брыдкiм метадам змагання са мною. Вы ўсё ж самi ўпэўнены, недзе глыбока, на дне свайго думання, што не гэткаю з'яўляецца ўся гэтая справа, як вы яе размалёўваеце i як вам выгадна, каб яна была. I таму вы выдумляеце тое, чаго зусiм не было, i перакручваеце навыварат тое, што было. Гэта вы ўсё рыхтуеце на ўсялякi выпадак, а пакуль што, паводле свайго метаду, гаворыце пра мяне гэтак, што само слова напрошваецца на язык - "свядомы контррэвалюцыянер". Дзе ж там! Спрабаваў сарваць агульны сход! У гэтай вашай газетнай запаметцы яшчэ гаворыцца, што я ўвесь час i да гэтага сходу стараўся зрываць грамадскую працу. Адным словам, усё як мае быць. Найлепшы метад. Нiякiх доказаў няма, абсалютна. Ды яны i не трэба. Вам што! Вы схавалiся за псеўданiм - "Рабочы". Як вы любiце казыраць гэтым словам i адурачваць гэтым таго ж самага рабочага! Для вас слова "рабочы" - гэта прылада для заработку. Вы казыраеце сваiм пахаджэннем! Толькi не перада мною вам казыраць iм! Вы ўсюды тыцкаеце сваю "рэвалюцыйнасць". А на справе, што для вас сама рэвалюцыя? Гэта такое ўстанаўленне на свеце, на якiм нашаму брату вельмi зарабляць добра можна. Гэта сродак з якога-небудзь унтэр-афiцэра зрабiцца добрым савецкiм начальнiкам, i калi ўдалося ўшыцца ў партыю, дык браць партстаўку цi, прынамсi, дамагацца яе, арганiзоўваць усялякiя закулiсныя авантуры i плёткi, палiтыканства лiчыць за палiтыку, ухiтрацца пускаць усё гэта "па партыйнай лiнii", жыць у вялiкiм горадзе, лавiраваць, каб не папасцi куды-небудзь у глуш, кожны год ездзiць адпачываць на поўдзень (бо вы ж за год працы стомiцеся!), часта мяняць жонак (бо рэвалюцыя ж раскiдала старую сям'ю i дала савецкаму грамадзянiну волю!), псаваць мову беларускай нацыi не вывучэннем яе, а канцылярскай "беларусiзацыяй" на 100 прац., выслужвацца перад начальствам, трубiць усiм у вушы сухiя лозунгi, ператвараючы ў iх жывое слова рэвалюцыi, гаварыць на сходах агульныя, "вытрыманыя на 100 прац.", фразы - от i ўсё. От i iснасць для вас рэвалюцыi. Выгадная штука гэтая рэвалюцыя! Цi ж не праўда? Можна жыць i Бога хвалiць (лепш усяго гэтую старую прымаўку асучаснiць, i каб яна была iдэалагiчна вытрыманая - "можна жыць i рэвалюцыю хвалiць!"). Але вы гэта сябе лiчыце рэвалюцыяй, i ўся ваша "рэвалюцыйная" дзейнасць накiравана на тое, каб гэтая прымаўка гучала на свеце так: "Можна нам усiм жыць i рэвалюцыянера Марынковiча хвалiць". Толькi не для мяне гэтая прымаўка! Я не хачу нiкога хвалiць i не хачу, каб мяне хто хвалiў. На алялюях далёка не заедзеш. Каб я хацеў займацца тратай часу, я мог бы разварушыць i вашу асобу, калупнуць ваша жыццё. Тады паглядзелi б, як бы запахла.
Перад вамi я не апраўдваюся, але патрабую сказаць выразна - у чым жа мая контррэвалюцыйнасць? Няўжо ў тым, што я прапанаваў зусiм не тое, што хочаце вы? Амбiцыя?! Хацеў сарваць ваша i правесцi сваё? Дык што ж, калi я меншы "начальнiк", дык перад вамi не маю голасу? Мне забаронена думаць? Але ж я ўпэўнены, што вы i самi не гэтак думаеце, самi для сябе. Але вам трэба была прычапка, каб памсцiцца мне, каб выжыць мяне адгэтуль. I што ж тады? Тады ўжо нiхто нiколi не будзе перашкаджаць вам, падфарбаваўшыся ў чырвоны колер, прыкрыўшыся рэвалюцыйнымi лозунгамi, сесцi сваiм шырокiм задам на ўсялякую жывую справу. I сядзець так, паводле вашага ж уласнага, нi то жартаўлiвага, нi то сталага, выслоўя: "Як Бог у нiрване". Я каб быў карыкатурыстам, я намаляваў бы вас у нiрване. Як-небудзь паказаў бы шмат усяго жывога, дзейнага, маладога, радаснага. I на ўсiм гэтым паважна супачывае шырокi зад.
Я не магу больш быць спакойным. Шырокаму заду я не дамся. Я моцны, раны мае пасля вайны з палякамi ўжо зажылi, i я зноў гатоў да паходу. I ў паход iду супраць хатняга шырокага зада. Бо рэвалюцыя не для таго, каб вызвалiць раней прыгнечаны худы зад, выкармiць з яго зад шырокi i пасадзiць у "рэвалюцыйную" нiрвану. Нiрваны ў нас няма! Рэвалюцыя вызвалiла не зад, а галаву. I наша бяда, што не ўсе ў нас навучылiся яшчэ бачыць, дзе галава, а дзе зад. Няма чаго выдумляць паклёпы на мяне за тое толькi, што я ўзняўся супраць усяго гэтага. Калi я захачу паглядзець камедыю, дык пайду ў тэатр, а тут мне не да гэтага. Не хачу зводзiць усё да гульнi ў цацкi. Я калi i малы быў, дык у цацкi не лiшне гуляў. Каб у мяне хоць кропля была павагi да вас, каб хоць кроплю бачыў я ў вас чалавечнасцi, нашай чалавечнасцi, я мог бы расказаць вам пра тыя "цацкi" жыцця, якiя спаткалi мяне з малых дзён маiх. Але не для вас мая споведзь. Нават калi здолееце ўплiшчыцца ў камiсiю па чыстцы апарату, калi вы нават якiм-небудзь нахрапным парадкам станеце за старшыню гэтай камiсii, i тады я нiводнага слова не скажу вам з сваей споведзi. Лепш быць выкiнутым на вулiцу, чым спавядацца шырокаму, падфарбаванаму начырвона заду.
Я той чалавек, якога вы сёння ў савецкiм друку, перад усёй краiнай рэвалюцыi, абазвалi контррэвалюцыянерам, выступаю на абарону рэвалюцыi! Каб абаранiць яе ад вас. Няхай мяне застрэляць цi павесяць, няхай хоць нада мною якi-небудзь паказальны судовы працэс вы зробiце, усё роўна я не адступлюся ад свайго.
Я не веру ў вас. Я веру толькi ў тое, што каб не вы, дык мы лягчэй iшлi б наперад. З-за той справы, пра якую тут не месца ўспамiнаць, з-за той асабовай нашай справы вы робiце на мяне паход, перавёўшы ўсё на партыйную, на грамадскую, на савецкую, на рэвалюцыйную, на ўсялякую, якую сабе хочаце, лiнiю. Што ж вы робiце з самiм разуменнем рэвалюцыi?! Што вы зрабiлi ўжо? У што вы ператварылi яго?!
У сваiм паклёпе на мяне, якi вы надрукавалi сёння ў газеце, вы гаворыце: "...Вiктар Лукашэвiч даўно вядомы як варожы нам элемент. На адкрытым пасяджэннi н-скага мясцкома перад усiмi работнiкамi прадпрыемства выступiў з сваёю контррэвалюцыйнаю прапановаю. Ён прапанаваў зусiм к святу не ўпрыгожваць клуба, святочнай вечарынкi не ладзiць. I сваiм гэтым выступленнем баламуцiў сход, так што аж некаторыя галасавалi ў яго руку. I толькi дзякуючы старшынi мясцкома Марынковiчу ўдалося правалiць гэтую прапанову, якая iмкнулася да таго, каб зусiм не было адзначана пралетарскае свята i каб рабочыя глядзелi на гэты дзень без павагi... Такiх лукашэвiчаў у нашай працоўнай сям'i не трэба. Iх трэба гнаць у шыю". От што вы пiшаце.
...Вы гатовы душыць усё маладое, дзейнае, абы самiм утрымацца ў ролi "начальства". Гэта ўжо ўрода ваша гэтакая. I са мною вы зводзiце асабовыя справы, спекулюючы справамi грамадскiмi..."
2. Запiскi
- Ты пасядзi каля яе, мусiць, ёй лепш, калi хто каля яе сядзiць. Сёння зранку i папаўднi, калi яна ляжала адна, дык усё спакою не мела. Хацела падняць галаву, вадзiла па хаце вачыма i нешта губамi шаптала. Але нiчога разабраць нельга i не чуваць.
-У яе i мову адабрала?
- Не гаворыць ужо дзён пяць. Каторы ўжо дзень слова ад яе не чулi... Ты пасядзi тут, у яе ў галавах. А як пачне цямнець, запалi лямну, у кухнi на акне стаiць. Толькi закрыеш чым-небудзь або ўбок адставiш, каб святло ёй у вочы не калола.
- Добра.
- А калi яна пачне варушыцца, калi прачнецца глядзi, - дык папраў ёй падушку, бачыш, як з'ехала на самы край; але цяпер не чапай, не будзi, хаця каб яна трохi заснула. Трохi сцiшылася... I не гаварыце тут моцна. Не пускай сюды адразу знадворку хлоццаў, а то яны холаду нанясуць. Няхай раней у кухнi абагрэюцца. Ды глядзi ж, каб не гаварылi моцна, каб яе не будзiлi.
- Ведаю... Добра.
- Не адчыняйце дзвярэй у кухню. Калi хлопцы захочуць курыць, дык няхай на двор iдуць. А то як накурылi былi раз, дык яе вельмi ж кашаль душыў. Нават у кухнi няхай не кураць махорку гэтую сваю. Я iм заўсёды гавару, i яны заўсёды забываюцца; вельмi iм у галаве!.. Не адыходзь ад яе.
- А калi ты вернешся?
- Буду старацца справiцца як найхутчэй... На змроку хлопцы будуць жывёлу паiць, дык скажаш iм, няхай вядзёр з тры вады ўльюць у кухнi ў цэбар; як прыйду, дык папалашчу бялiзну - сёння ранiцою, палячы ў печы, памыла.
- Дык можа я папалашчу цяпер, пакуль ты прыйдзеш?
- Не, ты сядзi, не адыходзь.
- А калi быў доктар?
- Даўно, тыдняў мо з чатыры, як быў. Лякарства тое самае раз у аптэцы бралi. Гэтак сказаў быў.
- Памагае?
- Сама ж бачыш, дзе яно памагае!
- Можа б яшчэ пазваць доктара?
- Можна i пазваць, але што за карысць. I так вiдаць, што нiякай паправы не будзе.
- Сястрыца, цiха, не плач.
- Нiчога... Мамачка-а-а...
- Цiха, цiха, ну iдзi... Сама ж казала, каб не будзiць яе.
- Ужо нiчога, гэта ў мяне ад слабасцi. Ужо чатыры ночы не спала каля яе.
- Дык ты не iдзi, калi ты гэтакая слабая, нашто табе iсцi канечне. Можа б пайшоў Вiця?
- Ён пайшоў бы, каб мароз не гэтакi вялiкi.
- Ён холаду гэтак баiцца, цi можа нездароў?
Тут адбылося кароткае маўчанне, пасля якога:
- Няма ў яго ў што апрануцца. Ён у летнiм фрэнчы ходзiць. Памятаеш?
Зноў адбылося маўчанне. Яно было як жарства пад голымi каленьмi малога дзiцяцi.
- А можа заўтра пайсцi - ты за ноч набярэшся сiлы, паспiш. Я ж буду сядзець тутака.
- Не, мне добра будзе прайсцi марозам. Галава пасвяжэе. I палатно сёння прынясу, можа яшчэ пакрою сёння, а заўтра пашыю - а то вельмi ж ён, небарак, мучыцца ў гэтым фрэнчы - гэтакiя маразы!
- Дзе ты будзеш сёння кроiць! Спаць ляжаш.
- Буду бачыць. Так дык я яму заўтра пашыла б; кудзелю ўчора ператрасла, а на падшэўку з таго ж самага кавалка... Я сама ткала б, дык дзе там - адна ў хаце, i яе даглядаць трэба, i... у хаце i так цесна, не павярнуцца... Цяпер тут вальней трохi, як Вiця кухню адбiў, не гэтак пара ўсялякая цягне, як у печы палiцца, свяжэй тут ёй дыхаць... Вiця сам дадумаўся.
- А дзе ён дошак узяў?
- У клецi столь зняў, там яна не лiшне патрэбна.
- Дык ты хiба iдзi, а то цябе i ноч на дарозе агорне... А чаму б не запрэгчы каня?
- Мне прайсцi здаравей будзе... Глядзi ж яе. Не адыходзь надоўга.
- Добра.
Пасля гэтага стукнулi цiха хатнiя дзверы i мацней - сенечныя. I пад нагамi заскрыпеў мёрзлы снег. У хаце запанавала цiшыня.
* * *
Кухня тая была - невялiкi куток насупраць печы. Пабеленыя калiсьцi цалёўкi, якiмi яна была адбiта ў хаце, былi няшчыльна прыстаўлены адна да адной, i праз шчылiны свiцелася ўсё, што рабiлася ў хаце. Цiха было, i нiкога тут.
У сенцах затупалi боты, i дзiцячы грубаваты голас загаварыў цiха:
- Снег да ботаў прымёрз... От папрымярзаў!
Неўзабаве другi, вясёлы голас:
- Што ты сам з сабою гаворыш, дурань ты?
Першы голас:
- Вельмi ўжо ты разумны... Гэта я снег з ботаў абiваю.
I пайшлi гаварыць:
- Ужо ў хату пойдзеш?
- Але.
- Жывёлу панапойваў?
- Няўжо ж не!
- Дык сядзi ў хаце цiха, не стукай нiчым.
- Хаця ты не стукай, а я то не стукаю.
- Не стукаеш! А ўчора маму пабудзiў.
- Бо мне трэба было палена раскалоць на падпал.
- Дык не мог ты ў сенцы выйсцi!
- Усё роўна, i ў сенцах стукае.
- От, яшчэ будзеш аскiрзацца!
- А што ж!
Нейкi час маўчалi, а пасля зноў той першы, дзяцiны, абазваўся голас:
- А ты што цяпер рабiць будзеш?
- Кончу ўпраўляцца i ў хату прыйду... Iдзi, дык я зачыню сенцы.
Адчынiлiся хатнiя дзверы з сянец, i ў кухню ўвайшоў той, хто гаварыў кагадзе ў сенцах дзiцячым голасам. Ён быў у шарачковай кароткай, вельмi гаматной капоце - мусiць, яна была на кудзелях, - у ботах, у шапцы з вушамi - з шэрага труса. Ён адразу скiнуў з сябе капоту, шпурнуў на лаву; паважна, як стары, хукаючы на рукi, падышоў да стала. Дастаў з акна пачак тытуню, скруцiў папяросу i закурыў. Узяў з качэргаў нейкi ражон, прычынiў iм дзверцы ў комiне i пускаў туды дым, задзiраючы галаву. Ён быў белагаловы, сiнявокi, гадоў яму было дванаццаць, а можа i трынаццаць. Гэтак ён стаяў i курыў, радасна адчуваючы хатняе цяпло.
У хаце, там, дзе ляжала хворая, зашаравалася аб зямлю дрэва - мусiць, ножка ў зэдлiку. Дык курэц у кухнi, душачыся дымам, апошнi раз шпарка зацягнуўся i схаваў недакурак у кулак. Хацеў зачынiць у комiне дзверцы, але не было ўжо калi - з хаты падходзiлi да кухонных дзвярэй, ён ледзьве ўспеў стаць каля стала, як у дзвярах з'явiлася сястра.
- Цi не курыш ты?
- Не.
- А чаму ж дым па хаце ходзiць?
- Дык я яго ў комiн пускаў. Яго адразу выцягае на двор. Гэта адно трохi на кухню пайшло... Як бачыш выцягне.
- Нашто ты курыш?
- Так.
- Рана табе яшчэ курыць,
Сказала гэта i як бы штосьцi ўспомнiла, пра нешта падумала - сцiхла раптам, шырока адчынiла кухонныя дзверы, каб вiдаць было хворую, i ўвайшла ў кухню. Брат сеў на лаву, пасядзеў i, падумаўшы, што ўсё роўна ўжо, стаў пад комiнам i спакойна дакурыў.
- Вучышся?
- Вучуся.
- I Вiця?
- Або ты не ведаеш!
- Калi ж вы ўпраўляецеся дома?
- Досвiткам устаём.
- А як вясною будзе?
- Мусiць, Вiця пакiне.
- А ты?
- Буду давучацца.
- А што ты так робiш?
- Нiчога.
- А дзе твае кнiгi?
- У сенцах на лаве.
- Чаму ты iх вынес?
- Так сабе... Замiнаюць адно.
- Ты, мусiць, нiколi не чытаеш iх?
- Чаму не, чытаю... Папытайся сабе ў Маргарыты... Куды яна пайшла?
- Па палатно.
- Гэта Вiцю на капоту?
- Ён у летнiм фрэнчы ходзiць?
- Ходзiць.
- Як жа ён не захалодзiцца?
- Не ведаю.
I падумала цяпер: "Нашто я пра гэты фрэнч папытала, усё трэба ведаць, але не пра ўсё гаварыць". Увайшла назад у хату, глядзела яшчэ праз дзверы на яго i зноў думала пра тое, успомнiўшы, што кагадзе сцiхла гаварыць яму, каб ён не курыў.
"Нейк жа боты яму справiлi... У халодным зрэб'i зiмуе, але хоць абуўся добра... Можа яму, што ён курыць, асалода якая ад гэтага; можа ён iншае i не ведае нiколi. Мусiць жа, ён нiколi не даспiць, не даесць; устае досвiткам малацiць, а намалацiўшыся, вучыцца бяжыць, а прыбегшы з гэтага вучэння, сечку рэзаць iдзе. Дзiва што ён гэтакi спрацованы".
Дык не магла яна, каб зноў не запытацца:
- Калi табе гэтыя боты шылi?
- Яшчэ ўвосень.
- Мусiць, збожжа якое прадавалi на боты?
- Не, гэта я запасвiў.
Яна ўспомнiла лiст ад сястры: "...Якубу вучыцца трэба iсцi i каровы дапасваць, дык мы i самi не ведаем, што рабiць. Ён вельмi занудзiўся, таварышы яго ўсе вучыцца пайшлi..."
- Дапасваў ты?
- Але.
- А як жа ты вучыцца пайшоў?
- Спазнiўся траха не на два месяцы.
- Як жа цябе прынялi?
- Мама ўпрасiла нейк... Не хацелi прымаць.
Маўчалi доўга. Яна села каля хворай. Каб не стукаць, ён на пальчыках увайшоў у хату следам за ёю i зашаптаў:
- А ты доўга будзеш тут?
- На тыдзень мяне пусцiлi.
- Дык ты праз тыдзень паедзеш?
- Не ведаю, як з мамаю будзе. Але ж i ехаць трэба. Вядома, служу ў чужых людзей.
- Усё роўна ж ты нiчога не паможаш, а там можа нядобра табе будзе, што не будзе цябе доўга.
Як стары, ён адставiў нагу ўбок, набраў з голай кiшэнi ў тры пальцы дробнага тытуню i зноў сыпаў у паперку.
- Я тут курыць не буду, я пайду на двор... Дзе гэта там Вiця забавiўся?
У хаце было прытульна, чыста, прыбрана, але цiшыня i спакой былi страшнейшымi за ўсялякiя варожыя навальнiцы. Сястра глядзела на яго вострым зiркам. I яму, мусiць, шмат чаго хацелася сказаць ёй; губы ў яго трохi падзьмулiся, цераз увесь твар лягла вельмi выразная для адчування i невыразная для слоў рыса. Куткi рота ў яго затрэслiся i вочы пачырванелi. Але ён цвёрда i паважна, як стары, выйшаў з хаты. I калi ён выходзiў, яна прачытала ў вачах i на твары яго: "Усё можна. Заставайся i надалей тут. Не можа быць нядобра там за тое табе, што пасля гэтага тыдня не з'явiшся туды служыць... Перад смерцю мацеры ўсё можна. Усё можна!"
* * *
Над зямлёю стаялi засцiлы марозлiвага паветра.
Вiця нагрэўся пры рабоце, але зверху сухiм холадам хапала за плечы. Цямнела. Вiця iшоў у хату па траскучым снезе. Вострыя плечы яго варушылiся пад тонкiм фрэнчам.
Быў ён сам занадта тонкi паводле росту, белатвары, з жоўтымi кропелькамi рабацiння на высокiм iлбе. Цыбатымi нагамi ён сцiбаў шырока, шмат займаў iмi, iшоў подбегам. Схаваў рукi ў кiшэнi портак i падтулiў плечы, угнуўшыся ўперад. На ганку стаў абiваць з падэшваў прымёрзлы снег.
Ружавеў захад i з другога боку ў чорных дрэвах бялеў месяц. За адкiненымi веснiцамi звiнела пустая цiшыня вулiцы. Сiнявокi Якуб моўчкi выйшаў з сянец, паслiзнуўся на ганку, траха не ўпаў, але адзержаўся i падаўся на вулiцу.
- Куды ты?
- Нiкуды.
На вулiцы Якуб шпарка пераступаў з нагi на нагу, бiў ботам аб бот. Вiця не ўцерпеў з ганка:
- Нашто ты боты рвеш?
- Ногi мерзнуць.
- Дык няхай бы сядзеў у хаце.
- У цябе не папытаю. Вельмi бацька знайшоўся! Прыганяты!
- Дурань, чаго ты агыркваешся!
- Бо чаго ты заўсёды чэпiшся!
- Iдзi ў хату!
- Чаму?
- Не мерзнi.
- А сам? Я цяплей за цябе апранены. Гэта ты iдзi, не мерзнi ў гэтым летнiм фрэнчы.
Вiця смешна нахмурыў свае белабрысыя бровы i адчынiў дзверы ў сенцы.
У кухнi было змрочна. Бялела акно над сталом. Вiця пацягнуў носам i бурклiва сказаў:
- Зноў накурыў поўную хату.
Прытулiўся плячыма да печы i грэўся. Адагрэтыя пальцы на нагах вельмi засвярбелi. Дык ён сцягнуў бот i з асалодаю пачаў церцi пальцы анучаю. Усё ў хаце маўчала. Раптам ён апусцiў рукi i стаў думаць.
"Нашто я пусцiў Маргарыту iсцi, яна i так колькi ўжо ночаў не спала. Як яна i так цягне... Перабыў гэтулькi часу без адзежыны, дык i яшчэ б з лiшнi дзень пачакаў бы... Цяпер ёй гэтыя днi лягчэй будзе, пакуль Маня зноў паедзе..."
Усё нястрыманым вiхрам iмчалася ў галаве.
Сядзеў моўчкi доўга. Пасля шпарка ўсцягнуў бот i ўвайшоў у хату. Глянуў у акно ад вулiцы. Якуб стаяў на тым жа ўсё месцы.
"Стаiць як прыкуты, яшчэ захалодзiцца".
Замiлаванне да Якуба панавала ў iм, назаўсёды кладучы сляды на душу, у гэты час пераходу дзяцiнства ў першае юнацтва. Само жыццё выхоўвала ў iм вялiкую чалавечую чуласць для замiлавання i нянавiсцi.
Сястра папрасiла яго запалiць агонь. Ён прынёс лямпу. Сястра зняла шкло i стала выцiраць. А ён стаяў перад ёю - высокi, худы, з дзяцiным яшчэ рухам твару. Але не дзяцiнае было ў сцiснутых тонкiх губах.
"З iм ужо можна гаварыць пра ўсё".
Гэта падумала сястра.
- Як ты вырас за гэты час.
Ён пацiснуў плячом.
- Добра, што ты прыехала.
Памаўчаўшы:
- Мама, мусiць, памрэ.
I пайшоў у кухню курыць.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
3. З стэнаграмы следчага допыту
...Якi лiст я пiсаў Марынковiчу! I пасля чытання запiскi не мог ужо яго дапiсаць. Зусiм не мог пiсаць, думкi мае не iшлi патрэбным парадкам, а былi ў непарадку. Вось разбягаюцца i зноў збiраюцца, як хмары перад навальнiцаю. Узбуджанасць мая пайшла ў другi бок. Як гэта гэтыя мае даўнейшыя запiскi захавалiся? Пажаўцелi як лiсткi! Колькi гэта ўжо часу прайшло ад таго, як я пiсаў гэта, пра сябе, пра брата Якуба, пра сёстраў, i колькi год ужо мiнула з таго, як было ўсё тое, пра што я пiсаў тут! Як мы тады ўсе, браты i сёстры, хавалi маму, як мерзлi ў дрэннай адзежы i былi заўсёды галодныя! I трэба ж якраз папасцiся на вочы мае якраз бо тады гэтым запiскам! Мусiць, гаспадыня, прыбiраючы палiцу, выцягнула iх з-за кнiг i кiнула на стол. Убачыў iх, i ўсё ва мне аж уздрыганулася, перачытаў гэтую сваю даўнейшую споведзь перад самiм сабою i не мог дапiсаць лiста гэтаму чалавеку, Марынковiчу.
А напэўна я i пiсаў яго не гэтак, як трэба. Залiшне я злаваў i гарачыўся, а гэтага нiколi не трэба. Але не магу iначай з гэтым чалавекам. От i цяпер хочацца схапiць яго i шпурнуць куды ў мураваную сцяну, каб ён больш не даждаў псаваць людзям свету. Можа нешта падобнае i трэба з iм зрабiць, можа зусiм i не варта пiсаць яму. Цi проймеш яго словам! Ён жа ўсё добра сам ведае, усё ў яго самога даўно вымерана i разлiчана, i растлумачваць яму няма чаго. Ён гэты мой лiст не чытаючы ведае, цi раней ужо да яго падрыхтаваўся. К д'яблу ўсе лiсты! З iм трэба iначай.
Як ён выбiў мяне з мае каляiны, як ён адарваў мяне ад мае работы! Ён, як камень, лёг на маёй дарозе, на дарозе ўсёй нашай сям'i, насмяяўся з Маргарыты, наздзекаваўся з яе, адабраў ад яе здароўе. I цяпер (няйначай, што гэта так) стараецца выжыць мяне адтуль, дзе сам начальнiкам, каб не тырчаў я ў яго кожны дзень перад вачыма, я, брат Маргарыты, бо ведае ж ён, што ненавiджу я яго, як толькi можа ненавiдзець той чалавек, якi з малых дзён сваiх прайшоў агонь замiлавання i нянавiсцi. Цi не лепш жа яму пазбавiцца ад мяне, бо яшчэ ж "асмелiўся" крытыкаваць яго.
Маргарыта! Як яна сохла тады каля мамы i як яна старалася, каб не бачылi мы; што замест лепшай яды для хворай мусiць яна, сцiснуўшы сэрца, даваць ей бульбу. (Дзе ж мы маглi ўзяць чаго лепшага! А бачачы гэта, мы нудзелi i сумавалi страшна.) I як яна, небарака, сохла, гледзячы ў тую зiму на мяне, што я мерзну ў летнiм нейкiм фрэнчы!.. I якая ж яна цяпер усё-такi моцная, загартованая! Як яна трымалася тады перад iм у судзе! Да апошняй хвiлiны нiхто не пазнаў бы, гледзячы на iх, што яна гэтак iм скрыўджана. I яна прайшла буры нянавiсцi i замiлавання i ўсё роўна як з гарту выйшла. Толькi цi надоўга хопiць у яе здароўя? Колькi яна крывi страцiла кожны год па некалькi разоў. (Вядома, "новы чалавек" павiнен быць вольным, прыгожым, а дзецi, каб iх было некалькi, не далi б яму займацца гэтаю воляю i прыгажосцю!) I гаварыла як яна тады перад iм!
Маргарыта! Яна тады прыехала была ў горад дзён за два перад судом, надвечар. Незнаёмая жанчына паказала ёй, дзе льга за двазлотку на пору спынiцца. (Жанчына набожна перахрысцiлася перад працэсiяй. Труну везлi на сялянскiм возе, i паперадзе гарбаты чалавек у белай комжы нёс крыж). Маргарыта падзякавала жанчыне i купiла ў яе ж з каша шэсць абаранкаў. Ад вакзала iсцi было ёй недалёка. Гэта была нават i не гасцiнiца. У двухпавярховым доме, побач з дзвярыма ў вялiкую краму, спусцiцца толькi ўнiз, а там шырокiя i нiзенькiя вокны, пад самаю столлю, выглядалi на малы скверчык. Гаспадыня адчынiла Маргарыце дзверы ў сцяне з пабяляных цалёвак. Каб гэта не на Маргарыту, дык прытулак гэты мог бы здацца чорным i цяжкiм. Але гэта хто да чаго прывыкне, жывучы на свеце.
Iшоў у той дзень веснавы вецер, i голыя дрэвы на скверчыку гойдалiся i стукалiся голлем. Маргарыта бачыла праз акно iх пнi ля самай зямлi. Пасля падышла яна пад люстэрка на сцяне: "Якая ж я стала худая i страшная".
Знайшла яна мяне тады была ў той самы дзень, калi ў суд хадзiла, не ведала адразу гэтай маёй новай кватэры. Ясныя былi тады ў яе думкi, усё расказвала мне, як прыехала, дзе i як спынiлася, як з каша ў гандляркi абаранкi купляла, як нейкую труну везлi папярок вулiцы. Пра ўсю гэтую драбязу старалася гаварыць, абы не маўчаць, бо маўчанка была б вельмi цяжкаю. А нам хоць i было пра што пагаварыць (не бачылiся ж мы чуць не год, ад таго, калi ён яе завёз i пакiнуў там), але ў тую хвiлiну не гаварылася. Я цяпер як бачу, як чую той дзень, калi яна прыехала, як i дзе паварочвалася. I яе перад люстэркам, i сквер увечары, i вецер у голых дрэвах, i вясну... А з якiм замiлаваннем глядзеў я тады з канца калiдора ў судзе на яе постаць, калi яна гаварыла з iм! Як ён злаваў, у яго зелянелi вочы i трэслiся скiвiцы! Не, яна не спавядалася перад iм. Не спавядалася! Маладзец, Маргарыта!
- Я не прыехала перад табою спавядацца!
А як жа ён скрыгiтаў зубамi i ледзьве стрымлiваў сябе, сам пераняўшы яе слова:
- I я перад табою спавядацца не буду, як я жыву i як я хачу жыць. Усё, што было ў нас, гэта былi нашы памылкi... Чаго ты прыехала?
- Я прыехала ў суд.
- Можна было ўсё зрабiць завочна. Не канешне нам без патрэбы мучыць адно аднаго.
- А з патрэбаю тваёю дык можна i памучыць?
- Я не слухаю тваiх пустых слоў... Я табе пiсаў тады, што буду без усялякiх судоў выплачваць тое, што з мяне належыць. I ты не можаш скардзiцца, што я сваiх абавязкаў не выконваю.
- А ты ведаеш свае абавязкi?
- Ведаю... Чаго ты хочаш дайсцi гэтым судом? Я i без судоў ведаю закон.
- Але цi закон цябе ведае?
- Дык што ж, па-твойму, я непакараны злачынец?!
- Гэта ты добра сказаў, непакараны злачынец!
- Дык не табе ж судзiць i караць мяне! Годзе! Нiчога ты гэтым судом не дойдзеш! Усё ў нас скончана, раз i назаўсёды! Калi ты па добрасцi не можаш!..
- Не крычы, не хвалiся, што крычаць умееш.
- Дык буду маўчаць.
Ён адышоўся ад акна i закурыў. Дастаў з кiшэнi маленькi, на ланцужку, гадзiннiк. I зноў падышоў:
- Спынi гэтую справу i едзь адгэтуль.
- Не, я запiшуся на бiржу працы.
- Ты хочаш тут заставацца?
- Хачу.
Яна памаўчала. I зноў старалася не заiкацца ад сваёй трывогi:
- Застануся тут... Табе не хочацца гэтага?
- Як хочаш. Мы чужыя людзi.
- Чужыя?! А чатыры гады мы не былi чужыя? Пэўна ж, што я цяпер табе чужая стала, на чорта я табе цяпер, хворая. Пану трэба не гэтакая жонка.
- Якi гэта пан?
- Табе цяпер не гэтакая, як я, трэба, вядома.
- Я яшчэ раз кажу табе, прашу цябе - годзе нам адно аднаго мучыць. Я гэтак знерваваўся i стрывожыўся за ўвесь гэты цяжкi i паскудны час.
- Нiчога, паедзеш на курорт, палечышся.
- Не ўсмiхайся гэтак, ты мяне ўпiкаеш яшчэ i курортам?!
- Ага, ты ўжо голас збавiў. Сцiшэў? Жывi сабе, едзь сабе, упоперак дарогi я табе не стану. Гавары сабе пра свайго новага чалавека, гавары, трубi ўсюды, дзе толькi льга... Новы чалавек павiнен, кажаш, быць прыгожым i вольным? А я адабрала ў цябе волю? От прыйшла да цябе, стала ўпоперак дарогi, завязала табе свет, i хоць страцiла сама здароўе, жывучы з табою, але ўсё для таго, каб ты не быў нi вольным, нi прыгожым?
- К чорту гэты твой смех.
- На злосць гэта я табе ўсё зрабiла! На злосць! Каб звязаць цябе, каб адабраць ад цябе волю, каб ты быў не новым чалавекам, а старым!.. Старым!.. Нягодным!.. Брыдкiм!.. А ты ўсё не паддаешся i застаешся добрым!.. Прыгожым!.. Разумным!.. Патрэбным на свеце!.. А гэта я гэтакая нягодная, гэтакае злачынства з табою зрабiла!.. Гэта я!.. Гэта я адна вiнавата!.. Гэта я!..