У той жа самы дзень ранiшнiм цягнiком з захаду ў Бараванiчы прыехала пара пажылых немцаў, ён i яна. Яна яго называла Густавам, а ён яе Гертрудай. Кожнаму з iх было год пад шэсцьдзесят. Паважна гэтая пара выйшла на пляц перад ганкам Баранавiцкага вакзала, i ён некалькi разоў пiльна азiрнуўся, а да яго ўжо iшоў з роўнай выпраўкай плячысты i разам з тым тонкi ў стане, з вясёлым тварам, i, здаецца, вельмi жыццярадасны чалавек у вайсковай форме, але, можа, ён i не быў чыстым вайскоўцам, бо некалькi чалавек цывiльных чыноўнiкаў абкружвала яго. Iшла за iм i вайсковая ахова - салдаты з аўтаматамi i з iншаю зброяй. Гэта быў нейкi паважны чын, з усяго было вiдаць. Ён подбегам падышоў да таго, каго Гертруда звала Густавам, i яны абнялiся i пацалавалiся. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сцiснутых губах абняла санавiтага чалавека i назвала яго таксама Густавам. А той адказаў старой жанчыне доўгiм пацалункам i пад руку падвёў яе да машын, што стаялi з левага боку ад ганка. Ён пасадзiў Гертруду i Густава ў адну з машын, i побач шафёра сеў аўтаматчык. Сам ён з двума аўтаматчыкамi сеў у другую машыну. Гэтыя дзве машыны пайшлi следам за трыма грузавiкамi з салдатамi, а за iмi пайшлi яшчэ тры грузавiкi з салдатамi. Так усе гэтыя паязджане выехалi з Баранавiч на Сiняўку i далей проста iмчалiся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Ехалi яны доўга без прыпынку i толькi спынiлiся на Вялiкiм скрыжаваннi. Пакуль шафёры правяралi машыны i надзiмалi шыны, Густаў старэйшы высунуўся з машыны i ўглядаўся ў вялiкае дрэва. На твары яго ляжала пячаць здзiўлення, напружання думак i як бы смутку, але пасля твар яго запаланiла рыса ўпэўненасцi, спакою i разам з тым цiкаўнасцi i халоднай разважлiвасцi. Было падобна, што на яго найшло многа жыццярадаснай самаўпэўненасцi ад санавiтага Густава маладзейшага, якi ў гэты час праходжваўся па шашы, а пасля падышоў да старэйшага Густава. Зноў, як на Баранавiцкiм вакзале, пачулася памiж iмi нямецкая мова. Маладзейшы Густаў гаварыў так, быццам захлёбваўся. Старэйшы гаварыў спакайней. Ён выказаў думку, што яго агортвае неспакой душы i што яго мучыць трывожнае ўражанне, што ён ужо калiсьцi бачыў гэтае дрэва. Як страшны кашмар пануе ў iм над усiм выразнае ўяўленне гэтага велiчэзнага дрэва. Больш таго. Нават дома, у Германii, праз добрыя два дзесяткi год, часта яго душылi начамi цяжкiя сны, i ў кожным сне заўсёды, над усiм хаатычным i кашмарным, узвышалася гэтае дрэва i унь той нават сук з палявым каршачком на iм. Божа, як усё выразна, дакладна i ясна! Унь жа на суку сапраўды сядзiць каршачок! Стары Густаў аж уздрыгануўся. Гертруда хапiла яго за руку i сама скаланулася. Густаў маладзейшы стаяў прыбянтэжаны.
   - Нiчога дзiўнага няма, - сказаў ён, каб падбадзёрыць i падвесялiць старога. - Бывае, што сны што-небудзь такое пакiнуць у галаве i пасля здаецца... Сны яшчэ не даследаваны навукай.
   - Не, - адказаў Густаў старэйшы, - гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаваннi дарог я тады ўпаў хворы, калi ў тую вайну мяне расейскi салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!
   Гертруда ўздрыганулася i прылiпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлi i голас перарываўся:
   - Я ведаю, чаму мы да канца дарогi не едзем цягнiком, а перасядалi ў машыны. На цягнiкi нападаюць невядомыя.
   - Няма нiчога дзiўнага, - строга сказаў стары Густаў. - Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краiне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавiкi з салдатамi.
   - Ты баiшся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я нiводным словам не папiкну цябе, але доўга тут не буду i назад у Германiю паеду. Заваяваную краiну павiнны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!
   Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплiвасцi. Ён схмурнеў i шпарка прагаварыў:
   - Ты немка, цi ты не дачка вялiкай Германii?!
   - А ты, - аж затрэслася яна, - хiба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як глiна, i аддаваў чужаземцам i ворагам Германii тое, што павiнен быў бы прынесцi ў Германiю! А ты мяне папiкаеш? Тады б мы не шукалi шчасця ў гэтай невядомасцi, а мелi б шчасце дома.
   Стары Густаў аж пазелянеў i сцiснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды:
   - Мама, мы заваявалi гэтую краiну вялiкай Германii. Праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германiя. I не трэба ператвараць наша падарожжа ў дакляраваную нам лёсам зямлю ў падарожжа вечных валаводнiкаў, якiя едуць з суда.
   - Сын мой, але ж мне страшна, мы не можам ехаць без такой моцнай аховы.
   - Гэта нiчога. Яшчэ месяц, яшчэ два, i ўсё ўвойдзе ў норму. Тут жывуць не людзi, а казюлi з нявольнiцкай псiхалогiяй. Яны створаны, каб быць слугамi. Павесь над iхнiмi галовамi меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над iмi, якi кожны момант можа загубiць iх, а што гэта вiсiць найвялiкшая справядлiвасць усей светабудовы, i пачнуць з удзячнасцю лiзаць боты ў таго, хто павесiў над iмi гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад iмi паддаўся парыву радасцi i не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. Хiба хто калi будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкi i нi за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страцiў сваю нямецкасць, што аддаў iм здабытае на вайне. Чаму? А толькi з-за таго, што заварушылася душа. Германiю зробiш вялiкай не душой, а жалезам.
   Вiдаць было, што Густаў маладзейшы нiяк не мог забыцца на нейкую памылку, зробленую калiсьцi Густавам старэйшым. Як бы там нi было, але гэтым самым ён давёў да спакою Гертруду. Яна больш не скардзiлася i не сцiскала губы, а з цiкаўнасцю пачала паглядаць наабапал дарогi. Машыны i грузавiкi з салдатамi рушылi далей. Яны пакiнулi за сабой Вялiкае скрыжаванне, з'ехаўшы на шлях кiрункам туды, куды раней пайшоў быў Сымон Ракуцька, калi следам за iм гналася вайна. Так што праз малы час машыны, едучы бесперапынна, нiкуды нiдзе не зварочваючы з шляху, уехалi ў лес i неўзабаве апынулiся ў тым месцы, дзе не вельмi даўно Акаловiч спавядаўся Сымону i Тамашу Ракуцькам i дзе праходзiў кудысьцi да свае мэты стары Нявада. I цяпер было цiхае гэтае месца, толькi машыны парушылi яго спакой. Бяроза ўсё так жа кiдала на вецер жоўтыя свае лiсты. Iх ужо было многа на дарозе i ў траве. Сонца асвятляла iх, птушкi пырхалi крыллем над гэтым месцам, i цягнула пахам прыгрэтай сонцам травы i смалы. Стары Густаў i Гертруда высунулiся з машыны тварамi i аглядалi дрэвы i зямлю.
   - О, колькi гною, - прыйшоў у захапленне Густаў. - Колькi гектар зямлi можна ўгнаiць лiсцем з сотнi такiх бяроз?
   - Я думаю, што нямала гектар, - адказала Гертруда, i памiж iмi зноў усталявалася згода. Машыны неўзабаве знiклi з гэтага месца, i зноў тут стала цiха. Змрокам таго дня на гэтым месцы зноў з'явiўся Сымон Ракуцька, i не адзiн. З таго самага боку, адкуль шляхам праз лес праехалi нямецкiя машыны, ён вёў за сабою многа людзей. Усiх было, можа, крыху менш як паўтары сотнi. Яны iшлi ўсе адзiным гуртам, калi сабралiся на гэтай лясной дарозе. Збiралiся яны яшчэ з учарашняга дня на прылессi, i некаторыя з iх бачылi тут нямецкiя i танкi, i машыны. Адзiн за адным яны iшлi, расцягнуўшыся бадай што на кiламетр. Самы пярэднi iшоў Сымон Ракуцька. Далей вялiкай бярозы на шляху праз лес ён не пайшоў. З сярэдзiны ланцуга выйшаў убок Кастусь Лукашэвiч у той жа самай рудой жакетцы i ботах, як тады апошнi раз гаварыў з Нявадам. Усе людзi збочылi з дарогi ў лес, спускаючы з плеч свае аўтаматы i вiнтоўкi. На дарозе пасталi вартавыя. Кастусь Лукашэвiч i Сымон Ракуцька селi на ствол таго самага паваленага дрэва i доўга так сядзелi моўчкi. Ужо i зоры высвецiлi, а яны ўсё сядзелi i маўчалi.
   - Дык ты ляж i спi, а я павартую цябе, - сказаў Ракуцька.
   - Я не засну. Лепш ты спi.
   - А калi Тамаш раптам гук падасць - толькi я адзiн пазнаю яго.
   Зноў яны, можа, з гадзiну маўчалi.
   - Дык я сам не свой без перадыху явiўся дадому, - задудукаў раптам Сымон Ракуцька. - Толькi бачу - дзве машыны стаяць пасярод вулiцы. Лiзавета ўжо, думаю, даўно дома. Уляцеў у двор - аж спатыкае мяне вачыма жонка. Стаiць, бедная, пасярод двара белая як палатно. Я ткнуўся ў сенцы i аслупянеў. Там у мяне поўнае вешала адзежы вiсела. Гэта яшчэ я запасiў дзецям, калi яны гадавалiся без мяне па той бок тае гранiцы, каб мой смак да яе сто год трымцеў у варшаўскiм горле! Дык стаiць пад тым вешалам немец i абчышчае яго. Знiмае боты, чаравiкi, хусткi, сукенкi, нагавiцы, паясы, рубашкi i кашулi i ўсё тохцiць у чамадан. Божа лiтасцiвы! Тады ўкралi дзяцей! А гэта зноў явiўся зладзюга. Самую памяць аб дваццацi маiх гадах, калi я дзяцей чакаў, крадзе! Парадкуецца, гаспадарыць! Колькi ж на свеце гэтых зладзеяў на маю шыю! Нi ў маладосцi, нi ў старасцi няма ад iх ратунку! Я яшчэ нiчога не ведаю, што ў мяне ў хаце робiцца. Як хаплю я немца ззаду за карак i як тузяну к сабе, дык ён, як тая падла, валiцца на мяне. Я яго штурхануў ад сябе, ён носам у падлогу i як зараве! Бог даў шчасце, што я паспеў падняць з жорнаў камень i накрыць iм нямецкую галаву, так што не разабраць стала, цi была ў немца галава, цi так толькi гэтая крывавая каша. Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулi нямецкiя ногi i апруцянелi навек.
   - Уцякай! - закрычала жонка. Я даў ходу на вулiцу, аж бачу праз адчыненае акно, што ў мяне ў хаце поўнае застолле немцаў i хапаюць з лавы зброю, а мой Тамаш замкнуў з надворку сенечныя дзверы i да мяне бяжыць з нямецкiм аўтаматам. Мы з iм цераз вулiцу i ў сад i адтуль бачым, што яе, жонку, гоняць па вулiцы i страляюць па ёй. Яна ўпала. Мы з Тамашом пабеглi да яе, дык i па нас страляюць. Тамаш як сыпане з аўтамата! Немцы змоўклi. Але iх набегла зноў як плоймы. У Тамаша не было больш набояў у аўтамат, так ён i сеў макам. Адным словам, жонку забралi, а па нас стралялi, аж пакуль мы не адкацiлiся за крайнюю хату. З палавiну нашага пасёлка, i жонку маю, пагналi ў лагер, а мы з Тамашом разам з усiмi. Ну... Тамаш хлопец бывалы i камандаваць на вайне ўмее.
   - А пра Лiзавету што?
   - А Бог жа яе ведае. Анiчагуткi нiякага слыху. Думай што хочаш. Больш я i не бачыў яе. I ў цябе ж, кажаш, дачка малая Лiза. Адкуль ты ведаеш, што яна ў лагеры?
   - Я напэўна не ведаю.
   Зноў Сымон Ракуцька i Кастусь Лукашэвiч змоўклi на доўгi час. Неба на ўсходзе пачынала шарэць, i зоры цьмелi.
   - А цi даўно я так глядзеў на зоры, калi шукаў яшчэ сабе дарогi на ўсё жыццё! Усё прайшло як адзiн дзень. I зноў як прыйшлося. Лiзачка, дачушка!
   Кастусь Лукашэвiч шпарка ўстаў i закурыў. Ён i Ракуцька яшчэ цэлыя суткi так прагутарылi тут, пасля кожнай гаворкi даючы па гадзiне маўчання. А яшчэ цераз дзень тут з'явiўся Тамаш i з iм людзi. Усе аставалiся тут яшчэ нешта з паўтыдня. Цяпер успамiнаюць, што ў тыя днi Сымон Ракуцька многа бываў на людзях i любiў слухаць, калi хто што расказваў. Тамаш мала быў вiдзён. Кастусь жа Лукашэвiч быў вельмi задумёны, бадай што сумны. У апошнюю ноч перад выхадам адсюль з'явiлася тут Волька. Яна нашмат змянiлася з таго, калi пакiнула Сумлiчы. Здавалася, што яна стала вышэйшая ростам, рысы твару яе сталi вострымi. Яна была ў мужчынскай жакетцы з саматканага сукна i рукi трымала ў кiшэнях. Некалькi гадзiн, да ранiцы, яна праседзела з Кастусём на паваленым дрэве, i скарга прарывалася ў яе голасе. Яна доўга расказвала Кастусю, як тыдняў два хадзiла наводдалек па лясах i полi там, пад лагерам, i як нарэшце выбрала зручнасць падысцi да лагернай агароджы так на вярсту. Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. "Я ляжала ў чорным куп'i некалькi дзён. Раз на дзень да той рачулкi нявольнiкi з лагера з'яўлялiся па воду. Саматугам яны кацiлi бочку на колах. Вартавы немец не iшоў следам за iмi, а садзiўся са сваiм аўтаматам на купiну i зводдалеку сачыў за людзьмi. Адзiн раз я падпаўзла да самай рачулкi i, калi яны ўжо налiлi ў бочку вады i пхалi яе назад, я запытала ў iх, цi няма там у лагеры Лiзы прозвiшча Лукашэвiч... Маладая жанчына з распушчанымi валасамi адагнулася ад бочкi i сказала, што нейкая Лiза ёсць i ўжо даўно ляжыць каля слупа ад агароджы хворая на крываўку. А колькi год можа быць гэтай Лiзе? запытала я, але немец там крыкнуў, i людзi наляглi на бочку. Можа, гэта i яна, даўно ляжыць..." Вельмi доўга яны маўчалi. Канчалася ноч, Волька раптам ткнулася тварам у Кастусёва плячо i зарыдала.
   - Нашто цябе благi лёс прывёў тады да мяне, калi я была малая... Божа, якая пакута!
   Кастусь змрочна запытаў:
   - Дык дзе ж бацька?
   - Не ведаю, дзе бацька. Знiк. Я яшчэ раз вярнулася была ў хату. Пуста. Павукi адбiтае ад дошчак акно заплятаюць.
   Як прайшоў дзень i сцямнела, гэтае месца зноў стала пустое. Нi голасу, нi шоргату. Стала поўная цiшыня. I ветру не было, але лiсце з бярозы падала ўсю ноч, так што зранку ўся зямля пад бярозай была выслана жаўталiсцем. Але не было каму цешыцца хараством гэтага малюнка. Тут не было нi душы. Птушкi, што збiралiся зiмаваць у лесе, смела садзiлiся на паваленае дрэва, i за цэлы дзень нiхто нi разу не спудзiў iх.
   III
   I тут было скрыжаванне дарог, але малое i своеасаблiвае. Хто ведае, чым падтрымлiваецца iснаванне некаторых глухiх дарог, па якiх мала хто калi ездзiць i якiх нiколi нiхто не правiць i не глядзiць. Але вельмi можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапення, чым бiты шлях. На тым шляху, калi ўпадзе чалавек, яго неўзабаве падымуць. Тут жа ён можа заходзiцца тыднямi ў адзiноце. Малое скрыжаванне было на самым узлессi, кiламетраў за чатыры ад паваленага дрэва i вялiкай бярозы. Вялiкi шлях, што праходзiў праз гэты лес i далёка ад лесу на паўночны захад, на Вялiкiм скрыжаваннi скрыжоўваўся з Маскоўска-Варшаўскай шашою, тут, за лесам, перасякаў вельмi вузкую, на выгляд толькi палявую дарогу, з пяском, ператоўчаным конскiмi капытамi на пыл. Перакрыжаванне тут было простым кутам. Калi вялiкi грунтавы шлях iшоў з усходняга поўдня на заходнюю поўнач, то скрыжаваная тут з iм дарога злучала заходнi поўдзень з поўднем усходнiм. Гэтым апошнiм кiрункам дарога прыводзiла да Маскоўска-Варшаўскай шашы даволi-такi далёка ад Вялiкага скрыжавання. Ад лесу цi ад малога скрыжавання да самай шашы дарога iшла паўз невялiкiя лясы i скрозь узгорыстым полем i спрэс усюды паўз густыя паселiшчы. Так што зранку тут на гэтай дарозе льга было часта пачуць пах дыму з хатнiх комiнаў. Першы ж кiрунак вёў дарогу найбольш чыстым полем, з чыстымi ж узгоркамi. Мясцовасць тут была вышэйшая, узгорыстасць гусцейшая, i дарога не заўсёды ўздымалася ўгару, а давала кругу. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малiбажкаву гару памiж Заняведамскiмi i Вераб'ёўскiмi лясамi i рэзалася проста ў некалькi шырозных тарфяных балот. Кiламетраў за сорак з гэтага боку да малога скрыжавання пры гэтай дарозе ляжаў у полi вялiкi, як гара, камень дзiўнай формы i не менш дзiўнымi на iм слядамi мiнуўшчыны. Камень меў трохкутную форму, як бы палавiну куба, разрэзанага напалам ад аднаго рога да другога i ўбiтага ў зямлю адным рабром сваiм. Так што было падобна, што гэта каменны зуб увязiўся ў зямлю, а здалёк здавалася, што гэта нешта нейкае стаiць на адной назе. Камень гэтакi высокi, што пад iм мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, i мог такiм парадкам закрыцца зверху i ад бомбы i ад дажджу. Верх каменя быў пляскаты i бадай што правiльны чатырохкутнiк, быццам дошка стала. Нага гэтага каменя абрасла iмхом, верх жа аставаўся зусiм чыстым. Узлезцi на верх гэтага каменя было вельмi цяжка. Малыя пастушкi, найпярвейшыя лазуны, станавiлiся пры каменi адзiн на аднаго i верхняга падсаджвалi, ды i то мала каторы мог здзержацца, вiсючы на руках, i не ўпасцi на зямлю. На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кiм i калi, быў выразаны рысунак тонкiмi i неглыбокiмi рысамi, але вельмi выразны. Рысунак не быў удалы i тым больш не быў нават блiзак да мастацтва. Гэта была вельмi недакладная зарысоўка, i калi добра i доўга прыглядацца да яе, то тады рысунак праступаў выразней: з напятага добра лука страла прыцэлена ў галаву аднарогага быка. Цi гэты рысунак нарадзiўся сваiм замыслам у быце тае самае асобы, што пакiнула яго тут, цi гэта была простая стылiзацыя, цяжка сказаць. У кожным разе рысунак быў старадаўнi, гэта вiдно было з таго, што некаторыя рысы яго даволi-такi прыцерлiся. Гэты камень называўся ў гэтых мясцовасцях "сухi дзюб", i не толькi ў гэтых мясцовасцях. Вельмi далёка адтуль, кiламетраў, напэўна, не менш як семдзесят, у Леньках пад самым Грэскам, я чуў, як жанчына сказала свайму малому, якi нешта насваволiў: "Iдзi з разгону вытнiся лбом аб сухi дзюб". Паўз гэты "сухi дзюб" дарога iдзе далей роўнай лiнiяй да свае завiлiны, а там, раздвоеная на вiлы, адным рогам iдзе на тую самую "Перабродскую Злыбяду", дзе, як казаў Сымону Ракуцьку Тамаш, немцы зрабiлi канцэнтрацыйны лагер. А другiм рогам дарога даходзiць да вялiкай сялiбы, якая займае шырокi абшар у чыстым полi. Ад усяго тут павявае старадаўшчынай. Да рэвалюцыi гэта быў маёнтак тутэйшага зямельнага магната. Двухпавярховы дом стаяў белым паўкругам, у якiм расло больш як паўсотнi старых дрэў усялякiх парод. Два сады яшчэ захавалiся паабапал дома. Яблынi i iгрушы ўжо дуплявалiся, але яшчэ садавiна адцягвала ўнiз iх голле. Незаўважна стары сад пераходзiў у зону маладых дрэўцаў. Гэты малады сад быў пасаджан год сем таму i займаў гектар не менш дваццацi. На зялёным паплаўцы за гэтым садам стаялi будынкi дробнага з выгляду заводзiка, вiннага браварца, дзе выраблялася яблычнае вiно i гатавалася павiдла. За поплавам былi дзве вулiцы новых хат i дамкоў з жоўтымi шуфлядамi i шалёўкай вокан, з кветнiкамi ад вулiцы i вяндлярнямi на агародах. З усяго было вiдно, што тут будоўля дайшла да свайго завяршэння апошнiмi гадамi. У гэты час ранняй восенi, калi непадалёку ад малога скрыжавання бяроза сыпала на лясную дарогу жоўтае лiсце, тут, на поплаве, каля вiннага завода хадзiла на пашы чарада кароў, у кожнай з якiх вымя адвiсала нiжэй каленных суставаў. У двухпавярховым доме пахла фарбаю i мытаю падлогаю. Вокны былi адчынены, i пад iмi ляжалi на двары зграможджаныя разам абы-як школьныя парты i сталы, шафы i чорныя дошкi для пiсання мелам. Усё гэта было перасыпана i перашпаклёвана кнiгамi, некалькi разоў перамыта дажджамi i бесперапынна прысыпалася пылам з навакольнага поля. Было яшчэ невялiкае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялi з павыбiванымi вокнамi i знятымi з крукоў сенечнымi дзвярыма, а памiж дрэў перад двухпавярховым домам пахаджваў нямецкi палiцай, вiдаць, нейкi тутэйшы хамула з падстрыжанымi вусамi. З другой стараны дома стаялi грузавiкi i лёгкая машына, i два нямецкiя салдаты мылi яе. Невядома, якi гэта быў дзень пасля таго, як Гертруду i старога Густава малады Густаў спаткаў на Баранавiцкiм вакзале, але гэта было праз нядоўгi час пасля таго. У адным з пакояў двухпавярховага дома сядзела за сталом Гертруда i цераз стол насупроць яе той сярэднi афiцэр, што камандаваў салдатамi, калi яны ахоўвалi маладзейшага Густава ў Баранавiчах i па дарозе i абстрэльвалi лес паабапал дарогi. Вельмi можа быць, што яны заседзелiся пасля абеду, бо на стале былi ласункi, а час хiлiўся на вечар.
   - Я стаў за гэты час вашым блiзкiм чалавекам. I мне яшчэ доўга прыйдзецца ахоўваць вас, - сказаў афiцэр. - Тут шчаслiвая выпадковасць. Недалёка адгэтуль канцэнтрацыйны лагер, каля якога стаiць вялiкая часць канвою i варты. Я са сваiмi салдатамi належу да гэтай часцi. Так што адначасна мы ахоўваем i вас i лагер. Вам тут смела можна жыць i працаваць.
   - Гэта не выпадкова, - сказала Гертруда. - Наш Густаў, калi выбiраў месца для лагера, сумысля падумаў аб блiзасцi да гэтага маёнтка. Тут жа яшчэ адно: маёнтак вялiкi, а тутэйшых людзей асталося мала, дзе яны падзелiся, невядома, хаты пустуюць...
   - Яны паразыходзiлiся па лясах i пасталi бандытамi.
   - Дык у першыя гады, пакуль вайна, маёнтак будзе трымацца на рабоце забраных у лагер.
   - Тым больш я тут доўга буду.
   - I я так думаю. Учора, калi мылi падлогу, адна дзеўка так на мяне паглядзела, што я пакiнула верыць майму сыну, якi кажа, што над тутэйшым народам трэба павесiць меч, i ён уверуе, што гэта тая праўда, да якой ён сам павiнен iмкнуцца. Божа мой, я не думала, што мне ў мае гады прыйдзецца быць так далёка ад Германii i перажываць такую трывогу. Усё жыццё мы марылi мець маёнтак у самой Германii. Дзiўна сказаць, але мой Густаў на тую яшчэ, першую, вайну пайшоў ахвотна. Ён быў радавы. Мы былi арандатарамi. На той вайне ён меў ужо каштоўнасцей на цэлы маёнтак. Але ён не вытрыманы чалавек. У хваробе ён даў дурную волю сваiм пачуццям i аддаў чорт ведае каму вялiкае багацце. Праз усё жыццё я казала яму, што ён зрабiў злачынства перад Германiяй. Ён гэта i сам разумеў. Ён праклiнаў той свой душэўны парыў. Калi з'явiлася вучэнне фюрэра аб заваёве Германiяй свету, ён быў адным з тых першых, што ўбачылi тут адлюстраванне сваiх асабiстых думак. Гэта ўжо не быў парыў. Наш Густаў з маладых год пачаў рыхтавацца да змагання за ўвесь свет для Германii. Усё прайшло, як сон. Божа, наш Густаў не будзе арандатарам! Але чаму я сама не свая! Наш маёнтак не ў Германii, а так далёка. Мы яшчэ не прычакаем, пакуль тут стане карэнная Германiя.
   Яна падышла да акна i стала глядзець у яго. Вiдно было поле, вялiкi абшар з рэдкiмi дрэвамi i на даляглядзе сiнiя iстужкi лясоў. Вiдно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогi i непадалёку вiдно ў лагчыне мястэчка. Гертруда яшчэ не асвойталася тут. Яна не ведала нi назваў, нi iмёнаў, не трымала ў памяцi яшчэ анiводнага твару сярод тутэйшых людзей. Часамi смутак сцiскаў ёй грудзi. Як вялiкага свята, яна заўсёды чакала тых дзён, калi прыязджаў сюды Густаў, яе сын i ваенны начальнiк тутэйшай акругi. Ён заязджаў сюды даволi часта. Ён ведаў трывогi i сум свае мацi, ён быў ёй добрым i ласкавым сынам. Гэта быў дзейны чалавек i практычны работнiк. У яго акрузе былi чатыры канцэнтрацыйныя лагеры, i ён сам займаўся iмi. Дзеля iх ён нават зрабiў змены ў агульным для лагера рэжыме. Туды, пад Вялiкае скрыжаванне, былi напады на гарнiзоны i транспарты, тут жа было чамусьцi спакойна, i вышэйшае начальства лiчыла гэта заслугай Густава Шрэдэра. I ён, нiколi нiчым не выхваляючыся, чакаў таго часу, калi стане на паўкрока блiжэй да свайго фюрэра. Ён да таго любiў дакладнасць i завяршэнне ўсялякай справы, што два разы сам прыязджаў у лагер на "Перабродскай Злыбядзе" i на свае вочы бачыў, як на зямлi ляжаць людзi каля агароджы i навокал бочкi на колах. Што ж да яго мацi, то яна нават i ўяўлення не мела, што гэта такое канцэнтрацыйны лагер. Яна толькi ведала тую праўдзiвую сапраўднасць, што там многа людзей, якiя робяць усялякую работу, калi iх на гэта выганяць...
   Перабродскi канцэнтрацыйны лагер меў такi выгляд. Гэта было месца поблiзу тарфянога балота з куп'ём i наводдалек ад невялiкага лесу. А з двух бакоў было поле. Вялiкая прастора была абгароджана калючым дротам, навокал гэтай агароджы стаялi вартавыя салдаты. У адным месцы, ад поля, праз якое тут жа праходзiла дарога, на метраў дваццаць агароджы не было, i гэта было штосьцi накшталт уезду i ўваходу ў лагер. Тут не было анiякага будынка, i толькi на полi за агароджай стаяў барак з дошак, дзе жылi салдаты i адкуль проста з парога iшла пратаптаная сцежка ў дробнае мястэчка, схаванае тут жа ў лагчыне. У сярэдзiне агароджы трава была вытаптана, а больш як на палавiне плошчы засыпана пяском невядома дзеля чаго. Гэта было распараджэнне самога начальнiка акругi Густава Шрэдэра маладзейшага. Некалькi тыдняў забраныя ў лагер людзi насiлi на сабе ў торбах, хустках i ў дапасаванай да гэтага сваёй адзежы пясок з поля i засыпалi траву быццам бы для гiгiенiчнасцi. Людзей тут было то менш, то больш. Быў момант, калi тут было забраных пад дзесяць тысяч. Iх усё адпраўлялi кудысьцi на работу. Цяпер тут было людзей пад дзве тысячы. У агароджы, насупраць уезду ў лагер, стаяла пустая бочка на колах. Раз на дзень забраныя па чарзе прывозiлi сюды ў бочцы ваду з рачулкi i ставiлi бочку на гэтае месца. Хто першы дабiваўся, каб хапiць сабе ў бляшанку з-пад кансерваў вады, той мог лiчыць сябе шчаслiвым. Месца навакол бочкi было, вядома, самым зручным, каб дастаць вады. Таму, хто ўжо раз заняў сабе тут месца, той i не сыходзiў з яго тыднямi, каб захаваць яго за сабою. Тут так было густа людзей, што ляжаць не было месца. Тут людзi толькi сядзелi. Тут былi толькi здаровыя, што мелi сiлу, каб заўладаць тут месцам. Хворыя ляжалi на пяску глыбей у разлегласць, хворыя на крываўку асобна, блiжэй да агароджы. Аслабелыя, але не хворыя - на траве. Ночы цяпер стаялi зорныя i прыхаладалыя, i да самай ранiцы чулiся тут: моцны шэпт, кашаль, стагнанне, божканне, моцная малiтва таго, хто ўжо не верыў у Бога, i моцная знявага Бога з вуснаў таго, хто датуль шчыра верыў у яго. Ранiцаю сонца высушвала слабую восенную расу, i над хворымi яшчэ пачыналi раiцца мухi. Чуўся крык i каманда. Прыносiлi тую вечную ва ўсiх турмах, катаргах i арыштных месцах страву, што пры ўсiх уладах i рэжымах завецца "баланда", незалежна ад таго, цi там на вядро вады прыходзiцца бурак цi бульбiна. Усе прывыклi ўжо, што той, каго забiралi адсюль на работу, больш сюды не варочаўся. А цi на благое гэта, цi на добрае, кожнаму нельга было нават i падумаць, а нi то што каб ведаць. Спачатку выгараджаная лагерная плошча была меншая, пасля яе пашырылi, i ад старое агароджы асталося некалькi слупоў без дроту. Прыткнуўшыся галавою да аднаго з гэтых слупоў, тут ужо трэцi тыдзень ляжала Лукашэвiчава Лiза, у сукенцы, якая была раней светлая, а цяпер стала чорная ад зямлi. Асеннiя мухi раiлiся над ёю, калi прыпякала сонца, а яна ўсё ляжала i ляжала бадай што ў бяздум'i. Бяздум'е было яе ратункам, i iшло яно ад вялiкай слабасцi яе цела, боль i ныццё ў якiм сталi ўжо яе звычайнасцю. Калi прыносiлi баланду i ўсе кiдалiся да яе з бляшанкамi ад кансерваў, яна нават не паднiмала галавы i не бачыла таго страшнага малюнка, калi чалавек, загнаны ў няволю, у загарадзь i ў натоўп сабе падобных няшчасных, ад якiх адабрана права, самае першапачатковае, патрэбнае нават i некаторым жывёлiнам - дзеля сваiх прыродных патрэб пабыць часам у адзiноце, - яна не наглядала, як чалавек тут ператвараўся ў жывёлiну, а натоўп у чараду. Каля вядра з баландой людзi збiвалi адзiн аднаго з ног, ратуючыся ад галоднай смерцi i хваробы. Тыя ж, што былi цвярдзейшыя воляй, угаворвалi гэтых i словам i крыкам наладзiць сталасць. I пры баландзе i пры бочцы з вадой заўсёды стаяў шум сотняў галасоў. Спакайнейшыя i вытрыманейшыя аставалiся дзе-небудзь убаку, але затое мала калi i баланду i ваду бралi ў рот. Сярод iх нараджалiся думкi i планы аб уцёках, аб змаганнi з нямецкай салдатнёй, аб арганiзацыi ўсiх дзеля паўстання i масавым уцёку. Да гэтых належала адна высокая жанчына, да жудасцi хударлявая з постацi i з твару. Яна была не маладая i не тое каб старая. Так ёй магло быць год мала-менш як пяцьдзесят. Рысы твару строгiя i, можа, нават халодныя. Позiрк спакойны, мала рухавы, ён як бы быў выяўленнем чалавечай упэўненасцi, што нiчога новага на гэтым старым свеце не ўбачыш. Спачатку i яна кiдалася ў натоўп па баланду i ваду, але пасля ўбачыла, што лепш быць галодным, чым з памятымi касцьмi. Тады яна пачала ўгаворваць многiх устанавiць чаргу на баланду i ваду. Пачынанне яе перадалося да iншых, i, калi чарга пачала ўстанаўляцца, яна раптам адчула сябе так, што як бы ўжо зачапiлася за нейкую справу цi мэту, i гэта вывела яе душу з стану бязвер'я i безнадзейнасцi i дало ёй сiлы лягчэй цярпець сваё iснаванне.