Ён падышоў i сеў ля яе, а той, што рабiў труну, устаў i сеў там жа, на лаве.
   - Бацька, я больш не магу спаць, - сказала Гануся.
   - Трэба прычакаць дня, - пачуўся шэпт таго, што рабiў труну.
   - Будзем чакаць дня, Гануська, - сказаў бацька.
   Гэтая гаворка траiх была такая зладжаная, што льга было б заўважыць: яны блiзкiя адзiн аднаму, усе ўтраiх. Нешта адно жыло ў iх душах. Маўклiвае чаканне пацяглося далей. Вiдно было праз акно, як пачало цямнець неба.
   Той, што рабiў труну, падняўся i зашпiлiў на сабе вопратку. У ёй ён ляжаў i сядзеў.
   - Здаецца, адлега пачынаецца на дварэ, - сказаў ён шэптам. I зноў лёг. На печы кашлялi, кiдалiся, гаварылi са сну. Гануся цярпела ноч. I вылежала так да канца ночы. Яна адчула, што ноч падышла да канца, хоць нiякiх адзнак таго яшчэ не было. Яна прыўзнялася i зашаптала бацьку ў вуха:
   - Татуля... Бацька... Ужо ноч прайшла... Так i ўсё гэтае злое мiнецца. Самае важнае - нам перачакаць. Так дзень за днём.
   Ён падняўся i сеў.
   - Дзень пачынаецца, - сказаў ён такiм тонам, як бы гэта штосьцi вельмi важнае адбылося. I зноў змоўклi. I зноў пацягнуўся час. Ранiца iшла паволi. Дзень пачынаўся хмурны. Раптам знiклi рэдкiя зоры i святло з неба. Вiдны сталi сцены ў хаце i дзверы, адчыненыя ў той "халодны пакой". Чакалi дня, а як ён прыйшоў, не ведалi, як пачаць яго. Усе паглядалi на печ, што далей будуць рабiць няпрошаныя начлежнiкi. А яны ўсе так жа неспакойна спалi. Ужо Гануся ўстала, увайшла ў "халодны пакой", расчынiла там нейкае цеста. Ужо той, што рабiў труну, наперасекаў многа жэрдак на дровы. Ужо Ганусiн бацька, схаваўшыся ў "халодным пакоi" ад сваiх нязнаных начлежнiкаў, дастаў цiхом з-пад пiнжака пiсталет, разабраў яго i зноў сабраў. А тыя ўсё ляжалi на печы i нават як бы спалi. Цяпер ужо вiдно было i як мае быць чутно: час ад часу рваўся скрыпучым кашлем самы старэйшы. Самы маладзейшы час ад часу енчыў слабым голасам. Таўсматы штосьцi ўсё праз сон гаварыў, але не так, як учора ўдзень, а па-нямецку. Той, што ў лёгкiм пiнжаку, раптам прахапiўся i пракрычаў чыстай польскай мовай штосьцi аб тым, што ён даў абяцанне перад вялiкай усясветнай справядлiвасцю ненавiдзець фашыстаў, пакуль будзе жыць. Самы малады, быццам ускрылены гэтым польскiм крыкам, крыху прыўзняў галаву i з нотамi агню ў вялым ад хворасцi цi слабасцi голасам як бы растлумачыў таму паляку (бо пакуль гаварыў, глядзеў на яго), што ён толькi дзеля таго дзяцей будзе мець, каб яны маглi выхаваць у сваiх дзецях нянавiсць да фашыстаў. Вiдаць, што гэтая думка, цi праўдзiвей сказаць, фармулiроўка думкi, склалася ў яго не адразу i напластоўвалася з цягам часу. Самы старэйшы, той, што кашляў, падняў галаву i раптам, як бы што ўспомнiўшы цi адумаўшыся, кiнуўся зноў i ляжаў, больш не варушачыся i стрымлiваючыся, каб не кашляць i не абзывацца. Збоку гэта льга было заўважыць. Таўсматы ж нават i не паварушыўся. Але вiдаць, ён чуў усё, бо не спаў. Часамi ён расплюшчваў на момант вочы. Тым часам Гануся падпалiла ў печы, узяла з-пад прыпека скавараду, насыпала з паперы на яе цёртых канапель i расцiснула паверх цеста. Неўзабаве яна спякла такiм парадкам тры скавароднiкi, пульхныя i тоўстыя. Яна, бацька i той, што рабiў труну, стоячы пры печы, адразу i з'елi iх.
   - Як мне хочацца малака! - сказала Гануся, пасля чаго ўсталявалася маўчанне.
   Дзень панаваў ужо на дварэ. Ён быў хмурны. Час усё iшоў, а тыя з печы не злазiлi. Ужо напэўна за паўдня мiнула, а яны ляжалi. Самы старэйшы зноў пачаў кашляць. Ганусiн бацька падняў руку i штурхануў самага маладога ў нагу. Той адразу прыўзняў галаву, паглядзеў на чалавека i мiргнуў унiз вачыма. Было ўсё падобна, што ён i спадзяваўся, што так усё будзе. Ён вычакаў момант, асцярожна споўз на край печы i ўкрадкам злез на зямлю. Моўчкi, як згаварыўшыся, выйшлi яны ўдвух з Ганусiным бацькам у сенцы.
   - Перакусiць чаго трэба, - сказаў пошапкам Ганусiн бацька так, як бы ведаў гэтага маладога чалавека, бадай што хлапчука, здаўных.
   - Мне не можна, - сказаў той. - Я захварэў. Я многа галадаў, а мяса было недаваранае, а я яго ўчора многа з'еў. Цяпер у мяне як быццам усё рвецца ўсярэдзiне. У мяне ў жываце ные i сцягваецца.
   - А есцi табе не хочацца?
   - Не. Я зусiм аслабеў.
   - Кладзiся на тую пасцель, дзе мы спалi.
   - А яны ўжо i так заўважылi, што я з вамi добра.
   - Ты iх баiшся?
   - Iх тры, а я адзiн.
   - Не бойся. I нас тры.
   - На мне могуць быць вошы. Я не лягу на вашу пасцель.
   Ганусiн бацька памаўчаў i кiўнуў галавой.
   - Дык вылежвайся сёння на печы. Яшчэ адно. Ты з палону ўцёк?.. Ты не бойся. I я ад немцаў уцёклы.
   - З палону. Як вы ўгадалi?
   - У мяне ж галава на плячах.
   Малады чалавек раптоўным рухам хапiў руку Ганусiнага бацькi i страсянуў яе. Пасля чаго пайшоў у хату i зноў уцiснуўся на печы памiж тых. Нейк адразу пасля гэтага той, што рабiў труну, Ганусiн бацька i Гануся выйшлi з хаты, добра зачынiлi сенцы i, даўшы добрага кругу, па адным, а не разам, абышоўшы той лясок, на краi якога з мiнулай ночы з'явiлася свежая магiла, сабралiся ў нейкай вузкай i доўгай градзе старых дрэў. Тут расло некалькi дубоў, вязаў, бяроз i многа алешыны. I пад iмi гусцiўся крушыннiк. У гэтым крушыннiку яны абгледзелi ляжачую старую бярозу, вывернутую навальнiцай з карэннем. Яна ўжо ўтрухлела i абрасла высокай мятлiцай. Ганусiн бацька выцягнуў з-пад дрэва аўтаматычную нямецкую вiнтоўку i набоi да яе, напакаваныя ў вялiкi шкляны слой i накрытыя вечкам з бляхi. Ён добра абгледзеў вiнтоўку. Утраiх селi на дрэва, i ён пачаў разбiраць зброю. I ён сам, i Гануся, i трэцi чысцiлi часткi вiнтоўкi. Падоўгу адцiралi iх. Прайшло можа гадзiн тры. Ганусiн бацька дастаў з кiшэнi бутэлечку з памазачным алеем i перамазаў iм вычышчаныя часткi вiнтоўкi. Пасля ён сабраў вiнтоўку i зноў паклаў на ранейшае месца. Вось i дзень пачаў канчацца. Такiм жа вялiкiм кругам, па адным, яны пайшлi назад. На тварах iх была напiсана панурасць i скруха. Як бы нехаця ўвайшлi яны ў хату. Тыя ўсё ляжалi на печы. Чатыры пары ног тырчэлi з яе на хату. Старэйшы кашляў ужо бесперапынна. Усе ўвайшлi ў "халодны пакой". Гэта была чыстая хата пасля кухнi. Адно акно было без шкла i пазастаўлена фанерай. Тут i сапраўды было холадна. I апроч аднаго стала, нiчога больш не было. Гануся дастала з шуфляды гэтага ж стала хлеб i сала, i, стоячы над адчыненай шуфлядай, усе елi. Здавалася, што тут i спрадвеку была такая пустэча. Бо i ў хаце гэтай, i ў сенцах, i на двары, усё было пуста i гола. Пачынала змяркацца. Ганусiн бацька стаў на стол, дастаў рукою столь i выцягнуў з-за бэлькi скручаную ў жмут газету. Ён яе разгарнуў i разаслаў на стале. Гэта была "Правда", з таго ж самага месяца. На газету ён паклаў кавалак хлеба i выйшаў з пакоя. Ён зноў штурхануў у нагу самага маладога. Той паслухмяна злез з печы, нават не стараючыся не трывожыць тых. Тым, вiдаць, гэта ўжо не надакучала. Ганусiн бацька ўвёў яго ў "халодны пакой" i паказаў на хлеб на газеце:
   - Еш.
   Той працягнуў руку да хлеба i нейк скалынуўся. Ясная адзнака была, што ён яшчэ не ўмiраў ад свае хваробы i слабасцi. Ён добра змянiўся ў твары. Хоць на момант.
   - З гэтага лiстапада газета? З Масквы? Значыцца, яшчэ жыве Масква? I Саюз Савецкiх рэспублiк жыве?.. Дзе вы ўзялi газету? Як дасталi?
   - Знайшлi ў полi. Я думаю, што з савецкага самалёта.
   -Даўно?
   - За дзень да таго, як вы тут з'явiлiся... А хто вы?
   - Я студэнт педагагiчнага iнстытута ў Менску.
   - Вам ломiць каленi?
   - Ломiць.
   - Вы не толькi атруцiлiся мясам. Больш за ўсё ў вас таго, што вы захаладзiлiся. Зараз мы вас будзем кармiць i адаграваць.
   Дзiўная была раптоўная змена ў гэтым маладым чалавеку. Ён колькi разоў укусiў хлеба i пакiнуў есцi. Ён стаяў нерухома.
   Але здавалася, што ён зробiць зараз нешта вялiкае i патрэбнае ўсiм, i да гэтага ён доўга iмкнуўся i толькi цяпер як мае быць дасягнуў гэтага. Твар яго як бы свяцiўся.
   - Жыве наша бацькаўшчына!.. Я з усiх сiл буду старацца, каб ачуняць!.. А хто вы такiя? Што вы за людзi, што тут так жывеце?
   - Iдзi ляжы. Я пасля табе раскажу, - сказаў Ганусiн бацька. - Я нешта прыдумаю, каб пакласцi цябе дзе iнакш.
   Не зганяючы з твару новых рыс надзеi i веры, малады чалавек зноў уцiснуўся на печы памiж тых. Ужо зусiм пачало змяркацца. I вось новая заклапочанасць i ажыўленне заўладала ўсiмi, хто мучыўся сваёй душой, стоячы на нагах, а не лежачы. Утраiх шапталiся, збiралi ўсялякую адзежу i рэшткi яе. Паставiлi тапчан пры печы. Гануся паслала пасцель на тапчане з усяго, што толькi льга было знайсцi. Зноў Гануся падпалiла ў печы i грэла ваду ў чыгуне. Пакуль накармiлi студэнта хлебам i цёплай вадой, быў ужо вечар у добрай пары. Ганусiн бацька даў яму бялiзну. Ён доўга выцiраўся сваёй бруднай кашуляй i выкiнуў яе пасля ў сенцы. А сам у чужой бялiзне лёг. Яго акрылi нейкай вопраткай, i, можа быць, iлюзiя поўнага шчасця ўсцешыла яго ў гэтыя хвiлiны. Твар яго жыў павевамi надзеi, веры i радасцi. Ён ляжаў нерухома i глядзеў праз акно ў зорную прастору. Зоры ў небе ўзышлi густа, i неба зiхацела над змрочнай зямлёй. Ён усё глядзеў угару. Ён думаў пра зоры, пра тое, што на дварэ, мусiць, бралася на мароз, пра дрэва, вялiкi i чорны сiлуэт якога вырысоўваўся ў вакне, i пра сваю нечаканую радасць. А як жа! Ён знайшоў сваю радзiму. Ён дажыўся да вялiкай радасцi. Ён не мог спаць ад шчасця. Ён баяўся паварушыцца. Яму пачало здавацца, што нерухомасць хутчэй паднiме яго на ногi. I ён стараўся. Што робiць з чалавекам надзея i вера! Можна сказаць з пэўнасцю, што яны, гэтыя дзве вялiкiя сёстры, могуць заступiць месца дасягнутай мэты i ашчаслiвiць чалавека. Быццам дух радаснай надзеi запанаваў тут. Як бы настрой гэтага маладога чалавека ўзбудзiў да прагi i iмкнення душы ўсiх тут. I той, што рабiў труну, i Ганусiн бацька, i сама Гануся не маглi i не хацелi заснуць. Але тут радасць надзеi не была чыстая. Яна была атручана тым, што адбылося i пячаць чаго не знiмеш нiколi. Вельмi можа быць, што i Гануся адчувала гэта. Напэўна, i яе душыў смутак. Ёй, як i ўсiм тут, трэба было спадзявацца на час. Гэты верны доктар можа вылечыць уражаную душу i зняць з яе пячацi перажытага.
   Ганусiн бацька i той, што рабiў труну, селi поплеч на лаве i маўчалi. Было падобна, што яны спяць седзячы. Гануся паставiла табурэт пры самых дзвярах у сенцы i там сядзела.
   На печы таксама не спалi. Цi то там ужо за доўгi час адаспалiся, цi то кожны пачаў даходзiць да цвёрдай свае думкi, адзiнай патрэбнай яму. Льга было заўважыць у ясным змроку зорнай ночы, што адзiн з тых трох, найбольш, мусiць, апанаваны ўтрапеннем, сеў i звесiў з печы ногi. Ён так сядзеў i калываўся ў бакi. Праз колькi часу хтосьцi на печы яшчэ пачаў паднiмацца. I гэты сеў акрай печы i звесiў ногi, побач таго.
   - Дзе тут вада? - пачуўся яго моцны шэпт.
   Гэта быў той, што больш за ўсiх перакалацiўся на холадзе ў летнiм пiнжаку i ў жаночай шапцы, звязанай з нiтак. Гануся паднялася з табурэта, папацёмку разграбла ў печы жар i раздзьмула агонь. Яна запалiла лучыну i набрала ў нейкую пагнутую бляшанку вады.
   - Калi будзе ласка, сюды падайце, - зноў сказаў той. Польскi акцэнт яго вымовы быў цяпер вельмi моцны. Вiдаць, што ён ужо не дбаў аб дасканаласцi свае вымовы па-расейску. Аслабеў, схварэўся, i не да гэтага яму было. Або прытупiлася пачуццё самаабароны. Вiдаць, што гэтае пачуццё было ў iм раней, бо чаго ж бы ён так стараўся, каб не ўжыць польскага слова.
   - I мне, калi ласка, вады, - сказаў студэнт.
   - I мне, прашу, - з жудасным нямецкiм акцэнтам сказаў той, што першы сеў на печы. Гэта быў самы старэйшы.
   I таўсматы высунуў галаву з-за комiна i працягнуў руку:
   - Вады, прашу.
   З лучынай у руках, Гануся абышла ўсiх i напаiла кожнага. Тыя два асталiся сядзець на печы, а таўсматы так i ляжаў, выткнуўшыся на хату з-за комiна. Гануся ўваткнула лучыну дзесьцi ў чалешнiках печы i зноў села на табурэт. Часта Гануся ўставала зменьваць лучыну i зноў садзiлася. У цьмяным святле ад лучыны постаць яе вырысоўвалася нявыразна, але не гэта было важна. З выгляду яна была яшчэ малая. Падростак з рухавымi плячыма, але з павольнай хадой. Тое, што яна тут, нейк усе адчувалi. Бо i студэнт колькi разоў паднiмаў галаву i кiдаў на яе вачыма. I таўсматы, i паляк раз-поразу паглядалi на яе. Самы ж старэйшы спынiў на ёй свой позiрк i не адвёў яго нiкуды. Пачалося доўгае маўчанне. Яно цяглося як пакута ўсiх гэтых людзей, як iх смутак аб мiнулым i аб будучынi, як прага iх. Раптам Гануся цвёрдым шэптам перарвала цiшыню:
   - Бацька! Што мне рабiць?
   - Пастарайся заснуць, - такiм жа шэптам адказаў бацька.
   - Здаецца, што я сама ў магiле. Як бы мне дух спiрае.
   - Ты ж сама казала, што дзень за днём перачакаць трэба. У цябе змалку яшчэ была ясная галава. Вучыся мець развагу.
   I зноў запанавала цiшыня. Але, здаецца, Ганусiны словы ўзбудзiлi студэнта (а можа i ўсiх) да новага ўзбуджання i ўвялi яго ў новы абсяг думак. Бо ён адразу паставiў руку на локаць i падпёр ею галаву. Так, не то лежачы, не то седзячы, ён моцна шапнуў у бок Ганусi:
   - Тут далёка Варшаўска-Маскоўская шаша?
   - Не, недалёка, - як бы ўзрадавалася гаворцы Гануся.
   - А горад Слуцак далёка адгэтуль?
   - Далёка.
   - Але чулi вы такi горад?
   - Дык дзiва што чулi.
   - Гануся, цябе так, здаецца, называлi? Слухай, Гануся. Каб ты ведала толькi, як мне цяпер стала добра! Як я нанава на свет нарадзiўся.
   Трэба думаць, што гэты студэнт быў вельмi бывалы i многа чаго бачыў на свеце. Але ён быў малады, i яму нялёгка было хаваць i таiць у сабе сваю радасць. Да таго ж i склад натуры мусiць быў такi. Адкрытая душа i даступная кожнаму. Шчаслiвымi вачыма ён глядзеў на Ганусю i рыхтаваўся нешта сказаць. Некалькi разоў ён перадыхнуў глыбока. Сэрца яго бiлася часта.
   - Ты ведаеш, Гануся, - пачаў шаптаць ён. - Я думаў, што ўжо мне суджана навекi так ляжаць, як я цяпер ляжу. Я нiкому не перашкаджаю, i мне нiхто. Якраз паўгода таму назад я быў хворы i сядзеў, прыпёршыся да спiн i бакоў маiх таварышаў. Бо нас было многа ў цесным бараку, i не было як легчы i выцягнуцца. А чатыры гады таму я быў хворы i ляжаў у чыстай пасцелi, i мая мацi паiла мяне чаем, i я думаю, што гэта быў самы шчаслiвы час майго жыцця. Я ўжо думаў, што навекi буду без роду i без радзiмы, без волi i сваiх жаданняў. Я думаў, што ўсё яны ўдушаць, абязвечаць i вырвуць з душы. Мяне душыла безнадзейнасць. Я думаў: так i жыццё можа прайсцi: разам з сонцам уставаць, каб рабiць цэлы дзень i не мець сваiх жаданняў i патрэб. А ўвечары легчы спаць, каб зранку зноў устаць на работу. I родных у мяне не будзе, i дзяцей у мяне не будзе, хiба можа iм трэба было б з маiх дзяцей зрабiць сабе слуг. Гануся, у маёй галаве нават склалася горкае ўяўленне. На адну хвiлiну мне загадалi адагнуцца ад работы i сказалi: трэба, каб у цябе была дачка, такая, як ты: такога ж цёмнага воласу i з такiм звонкiм голасам. Мне загадалi мець дачку, бо iм трэба было мець з цёмнымi валасамi i звонкiм голасам служанку таму iхняму маладому чалавеку, якi павiнен будзе вырасцi ў мужчыну, пакуль мая дачка народзiцца i вырасце ў дзяўчыну. Мая дачка вырастае пры мне, i я яе змалку каля сябе прывучваю да цяжкай работы. Iдзе год за годам, i яна ўжо як механiзм: устае з сонцам, каб дзень рабiць i каб вечарам кiнуцца набрацца ў сне сiл да ранiцы. Першымi сваiмi маладымi гадамi я ведаў iншае жыццё, волю i радасць быць самiм сабою. I я хаваю ад свае дачкi, што ёсць цi было калiсьцi iншае жыццё. Бо калi яна будзе ведаць гэта, то жыццё яе стане горкай атрутай, пякельнай пакутай. Калi яна паказвае мне ўдалечыню i кажа, што пад тымi далёкiмi дрэвамi мусiць вельмi добра, што там многа прастору i сонца i што дарогi там iдуць у прывабную шырыню свету, я адгаворваю яе, малую, ад такiх думак. Я шкадую яе i кажу ей, што ўсё тое, што яна бачыць на свеце, - несапраўднае i фальшывае. Сапраўднае толькi ў тым механiчным жыццi, у якiм мы з ею. Наша казарма сапраўднасць, i трэба прывязацца да яе. А ўвесь свет, далей за казарму, - гэта мiраж. Так я яе выхоўваю для жыцця. Бо калi яна будзе ведаць сапраўдны свет, то хiба не будзе яе жыццё ў казарме пакутай навекi? Я ж люблю яе. Яе ж вобраз стаiць перада мною i не дае мне спакою. I я хаваю ад яе тое, што люблю яе. Я стараюся сухасцю i механiчнасцю вытруцiць з яе душы прыродныя пачаткi замiлавання i прывязанасцi да блiзкiх. Бо iх жа яна праз усё жыццё не будзе мець. Яе ж адарвуць ад мяне, як толькi яна ўзнiмецца на ногi. Дык нашто ж ёй веданне таго, што не будзе ў абсягу яе iснавання? Нашто ёй сумаваць аб тым, што нiколi не будзе даступна ёй? Пчала смокча кветку, дык адкуль жа яна будзе ведаць смак мяса? А каб у гэтым мудрым законе прыроды адбылося нейк раптам непаразуменне i пчала ўведала, што ўвесь свет месцiцца не толькi ў кветцы. Што ён у незлiчонасць разоў большы, але ж i недаступны ёй. Дык нашто ж ёй гэты лiшнi, пакутны сум? Дзе знайсцi яму апраўданне? Жыццё маё стала пакутай яшчэ i ад гэтага ўяўлення майго. Гэта стала маiм кашмарам. Я пакiнуў спаць начамi i ранiцамi, на ўсходзе сонца, мяне салдаты паднiмалi ботамi ў грудзi. Вобраз дзяўчынкi не адыходзiў ад мяне. I я знайшоў апраўданне ўсяму вось якое: я аднойчы ўбачыў, што немец, якi стаяў на варце на выхадзе з нашага лагера, як бы задумаўся. Ён стаяў вачыма ад мяне. I было цемнавата. Якое шчасце! - Аж скалынуўся я ўвесь. Такога выпадку доўга чакаць прыйдзецца. Я падышоў блiжэй да немца. Я азiрнуўся. Шчасце! Нiкога няма. Я хапiў яго за горла. I пасля доўгiх месяцаў смутку ўвесь свет напоўнiўся маею радасцю, калi я адчуваў i бачыў, як немец канае, сцiснуты за горла маiмi рукамi. Я лёг i папоўз за агароджу. Праз кiламетраў два я ўстаў i пайшоў. Я хiстаўся ў бакi ад слабасцi, i ў вачах маiх зямля як бы падала ў бяздонне. Але я iшоў. Звечара было цямней, а надпоўнач стала зорнае неба i вiсеў месяц, хоць неўзабаве ён знiк. Млечны Шлях iшоў праз усё неба. Я глядзеў на зоры i ўзяў кiрунак на ўсход. Бо лагер ваеннапалонных быў далёка на захадзе. I ў гэтыя гадзiны пачатку свае вялiкай дарогi я ўсё бачыў перад сабою вобраз той дзяўчынкi. Я думаў, што яна павiнна радзiцца ў мяне на свет, каб уведаць, што свет вялiкi, вольны, шчаслiвы, радасны, i нiякай казармы ў iм не будзе чалавеку, i што жыць на свеце - гэта значыцца, мець шчасце. I яшчэ дзеля чаго павiнна нарадзiцца яна, гэта каб перадаць сваiм ужо дзецям маю нянавiсць да немцаў, тупой, iлжывай, бессардэчнай, бесчалавечнай нацыi, якая вечна прысвойвала сабе чужое i цяпер надумалася абвясцiць сябе лепшай за ўвесь свет. Таўстаморды немец трымаў бы ў казарме маю дзяўчынку. А яна родзiцца на доўгi шчаслiвы век. Я яе адчуваю. I мне здаецца, што гэта ты i ёсць, Гануся.
   У палон я трапiў, калi немцы забралi былi Смаленск. Мяне завезлi далёка. Што ж! Гэта былi першыя месяцы вайны. Немцы лезлi наперад. Мы адступалi. Надзея пачала меркнуць. У лагеры мы чулi толькi тое, што ўжо няма нашай Радзiмы. Я доўга iшоў на ўсход. I не ведаў нiчога, што робiцца. Я туляўся глухiмi закуткамi. Я абыходзiў гарады i мястэчкi. Усюды нямецкая варта вымагала дакумантаў. Але i з дакумантамi такiх, як я, гналi ў Германiю. Нарэшце я ўвайшоў у мясцовасць, дзе толькi пажарышчы. Я ведаў, што недзе тут павiнна быць Маскоўска-Варшаўская шаша. Яна прывяла б мяне пад Слуцак, у тым баку жыве мая мацi. Я далёка зайшоў на ўсход стараною i цяпер па шашы крыху вярнуўся б. Я ўжо дайшоў да страты апошнiх сiл. Iх я пачаў трацiць яшчэ ў лагеры, дзе на мне вазiлi ў бочцы ваду i я, упрэжаны ў аглоблi, з пякучым болем у плячах, думаў аб той дзяўчынцы, якая не павiнна была б ведаць аб яснай шырынi свету. Мая нянавiсць да фашыстаў роўная майму замiлаванню да мае мацi, якая недзе, можа, i жыве на Случчыне. Я нiколi не памiруся з тым, што можна забыцца i дараваць хаму, якi прывалокся i наступiў ботам табе на горла. Немец i чалавек. Вось яны два, адзiн аднаму напроцi. Калi нам суджана пабiць немцаў i калi мы пашкадуем iх, збiтых, i будзем гаварыць, што i яны людзi, то хто так можа гаварыць, калi я не дарую! Хiба можа яны ўсе, уся нацыя, так, як рабiлi некалi вялiкiя злачынцы, каючыся, адзенуць на сябе адзежу з зрэбных мяхоў на цэлае стагоддзе i самi аддадуць усе сiлы, каб узрасцiць у шчасцi тое пакаленне ў чалавецтве, якое ў сваiм маленстве зазнала на сабе нямецкi бот. Тады хiба можа я згаджуся на тое, каб зноў назваць немца чалавекам.
   Я аслабелы i галодны бадзяўся, пасля чатырох цi пяцi месяцаў гэтага жудаснага вандравання i спаткаў вось яго (ён паказаў на печ, дзе самы старэйшы з усiх калываўся, звесiўшы ногi). Ён быў яшчэ горшы за мяне. Калi я яшчэ сяк-так iшоў, то ён, здаецца, падаў. Можа ён яшчэ i мог бы мацнейшы быць, але ж ведаў ён, што гiне, i гэта пабольшвала яго блiзасць да гiбелi. Я колькi бачыў чалавечай гiбелi, то яшчэ гэтакага страшнага чалавечага вобраза не бачыў. Здаецца, на яго сагнутых плячах сядзела смерць i пагойдвалася ў тахту яго вялай хады. Я, калi ўбачыў яго, забыўся быў i на свае пакуты. Сэрца маё сцiснулася ад жалю. Ён пачаў гаварыць, i я пачуў, што гэта немец. Я сцiснуў зубы. Я ж нядаўна яшчэ выбраўся з аглабель! Страшная мара аб няшчаснай дзяўчынцы ўладала мной тады вельмi моцна. Душа мая гнала вон усялякае спачуванне. Гэта была новая мая пакута: бачыць чалавека перад пагiбеллю i ў няшчасцi i не мець сiлы выйсцi з чорствасцi i халоднасцi! Я ўзненавiдзеў яго за тое, што ён прывалокся на маю родную зямлю, адабраў у мяне радасць, загнаў мяне ў аглоблi i не дазволiў мне быць i далей мяккiм i добрым, лiтасцiвым i лагодным перад чужой пакутай. Мы пачулi, як недзе непадалёку зарыкаў бык, i адчулi ў гэтым свой ратунак ад голаду. Гануся! Каб ты толькi ведала, да якога шчасця я дажыўся, калi ўбачыў газету. Да мяне вярнулася ўсё, што я страцiў. Гэта ж зусiм можа быць, што мацi мая жыве i я яшчэ ўбачу там, на Случчыне, чатыры высозныя вязы цераз вулiцу ад нашага дома, насупроць вокан. Гэтыя чатыры дрэвы былi маiм смуткам, калi я быў у тым маiм вялiкiм няшчасцi. Пад iмi i цень у спёку лагаднейшы, i на iх лiсце шумiць, як вечная музыка. Здаецца, нi на якiм iншым дрэве на свеце не пахне так кара, як на iх. Упершыню гэты пах я пачуў так, што ён астаўся iснаваць для мяне назаўсёды, гэта калi мне было год можа тры цi чатыры. Быў час пасля дажджу, i была восень. Ранняя восень. Бо ў мяне ў памяцi два жоўтыя лiсткi на адным дрэве, а ўсё каля iх зелена. Усё мокрае, i свецiць сонца. Сонца заходзiць. Захад як агнём гарыць, i мацi мяне вядзе за руку пад тымi дрэвамi. Пад тымi ж дрэвамi насустрач iдзе чалавек. Хто гэта быў i якi ён не асталося ў памяцi. "Пiсьмо", - сказаў ён, паказваючы пiсьмо.
   - Ад яго? - з трывогай i надзеяй сказала мацi. "Ён" - гэта быў мой бацька, i быў ён тады на вайне. Ад яго не было пiсем ужо нешта з год. Гэта я пасля ўжо ўсе гэтыя дакладнасцi ўведаў.
   - Не ад яго, а пра яго, - сказаў чалавек.
   Гэты момант астаўся ў маёй памяцi навек. Мацi збялела як палатно. "Забiты?" - прыглушаным голасам запытала яна. Чалавек кiўнуў галавой i сказаў: "Памёр у шпiталi". "Сiрата мая малая навек", - скалынулася мацi i ўзяла мяне на рукi. Вялiкая трывога напоўнiла ўсю маю iстоту. Гэта было дзiцячае адчуванне вялiкага гора. I адно, што напаўняла сабою ўвесь свет, гэта пах мокрай кары на тых дрэвах пасля дажджу. З таго часу на ўсё жыццё пах мокрай кары так жа важан мне, як i ўсход сонца, як i лета пасля вясны, i вясна пасля зiмы.
   Тады праходзiлi першыя месяцы пасля канца вайны з палякамi, а бацька мой яшчэ ўмiраў у шпiталi. Тымi гадамi канчалася i маладосць мае мацi. Калi не з таго часу, то з пазнейшых год, але я памятаю запозненыя водблескi маладосцi свае мацi. Яна была заўсёды жвавая i задумёная. Мне заўсёды здавалася, што яна спяшае скончыць нейкую справу, а як кончыць гэтую, дык спяшае пачаць новую. Яна часта гаварыла мне, што мой бацька быў вельмi здаровы, дужы i здольны чалавек i вельмi любiў музыку. У яго былi светлыя вусы i густыя валасы. Але сам я не памятаю яго. Прайшлi месяцы, i пайшлi год за годам. Мацi мая станавiлася павальнейшая i скупейшая на слова. Яна ўвайшла ў вялiкi клопат. Гэта быў час такi, што ўсе абнаўлялi сваё жыццё. Калi я цяпер успамiнаю той час, то мне думаецца, што тады ў поўнай меры спраўдзiлiся словы вялiкай песнi. Тады хто быў нiчым, той станавiўся ўсiм. Кожны прыбiты жыццём i абязвечаны чалавек паднiмаў галаву i глядзеў далёка наперад. Пачаў ён дбаць не толькi аб адным днi, а аб усёй сваёй шырокай будучынi. Людзi будавалiся i бралi зямлю; зменшылiся клопаты аб хлебе i вопратцы, i дбайнасць пайшла аб вялiкiм спосабе на ўсё жыццё дзецям i ўнукам на будучыню. У такi час я вырас. Мацi плакала, што бацька не дажыў да той пары. Вялiкi клопат быў яе такi, што яна, адзiнокая, не хацела астацца ад усiх. Яна задумала будаваць дом на месцы нашай старой хаты, i стала натурай упартая i энергiчная. Лесу тады было колькi хочаш, i пляц тады льга было ўзяць якi i дзе хочаш, але яна прагла таго, каб дом стаяў на тым самым месцы, дзе i хата. Справа была такая, што мой бацька быў у яе ў прымах, а ў той хаце яна i радзiлася, i вырасла. Да таго месца яна была прывязана душой змалку дзён. "Я хачу, - сказала яна раз мне, - каб з вокан нашага дома вiдны былi гэтыя шэсць вязаў, каб цень ад iх падала на наш дом, калi заходзiць сонца, i каб з вокан свайго дома мы з табой бачылi, як яны азалочаны сонцам зранку". Гануся, каб ты толькi ведала, як я адразу зразумеў сваю мацi. У той дзень надвечар пайшоў дождж, i я цэлы вечар прастаяў пад вязамi: пах мокрай кары, здаецца, выварочваў маю душу. Я рабiўся падросткам i пачаў хадзiць ужо ў заработкi. Мацi ўсё была ў клопаце. Яна ночай не спала. Грошай напазычалася. Працавала з цямна да цямна, i на сваiм, i на чужым. Блiзка ўжо стаяла маё юнацтва. Дом быў накрыты i з вокнамi i дзвярыма, але без падлогi, i многа чаго яшчэ ў iм не хапала. Скончыў дом я, калi быў ужо на парозе свайго першага юнацтва. З гэтай прычыны i вучыцца я крыху запазнiўся. Раней я вучыўся ў педагагiчным тэхнiкуме i ўжо быў год настаўнiкам. Тады я i давёў да дасканаласцi свой дом. Дом той малы, у iм усяго пяць вокан. Але ў iм частачка мае душы. Бывала, калi я прыязджаў улетку туды, то кожны раз, на заходзе сонца, сумысля глядзеў, як цень ад вязаў кладзецца на дом. Я стараўся на кожным усходзе сонца глянуць, як шэсць вязаў стаяць, як у золаце. У спёку i суш я сумаваў, што не чую паху мокрай кары. Я панасаджваў там многа дрэў. Дарогу я абсадзiў таполямi кiламетраў на чатыры. Я тлумачыў дзецям, што кожны чалавек трэба каб пасадзiў на сваiм вяку хоць адно дрэва i паставiў калi не дом, дык хоць хату. Гэта ўсё перажыве яго i астанецца людзям. Калi-небудзь прыйдзе час, што чалавека такога не будзе па ўсiм свеце, якi не меў бы дзе прыхiлiць галаву. Так мы павiнны дбаць аб усiм свеце. Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, якi толькi хоць дзе на зямлi радзiўся на свет. I чорнае пракляцце таму, хто палiць i разбурае! На другi дзень, як толькi пачалася вайна i я адыходзiў у армiю, я пакiнуў у тым родным доме сваю мацi. Яна пастарэла, але яна жвавая i любiць быць вясёлай. Я, здаецца, яшчэ чую пах яе мiлых рук, валасоў i цеплыню яе твару, калi яна цалавала мяне на развiтанне. Апошнi раз я азiрнуўся на дом i ўбачыў дах i дрэвы. Усё зелянелася i купчасцiлася. I ўсяго было многа: i дрэў, i неба, i зямлi, i прасторы. Я пакiдаў родны дом i думаў, што немцы рвуцца сюды па нашай зямлi. Быццам бы хто мне наступiў ботам на горла. Калi вы мне паказалi на стол тады перад вечарам, я ўвераваў, што зноў убачу свой дом i шчаслiвы лёс дасць мне яшчэ застаць там сваю мацi. Чамусьцi я цвёрда спадзяюся на гэта. Яна пажылая, але яшчэ не старая. А старасць яе я ўшаную. Гэта ж яна пачала ставiць той дом!.. Гануся, я табе спаць не даю.