- Я пачакаю вас на вулiцы! - сказаў Мэгрэ матросу.
   Але адказу камiсар не пачуў. Толькi мэр выцiснуў з сябе:
   - Да сустрэчы, пан камiсар...
   Дзверы былi адчыненыя. З кухнi прыйшла служанка i моўчкi, з незадаволеным тварам праводзiла Мэгрэ да дзвярэй вiлы, якiя адразу ж i зачынiла, толькi ён выйшаў.
   Дарога была пустынная. Метраў за сто ад вiлы ў акне нейкага дома гарэла святло, i далей свяцiлiся агеньчыкi, але адлегласць памiж iмi была вельмi вялiкая: пабудовы ўздоўж дарогi Рыва-Бэла танулi ў велiзарных садах.
   Засунуўшы рукi ў кiшэнi i ссутулiўшыся, Мэгрэ ступiў некалькi крокаў i апынуўся ў канцы садовага плота, за якiм пачыналася пустка. Усе вiстрэамскiя дамы цягнулiся ўздоўж дзюнаў. За садамi не было нiчога, апроч пяску i асакi.
   У цемры з'явiлася чыясьцi постаць. Пачуўся голас:
   - Гэта вы, камiсар...
   - Люка? - адгукнуўся Мэгрэ.
   Яны хутка сышлiся.
   - Чалавек з драгi...
   - Выйшаў адсюль? - перапынiў Мэгрэ.
   - Не, яшчэ тут.
   - Даўно?
   - Не больш чвэрцi гадзiны... Адразу за вiлай.
   - Праз плот пералез?
   - Не... Здаецца, чакае некага... Я пачуў вашы крокi i пайшоў паглядзець...
   - Вядзi...
   Яны абышлi сад i апынулiся за вiлаю. Люка вылаяўся.
   - Што такое?
   - Яго тут болей няма...
   - Ты ўпэўнены?
   - Ён стаяў каля таго куста тамарыксу...
   - Думаеш, зайшоў у дом?
   - Не ведаю...
   - Заставайся тут i не сыходзь з месца нi ў якiм выпадку...
   Мэгрэ пабег да дарогi. Але i там нiкога не ўбачыў. У акне кабiнета вiднелася палоска святла, аднак да падаконнiка нельга было дацягнуцца.
   Камiсар не стаў вагацца. Рашуча прайшоў праз увесь сад i пазванiў у дзверы. Служанка адчынiла амаль адразу.
   - Здаецца, я пакiнуў у кабiнеце пана мэра люльку...
   - Зараз пагляджу.
   Яна пакiнула яго на ганку, але як толькi жанчына трохi адышла, камiсар увайшоў i, цiха падняўшыся на колькi прыступак, зазiрнуў у кабiнет.
   Мэр па-ранейшаму сядзеў на сваiм месцы, выцягнуўшы ногi. Перад iм стаяў маленькi столiк, з другога боку якога сядзеў Вялiкi Луi. На столiку ляжалi шашкi.
   Перасунуўшы шашку, былы катаржнiк усё адно як гаўкнуў:
   - Ваш ход...
   З раздражненнем гледзячы на служанку, якая марудлiва шукала яго люльку, мэр ледзь не сарваўся на крык:
   - Ну, вы ж бачыце, што яе тут няма... Скажыце камiсару, што ён згубiў яе, мабыць, недзе на вулiцы... Ваш ход, Луi...
   - А потым вы прынесяце нам выпiць! - самаўпэўнена, нахабна сказаў матрос.
   VII. ДЫРЫЖОР
   Калi Мэгрэ выйшаў з вiлы, Люка зразумеў, што настае вельмi адказны момант. Выгляд у камiсара быў дужа заклапочаны - здаецца, ён нiчога не бачыў перад сабою.
   - Ты яго не знайшоў?
   - Думаю, што i шукаць не варта. Каб злавiць чалавека ў дзюнах, трэба арганiзаваць натуральную аблаву.
   Пакусваючы канец люлькi, Мэгрэ зашпiлiў палiто i засунуў рукi ў кiшэнi.
   - Бачыш шчылiну ў шторах? - паказаў ён на акно кабiнета. - I сцяну насупраць. Дык вось, стаўшы вунь на той карнiз, што на гэтай сцяне, ты, я думаю, зможаш сёе-тое праз гэтую шчылiну ўбачыць.
   Люка быў такi ж масiўны, як i Мэгрэ, але меншы ростам. Уздыхнуўшы, ён палез на карнiз, адначасова гледзячы на дарогу, каб пераканацца, што там цяпер няма мiнакоў.
   Са змярканнем пацягнула ветрам. Ён хутка набiраў сiлу, дрэвы ў садзе шумелi.
   - Бачыш што-небудзь?
   - Не, трошкi не дацягваюся, сантыметраў пятнаццаць - дваццаць.
   Мэгрэ моўчкi падышоў да груды камення ўскрай дарогi i прынёс некалькi.
   - Паспрабуй так.
   - Край стала бачу, людзей - яшчэ не.
   Камiсар прынёс яшчэ некалькi камянёў.
   - Цяпер добра! Яны гуляюць у шашкi. Служанка падае шклянкi, яны дымяцца думаю, гэта грог.
   - Заставайся тут!
   I Мэгрэ пачаў крочыць узад i ўперад па дарозе. Метраў за сто ад вiлы вiднеўся "Марацкi прытулак", а за iм - порт. Праехаў грузавiчок булачнiка. Камiсар ледзь не спынiў яго, каб пераканацца, што ў iм нiхто не хаваецца, але перадумаў.
   Бываюць аперацыi на першы погляд даволi простыя, але правесцi iх немагчыма. Напрыклад, знайсцi чалавека, якi раптам нiбыта скрозь зямлю правалiўся за мэравай вiлаю! Дзе яго шукаць: у дзюнах, на беразе, у порце, у гарадку? Перакрыць усе дарогi? Дык i дваццацi жандараў на тое б не хапiла. Калi гэты чалавек хiтры - усё роўна з рук выслiзне.
   А тут невядома яшчэ, нi хто ён, нi як выглядае.
   Мэгрэ вярнуўся да сцяны, на карнiзе якой стаяў, трымаючыся з усяе сiлы, Люка.
   - Што яны робяць?
   - Гуляюць.
   - Размаўляюць?
   - Не разяўляючы рота. Катаржнiк паклаў локцi на стол i п'е ўжо трэцюю шклянку грогу.
   Прайшло яшчэ чвэрць гадзiны. Люка пачуў званок i паклiкаў камiсара.
   - Звонiць тэлефон. Мэр хоча падысцi, але слухаўку здымае Луi.
   Яны не чулi, што гаварыў Луi, але было абсалютна ясна, што ён задаволены.
   - Скончыў?
   - Зноў пачалi гуляць.
   - Заставайся тут.
   Мэгрэ рушыў да шынка. Там, як звычайна ў гэты час, некалькi партавiкоў гулялi ў карты. Убачыўшы камiсара, яны пачалi запрашаць яго выпiць з iмi.
   - Не цяпер. Дзяўчына, у вас ёсць тэлефон?
   Апарат вiсеў на сцяне ў кухнi. Там сядзела старая - чысцiла рыбу.
   - Алё, гэта пошта? Я з палiцыi. Будзьце ласкавы, скажыце, адкуль толькi што тэлефанавалi мэру?
   - З Кана, пан.
   - Якi нумар?
   - Сто дваццаць два... Гэта вакзальны шынок...
   - Дзякую...
   Нейкi час ён так i стаяў пасярод шынка, нiчога не прыкмячаючы вакол сябе.
   - Адсюль да Кана дванаццаць кiламетраў, - прашаптаў ён раптам.
   - Трынаццаць! - паправiў капiтан Дэлькур, якi толькi што ўвайшоў у шынок. - Як справы, камiсар?
   Мэгрэ нiчога не чуў.
   - Iнакш кажучы, паўгадзiны на ровары, - зноў прашаптаў ён.
   Ён успомнiў, што партовыя рабочыя, якiя амаль усе жылi ў гарадку, прыязджалi ў порт на роварах i пакiдалi iх на цэлы дзень каля шынка.
   - Праверце, калi ласка, цi ўсе ровары на месцы!
   I з гэтага моманту ўсё пайшло, нiбы ў зладжаным механiзме. Думка Мэгрэ працавала, быццам шасцярня, рух якой дакладна адпавядаў развiццю падзей.
   - Чорт! Няма майго...
   Камiсар не здзiвiўся, не задаваў пытанняў. Ён зноў прайшоў на кухню i зняў слухаўку.
   - Дайце мне палiцэйскi камiсарыят Кана... Так... Дзякуй... Алё! Гэта галоўны камiсарыят? З вамi гаворыць камiсар Мэгрэ з крымiнальнай палiцыi. Калi адыходзiць цягнiк на Парыж?.. Як?.. Не раней адзiнаццацi?.. Не!.. Слухайце!.. Будзьце ласкавы, занатуйце... Першае. Праверце, цi праўда панi Гранмэзон... але, жонка суднаўладальнiка... паехала на аўтамабiлi ў Парыж. Другое. Даведацца, цi не з'яўляўся ў iх у доме або ў канторы хто-небудзь незнаёмы. Але, гэта проста! Толькi гэта яшчэ не ўсё. Вы натуеце? Трэцяе. Абысцi ўсе гаражы горада. Колькi iх?.. Каля дваццацi?.. Чакайце! Мяне цiкавяць толькi тыя, што даюць машыны напракат... Пачнiце з раёна вакзала... Высветлiце таксама, цi не браў хто напракат машыну да Парыжа, з шафёрам цi без... Даведайцеся, цi не купiў хто старую машыну... Алё! Чакайце, я вам кажу!.. Магчыма, ён пакiнуў у Кане ровар... Але, гэта ўсё!.. У вас хопiць палiцэйскiх, каб зрабiць гэта ўсё адразу ж?.. Добра, дамовiлiся!.. Як толькi хоць пра што-небудзь даведаецеся, тэлефануйце мне ў "Марацкi прытулак" у Вiстрэаме...
   Партавiкi, якiя пацягвалi патроху аперытыў у горача натопленай зале, чулi ўсё. Калi Мэгрэ вярнуўся з кухнi, твары ў iх былi сур'ёзныя, устрывожаныя.
   - Вы думаеце, мой ровар... - пачаў быў шлюзаўшчык.
   - Грогу! - суха загадаў Мэгрэ.
   Гэта быў ужо не той чалавек, якi яшчэ ўчора зычлiва ўсмiхаўся i чокаўся з кожным з iх. Цяпер ён ледзь бачыў наведнiкаў шынка, амаль не пазнаваў...
   - "Сэн-Мiшэль" не вярнуўся з Кана?
   - Яны занялi чаргу на вячэрняе шлюзаванне. Але надвор'е не дазволiць iм выйсцi ў мора.
   - Шторм?
   - Ва ўсякiм разе, вецер будзе вялiкi. Ды яшчэ паўночны, а з гэтым лепш не жартаваць. Вы чуеце мяне?
   Напружыўшы слых, можна было пачуць, як б'юцца аб палi пiрса хвалi. Дзверы ў шынку аж дрыжалi - так усхадзiўся вецер.
   - Калi мне раптам будуць тэлефанаваць, паклiчце мяне. Я буду на дарозе... Метраў сто адсюль...
   - Насупраць мэравага дома?
   На вулiцы Мэгрэ з вялiкаю цяжкасцю распалiў люльку. Густыя хмары праплывалi так нiзка, што, здавалася, закраналi вершалiны таполяў уздоўж дарогi. Нават за пяць метраў было амаль немагчыма разгледзець iнспектара Люка, якi па-ранейшаму стаяў на карнiзе.
   - Нiчога новага?
   - Больш не гуляюць. Луi раптам абрыдла, i ён змяшаў шашкi.
   - Што цяпер робяць?
   - Мэр сядзiць у крэсле, выцягнуў ногi. Луi палiць цыгары i п'е грог. Разламаў ужо з дзесятак цыгар. Робiць гэта з iранiчным выглядам, каб больш раззлаваць мэра.
   - Колькi ён грогу выпiў?
   - Пяць або шэсць шклянак...
   Мэгрэ бачыў толькi вузкую палоску святла. Мiма праехалi на роварах да гарадка муляры - вярталiся з працы. Потым з'явiлася нейкая павозка. Разгледзеўшы ў цемры постацi людзей, селянiн пачаў паганяць каня аддаляючыся, колькi разоў з трывогаю азiрнуўся.
   - А што служанка?
   - Яе больш не вiдаць. Мабыць, на кухнi. Мне яшчэ доўга тут стаяць?.. Прынясiце ўжо хоць яшчэ колькi камянёў, а то ж на дыбачках стаю...
   Мэгрэ прынёс камянi. Мора ўсё больш раз'юшвалася. Хвалi каля берага падымалiся, пэўна, метры на два i разбiвалiся на пяску ў белы шум.
   У раёне порта нехта гучна бразнуў дзвярыма. Вiдаць, у шынку. У садзе з'явiлася чыясьцi постаць - чалавек нешта выглядваў. Мэгрэ кiнуўся да яго.
   - А, гэта вы... Вас просяць да тэлефона... Выклiкаў Кан.
   - Алё!.. Камiсар Мэгрэ? Як вы гэта ўгадалi?!. Панi Гранмэзон праехала сёння ранiцаю праз Кан з Вiстрэама ў Парыж. Яна пакiнула дачку дома, пад нагляд гувернанткi... Апоўднi выехала на машыне... Наконт незнаёмага вы таксама ўгадалi... Толькi мы звярнулiся ў першы ж гараж, насупраць вакзала, нам адразу адказалi... Гэты чалавек прыехаў на ровары... Хацеў узяць напракат машыну без шафёра... Яму адказалi, што яны такiх паслуг не робяць... Чалавек спяшаўся... Ён спытаў, цi нельга купiць якую машыну, хуткую на хаду, але пажадана старую... Яму прадалi аўтамабiль за дванаццаць тысяч франкаў, якiя ён адразу ж i выклаў... Машына - жоўтая, спартовага тыпу, з адкрытым верхам... Як i на ўсiх машынах, што на продаж, на ёй напiсана лiтара "w"...
   - Вам вядома, куды яна накiравалася?
   - Чалавек пытаўся, як праехаць у Парыж праз Лiзьё i Эўрэ.
   - Тэлефануйце ў палiцыю i жандармерыю Лiзьё, Эўрэ, Манту, Сэн-Жэрмэна... Папярэдзьце Парыж, каб сачылi за ўсiмi ўездамi ў горад, асаблiва ў раёне Маё...
   - Машыну трэба спынiць?
   - Але, i арыштаваць вадзiцеля! У вас ёсць яго апiсанне?
   - Гаспадар гаража кажа, што ён даволi высокага росту, сярэднiх гадоў, у светлым элегантным гарнiтуры...
   - Загад у сiле: тэлефанаваць мне ў Вiстрэам, як толькi...
   - Прабачце, хутка сем гадзiн... Пасля сямi тэлефоннай сувязi з Вiстрэамам няма... Хiба што вы звернецеся да мэра...
   - Чаму?
   - Таму што яго нумар першы i ноччу ў яго прамая сувязь з Канам.
   - Пасадзiце каго-небудзь на камутатар. Калi папросяць мэра, трэба праслухаць размову... У вас ёсць машына?
   - Але, малалiтражка.
   - Ну й хопiць, каб даехаць да мяне з паведамленнем... Я па-ранейшаму ў "Марацкiм прытулку".
   У шынку капiтан Дэлькур асмелiўся спытацца ў Мэгрэ:
   - Гэта вы забойцу ловiце?
   - Не ведаю!
   Людзi ў шынку не маглi зразумець, чаму Мэгрэ, яшчэ ўчора такi сардэчны i просты, здаваўся цяпер далёкiм ад iх i нават злым.
   Ён выйшаў, нiчога не растлумачыўшы. Вецер усё больш хваляваў мора. На мосце, якi дрыжаў пад нацiскам буры, камiсару прыйшлося шчыльна зашпiлiцца.
   Каля Жарысавага дома ён спынiўся i пасля некаторых ваганняў зазiрнуў у замок. У глыбiнi калiдора ён убачыў зашклёныя дзверы кухнi. Гарэла святло. Нехта хадзiў памiж плiтою i сталом.
   Мэгрэ пазванiў. Жулi замерла са сподачкам у руках, пасля паставiла яго на стол i выйшла з кухнi да дзвярэй.
   - Хто там? - спытала яна з трывогаю.
   - Камiсар Мэгрэ!
   Жулi адчынiла, прапусцiла яго. Яна нервавалася, увесь час азiралася, вочы ў яе былi чырвоныя ад слёз.
   - Уваходзьце... Я рада, што вы прыйшлi. Ведалi б вы, як мне страшна ў гэтым доме адной! Мусiць, я тут не застануся...
   Мэгрэ ўвайшоў у кухню, як звычайна старанна прыбраную.
   На стале, засланым белай цыратаю, стаялi толькi кубак i талерка з хлебам i маслам. Ад рондаля на плiце iшоў салодкi пах.
   - Какава? - спытаўся Мэгрэ.
   - Не хочацца гатаваць сабе адной... Вось абыходжуся кубкам какавы...
   - Не звяртайце на мяне ўвагi... Ешце...
   Спачатку яна саромелася, пасля, рашыўшыся, налiла ў кубак какавы i пачала ўмачаць у яе вялiкiя кавалкi намазанага маслам хлеба, якi ела потым з лыжкi, апусцiўшы застылыя вочы.
   - Ваш брат яшчэ не прыходзiў?
   - Не! Нiчога не разумею... Толькi што хадзiла ў порт, думала сустрэць яго там. Маракi, калi iм няма чаго рабiць, заўсёды бадзяюцца ў порце...
   - Вы ведалi, што ваш брат сябруе з мэрам?
   Жулi кiнула на камiсара разгублены позiрк.
   - Што вы хочаце сказаць?
   - Цяпер яны гуляюць у шашкi ў мэравым доме.
   Дзяўчына падумала, што яе разыгрываюць, але калi Мэгрэ запэўнiў яе, што гэта чыстая праўда, яна сумелася яшчэ больш.
   - Не разумею...
   - Чаму?
   - Таму што мэр не такi ўжо просты з людзьмi... А галоўнае, я ведаю, як ён не любiць Луi. Колькi разоў чапляўся да яго! Хацеў нават пазбавiць пасведчання на права жыхарства...
   - А з капiтанам Жарысам?
   - Што?
   - Пан Гранмэзон сябраваў з капiтанам?
   - Як з усiмi! Здароўкаецца за руку. Жартуе... Дадае колькi слоў пра надвор'е - але гэта ўсё. Iншы раз, я ўжо вам казала, ён браў майго гаспадара на паляванне... Але толькi каб не быць аднаму...
   - Вы яшчэ не атрымалi лiст ад натарыуса?
   - Атрымала! Ён паведамляе, што я адзiная спадчыннiца... Што б гэта ўсё магло значыць? Праўда, што дом застаецца мне?
   - I трыста тысяч франкаў таксама!
   Амаль нерухомая, яна машынальна працягвала есцi, пасля, круцячы галавою, вымавiла:
   - Гэта немагчыма... Недарэчнасць нейкая... Я ж вам кажу: у капiтана нiколi не было такiх грошай!
   - Дзе яго звычайнае месца?.. Ён вячэраў на кухнi?
   - Там, дзе вы седзiце, у плеценым крэсле.
   - Вы елi разам?
   - Звычайна... Хiба што час ад часу я iшла зiрнуць на плiту i падаць што-небудзь... За вячэраю ён любiў чытаць газету, iншы раз уголас...
   Мэгрэ быў не надта чуллiвы. I ўсё ж такi яго ўсхваляваў iдылiчны спакой, у якiм ён цяпер сябе адчуваў. Здавалася, што гадзiннiк цiкаў надзвычай марудна. Водблiск святла ад меднага маятнiка адбiваўся на сцяне. I гэты салодкi пах какавы... Пры кожным руху Мэгрэ плеценае крэсла прыемна паскрыпвала - як i тады, пэўна, калi ў iм сядзеў капiтан Жарыс...
   Жулi было страшна адной у гэтым доме. Але яна не рашалася пакiнуць яго. I камiсар разумеў, што нешта трымала яе ў гэтых сценах - не адпускала, бадай, звычка... Яна ўстала i пайшла да дзвярэй. Мэгрэ сачыў за ёю вачыма. Жулi ўпусцiла ў кухню белую кошку, якая падышла да мiскi з малаком каля печы.
   - Бедная Мiну! - сказала дзяўчына. - Гаспадар так любiў яе... Сядзела пасля вячэры ў яго на каленях, пакуль ён не iшоў спаць...
   Якi глыбокi спакой - у iм адчувалася нават нейкая пагроза... Спакой цяжкi i напружаны...
   - Вы напраўду нiчога не хочаце мне сказаць, Жулi?
   Яна дапытлiва глянула на яго.
   - Я думаю, што вось-вось адкрыю праўду... Любое ваша слова дапаможа мне... Вось чаму я i пытаюся, цi не хочаце вы расказаць мне што-небудзь...
   - Клянуся вам...
   - Пра капiтана Жарыса...
   - Нiчога!
   - Пра вашага брата...
   - Нiчога... Клянуся вам...
   - Пра чалавека, якi, пэўна, быў у гэтых мясцiнах i якога вы не ведаеце...
   - Не разумею...
   Яна ўсё ела кавалкi хлеба, якiя плавалi ў жоўтай ад масла какаве - Мэгрэ i глядзець на гэтакую ежу было непрыемна.
   - Добра, я пайду!
   Жулi кiнула на камiсара роспачны позiрк, у якiм адчувалася i нейкая крыўда. Дзяўчыну зноў чакала адзiнота. Вiдаць было, што ёй хочацца пра нешта спытацца.
   - Скажыце, а пахаванне... Я думаю, - узняла яна на яго вочы, - нельга так доўга чакаць... бо труп...
   - Ён пакладзены ў лёд, - з цяжкасцю знайшоў камiсар адказ.
   Жулi ўздрыгнула.
   * * *
   - Ты тут, Люка?
   Было так цёмна, што ўжо нiчога нельга было разгледзець. Да таго ж бура заглушала ўсё навокал. У порце, кожны на сваiм месцы, чакалi прыбыцця судна з Глазга, якое, зрабiўшы няправiльны манеўр, гудкамi падавала каля пiрса сiгналы.
   - Я тут.
   - Што яны робяць?
   - Ядуць. Хацеў бы я быць на iх месцы. Крэветкi, малюскi, амлет i нешта падобнае на халодную цяляцiну.
   - Яны абодва за сталом?
   - Абодва. Луi ўсё яшчэ не зняў са стала локцi.
   - Гутараць?
   - Мала. Час ад часу выцiскаюць па слову, але, здаецца, iм няма пра што гаварыць.
   - П'юць?
   - Матрос п'е. На стале дзве бутэлькi. Дарагое вiно. Мэр увесь час падлiвае.
   - Бы напаiць хоча?
   - Выдае на тое. Служанка смешна трымаецца. Так баiцца зачапiць госця, што калi ёй трэба прайсцi мiма, дык абыходзiць яго.
   - Нiхто больш не званiў?
   - Не... Чакайце. Луi сморкаецца ў сурвэтку, устае... Iдзе па цыгары. Скрынка - на камiне. Падае мэру - той адмаўляецца, круцiць галавою. Служанка нясе сыр... Хоць бы сесцi на што-небудзь! - жаласна дадаў Люка. - У мяне ногi замерзлi. Паварушыцца баюся, каб не грымнуцца.
   Гэтага было мала, каб разжалiць Мэгрэ: ён i сам дзесяткi разоў быў у падобных сiтуацыях.
   - Зараз прынясу табе паесцi i выпiць.
   У гатэлi "Унiверсаль" была добрая вячэра, але Мэгрэ абышоўся кавалкам хлеба з паштэтам, праглынуў яго стоячы. Пасля зрабiў калегу бутэрброд i ўзяў недапiтую бутэльку бардоскага вiна.
   - А я зрабiў вам такi буайбэс*, якi вы i ў Марселi не пакаштуеце! - пачаў угаворваць прысесцi гаспадар.
   * Рыбны суп з часнаком i вострымi прыправамi.
   Але нiшто ўжо не магло ўтрымаць камiсара. Вярнуўшыся да Люка, ён у каторы раз задаў тое самае пытанне:
   - Што яны робяць?
   - Служанка прыбрала стол. Мэр у крэсле палiць адну за адной цыгары. Па-мойму, Луi засынае. Цыгара ў яго ўсё яшчэ ў роце, але дыму не вiдаць.
   - Што яму далi выпiць?
   - Поўную шклянку з бутэлькi, што на камiне.
   - Арманьяк, - успомнiў Мэгрэ.
   - Чакайце... На трэцiм паверсе запалiлася святло... Пэўна, служанка збiраецца спаць. Мэр устае, iдзе...
   Чуюцца нейкiя галасы - недзе каля шынка. Шум матора. Можна разабраць адсюль некаторыя словы:
   - За сто метраў? У доме?..
   - Не. Каля дома.
   Мэгрэ пайшоў насустрач машыне. Спынiў яе даволi далёка ад дома, каб не ўстрывожыць мэра. У машыне сядзелi некалькi чалавек у палiцэйскiх мундзiрах.
   - Што новага?
   - З Эўрэ паведамiлi, што чалавек у жоўтай машыне арыштаваны.
   - Хто ён?
   - Пачакайце! Ён пратэстуе. Пагражае, што выклiча пасла.
   - Iншаземец?
   - Нарвежац. Нам сказалi па тэлефоне яго прозвiшча, але немагчыма было разабраць: Марцiно цi Мацiно... Здаецца, што дакументы ў парадку... Жандары пытаюцца, што з iм рабiць...
   - Везцi яго сюды, разам з жоўтай машынаю... Хто-небудзь з жандараў, напэўна, умее вадзiць. А вы едзьце ў Кан... Паспрабуйце даведацца, дзе звычайна спыняецца панi Гранмэзон, калi прыязджае ў Парыж...
   - Нам гэта ўжо сказалi. Гатэль "Лютэцыя", бульвар Распай.
   - Тэлефануйце туды з Кана i даведайцеся, цi прыехала яна i што робiць. Гэта не ўсё! Калi яна там, звярнiцеся ад майго iмя ў крымiнальную палiцыю i папрасiце ўзяць яе пад нагляд. Але каб асцярожна!..
   Машына ў тры прыёмы развярнулася на вузкай дарозе. Мэгрэ зноў падышоў да Люка - той чамусьцi спускаўся ўнiз.
   - Чаму ты злез?
   - А няма на што больш глядзець.
   - Разышлiся?
   - Не. Але мэр падышоў да акна i зашмаргнуў шторы...
   Метраў за сто ў шлюз паволi ўваходзiла судна з Глазга. Чулiся ангельскiя каманды. Вецер сарваў з галавы камiсара капялюш. Святло ў акне на трэцiм паверсе раптам пагасла. Вiла патанула ў цемры.
   VIII. МЭР ВЯДЗЕ СЛЕДСТВА
   Мэгрэ стаяў пасярод дарогi, засунуўшы рукi ў кiшэнi i нахмурыўшы бровы.
   - Вы чымсьцi ўстрывожаны? - спытаў Люка, якi добра ведаў свайго шэфа.
   Сам ён быў устрывожаны, бо надта змрочна пазiраў на вiлу.
   - Нам трэба быць там, усярэдзiне, - цiха сказаў камiсар, узiраючыся ў кожнае акно.
   Але ўсе яны зачыненыя. Не было нiякай магчымасцi прайсцi ў дом. Мэгрэ цiха падышоў да дзвярэй, нахiлiў галаву, прыслухаўся. Зрабiў памочнiку знак маўчаць. I абодва прыпалi вушамi да дубовых дзвярэй.
   Галасоў чуваць не было. Але з кабiнета даносiўся тупат ног i глухi, мерны стук.
   Няўжо яны бiлiся? Наўрад цi: удары не былi б такiя роўныя. Калi б яны бiлiся, дык, пэўна, перамяшчалiся б па пакоi, штурхалi адзiн аднаго i натыкалiся на мэблю, а ўдары былi б то часцейшыя, то радзейшыя.
   А тут нiбыта палi забiвалi. Можна было нават пачуць цяжкае дыханне таго, хто наносiў удары:
   - Х-ха!.. Х-ха!.. Х-ха!..
   I як кантрапункт гэтаму хаканню - глухi хрып.
   Мэгрэ глянуў iнспектару ў вочы, паказаў рукою на замок - i Люка ўсё зразумеў, выняў з кiшэнi набор адмычак.
   - Толькi цiха! - папярэдзiў Мэгрэ.
   I ў доме цяпер было цiха. Цiшыня была нейкая цяжкая, трывожная. Нi ўдараў, нi крокаў. Хiба што чулася яшчэ крыху хрыплае дыханне чалавека, як бы з астатняй сiлы.
   Люка даў знак i адчынiў дзверы. Злева, з кабiнета, прабiвалася святло. Мэгрэ пацiснуў плячыма, нiчога не разумеючы. Ён перавысiў свае паўнамоцтвы. Вельмi перавысiў. I зрабiў гэта ў доме афiцыйнай асобы, ды яшчэ такой далiкатнай, як мэр Вiстрэама.
   - Ну, што тут ужо зробiш!
   З калiдора выразна даносiлася дыханне, але толькi аднаго чалавека. Нiякiх рухаў. Люка намацаў у кiшэнi рэвальвер. Адным штуршком Мэгрэ адчынiў дзверы.
   I адразу ж, збянтэжаны, застыў. Ён не стаў сведкам новай драмы.
   Перад яго вачыма было нешта зусiм iншае.
   Карцiна, якую ўбачылi Мэгрэ i Люка, была дзiўная i недарэчная. Гранмэзон стаяў з разбiтымi вуснамi i падбародкам, залiтым крывёю. Халат, раскiданыя валасы, тупы выраз твару надавалi яму выгляд баксёра, якi прыходзiць да прытомнасцi пасля накаўта.
   Ледзь трымаючыся на нагах, ён абапiраўся на камiн, так моцна адхiлiўшыся назад, што можна было толькi дзiвiцца, як ён яшчэ не грымнуўся вобзем.
   За два крокi ад яго стаяў Вялiкi Луi. Валасы раскудлачаныя, на яшчэ сцiснутых кулаках - кроў. Кроў мэра!
   Выходзiць, гэта яго дыханне чулi яны ў калiдоры. Гэта ён соп, лупцуючы Гранмэзона! Ад матроса пахла спiртным. На стале - перакуленыя шклянкi.
   Камiсар i iнспектар былi настолькi разгублены, а мэр i Вялiкi Луi так атупелi, знясiленыя, што прайшло яшчэ колькi часу, перш чым яны загаварылi.
   Гранмэзон выцер вусны i падбародак крысам халата i, стараючыся трымацца на нагах, прамармытаў:
   - Што ж... што ж гэта?..
   - Выбачайце мяне за тое, што я ўвайшоў у дом, - пачцiва сказаў Мэгрэ. - Я пачуў шум... Дзверы былi не зачыненыя.
   - Хлусня!
   Мэр сабраў усю сваю сiлу, каб вымавiць гэтае слова.
   - Ва ўсякiм выпадку, я задаволены, што своечасова прыйшоў, каб абаранiць вас i...
   Мэгрэ кiнуў позiрк на Вялiкага Луi, якi не здаваўся разгубленым, наадварот, неяк дзiўна ўсмiхаўся, пiльна гледзячы на мэра.
   - Я не маю патрэбы ў ахове.
   - Аднак гэты чалавек напаў на вас.
   Стоячы перад люстрам, Гранмэзон спрабаваў прывесцi сябе ў парадак i нерваваўся, бо кроў не пераставала цячы.
   Цяпер гэта было неверагоднае, вычварнае спалучэнне сiлы i слабасцi, упэўненасцi i млявасцi.
   Заплылае вока, сiнякi i раны сагналi з яго твару лялечную гладкасць - ён стаў шэры.
   З нечаканай хуткасцю мэр зноў напусцiў на сябе самаўпэўнены выгляд i, прытулiўшыся спiнаю да камiна, пачаў атаку на камiсара з iнспектарам:
   - Мяркую, што вы зламалi дзверы майго дома...
   - Прабачце! Мы хацелi памагчы вам.
   - Хлусня! Вы не маглi ведаць, што мне што-небудзь пагражае. I мне нiшто не пагражала! - наўмысна адчаканiў ён апошнiя словы.
   Мэгрэ ўважлiва ўгледзеўся ў Вялiкага Луi.
   - Спадзяюся, аднак, што вы дазволiце мне забраць гэтага пана...
   - Нi ў якiм разе!
   - Ён вас бiў. I, дарэчы, жорстка...
   - Мы ва ўсiм разабралiся самi. I гэта нiкога не датычыцца, апроч самога мяне!
   - Я магу меркаваць, што вы, крыху спешна спускаючыся сёння ранiцаю па лесвiцы, натыкнулiся менавiта на яго кулак...
   Тут варта было б сфатаграфаваць усмешку Вялiкага Луi: той проста свяцiўся ад задавальнення. Аддыхваючыся, матрос разам з тым сачыў, што адбывалася вакол яго. Апошняя сцэна, здавалася, была яму асаблiва прыемная - чыстая асалода. Бясспрэчна, Луi былi вядомыя таемныя спружыны таго, што хацеў цяпер разгадаць камiсар!
   - Я ўжо казаў вам, пан Мэгрэ, што i я са свайго боку вяду расследаванне. Я не ўмешваюся ў вашыя справы, дык, будзьце ласкавы, не ўмешвайцеся i вы ў мае... I не здзiўляйцеся, калi я падам на вас у суд за парушэнне недакранальнасцi жытла з узломам.
   Цяжка сказаць, чаго было больш у гэтай сцэне: камiчнага цi трагiчнага. Мэр хацеў здавацца важным, трымаўся, расправiўшы плечы, але з яго вуснаў па-ранейшаму цякла кроў, а твар быў як адзiн вялiзны сiняк, халат быў увесь памяты...
   Нарэшце, прысутнасць Вялiкага Луi, здавалася, усё роўна як падсцёбвала яго.
   Памятаў ён, мусiць, i пра папярэднюю сцэну, якую няцяжка было ўявiць: катаржнiк, напэўна, бiў з блiзкай адлегласцi i з такою сiлаю, што ўрэшце не мог ужо i размахнуцца як след.
   - Выбачайце, пан мэр, але я не магу пайсцi ад вас зараз. Улiчваючы той факт, што вы - адзiны грамадзянiн Вiстрэама, у якога ноччу дзейнiчае тэлефон, я дазволiў сабе даць ваш нумар, бо мне павiнны званiць.
   Замест адказу Гранмэзон суха сказаў:
   - Зачынiце дзверы!
   Сапраўды, дзверы былi зачыненыя.
   Мэр узяў адну з рассыпаных на камiне цыгар, хацеў запалiць, але, вiдаць, адзiн ужо дотык цыгары да вуснаў выклiкаў у яго вельмi непрыемнае пачуццё, бо ён з раздражненнем адкiнуў яе.
   - Калi ласка, Люка, злучы мяне з Канам.
   Камiсар перавёў позiрк з мэра на Вялiкага Луi. Думкi iмклiва праносiлiся ў яго галаве.
   На першы погляд жорстка адлупцаваны Гранмэзон павiнен быў здавацца пераможаным, слабым не толькi фiзiчна, але i маральна: яго ж заспелi ў надзвычай непрыемнай сiтуацыi, якая так унiжала яго!
   Дык не! За колькi хвiлiн ён падабраўся i хоць збольшага вярнуў сабе рэспектабельны выгляд паважанага буржуа.
   Цяпер ён быў амаль спакойны i глядзеў на Мэгрэ высакамерна.
   У Вялiкага Луi роля была прасцейшая. Ён быў пераможца, на iм не было нiводнае драпiны. I яшчэ хвiлiну назад ва ўсмешцы ў яго ззяла амаль дзiцячая радасць.
   Але неўзабаве матрос пачаў адчуваць сябе неяк няёмка i не ведаў цяпер, што рабiць, як стаць, куды глядзець.