— Дасылай сюды, Рыгор, чалавек сем. Яны будуць выбіваць дзверы тут, вы — з параднага ўвахода, а я паспрабую ададраць дошку ў імшаніку і кінуцца на яго. Толькі ўсім адразу.
   — А можа, паспрабаваць выдаць сябе за паляванне, пастукаць у акно і, калі адчыніць, схапіць. Сваякоў ён на гэтую ноч адаслаў, сам у доме, — прапанаваў Рыгор.
   — Нічога не атрымаецца. Гэта хітры ліс.
   — А ўсё ж паспрабуем. Разумееш, крыві шкада…
   — Глядзі, хлопча, каб горш не было, — пакруціў я галавою.
   Коней падвялі да дома. Людзі мае загаманілі. Я з радасцю пабачыў у акно, што твар пана Рыгора прасвятлеў, як быццам ён дачакаўся нарэшце. Ён пайшоў са свечкаю да дзвярэй, але раптам спыніўся, непаразуменне адбілася на яго твары. У той самы момант ён дзьмухнуў на свечку, і пакой патануў у цемры. Справа зрывалася.
   — Хлопцы! — крыкнуў я. — Акружайце дом.
   Пачуўся тупат бягучых ног, воклікі. З двух бакоў пачалі ламаць дзверы, біць у іх цяжкім. А з мезаніна адначасова прагучаў стрэл.
   І адразу за стрэлам пачуўся з вышыні нялюдскі ад ярасці голас:
   — Абклалі, сабакі. Чакайце! Шляхта так не здаецца!… З другога акна мезаніна вылецеў сноп агню. Дубатоўк, відаць, перабягаў ад акна да акна, страляючы ва ўсе бакі па падступаючых людзях.
   — Ого, ды ў яго там цэлы арсенал, — ціха сказаў Рыгор.
   Словы яго перарваў яшчэ адзін стрэл. Малады хлопец поруч са мною пакаціўся па зямлі з прабітай галавою. Дубатоўк страляў лепш за лепшага паляўнічага-палешука. Яшчэ стрэл.
   — Прыціскайцеся да сцен! — крыкнуў я. — Там кулі не дастануць.
   Кулі нашых хлопцаў, што стаялі за дрэвамі, адбівалі трэскі ад бярвенняў мезаніна, пырскалі атынкоўкай. Але зразумець, у якім акне з'явіцца Дубатоўк, было нельга. Перамога наша абяцала быць Піравай.
   — Андрэй! — грымеў голас Дубатоўка. — Ты таксама атрымаеш сваё. Па маю душу прыйшлі, д'яблы — аддасцё свае душы!
   — Паходні паліце, — крыкнуў я. — Кідайце іх на дах. У той самы момант палыхнулі вакол дома тры дзесяткі агнёў. Некаторыя з іх, апісаўшы ў паветры паўкола, падалі на дах і, распырскваючы вакол сябе смалу, паступова пачыналі працягваць языкі полымя да акон мезаніна. У адказ на гэта пачуўся роў.
   — Сорак на аднаго! Ды і то агнём карыстаецеся! Высакароднасць!…
   — Маўчы! — крыкнуў я. — А на адну дзяўчыну дваццаць коннікаў выпускаць высакародна?! Унь яны, твае коннікі, зараз у багне ляжаць. І ты там будзеш.
   У адказ ля маёй галавы цокнула аб атынкоўку куля.
   Дом Дубатоўка палаў. Жадаючы быць далей ад сценкі, я мятнуўся да дрэў і ледзь не ўпаў: куля караля Стаха праспявала ля майго вуха. Нават валасы заварушыліся.
   Полымя ахапіла мезанін. Я ўскінуў рэвальвер і адначасова стрэліў.
   Дубатоўк дзіка завыў.
   Полымя заглядвала ў мезанін, і там, у агні, самі пачыналі страляць загадзя зараджаныя стрэльбы. Мы супакоіліся і зусім былі адышлі ад дома, які ператварыўся ў суцэльную свечку, калі раптам голас хлопца ля коней устрывожыў нас. Мы глянулі ў той бок і ўбачылі Дубатоўка, які вылез з закінутага сутарэння сажняў у пяцідзесяці ад дома.
   — А-ах, — прарыпеў зубамі Рыгор. — Забылі, што ў лісіцы ў нары заўжды другі ход ёсць.
   А Дубатоўк, пятляючы, бег у напрамку да Волагавай прорвы. Правая рука яго вісела. Відаць, я ўсё ж пачаставаў яго.
   Ён бег з хуткасцю, нечаканай для яго таўшчыні. Я стрэліў з рэвальвера — далёка. Цэлы залп вырваўся са стрэльбаў маіх людзей — хоць бы што. Дубатоўк прабег невялікі паплавок, з маху кінуўся ў балота і пачаў скакаць па купінах, як коннік, з такой хуткасцю, што ў вачах мільгацела. Апынуўшыся на бяспечнай адлегласці,ён пагразіў нам кулаком.
   — Трымайцеся, пацукі!… — даляцеў да нас ягоны страшны голас. — Ніводнаму з вас не жыць. Шляхецтвам, імем, крывёю сваёй клянуся — выражу вас разам з дзецьмі.
   Мы былі ўражаны. Але ў гэты момант свіст такой сілы, што ў мяне забалела ў вушах, аддаўся над балотамі. Я глянуў у той бок і пры святле пажара ўбачыў, як хлопец торкнуў аднаму каню проста пад хвост калючы сухі бадзяк. Зноў свіст…
   Статак дзіка гігатаў. Коні ставалі дыбам. Зразумеўшы план гэтага юнака, мы кінуліся да дрыкгантаў і пачалі сцябаць іх. У наступны момант ахоплены панікаю статак памчаў да Волатавай прорвы. На некаторых конях яшчэ сядзелі постаці фальшывых паляўнічых.
   Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч. Коні імчалі як шалёныя. Дубатоўк, відаць таксама зразумеў, чым гэта пахне, і, азваўшыся шалёным крыкам, пабег з хуткасцю роспачы балотнай сцежкай. Ён бег, а коні за ім, прывучаныя да гэтага тым, хто зараз уцякаў ад іх.
   Мы бачылі, што шалёна імчала дзікае паляванне караля Стаха, пазбаўленае коннікаў. Развяваліся ў паветры грывы, твань ляцела з-пад капытоў, і зорка гарэла над галовамі коней.
   Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар'яцелыя коні збочылі таксама.
   Крык, споўнены смяротнага жаху, даляцеў да нас:
   — Ратуйце! О, кароль Стах!…
   У той самы момант ногі ягоныя з маху ўскочылі ў бездань, а коні наздагналі яго і пачалі правальвацца. Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў. Забулькацела, загаварыла дрыгва.
   — Кароль Стах!… — даляцела да нас.
   Пасля нешта вялізнае заварочалася ў глыбіні, глытаючы ваду.
   Пасля коні і чалавек зніклі, і толькі вялікія булькі засіпелі на паверхні.
   Як свечка, палаў палац апошняга «рыцара», рыцара начных разбояў і воўчага сонца. Мужыкі ў вывернутых кажухах і з віламі ў руках стаялі вакол дома, залітыя чырвоным трывожным святлом.

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

   Я з'явіўся дадому брудны, стомлены і, калі вартаўнік адчыніў мне дзверы, адразу прайшоў да сябе. Нарэшце ўсё было скончана, нарэшце раздушылі чыгунную дзікую сілу. Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне.
   Дзіўным было маё абуджэнне, хоць і нельга было назваць абуджэннем мой стан. Яшчэ ў сне я адчуваў, што нешта цяжкае, вельмі нядобрае робіцца вакол, што ў пакоі гусцее цень нейкай невымоўнай, апошняй бяды. Быццам нехта сядзеў у мяне на нагах, так наліліся яны цяжкім. Я адкрыў вочы і пабачыў смерць пад руку з Дубатоўкам, які смяяўся. І я разумеў, што яны ў сне, што вочы я адкрыў у сне, што бяда па-ранейшаму жыве ў гэтым пакоі, рухаецца, што яна ўсё набліжаецца і набліжаецца.
   Балдахін навісаў, плыў на мяне, душыў, і кутас яго вісеў проста перад маімі вачыма. Сэрца шалёна калацілася. Я адчуваў, што невядомае ідзе на мяне, што яго цяжкія крокі гучаць на пераходах, і я адчуваў, што я быў слабы, бездапаможны, што ўся мая сіла зараз дарэмная, што нейкае дурное страшыдла зараз схопіць мяне, або нават не мяне, а яе, і хрупнуць тонкія, слабыя яе костачкі. А я буду толькі глядзець. Я круціў галавою і мыкаў, не ў змозе адбіцца ад кашмарнага цяжкага сну.
   І раптам полымя свечкі пацягнулася да столі; стала чэзнуць, чэзнуць, знікаць і згасла нарэшце, знясіленае барацьбою з цемрай.
   Я глянуў на дзверы — яны былі прыадчынены. Зноў цяжкі кашмар. Месяц распляскаў святло па сценах пакоя, паклаў квадраты на падлогу, блакітным туманом курыўся ў праменнях дымок ад згаслай свечкі.
   Застагнаў, не маючы змогі варухнуцца. І раптам пабачыў два вялікія бессэнсоўныя вокі, якія глядзелі на мяне з-за парцьеры. Гэта было жахліва! Я хітнуў галавою: твар жанчыны глядзеў на мяне. І яшчэ каб вочы яе глядзелі, а то яны ўтаропіліся кудысьці за мяне, быццам бачылі мяне наскрозь і ў той жа час не заўважалі.
   Пасля невядомая істота паплыла да мяне. Я глядзеў на яе, на Блакітную Жанчыну Балотных Ялін, і валасы мімаволі ўставалі дыбарам на маёй галаве, хоць я і не ведаў, ява гэта ці сон, сон майго знясіленага цела. Гэта была яна, жанчына з партрэта, падобная на Надзею Яноўскую і адначасова зусім не падобная: даўжэйшы твар, спакойны, як смерць, зусім не той выраз на ім, постаць больш высокая і моцная. І вочы глядзелі мёртва і пранікнёна, глыбокія, як вір.
   Блакітная Жанчына плыла. Вось яна ў сваім дзівосным блакітным уборы, які зіхацеў пераліўчатымі хвалямі пад туманным святлом месяца, выплыла на сярэдзіну пакоя, выцягнула рукі, мацаючы імі паветра.
   Я адчуваў, што канчаткова прачнуўся, што ногі мае скутыя, што дзівосная здань рухаецца да мяне, цягне свае рукі.
   «Што здарылася з гаспадыняй, можа, яна мёртвая зараз, нездарма ж такі невымоўны жах ахапіў маю істоту толькі што, у сне?»
   Гэтая думка надала мне сілы. Я збіў нагамі коўдру, прыгатаваўся да нападу і, калі яна падплыла бліжэй, схапіў яе проста за выцягнутыя рукі. Адна мая рука трапіла ў нейкі, унікаючы пальцаў, флёр, другая моцна схапіла за штосьці невымоўна тонкае, слабае і цёплае.
   Моцна ірвануў яе на сябе, пачуў крык і зразумеў сутнасць з'явы, калі пабачыў, як грымаса жаху зноў села на твар, як у вачах, быццам абуджаных ад сну, з'явіўся асэнсаваны агеньчык, выраз болю, трывогі і яшчэ чагосьці, што бывае ў вачах сабакі, які чакае ўдару. Блакітная Жанчына закалацілася ў маіх руках, не здольная ад нечаканасці сказаць ані слова, а пасля сутаргавае рыданне вырвалася з яе вуснаў.
   І схожасць, новая схожасць гэтай істоты з Надзеяй Яноўскай была такой моцнай, што я, не памятаючы сябе, крыкнуў:
   — Надзея Раманаўна, супакойцеся! Што вы, дзе вы?!
   Яна і слова не магла сказаць. Пасля жах споўніў яе зрэнкі.
   — А! — крыкнула яна коратка і спуджана і затрэсла адмоўна галавой.
   Абуджаная з самнамбулічнага стану, яна яшчэ нічога не разумела, толькі жах поўніў яе маленькае, дрыжачае, як кацяня, сэрцайка. І нязнаны жах споўніў і мяне таксама, бо я ведаў, што ад такога раптоўнага спуду людзі часта вар'яцелі або заставаліся нямымі.
   Я не ведаў, што я раблю, як мне ратаваць яе ад гэтага, і стаў укрываць пацалункамі яе духмяныя доўгія валасы, спуджана дрыжачыя павекі, халодныя рукі.
   — Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Любая! Пяшчотная! Не бойся, я тут, я з табою, я знішчыў караля Стаха! Ніхто ўжо не парушыць твой добры ласкавы спакой!
   Павольна, вельмі павольна вярталася да яе прытомнасць. Зноў адкрыліся вочы. І я паступова пакінуў цалаваць яе, хоць гэта было цяжэй за смерць.
   — Што гэта? Што за пакой? Чаму я тут? — прашапацелі вусны.
   Я ўсё яшчэ трымаў яе ў абдоймах, танюткі сітняг, без якога я, моцны, адразу зламаюся. Я трымаў яе, бо ведаў: пакінь — і яна ўпадзе.
   А ў вачах яе між тым плескануўся такі жах, змешаны з такой вар'яцінкай, што я пашкадаваў, нашто я абудзіў яе ад гэтага.
   — Надзея Раманаўна! Супакойцеся, калі ласка! Не трэба больш, усё-ўсё будзе добра, светла для вас на зямлі.
   Яна не разумела. Чорны цень поўз аднекуль з кута да яе (відаць, хмара засноўвала месяц), і яна глядзела на яго, і зрэнкі, і вочы яе ўсё шырыліся, шырыліся, шырыліся.
   Вецер раптам загрукацеў недзе напаўадарванай аканіцай, завыў, заскуголіў у коміне. І гэта было так неймаверна падобна на далёкі грукат капытоў дзікага палявання, на нялюдскі крык: «Раман! Раман! Выходзь!»
   Гэта было так падобна на ўсё гэта, што я здрыгануўся.
   А яна раптам закрычала, прыціснулася да мяне так, што я адчуваў яе грудзі, калені пад тонкім флёрам, учапілася за мяне, і я, падначалены нястрымнаму жаданню, прыціснуў яе ўсю да сябе.
   — Клятыя грошы. Клятыя грошы! Забярыце, забярыце мяне адсюль, забярыце!… Моцны, вялікі чалавек мой, уладар, забяры мяне адсюль! Тут так жахліва, так холадна, так змрочна! Я не жадаю, не жадаю паміраць…
   Я перанёс яе на ложак, лёгкую, як дзіця. «Капыты» ўсё яшчэ грукацелі за акном. Яна так учапілася ў мае рукі, што я адчуў сапраўдны боль.
   — Забярыце, забяры мяне!… Я не магу, я не магу.
   І ўсё прыціскалася да мяне, лавіла мой позірк, хавалася за мае грудзі.
   Я адварочваў твар, я задыхаўся. Але я не мог. Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек не вытрымаў. Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль.
   Месяц схаваўся за домам, апошнія адбіткі яго праменняў падалі на яе твар, на радасныя спакойныя вочы, якія глядзелі ў змрок.
   Амаль рыдаючы ад шчасця, якое заўжды валодае першым і першай, калі ніхто раней не кранаўся так тварам да тваёй рукі, я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая,магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго, быць падобнай чымсьці на тую, у Кульшавым доме.
   Гэтага не будзе. Пяшчотай, вечнай удзячнасцю, дабрынёй — я зраблю так, што знікне яе самнамбулізм. Ніводнага крыўднага, ніводнага чэрствага слова не скажу я ёй. Хіба не вянчаў нас нясцерпны жах, чаканне смерці, агульнае жаданне звычайнай цеплыні? Хіба не рызыкавалі мы адзін для аднаго? Хіба не ўзяў я яе, як найвялікшае шчасце, на якое не спадзяваўся?

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

   Вось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца. І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай.
   Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё.
   — Што ты думаеш рабіць з гэтым? — спытаў я.
   Яноўская знізала плячыма, як ад марозу:
   — Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. — І горка ўсміхнулася: — Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг… І дзеля чаго? Жменька золата… Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём!…
   Я абняў яе за тонкія плечы:
   — Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго.
   Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах.
   І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана.
   Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі.
   Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы.
   Я скочыў з воза.
   — Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца?
   — Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое.
   Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку.
   — Гэта вам, Надзея Раманаўна… Можа, паставіце дзе… успамінаць будзеце…
   Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага.
   — Будучай жонцы тваёй.
   Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою.
   — Бывайце вы… Бывайце, лепей, хутчэй… А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба… Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі.
   Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы.
   — Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб'е цябе.
   Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах.
   — Го, няхай паспрабуе!…
   І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся.
   — Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства — лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым.
   — І я веру ў гэта, — проста сказаў я.
   Калі мы ад'ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін!…
   Мы праехалі лясы праз дзень, таксама на світанні. Тут толькі я зразумеў, якая была розніца паміж яноўскім наваколлем і гэтай зямлёй. Мокрая высокая трава, сонца, радасць…
   І над чыстымі хаткамі бусліныя вялізныя гнёзды і блакітная цішыня.
   Гэта была новая, зусім іншая Беларусь. Там-сям стаялі на рэчках сукнавальні — зусім іншая эпоха, іншыя звычаі.
   Як жа павінна была глядзець на гэта мая жанчына з васемнаццатага стагоддзя, калі нават я за гэтыя тыдні забыў усё гэта!…
   Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былі шырока і шчасліва раскрытыя, яна прыціскалася да мяне і часам перарывіста ўздыхала, як дзіця пасля слёз.
   Мне вельмі хацелася, каб ёй было яшчэ лепш. І я часам нахіляўся і цалаваў яе тонкую руку.
   Непакоіла мяне ў той час, ды і пазней, толькі яе хвароба. Таму я наняў на ўскраіне горада маленькую хатку з садам. Урачы сказалі, што гэта пройдзе ад спакойнага жыцця.
   І сапраўды, гэта прайшло, калі яна пражыла са мною два месяцы і сказала, што ў нас будзе дзіця.
   Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляўся гэтаму, як сну. Нам было добра паўсюль, нават у Сібіры, куды я трапіў у 1902 годзе. Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці.
   Мы жылі доўга і шчасліва, як у песні:
   Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёю…
   Але яшчэ і зараз я часам бачу ў сне сівыя верасовыя пусткі, чэзлую траву на паверхні прорваў і дзікае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглі, моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў.
   Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная гострая зорка гарыць над іхнімі галовамі.
   У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха.
   Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага.
   Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне.