7
Назаўтра ранiцай у канторы зьявiлiся неабходныя сябры ўправы. Джоў Кэмп, худы, сярэдняга веку бляндын, акуратна апрануты ў стандартны чорны "бiзнэс касьцюм" трымаў функцыю гандлёвага аналiста й рэклямнага загадчыка. Жанаты iз занудай, што трымала яго на кароткiм павадку. Мала калi бываў на якiм-небудзь сяброўскiм гуляньнi працаўнiкоў кампанii за выняткам каляднага абеду цi якога-небудзь авансу. Сядзеў цяпер Кэмп у выгадным крэсьле й на каленях трымаў сытую сумку. У выпадку патрэбы, ён гэтта-ж выцягне патрэбнае iз тае пукатае сумкi i адразу манатонна павядзе прысутных праз розныя найпазьнейшыя бiзнэсавыя цячэньнi й пералiвы, падтасоўваючы гэта ў агульныя лiкi, рэасумуючы прадказаньнямi на будучыню. Апроч iнфармацыi, якую Давiд Зэлман чэрпаў iз сваiх крынiцаў, Джоў Кэмп пашыраў ягоны гарызонт добрым аналiзам бiзнэсавага рынку. Канкурэнты расьлi. Вечны гон. Трымайся дынамiкi руху. Звольнiш крок - прападзеш.
Нiк Лок, векам у канцы дваццаткi, вызначаўся ня толькi сваёй буйнай цемнаватай чупрынай. Агрэсыўнасьць загнязьдзiлася i ў ягоных рухах, i ў заядласьцi ў працы, i ў недахопе меры шмат у чым iншым. Любiў працу, дзяўчат i спорт. Ягонае гобi (улёблены занятак) - гэтак званыя практычныяжарты. Выдумляў рознаеды й сам выконваў. Алесь спадабаўся яму i абое адразу пасябравалi. Нiк Лок пачаў працу ў Трыфты Тонi iз самага нiзу й лез уверх цяжкiм шляхам, дапаўняў камэрцыйныя веды ў гандлёвай школе вечарамi.
Анды Кул, стрыманы ў паводзiнах i нiштаваты з выгляду, у трыццатых гадох, здабыў некалi салiдную бiзнэсавую адукацыю. Стары дзяцюк, любiў усё клясычнае, жыў на дарагой кватэры. Анды любiў сяброўскiя сустрэчы й гуляньне зь людзьмi свайго асяродзьдзя цi iнтэлектуальнага ўзроўню. Шмат чытаў. Сумленны пры працы. I Нiк i Анды мелi нагляд за двума дэпартамантамi, а "олд бой" ("старым хлопцам" называлi Давiда Зэлмана) быў наагул задаволены iмi.
- Здароў, Ал! - ускочыў з крэсла Нiк, калi Якiмовiч зьявiўся ў дзьвярох. - Што гэта я чую, быццам ты далучаешся да нашай адборнай галоўнай каманды?
- Пры чым тут я? - усьмiхнуўся Алесь. - Спытайся ў свайго галоўнакамандуючага.
- Вiншую. Цешуся, што бачу цябе на нашай курасаднi, - сьцiснуў Нiк Алесеву руку.
- Дзякую, Нiк.
- Вiншуем, вiншуем. Ужо пара! - падаў сваю руку Анды.
- Жадаю посьпеху вам, мiстар Якiмовiч, на вашай новай пазыцыi, падняўся з крэсла й трос Алесеву руку Джоў Кэмп.
- Гэта трэба было-б належна адзначыць. Як ты думаеш, вялiкi пiянер i пасьпяховец? - зьвярнуўся да Алеся Нiк.
- Я - да вашай дыспазыцыi. Выбiрайце час i месца, - адказаў Алесь.
- Што ты скажаш пра пятнiцу вечарам у цябе? - прапанаваў Нiк.
- Час адпаведны. Месца? У мяне будзе цеснавата. Цi ў тваiм палацы нельга? Кошт пакрываю, - адказаў Алесь.
- Надзвычайна. Паклiкаю цябе на гаспадара, - згадзiўся Нiк. - А каго-ж мы запросiм?
- Ды вось пачнем з прысутных, запросiм мiстара Кэмпа. Прыйдзеце?
- Дзякую за запросiны, аднак не магу анi згадзiцца, анi адмовiцца пакуль...
- ...пакуль не параюся iз сваёй дарагой мiсiс, - уставiў Нiк.
- Скажаце мне заўтра, мiстар Кэмп. Окэй? - запрапанаваў Алесь.
- Окэй, мiстар Якiмовiч, так i зраблю.
Анды Кул сказаў, што вечар пятнiцы ў яго раней заняты.
- А як-жа мы безь дзяўчат? Якое бязь iх гуляньне? - гаварыў далей Нiк.
- А цябе яшчэ нiводная не забрытала? - спытаўся Анды.
- Пакуль што не. Пара, пара, ведаю, - усьмiхнуўся Нiк.
- Мы ня сумляваемся, што ўлiчваючы тваю практыку, патрэбную цацаньку знойдзеш, - пакляпаў Алесь Нiка па плячы.
- А як ты? - спытаўся ў Алеся Нiк.
- Вы, хлопцы, на мяне не глядзiце. Маю адну на прыцэле, але яшчэ разьведкi нават не зрабiў.
- Яна з нашай шчасьлiвай сямейкi Трыфты Тонi?
- Магчыма вы яе знаеце. Я ўчора коратка гаварыў зь ёй. Прыгожая й цiкавая. Гавару пра новую сэйлс клерк (прадаўшчыцу) у жаночым адзьдзеле.
- Яна запраўдная ляля з выгляду. I зусiм не малюе сябе, як iншыя, казаў Нiк.
- А ты ўжо i да яе дабраўся?
- Як там дабраўся... Пакуль што нiхто з нашых тут да яе ня прымазаўся. Я адно першую разьведку зрабiў. I адгадай, Ал, гэта табе павiнна спадабацца.
- Кажы, Дон Жуан!
- Яна зьявiлася аднекуль з поўначы i таксама, як i ты, беларускага паходжаньня.
- Надзвычайна! - усклiкнуў Алесь, а ў вачох ягоных успыхнуў адмысловы прамень. - Цяпер я ўжо павiнен скваплiва тую тэрыторыю абнюхаць. А ты, Нiк, рукi прэч!
- Абяцаю, тата, быць добрым хлопчыкам! - Нiк падняў сваю правую руку i зрабiў мiну падлетка, што правiнiўся.
- Ня будзеш мець часу для дзяўчат, Ал, - папярэдзiў Анды.
- Стары напэўна нагрузiць цябе.
- Цi хто з вас пранюхаў у якiм куце недахоп дынамiкi?
- Чую, што дэпартамант жаночай вопраткi патрабуе жыватворчае сiлы, ды яшчэ, апроч яго...
- Жартуеш?
- Станлея перакiнулi на iншую пазыцыю, дык, пэўне-ж ты займеш ягонае месца, - падсумаваў Анды.
Старэйшы гадамi, разьведзены Станлей, зь нейкiх Зэлманавых меркаваньняў кацiўся ўнiз. Яму не хапала, вiдаць, энэргii, што патрабавалася ў ягоным сэктары.
У дзьвярох зьявiўся Зэлман. На твары - сьцiплая ўсьмешка. Магчыма таму, што ўчора вечарам добра павыкручваўся ў танцавальным клюбе Артур Мэры. Пасьля кароткага ўступу i заавансаваньня Алеся Якiмовiча, слухалi марудна-нудны голас Джоў Кэмпа пра тое як цьвiтуць цi развальваюцца рынкi. Паводле Кэмпа, канкурэнты вызначылiся новымi пiсягамi на стабiльнай у гэны час гандлёвай нiве. Патрабавалiся новыя бiзнэсавыя меры й трыкi, павялiчаныя рэклямныя выдаткi.
8
Цэлы дзень Алесь намагаўся блiжэй прыгледзiцца сваёй новай тэрыторыi, пазнаць людзей, выявiць карэньне Станлевай няўдачы ды заплянаваць некаторыя зьмены. Ужо на схiлку працоўнага дня ён паклiкаў, для гутаркi, Веру Мак. Зьявiлася яна ў невялiкай канторы ў куце другога паверху. Стол iз шуплядкамi, побач тры крэслы, на стале тэлефон i стос рэклямнага матар'ялу вось галоўнае, што цяпер Алесь назваў сваiм камандным пастом. У куце, на вешалках вiсела некалькi штук жаночае вопраткi.
- Калi ласка, заходзь i сядай, - сказаў Алесь дзяўчыне, калi тая адчынiла дзьверы.
Некалькi хвiлiн трывала маўчаньне. Алесь паволi i ўважна прыкурваў цыгару, увесь час аглядаючы дзяўчыну. У ейных вачох, апроч зацiкаўленьня, прытаiлася й яшчэ нешта. Давялося Алесю раней глядзець у шмат якiя вочы прыказачнаелюстэрка душы, - намагацца разгадаць душу ўласьнiка. Гэтта перад iм нешта зусiм, здавалася, загадкавае. Варта, вiдаць, пачынаць ад казённых цi ўрадавых пытаньняў.
- Мне сказалi, што ты тут новая...
- Так, я пачала працаваць чатыры днi назад.
- Называешся Вера Мак?
- Так.
- Дык вось што, мiс Мак, у нас ёсьць нешта агульнае, - усьмiхнуўся Алесь.
- Што такое?
- Мы маем новыя работы.
- А, гэта... Вiншую вас, мiстар Якiмовiч, - усьмiхнулася дзяўчына. Алесю падабалася ейная стрыманая ўсьмешка. На шчоках зьявiлiся дзьве ледзь заўважныя ямачкi, а на твары i ў вачох - абяцаньне добрых адносiнаў.
- Дзякую. Цi я маю вас таксама вiншаваць, мiс Мак?
- Прашу не жартаваць. Гэта нясьмелы першы крок.
- А дзе працавала раней?
- У бальшынi ў канторах капальняў на поўначы. Я пра гэта ў маёй заяве напiсала.
- Добра. Але я яшчэ ня меў часу туды заглянуць. Цяпер-жа, калi маеш да мяне якiя пытаньнi, калi ласка.
- Я хачу распачаць працу iз добрай арыентацыяй, - казала дзяўчына. Цiкавiць мяне, як Трыфты Тонi апэруе... Тут, як бачу, заўсёды поўна людзей, дзьверы ламаюць у той час, як некаторыя iншыя крамы падобнага профiлю амаль пустыя. Я хацела-б...
- Ведаеце, - сказаў Алесь, зацягнуўшыся дымам цыгары, - гэта ня ёсьць нiякiм сакрэтам. Умеем прапанавацьлюдзям патрэбныя iм тавары ў даступных iм цэнах. Важнымi ёсьць i шмат апэрацыйных дэталяў, асаблiва рэклямы. Калi будзеце ўважна й аддана працаваць у нашай хутка растучай кампанii, дык па нiтачцы да галоўнага клубочка дабярэцеся.
- Дзякую вельмi, - сказала дзяўчына.
Алесь ня спускаў вачэй зь ейнага твару. Бачыў там пэўнасьць i сьцiпласьць, якраз тое, што выклiкае да чалавека давер.
- Жадаю, каб вы правiльна мяне зразумелi, - гаварыў Алесь. - Выглядае, што маеце добрую адукацыю i калi будзеце старацца працаваць, посьпехi вас не абмiнуць. Цяпер пра гэты самы бiзнэс... Апэрацыя на прынцыпе прынады, так сказаць. Выдаём нямала грошай на рэкляму. Кажны дзень маем некалькi тавараў, якiя называем "дар дня" або "адчыненыя дзьверы". Яны iдуць у рух за зусiм нiкчэмныя цэны. Ствараюць адразу-ж ранiцай вялiкую чаргу. Такiм чынам прынаджваем людзей i напаўняем краму.
На кажным паверсе i ў кажным дэпартамэньце ёсьць гэта званыя "iмпулс айтэмс" - патрэбныя кажнаму тавары, па якiя хаця-нехаця выцягнецца кажная рука, асаблiва калi цана нiзкая. Аднак-жа, каб дайсьцi да тых "iмпулсаў", якiя таксама разрэклямаваныя i знаходзяцца ў стратэгiчных месцах, падарозе сустрэнеш тавары, што iдуць больш марудна. Каротка гаворачы, усё можна падсумаваць так: прынаджвай людзей да дзьвярэй, як найхутчэй напоўнi iмi краму; зноў-жа iншымi прынаднымi i неабходнымi таварамi цi зьнiжанымi цэнамi розных распродажаў зьмякчы iхнае супрацiўленьне, завайстры iхны апэтыт, ашаламi колерам i вялiкiм выбарам. Такiм чынам касы твае засьпяваюць звонам манетаў.
Нашае заданьне ўнутры, вядома, памагаць купляньнiкам. Усе гешэфты фiнальныя. Няма вымены цi звароту грошай. Таму якраз наш кошт абслугi i адмiнiстрацыi належыць да найнiжэйшых у бiзнэсе. Вялiкi i хуткi тавараабарот лiквiдуе павышаньне цэнаў i прыносiць нам патрэбны працэнт даходу. Будзеш старацца працаваць, дык тваё пiльнае вока заўважыць шмат чаго цiкавага, хутка спанатрыш што трэба.
- Я-ж, як вам ведама, дагэтуль сэйлс клеркам (прадаўшчыцай) не працавала нiколi, - сказала Вера.
- Табе тут падабаецца? - спытаўся ў яе Алесь.
- Вялiкая зьмена ў параўнаньнi з тым месцам, дзе я была.
- Раю табе трымацца напагатове. Наш Трыфты Тонi, гэта значыць Давiд Зэлман мае зыркае вока. Ён сам надзвычайна энэргiчны чалавек i любiць жвавых, бадзёрых людзей.
Дзяўчына слухала надта ўважна. Алесю чамусьцi не хапала ахвоты гаварыць зь ёю пра бiзнэс. Ён ужо ўяўляў яе ў сваiх абдымках, заслуханую ў розную салодкую трасянку, што выклiкае на гэтым прывабным аблiччы гарэзьлiвую ўсьмешку. Алесь добра яшчэ не пазнаў яе, але ўжо падазраваў, што суадносiны мiж iмi некалi пяройдуць афiцыйную бiзнэсавую штодзённую мяжу.
- Я папрашу Мэры, наглядчыцу на тваiм паверсе, каб вытлумачыла табе ўсю рэшту. Цяпер скажы мне, калi ласка, мiс Мак, дзе такiя прыгожыя дзяўчаты, як ты, гадуюцца, гэта значыць адкуль ты ўзялася?
Дзяўчо пачырванела i першы раз у ейных вялiкiх круглых прамянiстых вачох Алесь заўважыў быццам iскру перасьцярогi: уважай, воўк на гарызоньце!
- Я паходжу з гораду капальняў на поўначы... Чулi вы калi пра Балтаву?
- Здаецца, што не. Але будзем знаёмымi, - усьмiхнуўся Алесь. - Хтосьцi мне сказаў, што твае бацькi ёсьць цi былi маймi суродзiчамi.
- Я пра гэта памятаю. Мае бацькi зь Беларусi, але я мала ведаю пра iхную краiну.
Алесю ў гэны час мiльганула ў галаве думка, каб тут-жа пераключыцца на беларускую мову. Вырашыў гэта зрабiць пры iншай нагодзе.
- Гэта надзвычайна цiкава, - гаварыў ён. - Можна сказаць, што мы радня, бо паходзiм з аднаго карэньня. Што-ж такога ты ведаеш пра Беларусь?
- Я сёе-тое чытала пра яе, бачыла савецкiя фiльмы й люблю надта сяброўскiх i мiлых людзей, каторыя адтуль.
- Уключна са мной, спадзяюся?
- Пачынаючы ад учарашняга.
- Ага, ну так...
- Дарэчы, цi знайшлi вы адпаведны лiфчык для вашай раднi?
- Яшчэ шукаю. Магу спадзявацца на вашу помач?
- Я да вашых паслуг.
- Дзе тваё пальто? Iдзi вазьмi.
- А навошта?
- Запрашаю цябе голад замарыць.
- Добра.
- Любiш сiняе? - спытаўся Алесь у Веры, калi яна вярнулася зь сiнiм пальтом.
- Так, люблю. Куды iдзём?
- Перш iдзём да майго аўта. Пасьля едзем.
- Дык навошта ехаць, калi вось тут пераз вулiцу ёсьць рэстараны. I танна...
- Нонсэнс, заедзем некуды ў лепшае.
Узяў яе за руку i ўжо ўнiзу адчынiў ёй дзьверы, пасадзiў у Олдсмабiл, дарагое аўта, якое летась атрымаў як падарак за пiльную працу ад Трыфты Тонi.
- Не супрацiўляйся, будзь добрай дзяўчынай, а я буду добрым хлопцам. Згода?
- Згода, чаму-ж не.
Дзяўчына ўсьмiхнулася. Алесь уважна пазiраў на яе. Што за загадка? Прыгожая. Яна ў любой грамадзе дзяўчат трапiць кажнаму на вока. Магчыма, магла мець ужо тузiн бойфрэндаў. Пра гэта трэба будзе разьведаць. Паволi, асьцярожна, - мяркаваў Алесь, улiваючыся сваiм лёгка пырхаючым Олдсмабiлем у шырокi вулiчны паток машынаў. Захмаранае неба на захадзе перасякалi залатыя разгалiнаваныя маланкi.
У адносiнах да дзяўчат Алесь меў, можна сказаць, набiтую руку. Хутка распазнаваў тых, што палявалi на лёгкае жыцьцё, намагаўся трымацца воддаль ад iх. Але вось гэтта побач яго зусiм нейкi асаблiвы, можна сказаць, экспанат. Прыгажосьць, сьцiпласьць. У вачох проблiск спрыту й розуму. Пачыналася - Алесь адчуваў гэта - падарожжа па нейкай замiнаванай тэрыторыi.
9
Антон Шпак тупаў па сваiм малым пакоi, як учадзелы. Вярнуўшыся з начной працы, дрэнна спаў. Цяпер нiяк ня мог сканцэнтравацца на тым прадмеце, якi намагаўся апрацаваць. Абрыўкi думак кружылiся ў галаве цi ў паднябесьсi, цi на сёмай плянэце. Часам падказвалi яны зусiм здаровы сэнс, але калi Шпак намагаўся зарганiзаваць iх у лягiчную пасьлядоўнасьць, разьбягалiся, прападалi. А пiсьменьнiк ведаў, што тут не падапрэшся абы якiмi эрзацамi. Патрэбнае нешта салiднае, арыгiнальнае. Калi трымацца праекту-пляну, адлюстраваць няпростую загадку ў яе суцэльнай абыйме, дык трэба трымаць зыркае вока на дробязах, захоўваючы сваю творчую манеру паказу галоўных гэрояў сюжэту. Як на тое лiха, Шпак ад нейкага часу апынуўся на душэўным спадзе.
Ён падыйшоў да пiсьмовага стала, на якiм ляжала шмат паперы й новая пераносная машынапiска Смiт Карона зь беларускiм шрыфтам, выцягнуў цыгарэту з пачкi фiрмы Ротман, узяў брытву з полкi, разрэзаў цыгарэту на два кавалкi, улажыў адзiн у муштук, пстрыкнуў запальнiчкай, зацягнуўся дымам i зноў пачаў тупаць па пакоi.
Сярэдняга росту, худы, павольны ў руху, выглядам твару Шпак выклiкаў да сябе спачуваньне. Мiзэрны, змучаны. Жартаўнiк, пабачыўшы яго, мог-бы ўсклiкнуць: а братка ты мой, калi-ж гэта цябе з бальшавiцкага канцлягеру сьмерцi на волю пусьцiлi, чаму-ж цябе не накармiлi? Твар з упалымi шчокамi, маршчыны на лбе, рассыпаныя рэдкiя сiвыя валосы, нейкiя хваравiтыя аганькi ў ясна-блакiтных вачох пад буйнымi бровамi. Вочы цяпер жыва бегалi, рукi сьцiскалiся ў кулакi ў кiшэнях шэрага пiнжака. Хваляваньне. Шпак часта спыняў сваё тупаньне па пакоi, углядаўся ў нейкi адзiн пункт, быццам-бы вось на гэтай нейкай кропцы ён павiнен спынiць хаос тых думак, спарадкаваць iх, здысцыплiнаваць, каб пасьля адпаведнымi радкамi пры помачы машынапiскi Смiт Карона загнаць iх у кiрылiцу на паперы.
Пяцьдзесятка ззаду. I тэма, якую апрацоўваў, складала вялiзную частку ягонага жыцьця. З таго матар'ялу, якi Шпак меў у запасе, нехта напiсаў-бы цiкавую прыгоднiцкую аповесьць. Дарога вяла з Захадняй Беларусi, спад аднае акупацыi ў другую, праз пакуты, голад i холад у Сiбiры, дзе страцiў жонку й маладога сына, пасьля - Iран, Iрак, Палестына, Афрыка, Iталiя - служба на франтох вайны ў чужой армii. Шлях няведама куды, змаганьне не за свой народ... Далей... дзе кропку паставiць? I што дала-б бацькаўшчыне й раськiданым цяпер па цэлым вольным сьвеце суродзiчам цiкавая прыгоднiцкая аповесьць? Больш таго: цi зачарпнулi-б з такой лiтаратуры нейкае натхненьне да змаганьня з ворагам, з Маскоўшчынай тыя, што цяпер яшчэ паняволеныя, што змагаюцца так цi накш з чужым сьмерцяносным калянiяльным рэжымам?
Шпак ведаў, якi цэнны й вялiкi твор можна змайстраваць на ягоным цiкавым матар'яле. Так. Ня толькi можна... Ён павiнен напружыць усе свае сiлы, каб узабрацца на тыя вышынi творчай дасканаласьцi, якiх яшчэ ня зьведаў... Мова йдзе пра iншы твор, чымся Аляхновiчаў "У кiпцюрох ГПУ", што некалi сэнсацыйна Эўропай ускалыхнуў.
У лiку дагэтулiшнiх здабыткаў Шпак меў напiсаныя й выданыя добрыя працы. Вядома, той найважнейшы й найбольш дасканалы твор заўсёды яшчэ плянуецца, ён-жа ў будучынi. Шпакавы матар'ялы акупант цэнзураваў перад вайною. Некаторым дарогу ў кнiжны цi газэтны сьвет загараджвалi. I ўсё-ж, хоць i бiла яго бязьлiтасна варожая цэнзура, творчы працэс на роднай зямлi быў куды лягчэйшым. Чалавек - быццам птушка ў сваiм гнязьдзе. Дыхалася разам з народам. Дзялiлiся разам беды й лiхалецьцi. Быццам грудное дзiця пры матцы, цягнуў маральнае падмацаваньне з духовае, няхай i затуканае культуры запрыгоненага сялянскага народу. У гэным усенародным цярпеньнi была ягоная магутная апора, там гартаваўся дух, рос зарад практыкi, што некалi вунь як спатрэбiцца на ўхабiстым шляху будучынi. Колькi акупант не намагаўся, а народных волатаў, людзей вялiкага розуму, прадбачаньня, патрыятызму й фiзычнага гарту, ня мог на каленi паставiць. Гэтакiя былi. Шпак верыў, што яны й цяпер ёсьць. Працуюць i змагаюцца. I некалi перамогуць. Накш быць ня можа! - Шпак непахiсна ў тое верыў. Ягонае крэдо, сьвятое сьвятых: перамога прыйдзе! Маскоўская "iмпэрыя зла" - гаргара няволi, якую стварылi нiкчэмнiкi й паразiты, развалiцца так, як да гэтага часу на працягу тысячагодзьдзяў развальвалiся ўсе iншыя, магутныя iмпэрыi.
У Радфордзе пасялiлася ўжо немалая, як тут называлi, калёнiя Шпаковых суродзiчаў. Яны пасьля вайны прыехалi. Птушкi з ворагам "раськiданых гнёздаў". Адны зь iх - "дыпiсы" (паводле клясыфiкацыi заходнiх хаўрусьнiкаў - "перамешчаныя асобы"), значыцца тыя, каторых Немцы ў часе вайны змабiлiзавалi й вывезьлi ў фашыстоўскую Гiтлераву Нямеччыну на розныя нявольнiцкiя працы. Менш было такiх, каторыя пры адступленьнi Немцаў пайшлi на захад, каб выкарыстаць нагоду й уратавацца ад абодвух тыранаў, якiх добра вызначыла мудрая сялянская характарыстыка: "абое рабое", або "два роўныя гады, iх на адным суку трэба павесiць". Гэтыя апошнiя плянавалi на вялiкую адлегласьць: трапiць у вольны сьвет. На ўсiх такiх дыпiсаў палявалi пасьля вайны па цэлай прасторы Заходняй Эўропы бальшавiцкiя рэпатрыяцыйныя камiсii пад кiраўнiцтвам спэцаў, што ўжо вымардавалi мiльёны нявiнных у Гулагу. Гэтым бальшавiцкiм спэцам памагалi Брытанцы i Амэрыканцы, апошнiя, вiдаць, натхнёныя прэзыдэнтам Рузвэлтам, што ўжо добра занемагаў i сваiм зьдзiцянелым розумам упадабаў быў "дзядзю" Джова Сталiна ды памог яму палову Эўропы аддаць.
Iншая група - быўшыя вайскоўцы з польскiх адзьдзелаў Брытанскае армii, каторыя прайшлi Гулаг, або абхiтрылi "абое рабое" ды яшчэ ў мундзiрах хаўрусьнiцкае армii памагалi дабiваць гiтлераўскую Нямеччыну. Шматлiкiя зь iх прыехалi сюды ўжо ў 1946-м годзе, атрымалi ад канадыйскага ўраду двухгадовага тэрмiну кантракты працы на фэрмах. Яны пачалi свае першыя крокi ў вольным сьвеце ад гнаявых вiлаў з заплатай 45 даляраў на месяц, харчамi й памешканьнем. Уявеце сабе, прыкладна, як мог быўшы танкiст рэагаваць на такое пытаньне канадыйскага фармэра: "А ты коньмi кiраваць умееш?"
Гэтыя новыя Шпакавы суродзiчы пачулi, што ў Канадзе ёсьць нейкая колькасьць старой беларускай эмiграцыi. Пачалi шукаць тых "калюмбасаў". I якое-ж вялiзнае было iхнае рашчараваньне, калi ў розных "рабочых клубах Горкага" цi iншых мясцох сустракалi iх i фашысьцiлi iм бальшавiцкiя гарлапаны. Так. Жаўнераў з армii, якая змагалася з гiтлераўскiмi фашыстамi, гэта той самай калiшняй Сталiнавай блiзкай i важнай "саюзьнiцай Вялiкай Германiяй", гэтыя адурманеныя суродзiчы называлi фашыстамi! За кароткi час Шпакавы суродзiчы спанатрылi, што нiякага нацыянальнага жыцьця раней прыехаўшыя сюды "землякi з Гарадзеншчыны, Вiленшчыны цi Вiцебшчыны або Берасьцейшчыны" тут ня мелi й не стварылi. Ладная колькасьць, - каталiкiсталiся "палякамi". А ў цямноце й нацыянальнай нясьведамасьцi бальшынi з агулу даўно загнязьдзiўся рак чырвона-маскоўскае пошасьцi. Дзецi iхныя ў бальшынi ня ведалi мовы сваiх бацькоў. Канфузу нацыянальнасьцi i духовай ляяльнасьцi гэтых "калюмбусаў" ды iхных нашчадкаў спадарожнiчаў яшчэ факт, што вялiзны й непераможны "саюзьнiк" захаднiх дэмакратычных дзяржаваў у вайне - гэтта агульнаведамая i храбрая "Раша"-Расея - падчас вайны здабыла ў вачох iхных аўрэол нейкай звышсiлы й поўнай вышэйшай справядлiвасьцi. Адтуль, ад такога зьбянтэжанага ўяўленьня як руку падаць у рэчышча вялiкага й магутнага славянскага сьвету i прадказанага шматлiкiмi "прарокамi" мiсiянiзму вялiкай "Рашы"-Расеi. Дзякуючы камунiстычным агiтатарам, нацыянальная нясьведамасьць i малапiсьменнасьць нашых суродзiчаў, якiх новапрыбылыя называлi спачатку "калюмбусамi", iшла на помач камунiстычнай партыi Канады i махляром з маскоўскага цэнтру.
Шпакавы суродзiчы, намагаючыся насамперш апанаваць няведамую мову новай краiны, здабыць патрэбныя прафэсii, уладзiцца на працы, павiнны былi ад асноваў будаваць грамадзкiя арганiзацыi, Божыя сьвятынi, фiнансавыя й навуковыя iнстытуцыi - ствараць цэлы камплект патрэбных установаў сваёй нацыянальнай беларускай сям'i ў Канадзе. Беларусь наагул тут была мала знаная. Нават самая назва яе. Ня толькi адурманеныя некалi чужынцамi суродзiчы, але найбольш чужыя, уключна зь дзяржаўнымi й грамадзкiмi ўстановамi Канады, блыталi гэную "Уайт Рашу" цi "Беларашу" з "Рашай". Апроч таго Канадыйцы, што добра ўмелi жлукцiць пiва й сачыць гакэй, зьвязвалi тую чырвоную Рашу з гэнай белай. Вось у такiх абставiнах Беларусы, - гэтыя зь белай Русi нейкiя "дыпiсы", - пачыналi ў новай краiне будаваць свае нацыянальныя ўстановы, прэсу, сьвятынi i ўсё iншае.
Шпак уважна прыглядаўся сваiм суродзiчам. Бальшыня зь iх - сыны беларускiх нiваў з Захадняй Беларусi. Пераважна маладыя, несямейныя. Мала дзяўчат. Людзi, што ўмелi касой i плугам плёны на роднай зямлi множыць. Гэтта некаторыя працавалi на фэрмах, але бальшыня пасялялася ў гарадох, знаходзiла працы на розных прадпрыемствах. Першая мэта iх - купля свайго дому. На жаль, людзi з асьветай складалi сьцiплы працэнт iхнага лiку. Праўда, некаторыя тут ужо беглi ў школы, пасьля здабывалi вышэйшую адукацыю ў розных галiнах. Сумленны, працавiты народ. Ззаду - кашмар вайны, вялiзная жыцьцёвая практыка. У сэрцах - гарачая любоў да забранай чужнiком роднай зямлi, пакутнiкаў у страшэнным прыгоне. Адгэтуль i нахiл да палiтычнай акцыi. Працiўнiкам зьяўляўся адвечны вораг паняволенай бацькаўшчыны, той Купалаў "чужак-дзiкун" i гэныя "раскаваныя рабы", што "бацькаўшчыну рэжуць на кускi". Тыран цяпер прыкрываўся гуманiзмам, вёў кампанiю за мiр на ўсiм сьвеце, хаця вунь кагадзе ў Карэi распалiў быў вялiкую захопнiцкую вайну. Атрымаў належны адпор, цяпер лiжа раны.
Шпакавы суродзiчы ўзмоцнiлi агульны антымаскоўскi фронт, што ўключаў сiлы эмiгрантаў з бальшынi паняволеных Масквою народаў. Актыўнасьць праяўлялася ў масавых дэманстрацыях супраць чырвона-фашыстоўскай Масквы з розных нагодаў. Здарылася, для прыкладу, што калi ў Радфорд мясцовыя камунiсты i iхныя спадарожнiкi запрасiлi няслаўнага "чырвонага дзяка" Гаўлета Джансана з Кантэрбэры ў Ангельшчыне на так званы кангрэс мiру, дэманстранты з паняволеных Масквой народаў выйшлi дзясяткамi тысячаў на вулiцы гораду й спаралiжавалi ягоны цэнтар. Не дарма мясцовая газэта "Тэлеграм" назаўтра крычала вялiкiм сэнсацыйным загалоўкам на цэлую шырыню першай бачыны: "Вайна на мiрным кангрэсе". Дзякуючы вось такiм супольным акцыям, "новыя Канадыйцы" адразу зьвярнулi на сябе ўвагу мясцовых бясхрыбетных, з чэмбэрленаўскiмi нахiламi, палiтыкаў, што ў далейшым мела ўплыў на адносiны канадыйскiх урадаў да новых канадыйскiх грамадзянаў з Усходняй Эўропы дый да чырвона-фашыстоўскае мафii з маскоўскага Крэмля. Шпакавы суродзiчы бралi пастаянны i актыўны ўдзел у супрацьмаскоўскiх акцыях i дзiва няма таму, што пiсьменьнiк чэрпаў свае творчыя сiлы з маральнага гарту сваiх суродзiчаў.
Знаёмства з культурай i палiтыкай дзяржаўна двухмоўнай Канады прынясло беларускаму пiсьменьнiку вялiкае рашчараваньне. Зь ягонай сацыяльнай пазыцыi, - з самага нiзу, - немагчыма было ўстанавiць кантактаў з канадыйскiм навуковым, лiтаратурным цi палiтычным верхам. Шпак сачыў i аналiзаваў тое, што плыло цi валачылася са сродкаў масавае iнфармацыi друку, радыё i яшчэ ў пялёнках чорна-белага тэлебачаньня. Кажны дзень паказваў новыя гарызонты працоўнага й гандлёвага рынку. Рэкляма й розныя дзялкi-энтрэпрэнёры жырэлi на спорце. Каб гэта яны прынамсi палову часу, што на спорт, аддавалi на культуру. Шмат праўды было ў тым, як сказаў адзiн з суродзiчаў пра Канаду: тэхнiка вялiкая, а культуры няма... У вышэйшых навуковых iнстытуцыях ды галiнах масавае iнфармацыi зьвiлi гнёзды й распладзiлiся левакi й марксiсты з кагорты тых, што ў трыццатых гадох сьпяшылi ў Маскву пакланiцца кiраўнiком "перадавое сацыялiстычнае краiны", а пасьля самi, як учадзелыя, пашыралi хлусьню пра тую Маскоўшчыну й новы варварскi, чырвоны фашыстоўскi рэжым, якi ўжо тады штучным голадам i Гулагам мардаваў мiльёны нявiнных людзей. Перад выбарамi ў розныя ўрады, гарадзкiя, правiнцыяльныя i фэдэральныя, - чалавеку аж вушы абляпаюць розныя "першаклясна дэмакратычныя" кандыдаты, пачынаючы ад трох галоўных партыяў, а канчаючы тымi, у самым хвосьцiку, камунiстамi, што пры помачы рознага "пралетарыяту" й "прагрэсiстаў" не маглi нiкога й нiкуды выбраць. Свае-ж, канадыйскiя сацыялiсты, як правiла, трымалi трэцяе, значыцца апошняе месца.
Пiсьменьнiк Шпак i ягоныя суродзiчы лiчылi сябе голасам паняволенага народу. Трэба было працаваць, каб пра той запрыгонены народ пачулi найважнейшыя палiтыкi i ўплывовыя людзi перадавых i наймагутнейшых захаднiх дэмакратыяў. Iншыя народы, прыкладна Палякi, мелi на Захадзе даўно вытаптаныя дыпляматычныя i культурныя сьцежкi. А што Беларусы? Дарма, як апантаны, бегаў Луцкевiч некалi па Парыжы, каб рэпрэзэнтаваць Беларускую Народную Рэспублiку на мiрнай Вэрсальскай канфэрэнцыi. Польскiя "моцарствовыя" дыназаўры змабiлiзавалi былi свае сiлы, пусьцiлi ў ход гнюсныя iнтрыгi, каб голасу нованароджанай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi нiхто не пачуў.