- Дзянь добры вам, я так iмчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём...
   - Праўда, масток сарвала, - разважлiва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар i пагнаў у хлеў карову i, iдучы, запытаў:
   - Сам адкуль? А што здарылася?
   - З Волечкай вельмi дрэнна!
   - З якой гэта Волечкай?
   - Ну а з той, што вы прыязджалi да яе ў хату палоннага немца лячыць.
   - А-а, дык ты з Сумлiч? Той самы выгнанскi сын? Ну, бачыш, як добра, што я параiў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, iдзi ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.
   - Няма калi сушыцца, трэба назад iмчацца, яна там ледзьве жыве.
   - А што з ёю?
   - Ляжыць без памяцi.
   - Можа аб'елася чаго?
   - Не, у яе балiць галава, горла i грудзi.
   - Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калi на небе расчысцiць.
   - Не, родненькi мой, паедзем цяпер.
   - Чаго ты гэтак спалохаўся? Вiдаць, што нiколi хворых не бачыў.
   - Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!
   Фельчар нiчога не адказаў i моўчкi стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкi чакаў. Нецярплiвасцi яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў i аж уздрыгануўся, калi фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваiм вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе i сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:
   - Па паўднi зусiм распагодзiцца.
   Кастусь пагнаў змучанага каня з усiх сiл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылi ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалi ў двор, фельчар не даў Кастусю апомнiцца, сагнаў яго з воза адразу i ўвапхнуў у хату.
   - Ты ўвесь ссiнеў i калоцiшся, як святы на споведзi. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазiць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне i ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нiчога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе i рабi што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзi, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся i дыхай сабе ў жывот. Але ж i кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?
   - Не, гэта Волеччын.
   - Грэйся! З цябе павiнна выйсцi сем патоў, толькi тады маеш права з печы злезцi! Ты мне глядзi! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.
   - А як жа iх лiчыць тыя паты? - ледзьве адцягнуў голас Кастусь.
   - Выцiрай лоб i чакай, пакуль зноў замакрэе. I так да сёмага разу.
   - Добра, толькi я раней пайду каня пастаўлю.
   - Не смей! Нiчога каню не зробiцца, калi i пастаiць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць. А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькi я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?
   - Чую, - прахрыпеў Кастусь, сцiшваючыся за халодным комiнам.
   - А цяпер i я павiнен аптэчнага ўзяць, бо i я прамок i дрыжу, як нячысты пад крыжам. - Ён дастаў з кiшэнi пляскатую бутэльку i напалам разлiў усё, што ў ёй было.
   - Гэта мне, а гэта табе, хлопча. Пi, не бойся. Бачыш, я не атруцiўся. Гэта самы чысцейшы на свеце аптэчны спiрытус! А табе, малая, гэтыя пiлюлi, глытай па тры на дзень. На! Глынi першую. Так ляжыце i мяне чакайце. А я пайду. Тут у мяне iнтэрас ёсць на мястэчку. У Дарахвея Трыбуховiча парсюка пайду старгую. Ты не бойся, у брод больш не палезеш. Мяне сам Трыбуховiч заiмчыць назад. Разам з парсюком. Хэ-хэ! А, i ты, малая, усмiхаешся! Ну, дык я на тваiм вяселлi буду гуляць.
   I фельчар выйшаў з хаты. Кастусь высадзiў галаву з-пад кажуха. Ад спiрытусу галава яго ўжо кружылася. Ён глянуў на Волечку. Гэта ж ён, гэты фельчар, выдумаў, што Волечка смяялася. Гэта быў адзiн з яго метадаў хутчэй паднiмаць хворых на ногi - найцудоўнейшае лякарства, якое, на вялiкi жаль, не ў пашане ў нашых вучоных медыкаў, лякарства, без якога мала памагаюць усялякiя уратрапiны i дзiурацiн з папаверынi, нават i тады, калi iх змяшаць разам, аблiць магнезiумам-сульфурыкумам i прысыпаць зверху лакрычным парашком.
   Волечка ляжала сцiшыўшыся. Вiдзён быў яе твар, ружовы i спацелы. "Няўжо ў яе i раней быў такi востры нос?" - думаў ён, гледзячы на яе. Сам жа ён, колькi нi чакаў, нiводнага поту не прычакаў. Але яму стала горача, i пакрысе ён пачаў вылазiць з-пад кажуха. А Волечка нават i не варушылася. Можа яна спала? Тым часам фельчар, вясёлы, рухавы i схiльны да гаварлiвасцi, увайшаў у хату i паведамiў, што ўжо як мае быць выбiлася на пагоду i што ён старгаваў у Трыбуховiча япрука. Ён усё гаварыў i гаварыў:
   - Хутка пад'едзе Трыбуховiч, i я паеду. Добра, што ясна робiцца. Вы ж тут праўцеся i сцеражэцеся... А, дай Божа памяць! Цi схавалi ж вы хаця добра тыя гадзiннiкi i пярсцёнкi, што той немец вам пакiнуў? Бо гэта, бачыце, чаму я пытаю? Ведайце, бо можа вы i не ведаеце, што ён вам пакiнуў, гэты немец. Гэта чыстае золата. Вы за гэтае золата можаце фальварак купiць! Вось што, калi хочаце ведаць! Вы цяпер багатыя! Чуеце? Вы багатыя! На ўсе Сумлiчы няма нiкога такога багатага, як вы цяпер! А дзе вы схавалi гэтае сваё багацце?
   - У шуфлядзе ў стале.
   Фельчар аж зiрнуў на печ, дзе абзываўся i слухаў яго Кастусь Лукашэвiч, малады чалавек, якi не ведаў i апошнiя часы не думаў, куды iдзе яго дарога i ў якi бок горнецца яго жыццё. Кожнае фельчарава слова ён глытаў, як высмаглы воду.
   - Як, у шуфлядзе? (Фельчар выцягнуў шуфляду ў стале.) Тут, побач iржавага вiдэльца, пагнутых нажнiц, згрызенага мышамi клубка нiтак, сярод паленых цвiкоў, нейкiх старасвецкiх нажоў i ануч з паўтыканымi голкамi, сярод усёй гэтай непатрэбшчыны, вы хаваеце свой спосаб каб жыць? О, залаты ланцужок ад гадзiннiка ўблытаўся ў iржавы вiдэлец! (Фельчар быў занадта гаварлiвы, вiдаць, i ў Трыбуховiча ён лячыўся ад холаду.) Дык слухайце! Гэта не толькi простае багацце. Тут яшчэ, каля гэтых пярсцёнкаў i гадзiннiкаў, чалавечая душа такi танец справiла, што аж след ад гэтага на чужую душу кладзецца. Слухайце! Я ведаю што-нiшто пра гэтыя пярсцёнкi i крыжык. Гэты немец, пакуль не трапiў у палон, на фронце, памiж баямi i пасля iх, выходзiў на здабыткi: брадзiў па полi i высочваў, дзе ляжыць забiты або ранены расейскi афiцэр, i знiмаў з яго дарагiя рэчы, якiя той меў. Такiм парадкам у яго назбiралася вось гэтае золата. Ну добра. Але вось ён захварэў i хворы трапiў у палон. Або трапiў у палон i пасля захварэў. Ён i сапраўды такi быў моцна хворы. I калi мяне да яго прывезлi, ён хваробу перамог ужо, але яшчэ быў слабы i дрэнна яму было. А тое, што яго вядуць у палон, чужыя людзi i зямля наганялi на яго чорны сум. Ён анiяк не спадзяваўся, што выжыве i што ўбачыць калi-небудзь свайго Густава, якога вельмi любiў i ныў па iм. Ён так i думаў ужо, што Густаў астанецца сiратой без бацькi навек. I вось ён, як з-пад зямлi ўжо, пасылаў вечнае развiтанне свайму Густаву i ўсiм, каго меў там, у Германii. Вось тое пiсьмо. Цэлымi вечарамi я калупаўся над iм. Узяў слоўнiчак i нямецкую граматыку i пералажыў яго слова за словам на нашу мову: "Густаў, сынок мой, i Анна, i Берта, i ўсе, каго я люблю i сохну па кiм у апошнюю сваю часiну! Нам суджана больш нiколi не ўбачыцца. Я ўмiраю ў чужых людзей у палоне. Ведайце навек, што я толькi i думаў, што пра вас i асаблiва пра цябе, мой любы Густаў. Дзеля твае, Густаў, будучынi я ваяваў. Я прынёс бы табе спосаб на цудоўнае жыццё да самай твае старасцi. З арандатараў чужой зямлi мы сталi б уласнiкамi хоць i не аграмаднага, але маёнтка. Ты быў бы памешчыкам, а не арандатарам. Я ўжо ўсё быў зрабiў дзеля гэтага, але смерць, якая стаiць каля мяне, ужо вырывае з мяне душу i тваю будучыню. Божа, злiтуйся! Але надзеi ўжо няма. Побач са смерцю стаяць каля мяне чужыя людзi. Бывайце навек. Вось месца, дзе я ўмiраю. Ведайце i яго, усё ў жыццi можа быць, можа, калi каго з вас лёс занясе сюды, дзе будуць мае косцi. Я ўмiраю ў палоне... Грудзi мне муляе тое, што я здабыў табе, Густаў, на вайне i што не суджана ўзяць табе ў рукi. Канец мой падышоў".
   - Ну, чулi? Гэта яму золата муляла. Гэта за яго Густаў стаў бы памешчыкам. Я i сам дзiўлюся - няўжо за яго цэлы маёнтак льга купiць? А можа, у Нямеччыне цана на зямлю такая малая? Э, ого, ого! Дык жа ў адным пярсцёнку дарагое каменне! А Божа! А на гадзiннiку што выпiсана! Граф Палiводскi! Ну няўжо i граф на вайне бывае забiты або ранены? Як той казаў вайна не толькi лье кроў, але i кожную брудную душу выверне на паказ свету. А ты, Палiводскi, быў граф, а пасля нейкi Густаў панаваў бы за тое, чым ты зiхацеў. А я - дык лепш капусту буду садзiць i карову кармiць. Якая цяпер карысць таму Палiводскаму, што ён быў графам! Я большы за яго граф, бо калi я каго ад крываўкi вылечу, то мяне добрым словам успамiнаюць i пры спатканнi дзякуюць. Чуеш, ты там, за комiнам! Не лезь у графы, а будзь чалавекам!.. Нешта ж Трыбуховiч з парсюком не пад'язджае. А ўжо i дзень праходзiць. Ну як вы абое? Каму што балiць? Я казаў, што па паўднi распагодзiцца. Бач ты, ужо i сонца выблiснула. Дзе ж гэты Трыбуховiч дзеўся? Хiба яго чэрцi на мерку схапiлi? Ах, чортава пара!.. Ну, на дварэ весялей робiцца, сонца бляша як мае быць... А тым часам салдат, як бачыш, сканваiраваў гэтага немца куды трэба i назад варочаўся адзiн, таксама куды яму трэба. Дык вось гэты салдат то пешкам iшоў, то ехаў, як траплялася. У нашым мястэчку ён нейкага сабе спадарожнага грузавiка чакаў i, успомнiўшы, да мяне начаваць прыйшоў. Вечарам мы з iм сабе слова за слова, а ён мне расказвае пра таго немца. Божа мой, кажа ён, не пазнаць стала немца. Як толькi, кажа, выйшлi за Сумлiчы, дык той немец адразу пачаў высвiстваць, выспеўваць, ганяць пры дарозе птушак, вiтацца з кожным, хто па дарозе праязджае, гэтакi ў яго шчаслiвы час настаў. Вы чуеце? У яго радасць жыцця стаптала пад ногi смутак смерцi. I вось на першай папасцы, выпрасiўшы ў салдата колькi лiсткоў паперы з запiсной кнiжачкi i алавiчок, дробна i густа нешта ўсё пiсаў i пiсаў, а пасля запячатаў у канверт i даў салдату, каб той на першай пошце, цi дзе iх здаюць такiя пiсьмы, адправiў. Эй, ты там, за комiнам, ты думаеш, я вытрымаў, каб не прачытаць i гэтае пiсьмо, якое яшчэ ляжала ў салдата ў кiшэнi? Пакуль салдат спаў да ранiцы, я i гэтае перагнаў на нашу мову. Слухайце: "Густаў, сынок мой, Анна, Берта! Шчасце i радасць, я жывы! Я iду дарогаю, i нада мной свецiць сонца. Усе людзi на зямлi добрыя i мiлыя. Каб вы толькi ведалi, як аба мне дбалi i пра мяне клапацiлiся тыя чужыя людзi, у хаце якiх я ляжаў! З'явiўся нейкi стары доктар i лячыў мяне, дай Божа яму здароўя. А нейкая дзяўчынка! Сама малая, а глядзела мяне, як родная. Яна адпойвала мяне малаком, а назаўтра нешта такое смачнае зварыла, чаго мне нiколi датуль есцi не даводзiлася. Гэта ўжо не чужыя мне людзi, яны выратавалi мяне, i, калi я ўстаў на ногi i ўбачыў, што жыву i ўжо здаровы, я мог бы на каленях паўзцi перад iмi ўсiмi i на развiтанне я не вытрымаў i... Густаў, маё сэрца балiць аб табе, што ты астанешся арандатарам... Я аддаў той дзяўчынцы тое, што было тваё. Бог дасць, я вярнуся дадому i буду доўга-доўга расказваць табе пра гэта. Але ўсё яшчэ можа быць, можа я здолею зноў здабыць тут табе тваё, любы мой Густаў. Выбачай мяне, але я не хачу гэтымi цяжкiмi думкамi душыць сваю светлую радасць аб тым, што мне добра цяпер i што чужыя людзi мяне вярнулi да жыцця. Калi ты падрасцеш, ты можа i асудзiш мяне, што ты не маеш маёнтка, але само жыццё i ўсё, што будзе з намi далей, згладзiць усё i перада мной можа зноў паставiць магчымасць здабыць табе тое, чаго ты варт, мой сын. Што ж, гэта адзiны раз у жыццi ў мяне так iрванулася душа i павяла мяне на гэты ўчынак... "
   - Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так iрвануўся душой? От бо нямецкая душа! Нiякiх там парываў, а ўсё павiнна быць вылiчана: колькi аршын радасцi, колькi ўдзячнасцi, колькi сяброўства i колькi дабра другому, каб не перадаць лiшне. А можа ён яшчэ i з жывога гэтага Палiводскага здымаў, якое там к чорту знiмаў! Здзiраў тое золата! Дык тады пiсара пры iм не трэба было, каб запiсваць, колькi немец скур з чалавека здзярэ. А вось калi душа яго на момант зварухнулася на справядлiвую ўдзячнасць, дык ён адумаўся, што не паставiў пры душы таго пiсара, якi б падлiчыў i запiсаў, цi не залiшне ён перадаў да чалавека ўдзячнасцi, не гаворачы ўжо аб простым, бескарысным пачуццi. О, я немцаў ведаю. Яшчэ калi быў малады, служыў пры вялiкiм доктары, i ён мяне браў з сабою ў Германiю, калi ездзiў паказваць свой спосаб, як рак вырэзваць... Ну, ты там, за комiнам! Калi толькi адагрэешся добра, то злезеш i дасi ёй паесцi, i пабольш каб яна пiла, цёплага i гарачага. Бывайце i праўцеся, галубчыкi мае, унь Трыбуховiч пад'ехаў, дзякуй Богу, што на пагоду выбiлася!
   I ён пайшоў з хаты. Праз колькi хвiлiн ён знадворку прыклаў твар да шыбы i гукнуў:
   - А калi ёй праз дзён два-тры не будзе рабiцца лепш, дык падскоч зноў да мяне, я прыеду банькi паставiць.
   I пасля гэтага колы загрукацелi па вулiцы. У хаце стала зусiм цiха. Кастусь быў рад, што гаваруна ўжо не было ў хаце, аднак жа штосьцi нядобрае, цi як бы трывожнае павiсла над iм. Яму рупела, што i конь на двары склее на холадзе, i што золата, знятае немцам з графа Палiводскага, ляжыць недзе тут у шуфлядзе, i што яму трэба яшчэ чакаць нейкага поту, i што яму не можна адразу ж устаць i пачаць гаспадарыць. Але самае большае - тыя гадзiннiкi i пярсцёнкi як бы душылi яго. Чамусьцi яны пасля фельчаравай гаворкi сталi яму страшнымi i агiднымi, што да iх дакранацца нядобра было. Так ён ляжаў, ляжаў, чакаў поту, але яму не было ўжо холадна. Ён не вытрымаў, збрыкнуў з сябе нагамi кажух i паволi сышоў з печы. У галаве злёгку кружылася, але цi мала што калi здараецца - ён прайшоў па хаце, пераабуўся, абмацаў на сабе рубашку - ужо яна была зусiм сухая. "Дзякуй табе, Божа, абышлося i без патоў". З радасным пачуццём ён рушыў у свой даўно прыспелы занятак. Перш за ўсё ён напхаў у печ дроў i падпалiў. Праз дзесяць хвiлiн ужо была падоена карова, хвiлiна спатрэбiлася на тое, каб вывесцi з аглабель вымучанага каня i ўвагнаць у хлеў. Яшчэ праз хвiлiн дзесяць ён нясмела глядзеў у Волеччын твар i ўсё ўгаворваў яе падняцца i напiцца гарачага малака. Ён прыўзняў яе, падтрымаў за плечы i напаiў, i яна сказала:
   - Трэба, каб у хаце было зусiм-зусiм цiха, дык я засну. - Тады ён адзеўся ў тую сваю, што яшчэ з дому, суконную жакетку i цiхом выйшаў. Тым часам i дзень блiзак быў да вечара. Надвор'е зусiм расчысцiлася, i свяцiла сонца. На душы ў яго стала лягчэй. Ён выцер саломаю каня, акiнуў вокам двор i цiха ўвайшоў у хату. Хоць i цiха, але Волечка прачнулася. Шпарка i яшчэ цiшэй ён выйшаў з хаты i зiрнуў у акно. Вiдна была Волечка на пасцелi. "Ну, цяпер яна спiць. Доўга не пайду ў хату, няхай спiць, не буду будзiць". Ужо захад згарэў чырвоным полымем i патух, i ўжо зоры загусцiлiся ў небе, ужо i шырокi серп месяца ўзышоў, а ён усё баяўся iсцi ў хату. Пахаваў у пуню пад салому ўсе тыя хваёвыя бервеньчукi, разоў некалькi падкладаў коням сена, перачакаў ужо i познi вечар, змерз, многа разоў зазiраў у акно i Волечкi не мог убачыць, а ў хату не iшоў. "Няхай спiць". Стаяў гадзiнамi, тросся з холаду, а не iшоў. I яму было добра берагчы яе сон. Нарэшце пайшоў. Так адчыняў дзверы, быццам гэта ён нёс на галаве паўнюткую шклянку вады, не вады, а дарагой вадкасцi, або яду, кропля якога прапалiць навылёт яму галаву. Якая ж была яго радасць, калi ён нарэшце апынуўся ў хаце i ўбачыў, што Волечка спiць. Але яна не спала, а бачыла, як ён увайшоў i стаў каля яе.
   - Дзе ты быў дагэтуль? Ужо табе нiкуды больш не трэба iсцi? Нейк адной нядобра, сумна...
   Адчуванне вялiкага шчасця апанавала iм. Ён будзе тут! Каля яе! Усю ноч ён не будзе спаць! А вартаваць будзе яе сон i спакой!
   - Не, не пайду, толькi трэба дзе гэтае золата схаваць, няхай яно агнём пойдзе.
   - Вазьмi ў шуфлядзе медны ключык, адамкнi ў клецi куфар i ўкiнь туды, хай яно прападзе, няхай бы лепш немец яго панёс з сабою, а то...
   - Праўда, праўда.
   Калi ён адамкнуў куфар i паклаў у прыскрынак золата, быццам з душы яго спала што цяжкае. У хаце ён пачуў ад Волечкi:
   - Добра, што ўжо няма ў хаце, гэты фельчар, як пачытаў тыя пiсьмы... Божачка, што той немец перажыў, як ён мучыўся! Не iдзi ўжо нiкуды, а будзь тут i спi, ужо ноч...
   - Добра, а за клопат вазьмуся можа нават i заўтра.
   - А за якi клопат?
   - Ну, каня табе змянiць, рэштку бервеньчукоў перавезцi з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставiць, браму зрабiць, жыта ў млын, змалоць...
   I пайшла тая ноч, месячная, добрая, цiхая, а к ранiцы зноў схмурнела неба i пачаў падаць мокры снег. Тады пад ранiцу яны, кожны па-свойму, саснiлi нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы i з заплюшчанымi вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы - гэта ў яе, а ў яго - рагатаў i танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалi боты i кашулю. Гэта быў граф Палiводскi. Кастусь прачнуўся i думаў, цi сапраўды гэтакi мог быць той невядомы Палiводскi, а Волечка прахапiлася з енкам i крыкам: "Ой, ой, Божачка!"
   - Што, што? - абазваўся ён.
   - Ой, ой, Палiводскi!.. А хто гэта тут у хаце?
   - Гэта я, - крыкнуў Кастусь.
   - Хто?
   Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзiноты i не прывыкла да яго. Ён падбег да яе i ўбачыў, што яна дрыжыць.
   Колькi раз, жывучы ўжо адна, без бацькi, яна так прачыналася ранiцамi ад непрыемных цi страшных сноў! I прывыкала ў адзiноце сваiмi сiламi гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка i адразу згiнуў сон, i яна ўсмiхнулася, яшчэ з заплюшчанымi вачыма.
   - О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.
   I па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.
   - Уночы я выходзiў глядзець коней, ужо на дзень iшло. Мокры снег гразi даў. А конь твой ужо анi нiчога не з'еў - нават i не зачапiў сена. Ты нiчога не думай. Мой конь зусiм малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькi папраўляйся.
   - Я ж папраўляюся. Хiба ты не бачыш?
   - А на дварэ ўжо i апошняе лiсце з iгрушы асыпалася за ўчарашнi дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.
   Праз два днi ён пачаў кармiць худога каня паранкаю, не адыходзiў ад яго, рабiў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыднi сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзiўся i ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком i сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумлiч, ён, як спрактыкаваны конскi перакупшчык, расхвальваў старога i худога каня, бажыўся i падпускаў часам заядлую лаянку. "Без гэтага каня не прадасi", - думаў ён i запрашаў усiх паглядзець каню ў зубы. "Галоўнае смела казаць, каб глядзелi ў зубы, дык нiхто i не гляне, i павераць, што конь малады". Стары i высокi цыган, якi тут жа побач прадаваў яшчэ мусiць старэйшага каня, сказаў:
   - Ты, чалавеча, прасi, каб глядзелi твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усiх ашукаеш.
   Навокал зарагаталi, i Кастусь, праклiнаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але i адтуль два перакупшчыкi прагналi яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткi час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купiць другога i ўжо гэтага расхвалiць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмi затанна, але ён быў рад, што развязаў рукi. "Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня". Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч iсцi дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.
   - А цi добра спявае? - некалькi разоў пытаўся ён у бабы.
   - Галубчык мой, - адказвала кожны раз баба, - гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.
   Ён купiў пеўня i падумаў: "Прыйдзецца ж зiмаваць. Няхай спявае сабе. А калi Вольцы не спадабаецца - я ёй грошы вярну". Яшчэ не пачынала свiтаць, калi ён быў дома. Пеўня ён укiнуў у пуню i ўсё прыслухоўваўся, цi скора той заспявае. I толькi цяпер ён падумаў аб сваёй вiне перад Волькай: "Я ж задарма аддаў каня". Пакуль развiднела, ён, не заходзячы ў хату, выкацiў з пунi два бервеньчукi з той сухой хвоi i стаў часаць. "Пакуль зiма не ўмарозiла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму". I душа яго ачысцiлася ад прыкрасцi. Раптам у пунi заспяваў певень. I гэта як бы хто сказаў яму радасную навiну. Ён пакiнуў часаць бервяно i стаў над iм. Цадзiўся дзень позняй восенi. У хатнiх вокнах засвяцiўся агонь. "Волечка ўстае. А можа пайсцi ў хату?" Волька выйшла на ганак i ўбачыла яго над бервяном. I загаласiла:
   - А братачка, чаму ж ты надумаўся ўночы бярвенне часаць? Ну як жа табе ўчора там паводзiлася?
   - Ну, каня прадаў, пеўня купiў... спявае, лiха яму, як на скрыпцы грае... А над лесам, учора падвечар, вельмi хмара ссiнела. Мусiць, неўзабаве ляжа сапраўдны снег.
   Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пунi, крык зiмовай птушкi, счарнелы ад прымаразкаў лiсток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлiсты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу - дзень за днём, дзень за днём, - i пайшло яно, з вялiкай радасцю аб тым малым, што толькi i патрэбна чалавеку. Нi зайздрасць i нi сквапнасць, нi злое нездаваленне, нi прыкрая паняверка, што ўсё мала i трэба больш, нi горач, што нехта вышэйшы за цябе ростам... Тут не бытавала пустое iмкненне немаведама куды. Колер i пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым i таемным графам Палiводскiм i набытае, i таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.
   Дзень за днём i месяц за месяцам. Зiма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлiвым i сонечным днём са страхi. Неба было такое ж сiняе, як i высокае. Але пад iм яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалi вышэйшыя за рост чалавека пласты перамерзлага снегу. I да вясны i да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мiгцення на вераснёвым небе. Тады будзе год, як ён, гэты цiхманы Кастусь Лукашэвiч, асталяваўся тут, у Сумлiчах. Але сонца iшло ўжо высока, i здавалася, што вось неўзабаве над блiскучай разлегласцю снягоў цвыркне першы жаўранак. Начамi свяцiў месяц, поўны i даўгавечны. У такiя ночы, кажуць, ведзьма, натанцаваўшыся з вечара да поту, ратуецца ад гарачынi тым, што кладзецца спаць на голым таку, а пад дзень мерзне i накрываецца бараной. Колькi разоў Кастусь гаварыў на досвiтку Вольцы, каб яна iшла на ток грэцца пад барану, ведзьме пад бок! I колькi разоў яна называла яго за гэта ведзьмаком! Гэта не былi жарты сталых людзей, бо вельмi многа тут было дзiцячай наiўнасцi. Але i дзiцячага тут было мала. Мала было i сталага. Для iх яшчэ не прыйшоў час знайсцi сваю сталасць у iхняй блiзасцi адзiн да аднаго. У той меры, у якой iшоў час, ён рабiўся больш маўклiвы, чым гаваркi. Яна ж любiла, калi ён жартаваў, i рагатала яшчэ загадзя. Можна было падумаць, што гэта фармуецца натура вясёлая i нават легкадумная. Аднак жа ён бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы i што ў вачах яе вялiкая задума. Раз яна сказала:
   - А ўжо вельмi доўга вайна цягнецца, а ад бацькi нi разу пiсьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.
   Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькi ўжо няма!
   Як гояцца раны зямлi! Ззяе ямiнамi разварочаная рыдлёўкамi зямля. Або ляжыць перад чалавечымi вачыма земляное калецтва, калi пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва днi, ганьба чалавечага генiя, танк - стварэнне чалавека дзеля смерцi чалавека. Або крывавыя раны зямлi, прабiтыя бомбамi. Чорная зямля па краях i дзеля напамiнку чалавеку, што ён горш за звера i жывёлу, - травiна, прылiплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Iдзе час. I няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо i дрэўца пасеялася i ўзышло. Расце ўсё вышэй i ўжо здалёк вiдно. I на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, i, здаецца, нiякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды i чалавека. Вялiкi доктар - час - спакойна i безупынна iдзе па свеце i лечыць, i гоiць.
   Скруха i смутак тупелi i ўсыхалi. Яны iшлi да свайго поўнага знiкнення. Кастусь i сам стараўся гнаць ад сябе думкi аб нядаўным мiнулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосцi, вельмi мала закiдаў думкi далёка наперад. Вельмi можа быць, што тут i пачыналася яго шчасце: прынамсi цяжкая паняверка не гняла яго душы i не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабiў кожны дзень. Так гартавалася i яго дужасць. Ён браў у пунi на плечы цэлы мех збожжа i сумысля праносiў перад вокнамi хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любiў, калi яна бывала нудная:
   - Ты зноў расскоглiлася? Баба дурная! Бацька пiсем не шле, а возьме i сам калi-небудзь з'явiцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цялiцца скора будзе.
   - А хiба я магу пазнаць, калi яна там будзе цялiцца?!
   - Дык навучыся пазнаваць, калi хочаш быць добрай гаспадыняй!
   А хiба яна хацела цi не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было i з iм. Яны абое належалi да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад iмi стаяла ўжо iхняя маладосць. А каб хто iм сказаў, што другое пасля iх пакаленне (iх дзецi) ужо i маладосцi мець не будуць, што iх маладосць з'есць чужы прышэлец? Хiба была б у iх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналi адчуваць блiзасць усемагутнай маладосцi!