Ён змоўк i перавёў вочы з Ганусi кудысьцi ў прастору. Ноч маўчала. Гэта не была споведзь у хвiлiны пошукаў ратунку. Гэта было выяўленне пералому ў яго псiхiцы. Бесперапынная прыгнечанасць душы скалынулася i паплыла на спад. Надзея прынесла веру, а вера - радасць i ўздым. Настала маўчанне. Ганусiн бацька нейк раптам апынуўся каля студэнта i сеў блiзка пры iм. Той, што рабiў труну, таксама падышоў i сеў поблiзу. Самы старэйшы так угнуўся наперад, што здавалася, ён зараз грымнецца вобземлю. Можа ён i сапраўды быў вельмi слабы. Але ён слухаў вельмi ўважлiва. Распухлы твар яго быў нерухомы, i вочы прыжмураны. Абвязаны па галаве, ён прытулiўся левым вухам да сцяны i, здавалася, баяўся адарвацца ад яе. Таўсматы ляжаў i час ад часу пакашлiваў. Яго пачынаў апаноўваць кашаль. Галава яго, пакладзеная на кулак, вiдна была з-за комiна. Можа ён слухаў, а можа i драмаў. Той жа, у летнiм пiнжаку, як злез быў з печы на пачатку студэнтавага расказа, так i праседзеў на зямлi, прытулiўшыся плячыма да печы. Час ад часу ён выцiраў рукавом лоб. Ён пацеў. I зусiм нейк яшчэ больш абвяў. I гэты або слухаў, або так увайшоў у сябе, што можа i не чуў нiчога. Студэнт, гаворачы, паглядаў на iх на ўсiх, але без якой бы там нi было асцярогi i боязнi. Яны ж разам клалi таго быка i разам злеглi хворыя! Прытым жа ён уведаў, што жыве Бацькаўшчына! Ён дома, ён на сваёй зямлi! Ён нiкога не баiцца! Няхай яго баяцца каму трэба! Ёсць дзеля чаго яму быць у прыўзнятым настроi. Ганусiн бацька нагнуўся над iм. Твар яго быццам палаў. Нейкi рух быў у душы гэтага чалавека. Ён пачаў шаптаць яму:
   - Ты не гавары так многа. Я хачу, каб ты праспаў ноч. Сон найлепшае табе будзе лякарства.
   Зноў студэнт ажывiўся. Штосьцi вялiкае i слаўнае ён хацеў сказаць гэтаму чалавеку, якi так адразу разгадаў яго i раскрыў перад iм яго надзею. Ён знайшоў яму спосаб да ўцехi i сяброўскае слова, тады калi i сам ён быў у нейкiм маўклiвым утрапеннi. Нейкiя страшныя надзеi ўсклалi на яго плечы вялiкi цяжар i пячаць задумы пакiнулi на твары. Студэнт яснымi вачыма глядзеў на яго. I ў гэты момант з шчырай душой ён сказаў, горача i заўзята:
   - Я завуся Ўладзiмiр Ярмалiцкi. А мацi мая завецца Галена Ярмалiцкая.
   Так ён выказаў частачку таго вялiкага i добрага пачуцця, што было ў яго да гэтага чалавека. Цяглося маўчанне. Самы старэйшы ўсё сядзеў на печы, прыткнуўшыся вухам да сцяны, i не зводзiў вачэй з Ганусi. Часамi твар яго на колькi момантаў ажыўляўся, вочы загаралiся i галава ўскiдалася ўгару. А пасля зноў настрой ападаў, галава спускалася i ўвесь ён як бы паглыбляўся ў нейкае бяздум'е. Вiдаць, што нейкi страшны рух адбываўся ў душы гэтага чалавека. Але яго не заўважалi. Увага ўсiх, так як i яго самога, кiравалася на Ганусю. Усе на яе глядзелi ўважлiва, як бы гэта яна нейкiм чынам зачапiла боль цi радасць у душы кожнага з гэтых людзей. I таўсматы прыглядаўся на яе, i той, што рабiў труну. Студэнт глядзеў на яе з бурным захапленнем, а бацька са смуткам. Толькi той, што ў лёгкiм пiнжаку, глядзеў сабе ў каленi i перажываў штосьцi маўклiвае, як бы сваё прыгнечанне. Аднак жа, чым далей, тым болей, губы яго пачыналi перасмыквацца, i безуважнасць яго зменшылася. I ў яго душа пачынала кiпець. Можа ён памацнеў, выграўся i адлежаўся. Можа выбiлася наверх прасвятленне думкi, i пачуццё рвалася ў буру. Колькi разоў ён глянуў на Ганусю, але цяжка было заўважыць, што ляжала тады на яго твары. Бадай-што найбольш было змрочнага нездаволення i можа злобнасцi. Таўсматы ж час ад часу абводзiў вачыма ўсiх i кожнага добра разглядаў. Ён як бы баяўся кожнага або верыў толькi ў злыя пачаткi яго. Гануся можа нават i зусiм не заўважала, што многiя з iх усiх глядзяць пiльна на яе i, напэўна, штосьцi ў душы сваёй да яе маюць. Яна сядзела сабе цiха, увайшоўшы сама ў сябе. Так як i бацька яе, яна была нечым уражана. Гэта льга было заўважыць па ёй i раней. Цяпер жа рысы гэтага востра павыразнелi. Трэба думаць, што студэнтава гаворка ўжо новымi гранямi дайшла да ўражлiвасцi яе душы. Той жа, што рабiў труну, так як i Ганусiн бацька, выбраў за пункт свае вялiкай увагi студэнта. Толькi Ганусiн бацька цiха перажываў штосьцi i быў у задуме. Гэты ж, здавалася, даходзiў да нейкiх новых бурных думак. Ён глядзеў на студэнта i раптам адводзiў вочы ўбок, i зноў кiраваўся позiркам да маладога чалавека. Пэўна тое, што i ён прагнуў штосьцi сваё расказаць студэнту. I было падобна, што ён такi зараз i пачне гаварыць, бурна i заўзята.
   - Хто вы такiя тут у гэтай адзiнокай хаце? - сказаў пошапкам студэнт, узнiмаючы галаву блiжэй да Ганусiнага бацькi.
   - I мяне вярнула да надзеi i радасцi тая газета, - адказаў ён. - I я душой узвысiўся над тым ботам, якi так моцна стаiць жалезным абцасам у мяне на горле. У той час, калi ты быў у сваiм цяжкiм падарожжы, я хаваў сваiх нябожчыкаў. Я быў, так як i цяпер, таксама ў сумным падарожжы. Разам з сваей Ганусяй я iду ў наш заўтрашнi дзень. Я апошнiя свае сiлы аддаю на тое, каб давесцi сваю Ганусю да той вялiкай мэты, якая i ёсць наш заўтрашнi дзень. Як магу, я пiльную яе душу, каб яна не абязвечылася i захавалася такая, якая i была змалку. Я сам i Гануся з Менска. Я навуковы работнiк Беларускай акадэмii навук. Завуся я Мiкалай Сямага. А маладосць мае мацi скончылася яшчэ на пачатку iмперыялiстычнай вайны, а мусiць i раней. Мне тады было шаснаццаць цi семнаццаць год. I радзiўся я ў гэтай самай хаце.
   Ён шаптаў паволi i цiха, слова за словам. Гэта было апавяданне чалавека, якi хацеў бы ператварыць сваё апавяданне ў споведзь перад кiм шчырым, магутным, вялiкiм i разумным. I ў гэтага ў сэрцы вялiкае месца займала мацi. Вельмi можа быць, што сталасць год i вялiкая скруха павярнулi на момант яго душу позiркам у юнацтва i маленства, i там паўстаў яе вобраз, яго радасць i яго смутак. Маладосць яе скончылася перад той яшчэ вайной. Юнацтва яе прыпала на часы перад першай рэвалюцыяй. Яна была родам з мястэчка Смальян, дачка беззямельнага рамеснiка. Тым часам беззямельны шукальнiк спосабу жыць, нейкi Кастусь Сямага з мястэчка Абчугi, цяслярыў месяцаў са два ў Смальянах - нехта з смальянскiх балаголаў ставiў сабе хату. На трэцiм месяцы свайго цяслярства ў Смальянах Кастусь Сямага ўзяў замуж вясёлую смальянку, дачку беззямельнага рамеснiка. На другiм жа месяцы пасля вяселля ён з маладой жонкай падаўся ў свет: маладажонская ўцеха ўцехаю, а клопат аб блiзкай будучынi - таксама меў тут месца. Гэтая маладая пара занадта ўжо сталым парадкам, i адразу, задумалася аб тым, што пойдуць дзецi i як жа будзе iм жыць тады? Адзiн год Кастусь Сямага быў леснiком недзе каля Талачына. На другi год ён астаўся за панскага парабка недзе каля Дуброўны, i нешта там не ўбыў доўга i адразу апынуўся каля Крычава. Здарылася так, што ў адным вялiкiм сяле, зусiм ужо не блiзка ад Крычава, але недзе ў тым баку, памёр сярэдняй заможнасцi чалавек i пакiнуў гараваць на гэтым свеце жонку з дачкою. Зямля была, i хата была, але што ж! Бабскiя i сiрочыя рукi! Дачка была яшчэ недарослая. Хата тая стаяла акрай сяла i на адлегласцi ад яго. Кастусь Сямага ўгаварыўся з удавою, што ён будзе рабiць ёй зямлю i весцi гаспадарку, а сам брацьме за гэта палавiну ўраджаю i зойме кут у хаце. Такiм парадкам ён стаў i палавiчнiкам, i кутнiкам. Гэта i была тая самая хата, у якой цяпер i сабралiся ўсе гэтыя людзi, хворыя, аслабелыя, уражаныя бядою i пошукамi, можа нават не так радасцi, як ратунку. Каля гэтай хаты быў вельмi блiзка малады лес, без падлеска. А стары i вялiкi лес быў далей, але таксама блiзка. Акрай маладога лесу i з'явiлася цяпер магiла маладой нябожчыцы. Вось як усё адбывалася i дайшло да гэтых цяжкiх дзён. Кастусь Сямага год дзесяць быў палавiчнiкам у тае ўдавы. А тады ўдава памерла, а дачка вырасла i пайшла замуж у тым жа сяле. Палавiчнiка ўжо не трэба было. Малады яе муж сам узяўся за зямлю. Але хата магла б запуставаць. Кастусь Сямага i адкупiў хату ў маладой кабецiны, былой свае гаспадынi. Узяў хату на выплату, штогод выплачваў наступную рату, i так выплата расцягнулася на многа год. Ён зноў узяўся за цяслярства, за сталярства, за грабарства. Яшчэ на першым годзе яго жыцця тут радзiўся ў яго сын Мiкалай, а праз два гады дачка Вера. Больш дзяцей не было. Можа гэта i стала прычынай таго, што ён свайго Мiкалая, адзiнага сына, анiяк не прыцiскаў да работы, а стараўся даць яму асвету. На другiм годзе iмперыялiстычнай вайны ён павёз сына ў Рагачоўскую настаўнiцкую семiнарыю, але нешта там не ўдалося яму астацца вучыцца. У тыя ж самыя днi ён апытаў i выслухаў, што за Менскам у Нясвiжы ёсць настаўнiцкая семiнарыя. Адразу ж ён i паехаў туды з сынам. У Менску яны перабралiся з аднаго вакзала на другi i выехалi далей на захад. З мяшкамi за плячыма, яны iшлi пехатой трыцаццаць вёрст ад станцыi Гарадзеi да Нясвiжа, i праз колькi дзён Кастусь Сямага ўзрадаваўся душой: сын яго Мiкалай астаўся вучыцца. З таго часу i на доўгiя годы Мiкалая Сямагу агарнула думка, што ён праз усё жыццё будзе настаўнiкам i дзе-небудзь у глухiм месцы, каб не адрывацца ад прыроды. Гэта выпрацоўвалася натура простая i непасрэдная. Праз год памёр яго бацька, а яшчэ праз год адбылася Вялiкая рэвалюцыя. У васемнаццатым годзе ў Нясвiжскай семiнарыi склаўся "Гурток патрыётаў беларускай культуры", старшынёй якога быў семiнарыст... з Мiкалаеўшчыны. Мiкалай Сямага паехаў у тым годзе на лета дадому пераконаным у тым, што "годзе ў полi, ў лясах ты, старонка мая, сiратой начавала забытаю". Ён год не быў дома i знайшоў там вялiкiя змены. Вера! Як яна вырасла! А мацi вельмi пастарэла. За тое лета ён душой зблiзiўся з Верай i заўважыў на матчыным твары пячаць нейкага натхнёнага ўздыму. Бывала, сонца яшчэ толькi ўзыдзе, а яна ўжо iдзе з сярпом або з граблямi роснай сцежкай i як бы штосьцi гаворыць сама сабе.
   - Аб чым ты думаеш? - запытаў ён раз яе.
   - Я думаю - якi лёс будзе ў жыццi табе i Веры, - адказала яна, i ён уведаў праз гэтыя яе словы сiлу матчынай душы i вялiкасць яе сэрца. Зiму польскай акупацыi дзевятнаццатага года ён пражыў дома. Той год Нясвiжская семiнарыя была закрыта акупацыйнаю ўладаю за тое, што семiнарысты памагалi гарадскому рэўкому i гарнiзону ранняй вясной васемнаццатага года задушыць шляхечае паўстанне ў Нясвiжы.
   Тую зiму Мiкалай Сямага наглядаў са смуткам у душы, як мацi асунулася постаццю сваей. Вясёласць яе i рухавасць знiклi, i валасы сталi зусiм сiвыя. У жнiвенi дваццатага года ён паехаў у Нясвiж канчаць семiнарыю. Сэрца яго было на ўздыме: хутка здзейснiцца яго мара: праз год ён будзе паўнапраўны настаўнiк. У тую ж восень яго думкi заняла новая асоба, i раней яму вядомая. Яна была несвiжанка з Новага Места, Надзея Богуш. Абое яны былi яшчэ занадта маладыя, каб як мае быць разабрацца - цi гэта прыйшло iхняе шчасце цi няшчасце. Ён хадзiў сам не свой. I абое яны як ап'янелi адно ад другога. Да таго ж, узвышанасць думак у аднаго аб другiм. Гэта былi месяцы вялiкай iх радасцi, якая бывае раз на жыццi, i знявага да яе роўна калецтву навек, бо маладосць жа больш не вернецца. I гэтую вялiкую радасць iх маладосцi нечакана задушыла вялiкае няшчасце, якому не было нiякай меры. Адразу, як громам, яно зламала iх жыццё. I не толькi iх. Але пра што iншае ў гэтай хронiцы няма гаворкi. Ужо яны як мае быць абмеркавалi, дзе i як яны пачнуць сваё новае i сталае жыццё. А тым часам прайшла навiна, што за трынаццаць кiламетраў ад Нясвiжа на ўсход прайшла дзяржаўная гранiца. Душачыся смуткам аб няскончанай навуцы, ён сабраўся ў дарогу з чужой дзяржавы i роднай зямлi. Што ж да яе, то яна ўгаварыла i ўпрасiла яго згадзiцца на тое, што яна зусiм на кароткi час астанецца яшчэ ў бацькоў i можа праз месяц якi рушыць у дарогу. Калi льга будзе, то ён сам явiцца па яе, а калi не можна будзе гэтага, то яна глухiм месцам пяройдзе тую гранiцу, дзе-небудзь каля Лазавiч, цi Кудзiнавiч, або Раткаўскiм лесам абыдзе Кукавiцкую карчму i праз Вялiкую Раёўку на Цiмкавiчы i прыедзе да яго мацi, дзе ён будзе чакаць яе. Так яна, з просьбай у вачах, тлумачыла яму, прыцiснуўшы яго руку да свае галавы. Хiба так не можа быць? Хiба праз месяц якi так павялiчыцца строгасць на свежай гранiцы? I хiба праз месяц вялiкiя змены адбудуцца ў двух дзяржавах, што нельга будзе ўсё так зрабiць? Ён скалынуўся ад прыкрасцi i жаху i астаўся пры ёй. Гэта быў месяц яго смутку i яе слёз. Яна не магла адразу пакiнуць Нясвiж: ужо чацвёрты месяц бацька яе, стары Богуш, ляжаў вельмi хворы, i яна бачыла, што ён дажывае апошнi свой час. Дзень пры днi яна праседжвала каля яго, i вялiкая ёй была ўцеха, што ён, Мiкалай Сямага, не пакiнуў яе на гэты месяц. Але за гэтым месяцам пачаўся другi, i так прайшла зiма. Яны пахавалi старога Богуша на другi дзень Вялiкадня дваццатага года. Праз тыдзень яна адзела на сябе ўсе свае лепшыя сукенкi, i абое яны, выбраўшы цёмную ноч, выйшлi з Нясвiжа, абышлi стараной Качановiчы i скрозь цалiной дабрылi да Габруноў, дзе iх i запынiў вусаты палiцыянт. Ледзьве яны ад яго адпрасiлiся i адмалiлiся. Чацвёра сутак яны былi на нагах: на дваццацi кiламетрах яны спрабавалi то там, то там перайсцi гранiцу, i ў адным месцы пагранiчныя палiцыянты пачалi па iх страляць. Яны вярнулiся ў Нясвiж, i прыкрасць стала iхняй звыклай штодзённасцю. Ён не захацеў прымаць чужога падданства i жыў у вечнай трывозе. На пачатку чацвёртага года свайго марнавання ён надумаўся ўзяцца за дзейнасць. Ён прадаў што-нiшто з маёмасцi i ўтрактаваў грашыма дактароў, i яны пасведчылi, што датуль ён не ўзяў падданства з прычыны цяжкай хваробы. Утрактаваўшы яшчэ i палiцыю, ён дастаў-такi ненавiднае яму падданства i адчынiў у сябе пачатковую школку, дзе вучыў дзяцей простых людзей з нясвiжскага Новага Места на беларускай мове. З гэтай мовы i пачалiся неўзабаве яго далейшыя пакуты. Уночы па яго прыйшлi. Пакуль стукалi ў дзверы, ён паспеў яшчэ пацалаваць цяжарную Надзею i знiкнуць праз кухню. Яна дала падпiску, што не ведае, дзе ён, i асталася адна. Ён туляўся i хаваўся ўсюды, дзе толькi мог. Праз паўгода яму ўдалося цiхом прыйсцi дадому i дабыць у iм да часу, калi Надзея нарадзiла блiзнят, дзвюх дачок, iмёны якiм ён сам выбраў: Гануся i Марына. Ён iх гадаваў да двухгодняга iх узросту, а тады ўжо не вытрымаў. Ён як быццам бы стаў забаронены чалавек: нiякай работы нiдзе, i нiякага занятку. I яшчэ палiцэйскi нагляд. Сцiснуўшы зубы, ён раз пачаў тлумачыць сваёй Надзеi, што пачынае гiнуць душой. Яна кiўнула яму галавой i сказала, што выгадуе дзяцей. А як яна iх выгадуе сама не ведала. З настроем як пад зямлёй, ён пакiнуў Нясвiж уночы i больш за тыдзень туляўся ў прыгранiчным лесе. Яму пашанцавала: рукамi ён задушыў таго, хто нарыхтаваўся страляць у яго, калi ён не паслухаў яго крыку падняць рукi ўгару i iсцi за iм, i пайшоў на ўсход, цяпер ужо рукi трымаючы паднятымi. З таго часу яго смутак аб дзецях увайшоў у новую квадру. Ён явiўся дадому, у гэтую самую хату, у якой цяпер сядзеў пры маладым чалавеку Ўладзiмеру Ярмалiцкiм, гiсторыю якога ён толькi што пачуў. Тут ён застаў незнаёмага яму чалавека. У высокiх паляўнiцкiх ботах, у кароткай вопратцы з гаспадарскага рудога сукна, ён сядзеў на лаве i напаўняў хату дымам з папярос, якiя даставаў проста з кiшэнi. Пачуўшы, хто парушыў яго спакой на лаве, ён шпарка ўстаў, пацалаваўся з Мiкалаем Сямагам i горача сказаў:
   - Я муж вашай Веры. Я ведаў ад Веры, што вы ёсць на свеце. Я сяджу i думаю, што рабiць з гэтаю хатаю. Бо, бачыце, сам я з Верай жыву далёка, пад Менскам, ля Асiпавiч. А хата пустуе. У мяне там дом новы. А тут такое глухое месца, што нiкому гэтае хаты нi выпусцiш, нi прадасi. А тым часам Вера бядуе па гэтай хаце. Дзеля Веры я час ад часу прыязджаю сюды глядзець гэтай хаты, цi не гнiе яна i цi не сарваў хто замка з дзвярэй. Але i то сказаць, хто паквапiць сюды лезцi ў пустую хату. Апроч гэтай лавы, тут нiчога i няма. Вера плача i кажа:
   - Гэтая хата для мяне, як царква таму, хто Богу молiцца. Мы там, кажа, з нашым Мiкалаем (гэта з вамi) радзiлiся, там бацька i мацi памерлi...
   - Мацi памерла?! - выгукнуў Мiкалай Сямага.
   - Ужо другi год пайшоў, як памерла.
   Ён пераначаваў з шваграм у хаце, а назаўтра ўдвух выехалi пад Менск. Колькi часу ён жыў у Веры, а пасля стаў вучыцца ў Менскiм унiверсiтэце. Пасля ён праходзiў аспiрантуру, i адзiным апiрышчам яго душы была Вера. Яна плакала аб Ганусi i Марыне i аб невядомай ёй Надзеi Богуш - што яны так далёка i голасу iх ён не пачуе. Ён ужо чытаў лекцыi ў iнстытутах, як новыя прыступы смутку аб дзецях пачалi мучыць яго. Безнадзейнасць апанавала яго. Страшная здогадка, што яны страчаны для яго навек, заўладала iм. Ён пачаў слаць у Нясвiж пiсьмы. I так на многа год. Божа лiтасцiвы! Што гэта такое здарылася! Мусiць жа, хоць адно пiсьмо дайшло туды! Бо адтуль пiсьмо! Ад Надзеi. I ад iх, ад Ганусi i Марыны. Яны ўжо сталi такiя, што напiсалi пад пiсьмом свае iмёны. Ён убачыў iх польскiя подпiсы. Жах агарнуў яго. Прышэлец на родную зямлю, чужынец, вырывае iх душу i на яе месца пакiнуць хоча сваю, iм чужую! Гэта было яму, як злая атрута. Ён пачаў кiдацца i шукаць спосабу, каб што парадзiць. Ён ехаў у навуковую камандзiроўку за гранiцу. На станцыi Гарадзея, у страшным бяздум'i, ён пачаў спускацца з вагона на перон. А як жа! Ён выйдзе на Нясвiжскую дарогу i дабрыдзе да iх. Ён убачыць iх, хоць на момант. Вельмi далiкатна жандар папрасiў яго падняцца назад у вагон. Ён падпёр твар рукамi, i скруха здушыла яго. Пасля гэтага было ад iх яшчэ адно пiсьмо. Надзея пiсала, што дастала службу ў маёнтку. Яна парабчанка i мае нейкi хлеб. Ён пачаў змагацца сам з сабою. Ён стараўся прыглушыць у сабе памяць аб iх. Як тупое ўспамiнанне далёкiх сноў, вобраз Надзеi ўставаў перад iм i мучыў яго. Ён гнаў ад сябе гэты вобраз, як прыгавораны да смяртэльнай пакуты вясёлы жыццялюбец гонiць думку аб нябыццi. Так прайшла яго маладосць, i так плыла яго сталасць. Увосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года ён дапаў да старога Багушэўскага дома на Новым Месце ў Нясвiжы. Яму здавалася, што сэрца разарве яму грудзi, калi ён увайшоў у знаёмыя яму прасторныя сенцы. Як жывыя сведкi аб змарнованых дваццацi гадах жыцця стаялi перад iм Ганна i Марына. Яму трэба было перарадзiць душу, каб прывыкнуць да страшнай думкi, што ў маленстве сваiм яны абедзьве для яго страчаны. Маленства iх адышло ў вечнасць. Перад iм стаялi яны, так падобныя адна на адну, i ў iх былi ўжо тыя рысы, што астануцца навек i не адыдуць на пераломы веку ў блiзкае ўжо юнацтва. Ён доўга ў Нясвiжы не быў. Разам з Надзеяй i iмi дзвюма ён адразу выехаў у Менск. Ён i Надзея ашуквалi самi сябе, стараючыся думаць, што нiчога страшнага не адбылося i што да iх вярнулася шчасце, якога яны праглi гэтулькi год! Але была бязлiтасная праўда: у iх ужо не было iх юнацтва. У кожнага з iх яно прайшло ў сумнай адзiноце.
   Ён зноў i далей аддаўся сваёй працы. У красавiку сорак першага года ён перадаў ураду рэспублiкi свой план пабудовы ў кожным раёне заводаў мясцовай прамысловасцi. Гэта быў вынiк яго трохгадовага доследу прыродных багаццяў кожнага раёна. Дваццаць чацвёртага чэрвеня таго ж года, пад канец другой гадзiны пасля паўдня, ён з Надзеяй i дзецьмi ўвайшоў у сваю кватэру на трэцiм паверсе. Яны пераадзелiся, каб быць гатовымi выбрацца ў дарогу, калi настане рашучы момант. Да гэтага моманту ўжо адбылiся першыя, не менш жудасныя, як i апошнiя, нямецкiя налёты на Менск. Ужо яны выйшлi з кватэры на ўсходы. Толькi Марына асталася яшчэ ў кватэры. Яна пытала адтуль, цi замыкаць кватэру, цi ўжо так яе пакiдаць. Праз колькi секунд пасля яе слоў увесь дом страсянуўся. Бомба прабiла ўсе паверхi яго i разарвалася пры яго падмуроўцы. Ён i Гануся стаялi яшчэ блiжэй да дзвярэй свае кватэры, i гэта выратавала iх. У самой кватэры момантнай хваляй збiла Марыну з ног. Яна ўпала, нiчога не бачачы i мала што чуючы. Яна маўчала лежачы. Гануся з бацькам стаялi ў такiм месцы на ўсходах, дзе нiшто не кранулася. Дзе была нiжэйшая пляцоўка гэтых усходаў, рушылася сцяна. Яна рассыпалася на цэглы i кавалкi вапны i пацягла за сабою Надзею. Надзея ўпала на двор i апынулася пад сподам рассыпанай сцяны. Ён знайшоў Марыну i падняў яе. На двары таго дома расла старая iгруша. Ён пасадзiў Марыну пад тым дрэвам i кiнуўся адразу ратаваць Надзею. Разам з Ганнай яны пачалi раскiдаць цэглу. Набеглi людзi i разабралi цэглу так, што пачулi Надзеiн голас. Яна стагнала i клiкала яго. Ужо вiдно стала яе адзенне. Ужо ён спусцiў у гэты каменны цяжар руку i дакрануўся да яе. Ён чуў яе голас з гэтай каменнай магiлы. Ён прыпаў тварам да вузкага правалу памiж цэгламi, каб сказаць ёй слова. I ў гэты момант усё ўздрыганулася, i чорны дым з рухавым агнём напоўнiў сабою свет. Звыш сотнi немцаў зноў ляцела над Менскам. Ён усхапiўся i ўбачыў, што над яго галавой калываецца чатырохпавярховая сцяна: суседнi дом раскалоўся, гарыць i рушыцца. Ён убачыў, што Гануся бяжыць да Марыны, i яго дзiвiла, што Марына сядзiць нерухома на тым жа месцы, нейк дзiўна прыўзняўшы ўгару твар. Яго выратавала тое, што ён у гэты момант пабег да Марыны. Расколаны i ахоплены агнём дом упаў i пахаваў пад сабою Надзеiну магiлу. Цяпер Надзеiна магiла стала аграмаднай. Яна ўся палала агнём. I ўсюды ўсё гарэла. Ён абняў рукой Марыну i павёў яе з вогненнага мора.
   - Гэта пажар? - сказала Марына.
   - А хiба ж ты не бачыш? - адказаў ён.
   - Не, не бачу, - сказала яна, i ён акамянеў ад жаху: толькi цяпер ён дайшоў да свядомасцi таго, што Марына стала сляпая. Сам з настроем як у магiле ён азiрнуўся туды, дзе ў каменнай магiле гарэла яго Надзея. Здаецца, агонь пачынаў абнiмаць увесь горад. Надзеiна магiла была высокiм слупам агню i дыму. Надзея тлела ў агнi, скованая каменнем, не могучы паварушыцца, каб хоць адвярнуць твар ад пякельнай пакуты. Прыцiснуўшы да сябе Марыну, бадай-што несучы яе, ён выйшаў на вулiцу i да самай ночы пiльнаваў вогненную Надзеiну магiлу. "Божа, - шапталi яго губы, - няхай бы ты быў i iснаваў i зрабiў бы так, каб яна пад агнём даўно ўжо была нежывая". Сам быццам напоўнены агнём, ён вывеў Марыну на Чэрвеньскi гасцiнец. I толькi тады заўважыў, што Гануся iдзе поплеч яго. Усю ноч неба над iмi было вогненнае. Менск не патух i да дня. Менскi пажар толькi зблекнуў пад сонцам. Многа дзён яны ўсё iшлi i iшлi. Гэта было шчасце, што Марына магла трымацца на нагах. Патаемныя яго iмкненнi вялi яго ў родны дом, дзе ён радзiўся i вырас. Дзён праз два хады ён пачаў многа гаварыць з iмi абедзвюма. Гэта была прага разважыць сваю скруху i не паддацца гiбелi. На трэцюю ноч яны яшчэ бачылi водсветы менскага пажару. Пад сярэдзiну другой палавiны лiпеня яны дабрылi да таго прывабнага месца, якое завецца "родны дом". Замок вiсеў на дзвярах. Значыцца, Вера тут не была. Усе ўтраiх яны ледзьве трымалiся на нагах. Ён адарваў замок з прабоем. I ўжо назаўтра яму стала ясна, што тут падарожжа яго не канчаецца. Стала вядома, што па шашы гэтую мясцовасць ужо мiнулi нямецкiя танкi. Але Марына ўжо больш не магла iсцi. Яна ўжо нават устаць не магла. У сенцах быў тапчан, i на iм зрабiлi Марыне пасцель. Яна паглыбiлася ў маўчанне, а Гануся з бацькам рыхтавалi на зiму яду з чужых, пакiненых людзьмi агародаў. Праз колькi дзён прайшлi тут нямецкiя часцi i забралi ўсё ў людзей. Вяскоўцы спрабавалi не даваць немцам свайго дабра. Немцы з двух канцоў запалiлi сяло, i такiм парадкам гэтая хата асталася адна поблiзу вялiкага пажарышча. Людзi разбрылiся. Мiкалай жа Сямага астаўся чакаць свайго прасвятлення. Марына ляжала слабая восень i зiму, а да вясны пачала хадзiць па двары, i ў яе вачах пачалi вырысоўвацца абрысы таго, што было перад ею. Яна пачынала бачыць. Хоць гэта было далёка ад таго, каб бачыць свет, але надзея ўзрадавала iх усiх. Вясна дае чалавеку сiлы. Можа за лета Марына так стане на ногi, што льга будзе рушыць далей куды ў дарогу. Гэтае чаканне трымалася на надзеi. Было падобна, што Марына зусiм робiцца здаровая. Скора ўжо! Скора ў тую дарогу! Другая восень прынесла Марыне новыя сiлы, а Мiкалаю Сямагу новыя надзеi. I зрок яе палепшыўся. Зiма, вясна, лета i новая восень. У пачатку гэтай восенi тут з'явiўся новы чалавек, у нейкай старадаўняй сялянскай адзежы. Ён быў яшчэ малады, i доўга яны гаварылi з Сямагам, пакуль не ўбачылi, што iм няма чаго таiцца адзiн аднаго, а хiба адно трэба абняцца i пацалавацца. Незнаёмы сказаў:
   - Я чэх Эдуард Новак, доктар з Пражскай ваколiцы. Мой бацька, калi ўмiраў, сказаў мне: памятай, што некалькi блiжэйшых да нас пакаленняў чэхаў будуць жыць дзеля таго, каб Чэхiя асталася навек свабоднай. Мой бацька памёр за два гады да таго, калi немец каваным ботам стаў нам на горла. Я памятаю свайго бацьку i шаную яго. Немцы мабiлiзавалi мяне ў сваю армiю. Я ўцёк i туляюся, выпрасiўшы сабе ў чалавека пад Слонiмам адзежу.
   Эдуард Новак тут i астаўся, таксама чакаць будучынi. Самым галоўным яго клопатам стала Марына. Ён раiў ёй i лекi: спакой, цiшыню i сон. Пад канец той восенi нейкi, можа нават i заблудны цi збiты з тропу немец скiнуў дзесьцi тут свой груз бомбаў. У чыстым полi i сярод дня. Аддалены грукат дайшоў да вушэй Марыны, i яна змянiлася з твару. Вельмi можа быць, што ў яе падсвядомасцi пачалi ўзнiкаць карцiны перажытага. Яна ўпала ў адчай i смутак, i хвароба яе як бы адкiнулася. I найвялiкшае гора было тое, што яна зноў пакiнула бачыць. Эдуард Новак не адыходзiў ад яе. Ён хадзiў сам у блiзкае Залессе, дзе жылi ў зямлянках людзi, i даставаў там Марыне хлеб. Ён жа ёй зрабiў i труну, i гэта бачылi тыя ўчатырох, калi толькi што з'явiлiся сюды. Калi Марына ляжала ўжо нежывая, Эдуард Новак стаў на каленi, пацалаваў ёй ногi i сказаў, душачыся горам:
   - Няхай жыве Чэхiя! А я да старасцi цябе памятаць буду.