Де Мопассан Ги
Тамтэй (на белорусском языке)

   Гi дэ Мапасан
   Тамтэй
   Пераклад: Сяргей Шупа
   8 траўня. - Якi цудоўны дзень. Усю ранiцу я праляжаў на траве пад вялiкiм платанам, якi хавае ў сваёй лiстоце ўвесь мой дом. Я люблю гэты край, люблю тут жыць, бо тут мае каранi, глыбокiя i далiкатныя каранi, якiмi чалавек звязаны з зямлёй, дзе нарадзiлiся i памерлi яго продкi, з усiм тым, што тут думаюць, што тут ядуць, са звычаямi, стравамi, з мясцовымi выслоўямi, з гаворкай сялян, з пахамi зямлi, вёскi i самога паветра.
   Я люблю дом, дзе я вырас. З вокнаў вiдаць, як уздоўж саду за дарогай цячэ Сена, зусiм побач, вялiкая i шырокая Сена, па якой плывуць караблi.
   Вунь там злева - Руан, вялiкi горад з блакiтнымi дахамi, над якiмi сям-там высяцца спiчастыя гатычныя званiцы. Вышэй за ўсiх узнiмаецца чыгунны шпiль катэдры, а вакол яго - незлiчоная колькасць званiц i званiчак, вялiкiх i малых, i гул званоў плыве ў блакiтным паветры пагодлiвай ранiцы. Да мяне даносiцца мяккi далёкi металiчны звон, з ветрам далятаюць да мяне медныя спевы, то гучнейшыя, то слабейшыя, залежна ад ветру, якi то мацнее, то слабее.
   Якая пагода стаяла той ранiцай!
   Недзе каля адзiнаццатай гадзiны па рацэ праплыла доўгая чарада суднаў - iх цягнула маленькая, як муха, баржа, якая хрыпела з напругi, выкiдаючы ў неба воблакi густога дыму.
   Прайшлi дзве ангельскiя шхуны, чырвоныя сцягi на якiх вiлiся на фоне неба, а за iмi плыў цудоўны бразiльскi трохмачтавiк, увесь белы, незвычайна чысты i блiскучы. I невядома чаму я прывiтаў яго - так мне было прыемна яго бачыць.
   12 траўня. - Ужо некалькi дзён у мяне лёгкая гарачка. Я адчуваю, што хворы, але гэта хутчэй не хвароба, а нейкi смутак.
   Адкуль бяруцца тыя таямнiчыя павевы, што ператвараюць нашае шчасце ў смутак, нашую шчырасць - у журбу? Здаецца, што паветра, нябачнае паветра прасякнута нейкiмi непазнавальнымi Сiламi, таямнiчую блiзкасць якiх мы адчуваем на сабе. Я прачынаюся, поўны радасцi, мне хочацца спяваць. Чаму? Я гуляю па беразе, i раптам, прайшоўшы яшчэ зусiм мала, паварочваю назад засмучаны, быццам дома мяне чакае нейкае няшчасце. Чаму? Можа, дрыжыкi холаду, прабегшы па скуры, закранулi нервы i засмуцiлi маю душу? Цi, можа, форма аблокаў, цi колер неба, цi хутказменлiвыя адценнi рэчаў, прайшоўшы перад маiмi вачыма, расхвалявалi мой розум? Хто ведае? Усё, што нас акаляе - усё тое, што мы бачым, але не прыглядаемся блiжэй, усё тое, што мы мiнаем, але не спазнаём падрабязней, усё тое, да чаго мы дакранаемся, але не абмацваем, усё тое, што мы сустракаем, але не распазнаём - усё гэта iмгненна, незвычайна, невытлумачальна адбiваецца на нас, на нашых пачуццях, а праз iх - на думках i нават на сэрцы.
   Якая глыбокая гэтая таямнiца, таямнiца Нябачнага! Мы не здольныя спасцiгнуць яе нашымi недасканалымi органамi пачуццяў. Нашы вочы не могуць бачыць нi занадта малое, нi занадта вялiкае, нi занадта блiзкае, нi занадта далёкае, нi жыхароў далёкае зоркi, нi насельнiкаў кроплi вады... Нашы вушы падманваюць нас, бо толькi ператвараюць вiбрацыю паветра ў гукавыя сiгналы. Гэта феi, якiя нейкiм цудам робяць з рухаў паветра гукi, i гэтая метамарфоза нараджае музыку, нямыя прыродныя рухi робяцца спевамi... Наш нюх вельмi слабы, намнога слабейшы за сабачы... З нашым адчуваннем смаку мы нават не можам вызначыць век вiна!
   Каб мы толькi мелi iншыя органы, якiя б падаравалi нам iншыя цудоўныя ператварэннi, колькi б рэчаў мы яшчэ адкрылi вакол нас!
   16 траўня. - Я папраўдзе захварэў! А яшчэ месяц таму я так добра сябе адчуваў! У мяне гарачка, страшная гарачка, цi хутчэй нейкi гарачкавы неўроз, ад якога мая душа пакутуе не менш, чым маё цела. Мяне ўвесь час турбуе жахлiвае прадчуванне нейкай неадступнай небяспекi, страх перад блiзкiм няшчасцем, наблiжэннем смерцi, i адчуванне гэтае - вынiк дзеяння нейкай яшчэ невядомай хваробы.
   18 траўня. - Толькi што я схадзiў да свайго лекара, бо апошнiмi начамi я не мог заснуць. Ён выявiў у мяне пачашчаны пульс, пашырэнне зрэнкаў, паслабленне нерваў, але не ўбачыў нiякiх трывожных сiмптомаў i параiў мне прымаць душ i пiць бромiсты калiй.
   25 траўня. - Нiякiх зменаў! Мой стан сапраўды вельмi дзiўны. З наблiжэннем вечара мяне апаноўвае незразумелая трывога, быццам ноч тоiць у сабе страшную небяспеку. Я хутка вячэраю, пасля спрабую чытаць, але не разумею нiводнага слова, я ледзь распазнаю лiтары. Я ўстаю i пачынаю хадзiць па пакоi, мяне гняце нейкi няясны i неадчэпны страх, я баюся спаць, баюся класцiся ў ложак.
   Недзе а дзесятай гадзiне я паднiмаюся ў спальню. Увайшоўшы, я замыкаюся на два абароты, зачыняю дзверы на засаўкi. Я баюся... Чаго?.. Дагэтуль я не баяўся нiчога... Я адчыняю шафу, заглядаю пад ложак, слухаю... Цi не дзiўна, што нейкая маленькая немач, парушэнне кровазвароту, раздражненне нервовай сiстэмы, лёгкi прылiў крывi да галавы, зусiм незаўважнае парушэнне ў дзейнасцi нашага недасканалага i далiкатнага арганiзма можа зрабiць найвесялейшага з людзей меланхолiкам, найсмялейшага - баязлiўцам? Пасля я кладуся ў ложак i чакаю сну, як асуджаны на смерць чакае ката. З жахам чакаю я яго прыходу, сэрца маё б'ецца, ногi дрыжаць, усё маё цела сцiскаецца пад цёплай коўдрай аж да моманту, калi я раптам падаю ў сон - гэтаксама ныраюць у вiр, каб утапiцца. Я ўжо нават не заўважаю, як сон прыходзiць да мяне. Ён падступна хаваецца недзе побач, пiльнуе, каб схапiць мяне за галаву, заплюшчыць мне вочы, знiшчыць мяне.
   Я сплю доўга - дзве цi тры гадзiны, - пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу i сплю... Я гэта адчуваю i ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзiць, глядзiць на мяне, абмацвае мяне, залазiць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамi за шыю i сцiскае, сцiскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.
   Я спрабую адбiвацца, але мяне нiбы звязвае тое страшнае бяссiлле, што паралiзуе нас у сне, я хачу закрычаць - i не магу, хачу паварухнуцца - i не магу, нялюдскiмi намаганнямi, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скiнуць гэтую iстоту, што душыць, расцiскае мяне - i не магу!
   I раптам я прачынаюся, ледзь не звар'яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку - у пакоi нiкога няма.
   Пасля гэткага прыступу, якi паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да ранiцы.
   2 чэрвеня. - Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робiцца? Бромiсты калiй не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкi стамiцца, хоць я i без гэтага быў вельмi стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскiм лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае i мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў i лiсця, напоўнiць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца - новаю сiлаю. Я iшоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкi два доўгiя рады незвычайна высокiх дрэваў распасцiралi нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лiстоту, закрываючы неба.
   Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.
   Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, цi, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзiн у гэтым лесе. I раптам мне здалося, што за мной нехта iдзе, зусiм побач, ледзь не наступаючы на пяткi, здаецца, вось-вось схопiць.
   Я рэзка павярнуўся. Нiкога не было. Я ўбачыў за мною толькi простыя шырокiя прысады - яны былi высокiя i пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другi бок - гэткiя ж самыя пустыя, вусцiшныя прысады, якiя вядуць у бясконцую даль.
   Я заплюшчыў вочы. Нашто? I пачаў круцiцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочы - дрэвы скакалi, зямля плыла. Я сеў. I, о Божа! зразумеў, што не ведаю, з якога боку я прыйшоў! Дзiва! Такое дзiва! Я напраўду зусiм заблытаўся. Пайшоў урэшце ў правы бок i выйшаў на дарогу, па якой я быў зайшоў у лес.
   3 чэрвеня. - Ноч была невыносная. Мне трэба на пару тыдняў некуды з'ездзiць. Маленькае падарожжа павiнна мне пайсцi на дабро.
   2 лiпеня. - Я вярнуўся. Здаровы. Зрэшты, вандроўка была выдатная. Я пабачыў гару Сэн-Мiшэль, дзе я нiколi яшчэ не быў.
   Якое вiдовiшча адкрываецца вачам вандроўнiка, якi прыязджае ў Аўранш надвячоркам! Сам горад стаiць на ўзгорку. Мяне правялi ў гарадскi парк у самым канцы горада, i там я ўскрыкнуў ад захаплення. Перада мною, як скiнуць вокам, распасцiралася вялiзная бухта мiж двух берагоў, якiя адыходзiлi ў далячынь i знiкалi ў смузе. Пасярэдзiне гэтай вялiкай жоўтай бухты пад зiхатлiва залацiстым небам змрочна ўздымалася сярод пяскоў дзiўная спiчастая гара. Сонца ўжо зайшло, i на вячэрнiм гарызонце вырысоўваўся сiлуэт гэтай фантастычнай скалы з не менш фантастычнай будынiнай на вяршынi.
   Як толькi развiднела, я накiраваўся да яе. Быў адлiў, як i напярэдаднi. Я паволi наблiжаўся да гары, i перада мною вырастаў дзiвосны кляштар. Праз некалькi гадзiн я прыйшоў да гары - вялiзнай крушнi камянёў. На ёй была маленькая вёсачка, а над усiм высiлася вялiкая царква. Я падняўся вузенькай вулкай i ўвайшоў у гэтую самую прыгожую гатычную пабудову на зямлi, вялiкую, як горад, поўную нiзенькiх пакояў, амаль расцiснутых пад скляпеннямi i высокiмi галерэямi, якiя трымалiся на далiкатных калонах. Я ўвайшоў у гэты велiзарны гранiтны палац, лёгкi, нiбы карункавы, з безлiччу вежаў, зграбных званiчак, куды вядуць стромкiя сходы. Яны ўздымаюць у благат дня або ў цемрадзь ночы свае незвычайныя галоўкi, абсыпаныя хiмерамi, д'ябламi, фантастычнымi жывёламi, пачварнымi кветкамi i злучаныя мiж сабою тонкiмi аркамi.
   Калi я дабраўся да вяршынi, я сказаў манаху, што iшоў побач са мною: "Мой ойча, як вам тут добра!"
   Ён адказаў: "Тут надта дзьме вецер, пане". Мы гаварылi, гледзячы, як прылiвае мора - яно набягала на пясок i адзявала бераг у сталёвы панцыр.
   I манах пачаў апавядаць мне паданнi, звязаныя з гэтымi мясцiнамi, старадаўнiя легенды.
   Адна асаблiва мяне ўразiла. Мясцовыя людзi, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы - адна мацней, другая цiшэй. Недаверлiвыя кажуць, што гэта крычаць марскiя птушкi, часам iх крыкi нагадваюць бляянне, а часам - чалавечы стогн. Але рыбакi, якiя позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалi ў дзюнах старога пастуха. Твару яго нiхто нiколi не бачыў, бо ён ходзiць, увярцеўшыся з галавою ў плашч. Ён пасвiць казла з тварам мужчыны i казу з тварам жанчыны. У абаiх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.
   Я спытаўся: "I вы ў гэта верыце?"
   "Не ведаю", - прамармытаў ён.
   Тады я зноў спытаўся: "Але каб на зямлi апроч нас жылi яшчэ нейкiя iншыя стварэннi, дык няўжо ж мы за гэтулькi часу iх не зведалi б? Няўжо б вы iх не ўбачылi? Няўжо б я iх не ўбачыў?"
   Ён адказаў: "Цi ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што iснуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сiла ў прыродзе, што збiвае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнiмае ў моры вадзяныя горы, валiць скалы i разбiвае ўшчэнт вялiкiя караблi. Вецер забiвае, свiшча, стогне, раве, але цi бачылi вы яго, цi можаце вы яго ўбачыць? I аднак ён iснуе!"
   Мне не было чаго адказаць на гэты просты доказ, i я замаўчаў. Мудры быў гэты чалавек цi, наадварот, дурны, не буду сцвярджаць. Але я замаўчаў. Бо я i сам часта думаў пра тое, што ён сказаў.
   3 лiпеня. - Спаў я кепска. Напэўна, гэтыя мясцiны заражаныя, бо мой фурман хварэе на тое самае, што i я. Учора, калi я вярнуўся, я заўважыў яго незвычайную бледнасць. Я спытаўся ў яго:
   - Што з вамi, Жан?
   - А тое, пане, што я не магу спаць уночы. Мае ночы з'ядаюць мае днi. Як вы паехалi, пане, дык на мяне як нейкае насланнё найшло.
   Аднак усе астатнiя слугi здаровыя, але я вельмi баюся, што сам зноў захварэю.
   4 лiпеня. - Я папраўдзе захварэў зноў. Мае колiшнiя страхi вярнулiся. Сёння ўночы я адчуваў, як нехта на мне сядзеў i, прысмактаўшыся да майго рота, цягнуў з мяне жыццё. Клянуся, ён смактаў з майго горла, як п'яўка. Напiўшыся, ён устаў, а я прачнуўся такi змучаны, спустошаны, разбiты, што не мог нават варухнуцца. Калi гэта паўторыцца яшчэ некалькi разоў, то мне трэба будзе зноў некуды з'ехаць.
   5 лiпеня. - Можа, я звар'яцеў? Тое, што адбылося, тое, што я пабачыў мiнулай ноччу, такое дзiва, што ў мяне ад адной згадкi пра гэта кружыцца галава!
   Я замкнуў дзверы на ключ - цяпер я раблю гэта кожнага вечара. Пасля мне захацелася пiць, i я выпiў паўшклянкi вады i выпадкова заўважыў, што графiн быў поўны аж да крышталёвага корка.
   Пасля я лёг i заснуў звычайным жахлiвым сном. Праз дзве гадзiны яшчэ агiднейшы жах абудзiў мяне.
   Уявiце сабе чалавека, якi спiць, якога забiваюць i якi прачынаецца з нажом у грудзях, ён сплывае крывёй, хрыпiць, не можа дыхаць, ён хутка памрэ - але нiчога не разумее.
   Урэшце я апамятаўся i зноў захацеў пiць. Я запалiў свечку i падышоў да стала, дзе стаяў графiн. Я падняў яго, нахiлiў над шклянкай, але вада не палiлася. Графiн быў пусты! Зусiм пусты! Спачатку я нiчога не зразумеў, пасля раптам я так расхваляваўся, што мусiў сесцi, я проста ўпаў на крэсла! Пасля я ўскочыў i агледзеўся! Зноў сеў перад празрыстым крышталём графiна, збянтэжаны ад здзiўлення i страху. Я глядзеў на графiн не адрываючыся, шукаючы разгадку. Рукi мае дрыжалi. Значыцца, гэтую ваду нехта выпiў? Хто? Я? Ну, вядома ж, я. Апроч мяне нiхто больш не мог. Значыцца, я лунацiк, я жыў, сам таго не ведаючы, таямнiчым дваiстым жыццём. Мiмаволi пачынаеш думаць, цi не жывуць у нас адразу дзве асобы або, можа, нейкая iншая iстота, чужая, незразумелая i нябачная, што пасяляецца тады, калi душа спiць, у нашае цела, бярэ яго ў палон, i яно падпарадкоўваецца яму, як нам самiм, нават больш, як нам самiм.
   Але хто зразумее мой невыказны страх? Хто зразумее пачуццё нармальнага, разумнага чалавека, якi з жахам у вачах глядзiць на графiн, з якога знiкла трохi вады, пакуль ён спаў!
   Я так i праседзеў да ранiцы, не наважваючыся вярнуцца ў ложак.
   6 лiпеня. - Я вар'яцею. Сёння ўночы нехта зноў выпiў поўны графiн цi хутчэй - я выпiў! Але цi я гэта? А калi не? Хто ж гэта? Хто? О Божа! Я вар'яцею! Хто мяне выратуе?
   10 лiпеня. - Я зрабiў некалькi доследаў, i яны далi дзiўныя вынiкi.
   Папраўдзе, я звар'яцеў!
   6 лiпеня, перад тым, як класцiся ў ложак, я паставiў на стол вiна, малака, вады, хлеба i сунiц.
   Нехта - напэўна я - выпiў усю ваду i трохi малака. Вiно i сунiцы засталiся нечапаныя.
   7 лiпеня я паўтарыў той самы дослед, i ён даў такi самы вынiк.
   8 лiпеня я прыняў ваду i малако. Астатняе засталося нечапанае.
   Урэшце 9 лiпеня я зноў паставiў на стол вады i малака, але навязаў рыльцы графiнаў белай муслiнавай тканiнай i прывязаў коркi. Пасля я нацёр вусны, бараду i рукi чорным грыфелем i лёг спаць.
   Мяне ахапiў непераможны сон, за iм прыйшло жахлiвае абуджэнне. Я нi да чога не дакрануўся - нават бялiзна ў ложку засталася чыстая. Я кiнуўся да стала - на тканiне, што абцягвала графiны, плямаў не было. Я развязаў завязкi, дрыжучы ад страху. Нехта выпiў усю ваду! Нехта выпiў усё малако! О Божа!..
   Я неадкладна еду ў Парыж.
   12 лiпеня. - Парыж. Апошнiмi днямi я зусiм страцiў розум! Напэўна, я зрабiўся цацкай маёй знерваванай фантазii, а можа, я i напраўду быў лунацiк або стаў ахвярай тых усiм вядомых, але невытлумачальных уплываў, якiя называюць сугестыяй. Ва ўсялякiм разе мой стан наблiжаўся да вар'яцтва, i дваццаць чатыры гадзiны ў Парыжы дадалi мне ўпэўненасцi ў сабе.
   Учора, скончыўшы ўсе вiзiты, якiя напоўнiлi маю душу новым, жыццядайным паветрам, я прабавiў вечар у Французскiм тэатры. Ставiлi п'есу Аляксандра Дзюма-сына, i яе бадзёры i здаровы дух канчаткова мяне вылечыў. Напэўна, адзiнота вельмi небяспечная людзям iнтэлектуальнай працы. Нам трэба, каб вакол нас былi людзi, якiя думаюць, размаўляюць. Калi мы на доўгi час застаёмся адны, мы запаўняем пустку вакол нас прывiдамi.
   Вельмi вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамi. Прадзiраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай iронiяй мае жахi, мае думкi мiнулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная iстота жыве разам са мною пад адным дахам! Якi ўсё ж слабы наш розум - ён затуманьваецца, як толькi нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.
   Замест таго каб зрабiць простую выснову: "Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны", мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямнiцы i звышнатуральныя сiлы.
   14 лiпеня. - Дзень Рэспублiкi. Я гуляў па вулiцах i цешыўся, як дзiця, з ракет i сцягоў. Вельмi недарэчна, калi людзi радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ - гэта дурны натоўп, якi часам бязглузда церпiць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: "Радуйся!" Ён радуецца. Яму кажуць: "Iдзi бiся з суседам". I ён iдзе бiцца. Яму кажуць: "Галасуй за iмператара". I ён галасуе. Пасля кажуць: "Галасуй за рэспублiку". I ён галасуе за рэспублiку.
   Тыя, хто кiруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя i нiкому не патрэбныя, хоць бы толькi таму, што яны - прынцыпы, гэта значыць iдэi, што лiчацца слушнымi i непахiснымi. Непахiснымi ў гэтым свеце, дзе нельга нi ў чым быць пэўным, бо нават святло - iлюзiя, гук - iлюзiя.
   16 лiпеня. - Учора я пабачыў рэчы, якiя мяне глыбока ўразiлi.
   Я вячэраў у маёй кузiны, панi Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Лiможы. Апроч мяне былi запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з iх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымi хваробамi i некаторымi незвычайнымi з'явамi. Цяпер ён праводзiць доследы ў галiне гiпнозу i сугестыi.
   Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынiкi доследаў ангельскiх вучоных i лекараў Нансiйскай школы.
   Рэчы, пра якiя ён гаварыў, здалiся мне такiмi дзiўнымi, што я адмовiўся ў iх паверыць.
   "Мы знаходзiмся на шляху, - казаў ён, - да адкрыцця адной з найвялiкшых таямнiц прыроды, цi, лепей кажучы, найвялiкшых таямнiц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна i iншыя, на iншых планетах. З таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкi словамi або пiсьмова, ён адчувае, што побач з iм iснуе нейкая таямнiца, недаступная яго грубым i недасканалым органам пачуццяў. Чалавек iмкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калi гэты розум быў яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з'яў прыняла проста жахлiвыя формы. Якраз тады нарадзiлiся народныя вераваннi ў звышнатуральнае, легенды, духi, феi, гномы, прывiды. Я б дадаў сюды i легенду пра Бога, бо нашыя ўяўленнi пра творцу, з якой рэлiгii яны б нi паходзiлi, - гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых iстот. Лепей за ўсiх сказаў Вальтэр: "Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплацiў яму тым самым".
   Але вось ужо трохi болей за стагоддзе адчуваецца наблiжэнне адкрыцця чагосьцi новага. Месмер i некаторыя iншыя вывелi нас на нечаканы шлях, i мы дасягнулi, асаблiва за апошнiя чатыры-пяць гадоў, незвычайных вынiкаў".
   Мая кузiна, таксама вельмi недаверлiвая, усмiхнулася. Доктар Паран сказаў ёй:
   - Хочаце, я паспрабую вас усыпiць?
   - Ну,вядома.
   Яна села ў фатэль. I ён пачаў пiльна глядзець ёй у вочы, гiпнатызуючы яе. Раптам я адчуў нейкае хваляванне, сэрца маё забiлася, горла сцiснулася. Я бачыў, як павекi ў панi Сабле цяжэюць, вусны сцiскаюцца, дыханне робiцца перарывiстае.
   Праз дзесяць хвiлiн яна ўжо спала.
   - Сядзьце за ёй, - сказаў лекар.
   Я сеў за ёй. Ён даў ёй у рукi вiзiтную картку i сказаў:
   - Гэта люстэрка. Што вы ў iм бачыце?
   Яна адказала:
   - Я бачу свайго кузена.
   - Што ён робiць?
   - Ён падкручвае вус.
   - А цяпер?
   - Ён дастае з кiшэнi фотакартку.
   - Хто на здымку?
   - Ён сам.
   Гэта была праўда! I здымак гэты я атрымаў у той самы вечар, у гатэлi...
   - Якi ён на гэтым партрэце?
   - Ён стаiць з капелюшом у руцэ.
   Яна i праўда глядзела на картку, на кавалак белага кардону, як у люстэрка.
   Напалоханыя жанчыны ўсхапiлiся: "Досыць! Даволi! Хопiць!"
   Але доктар загадаў: "Заўтра вы ўстанеце а восьмай гадзiне, пойдзеце ў гатэль да вашага кузена i папросiце, каб ён вам пазычыў пяць тысяч франкаў, якiя чакае ад вас муж i якiя ён ад вас патрабуе на сваё чарговае падарожжа". Пасля ён яе абудзiў.
   Вяртаючыся ў гатэль, я думаў пра гэты дзiўны сеанс, i мяне апаноўвала сумненне. Маёй кузiне я верыў, бо ведаў яе з дзяцiнства, i яе выключная сумленнасць была вышэйшая за ўсе падазрэннi, а вось доктар, магчыма, быў махляром. Цi не схаваў ён у руцэ ў кузiны, калi яна спала, акрамя вiзiтнай карткi яшчэ i люстэрка? Прафесiйныя фокуснiкi здатныя яшчэ i не на такое.
   Я вярнуўся i лёг спаць.
   А ўранку, а палове дзевятай, слуга пабудзiў мяне i сказаў:
   - Панi Сабле хоча неадкладна з вамi пагаварыць.
   Я хутка адзеўся i сустрэў яе. Яна села. Вельмi хвалюючыся, апусцiўшы вочы, не здымаючы вуалi, яна сказала:
   - Мой дарагi кузен, я прашу зрабiць мне вялiкую ласку.
   - Якую, мая кузiна?
   - Мне вельмi няёмка вам пра гэта казаць, i ўсё ж трэба. Мне патрэбныя, вельмi патрэбныя пяць тысяч франкаў.
   - Вам?
   - Ага, мне цi, правiльней, майму мужу, гэта ён папрасiў мяне iх знайсцi.
   Я быў так уражаны, што здолеў толькi нешта прамармытаць у адказ. Цi не насмiхаюцца яны з мяне разам з гэтым доктарам Паранам, можа, усё гэта звычайны жарт, падрыхтаваны загадзя i вельмi добра праведзены.
   Але калi я ўважлiва на яе паглядзеў, усе мае сумненнi развеялiся. Яна дрыжала ад страху, учынак гэты быў ёй вельмi балючы, яна была гатовая расплакацца.
   Я ведаў, што яна даволi багатая, i сказаў:
   - Як гэта ваш муж не мае на свае патрэбы пяць тысяч франкаў? Ну, падумайце самi. Цi вы верыце, што ён даручыў вам папрасiць iх у мяне?
   Яна нейкi час вагалася, быццам шукала ў сваёй памяцi, пасля адказала:
   - Я веру.
   - Ён вам напiсаў?
   Яна зноў задумалася. Я здагадаўся пра пакутлiвыя намаганнi яе розуму. Яна не ведала. Яна ведала толькi, што павiнна пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў мужу.
   I яна наважылася зманiць.
   - Ага, ён мне напiсаў.
   - Калi ж гэта? Учора вы мне нiчога пра гэта не казалi.
   - Я атрымала лiст сёння ранiцай.
   - Вы можаце мне яго паказаць?
   - Не... не... не... у iм ёсць iнтымныя рэчы... вельмi асабiстыя... я... я спалiла яго.
   - Тады, значыцца, у вашага мужа ёсць даўгi.
   Яна трохi падумала i сказала:
   - Я не ведаю.
   I я нечакана заявiў:
   - Справа ў тым, што ў гэты момант у мяне няма пяцi тысяч франкаў, мая дарагая кузiна.
   У яе з грудзей вырваўся пакутлiвы крык.
   - О! О, я прашу вас, прашу вас, знайдзiце iх...
   Яна вельмi расхвалявалася i сашчапiла рукi, быццам папраўдзе ўпрошвала мяне! Я адчуў, як змянiўся тон яе голасу. Яна плакала, гаварыла запiнаючыся, яна пакутавала пад уладай няўмольнага загаду.
   - О! Я прашу вас... каб толькi ведалi, як я пакутую... яны патрэбныя мне сёння.
   Я злiтаваўся над ёй.
   - Зараз яны ў вас будуць, я вам прысягаю.
   Яна закрычала:
   - О, дзякую, дзякую! Якi вы добры.
   Я спытаўся:
   - Цi памятаеце вы, што адбылося ў вас учора?
   - Памятаю.
   - Памятаеце, як доктар Паран вас усыпiў?
   - Памятаю.
   - Дык вось, ён загадаў, каб вы прыйшлi сёння ранiцай пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў, i ў гэты момант вы дзейнiчаеце пад гiпнозам.
   Яна трошкi падумала i адказала:
   - Але гэтыя грошы патрэбныя майму мужу.
   Цэлую гадзiну я спрабаваў яе пераканаць, але не здолеў.
   Калi яна пайшла, я пабег да доктара. Ён выйшаў да мяне i выслухаў з усмешкай. Пасля спытаўся:
   - Цяпер вы верыце?
   - Напэўна, веру.
   - Хадземце да вашай кузiны.
   Яна, стомленая, драмала ў шэзлонгу. Лекар намацаў пульс, паднёс руку да яе вачэй i нейкi час глядзеў на яе. Яна павольна заплюшчыла вочы, скарыўшыся непераможнай магнетычнай сiле.
   Як толькi яна заснула, доктар сказаў:
   - Вашаму мужу больш не патрэбныя пяць тысяч франкаў. Забудзьцеся, што прасiлi вашага кузена пазычыць iх, а калi ён вам пра гэта нагадае, вы нiчога не зразумееце.
   Пасля ён абудзiў яе. Я выцягнуў з кiшэнi бумажнiк:
   - Вось, мая дарагая кузiна, тое, што вы ў мяне прасiлi сёння ранiцай.
   Яна так здзiвiлася, што я не наважыўся настойваць. I ўсё ж я паспрабаваў нагадаць ёй пра яе просьбу, але яна ўпарта адмаўляла, думаючы, што я з яе насмiхаюся, i ўрэшце ледзь не раззлавалася.
   . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
   Вось. Я толькi што вярнуўся ў гатэль, але не магу нават есцi - так уразiў мяне гэты эксперымент.
   19 лiпеня. - Шмат хто з тых, каму я расказаў пра гэтае здарэнне, смяялiся з мяне. Я ўжо нават не ведаю, што падумаць. Як сказаў мудрэц: "Можа быць?"
   21 лiпеня. - Я павячэраў у Бужывалi, пасля прабавiў вечар на балi весляроў. I праўда, усё залежыць ад месца i асяроддзя. Верыць у звышнатуральнае на выспе Грэнуйер было б самым дзiкiм вар'яцтвам... А на вяршынi гары Сэн-Мiшэль?.. А ў Iндыi? Усё тое, што нас акаляе, робiць на нас велiзарны ўплыў. Наступным тыднем я вяртаюся дамоў.
   30 лiпеня. - Учора я вярнуўся дамоў. Усё ў парадку.
   2 жнiўня. - Нiчога новага. Стаiць пагода. Цэлымi днямi я баўлюся тым, што гляджу, як цячэ Сена.
   4 жнiўня. - Мае слугi пасварылiся мiж сабою. Яны сцвярджаюць, што ўночы нехта б'е шклянкi ў шафах. Камердынер вiнавацiць кухарку, тая вiнавацiць касталянку, а гэтая вiнавацiць абаiх. Хто вiнаваты? Ды хiба ж разбярэшся?
   6 жнiўня. - Гэтым разам я не вар'ят. Я бачыў... Бачыў! Нельга больш сумнявацца... я бачыў! Яшчэ i цяпер холад праймае мяне да кончыкаў пальцаў... яшчэ i цяпер я дрыжу ад страху... я бачыў!
   А другой гадзiне, сярод белага дня, я гуляў у сваiм ружоўнiку... Я iшоў абсадамi асеннiх ружаў, якiя пачыналi расцвiтаць.
   Я спынiўся, каб паглядзець на "Асiлка бiтваў", на якiм красавалiся тры надзвычай прыгожыя кветкi, i выразна ўбачыў, як зусiм побач са мной сцябло адной кветкi сагнулася, быццам сцiснутае нябачнай рукой, i зламалася, быццам тая рука яго адшчыкнула. Кветка ўзнялася ў паветра, апiсала крывую, быццам нябачная рука паднесла яе да твару, i павiсла ў празрыстым паветры нерухомай жахлiвай чырвонай плямай перад самым маiм тварам.
   Без памяцi, я кiнуўся, каб схапiць яе! Але я нiчога не схапiў - яна знiкла. I тады я страшэнна раззлаваўся сам на сябе, бо хiба ж можна, каб разумны i сур'ёзны чалавек меў такiя галюцынацыi.
   Але цi была гэта галюцынацыя? Я павярнуўся i стаў шукаць сцябло - хутка я знайшоў: памiж дзвюх кветак, што засталiся на кусце, тырчаў канец толькi што абламанай сцяблiны.
   Дамоў я вярнуўся ашаломлены. Бо цяпер я веру, гэтаксама веру, як i ў тое, што дзень змяняе ноч, - побач са мною жыве нейкая нябачная iстота, якая кормiцца малаком i вадой, якая можа дакранацца да рэчаў, браць iх, перасоўваць з месца на месца. Такiм чынам, iстота гэтая з натуры сваёй матэрыяльная, хоць i недаступная нашым пачуццям. I жыве яна пад адным дахам са мною...