Анiся - гэта Кволая. Яна больш за другiх марудзiла з кожным кастылём i ўрэшце засталася наводшыбе. Дзiўнае жанчынам i незразумелае здарылася ў гэты час: Бiм падышоў да Анiссi расслабленаю паходкаю i таксама, як i Матрэне, палiзаў горкiя брызентавыя рукавiцы. Усе прыпынiлiся i здзiўлена глядзелi на Бiма.
Потым яны па загаду Заразы селi ўсе пад кустамi i палуднавалi, кожная са свайго клуначка. I накармiлi Бiма. Ён еў. Цяпер ён ужо браў ежу з рук добрых людзей. Гэта ратавала яго.
Пад вечар ён затурбаваўся: падыходзiў да Матрэны, садзiўся, вяла пераступаў пярэднiмi лапамi, зазiраў у твар, зноў адыходзiў, клаўся, але скора зноў вяртаўся i зноў адыходзiў.
- Пайсцi хочаш, Чорнае вуха, - дагадалася Матрэна. - Ну, iдзi, пайшоў, Чорнае вуха. Куды ж я цябе дзену? Няма куды. Iдзi.
Бiм развiтаўся i пайшоў, паволi, не па-сабачы. Пайшоў уздоўж чыгункi назад. Дарога - яна i ёсць дарога, яна паказвае, куды iсцi, - нiколi не зблудзiш, калi правiльна пайшоў. Толькi вось усё цела балюча ныла, а пасля ўчарашнiх пабояў Шэрага цяжка было дыхаць, асаблiва на хаду, але - што рабiць! - трэба iсцi, дзякуй богу, ён пакармiўся ў добрых жанчын, ды i сцяжынка паўз шпалы была гладкая i роўная. Пакрысе ўцягнуўся, нават цiхенька-цiхенька затрухаўся подбегам. Якiя жывучыя сабакi i як скора адыходзяць!
Калi глянуць збоку, нiчога незвычайнага тут не было: па чыгуначнаму палатну трухаўся хворы сабака. I ўсяго.
Блiжэй да горада з аднае чыгункi стала дзве: яшчэ пара суцэльных жалезных палосак выцягнулася побач. Потым iх стала тры. Непадалёку ад будачкi неспадзявана замiргалi ўперамежку два чырвоныя вокi: левае, правае, левае, правае - кiдалiся збоку ўбок. Чырвонае ўсiм звярам непрыемна: ваўку, напрыклад, нестае сiлы пераскочыць цераз лiнiю чырвоных сцяжкоў, лiса, абкладзеная iмi, застаецца ў акружэннi па двое-трое сутак, а то i болей. Таму i Бiм вырашыў абмiнуць вялiзныя чырвоныя жывыя вочы. Ён сышоў на трэцюю каляю, прыпынiўся, узiраючыся ў чырвонае морганне, яшчэ не адважыўся iсцi далей. I тут пад нагамi нешта скрыгiтнула...
Бiм завыў ад страшнага болю, але нiяк не мог адарваць лапу ад рэйкi: на стрэлцы лапа трапiла ў магутныя цiскi. З Бiмавага выцця можна было распазнаць толькi адно: "Ой, балiць! Памажэ-эце-е!"
Людзей паблiзу не было. Адгрызцi сваю лапу, як гэта часам робiць воўк у пастцы, сабака не можа, ён чакае дапамогi, ён спадзяецца на чалавечую дапамогу.
Але што гэта? Два вялiзныя яркiя белыя вокi асвятлiлi пуцi i самога Бiма, яны асляпiлi яго, наблiжалiся паволi i няўмольна. Бiм сцяўся ад болю i страху. I сцiх ад прадчування навалы. Але грымучая iстота з гэткiмi вачыма спынiлася крокаў за трыццаць, у паласу святла выскачыў з цемры чалавек i падбег да Бiма. Потым адразу паказаўся i другi.
- Як жа ты ўшчамiўся, бядняга? - запытаўся першы.
- Што ж рабiць? - запытаўся ў першага другi.
Яны пахлi амаль што гэтаксама, як i шафёры, абодва былi ў фуражках з вялiкiмi медалямi.
- За прыпынак нам перападзе, хоць мы i побач са станцыяй, - сказаў першы.
- Цяпер усё роўна, - адказаў першы i пайшоў да будачкi.
Наш бедны Бiм здагадаўся па iнтанацыi (не па словах): гэта яго збавiцелi. Ён чуў, як звонка зазванiў у будачцы званок, а праз хвiлiну цiскi выпусцiлi лапу. Але Бiм не рухаўся, ён здранцвеў. Тады чалавек узяў яго i занёс за лiнiю дарогi. Там Бiм закруцiўся на месцы, як юла, залiзваючы раздушаныя пальцы. I аднак (якiя сабакi назiральныя!) ён чуў гаворку з акон i дзвярэй цягнiка; цяпер, не аслеплены святлом, ён бачыў цягнiк з цемры збоку; розныя галасы паўтаралi словы "сабака" i "паляўнiчы", словы вельмi зразумелыя.
Бiм быў удзячны добрым людзям. Вось так. Дзесьцi нехта перавёў стрэлку на той дарозе, па якой iшоў Бiм. I таму "нехта" цяпер нiякага клопату ад таго, што нейкаму сабаку прышчамiла нагу i ён стаў калекам. Што б яно нi было, але цяпер ён ужо нiколi не пойдзе па чыгунцы: гэта ён зразумеў гэтак жа, як i змалку, што там, дзе бегаюць машыны, нельга хадзiць.
Бiм паскакаў на трох нагах, змучаны, скалечаны. Ён часта прыпыняўся i лiзаў анямелыя i ўжо прыпухлыя пальцы хворае лапы, кроў пакрысе ўнялася, а ён усё лiзаў i лiзаў да таго часу, пакуль кожны падушаны палец не стаў iдэальна чысты. Гэта было вельмi балюча, але iншая рада не служыць: кожны сабака ведае, што балiць, але цярпi, балiць, а ты лiжы, балiць, а ты маўчы.
Да родных дзвярэй ён прыкульгаў запоўнач. Няма! Зноў няма слядоў Iвана Iванавiча. Бiм хацеў падрапаць за дзверы, як i звычайна, але аказалася, што нельга: з хвораю нагою немагчыма не толькi стаць на заднiя лапы, але нават i сесцi, - толькi стой на трох нагах або ляжы лежма. Тады ён прыткнуўся носам да кутка дзвярэй i праверыў пах у сярэдзiне ў кватэры: гаспадара не было. Значыцца, паехаў назусiм. Так ён стаяў доўга, быццам падтрымлiваў галавою саслабелае цела. Потым падышоў да дзвярэй Сцяпанаўны i моцна, коратка, роспачна сказаў: "Гаў!" (Я тут.)
Сцяпанаўна ахнула:
- А божа ты мой! Дзе ж гэта цябе так? - Адчынiла дзверы ў кватэру i ўвайшла разам з iм у пакой. - От сабака ты, сабака, няшчасны сабака, што ж мне цяпер рабiць табе? I што скажа Iван Iванавiч?
Бiм толькi быў лёг пасярод пакоя, выцягнуўшы ногi, але... Як жа так? "Iван Iванавiч"? Бiм падняў галаву, павярнуў яе да Сцяпанаўны i з намаганнем глядзеў, глядзеў на яе, не спускаючы вачэй, ён пытаўся: "Iван Iванавiч? Дзе?"
Сцяпанаўна не ўмела ладзiць з сабакамi, не ведала, як кармiць i даглядаць, аднак умела пашкадаваць. Магчыма, жаласлiвасць i дапамагла ёй зараз зразумець Бiма, здагадацца, што словы "Iван Iванавiч" абудзiлi ў хворага сабакi проблiск надзеi.
- Ага, ага, Iван Iванавiч, - пацвердзiла яна. - Пачакай жа: я зараз прыйду. - Спяшаючыся, пайшла i зараз жа вярнулася з лiстом у руках, паднесла яго Бiму да носа: - Вось бачыш? Лiст прыслаў Iван Iванавiч.
Бiм, бедны Бiм, якi памiраў i ўваскрэс, якога задушылi i выратавалi, хворы i без крупiнкi спадзявання, Бiм задрыжаў. Ён уткнуў нос у лiст, потым прайшоўся ноздрамi па краях: ага, ага, ага... вось ён моцна правёў пальцам па канверце туды-сюды... Калi Сцяпанаўна падняла з падлогi канверт i вытрасла з яго лiст, Бiм з намаганнем устаў i падаўся да яе; цяпер яна дастала з таго ж самага канверта зусiм чысты аркуш паперы i паклала яго перад Бiмам. Ён завiляў хвастом: тут знарок напiсаны пах пальцаў Iвана Iванавiча, ага, гэта ён знарок цёр пальцамi.
- Табе ж i прыслаў, ага, - сказала Сцяпанаўна. - Так i пiша: - Дайце Бiму гэтую чыстую паперку. - Яна блiзка паказвала на паперку, прыгаворваючы: - Iван Iванавiч... Iван Iванавiч...
Бiм раптам расслаблена апусцiўся на падлогу i выцягнуўся, паклаўшы галаву на лiст. З вачэй яго пакацiлiся слёзы. Бiм плакаў першы раз у жыццi. Гэта былi слёзы надзеi, шчаслiвыя слёзы, скажу я вам, лепшыя ў свеце слёзы, не горшыя за слёзы радасцi ад сустрэчы i шчасця.
...Дай жа божа, дарагi чытач! Але павер мне: сетэр умее смяяцца i плакаць.
...Сцяпанаўна пачынала разумець сабаку, але яна зразумела i тое, што ёй адной не саўладаць, не справiцца. Доўга яна сядзела пры Бiму i думала пра сваё жыццё. I так ёй захацелася ў вёску, дзе яна нарадзiлася i вырасла, так стала сумна ад гэтых каменных клетак, дзе людзi цэлыя гады не ведаюць нiчога адзiн пра аднаго, жывучы ў адным доме, нават у адным пад'ездзе. А ўсё ж здагадалася даць Бiму вады.
Ой, як яму трэба была вада! Ён, чуць прыпадняўшыся, пiў прагна, капаючы на падлогу, а потым зноў лёг так, як i ляжаў. Бiм заплюшчыў вочы, здавалася, задрамаў.
Ужо досвiткам Сцяпанаўна выйшла так цiха, быццам баялася патрывожыць цяжка хворага чалавека.
А пасярод пакоя ляжаў усяго толькi адзiнокi сабака.
Колькi Бiм спаў, ён не ведае: магчыма, некалькi гадзiн, магчыма, i суткi i ачнуўся ад пякучага болю ў назе. Быў дзень, таму што свяцiла сонца. Нягледзячы на боль, ён панюхаў аркушык. Пах гаспадара быў слабейшы i быццам далёкi, але гэта не мела цяпер значэння. Галоўнае, самае важнае тое, што ён ёсць, недзе ёсць i яго трэба шукаць. Бiм устаў, напiўся з мiскi i захадзiў па кватэры на трох нагах; балела, але ён хадзiў, хадзiў, хадзiў з пакоя ў пакой, у прыхожую i назад, кружыў па пакоi. Iнстынкт яму падказваў: калi адлежаў адзiн бок, калi балiць, то трэба хадзiць. Скора прылаўчыўся хадзiць, каб не балела раздушаная лапа: яе трэба чуць падымаць угору, а не цягаць па падлозе, тады менш балiць. Калi ж Сцяпанаўна прынесла яму есцi, ён павiляў ужо ёй хвастом, парадаваў, а потым i пад'еў. I чаму, уласна, не есцi, калi ёсць надзея i ўзнiклi ў сабачай галаве два магiчныя словы - "шукаць" i "чакаць".
Але колькi ён нi прасiўся, колькi нi патрабаваў, Сцяпанаўна не выпускала яго (сядзi дома, ты хворы). Але нарэшце i яна здагадалася, што Бiм iстота жывая, што яму таксама ёсць патрэба выйсцi. Яна, бясспрэчна, не ведала, што здаралiся выпадкi, калi сабакi памiралi ад таго, што лопалiся кiшкi цi задыхалiся ад запораў, калi тых сабак не выпускалi больш чым тры днi. А такiя выпадкi былi не адзiн раз.
Вялiкая чалавечая спагада i дабрата душы вялi Сцяпанаўну па жыццi. Толькi i ўсяго. Яна зачапiла павадок за ашыйнiк i пайшла. А Бiм закульгаў побач.
У двары, у самым далёкiм кутку, стаялi двое: старая сiвая жанчына i кульгавы худы сабака - вось што выходзiла за карцiна.
Дзецi выбягалi з пад'ездаў, спяшалi да школы, але многiя з iх падбягалi i пыталiся:
- Бабулька, бабулька, чаму Бiм на трох нагах?
Або так:
- Бiмка, балiць табе?
Але ў школу бегчы трэба: гэта вялiкая адказнасць - хадзiць да школы, самая першая адказнасць у жыццi - перад сям'ёю, перад настаўнiкам, перад сябрамi. Таму яны i не затрымлiвалiся, беглi. Гэта здавалася вельмi важным i Сцяпанаўне i Бiму, хоць яны нiчога i не падазравалi, а проста пайшлi дадому, калi прыйшла пара.
Ля пад'езда iх спаткаў Палцiтыч (Павел Цiтыч Рыдаеў) i сказаў да Сцяпанаўны:
- Такое дзела, значыць. Псiна гэты - сабака варты, i яго трэба берагчы. Калi ўжо гаспадар даручыў табе, то вось табе парада: вазьмi на ланцуг. Абавязкова. Iнакш уцячэ. Не ўпiльнуеш. Выскачыць у дзверы - i каюк.
- Ды як жа можна такога разумнага сабаку - на прывязь? - няўпэўнена запярэчыла Сцяпанаўна.
- Што: i цябе вучыць трэба? Запомнi: без гаспадара i без ланцуга сабака пачуе волю. I - каюк.
- Ды ён жа спаганiцца, як на прывязi стане.
- Зразумей ты, цёмны ты чалавек! Паганы стане - затое жывы будзе. На прывязь, на прывязь - вось табе i ўся мая iнструкцыя. Дабра хочучы, кажу: на прывязь!
Не паслухацца старшынi Сцяпанаўна не магла, таму яна купiла ланцужок за рубель дзесяць i на iм выводзiла Бiма на двор. Але дома адчэплiвала ад аброжка i кiдала ў куток. Хiтрая бабулька Сцяпанаўна - i ваўкi сыты, i авечкi цэлы. Мiж iншым, самой ёй давялося выходзiць з Бiмам усяго толькi два-тры разы, а прычынай таму былi незвычайныя падзеi, якiя пачалiся вакол Бiмкавага iмя.
Раздзел 9
МАЛЕНЬКI СЯБАР, ХЛУСЛIВЫЯ ЧУТКI, ДАНОС СПАДЦIШКА НА БIМА I АЎТАРСКАЕ АДСТУПЛЕННЕ
У школе, хвалячыся навiнамi, дзецi на першым жа перапынку пусцiлi чутку: у iхнiм двары ёсць сабака - хадзiў на трох нагах, а зараз на чатырох, i худэрбiна-худэрбiна, а быў не худэрбiна, быў сыты, а цяпер ускудлачаны, быў вясёлы, а цяпер сумны, i завуць яго Бiм; гаспадара павезлi ў Маскву на аперацыю, а водзiць яго зараз бабулька Сцяпанаўна.
Чутка дайшла да аднаго настаўнiка-метадыста, той на чарговай раённай нарадзе на наступны дзень у сваiм цiкавым выступленнi расказаў недзе гэтак: расце маладое пакаленне, выдатнае, яно "далучаецца да iдэi дабраты, якая ўключае ў сябе спачуванне да ўсяго жывога на зямлi". Усё гэта ён падмацаваў тым вялiкiм iнтарэсам аднае школы нават да нейкага невядомага сабакi з чорным вухам, гаспадара якога надоўга паклалi на аперацыю.
Тры днi запар ва ўсiх школах гарадскога раёна настаўнiкi расказвалi дзецям пра спачуванне i спагаду да жывёлiн, расказвалi, як добра i прыязна аднеслiся ў адной школе да адзiнокага сабакi. Але найбольш асцярожныя папярэдзiлi, што сабака ў такiм выпадку не павiнен быць шалёны, гэтага трэба сцерагчыся. У школе, дзе вучыўся Толiк, настаўнiца расказвала пра гэта ж самае, толькi проста i з душою.
- Ну, падумайце, дзецi, вы толькi падумайце! - гаварыла яна. - Нейкi жорсткi чалавек адарваў сабаку нагу. (Крыху так перамянiлася чутка сярод настаўнiкаў: чутка i ёсць - чутка!) Гэта не варта савецкага чалавека. А няшчасны сабака з чорным вухам навек калека. - Яна адгарнула сшытак на патрэбную староначку i працягвала: - Цяпер, дзецi, напiшам сачыненне, маленькае i цёплае, на вольную тэму "Я люблю жывёлiн". Каб лягчэй пiсалася, каб нiчога не наблыталi, вось вам план-пытаннi.
I яна напiсала мелам на дошцы, гледзячы ў сшытак:
1. Як завуць вашага сабаку?
2. Белы ён, чорны цi якi?
3. Вострыя ў яго вушы цi абвiслыя?
4. З хвастом ён цi з кароценькай куксаю?
5. Якое ён пароды, калi гэта вядома дома?
6. Ласкавы ён цi злосны?
7. Цi гуляеш ты з iм, а калi гуляеш, то як?
8. Кусаецца ён цi не? Калi кусае, то каго?
9. Цi любяць яго тата i мама?
10. За што ты любiш сабаку?
11. Якiя ў цябе адносiны да iншае жыўнасцi (куры, гусi, авечкi, аленi, мышы i астатнiя)?
12. Цi бачыў ты калi-небудзь лася?
13. Чаму кароў дояць, а лася не дояць (свойская жывёла i дзiкая)?
14. Цi трэба любiць жывёлiн?
Толiк сядзеў быццам на iголках, ён не мог нiчога пiсаць. У агульнай цiшынi ён запытаўся, не вытрываў:
- Анпална, а як завуць сабаку з чорным вухам?
Настаўнiца паглядзела ў блакнот i сказала:
- Бем.
- Бiм! - крыкнуў Толiк, узбунтаваўшы крыкам увесь клас.
- Адпусцiце мяне, Анпална. Калi ласка! Я пайду шукаць Бiма, я яго ведаю ён вельмi добры. Калi ласка! - прасiў ён жаласна, гатовы ад удзячнасцi цалаваць рукi Анпалне.
- Толя! - строга сказала да яго Анна Паўлаўна. - Ты перашкаджаеш працаваць iншым. Думай i пiшы сачыненне.
Толiк сеў. Ён глядзеў на чыстую староначку сшытка, а бачыў Бiма. Здавалася, ён засяродзiўся на вольнай тэме гэтак, як i астатнiя, але ён напiсаў толькi загаловак: "Я люблю жывёлiн". Толькi незадоўга перад званком ён пачаў скоранька-скоранька прыдумляць адказы. Нават i пасля званка ён крыху затрымаўся, а Анна Паўлаўна, як i звычайна ў такiх выпадках, сядзела за сталом i цярплiва чакала. Нарэшце Толiк, насуплены, невядома чым незадаволены, паклаў перад Аннай Паўлаўнай сваё сачыненне. I пайшоў.
Работа яго, такiм чынам, была зроблена апошняй, таму, як i заўсёды, Анна Паўлаўна прачытала яе першую (зверху ляжыць).
Толiк дакладна, нават залiшне, адказаў на ўсе пытаннi вольнае тэмы, яго твор уключаў нават i паэтычныя спробы, хоць i з яўным плагiяцтвам з моднае песенькi, якую ведае кожны малы.
А цалкам усё гэта было вось так: "Я ЛЮБЛЮ ЖЫВЁЛIН"
Яго завуць Бiм. Ён белы з чорным вухам. Вушы абвiслыя. Хвост сапраўдны. Парода паляўнiчая, не аўчарка. Ласкавы. Гуляў толькi раз, але нейкi дзядзька-зануда адабраў, такi стары дурань, што i не расказаць. Не кусаецца. Тата i мама яго любiць не могуць, таму што ён чужы, з таблiчкаю на шыi. За што люблю, не ведаю, проста так. Курэй, гусей, авечак, аленяў, мышэй люблю, але мышэй баюся. Лася пакуль што не бачыў, яны не жывуць у горадзе. Кароў дояць, каб было малако ў магазiнах i каб выконваць план. ("А ён жа з дэфектам!" падумала Анна Паўлаўна.) Лася не дояць таму, што ў магазiнах не бывае ласiнага малака, i яно нiкому не патрэбна. Жывёлiн любiць трэба, а сабака - лепшы сябар чалавека. Я склаў зараз песеньку:
I лось добра,
I алень добра,
I мыш добра,
А сабака лепш.
Яшчэ я спрабаваў гадаваць марскiх свiнак, але мама сказала, што ад iх у кватэры пахне, хоць нос затыкай, i аддала чужой дзяўчынцы. А Бiма я ўсё роўна знайду, хоць мяне нават i не пусцiлi. Усё адно знайду, сказаў знайду - i знайду. Хоць вы i Анна Паўлаўна, мне ўсё роўна".
У Аняы Паўлаўны вочы пад лоб пайшлi: "Ён жа з рамак выскачыў! Ён жа чортведама пра што думае. У цiхiм балоце..." Апошняе яна не дадумала да канца, бо была педагог, а проста адчуваючы сваю правату ад таго, што выконвае абавязак, паставiла двойку.
Вось так яно i атрымлiваецца. Анна Паўлаўна была ў лiку лепшых, дзецi яе, здаецца, любiлi i слухалi, за выключэннем некаторых, без якiх, мiж iншым, не бывае нiводнага класа. Выхаванне - рэч складаная, складанейшая, мушу сказаць, вiдаць, таму Толiк i напiсаў так адно з першых сваiх сачыненняў: перш-наперш, ад незразумелае крыўды i несвядома, калi мець на ўвазе, што пра марскiх свiнак у Анны Паўлаўны нiякiх пытанняў не было ў тэме. Магчыма, падросшы, ён i зразумее сваю памылку, але пакуль што яму гэтага не змыслiць. Ён нават не вярнуўся ў клас пасля перапынка. А гэта ўжо - ЧП!
Толiк паехаў са свайго новага раёна ў другi, стары, у тую школу No... i распытаўся-такi ў дзяцей пра ўсё: калi яны бачылi Бiма i дзе ён жыве. Сабе на радасць, ён даведаўся яшчэ, што нага не адарвана, а толькi вiсiць. I пайшоў з дзецьмi да таго дома, да Бiма.
Ён нацiснуў на кнопку званка. Бiм адказаў пытаннем: "Гаў!" (Хто там?)
- Гэта я - Толiк! - крыкнуў госць. Потым пачуў, як Бiм, прытулiўшы да шчылiны нос, фыркнуў i нюхаў паветра. - Бiм, гэта я, - Толiк.
Бiм вiскнуў, забрахаў. Так ён крычаў: "Добры дзень, Толiк!"
I хлопчык яго зразумеў, упершыню зразумеў цэлы сказ па-сабачы.
Сцяпанаўна, пачуўшы брэх i гаворку чалавека з сабакам, выйшла:
- Што табе, хлопчык?
- Я - да Бiма.
Высветлiлася ўсё лёгка. Яны зайшлi ўдваiх.
Толiк не пазнаў Бiма: паджары, без жывата, скудлачаная шэрсць, рабрыны тырчаць - не, гэта не Бiм. Але вочы разумныя i ласкавыя сказалi: "Я - Бiм". Толiк прысеў на кукiшкi i даў сабаку волю. Бiм, абнюхваючы яго, лiзаў пiнжачок, падбародак, рукi i, урэшце, паклаў пысу на насок Толiкавага чаравiка. Здавалася, ён супакоiўся.
Усё расказала Сцяпанаўна Толiку, незнаёмаму хлопчыку, усё, што толькi ведала пра Бiма i пра Iвана Iванавiча, але так i не магла растлумачыць, дзе i хто расцiснуў лапу.
- Доля, - вызначыла яна. - I ў кожнага сабакi - свая доля.
Гаварыла яна з хлопчыкам спакойна, хоць i з горыччу, не выстаўляючыся сваёй старасцю i жыццёвым вопытам, як роўны з роўным.
- А дзе таблiчка? - запытаўся Толiк. - Была ж. Я чытаў.
- Была. Цябе ж як завуць?
- Толiк.
- Толiк - добра... Была. Нехта зняў, выходзiць... - Толiк падумаў: "Ён зняў, Шэры дзядзька". Але ўсё-такi ўслых нiчога не сказаў, таму што не быў упэўнены, што гэта так... - I што я з iм рабiць буду, госпадзi? - запыталася Сцяпанаўна, гледзячы на Бiма. - I шкода неяк, i што рабiць - не ведаю. Вецiнара б яму.
- Ветэрынара, - паправiў Толiк таксама без усякае ганарлiвасцi i адказаў на пытанне "што рабiць?": - Я буду прыходзiць кожны дзень пасля школы, буду яго вадзiць. Можна?
Так знайшоўся Бiму новы маленькi сябар. Ён штодня, пасля абеду, ехаў цераз увесь горад да Бiма, хадзiў з iм па двары, па вулiцах, па парку i, на радасць усiм дзецям, гаварыў з гонарам:
- Сабака - лепшы сябар чалавека.
Сэнс гэтых слоў быў зусiм iншы, чым у сачыненнi, напiсаным з крыўды.
Але цвёрда намеркаваў Толiк: знайсцi таго Шэрага дзядзьку i пагаварыць з iм. У сваiм новым раёне ён пачаў яго падпiльноўваць. I ўсё-такi стрэў твар у твар.
- Дзядзечка, - запытаўся ён, прыпадняўшы брылёк шапкi i ўзяўшы рукi за спiну, - нашто вы знялi з Бiма таблiчку?
- Ты што - ачумеў, хлопчык? - адказаў той пытаннем на пытанне.
- Вы ж яго забралi з таблiчкаю. Я бачыў не адзiн.
- I адпусцiў з таблiчкаю. Ён жа мяне ўкусiў! Нябось пусцiш, калi кусаецца, як воўк.
- Хлусiце вы, дзядзечка. Бiм ласкавы сабака.
- Я? Я хлушу, шчаня?.. Дзе твае бацькi? Дзе твае бацькi? Гавары! прысукаўся ён.
Крыху Шэры меў рацыю. Толькi менавiта крыху: ён не хлусiў, што Бiм яго ўкусiў, i таму меў на тое падставы, каб абурацца, але ён хлусiў, што быццам не здымаў з Бiма таблiчку. Першапрычынаю ўсяго ён лiчыў Бiмаў укус, але не тое, што зняў таблiчку, а перамена месцамi прычыны i вынiкаў - заўсёды вельмi выгадна, каб апраўдацца. I ён быў глыбока перакананы, што гаворыць праўду, але тое, што ён гаварыў не ўсю праўду, - гэта ўжо яго не датычыла. А хто тут ведае, дзе тая прычына, а дзе той вынiк: сабака ўкусiў спачатку цi спачатку была знята таблiчка? Гэта так i будзе патаемна ад усiх. Але Толiк быў глыбока перакананы, што Бiм укусiць Шэрага не мог, таму што той чалавек, а не нейкi там заяц цi лiса. Таму ён i паўтарыў яшчэ раз:
- Вы хлусiце мне, дзядзечка. А гэта - брыдка.
- Бр-рысь! - гаўкнуў дзядзька i пайшоў, накульгваючы i адстаўляючы азадак (вiдаць, добра такi цiмануў яго Бiм).
Дзiўна, як бываюць правы i тыя i другiя, калi адзiн напалову гаворыць праўду, а другi не ведае другое палавiны праўды.
Шэры ж iшоў i думаў: "Пойдзе з тымi смаркачамi ў мiлiцыю, даложыць, тыя прыйдуць, убачаць калекцыю... Не, юбiлейны пяцiсоты не аддам. За яго можна даць дваццаць любых знакаў..." I ён вырашыў: "Лепшы вiд абароны - нападзенне".
Дома ён напiсаў заяву, а потым занёс на ветэрынарны пункт. Там прачыталi.
"...Бег сабака (беспародны сетэр з чорным вухам), з налёту ўкусiў, вырваў з адпаведнага месца ў маiм арганiзме кавалак мяса i пабег далей... Бег ён, быццам шалёны, апусцiўшы хвост i галаву да зямлi, вочы набеглi крывёю... Або яго трэба злавiць i знiшчыць, наконт чаго i даць загад брыгадзе, якая ловiць брадзячых сабак, або я буду скардзiцца далей на ваш бюракратызм i бяздушша ў дзейнасцi..." i г.д.
Ветдоктар захваляваўся:
- Куды ўкусiў? Калi? Дзе? Як гэта было?
Шэры хлусiў, як запраўскi хлус, толькi без усякае там фантазii. Доктару ж было ўсё ясна з асабiстага дакумента ўкушанага: пакусаў брадзячы сабака на вулiцы! Ён зняў трубку тэлефона i выклiкаў дзяжурнага па пастэраўскiм пункце.
Скора, лiтаральна праз некалькi хвiлiн, прыехала на машыне жанчына-доктар, спусцiла ў Шэрага штаны, зiрнула, запыталася:
- Колькi дзён прайшло?
- Дзесяць дзён, - мусiў адказаць пацыент.
- Праз чатыры днi ашалееце, - катэгарычна сказала доктар. Але бачачы, што пацыента гэта не надта затурбавала, яна, мабыць, крыху засумнявалася, цi што, i таму запыталася:
- А колькi месяцаў вы не мылiся?
- З трэцяе суботы перад тым, як быў пакусаны. Баяўся, каб не загразнiць, як бы антонаў агонь не падкiнуўся. Месца-то сур'ёзнае.
Умяшаўся ветдоктар:
- Месца ў вас сапраўды сур'ёзнае. Як тэлевiзар. (Штукар быў гэты сiмпатычны ветдоктар.)
- Што ж вы нарабiлi! - закрычала жанчына-доктар, яшчэ раз паглядзеўшы на рану. - На пункт, на пункт, на пункт! Неадкладна ўколы ад шаленства... у жывот... шэсць месяцаў.
- Вы што, пасатанелi! - зароў Шэры дзядзька.
- Мы не пасатанелi, - спакойна ўняў яго ветдоктар. - Не паслухаеце - сiлаю прымусiм, цераз мiлiцыю, калi вы такi цёмны чалавек.
- Я? Цёмны чалавек?! - зароў Шэры. - Ды вы ведаеце, дзе я ў свой час рабiў?
- Мяне гэта не датычыць, - адказала доктар. - На пункт! - дадала яна яшчэ стражэй, чым дагэтуль.
Цяпер даносчык рэгулярна павiнен быў хадзiць на ўколы ў вызначаныя днi i гадзiны. Мала прыемнага, улiп як муха ў мёд: сабака - за азадак, а дактары - у жывот.
А далей было так.
Як iх звяло з Цёткаю тою - невядома, але звяло. Магчыма, яны былi знаёмыя даўно (мабыць, так яно i было), але таго дня яны спаткалiся на вулiцы. Такiя чуюць адно аднаго, як рыбак рыбака, дурань дурнога, а сплетнiк сплетнiка. Сышлiся, значыцца, разгаварылiся. Высветлiлася, што ходзiць ён рубам пасля ўкусу сабакi з чорным вухам.
- Дык я ж яго ведаю! Дальбог, ведаю! - усхрапянула Цётка. - I мяне пакусаў.
Шэры ж ведаў, што хлусiць яна, аднак сказаў так:
- Я асабiста напiсаў заяву, каб яго ўлавiлi i знiшчылi. Так мне сумленне падказвае.
- I правiльна падказвае, - акрыяла Цётка.
- А вы таксама напiшыце... калi, вядома, вы чэсны чалавек.
- Я? Я не адступлюся!
I яна таго ж дня занесла заяву на той самы ветэрынарны пункт. Сам сабе Шэры думаў (моўчкi думаў): "Калi нахлусiла, то хай i табе дактары -у жывоцiк". Ён не любiў, калi яму казалi няпраўду, i ганарыўся гэтым. Ну, Цётка таксама ўлiпла як муха ў мёд: крычала, лаялася, хлусiла, колькi магла, у прыватнасцi, што ранка была маленькая i ўжо загаiлася, тыцкала пальцам у стары шрамiк на руцэ i яшчэ крычала, што яна, як чэсная савецкая жанчына, напiсала, каб была карысць, а яе за гэта караюць у жывот.
Дзiўна, але яе чамусьцi адпусцiлi, запiсаўшы адрас, i сказалi, маўляў, заедзем заўтра дадому, высветлiм. Як бы там нi было, але Цётка ўзненавiдзела Бiма лютаю нянавiсцю. Шэрага - таксама, але крышку менш, хоць ён i падвёў яе пад дурнога хату.
У сувязi з дзвюма такiмi заявамi праз два днi ў абласной газеце з'явiлася аб'ява:
"Ёсць прычына думаць: сабака, беспародны сетэр, вуха чорнае, кусае прахожых. Хто ведае месцазнаходжанне таго, а таксама ўкушаных просiм паведамiць на адрас... для таго, каб злавiць на аналiз i лiквiдаваць магчымыя непрыемнасцi. Грамадзяне! Беражыце сваё здароўе i здароўе другiх - не маўчыце..." i г.д.
За некалькi дзён пасыпалiся лiсты ад чытачоў. У адным з iх паведамлялася:
"...(пэўнага чысла i месяца гэтага года)... бег сабака да вакзала (беспародны сетэр, вуха чорнае), ён не разбiраў нiчога i пёр напрасцякi; так здаровыя сабакi не бегаюць - напрамкi цi наўскасяк цераз плошчу, а абмiнаюць тое, што сустракаецца з перашкод на iх дарозе. Хвост быў апушчаны ўнiз. Названы сабака (беспародны сабака, сетэр, чорнае вуха) рэальна небяспечны, можа ўкусiць любога грамадзянiна Савецкага Саюза i нават замежнага турыста, якiя бываюць, а таму патрэбна лавiць i знiшчаць сабак без усякага там даследавання, пра якое ўпамiнаецца ў аб'яве вашае паважанае газеты".
Пад пасланнем стаяла дванаццаць подпiсаў.
Былi i яшчэ лiсты (усiх не пералiчыць). Ну, напрыклад, такое: "...Гэтакi ж самы сабака, толькi без чорнага вуха, таксама бег напрасткi..." Або: "У горадзе поўна сабак, а якi з iх шалёны, нiяк не разбярэшся". Або: "I зусiм той сабака не шалёны, самi вы шалёныя вiцiнары". Або: "Калi аблвыканком не можа паставiць на шырокую нагу арганiзацыю планамернага, разлiчанага на гады, знiшчэння сабак, то да чаго мы iдзём, таварыш рэдактар? Дзе план? Дзе карысная крытыка i чаму вы да яе не прыслухоўваецеся? Хлеб жа пячы мы ўмеем, а вось ахоўваць здароўе працоўнага грамадзянiна - кiшка тонкая. Я - чэсны чалавек i гавару заўсёды праўду-матку ў вочы. I не баюся я нiкога, дарэчы. А вы падумайце пра тое, што я вам напiсаў. У мяне ўжо сiлы нестае цярпець: пiшаш, пiшаш, а толку мала".
Наогул, пiсем было так многа, што разгарнулася дыскусiя, у вынiку якое з'явiўся рэдакцыйны артыкул "Том у кватэры", дзе прыводзiлiся вытрымкi з лiста дацэнта педiнстытута. Той дацэнт быў вiдавочны сабаканенавiснiк. Чаму гэта так, цяжка здагадацца, але выхаваўчае значэнне для дзяцей i юнакоў яго выступленне мела гiганцкае: калi яны яго зразумеюць правiльна, то з маленства будуць душыць сабак, клапоцячыся пра здароўе працоўных, а на чалавека, якi трымае сабаку дома, будуць калектыўна i дружна крычаць на вулiцы: "Гультай!" (так дацэнт аблаяў людзей, якiя трымаюць сабак), "Гразнуля!" (таксама творчасць таго ж самага дацэнта).