- Гэта Сумлiчы?
   - Сумлiчы.
   - А немцаў не чуваць тут?
   - А ты хто?
   - Чэх.
   - Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалi душыць немцаў, дык яны сюды i носа не ткнуць. Трасцы!
   - Партызаны ўсюды?
   - Немцы толькi па гарадах асталiся.
   Зноў адчай i трывога выгналi з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, i новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волi i думкi. Аднак жа думка яго працавала даволi цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго iмкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапiцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: "Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты i слава фюрэра?" То хацелася сказаць: "Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!" - i цалаваць гэтых дзяўчынак.
   - Гэта чэх, - сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькi што падышла.
   - Дык чаго ж ты стаiш, - сказала Шрэдэру новая дзяўчынка. - Калi ты чэх, дык iдзi папрасiся ў людзей у хату. Ты ж ледзьве стаiш.
   Вось i чалавечае слова! Яго моцна ўразiла. Ён аж хiстануўся на нагах. Раптам ён успомнiў. Дастаў з кiшэнi запiсную кнiжачку i хутка знайшоў запiсанае яшчэ ў Германii, калi збiраўся сюды. Запiсана было рукою Гертруды, перапiсана з яго пiсем. Яна пiсала з нядобрым пачуццём да яго i з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запiс, ён сказаў:
   - Дом Нявады.
   - Мы завядзём, - сказалi ў адзiн голас дзяўчаткi.
   - А ты праўда чэх, цi можа немец? - сказала адна.
   - Чэх, - адказаў ён.
   I яны павялi яго на край мястэчка, дзе радзей стаялi хаты i вiдно было поле. У хату яны ўвайшлi разам з iм i ў адзiн голас сказалi:
   - Гэта чэх, хоча есцi i спаць.
   I выйшлi з хаты. Ён пераступiў з нагi на нагу i ўбачыў: на лаве ляжаць вiнтоўка i патроны, на табурэце сядзiць чалавек, пасярод хаты стаiць жанчына i ў пасцелi ляжыць дзяўчынка. Падлогi ў хаце няма, а ўбiтая зямля. Гэтая зямля i ўразiла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калi ён тут скiнуў з сябе хваробу i раскрыў перад людзьмi душу. I вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць i, мусiць, хворая. Бо такi худы i жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. I зноў яму душу сцiснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкi. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калiсьцi, паiла яго малаком. Ён пачаў калацiцца.
   - Ну дык садзiся, чэх, - сказаў чалавек, - зараз цябе накормiм.
   Шрэдэр сеў, i думкi яго зноў аслабелi. Яго хiлiла да забыцця. I смутак, вялiкi смутак аб усiм свеце i аб сабе здушыў яго.
   - Садзiся блiжэй да стала, налью табе есцi, - сказала жанчына.
   Ён сеў за стол i сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Вiдаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакiнуць быць арандатарам.
   - Я некалi падараваў быў вам золата. Гадзiннiкi, пярсцёнкi, крыж. У тую вайну я быў хворы i палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?
   Ён не памятаў, што казаў. У вачах яго цямнела, душа ныла.
   - Божачка! - шпарка прагаварыла жанчына. - Адкуль ты ведаеш?.. А... Гэта быў ты? Я тады была яшчэ малая.
   - Дык ты немец? - Раптам заварушыўся чалавек. - I я тады быў малы. А яна цяпер малая, - i чалавек ткнуў рукой туды, дзе ляжала хворая дзяўчынка. - Дык ты немец? Выйдзi з хаты! Чуеш? Iдзi! - Чалавек узяў з лавы вiнтоўку i грукнуў прыкладам у зямлю. Шрэдэр саскочыў з лавы i пайшоў у дзверы.
   - У сад iдзi! - закрычаў чалавек. - Унь туды!
   Шрэдэр увайшоў у сад, дзе густа стаялi голыя дрэвы, i зямля была зацярушапа мерзлым лiсцем.
   - Стой!.. - сказаў чалавек.
   Шрэдэр стаў i штосьцi шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкiя словы з расейскiмi.
   Чалавек не слухаў, прыцэлiўся i стрэлiў. Шрэдэр упаў i сканаў, лежачы, праз хвiлiн паўтары.
   Кастусь Лукашэвiч убачыў на дрэве падмерзлую бэру сярод чорнага лiсця. Падумаў, на яе гледзячы, зазiрнуў у пуньку, узяў з саломы два яблыкi i ўвайшоў у хату.
   - На, Лiзачка, еш антонаўкi, - сказаў ён, падыходзячы да хворай дзяўчынкi.
   1943-1944
   Каментары
   Друкуецца па аўтографе. На вокладцы - назва рамана i малюнак, якi належыць пяру К.Чорнага: два дрэвы на першым плане i трэцяе ўдалечынi. На першым лiсце рукапiсу намалявана высокае дрэва i будынак, у якiм можна ўгадаць гумно з шырокiмi варотамi, каля сцяны знаходзiцца фрагмент агароджы. На другiм лiсце слупком выпiсаны iмёны i прозвiшчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: "Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзiн вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцiнiца "Якорь". 2 лiпеня 1944 года Чорны запiсаў у сваiм "Дзённiку", што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапiсваў рукапiс рамана: "А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць "Пошукi будучынi", мне была пакута выпiсваць роўна загаловак i першы радок".
   Упершыню раман публiкаваўся ў часопiсе "Полымя", 1950, № 11-12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.