- Я вось толькi што прыехаў з Варшавы, - пачаў Эмiгрант, - i магу вам сказаць, што тут лепш, чым там.
   Маладзiцы натапырылiся, не раўнуючы вераб'i на марозе.
   - Ведаю, - сказаў чалавек з перабiтым носам. - Я нават ведаю, хто ты такi.
   - Я таксама цябе недзе бачыў, - Эмiгрант спрабаваў успомнiць, але не здолеў.
   - На "Ратушы", у хiповыя часы. Ты на "Ратушы" быў каралём. I нават мянушка твая - Князь.
   - Гэта ў мяне ад прозвiшча - Князькоў. Толькi я цябе нiяк не ўспомню.
   - Пэўна, з-за носа, - меркаваў чалавек са шнарам на пераноссi.
   - А што такое "Ратуша"? - уставiла адна з маладзiц.
   - Сквер насупраць Дома ўрада, - адказаў Эмiгрант.
   - А чаму тут лепш, чым там? - пацiкавiлася другая.
   - Тут мама, тата i... каханне, - цiха адказаў Эмiгрант.
   - А мы вось выставу фотаплаката адзначаем, - паведамiла тая, што пыталася пра "Ратушу".
   - А ш-ш-што г-г-гэта твае плакаты на выставе? - Эмiгрант пачаў заiкацца, калi звярнуўся да суседа па стале.
   - Мае.
   - Усе?
   - Усе.
   Эмiгрант памаўчаў, супакоiўся i спытаўся:
   - А ты змог бы зрабiць мой партрэт, толькi каб я на iм быў на дванаццаць гадоў маладзейшы, каб я быў такi, як на "Ратушы" - кароль хiпi. Я далярамi заплачу.
   Чалавек з непрыгожым носам паглядзеў на самаўпэўнены твар Эмiгранта, успомнiў, што ў таго былi доўгiя, да плеч, валасы, i сказаў:
   - Магу.
   - Дамовiлiся. А цяпер, дзяўчаты, я вас запрашаю пакатацца на белым "Мерседэсе". Вядома ж, калi фотамайстра не будзе супраць.
   - Буду толькi рады, калi ты, князь, пакатаеш дзяўчат. У мяне яшчэ ёсць справы на вечар.
   "Мерседэс" плаўна адкацiўся ад ганка "Глiнтвейнi", на якiм прыпальваў цыгарэту чалавек з крывым носам. Раптам шыкоўная машына дала заднi ход. Эмiгрант высунуўся з акна:
   - Т-т-толькi не фатаграфуй больш маю каханку без трусоў.
   Ён зноў заiкаўся.
   У сераду Эмiгрант прагуляў больш за 500 дзеравяных (рублёў) разам са сваiмi новымi сяброўкамi з "Глiнтвейнi".
   У чацвер ранiцай ён развiтаўся з бацькамi. Мама плакала. А ўначы Эмiгрант перасек мяжу.
   XVIII. БОЖАЯ МАЦI
   Рэстаўратар сядзеў на рыштаваннях у хрысцiянскiм саборы. Касцёл асвятлялi жаўтлявыя лямпачкi. Начны вецер напiнаў тоўсты полiэтылен, якiм былi зацягнуты вокны.
   Другi дзень рэстаўратар адпрацаваў адзiн у вялiкай баракальнай пабудове. Ён здымаў копii з фрэсак. Вочы балелi. Маляваць рэстаўратар больш не мог, але iсцi ў брудны i сумны гатэль не хацелася. Ён сядзеў на пыльных дошках, звесiўшы ногi, i глядзеў "у нiкуды".
   Раптам з-пад рыштаванняў на сярэдзiну касцёла выйшаў атрамантавы кот.
   - Кыцы-кыцы-кыцы, - паклiкаў рэстаўратар.
   Кот выгнуў шыю. Колка блiснулi вочы.
   - Хадзi сюды. Чуеш? Хадзi... пагаворым.
   Кот бясшумна наблiзiўся да веснiц i пачаў узбiрацца на другi ярус. Гладкая поўсць цьмяна зiхацела. Калi жывёла падышла зусiм блiзка да рэстаўратара, працягнi руку - схопiш, той сказаў:
   - Стой!
   Кот скамянеў. Рэстаўратару зрабiлася млосна. Ён захацеў загаварыць i не змог.
   - Мга-а-аў, - жывёлiна прагнулася нiбыта каб скокнуць.
   - Пай-пайшоў прэ-эч, чорт хвастаты, - рэстаўратар замахнуўся.
   Кот падаўся назад, завярнуўся i пайшоў да веснiц. Рэстаўратар неадрыўна сачыў за атрамантавай спiнай, пакуль тая не схавалася за рыштаваннямi.
   - Ой, рана на Йвана, - заспяваў рэстаўратар.
   Моцны голас запоўнiў саборную прастору.
   - На Купалу ночка мала. Ой, рана на Йвана...
   Рэстаўратар нечакана абарваў спевы - убачыў, як аблокi, намаляваныя на сцяне, зрушылiся i паплылi скрозь рыштаваннi. Анёл з белаю лiлеяю ў руцэ ўзмахнуў крыламi i плаўна ўзняўся пад купал. Мастак пабачыў ранiшнi краявiд, якi ляжаў за саборам. Тое самае мястэчка, тая самая асмужаная лёгкiм рачным туманам далiна... З неба па белых аблоках iшла жанчына.
   "Божая Мацi, - мастак пачуў свой голас. - Гэта - Божая Мацi".
   - Слухай, - загаварыла жанчына. - Яны прыйдуць i прагоняць цябе. Яны прагоняць, i ты паслухаешся i сыдзеш. Сыдзеш i вернешся, але яны не адчыняць дзверы. Зноў i зноў ты будзеш вяртацца. Цябе чакаюць.
   Жаночая постаць растала ў аблоках.
   Рэстаўратар прахапiўся. Бляклыя лямпачкi ледзь асвятлялi напаўразбураны iнтэр'ер сабора Ўспення Дзевы Марыi.
   Праз колькi тыдняў рэстаўратара звольнiлi, бо ў нерабочы час ён пачаў пiсаць пано "Страшны суд", якое выклiкала пратэст у кiраўнiкоў.
   Калi рэстаўратар збiраў па рыштаваннях свой рыштунак, дык прыклаў далонь да намаляванага анёлавага пляча - сцяна была цёплая.
   Праз год рэстаўратар, якi працаваў маляром, наведаў мястэчка, дзе высiўся былы кармелiцкi сабор Успення Дзевы Марыi. Касцёл быў замкнёны.
   Гаварыць пра бачанае чалавек баiцца.
   XIХ. БУТЛЕГЕР
   Суседу было гадоў пад восемдзесят, i жыў ён зусiм адзiн. Ягоная аднапакаёўка была паверхам вышэй за нашую. Яшчэ ў яго быў буфет, пэўна, старэйшы за гаспадара. Запомнiлася, як сусед стаяў каля буфета, мусолiў у руцэ тры рублi i гаварыў:
   - Яна памерла...
   Гэта пра жонку. Я забраў у яго грошы, адлiчыў рэшту i сышоў.
   Я прыносiў яму малако i хлеб. Пасля iнсульту ён блага гаварыў i амаль не мог хадзiць. Ад ложка да буфета, ад буфета да прыбiральнi, ад прыбiральнi да ложка, i ўсё з адпачынкамi, усё каля сцяны. А я ў свае дзесяць гадоў выконваў абавязкi перасоўнае крамы.
   - Яна памерла, - казаў сусед кожнага разу, калi я перадаваў яму прадукты.
   За тое, што хадзiў у краму, я браў з яго пяцьдзесят капеек. Як сусед еў, я нiколi не бачыў. Прадукты заставалiся на буфеце. Мы развiтвалiся. Дзверы ён нiколi не зачыняў, яно i зразумела.
   Яшчэ ў мае абавязкi ўваходзiла здаванне пустых бутэлек. Грошы за iх я пакiдаў сабе.
   Сусед памёр на кухнi, укленчыў каля буфета i сканаў.
   На пахаваннi я плакаў i ўсё не мог адвесцi вачэй ад сiняга вуха нябожчыка.
   Як усе з'ехалi на могiлкi, я аднёс у прыёмны пункт сем бутэлек. Атрымаў за iх рубель i пяць капеек. Рубель быў жалезны, пятак таксама блiскучы. Таму i запомнiў, што бутэлек было якраз сем.
   Мацi ў мяне добрая. Яна заўсёды суседзям дапамагае, проста так. Яе ўсе любяць i гавораць мне: "Якая ў цябе цудоўная мама". А я зусiм да яе не падобны. Знешне, маю на ўвазе.
   Жыў у маiм доме яшчэ адзiн чалавек, якому я насiў бутэлькi. Ягоная кватэра была ў суседнiм пад'ездзе на першым паверсе. Я нярэдка бачыў, як ён вечарамi пiша за сталом пад настольнай лямпаю. Ён быў лiтаратарам. Жыў з мацi i жонкаю. Ягоныя мацi i жонка памерлi ў адзiн год.
   "Мацi доўга хварэла, а жонку рак з'еў за месяц", - так гаварылi ў двары.
   Лiтаратар сперажываўся i пачаў пiць. Па гарэлку ён пасылаў мяне. Я падыходзiў пад краму i прасiў мужчын, каб узялi мне бутэльку. Я прыносiў гарэлку да лiтаратара, ён садзiў мяне за стол i казаў:
   - Яны чакаюць. Жонка i мацi. Павесiцца я не магу. Лепей спiцца. Мне знаёмы фельчар казаў, што, калi мужчына вешаецца, у яго чэлес устае. Я хацеў пра гэта напiсаць, а так i не напiсаў. Трэба пiць. Гэта не самы горшы шлях да iх, можа, не самы кароткi, але не горшы...
   Лiтаратар пiў "па-чорнаму".
   Ён плацiў мне па рублю за пляшку. Звычайна я прыносiў гарэлку, калi яе не было, браў каньяк. Вiна лiтаратар не пiў.
   Пустыя бутэлькi здаваў я. Назбiраецца штук трыццаць - занясу ў прыёмны пункт. Грошы мне.
   А памёр ён раптоўна. Сам выклiкаў "хуткую дапамогу". А калi тая прыехала, ён быў ужо нежывы.
   "Хавалi яго з пыхаю. Труна ў Палацы прафсаюзаў стаяла, i хор спяваў", так гаварылi ў двары.
   Аднойчы я расказаў сваёй жонцы пра гульню ў перасоўную краму.
   - А я i не ведала, што ты ў дзяцiнстве быў такi паганец, - падсумавала яна.
   А мне падумалася, што яшчэ паглядзiм, хто здасць бутэлькi пасля вашай смерцi.
   XХ. ГАЗАВIК
   У кватэру зайшоў Газавiк са стажорам.
   Напярэдаднi яны паставiлi ў гэтай кватэры новую польскую плiту, але ў гаспадынi не знайшлося тады патрэбных грошай, каб разлiчыцца. Яна папрасiла зайсцi праз тыдзень i паабяцала акрамя грошай бутэльку вiна.
   Газавiку было гадоў пад сорак, але, як i ўсе людзi сантэхнiчнага занятку, ён меў такi выгляд, што адразу сказаць, колькi яму - 25 цi 50, было немагчыма. Высокi, але крыху сутулаваты, хударлявы, з цёмным ад алкаголю тварам, ён i ўзiмку i ўлетку насiў цёмна-сiнюю балонневую куртку. У правай руцэ ён трымаў парэпаную, але важкую валiзку з рыштункам. У адрозненне ад кучаравага стажора, Газавiк менш за ўсё паходзiў на Дон Жуана.
   Гаспадыня заўсмiхалася i, замест таго каб схадзiць па грошы i вiно, запрасiла Газавiка прайсцi ў пакой. Той скiнуў боты i ў тоўстых ваўняных шкарпэтках пайшоў за жанчынаю. Дзверы за сабой Газавiк не зачынiў.
   Стажор пачуў настойлiвы шэпт, потым смех. Калi наступiла цiшыня, ён крадком наблiзiўся да дзвярэй, але ўбачыў толькi пустую частку пакоя. Зазiрнуць ён не наважыўся, затое пачуў шапаценне сукенкi i шорах балонневай курткi. Пра тое, што дзеецца ў нябачнай частцы пакоя, стажор, вядома, здагадаўся. Ён раптам адчуў, як налiваецца гарачынёю твар.
   Газавiк выйшаў з пакоя ўвесь чырвоны. Куртку ён зашпiляў на хаду. Дзверы засталiся шырока адчыненыя. Стажор убачыў жанчыну, што ляжала на стале, шырока раскiнуўшы ногi. Яна глядзела на хлопца i ўсмiхалася. Той сумеўся i не адразу ўцямiў, што жанчына знарок засталася ў такой недвухсэнсоўнай позе.
   - Э-эй, - жанчына ўзмахнула рукою. - А ты хiба не хочаш атрымаць свой заробак?
   Стажор зрабiў крок, але ўспомнiў, што не зняў чаравiкi, i спынiўся.
   - А можа, ты iмпатэнт? - кватэру запоўнiў смех. - Цi ты не хочаш? жанчына села на стале. - А я вось, была б толькi магчымасць, з ранiцы да самага вечара займалася б толькi сексам!
   Стажор, не зняўшы чаравiкi, падышоў да стала i, стоячы, зрабiў тое, чым так хацела займацца жанчына з самай ранiцы i ажно да вечара.
   Калi Газавiк са стажорам выйшаў з кватэры, дык закурыў папяросу i сказаў:
   - Адразу вiдаць, што ў хаце няма гаспадара.
   - Лепш бы мы грошы i вiно ўзялi, - у тон працягнуў стажор.
   - Слiмак! - сказаў Газавiк i ўдарыў стажора кулаком у патылiцу.
   XXI. НАТУРШЧЫЦА
   Два жывапiсцы, калматы i рудабароды, накiроўвалiся да мансарды ў майстэрню з бутэлькай кубiнскага рому "Havana Club", калi сустрэлi Натуршчыцу.
   - Вы куды? - спыталася яна.
   Мастакi паказалi "Havana Club".
   - Я з вамi, - узрадавалася Натуршчыца.
   Калi рому ў бутэльцы паменшала недзе напалову, жанчына ўстала i заявiла:
   - Хачу танчыць!
   Калматы i рудабароды прамаўчалi.
   - Буду танчыць аголеная, а вы будзеце мяне жывапiсаць...
   Мужчыны нiчога не адказалi.
   Натуршчыца зайшла за шырму, дзе распранулася цалкам. Потым выйшла на сярэдзiну пакоя i пачала скакаць. Вялiкае белае цела хвiлiн пяць лётала па майстэрнi, ажно пакуль не заскавытаў дзвярны замок. Жанчына войкнула i заляцела за шырму. Рудабароды адчынiў дзверы. На парозе стаяла суседка:
   - Што тут у вас творыцца? Вы што, каня сюды прывалаклi? У мяне жырандоля ледзь-ледзь не абарвалася. А як абарвецца - то ўжо будзеце плацiць. А вы хоць ведаеце, колькi яна каштуе?
   Рудабароды сцепануў плячыма.
   - Вось-вось, не ведаеце, таму i скачаце. 1200 рублёў яна каштуе! I калi толькi што - давядзецца заплацiць...
   - Скакаць больш не будзем, - рудабароды спынiў суседку.
   - Я папярэдзiла, каб потым не казалi, што не ведалi. 1200 рублёў!
   - Заплацiм! - мастак зачынiў дзверы.
   Натуршчыца выйшла з-за шырмы i запрапанавала выпiць. Калматы разлiў па шклянках ром. Натуршчыца выпiла стоячы, паставiла шклянку на стол i села на каленi да рудабародага. Той высока ўзняў поўную шклянку i ўсклiкнуў:
   - Карцiна Рэмбранта "Аўтапартрэт з Саскiяй"!
   - На Саскiю яна не цягне, як i ты на Рэмбранта, - з'едлiва зазначыў калматы мастак, было вiдаць, што ён пакрыўдзiўся на жанчыну, бо тая села на каленi не да яго.
   - Затое ў пана Рэмбранта Харменса ван Рэйна не было... - рудабароды са смакам выпiў свой ром.
   - А ў мяне лепшая фiгура, чым у тваёй Саскii. Ты толькi ўспомнi тую карову: жывот вiсiць, грудзi вiсяць i яшчэ складкi тлушчу на спiне.
   - Не было ў Саскii нiякiхскладак сала. Ты пераблытала Рэмбранта з Рубенсам, - баранiўся калматы.
   - I нiчога я не паблытала. Вялiкi альбом, на супервокладцы партрэт Яна Сiкса, якi нацягвае пальчаткi. Ёсць такi альбом? Ёсць! I яшчэ там быў смешны афорт. Жанчына спраўляе патрэбы. Таўсценная карова, задраўшы спаднiцу, сядзiць на кукiшках i спаражняецца праз дзве адтулiны. Вось табе галандская эстэтыка. Так што не блытаю я Рубенса i Рэмбранта, а складкi тлушчу былi, менавiта ў Саскii.
   - Не было, - не здаваўся калматы.
   - Дарэчы, лiтовец, якi аблiў кiслатою Саскiю, добра зрабiў, бо ўсе карцiны Рэмбранта антыэстэтычныя, - Натуршчыца пацалавала рудабародага жывапiсца. - Слушна я кажу?
   - Слушна, - кiўнуў той.
   - Не слушна, - калматы жывапiсец устаў. - Лiтовец аблiў кiслатою не Саскiю, а Данаю, i не па эстэтычных, а па палiтычных матывах.
   - Палiтыка, палiтыка, - скрывiлася Натуршчыца. - А чаму тэрарыст выбраў Рэмбранта? Чаму Данаю? Чаму не Тыцыяна цi Рафаэля? Я адкажу сама. Даная антыэстэтычны твор, як i Саскiя, дарэчы. Што, можа, не так?
   Калматы адно толькi махнуў рукою.
   - А я хачу танчыць, - узрадавалася аголеная Натуршчыца.
   Рудабароды цiха зашаптаў ёй у вуха.
   - Ты што, думаеш - я шлюха, - абурылася тая.
   - Тады пайшлi за шырму, - спакойна прапанаваў рудабароды.
   - Занясi мяне...
   Рудабароды панёс жанчыну за шырму. Калматы вылiў рэшткi рому ў шклянку i спустошыў яе адным вялiкiм глытком. З-за шырмы чулася парыпванне канапы. Калматы запалiў цыгарэту. Калi рудабароды жывапiсец выйшаў з-за шырмы, ягоны калега дапальваў ужо трэцюю цыгарэту.
   - Ты што, увесь ром выжлукцiў?
   - А ты думаў, я буду адно сядзець i слухаць, як вы маркiтуецеся?
   - Можаш i ты схадзiць за шырму.
   Калматы згасiў недапалак i пайшоў за шырму. Рудабароды ўзняў бутэльку "Havana Club" i паглядзеў на святло. На донцы сабралася грамаў дзесяць пятнаццаць. Мужчына вытрас рэшткi рому з рыльца проста ў рот.
   - Толькi не ў мяне, - пачуўся з-за шырмы голас Натуршчыцы.
   Рудабароды прыслухаўся, але ў майстэрнi было цiха. Тады ён устаў, саставiў тры крэслы ў шнур i лёг на iх. I тут цiшыню ўзарваў грукат. Рудабароды ўскочыў са свайго лежбiшча. Шырма ляжала на падлозе. Калматы стаяў на адной назе i нацягваў нагавiцы. Натуршчыца паднялася з канапы i закрычала:
   - Гэты iдыёт усё вылiў мне ўсярэдзiну. Я ж сказала, што сягоння спускаць нельга. Скацiна кудлатая...
   Калматы засмяяўся:
   - Я ад тваёй пяшчоты забыў усё на свеце. I яшчэ я не прывык падманваць свае яйцаклеткi.
   Калi жывапiсцы з Натуршчыцай стаялi на тралейбусным прыпынку, дык тая сказала:
   - З вас 50 рублёў, па 25 з кожнага, на аборт.
   Калматы склаў дулю i паднёс да сур'ёзнага твару Натуршчыцы. Тая размахнулася, каб ударыць нахабнiка па шчацэ, але рудабароды перахапiў агрэсiўную руку.
   - Супакойся, заўтра прыйдзеш, i я дам грошы. Ты ж нас ведаеш i любiш. А ён перабраў.
   Калматы жывапiсец адышоў на колькi крокаў i гучна сказаў:
   - А ў Саскii не было складак тлушчу на спiне.
   XXII. РАБАЎНIК
   У Рабаўнiка было хобi - джаз. Ён збiраў фiрмовыя кружэлкi, наведваў канцэрты i нават меў свой уласны iнструмент. Калi да яго прыходзiла жаданне, дык Рабаўнiк браў саксафон, уяўляў сябе на белым цеплаходзе, што асветлены рознакаляровымi лямпачкамi плыве па начной Мiсiсiпi, i доўга натхнёна iмправiзаваў. Гадзiнамi Рабаўнiк мог заставацца сам-насам з каштоўным iнструментам i ўсяго толькi дзеля ўласнага задавальнення.
   На сольны канцэрт амерыканскага джазмена трубача Рабаўнiк ездзiў у Маскву.
   "Раз у жыццi можна пачуць i ўбачыць Бога", - падумалася Рабаўнiку, калi ён браў квiток на самалёт.
   Пасля канцэрта Рабаўнiк палiў на ганку фiлармонii. Побач з iм палiлi дзве маладыя пiянiсткi.
   - Ён - Бог! - цiха гаварыла адна. - Я ж не разумела джаз... А тут раптоўна для мяне адкрыўся новы свет. Трынаццаць гадоў я займалася музыкай, i кожны настаўнiк лiчыў за свой абавязак нагаварыць рознай дрэнi пра джаз. Але калi слухаеш Бога, усе настаўнiкi робяцца лiлiпутамi...
   "Сапраўды, а чаму Бог не можа быць неграм? Чаму абавязкова добры стары дзед з доўгай барадою, а не тоўсты трубач?" - падумалася Рабаўнiку, i ён сказаў уголас:
   - Цалкам з вамi згодны. Ён - Бог! I я не жартую.
   Пiянiсткi пераглянулiся, i тая, што казала пра Бога, знiзаўшы вострымi плячыма, спыталася:
   - А, зрэшты, хто вы такi?
   - Я? - Рабаўнiк зразумеў, што цалкам не падрыхтаваны да размовы, i ледзь не назваў сваё сапраўднае iмя, - Раман, я - рэстарацыйны саксафанiст з Гомеля. Правiнцыял, якi мае толькi адну загану, люблю джаз...
   Пiянiсткi, было вiдаць па тварах, страцiлi цiкаўнасць да асобы правiнцыяла, але на развiтанне адна з iх, што была ў зялёнай сукнi, вырашыла ўсё ж паставiць чорны крыж на выпадковым знаёмстве.
   - Скажыце, а ў Гомелi ўсiм супрацоўнiкам рэстарацый выдаюць ангельскiя гарнiтуры цi толькi тым, што крадуць мяса?
   Рабаўнiк зазлаваў, але выгляду не падаў:
   - Прабачце за нясцiпласць, але на мне фiнскi гарнiтур, а не ангельскi. Мяса я, на жаль, не магу красцi, бо яно размяркоўваецца памiж кухарамi. Я краду, даруй мне Божа, толькi каньяк, i калi вы не супраць, дык у гатэлi "Расея" ў мяне засталася апошняя крадзеная бутэлька, якую можна выпiць за джазмена.
   - А яшчэ аднаго аматара джаза з Гомеля ў вас няма? - спыталася пiянiстка ў чырвонай сукнi.
   - З сабой няма, ён застаўся распрацоўваць тэму "Радыеактыўны блюз".
   - Тады паехалi ў "Расею". Удзвюх мы як-небудзь з вамi справiмся.
   "Паглядзiм", - падумаў помслiвы Рабаўнiк.
   Досыць доўгае стаянне на таксовым прыпынку дазволiла яму перайграць сiтуацыю, i ў вынiку трыо аматараў джаза апынулася ў рэстарацыi "Прага". Пасля выпiтага каньяку пiянiсткi ледзь не ўгаварылi Рабаўнiка выйсцi на эстраду, пазычыць саксафон i сыграць "Радыеактыўны блюз".
   - Калi будзеце так даставаць, дык я прадам свой фiнскi пiнжак, але ўгавару лабухаў iграць тры разы запар "Сабачы вальс", i ад канцэрта чорнага Бога не застанецца нi знаку, нi следу.
   "Сабачы вальс" пiянiсткi слухаць не захацелi, затое пагадзiлiся ўзяць на вынас каньяк i шампанскае ды пагуляць па начной Маскве. Прагулянка, як i разлiчваў Рабаўнiк, скончылася танцамi на кватэры ў адной з пiянiстак. Танцавалi дзяўчаты выдатна.
   "Трынаццаць гадоў адзаймайся музыкай, i пачуццё рытму выпрацуецца, хочаш ты таго цi не хочаш", - зазначыў для сябе Рабаўнiк.
   Незаўважна для дзяўчат ён растоўк на кухнi дзве пiгулькi сонных лекаў i высыпаў у келiх пiянiсткi, што была ў чырвонай сукнi. Тая выпiла разам з усiмi за чорнага Бога i нават не заўважыла, што смак напою змянiўся. Рабаўнiк запрасiў яе на доўгi павольны танец.
   - Спа-а-аць, - пiянiстка пазяхнула.
   - Пайшлi, я правяду, - ён пацягнуў яе за руку.
   - Не трэба, я сама, - сказала яна, але паслухмяна пайшла за Рабаўнiком у спачывальню.
   - Рабi што заўгодна, толькi хутчэй. Я проста памiраю, так хачу спаць.
   Па ўсiм Рабаўнiк зазначыў, што пачуццё рытму ў пiянiсткi не знiкае нават пасля каньяку, шампанскага i сонных лекаў.
   Другая пiянiстка цiхамiрна спала, седзячы ў глыбокiм фатэлi.
   Рабаўнiк падрыхтаваў на кухнi новы келiх з каньяком i сонным. План у яго быў даволi просты, але, каб здзейснiць, давялося аднаўляць сваю мужчынскую здатнасць з дапамогаю самага звычайнага масiравання. Калi чэлес меў станоўчы выгляд, Рабаўнiк пабудзiў пiянiстку, што заснула ў фатэлi. Яны нават не клалiся на кiлiм, Рабаўнiк здзяйсняў свой план, укленчыўшы каля фатэля.
   Па ўсiм пiянiстка засталася задаволеная. Рабаўнiк прапанаваў выпiць, i яна праглынула сонны напой. Ён не пашкадаваў пяшчоты, каб дзяўчына хутчэй заснула.
   Рабаўнiк запэўнiўся, што пiянiсткi спяць, прыняў душ, памыў посуд, старанна працёр усе паверхнi, дзе маглi застацца адбiткi ягоных музычных пальцаў, i пачаў педантычнае, але хуткае абследаванне кватэры. Ён пакiнуў абрабаванае жытло толькi тады, калi ў кiшэнях фiнскага гарнiтура ляжала каштоўнасцяў тысяч на дваццаць пяць. У гатэль "Расея" Рабаўнiк не паехаў, бо спынiўся ён у гатэлi "Украiна". Адтуль, вядома ж, разлiчыўшыся, ён даехаў на таксоўцы ў аэрапорт i праз колькi гадзiн быў у родным Менску.
   Праз месяц Рабаўнiк даволi выгодна прадаў саксафон i калекцыю фiрмовых кружэлак, бо канчаткова пераканаўся, што з-за хобi - любовi да джаза - можна атрымаць дысквалiфiкацыю ў сваёй асноўнай гульнi - кватэрных рабаваннях.
   Рабаўнiк клаў у кiшэню грошы за iнструмент, i яму падумалася, што Бог усё ж больш падобны да белабародага дзеда, чымся да потнага амерыканскага негра з трубою.
   XXIII. МАНЕКЕНШЧЫЦА
   - Ну, не плач, не плач, - сяброўка суцяшала Манекеншчыцу. Тая размазвала хустачкай сапсаваны слязьмi макiяж i нiяк не магла супакоiцца.
   - Я ж думала, што ён сапраўды мяне любiць. А ён...
   - Гад ён, - уставiла сяброўка.
   - Ён не гад, ён добры... А сягоння, я нават не ведаю, што на яго найшло. Я з падарункам... У яго - дзень нараджэння. Я прынесла шалiк доўгi белы шаўковы... Ведаеш, як прыгожа глядзяцца на высокiх мужчынах доўгiя шалiкi? Уяўляеш, у яго ёсць чорнае палiто, вось да яго i купляўся гэты шалiк. Проста вымольвала ў Доме мадэляў, ледзь не ўкленчыла. Мне ж так хацелася, каб у Мiколенькi быў такi падарунак, каб яму было прыемна... А ён выгнаў мяне i шалiк кiнуў у твар. Ненавiджу яго!
   - Шалiк? - здзiвiлася сяброўка.
   - Пры чым тут шалiк? Яго хто нi навяжа, адразу робiцца падобны да гомасексуалiста. Мiколеньку я ненавiджу. Ён мне ўсё жыццё перакруцiў, каб яго самога ў пятлю скруцiла. У мяне быў муж, памятаеш? Абы-што, але муж. З-за Мiколенькi мы развялiся. Ну, ды Бог з iм. Потым мне падалося, што Мiколенька - нiкчэмнасць, сквапны дробны хлус. Я папрасiла пазычыць мне 200 рублёў, а ён апусцiў вочкi i сказаў, што ў яго iх няма. Як жа ж, няма! Я i завяла сабе немца. Памятаеш, таго тоўстага iнжынера? Выдатны быў немец. I якая ж я была дурнiца, калi з-за Мiколенькi пакiнула iнжынера з маркамi. Я паверыла ў словы пра каханне, iдыётка. А сягоння прыйшла з падарункам, бо Мiколенька паабяцаў нарэшце пазнаёмiць мяне са сваiмi бацькамi. А замест бацькоў ён мне паказаў часопiс...
   - Часопiс? - сяброўка здзiвiлася.
   - Памятаеш вокладку: я аголеная трымаю ў руках кавалак паўпразрыстага шкла? Твару не вiдаць. А ўсё астатняе... Каму якая справа? Гэта ж мая праца, слушна? Чаму ўсiм зайздросна, што ў мяне прыгожае цела? I таму яго трэба хаваць у саўкоўскiх анучах?..
   - Дый не павiнна ты хаваць сваё цела, - пераканана сказала непрыгожая сяброўка.
   - А, можа, Мiколенька думае, што я была б супраць, каб i яму прапанавалi сфатаграфавацца на вокладку? Ды нi ў якiм разе, фатаграфуйся, колькi заўгодна... Толькi нiхто не прапануе. На твары ж не напiсана, што дзед пакiнуў паўмiльёна ў спадчыну? А Мiколенька ўпэўнены, што ўсё гэта вiдавочна, што, маючы грошы, можна здзекавацца з каго заўгодна. Ён упэўнены, што мне падабаецца займацца сексам у ягонай смярдзючай машыне. Ну, я разумею, была б сапраўдная машына, дзе можна было б легчы. А ў гэтай, калi ўвесь час пяткi каля вушэй, рукi невядома дзе, а рухацца зусiм немагчыма, бо цi што-небудзь разаб'еш, цi то сам падзярэшся аб якi-небудзь незакручаны вiнт. У Мiколенькi кватэра i дом за горадам... Але ж гэта для iншых, а для мяне - машына... Ты ведаеш, пра што я падумала?
   - Не, - сказала сяброўка.
   - Напэўна, у Мiколенькi ўсе астатнiя палюбоўнiцы такiя тоўстыя, што з iмi нельга займацца сексам у машыне. А са мной можна, я ж такая гнуткая, што можна злавiць кайф нават у машыне. Але гэтага больш не будзе. Хай ён задавiцца сваiмi грашыма разам са сваiмi сытымi каханкамi. Абнаглеў, казёл. Я прыходжу, а ён мне часопiс паказвае i крычыць: "Ты - прастытутка!" I б'е мяне часопiсам па твары... Казёл! Не дарую. Нiколi не дарую...
   Манекеншчыца заплакала.
   Сяброўка спачувальна захiтала галавою:
   - Ён не варты тваiх слёз. Не плач...
   XXIV. САДОЎНIК
   Садоўнiк жыве на беразе мора, у вёсцы. Уяго маленькi дамок i палiсаднiк.
   Шторанiцы Садоўнiк iдзе ўздоўж берага на працу. I можна ўбачыць на золку, як шырокiм крокам абпалены сонцам i ветрам малады чалавек iдзе i нясе на плечыках белую накрухмаленую кашулю. На Садоўнiку чорныя нагавiцы i чорныя паўчаравiкi, нiякай iншай вопраткi ён не прызнае. А белую накрухмаленую кашулю ён ускладае толькi ўвечары. А пакуль ён кiруецца да шматпавярховага гатэля, пры якiм адказвае за невялiчкi батанiчны сад.
   Чаго толькi няма ў тым садзе. Даўгапёрыя грывы пампаснай травы паселi ўздоўж цэнтральнай алеi. А з другога боку прысады, зараснiкi гонкага шапаткога бамбуку, якi адгароджвае сад ад пляжа i марскога ветру. А ў самым цёмным кутку саду, каля сметнiка, сядзiць алейна-зялёны куст - Юдава дрэва, дый навявае нядобрыя думкi. Але тое цёмны кут, а ў самым светлым - ружы, iх шмат, яны розныя: i барвовыя, i крэмавыя, i колеру сырадою. Разы два цi тры на тыдзень Садоўнiк складае з тых ружаў букет, але пра букет крышачку пазней. Над разарыем узвышаюцца магутналiстыя фiнiкавыя пальмы. Калi Садоўнiк акуратна падразае магутныя лiсты, дык пальмавы ствол робiцца падобны да вялiкага ананаса. Можна бясконца захапляцца напалову рукатворным шэдэўрам Садоўнiка, але... Але надыходзiць час, i на сад апускаецца ноч. Садоўнiк iдзе да мора. Ён агаляецца i доўга плавае - змывае стому. Потым ён вяртаецца ў свой дашчаны садовы будан, дзе ўскладае хрумсткую ад крухмалу кашулю, бярэ букет ружаў i крадком падыходзiць да гатэля. Садоўнiк грукае ў шыбу медпункта. Акно адчыняецца, i Садоўнiк падае букет медсястры. На падаконне ён уздымаецца зусiм нячутна. Медсястра зачыняе акно i апускае жалюзi, а толькi тады запальвае святло. Яна ладная ў белым халаце. У яе такiя цёмныя смочкi, што нават праз халат i станiк свецяцца дзве павабныя плямiнкi. Медсястра кладзе букет на стол. Садоўнiк здымае з сябе кашулю i кiдае на падлогу, i ў гэтым руху ўся ягоная страсць. Ён жа для гэтага руху i прасуе кашулю i носiць яе на плечыках аж два кiламетры. Медсястра скiдае халат i здымае станiк. Чорныя смочкi клiчуць Садоўнiка. Ён ужо распрануўся i дапамагае жанчыне выслiзнуць з вузкай спаднiцы. Аголеную медсястру Садоўнiк кладзе на белую вузкую канапу. Жаночыя ногi ўздымаюцца высока ўгору, калi мужчына накрывае грудзьмi тугiя смочкi. Садоўнiк не любiць ноч, таму ў медпункце гарыць святло. Жаночыя рукi кладуцца на клубы Садоўнiка. Непастаўленыя ў ваду ружы напаўняюць пакой садовым водарам. Медсястра ўстае з канапы i ўскладае станiк. Як i большасць жанчын, яна ўскладае спачатку станiк, а потым майткi. Як i ў большасцi жанчын, у яе ёсць муж i дзецi, але толькi ў яе адной ёсць Садоўнiк, якi ўжо апрануўся i трымае пад пахаю пакамечаную кашулю. Медсястра гасiць святло. Садоўнiк нiколi не забывае забраць букет. Сцежкаю, што абсаджана вастраiклаю апунцыяй, ён iдзе да Юдавага дрэва, паўз яго на сметнiк, дзе выкiдае букет. Садоўнiк не любiць ноч, бо ягоны любiмы сад запоўнены адпачывальнiкамi, што ў цукерачным водары алеандры п'юць са слоiкаў кiслае вiно i кiдаюць цыгарэтныя недапалкi ў разарый. Яны абрываюць лаўравiшню, абломваюць галiнкi найстаражытнага дрэўца гiнка, набiваюць пакеты эўкалiптавым лiсцем, а ў паштовыя канверты запiхваюць ружова-жоўтыя пэндзлiкi-мяцёлачкi альбiцыi - яны нiшчаць сад. I ўсё робiцца ўначы, калi Садоўнiк iдзе дадому, трымаючы пад пахаю пакамечаную кашулю i дзеравяныя плечыкi.