- Папаўся, зладзюга!
   Тое, што адбывалася потым, успрымалася як нейкi вусьцiшны сон. Яму заехалi па шыi, павялi некуды ў бок Зарэчанскай вулiцы, потым стукнулi яшчэ раз, хоць ён i не супрацiўляўся, i, узьняўшы за каршэнь у паветра, пасадзiлi ў матацыклетны вазок. Ён паспрабаваў устаць, яму заехалi трэцiм разам, з калашыньня штаноў выпала бутэлька, i ён, плюхнуўшыся на сядзеньне, суцiх да часу, з галавою накрыўшыся каляным брызэнтам. Пасьля кухталёў увушшу натужлiва зьвiнела. Ён амаль нiчога ня чуў, i здавалася, што паветра ў лёгкiя паступае праз вушы. У вазку трэсла, ад выхлапной трубы перла задушлiвым гарам, i на Iвана ўжо на першых кiлямэтрах дарогi найшло ачмурэньне...
   ... Яшчэ ў люльцы яго званiтавала. Яму паляпалi па шчоках, пырснулi ў твар вады, пацягнулi, трымаючы пад пахi, па нейкiм даўгiм калiдоры i неўзабаве, абклаўшы незласьлiвымi мацюгамi, паклалi на жалезны ляжак. Ён удыхнуў халаднаватае, прапахлае прыбiральняй паветра, злавiў краем вуха нечы магутны храп, i суцiх незварушна, разважаючы - што гэта было: жахлiвы сон, цi хваравiтае трызьненьне?
   Ранiцою яго абудзiў зычны голас:
   - Мамедаў, на выхад!
   У куце зарыпеў ложак, i той, каго клiкалi Мамедавым, усхапiўся на ногi. Сукамэрнiк памахаў у паветры рукамi, папрысядаў дзеля разьмiнкi i пад незадаволеныя воклiчы сяржанта, што стаяў ля ўваходу, выйшаў з камэры.
   Iван павярнуўся на другi бок, пацёр зьнямелую шыю - спаць давялося на жалезнай сетцы, - i задумаўся.
   "Што рабiць?" - думаў Iван, тупа пазiраючы на брудную сьценку. Ён шмат разоў паўтарыў у думках гэтае пытаньне, але адказу не знайшоў. Адлежаўшы правы бок, ён крутнуўся на правы i ў той жа мiг пачуў незадаволены голас каўказца:
   - Я патрабую начальнiка! Што вы мяне да гэтага хлапчука водзiце?
   Потым бразнула завала, i дзьверы з працяглым рыпам адчынiлiся. Iван прыўзьняўся на локце, але замест шаргатлiвых крокаў пачуў нешта зусiм iншае.
   - Ну як, званiў? - запытаўся каўказец зьнацку ацiхлым голасам.
   - Званiў. Нiхто не падымае, - адказалi з калiдору, i каўказец, сказаўшы штосьцi па-свойму, выцягнуў з кiшэнi нататнiк.
   - Пазванi па гэтым, - шапянуў ён, вырываючы аркушык, пасьля чаго дзьверы з бразгатам зачынiлiся.
   - Эй, ты хто? - выдыхнуў Мамедаў, толькi цяпер заўважыўшы, што ён у камэры не адзiн.
   - Бянько-оў, - адказаў Iван, ня ў сiлах утаймаваць дрыготку ў голасе. У гэты момант ён згадаў Лёшкавы аповеды пра асобаў каўкаскай нацыянальнасьцi, якiя лютуюць у камэрах, i яму стала не па сабе.
   - Што, зарэзаў каго? - запытаўся Мамедаў.
   - Ды не... У краму залез, - прашаптаў Iван са свайго кута, намагаючыся не глядзець на каўкасца.
   На радасьць Iвану, сукамэрнiк плюхнуўся на ложак, памаўчаў хвiлiну, зь веданьнем справы запытаўся:
   - Колькi ўзяў?
   - Пя-аць! - усхлiпнуў Iван, але пра тое, што ў пляшках было не вiно, а ацэтон, прамаўчаў.
   - Э-эх! Цi варта было з-за пяцi штук рукi пэцкаць? - з запалам вымавiў каўказец i, аглушальна рыпнуўшы спружынамi, кульнуўся на бок.
   I сапраўды - цi варта? Думка заварушылася, закружыла ў галаве. Iван уявiў, як роспачна будзе плакаць мацi, пачуўшы пра ягоную бяду, i да таго iрэальнага плачу дадаўся зусiм рэальны бразгат дзьвярэй.
   - Эй ты, шкет! Выходзь! - загадаў, як адрэзаў, сяржант, i Йван, звалiўшыся з ложка, дробна затупаў да выхаду.
   Габiнэт, у якi яго завялi, быў спрэс застаўлены сталамi ды сэйфамi, i за адным з тых сталоў сядзеў, гартаючы нейкiя паперы, малады ружовашчокi лейтэнант. Убачыўшы затрыманага, лейтэнант склаў паперы ў стос, мяльком кiўнуў на крэсла, i Йван зразумеў, што гэта ён, ружовашчокi лейтэнант, злапаў яго каля крамы.
   - Што, Гарашчэня, даскакаўся? - мэталёвым голасам прамовiў лейтэнант, калi пад Iванам рыпнула крэсла. - Смаркачы пад носам не абсохлi,а ўжо ў краму лезеш...
   - Я не Гарашчэня, - выдыхнуў Iван, i нiжняя губа ягоная плаксiва затрэслася.
   - Як не Гарашчэня? - зьнiякавеў лейтэнант i ўжо зусiм лагодным голасам запытаў: - А хто?
   Iван удыхнуў паветра, мерачыся сказаць сваё прозьвiшча, але ў гэты мiг лейтэнант падхапiўся на ногi i абцягнуў мундур.
   - Хвацка ты, лейтэнант... За тры днi працы - два затрыманьнi, - прамовiў ад дзьвярэй каржакаваты дзядзька ў шэрым гарнiтуры, i па той рашучасьцi, зь якой лейтэнант падскочыў на ногi, Iван палiчыў, што гэта ўвайшоў генэрал.
   - Адкуль? - запытаўся генэрал, зь цiкаўнасьцю агледзеўшы затрыманага.
   - З Бычко-оў... - прабляяў затрыманы, i мыскi генэральскiх чаравiкаў задрыжэлi i расплылiся ў ягоных вачах.
   - Што, у краму ўлез? - генэрал прысеў на край стала, чакаючы тлумачэньняў, але Iван маўчаў, i генэрал перавёў позiрк на лейтэнанта.
   - Напярэдаднi сыгнал быў. Бычкоўская магазыншчыца тэлефанавала. Сказала, што ўночы зьбiраюцца ў краму залезьцi. Ну я i выехаў... прыхаваўся там...
   - Зноў Бычкi, - з уздыхам прашаптаў генэрал. - Даўно ўжо трэба было гнаць гэтага Мiхнова, генэрал зьлез са стала, выцягнуў з пачка папяросу, iзноў утаропiўся на Iвана.
   - Як тваё прозьвiшча?
   - Бянько-оў, - пралепятаў Iван.
   - Бянькоў? - генэрал выпусьцiў з роту шызы дым, летуценна паглядзеў на столь. - Гэта ня ты ў Вiцебску шапiк абабраў?
   Пасьля такога пытаньня Iван яшчэ больш сьцяўся, i галава ягоная ўбiлася ў плечы.
   - Ну?! - пагрозьлiва гукнуў лейтэнант.
   - Я-а-а-а... - другiм разам прабляяў Iван i спалохана заплюшчыў вочы. Ён чакаў грымотнага кухталя, але не дачакаўся.
   Генэрал кашлянуў, павольнай хадою прайшоўся па габiнэту.
   - Што ён там сьцягнуў?
   - Пяць пляшак ацэтону. Можа i яшчэ што - уначы не разгледзеў.
   - Ацэтону? Яны ўжо там ацэтон п'юць? - генэрал узяў Iвана за чупрыну, зьлёгку тузануў угору. - А чарняўскую краму ня ты абабраў? - прыкiдваючы, цi мог затрыманы абабраць i чарняўскую краму, генэрал разважлiва мыкнуў, зьбiраючыся нешта сказаць, ды тут расчынiлiся дзьверы i вясёлы дзявочы голас паведамiў:
   - Iван Iванавiч, вас да тэлефону!
   Iван Iванавiч шпурнуў у адчыненую фортку папяросiну, выйшаў з габiнэту, i лейтэнант зь нейкiм дзiўным шкадаваньнем паглядзеў яму ўсьлед.
   - Дык як, ты кажаш, тваё прозьвiшча? Бянькоў? - лейтэнант узяў у рукi самапiску, патрос яе, каб ямчэй пiсала, прыклаўся да паперы. Iнтанацыя, зь якой ён гэта сказаў, сьведчыла за тое, што ён згубiў да падсьледнага ўсялякую цiкавасьць.
   - Бянькоў, - буркнуў Iван i, апярэджваючы новыя пытаньнi, дадаў: - Iван Васiлевiч.
   - Дзе i калi нарадзiўся? - лейтэнант iзноў патрос асадку.
   - У пяцьдзесят пятым годзе, на станцыi Назарбай...
   - Як-як ты кажаш? Назар...
   - Назарбай, - па складах прамовiў падсьледны, - Цалiнаградзкай вобласьцi.
   Пёрка асадкi адчайна рыпнула, лейтэнант шпурнуў асадку на падлогу, вылаяўся i абхапiў рукамi голаў. Ён адседзеў у такой паставе хвiлiну, а можа, i болей i ачуўся толькi тады, калi пачуў генэральскi голас.
   - Анашыст у капэзэ сядзiць? - запытаўся генэрал, прачынiўшы дзьверы.
   - У капэзэ, Iван Iванавiч.
   - Пратаколы па Мамедаву да мяне занясi. Я iм сам займуся, - генэрал грукнуў дзьвярыма, а лейтэнант, кашлянуўшы ў жменю, паклаў перад Iванам аркуш паперы.
   - Сядай вунь за той стол, - лейтэнант азiрнуўся, кiўнуў у кут, а пачуўшы таропкiя крокi на калiдоры, падхапiўся на ногi. Дзьверы зь цiхiм рыпеньнем адчынiлiся, i ў дзьвярной пройме паўстала кабета ў караценькай форменнай спаднiцы.
   - Леванiд Сяргеевiч, вы каву пiць будзеце? - гульлiвым голасам запыталася маладзiца, i той, да каго яна зьвярталася, гэтак жа гульлiва адказаў:
   - Будзем, Валечка, абавязкова будзем. - Хвiлiну лейтэнант з замiлаваньнем глядзеў на дзьверы, потым абцягнуў мундур, прылашчыў валасы i, прамовiўшы: Добра, напiшаш iншым разам, - загадаў падсьледнаму падняцца.
   Набраўшыся страху ў сьледчым габiнэце, Iван вяртаўся ў КПЗ, як у родную хату - з усьмешкай на твары. Плюхнуўшыся на ложак, ён закiнуў рукi за патылiцу, i ўваччу паўстаў чыгунок з гарачай капустай.
   - Яны нас кармiць думаюць? - прасiпеў, чытаючы Iванавы думкi, Мамедаў. Хоць бы чаю якога прынесьлi, шакалы, - сказаўшы так, Мамедаў скасiўся на Iвана, чакаючы, што сукамэрнiк падтрымае размову, але Iван змаўчаў, i каўказец, нешта буркнуўшы па-свойму, павярнуўся да сьцяны.
   КПЗ - цудоўнае месца для одуму. Вось i Iвана апанавалi думкi. I думаў ён, глытаючы сьлiну, пра хатнюю кiлбасу, пра гарачую капусту, пра сопкую бульбу са скваркамi, i, каб пазбыцца дакучлiвых думак, жаласьлiва ўздыхнуў.
   - Што так уздыхаеш? - гукнуў Мамедаў, якому, вiдаць, таксама мроiлася ежа. - Згадваеш, як касу браў?
   - Ды я ня ў касу лазiў, - прамовiў Iван, пацягваючыся. - У падсобку. Хацеў вiна ўзяць, а ўзяў... - Iван запынiўся, маракуючы, цi варта казаць Мамедаву ўсю праўду, пасьля чаго iзноў уздыхнуў i цiхiм голасам скончыў: - ...пяць пляшак ацэтону.
   - Каго-каго? Ацэтону? - сукамэрнiк блiснуў вачыма, гаўклiва iкнуў i так адчайна зарагатаў, што панцырная сетка пад iм азвалася працяглым гудзеньнем.
   - Ну i шакалы, - прамовiў Мамедаў, нарагатаўшыся ўдосыць. - З-за пяцi бутэлек чалавека ў гадзючнiк уперлi.
   Каўказец падняўся з ложку i, змагаючыся з позехам, прасьпяваў:
   - А ты сам адкуль?
   - З Баранавiчаў, - без асаблiвай ахвоты адказаў Iван.
   - З Баранавiчаў? - мяркуючы па голасе, каўказец ведаў, што гэта за горад i дзе ён знаходзяцца.
   Мамедаў прайшоўся па камэры, пацёр рукi, акрыялым голасам зазначыў:
   - А я зь Ленкаранi. Ты Ленкарань ведаеш?
   Ленкаранi Iван ня ведаў.
   - А Сальяны?
   Сальянаў Iван ня ведаў таксама.
   - У мяне ў Сальянах брат жыве. Алескерам клiчуць. Такога ж узросту, як i ты. - Мамедаў зноў упаў на ложак, пазяхнуў i пачаў распавядаць Iвану пра брата Алескера, пра Ленкарань, пра нейкiя Талыскiя горы, дзе яго, Мамедава, аднойчы злавiлi памежнiкi. Загаварыўшыся, ён стаў балбатаць па-свойму i прыканцы аповеду спытаўся:
   - Прозьвiшча тваё як?
   - Бянькоў, - з пакутаю выдыхнуў Iван.
   - Ну дык што, Бянькоў... Калi хочаш выйсьцi з гэтага гадзючнiку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?
   Iван у адказ кiсла пасьмiхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, якi ляжаў на суседнiм ложку i справаю якога зьбiраўся заняцца сам генэрал? I ўсё ж, каб не пакрыўдзiць таварыша па няшчасьцi, Iван кiўнуў галавой i ўголас прашаптаў:
   - Згода.
   Праз пару гадзiн Мамедава паклiкалi на допыт. Застаўшыся на самоце, Iван доўга хадзiў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзiў, лiчачы пры гэтым крокi, i акурат ў той момант, калi ён зрабiў семсот сорак трэцi крок, дзьверы камэры расчынiлiся, i на парозе паўстаў перацягнуты рамянямi сяржант.
   - Есьцi табе прынёс, - прабурчэў сяржант, несучы алюмiнiевую талерку i шклянку гарбаты.
   Сяржант паставiў талерку i шклянку на адкiдны столiк, спытаў Iвана, цi хоча той у прыбiральню, i, паправiўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.
   Iван праглынуў ежу i адчуў сябе весялей - нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзiнскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён i прыслухоўваўся да кожнага калiдорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзiў час, усё радзей чулiся на калiдоры людзкiя крокi, а калi гэтых крокаў зусiм ня стала чутна, Iван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.
   Ноччу ён ляжаў, закiнуўшы рукi за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, i думаў пра мацi. У начной цiшы яму мроiўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якiя прагучалi знадворку: "Ваня, не пускаюць да цябе!" Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапiўся рукамi за краты i доўга наструньваў слых у намаганьня ўцямiць, цi гэта сапраўды быў матчын голас, цi гэта толькi здалося.
   Ранiцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры i павёў па сходах на другi паверх. Яны прайшлiся доўгiм калiдорам, павярнулi направа i спынiлiся перад дыхтоўнымi, абабiтымi чорным дэрмацiнам дзьвярыма. Сяржант адчынiў дзьверы, упiхнуў галаву ў пройму:
   - Iван Iванавiч... Бянькоў...
   Iван увайшоў у габiнэт, i першае, што ўбачыў, - гэта партрэт Леванiда Iльлiча Брэжнева, якi вiсеў на сьцяне. Пад партрэтам сядзеў, апранены ў мiлiцэйскi мундур, Iван Iванавiч, якога Iван лiчыў генэралам i якi наяве аказаўся ўсяго толькi маёрам.
   Iван Iванавiч акiнуў цёзку калючым позiркам i, паказаўшы на крэсла, запытаў:
   - На Мамедава даўно працуеш?
   Iван прысеў самы на край крэсла i, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:
   - Нядаўна.
   - А ты, Бянькоў, артыст. Паглядзець на цябе - дык дурыла дурылам. Нiколi б не падумаў, што ты на гэтую свалату працуеш, - сказаўшы слова "свалату", маёр зрабiў паўзу i кiўнуў у бок брэжнеўскага партрэту.
   - Сам хоць гэтую брыдоту ня палiш?
   - Якую брыдоту? - не зразумеў Iван.
   - Ды анашу... анашу... - грымнуў маёр i падняўся з крэсла. - Глядзi, хлопец... Цяпер ты ў нас вось тут... - цяжкая маёрава рука апусьцiлася на стос папераў. - Болей не пападайся. Згнаiм! I мая табе парада - завязвай ты з гэтымi анашыстамi. Чуеш?
   Маёр узяў Iвана за шкiрку, падвёў да дзьвярэй, i яшчэ празь iмгненьне падсьледны вылецеў з габiнэту, атрымаўшы пры гэтым ладнага кухталя i ня меней ладнага высьпятка. Акурат у гэты момант па калiдоры iшла знаёмая кабета ў караценькай спаднiцы, i Бянькоў, падаючы долу, мiжволi схапiў яе за голыя каленi.
   - Ай, ай, хто гэта? - усклiкнула маладзiца, падскочыла на месцы, а маёр, задаволена рагатнуўшы, растлумачыў:
   - Гэта яму на разьвiтаньне. Каб болей не пападаўся.
   Стогнучы i трымаючыся за бакi, Iван выйшаў на двор, дацягнуўся да блiжэйшай лавы i, прысеўшы на левую кумпячыну, перавёў дых. Балела ня толькi нiжэй сьпiны, але i сама сьпiна, i карак, i галава, i суворы мiлiцыянт з плякату, што вiсеў на суседнiм будынку, замарачна мiтусiўся ўваччу. Ён прымружыўся, пацёр павекi i ўбачыў перад сабою задаволеную фiзiяномiю Мамедава.
   - Паехалi, абмыем свабоду, - прамовiў каўказец i паказаў рукой на шэрую "Волгу", якая стаяла непадалёку...