А на золку ён будзе вяртацца, i кашуля вiсецьме на плечыках i махацьме рукамi. А кабеты з сталовай знойдуць букет i па адной кветцы паставяць у вазы на сталы адпачывальнiкаў. А той, каму не хопiць ружы, яшчэ i пазайздросцiць астатнiм.
   XХV. ЦIКАЎНIК
   - Займацца ананiзмам шкодна?
   - Затое прыемна.
   - Дык шкодна цi не?
   - Усё прыемнае - шкодна.
   - Жанчына лепш за ананiзм?
   - Вядома лепш.
   - А займацца з жанчынаю шкодна?
   - Небяспечна.
   - Гэта iншае.
   - Не шкодна.
   - А з жанчынаю прыемна?
   - Прыемна.
   - Вы казалi, што ўсё прыемнае - шкодна. Як быць?
   - З жанчынаю небяспечна, а значыць i шкодна.
   - Тады i ананiзм такi ж шкодны, як i занятак з жанчынаю?
   - Напэўна.
   - А як лепш, з жанчынаю цi з мужчынам?
   - Як каму.
   - А вы спрабавалi з мужчынам?
   - Спрабаваў. Не спадабалася.
   - А мне варта паспрабаваць?
   - Калi дзеля цiкаўнасцi, дык не варта.
   - А з жывёлаю прыемна?
   - Не спрабаваў.
   - Але ёсць такiя, што займаюцца з жывёламi. Вы iх не сустракалi?
   - Сустракаў жанчыну, што займалася з сабакам.
   - I ёй было прыемна?
   - Напэўна, калi яна гэтым займалася.
   - А з жывёламi шкодна?
   - Небяспечна.
   - А вы змаглi б паспрабаваць з жывёлаю?
   - Напэўна, не змог бы.
   - А чаму?
   - Мне нават ад такой думкi робiцца непрыемна.
   - Вы натурал?
   - Так. I, дарэчы, табе не здаецца, што нашая гутарка чымсьцi нагадвае ананiзм?
   - Затое цiкава, прыемна i нiякай шкоды.
   XXVI. ГОСЦЬ
   Госць увалiўся ў кватэру а дванаццатай ночы, дый не адзiн, а з сябрам i сяброўкаю. Гаспадар пашкадаваў, што пусцiў п'яную кампанiю, бо сам быў з каханкаю. Тая засталася ў ложку, а гаспадар правёў начных наведнiкаў на кухню. Госць запатрабаваў вiна, закусак i цыгарэт. Гаспадар сабраў на стол. Госць схапiў бутэльку, разлiў яе па шклянках адразу ўсю, выпiў сваю чвэрць, запалiў цыгарэту i папрасiў гаспадара выйсцi "на два словы".
   У вiтальнi Госць зашаптаў на вуха гаспадару:
   - Гэта мае сябры. Ён - мент, але класны мужык, i баба яго класная. Хай яны застануцца ў цябе да ранiцы...
   - Не магу я iх пакiнуць. У мяне адзiн пакой, ложак ужо заняты, каханка ў мяне.
   - А калi мы iх на кухнi пакладзём? Ёсць у цябе якi-небудзь стары матрац? - напiраў п'яны Госць.
   - Няма ў мяне матраца, нi старога, нi новага.
   - А коўдра ватная ёсць?
   - Здаецца, ёсць...
   - Чакай тут, зараз у iх спытаюся, - Госць хiтнуўся ў бок кухнi i ледзь устояў на нагах. - А зрэшты, што ў iх пытацца? Коўдра дык коўдра, на кухнi дык й-ййк.. Iкаўка напала. Пайшлi дап'ём.
   На кухнi Госць выпiў з гаспадаровай шклянкi, паклаў у кiшэню пачак цыгарэт, развiтаўся i сышоў.
   Гаспадар прынёс з кладоўкi коўдру i падушку з прасцiнамi, сябры нечаканага Госця пачалi ўладкоўвацца на ноч, а ён вярнуўся да каханкi. Тая прахапiлася ад сну, села на ложку i запыталася:
   - Сышлi?
   - Цiшэй ты! Леглi на кухнi.
   - Утраiх?
   - Удваiх, адзiн сышоў.
   - А гэтых няўжо ты не мог выгнаць?
   - Ды цiшэй гавары, - асцярог гаспадар. - Не мог я iх выгнаць.
   - Тады будзем спаць, - каханка павярнулася тварам да сцяны.
   Мужчына паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму хацелася цеплынi i пяшчоты. Жанчына адкiнула мужчынскую руку ад сваiх грудзей.
   - Ты не хочаш?
   - Будзем спаць.
   - А чаму ты не хочаш? Ну, перапынiлi нас, з кiм не бывае...
   - Непрыемна, калi побач чужыя людзi...
   - Ну, хочаш, я пайду зараз i праганю iх.
   - Не трэба, давай спаць.
   Мужчына зноў паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму нясцерпна хацелася пяшчоты. Жанчына ўзяла мужчынскую руку i павольна перасунула яе з грудзей сабе на жывот, потым нiжэй у самае гарачае месца.
   Ранiцай каханка пабудзiла гаспадара. Яна паспела апрануцца i стаяла каля ложка ў куртцы i ботах.
   - Ты сыходзiш? - гаспадар соладка пазяхнуў.
   - Мяне чакаюць на працы, - каханка нахiлiлася i пацалавала гаспадара ў няголеную шчаку.
   Той iзноў пазяхнуў, павярнуўся тварам да сцяны i апынуўся ў недагледжаным сне. Прачнуўся ён з-за таго, што моцна грукнулi ўваходныя дзверы.
   "Сышлi. Нарэшце. Божа, якi кайф! Можна i ўстаць".
   Гаспадар пайшоў на кухню, каб паставiць iмбрык. Там на разасланай коўдры ляжала сяброўка начнога Госця i з неапiсальным здзiўленнем пазiрала на аголенага засмучонага гаспадара, якi спачатку засмуцiўся, а толькi потым скемiў, чым так уразiў жанчыну.
   - Прабач, - нарэшце сказаў ён i прыкрыў рукой сваё самае мужчынскае месца. - Я ж думаў, усе сышлi, i хацеў толькi iмбрык на плiту паставiць.
   - Нiчога страшнага, я зараз устану i пастаўлю...
   Гаспадар вярнуўся ў пакой i, калi пачаў апранацца, дык адчуў, што яму iзноў захацелася жаночае пяшчоты. Пакуль мужчына апранаўся, дык жанчына паспела прыбраць на кухнi i паставiць iмбрык.
   - А я ложак не паспеў заслаць, - сказаў гаспадар, як пабачыў прыбраную кухню.
   - Ты зараз iдзеш на працу? - спыталася жанчына.
   - Не пайду, затэлефаную i вазьму бiблiятэчны дзень.
   - А ў мяне самы звычайны адгул.
   "Загул, - падумаў гаспадар, - самы звычайны загул. I трэба, каб ён працягнуўся". Ён разлiў кiпень па кубках.
   - Ты, напэўна, не выспалася на падлозе?
   - А чаму ты пытаешся?
   - Гэта праўда, што твой сябра з мiнiстэрства ўнутраных спраў?
   - А якое гэта мае значэнне?
   - Калi ў цябе выхадны, дык можаш легчы на мой ложак i паспаць.
   - У тваёй прапанове эратычны падтэкст?
   - Я не падумаў, але, калi мужчына застаецца з жанчынай, у кожным слове, напэўна, ёсць падтэкст.
   - Сапраўды, а чаму не паспаць у выхадны дзень? Занятак не з горшых, сяброўка начнога Госця памыла кубкi.
   Мужчына i жанчына леглi ў ложак. Ён паклаў руку ёй на жывот. Яна абняла яго i прытулiлася ўсiм целам. Мужчына гладзiў жаночую спiну. Раптам у вiтальнi падаў голас дзвярны званок. Гаспадар адхiнуў палюбоўнiцу, устаў i на дыбачках прайшоў у вiтальню. Праз дзвярное вочка ён убачыў азызлы твар Госця.
   "Колькi можна хадзiць? Нi канца, нi краю. Ну, колькi можна хадзiць i збiваць кайф? Не адчыню, i канец!" - падумаў гаспадар i вярнуўся ў ложак, дзе адчуў, што ўжо не хоча жаночай пяшчоты.
   XXVII. НЯБОЖЧЫК
   На памiнкi я патрапiў выпадкова. Ну, не зусiм выпадкова, бо ўсё ж ведаў Нябожчыка - колькi разоў сядзелi i выпiвалi за адным сталом. Але i памiнкi былi не зусiм памiнкi, бо сабралiся толькi аднакурснiкi Нябожчыка, нi мацi, нi жонкi, нi каханкi не было за жалобным сталом. Са слоў прысутных я зразумеў наступнае...
   За чатыры днi да пахавання Нябожчык, тады яшчэ жывы i вясёлы саракагадовы мужчына, сказаў дома, што едзе ў камандзiроўку, а сам пайшоў да каханкi. Там ён i сканаў. Сэрца спынiлася. Каханка выклiкала "хуткую дапамогу". Нябожчыка завезлi ў морг, дзе ва ўлiковай кнiзе зрабiлi запiс наступнага зместу: такi i такi ўзяты па адрасу - горад Менск, вулiца Багдановiча, дом 55, кватэра 200. Потым адрас быў закрэслены i напiсана, што Нябожчыка забралi з дому. А калi "з дому", дык у моргу нiхто i не хваляваўся, усе былi ўпэўненыя, што сваякi ведаюць пра смерць. Але ж i мацi i жонка нiчога не ведалi. А каханка маўчала. Потым пайшлi чуткi, але ўсе яны разбiвалiся аб тэлефоннае "ў камандзiроўцы". Нарэшце адзiн з аднакурснiкаў здагадаўся затэлефанаваць у морг, дзе яму прапанавалi прыехаць i апазнаць Нябожчыка. Ён апазнаў i ўзяў на сябе ўсе пахавальныя клопаты. Гэты аднакурснiк працуе разам са мною, i адпаведна мне давялося сёе-тое яму дапамагчы, ну, напрыклад, я "дастаў" каньяк, бо цяпер на памiнкi ўсе ходзяць са сваёй бутэлькай. Вось так я апынуўся за жалобным сталом, за якiм даведаўся, што Нябожчыка забралi ў морг з майго дому, бо я жыву якраз на вулiцы Багдановiча ў доме 55 i кватэра 200 знаходзiцца ў суседнiм пад'ездзе.
   З памiнак я вярнуўся позна i адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё iмя. Я расплюшчыў вочы i ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывiсты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. "Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу", - даляцела з-за акна. Каб я жыў, як i раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якiх-небудзь падпiтых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку i не мог нават варухнуцца, каб запалiць святло. "Падыдзi да акна", сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў i iшоў да акна, цень знiк. Я рэзка адкiнуў штору i быў ужо ўпэўнены, што там нiкога няма. Але я ўбачыў, што пад лiхтаром стаiць Нябожчык. На iм быў чорны гарнiтур, белая кашуля i элегантны маленькi гальштук-мятлiк. У мёртвым лiхтарным святле срэбнымi водблiскамi iскрылася сiвая фрызура i падкручаныя цёмныя вусiкi. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвiлiну ён нахiлiў голаў, маўляў, я з вамi развiтваюся, i рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.
   Адзiнае, што я вынес з гэтага здарэння, дык упэўненасць, што на саракавiны мне хадзiць не варта, хай сабе i запрасiлi.
   Зямля - пухам.
   XXVIII. ТУСОЎШЧЫК
   Журналiст, чакай! У мяне ёсць што сказаць для друку. Ты мяне помнiш? Гурт "Эксгуматар", трэш, мэтал, я на басе. Успомнiў? Гэта я. На сцэне адно, а ў жыццi зусiм iншае. На сцэне - завод, кайф, лом... А ў жыццi - шаноўныя, набывайце фотаздымкi! Брус Лi! Шварцэнегер! Цой! Апошнi здымак, за дзень да смерцi! Рэмба! Нiндзя! Набывайце, кошт - адзiн рубель! Класны занятак для рокера. Лепей не прыдумаеш. Я па сем гадзiн стаю ў сырым падземным пераходзе i гандлюю гэтай поганню, раблю бабкi, зарабляю на гiтару - на музыку. I гэта больш сумленна, чым лабаць у рэстаране, а потым высоўвацца на тусовачным фестывалi. Кабак ёсць кабак, туды толькi ўлезь, i назад дарогi няма. I якi б ты моцны нi быў, а раз-другi злабаеш папсу кабацкую i ў рок ужо не вернешся. Вось так вузлы завязваюцца. А я - рок-н-рольшчык, я люблю па металу загасiць, я за трэш... I не трэба крывiцца. Трэш яшчэ сваё слова скажа, краiна здрыганецца. Ты ж чуў нашы каманды - "Бастыён", "Тарнада", "Радыяцыя"?.. Гэта ж магiла ўсiм астатнiм. Мы прымусiм нас слухаць. Мы ўрэжам так, што ў слабанервовых галовы паадлятаюць. Гэта сёння свята ў папсы, i я гандлюю здымкамi, а заўтра прыйдзе наш дзень. Так i напiшы, журналiст, не памылiшся.
   Тусоўшчык прыпалiў цыгарэту.
   А зрэшты, усё гэта - падман. I ты гэта бачыш, журналiст. Я зламаўся, патрапiў не ў сваю танальнасць i зламаўся. Iграў, iграў, а потым нiбыта хто пульт абрубiў. Гасiце святло, прыехалi. I ведаеш, не ў мяне аднаго такое здарылася. Я ж тусуюся, з тым пагавару, з гэтым. Усе кажуць, што наш час прайшоў. I слушна, бо i сапраўды ўсёмагутная рука адключыла наш ток i забрала таленты. I цяпер хто куды... Адны напiваюцца да адключкi. Другiя лётаюць па горадзе з думкаю: "Каго б яшчэ трахнуць?" Трэцiя прыфарцоўваюць, занялiся камерцыяй. На мяне ты не глядзi, гэта часова. Не магу я адразу пайсцi ў рэстарацыю, можа, пайду ў пахавальную каманду, бо лепей ужо могiлкавы Шапэн, чым п'яная ламбада. А ёсць яшчэ i чацвёртыя, яны ў рэлiгiю павалаклiся. Яны кляпаюць тэксты пра Хрыста i Саборнiка i ўпэўненыя, што робяць святую справу, а сапраўдныя вернiкi чуць гэтага не могуць, абураюцца, кажуць, што ўсё гэта блюзнерства. I слушна кажуць, бо рыба павiнна ведаць свой вiр. Музыка - гэта споведзь, а не прамова цi заклiк. Месца музыкi на хорах, а не на казальнiцы. Для музыкi галоўнае што? Каб музыка вылiлася, выйшла з яго, а пачуе хто цi не пачуе - справа дзесятая. Гэта ў папсавiкоў колькасцю слухачоў вымяраецца якасць прадукцыi, а ў рокераў - кайфам. Але паэт памiрае ў табе раней, чым ты гэта заўважаеш. Так i музыка, ты яшчэ перабiраеш струны сваiмi хуткiмi пальцамi i не чуеш, што ўласна музыкi няма. I трэба ўжо iсцi прадаваць абразкi Бруса Лi, а ты ўсё яшчэ катуеш iнструмент. Як адчуў я сваю няздатнасць, дык думаў - павешуся ад крыўды. Прайшло. У падземным пераходзе скразнякi, яны мяне крыху астудзiлi. Магiла магiлай, але не сапраўдная. Нашто Бога гнявiць, нават калi Яго нямашака? Астыў, стаю, гандлюю, на людзей гляджу, на пiва зарабляю i, як дзiця, спадзяюся на заўтрашнi дзень. Вось i ўсё, журналiст. А пiсаць цi не, вырашай сам. Пiшы, пакуль здатнасць не адабрала. Зрэшты, усе там будзем.
   XXIX. АСВЯТЛЯЛЬНIК
   Цемра. Чорна. Падаю. Чаму так цёмна? Дзе рубiльнiк? Нарэшце...
   Дзед трымае сярнiчку, агеньчык выхоплiвае з чарноцця газоўку. Патрэсквае, запальваецца кнот. Дзед папраўляе яго i накрывае шклом. У хаце цёпла, пахне печкай i хлебным мякiшам. Матылёк б'ецца ў тонкае шкло газоўкi. "Вось i ноч на дварэ", - голас у дзеда сапраўдны, ён не скажоны мiкрафонам i ўзмацняльнiкамi...
   Якi Дзед? Якi кнот? Я стаяў на стадыёне, за сцэнаю, мне зрабiлася блага... Падаю. Цемрадзь суцэльная.
   Голас, нечы знаёмы, дзядзькi Антака... "Чакайце, чакайце, асцярожна! Зараз, зараз... Раз, два, тры!!!" Успышка. Рэзь уваччу. Адвярнуцца, схавацца, закрыць твар рукамi... "Вось i ў нашай хаце лямпы дзённага святла", - Антакаў голас. Асцярожна расплюшчыць вочы, спачатку левае... Антак стаiць на зэдлiку i пакручвае малочна-белую трубку. "Асцярожна, не ўпадзi!" - голас дзеда. Зэдлiк хiстаецца, дзядзька падае...
   Лямпа гасне...
   Я падаю, гэта я падаю на стадыёне, за сцэнаю, я... Добра што на зямлю. Трава мяккая. Высока ў небе пражэктары халодныя, сцюдзёныя, стадыённыя... Твары, яны засланiлi пражэктары. Контражур. Не пазнаць - хто. Нехта свой, напэўна.
   Цiха, цёмна...
   Антакаў голас: "Вось вам i лямпы дзённага святла..." "Пабiўся?" - гэта дзед. "Здаецца, не..."
   Трава мяккая. Стадыён. Гук! 50 тысяч слухачоў крычаць на стадыёне. Канферансье вiтае iх. Стадыён ацiхае, каб узняць новую хвалю крыкаў, як толькi з'явiцца першы салiст. Шум, бубнач пачынае... Трэба расплюшчыць вочы. Трэба ўстаць. Боль. Ён леваруч. Сэрца. Вось так на стадыёне памерцi, за сцэнаю, на зямлi... За што? Божа, за што такая сабачая смерць?
   Удар па шчацэ! Не трэба...
   Ноч, поле, я ляжу на саломе каля бурта з бульбаю. А нада мною вераснёвы Млечны Шлях. Яркi, святочны...
   Удар па шчацэ! За што?
   Ноч, лес, я - хлопчык, мне дзесяць гадоў, iду праз лес. Над вершалiнамi жнiвеньскi Млечны Шлях. Наблiжаецца рокат матацыкла. Фара. Я ўправа, яна ўправа. Я ўлева, яна... Удар! Боль. Я на пяску лясной дарогi. Ацiхае рокат матацыкла.
   Рокат стадыёна. Iх тысячы i тысячы. Яны прыйшлi слухаць i глядзець на кумiра. На свайго ўлюбёнага матылька, што будзе пырхаць у рознакаляровым святле, будзе трапятацца, пакуль не спалiць крылцы ў хуткаплыннай вядомасцi. Матылькоў шмат, а лямпа адна. Фанатаў безлiч. Кумiр выбiваецца з натоўпу i ляцiць на вясёлкавае святло, на сцэну i згарае. Колькi iх было i будзе? А натоўп не ведае, што за сцэнаю ў цемры стаiць войска, якое запальвае зоры, якое стварае зоры, якое стварае абразы, лепiць кумiраў. Колькi зорак запалiў я?
   Маё цела ляжыць за сцэнаю ў цемры, над iм схiлiлася доктарка. Цела памiрае, я бачу яго, дзiўна. Яно выпрасталася на траве. Доктарка пасылае майго памочнiка па "хуткую дапамогу"... А шоў-машына працуе, як адладжаны матор. Канферансье есць сала, ён закусвае свае сто спiрытусавых грамаў. Салiст прычэсваецца перад люстэркам. Пiратэхнiк палiць. Целаахоўнiк сочыць за ўзбуджаным стадыёнам. Журналiст... Журналiст iдзе да майго мёртвага, напэўна, ужо мёртвага цела. Ён спявае цiха сам сабе: "Отряд не заметил потери бойца..." Цынiк, ён спявае на iмперскай мове, ён жартуе, ён... Ён спалохаўся i хаваецца за цынiзм. Нiчога, згаснуць агнi стадыёна, ён нап'ецца з цыцкастай прастытуткаю i забудзе пра маю смерць. Памочнiк вяртаецца з двума санiтарамi. Маё цела...
   Цёмна.
   Лямпа ў вочы. Голас чужы, зямны: "А мы ўжо падумалi, што аблом".
   XХХ. АНАРХIСТ
   Я - анархiст. Так, так, менавiта Анархiст. Вы не памылiлiся, але яшчэ раз паўтару з велiзарным задавальненнем i нават па складах - а-нар-хiст. Гэта найлепшае слова, якое ведаю. Яно для мяне як хары-крышна для крышнаiтаў, як рама-рама, як мама-мама для дзяцей. Яно вызначае мяне, i я вызначаю яго. Я - мастак-анархiст. Мой лозунг: "Выбух зменiць свет!". Я працую ў стылi выбух-арт. Ну, напрыклад: збiраю старыя балончыкi з-пад аэразольных фарбаў, раскладаю вогнiшча, закiдваю ў яго балончыкi, чакаю... Выбух! Акт творчасцi, па якiм у мяне застаюцца сведкi - рэшткi ўзарваных балончыкаў. Выбiтна выкананы твор: акт, хэпенiнг, перформанс - усё разам. А каб я быў чалавеканелюбам, дык узрываў бы бомбы, гiнулi б людзi... Але такое не па-мастацку, яно занадта пахне палiтыкай. А палiтыка, асабiста для мяне, патыхае гноем. Натуральна! А чым яна яшчэ можа патыхаць, калi ў вынiку палiтычных акцый з'яўляюцца палi, засланыя нябожчыкамi? А спалiтызаваныя партыйныя творцы пачынаюць апяваць краявiды пасля бiтвы. Гэта ж маральнае калецтва. Вам ясна, я - шызафрэнiк. Маё месца ў псiхiятрычнай лякарнi. А я i не адмаўляю тых фактаў, што быў там, i не адзiн раз. Мастацтва (хай вам i банальна) вымагае ахвяраў. Адна з ахвяраў - наведванне псiхiятра. "Доктар, а калi ўзарваць лякарню?" Псiхiятр усмiхаецца: "Выдатная iдэя ў цябе, Ражковiч. Нашая клiнiка мне абрыдла не менш, чым табе. Давай разам распрацуем план i прызначым дату..." I я думаю, хто з нас большы вар'ят. Толькi ў такiм накiрунку думаць няма сэнсу. Хто больш, хто менш, не вызначаецца, няма шаляў. Усе вар'яты, i хто больш, i хто менш. Але доктар не анархiст, ён... Пакiнем за кадрам. Адзiны добры ўспамiн пра лякарню - я знайшоў там Лабарантку. "I сапраўды, - падумаў, - чаму мне не завесцi Лабарантку?
   У доктара вунь колькi памочнiкаў: медсёстры, санiтары, практыканты... А ў мяне хоць бы Лабарантка, а то ж нiкога". Я падумаў, калi сядзеў на складзе бялiзны i глядзеў на маленькую жанчынку, што адлiчвала мне прасцiны дый ручнiкi. Яе звалi Элеанора. Нават сугучча ёсць памiж "Лабарантка" i Элеанора. Цi, можа, мне так падаецца, напэўна, падаецца; але я падышоў да яе i абняў нязграбна, так няўдала атрымлiваецца, калi ты доўга не абдымаў кабет. Яна паспрабавала адхiнуцца, але я не пусцiў i пацалаваў яе, i яна ацiхла, i нiчога не сказала, калi я распрануў яе. А тады Элеанора была зусiм схуднелая - ключыцы тырчаць, грудзей дык зусiм няма, жывот правалiўся... Жах. Але i я такi самы быў - ткнi, павалюся. Паслалi мы коўдру на падлозе, леглi, прытулiлiся, i тут... Похва ў Элеаноры зусiм вузкая, як выявiлася. Мая Лабарантка аж ускрыкнула, калi мы разам прыладжвалi мой, не такi ўжо i вялiкi балончык. А потым пайшло лягчэй ды лягчэй, дый так пайшло, што я запар тры разы выбухнуў. Вось так i знайшоў сабе Лабарантку. А выпiсалася яна раней за мяне i пачала штодня мне гасцiнцы ў лякарню прыносiць. А ўжо як мяне адпусцiлi, я i забраў яе да сябе ў майстэрню жыць.
   Выбух уратуе свет! Выбух, гэта дакладна. I хай сабе гэта будзе выбух пачуццяў.
   Вось я i жыву цяпер разам з Лабаранткаю i працую ўдвая-ўтрая больш, чым раней. А ўночы я з ёй катаюся на тралейбусах. Вы нас, пэўна, бачылi. Я ў доўгiм шынялi, ботах i шапцы-вушанцы, адным словам - анархiст. А Лабарантка мая заўсёды букет у руцэ трымае - цi то лiсця, цi то кветак, цi сухiх галiнак. Ну, вядома, бачылi вы нас у тралейбусе, ноччу, з букетам. Вось, слушна, гэта ў мяне пад левым вокам намаляваная чырвоная пяцiканцовая зорка.
   XХХI. ПАЛЯВIК
   Абiтурыент i абiтурыентка здалi перадапошнi iспыт дый вырашылi адзначыць падзею. Прыдбалi пляшку празрыстай настойкi "Беларуская арыгiнальная" i паехалi на электрычцы за горад. У лесе абiтурыенты расклалi вогнiшча. Яны пiлi горкую настойку, салодка цалавалiся i не заўважылi, як прайшоў час. Каб хутчэй дабрацца да станцыi, абiтурыенты пайшлi не па дарозе, а пашыбавалi праз жытнёвае поле - напрасткi. Пасярод поля абiтурыенту да смерцi захацелася зведаць жанчыну. Ён нiколi не меў жанчыны, таму засаромеўся самога сябе, але выпiтая "Беларуская арыгiнальная" i ўспамiн пра пацалункi ля вогнiшча падштурхнулi да наступу. Ён нязграбна блытаўся ў трох словах, пакуль прапанаваў спынiцца i адпачыць. Абiтурыентка не адказала, але, калi той на зямлi разаслаў сваю марынарку, яна пакорлiва апусцiлася на каленi. Хлопец i дзяўчына пажадалi зрабiць тое, што iм хацелася ўтварыць у лесе. Абiтурыентка занервавала, бо сяброўкi папярэджвалi: як толькi мужчына ўвойдзе ў цела - з'явiцца боль, i ўсё адно ёй страшэнна жадалася, каб менавiта тут, на полi, зараз, неадкладна тое i здарылася. Дзяўчыну здзiвiлi памеры чэлеса ў эрэкцыi, яна раптам забаялася, што не зможа прыняць яго ў сябе, што ёй будзе страшна балюча. I разам з гэтым яна хацела падабацца хлопцу, якi гэтаксама баяўся за сваю няўклюднасць i недасведчанасць у iнтымных справах. Абiтурыент з абiтурыенткаю валтузiлiся ў жыце, яны спрабавалi хутчэй здзейснiць наканаванае, але нiчога ладнага не атрымлiвалася. Яны не ўмелi мiлавацца. Нi яго, нi яе нiхто не навучыў мастацтву цялеснае любовi. Яны адно ведалi, што павiнна адбыцца надзвычайная падзея, таму працягвалi валтузню на пакамечанай марынарцы. Нарэшце хлопец здагадаўся дапамагчы свайму чэлесу рукою i зрабiў рызыкоўны рэзкi рух дый пачуў, як правалiўся ў апякальную глыбiню. Жанчына выгнулася насустрач мужчынскай сiле. Мужчына адхiнуўся ад жанчыны. Ад выгляду крывавых рагаў на жаночых сцёгнах i клубах яму зрабiлася зiмна.
   - З мяне выцеча ўся кроў, - упэўнена прамовiла абiтурыентка i пачала абцiрацца хусткаю.
   - Як ты пойдзеш? - пераадольваючы млосць, выцiснуў з сябе абiтурыент.
   - Уздзену нагавiцы i пайду...
   Яна ўжо зашпiляла гузiк на джынсах, калi зусiм побач зашамацела жыта i пачуўся гучны пранiзлiвы свiст. Абiтурыенты павярнулiся на гук i пабачылi мужчыну ў белым шаўковым строi, зялёнай кашулi ды жоўтым саламяным канацье. Ён высока ўзняў тонкi драўляны кiй, так дырыжор узнiмае палачку за iмгненне да ўверцюры, i сказаў:
   - Вы, як бачым, ладны лапiк жыта выкачалi. I трэба вас пакараць. Але ўлiчваючы ўмовы, - пакаранне будзе няцяжкае. Каля вашых ног ляжыць камень. Вазьмiце яго i вынесiце з поля дый кiньце каля дарогi. Я - Палявiк i страшэнна не люблю камянёў, што ляжаць на палях.
   Па гэтых словах Палявiк упаў у жыта дагары тварам, i па полi разышлiся хвалi, такiя кругi iдуць па цiхай вадзе, калi кiнеш камень.
   Абiтурыент узяў на рукi цяжкi, як падняць, валун i, пахiстваючыся, рушыў да дарогi. Абiтурыентка iшла следам i несла перапэцканую марынарку.
   Апошнi iспыт абiтурыент здаў на "выдатна", а вось абiтурыентцы не пашанцавала - паставiлi "двойку". Радасць i гора яны адзначылi паасобку: яна глядзела штучную эротыку ў вiдэасалоне, а ён з сябрамi пiў горкую настойку "Беларускую арыгiнальную".
   XXXII. ПАСТУХ
   Ад самае ранiцы сыпаў дождж. Пастух, хлопчык, iшоў за статкам i раз-пораз папраўляў велiкаватую, бо дзедава, кепку. Ватоўка набрыняла вiльгаццю i зрабiлася цяжкаю. Дождж церусiў на люстраную гравiйку, на пярэсты статак кароў, на груды, на прыдарожныя хмызы, на ўвесь Божы свет... Хлопчыка пакiнулi на дарозе, каб якая з кароў не высунулася на гравiйку i яе, крый Бог, не збiў самазвал.
   У ватоўцы ляжаў пачак "Прымы" i запалкi. Пастуху закарцела папалiць, але ён саромеўся старых цётак, якiя абавязкова скажуць ягонай бабе, калi ён толькi запалiць. Хлопчык быў якраз у тым узросце, калi пачынаюць пацiху палiць у зацяг, але калi яшчэ год цi два саромеюцца рабiць гэта на вачах старэйшых.
   Каровы скублi чэзлую траву на адхонах. Дождж патроху ацiх. Халаднаваты вецер пагнаў па небе спачатку цёмныя, а потым святлейшыя i зусiм белыя аблачынкi. У высокiм блакiце паўстала сляпучае, да зялёнага, сонца. Пастухi пагналi кароў на поплаў. Хлопчыка паставiлi запыняць ад рэчкi. Ён скiнуў ватоўку i зняў кепку, бо высокае сонца ўжо добра прыпякала. Захацелася пiць, але вада ў рэчцы плыла высокая i рудая пасля дажджу. Пастух пабег да старой, што пiльнавала кароў збоку поля, каб не стапталi грэчкi. У старой знайшлася бутэлька малака, заткнутая газетным коркам. Хлопчык выпiў палову, падзякаваў i пайшоў было да рэчкi. Але праз колькi крокаў спынiўся, каб яшчэ раз сказаць "дзякуй за малако".
   Старая кабета стаяла на ўскрайку чырвонага поля грэчкi, тварам да хлопчыка. З-пад доўгае чорнае спаднiцы, памiж расстаўленых босых ног, на нiзкую траву з шалёсткiм шумам падаў iскрысты струмень. Хлопчык пачырванеў, як зачараваны, ён не мог адвесцi вачэй ад зiхоткага струменя, што ляцеў на зямлю i рассыпаўся на дыяментавыя драбочкi.
   - Чаго стаў? Iдзi. Старая ўжо я, - загаварыла кабета. - Цi ж ты сам так не робiш?
   - Раблю, - адказаў Пастух i павярнуўся да яе спiнаю.
   Увечары зноў сабралася на дождж. I калi прыгналi статак у вёску, дык Пастух адразу пабег на балота да хлапцоў, што клалi вогнiшча, каб паспець да дажджу расказаць пра тое, як старая рабiла стоячы i нават спаднiцу не задзiрала. Пачаў накрапваць дождж. Пастух дабег да вогнiшча. Але так нiкому i не распавёў - пасаромеўся.
   XXXIII. КАРЭСПАНДЭНТКА
   Прывiтанне!
   Адразу папрашу: абавязкова i неадкладна прачытайце мой лiст на тэлевiзii. Ён шмат каго папярэдзiць i прымусiць задумацца над уласнымi паводзiнамi.
   Справа ў тым, што я пастаянна займаюся мастурбацыяй - сексам сам-насам.
   Першы раз я задаволiла сябе ў чатырнаццаць гадоў. Мяне заўсёды вабiла ўласнае цела. Я любiла стаяць перад люстэркам i разглядаць свой твар. Уключала музыку, рухалася i назiрала за адбiткам. Прыдумала: распранацца i танчыць аголенай. Само па сабе атрымалася i гэта. Я нават спярша не зразумела, што адбываецца. Рукi самi песцiлi грудзi, пальцы знаходзiлi прыемныя зоны - пагладжвалi жывот i сцёгны, пакуль не трапiлi ў патаемнае месца. Было невыказна добра.
   Танцы перад люстэркам занялi ўсе думкi, усе мары, засланiлi ўсе жаданнi... Я танчыла - танчыла штодня.
   Мне - шаснаццаць гадоў. Я даволi прывабная дзяўчына, i шмат хлопцаў выказваюць мне сiмпатыi... У мяне больш чым дастаткова знаёмых мужчын, але, у адрозненне ад iншых дзяўчат, застаюся цнатлiваю, калi толькi можна так гаварыць пра чалавека, якi штодня з замiлаваннем глядзiць у люстэрка... Здаралася безлiч выпадкаў, калi я магла згубiць цноту, але... Цi патрэбна? Я задавальняю сябе цалкам. Больш таго, нiхто са знаёмых не вабiць мяне як уласна мужчына. Даволi дзiўна, праўда? Але пачуццё гiдлiвасцi выклiкаюць i дзяўчаты, асаблiва тыя, што самазадавальняюцца з дапамогаю фотакартак з тварамi вядомых тэлевiзiйных актораў. Зусiм незразумелае вычварэнне! Да думкi, што мне не падабаюцца нi жанчыны, нi мужчыны, я прыйшла нядаўна - мне зрабiлася страшна. Мне жахлiва, што нiколi не нараджу дзiця, нiкому не стану мацеркаю... Пужаюся, так-так, менавiта пужаюся сексу з мужчынамi. Нават не столькi страшна, колькi гiдка ад уяўлення сексу з мужчынамi. Ад адной думкi, што побач i ўва мне мужчына, - апаноўвае жудасць.