Танк гэты стаяў узняты левым бокам у паветра, аднак жа не так блiзка ад вялiкай бярозы, не блiжэй як за паўкiламетра. Пад узнятым угару левым бокам была яма ад гранатнага ўзрыву. Абгарэлым i абкуродымленым задам ён сядзеў нiзка ў зямлi. Што здарылася з гэтым танкам, ведала толькi адна Ракуцькава Лiзавета. Самi ж танкiсты ўжо нiчога не маглi расказаць, бо яны былi мёртвыя. Канчаўся ўжо трэцi тыдзень вайны, калi Лiзавета падышла да бацькавай хаты. Выкiравалася яна сюды не ад шляху, а ўжо з супрацьлеглага боку. Яна дала вялiкага круга, каб не iсцi шляхам. Яе ўразiла пустэча i цiшыня ў пасёлку. Дзверы ў хатах усюды былi паадчынены, i хоць бы дзе жывая душа. З дрыжаннем сэрца яна ўвайшла ў бацькаў двор. Яе хустка, у краткi i з фрэнзлямi, валялася пасярод двара. Яна ўвайшла ў адчыненыя на ўвесь мах дзвярэй сенцы. Шырока раскiнуты дзвюма палавiнамi чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. У iм, напханыя туга, былi чаравiкi, кашулi, боты, нагавiцы, сукенкi. Гэта яе i Тамашова, тое самае, што бацька збiраў праз доўгiя гады. Камень з жорнаў у засохлай крывi ляжаў пасярод сянец. З-пад яго вытыркаў пляскаты кавалак чарапной касцi з скурай i пукам рыжых валасоў. Яна скалынулася i шпарка зазiрнула ў хату. Валачашчая сука прыбiлася сюды i паспела ўжо тут ашчанiцца. Вялiкая, худая, выцягнутая, доўгая i тонкая, яна ляжала на падлозе, i шасцёра сляпых шчанят смакталi яе. Яна вышчарыла зубы i забурчала, пачуўшы чалавека. Лiзавета выбегла з хаты, абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нiдзе нi душы i пакiнула гэтае сумнае месца. Вось i ўсё. I няма ўжо больш нi там нi тут нi прытулку, нi прыпынку. I можа бацькi i мацi ўжо няма. Вось i прыйшла самая спелая пара яе юнацтва!
Яна пераначавала ў блiзкай вёсцы пры шляху i вярнулася назад. У яе з'явiлася патрэба яшчэ раз зiрнуць на бацькаву хату. Дзесьцi ў глыбiнi душы ажыла ў яе надзея, слабая i няпэўная: а можа праз якi-небудзь цуд яна там нападзе на бацькаў след. Менш як праз гадзiну яна зноў зазiрнула ў бацькавы сенцы. Адзежы i чамадана ўжо не было. У хаце не было ўжо i сукi, адны толькi шчаняты спалi ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Раптам ускочыла ў хату сука i брэхам выгнала Лiзавету на вулiцу. Лiзавета пайшла ўнурыўшыся, а сука рвала яе ззаду за адзенне. Лiзавета азiрнулася. Сука адбеглася i зноў пачала нападаць. Лiзавета падняла пошвырак. Сука ўскочыла ў двор, у сенцы, у хату, дзе раптам залямантавалi шчаняты. Лiзавета зашчапiла дзверы i зноў пайшла, чуючы ўвесь час брэх зачыненай у хаце сукi. Тут яна ўбачыла, як з'явiлася на вулiцы фурманка i трое нейкiх невядомых мужчын, аброслых, у рубашках без падпяразкi, пачалi цягаць з хат усё, што толькi маглi i што было там. Воз напаўняўся адзеннем, посудам, усялякiм прыладдзем i рыштункам. Лiзавета скрылася ў першы двор i агародамi i садамi выйшла на доўгую сцежку праз поплаў да тарфянога балота i ўзгорыстага поля. Яна ўжо мiнула i тую вёску, у якой начавала, i палявою дарогаю iшла туды, дзе праходзiў вялiкi шлях. Дарога паднялася на крутое ўзвышша. Лiзавета азiрнулася з гэтага высокага месца i з вострай трывогай убачыла, як над пасёлкам, дзе стаяла бацькава хата, выбухнуў высока агонь з дымам i шпарка пачаў распоўзвацца ўшыркi. Лiзавета пайшла далей i праз сотню крокаў азiрнулася. Агонь бушаваў, як навальнiчныя перуны. Тут, на дарозе, пахла ўжо дымам i гарэлым дрэвам i чуўся дзiкi лямант. Проста на Лiзавету з усiх сiл iмчалася сука. Лiзавета пазнала яе не з масцi, а з усяго выгляду. Сука была ўжо без шэрсцi, уся абсмаленая i абсквараная. Яе адцягненыя шчанятамi цыцкi былi абвугленыя, i ўсё чэрава было падобна на абсмаленую дошку. Зад яе быў высквараны i ад бягi патрэскаўся i змочваўся крывёй. Ад яе тхнула гарэлым мясам. Дагнаўшы Лiзавету, сука ўпала на зямлю, i, валакучы зад, дапаўзла да ног апанованай утрапеннем дзяўчыны i зноў заенчыла i заскуголiла. Вялiкiя вочы яна ўставiла ў Лiзавецiн твар, i здавалася, скогат яе чуцён на ўсё шырокае наваколле. Лiзавета пабегла. Адбегшыся, яна азiрнулася i ўбачыла, што сука ляжыць i дзярэ лапамi зямлю, а агонь i дым удалечынi пачалi ападаць. Подбегам Лiзавета дайшла да вялiкага шляху, спынiлася апанованая одумам, паглядзела ў залiтую сонцам прастору i зарыдала. Пайшла яна шляхам у той бок, з якога так доўга бралася сюды, да бацькавай хаты. Да самай ночы, i ўсю ноч, i палову наступнага дня яна iшла i выйшла на большы шлях i ўсё iшла. I ўвесь час душу яе цiснула гора i смутак. Так дайшла яна да малога скрыжавання i ўвайшла ў лес. Яе дагнала i пачала мiнаць невялiкая калона нямецкiх танкаў. Танкi iшлi адзiн за адным на вялiкай разлегласцi. Яна перастаяла iх усе, стулiўшыся за дрэвам. Ужо i гул iх знiкаў. Яна рушыла далей, ужо выразна дайшоўшы да думкi вярнуцца туды, дзе прайшло яе маленства, i там шукаць бацькi. Пачаткi нейкай надзеi нараджалiся ў яе. Яна iшла, i ўсё недзе гуло. Яна думала, што гэта ад тых танкаў наперадзе. Раптам забразгала ззаду. Яна азiрнулася. Танк стаяў пасярод дарогi. З яго выйшаў немец i махаў ёй рукой. У яе заныла сэрца. Немец пайшоў проста да яе. Усмiхнуўшыся, ён узяў яе за локаць i тузануў iсцi з iм. Ён падвёў яе да самага танка i паказаў рукой, каб яна ўлазiла ў сярэдзiну. Яна стаяла моўчкi. Ён прыўзняў яе пад пахi i ўсадзiў у танк. Там быў яшчэ адзiн немец. I той ранейшы ўлез следам за ею. Танк рушыў у ход. Два немцы i яна цесна сядзелi адзiн пры адным. Танк быў напакован жаночым адзеннем i абуткам. Раптам танк спынiўся. Немцы пачалi штосьцi шпарка гаварыць памiж сабою. Было падобна, што яны спрачаюцца. Нарэшце адзiн немец вылез з танка, а другi пасядзеў, памаўчаў, быццам да чагосьцi прыслухоўваўся. I пацягнуў Лiзавету да сябе. Яна хацела адшатнуцца, але немец трымаў яе моцна. Твар яго быў як набрынялы, i кадык выпiраў з расшпiленага мундзiрнага каўняра. Яна тузанулася i дакранулася зубамi да яго горла. Ён выцягнуў шыю. Яна рванулася да яго горла зубамi. Ёй здавалася, што рот увесь напоўнiўся. Як мага, яна цiснула зубы, усё больш i больш. Не могучы апамятацца ад вялiкай трывогi, яна змагалася яшчэ i з немцавымi рукамi, якiя адпiхалi яе. Чуючы, што ўласнае сэрца гатова разарваць i задушыць яе, яна ўсё больш сцiскала зубы, чула, як немец захроп i як ёй пырснула ў твар.
- Э, э, Генрых! - пачаў абзывацца той другi дзесьцi за танкам. Яна шатнулася ад немца i з нейкага iнстынкту хапiла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкi i два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымi i аслабелымi рукамi куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якiя добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.
- Генрых! - моцна сказаў за танкам немец i нешта засвiстаў. Свiст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца. А ён стаяў за дарогай i ачышчаў рукаў ад засохлай гразi. Ён убачыў яе, штосьцi сказаў i паказаў пальцамi сабе на грудзi. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў iх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка i зазiрнуў у сярэдзiну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калi яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, i цераз дарогу, памiж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча i мундзiрным каўняром у крывi i зямлi. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другiм асеў у зямлю. Зад яго палаў i пасля атух. Так ён i астаўся стаяць адным бокам. Лiзавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мiнула яна вялiкую бярозу з першымi жоўтымi лiсткамi на ёй i iшла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгi час зноў аставалася цiхiм i пустым. Толькi пасля таго як у суседняй акрузе Акаловiч забiў Палiводскага, гэтым месцам зноў пачалi праходзiць нямецкiя танкi. Бяроза тады стаяла зусiм ужо голая, i зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з'явiўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такiм жа дзiўным, як i страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося i скончылася вось як.
Перабродскi лагер апусцеў бадай што больш як на палавiну да тых дзён, калi Ракуцькава жонка пачала выгалошваць сваё гора i калi Лукашэвiчава Лiза як бы адчула сябе лепш ад свае крываўкi i сядзела дзень i ноч на зямлi каля слупа з позiркам, якi мог скалынуць душу кожнага.
Многа людзей з лагера немцы адправiлi на работу. Ночы былi ўжо доўгiя i халодныя, але днём яшчэ грэла сонца, i пад iм вяў i запыльваўся трыпутнiк i спарыш на сцежцы, па якой уваходзiлi ў лагерную загарадзь. Тая ноч, якую Лiза ўсю праседзела з накiраваным у прастору позiркам, была нешта вельмi халодная. Перад самым рассвiтаннем Лiза прыпала шчакой да слупа. Можа гэта было самаашуканства, але ёй здалося, што так цяплей. Узбуджанне нерваў у яе павялiчвалася. Позiрк стаў вастрэйшы i стаяў на мяжы з адчаем. Яна не заўважала, як зашарэла ноч i неба на ўсходзе пабялела. Не вывелi яе з забыцця i частыя выстралы. Немцы для смеласцi часта тут стралялi. Пасля пачаў гарэць знадворку ад агароджы, у полi, салдацкi барак. Агонь выбухнуў так высока, што тут, на зямлi, стала вiдно, як у сонечны дзень. Лiза ўсё сядзела i раптам убачыла: сюды пабеглi людзi. Па той бок агароджы немец упаў. Яна ўсё глядзела туды i не магла здагадацца. Позiрк яе аставаўся яшчэ ранейшы. Праз разгароджанае месца сюды ўбег Ракуцька з аўтаматам. Твар яго быў чырвоны, i вочы свяцiлiся белым полымем. Перад iм неяк дзiўна, то задам, то бокам бег немец з паднятымi рукамi i нешта лапатаў. Ракуцька не бег, а iмчаўся, неяк калоцячыся, iрвучыся. I раптам яму дарогу загарадзiў Лiзiн позiрк. Ён быццам даўся ў сцяну i на момант застыў аслупянелы. Трэба думаць, што Лiзiн позiрк уразiў яго з найвялiкшай сiлай. Можа, i гэта напэўна так, тут было закранута балючае месца яго душы. Можа няўяўны прывiд Лiзаветы паўстаў перад iм. Ён увесь як бы закалацiўся перад Лiзiным позiркам. У наступны момант ён закрычаў немцу:
- Стой! Падай!
Немец угнуў галаву i рынуўся яму ў ногi. Можа ён хацеў збiць сабою Ракуцьку з ног. А можа ён шалеў ад страху. Ракуцька хапiў яго за плечы, i можа нават тады, калi апошнi раз ён глядзеў на свайго малога Тамаша ўночы пад навальнiцай, у яго не было такога вялiкага ўтрапення. Душа яго калацiлася, i думка ўзнiмала пакутныя вобразы мiнуўшчыны. Уся iстота яго прагла расплаты. Немец ляжаў у яго пад нагамi. Руляю аўтамата ён раструшчыў яму твар i адчуў яшчэ большую прагу сеяць смерць. Можа, якраз у гэты момант у iм нарадзiўся той чалавек, што блiзкiм часам узвысiў сваё iмя, пасля чаго Лiзавета пачула пра яго i прыйшла да яго. Цяпер ён падбег да Лiзы. Яе позiрк з'iначыўся ў гэты момант. Тонкая i хiсткая, як травiна ў суш, яна разам з iм пайшла ў натоўп, дзе раптам загаласiла Ракуцькава жонка i закрычаў Тамаш:
- Хто можа бiцца?! Хто хоча зброю?!
А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лiзе людзям:
- Кiруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забiрайце ўсе конi i вазы i назад сюды! Тут многа хворых.
У гэты момант толькi яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калi ж узышло сонца i паднялося так, што цень ад хвоi быў толькi напалову даўжэйшы за яе, людзi цiха пачалi выходзiць адусюль з поля i збiрацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкi салдат ляжаў там у дрэвах з прабiтымi штыхом грудзьмi. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына. Ён хадзiў навокал дома. Калi грунуў першы залп з вiнтовак i закрычаў каманду сваiм падначаленым старшы палiцай, Шрэдэр выйшаў за глухую сцяну дома i ўбачыў многа людзей памiж стайнямi i свiрнам. Душа яго заныла, i ён пачаў беспарадна азiрацца. Як i кожны дзень, у Гертруды быў дрэнны настрой. У незашнураваных чаравiках яна хадзiла па пакоi i падлiчвала, праз колькi гадзiн можа прыехаць яе сын. Ёй здалося падазроным, што па малым дворыку перад домам нешта занадта часта прабягаюць людзi. Залп з вiнтовак яе ўстрывожыў не больш як i заўсёды: салдаты i палiцаi тут часта практыкавалiся ў стральбе. Яна зазiрнула ў памежны пакой, дзе павiнна была быць служанка, тутэйшая жанчына, цiхая i працавiтая, якая ўсё тужыла аб сваiм мужу, якi мабiлiзаваўся ў армiю ў першыя днi вайны. Яна збiралася прасаваць i ладзiла ля акна прасавальную дошку. Гертруда сумна на яе глянула i, цераз дзесятае ў пятае трапляючы на пакалечаныя расейскiя словы, папрасiла жанчыну пайсцi даведацца, чаго па двары ходзяць людзi. Жанчына нiчога не зразумела, але выйшла сама, з свайго жадання. Гертруда асталася чакаць адна ў пакоi. Раптам у дзвярах паказалася служанка. На злёгку васпаватым твары яе было штосьцi падобнае да ўсмешкi.
- Партызаны! - крыкнула жанчына, iдучы далей у пакой.
Гертруда закруцiлася па пакоi, не могучы нават падаць голасу. Жанчына хапiла прасавальную дошку i дала ею Гертрудзе ў плечы. Гертруда пабегла ў дзверы, чуючы за сабою рогат жанчыны. Збягаючы з ганка, яна пагубiла з ног незашнураваныя чаравiкi i босая, колючы з непрывычкi ногi i абдзiраючы iх, выбегла за дом i ўбачыла там салдата на зямлi з доўгiм i тонкiм нажом у жываце. Тронак ад нажа высока тырчэў над мёртвым салдатам.
- Густаў! - закрычала Гертруда i адна пабегла ў поле дарожкаю паўз сад. Многа галасоў чула яна за садам. Там ужо людзi запрагалi ў вазы конi. Густаў дагнаў Гертруду ў чыстым полi, у вельмi нiзкай лагчыне, падобнай на яму. Высока па яе краях рос крушыннiк, зрэдку было яшчэ на iм жоўтае лiсце. Гертруда плакала i малiлася. Густаў моцна трымаў яе пад плячо. Ступенi яе ног былi ўжо спрэс у крывi. Доўга ўзыходзiлi яны на край лагчыны, з кожным крокам усё аддаляючыся ад жудаснага для iх месца на заваяванай зямлi. Так дайшлi яны да вузкай грады лазы i ядлоўцу. Да гэтага моманту ў iх ужо i заваду не было пачуцця страху. Iх толькi прыгнечвала адчуванне гiбелi. Была прага, каб адбыўся цуд i каб перад iмi з'явiўся iх сын, у якога яны верылi. Яны не ведалi i не хацелi ведаць, што ў гэты дзень рабiлася ў маёнтку, уладанне якiм ператварылася так хутка ў горкi здзек над iх марай пакiнуць быць арандатарамi. У гэты дзень людзi выгналi з маёнтка жывёлу i вывезлi запас хлеба i садавiны. Вялiкi абоз на маёнткавых конях выехаў адтуль у той час, калi Гертруда i яе Густаў сядзелi ў лазе i аддыхвалiся. Абоз даехаў да Перабродскага лагера i там доўга не затрымаўся. Пасля таго, калi на фурманкi паклалi i пасадзiлi хворых, абоз рушыў на вялiкi шлях, i ўсе, хто быў тут, пайшлi следам. Нават хто i жыў паблiзу Перабродскага лагера, пакiдалi свае хаты i таксама пайшлi следам за тымi i разам з iмi, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер. Увесь гаты людскi рух прайшоў скрозь па вялiкiм грунтавым шляху цераз малое скрыжаванне i далей паўз скалечаны танк, дзе людзi закрывалi далонямi раты i насы: там патыхала трупным духам. Людскi рух мiнуў вялiкую бярозу i кiраваўся далей у бок Вялiкага скрыжавання.
Гертруда i Густаў у той самай лазе дабылi да ночы, i, як сцямнела, iмi апанаваў адчай. Якое было шчасце, што ў тую страшную ранiцу Густаў спацыраваў са скручаным парасонам у руках! Парасон так i астаўся ў яго. Ён зняў з сябе пiнжак i камiзэльку i надзеў усё гэта на Гертруду. Ён быў вiнават перад ею. А яна ўзводзiла яго вiну ў найвышэйшы стан. Яна вечна сцвярджала, што ён вiнават перад усей Германiяй. Ён распусцiў парасон, i, прытулiўшыся адзiн да аднаго, яны ўсю ноч прастаялi пад парасонам, i гэта была iлюзiя, што яны не зусiм у чыстым полi. На мокрай i прымерзлай зямлi яны сядзець не маглi. Нервовае ўзбуджэнне было ў iх такое вялiкае, што нi ў яго, i тым больш нi ў яе, за ўсю ноч нават не прыжмурылiся вочы. З першым дзённым святлом, калi яно яшчэ толькi пачало цадзiцца, яны рушылi далей. Куды? Абы далей ад гэтага месца. Абы далей! А збавенне будзе. Бо тут жа заваяваная зямля, тут жа нямецкае войска i ўлада, i iх сын! Раптам - цi гэта было сапраўды, цi можа толькi галюцынацыя, але адзiнокi вiнтовачны стрэл прагучаў вельмi выразна. Гертруда крыкнула: "Густаў!" Густаў шпарчэй пацягнуў яе. Узбуджанне iх расло больш. Ужо яны не заўважалi, цi гэта дзень, цi гэта ноч. Далей ад гэтага месца! Блiжэй да ратунку, якi сам падбае пра iх. Не ногi, а нервы вялi iх нейкаю палявою дарогаю. Не еўшы, не спаўшы, нават не сядзеўшы нiдзе, яны сцiшылi хаду толькi тады, калi прыйшоў час адчуць iм адзеравянеласць ног. Тады яны пайшлi быццам спацырам. I тут скончылася iх надзея на ратунак. Дзьмуў у полi вецер, поблiзу гаманiў лес, Гертруда пакiдала крывавы след ад сваiх ног. Шырокi свет з сонцам, з ветрам, з пахам дажджоў i зiхаценнем дзён стаў цесным склепам. Не толькi гадзiн, а нават i дзён яны ўжо не маглi лiчыць. I невядома, цi гэта змяркалася, цi гэта свiтала, калi штосьцi ў полi зачарнелася перад iмi. Усё роўна што гэта, абы толькi што-небудзь каб было наперадзе! Не сыходзячы з дарогi, яны праз колькi гадзiн дацяглiся да чагосьцi маўклiвага i нерухомага. Гэта быў "сухi дзюб". Вялiкi камень мог здавацца ўвасабленнем магiльнага маўчання. У адным месцы пад iм, дзе адна старана яго навiсала як бы столлю, зямля была сухая, чысты белы пясок i нi саломiны, нi травiны на iм. Раптоўная радасць цюкнула Густава, як бы гэты сухi пясок быў знойдзеным сэнсам светабудовы. Ён хацеў зняць з сябе якую-небудзь адзежыну, каб разаслаць на пяску i пакласцi Гертруду. Але ён быў толькi ў адной, упушчанай у нагавiцы, кашулi i з чорным гальштукам на шыi. Гертруда лягла на голы пясок i адразу заплюшчыла вочы. Побач яе пад каменнай навiссю лёг i Густаў. Вецер шастаў незазябленым iржышчам i абвакольваў гулам камень. Раптам Гертруда расплюшчыла вочы. Яна штурханула яго локцем, быццам бы правяраючы, цi тут ён. I тады ён пачуў яе голас, упершыню пасля выгнання з маёнтка. Раз-поразу аблiзваючы сухiя губы, ледзьве адцягваючы голас, яна гаварыла, i гэты слабы голас гучэў яму, як гнеў помслiвага лёсу:
- Ты раскрыў быў сваю душу перад чужаземцамi. У цябе перад iмi нарадзiлiся добрыя пачуццi, i ты не астаўся халодны, а пайшоў на сардэчнасць перад тымi, у каго нават далёкiя продкi не мелi i заваду германства. Гэта лёс Германii за цябе расплачваецца з намi! Гэта ты згубiў мяне! - Яна ледзь не задушылася апошнiмi словамi. Памаўчала i зноў пачала, але павальней i цiшэй: - Я ўмiраю, а з таго, што ты аддаў быў немаведама каму, яны, тыя, шчаслiва пражылi дзесяткi год... Божая рука ў нашай гiбелi...
Апошнiя яе словы ён ужо ледзьве разабраў i з жахам усхапiўся. Яна маўчала i адно бесперастанна варушыла губамi i з кожным момантам павальней. Акамянелы, аслупянелы, анямелы, ён стаяў над ею, аж пакуль думка, што яна ўжо мёртвая, не з'явiлася ў яго. Гэтая думка не страсянула яго, так многа ён перажыў ужо. Ён нагнуўся i дакрануўся яе твару. Гертруда ўжо сканала. Ён распусцiў парасон i паставiў яго над яе тварам. Але тут ён падумаў, што парасон здалёку могуць заўважыць i згарнуў парасон. I зноў (сапраўды цi галюцынацыя?) вiнтовачны стрэл здалёку. Ён падняў галаву. Пачыналася новая квадра яго пошукаў ратунку: без Гертруды. Ён пачаў азiрацца, а пасля цвёрдая думка, што сляза мёртвага не паднiме, выразна пачала авалодваць iм. Ён выцягнуў з-пад Гертруды свой пiнжак, адзеўся ў яго, паглядзеў на Гертрудзiны ногi i неўзабаве рушыў па той самай дарозе. Праз колькi кiламетраў ён азiрнуўся i больш як хвiлiну глядзеў, як чарнеецца ўдалечынi "сухi дзюб". Пiнжак абагрэў яго, i звечара ён нават падрамаў у полi на пакiненым пярэбiрку гнiлой грэчкi. Але хутка ён пайшоў далей, ратуючыся ад холаду. Досвiткам ён дайшоў да поля, дзе стаялi мэндлiкi нязвезенага жыта. Ён ушыўся ў снапы i пачаў церцi счарнелыя пад дажджамi каласы. Ён наеўся гнiлога зерня i зноў рушыў у дарогу. Нi надзеi, нi якiх бы там планаў у яго яшчэ не было, але ён ужо ачомаўся пасля першага дня выгнання i Гертрудзiнай смерцi. Так перайшоў ён малое скрыжаванне i ўвайшоў у лес. I сам ён не ведаў, колькi дзён ён ужо вандруе. Можа было ўжо больш за тыдзень, а можа паўмесяца - ён не мог бы сказаць. I так дайшоў ён да скалечанага Ракуцькавай Лiзаветай танка. Голад з'ядаў яго. Чырвоныя вочы яго часта мiргалi, i твар уздрыгваў. Ён так прывык ужо не заўважаць, на чым ён ляжыць, што есць i што нюхае, што адразу не ўзяў на ўвагу трупнага духу, якi панаваў у гэтым кутку лесу. I самога танка ён спачатку не заўважыў. Пiнжак на iм быў ужо расшастаны на шматкi, i абутак злазiў з ног. Калi дзе траплялася, ён выграбаў рукамi з зямлi бульбу i еў яе сырую. Скура каля пазногцяў на яго пальцах паздзiралася, пазакасвалася i крывавiлася. Барада i вусы выраслi пукамi, i вочы пачалi западаць. Раптам яго ўвагу ўзяла на сябе чорная птушка. Гэта быў груган. Ён сядзеў на дрэве, на вытырклай сухой галiне i пiльна ўглядаўся ўнiз. Здавалася, што птушка гэта ёсць увасабленне самай найвялiкшай на свеце ўвагi. Густаў iнстынктыўна спусцiў свой позiрк з птушкi ўнiз, куды яна ўглядалася i чаго, здаецца, пабойвалася. I сапраўды, мусiць зроду не бачыла яна такога мерцвяка. Гэта было нейкае страшыдла, нахiленае набок, але пахла яно па-сапраўднаму, па-мярцвяцкаму. Густаў падышоў да танка i адчуў на сабе раўнiвы позiрк агiднай птушкi. Ён падняў твар, i позiркi iх спаткалiся. Густаў махнуў рукамi, але птушка нават i не зварухнулася. Тады Густаў, перамагаючы ў сабе страх, палез у танк i, нiчога спачатку там не разабраўшы, пачаў абмацваць па кутках рукамi. Божа! Галеты! Цэлы нячэпаны пачак! I другi! I тут ён адчуў, што можа задыхнуцца ад трупнага духу. Ён прыцiснуў галеты пад паху i пачаў вылазiць з танка, шмаргануўся каленам аб жалеза i ўпаў тварам на смярдзючыя грудзi мёртвага танкiста. Ахоплены жахам, ён выскачыў з танка i на ўсе жылы даў ходу. Трупны дух ужо iшоў з яго ўласнай барады, носа i рук i мучыў яго. Iдучы, ён абцiраўся то тыльным бокам рукi, то рукавом. А гадзiн праз дзве пачаў жаваць галеты. I ўсё яму здавалася, што на iм ляжыць урачысты позiрк гругана. На другi дзень усё яшчэ цягнуўся лес. А ён усё iшоў. Некуды ж прывядзе гэтая дарога, тым больш што iшла яна як бы ў супроцьлеглы бок ад усходу. Ён заўважыў гэта аднойчы ранiцаю. Перад самым выхадам шляху з лесу, ён пачуў нейкi роўны скрып. Трывожна ён азiрнуўся i ўбачыў: галiна аднаго дрэва на самай дарозе адцягнулася ўнiз, надламалася пры ствале, пагойдваецца i паскрыпвае. На дрэве вiсеў чалавек, у ботах, у тутэйшай адзежы i з дошкаю на шыi, на якой было напiсана: "Я партызан". Павешан ён быў крукам пад скiвiцу, i шыя i плячо яго былi ў крывi, ужо закарэлай. У гэты момант у Густава i з'явiлася думка, якая ажывiла яго i ратавала ў далейшым яго падарожжы. Ён аж затрапятаўся, так натхнiў яго ўбачаны iм малюнак. Значыцца, тут жыве германская ўлада! Тут ратунак i тут смерць тым, што ператварылi ў здзек над iм яго ж мару. Тут, можа, i сын яго дзе. Але каб вытрымаць, каб перахавацца, каб не трапiць iм у рукi! Ён пацягнуў, як толькi мог, павешанага чалавека за ногi. Галiна адламалася, i труп упаў на зямлю. Добрага паўдня прайшло, пакуль Шрэдэр зняў з трупа боты i ўсю адзежу i пераадзеўся ў яе сам. Цяпер ён быў крыху падобен да якога-небудзь тутэйшага няшчаснага, якi вылузаўся з якой-небудзь бяды i цягнецца ў свой бок. Ён паддаў ходу як толькi маглi вытрымаць яго аслабелыя ногi. Ён iшоў дзень за днём, i дзiўная рэч, нiдзе ён не напаткаў нiводнай нямецкай машыны i нiводнага нямецкага салдата. Неспакой усё большы выростаў у iм. I нiводнай нiдзе жывой душы. Кожны дзень ён сачыў за ўсходам i заходам сонца - цi не кiруецца хаця ён у супроцьлеглы ад захаду бок? Раз на дарозе ён спаткаўся з жанчынай i запытаўся, цi далёка да Баранавiч.
- А ты хто? - адказала яму запытаннем жанчына, чуючы яго ламаную мову. - Ты можа чэх?
- А тут ёсць чэхi? - хiтра запытаў ён.
- Немцы везлi кудысьцi чэхаў, дык яны ўзбунтавалiся, паўцякалi i бадзяюцца па дарогах, - сказала наiўная старая.
- Я чэх, - адказаў Шрэдэр.
- Дык на Баранавiчы iдзi проста шляхам да скрыжавання, а там па шашы.
Цяпер ён пачаў iсцi начамi, а днём сядзеў дзе-небудзь у зацiшку. Ужо зямля ўмерзла, i ночы сталi доўгiмi вельмi. Бульба на полi была ўжо мерзлая. Але непрыбранае збожжа добра высыпалася з каласоў i многа зерня было нацярушана. Часам высвечвала сонца i яшчэ крыху грэла. Тады зямля пачынала раставаць i чарнець. У iм сфармiраваўся свет вялiкай адзiноты. I вось шлях дайшоў да такога месца, дзе Шрэдэр спынiўся i выразная думка аб блiзкай гiбелi стала ў яго цвёрдай i выразнай. У гэты дзень сеялася мокрая iмгла, але к вечару выяснiлася i заход сонца быў чысты. Ружовасць ляжала на небе, i вочы маглi цешыцца з адзiнокай травiны, якая дзе-нiдзе праз нейкi цуд захавалася на ржышчы. Так дзень пачынаў згасаць, калi Шрэдэр убачыў проста на дарозе абломкi машын i мноства трупаў нямецкiх салдат. Патрушчаныя галовы, паадрываныя ногi i рукi i ўсюды высахлая кроў. Шрэдэр мiнуў гэты жах, i яшчэ не змеркла, калi ён убачыў перад сабою велiчэзнае дрэва. Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Цi гэта сон, цi гэта страшная сапраўднасць?! Калiсьцi ён упаў тут хворы, i канвойны расейскi салдат узяў яго пад руку i павёў далей, дзе пры дарозе стаяла ў полi адзiнокая хвоя. Мiлы Божа! Тады яго паклалi на воз i павезлi. Ён сеў на край нейкай труны... Яму хацелася заплакаць. Але ж ён тады, ад слабасцi свае, не вытрымаў i адчынiў сваю душу перад тымi, хто ратаваў яго i нахiляўся над iм з ясным позiркам. I тое, што ён аддаўся патрэбе свайго сэрца, згубiла Гертруду i цяпер губiць яго. Цi здолее ён цяпер быць цвёрдым да канца i не сказаць сустрэчнаму: "Хоць ты i не немец, але не буду я цябе ненавiдзець. Пашкадуй мяне". У страшным утрапеннi ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце i ўбачыў: збоку пры самай дарозе насыпана зямля, на насыпе ўбiты ў зямлю кол i на iм дошка з надпiсам: "Тут закапана сто семдзесят шэсць немцаў, якiя навалаклiся сюды таптаць нашу зямлю i на гэтым самым месцы падохлi ад партызанскiх куль. Гiтлераўцам сабачая смерць. Чытайце, немцы, i вучыцеся". Шрэдэр прачытаў i зноў рушыў далей. Перад iм была брукаваная паваротка i надпiс на слупе: "На Сумлiчы. Шэсць кiламетраў". Нiчога гэты надпiс не сказаў яму. Але ногi яго захiсталiся, i ён сеў, а пасля лёг на зямлю. Усё цела яго ныла, галава кружылася, i кашаль пачаў iрваць яму грудзi. На Вялiкiм скрыжаваннi ён ляжаў, i раптам страшная думка цюкнула яму: "А цi не ступiў я ўжо на дарогу за сваёй Гертрудай?" Ён падняў галаву. Надпiс на слупе ўжо ледзьве вырысоўваўся ў змроку ранняга вечара. Ён устаў без жадання i волi. Прыпёрся плячыма да вялiкага дрэва i звяў. I толькi кашаль час ад часу вырываў яго з забыцця. Божа, якая доўгая была ноч! Тая чвэрць веку, якую ён пражыў з таго, калi ўпершыню ўбачыў гэтае дрэва, была карацейшая за гэту ноч. Ён сядзеў з усходняй стараны дрэва i, калi ўзышло сонца i паклала на яго страшны твар праменне, ён паварушыўся i падняўся. Надпiс на дошцы зноў стаяў перад яго вачыма: "На Сумлiчы". Тут ён раптам уздрыгануўся. Божа, якi дзiўны лёс! Гэтае слова ён пiсаў калiсьцi свайму малому Густаву, калi думаў, што памрэ сярод чужых людзей. Там была дзяўчынка з яснымi вачыма, тая, што паiла яго малаком. Ён не вытрымаў. Цяпер ужо слова "Сумлiчы" пранiзвала яго вострым болем i смуткам аб нечым навек страчаным i апаганеным. Ахоплепы дзiкай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумлiч жанчына везла воз дроў. У першай сумлiцкай вулiцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азiрнулася на прысутуленую дзiўную постаць, якая ледзьве грабла нагамi. Стаялi дрэвы без лiсця, i дым iшоў з аднаго комiна. Тут жылi людзi. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкi. Ламанай мовай ён сказаў: