- Буду, - упэўнена паверыў я сам сабе.
   Бог мой, як я ёй хлусiў пра сваё мiнулае, пра сябе, бацькоў, i для адной i той жа мэты - спадабацца. Вось так, напрыклад, я хлусiў ёй:
   - Дома ў нас аднойчы быў перапалох. На сцяне вiсела татава нямецкая стрэльба. Аднойчы, калi я iграў на пiянiна, стрэльба ўпала на яго, разбiла крыштальную вазу i цыферблат татавага залатога гадзiннiка...
   Сорамна ўспамiнаць цяпер такую хлусню. Якое пiянiна, крыштальная ваза, залаты гадзiннiк у сямл жабрацкага прыгоннага мужыка-калгаснiка? А я не толькi не ўмеў iграць, а нi разу ў жыццi да пiянiна i пальцам не дакранаўся.
   Яна паверыла гэтай маёй хлуснi i раптам спытала, цi люблю я iграць "Баркаролу" Чайкоўскага. Што такое баркарола, я не ведаў, але нахабна сказаў, што люблю i граю яе.
   Калi я спрабаваў распытаць у яе пра мiнулае, пра бацькоў, яна ўхiлялася i пра сябе нiчога не расказвала. Адно выпытаў, што яна скончыла дзесяць класаў.
   Размова гэта была на базе днём. Тады ж я ўсё-такi выбраў момант i Таню пацалаваў, тайком ад людзей. Апынуўшыся памiж штабялямi мяхоў i скрынак, я абхапiў яе, прыцягнуў да сябе i пацалаваў. Яна адказала пацалункам, узаемным, доўгiм, упершыню мною пазнаным. Пацалавала, нагнуўшы маю галаву ўнiз, бо Таня ж была мне па плячо, i сказала:
   - Ён жа, калi даведаецца, цябе i мяне зарэжа.
   Хто ён, здагадаўся, - Шам.
   Але мяне не страх апанаваў, а шчасце, радасць, i ўвесь той дзень i наступны я хадзiў пад уражаннем гэтых пацалункаў, i ў душы гучалi радкi гётэўскага верша:
   Да, она была, была!
   Да, была! Всё это было:
   Мимоходом обняла
   И всю жизнь переменила.
   Я цяпер зноў чакаў такой жа патаемнай сустрэчы, а такога не надаралася некалькi дзён. Але бог закаханым памагае. Аднойчы загадчык склада, калi мы грузчыкi i жанчыны - разгружалi вагоны з бульбай, падышоў, паказаў на мяне i Таню i сказаў, каб памаглi яму разабрацца з накладнымi. Мы пайшлi ўслед за iм. На складзе загадчык даў нам цэлы стос папер, сказаў, што iх трэба раскласцi па днях i кожную запiсаць у журнал. Мы ўзялiся за працу, а ён пайшоў.
   Застаўшыся ўдваiх, мы i цалавалiся, i абдымалiся, i ў любовi прызнавалiся. I проста маўчалi, i маўчанне наша было прыемнае, радаснае. Не спатрэбiлася нi чытаць ёй вершы, нi мая хлусня, як я iграў на пiянiна дома.
   Я спытаў:
   - Таня, вось вызвалiцеся ты i Шам i пажэнiцеся?
   Яна рэзкiм рухам рукi адсунула ад сябе паперы, зiрнула на мяне злосна i нават варожа.
   - Ды я яго тапаром засяку.
   - А чаму ж ты з iм... гэта самае?
   - Бо я хачу яшчэ жыць. Я баюся яго нажа.
   Яна прыкрыла рукою твар i заплакала. Паплакала, выцерла вочы, спытала:
   - Ты застаў тут Валю з Кастрамы?
   - Гэта тую, якую нехта задушыў у лазнi?
   - Задушыў яе Шам, бо яна з iм не хацела жыць.
   - Шам?
   - Ён мне сам i прызнаўся i сказаў, што зробiць гэтак жа i са мной.
   - Дык... Дык трэба ж заявiць пра гэта оперу, - пачаў быў я, але апомнiўся: цяпер не дакажаш, што Шам - забойца Валi. Яго словы - яшчэ не доказы. А помста ад яго будзе страшная.
   - Ты папрасiся, каб цябе перавялi ў iншую калону, - параiў я i спахапiўся, што глупства сказаў - тады ж я Таню не ўбачу.
   - А ты думаеш, там не знойдзецца такi ж бандыт, як Шам? Божа мой, навошта ты мяне стварыў жанчынай? - Яна iзноў усхлiпнула.
   - Не плач, - пачаў я супакойваць яе. - Ведаеш што, я заб'ю Шама, -зусiм нечакана i для сябе прапанаваў я. - Ты хочаш гэтага?
   Таня паглядзела на мяне працягла, уважлiва, вiдаць, стараючыся зразумець, цi здольны я на гэта. Можа, i паверыла, умiхнулася, выцерла слёзы.
   - Не трэба, заробiш новы тэрмiн, - пашкадавала яна мяне. А я сапраўды пачаў думаць, як вызвалiць Таню ад Шама. Лепш за ўсё было б яго, канечне, забiць, або загнаць у штрафны iзалятар, або ў якую дальнюю калону на агульныя работы. Толькi ж як зрабiць гэта? Хто яго i за што адсюль перавядзе? Да таго ж Шам падкупiў начальства i знаходзiцца з iм ў хаўрусе. Значыць, толькi адзiн спосаб пазбавiцца ад яго - забiць. Забiць так, каб забойцу не маглi потым знайсцi.
   Я псiхалагiчна падрыхтаваў сябе да такога ўчынку, апраўдваў яго, бо забiць трэба забойцу, крымiнальнiка, на сумленнi якога жыццё жонкi, Валi i, можа, яшчэ каго. Шам заслугоўвае толькi смерцi, i я павiнен выканаць прыгавор, якi вынес бы яму суд, калi б ведаў усе яго злачынствы. Я захапiўся гэтай думкай так, што i ў сне мне снiлася, як я Шама забiваю. Жудасная карцiна снiлася: нiбы я калю яго вiламi, калю, а ён жывы i толькi ўхмыляецца, а крывi на вiлах няма...
   У гэтыя днi, калi Шам мне снiўся, у калоне яго не было, ён бавiўся недзе ў рэйсе. I я чакаў яго з нецярпеннем, "горя жаждой мести", як напiсаў адзiн паэт, i яшчэ не ведаў, як i пры якiх абставiнах я буду ажыццяўляць свой план. Адступаць, думаў я, мне няма куды, бо з Таняй мы сталi блiзкiя, Таня цяпер мая. Добра было б мець саўдзельнiка забойства, але ж двое - гэта ўжо не тайна.
   Прыкладны план я ўсё ж намецiў. Забiць Шама лепш за ўсё на базе. Паклiкаць яго ў нейкае пустэльнае месца, быццам для паказу нечага, i там гахнуць па галаве схаваным тапаром цi ломам. Я ўжо i месца такое выбраў пад паветкай, дзе звалены пустыя скрынкi. Занёс туды i цяжкi малаток.
   Чакаў вяртання Шама з рэйса ў нядзелю, а ён прыехаў позна ноччу ў суботу, калi я спаў. Прыехаў п'яны i адразу ж паслаў нейкага шчыпача па Таню. Таня не выйшла, захварэла... Пакрыўджаны Шам пайшоў сам у жаночы барак. I што там адбылося, я ўжо апiсваю з расказаў сведак.
   Шам зайшоў у барак, груба сцягнуў Таню з нар i даў ёй па шчацэ за непаслухмянства дзве аплявухi. Таня дайшла да печкi i прысела. Яе калацiла так, што зуб на зуб не трапляў, - i ад гарачкi, i ад абразы Шама. Печка напалiлася да чырванi, а Таня мерзла i ледзь не лажылася на яе.
   Шам таксама прысеў каля печкi. Каб прыкурыць, ён адчынiў дзверцы i пачаў даставаць жарынку. Святло ад печкi ўпала на блiскучае лязо тапара, якiм днявальная барака секла на распал смалякi. I хто можа ведаць, што раптам кiнула Таню на такi ўчынак? Яна схапiла тапор i вострым лязом ударыла Шама па шыi, калi той нiзка нагнуўся, прыкурваў ад жарынкi "беламорыну". Шам расцягнуўся на падлозе, падрыгаў i зацiх.
   Таню ў тую ж ранiцу забралi ў следчы iзалятар, гаварылi, што яе судзiлi, а колькi далi, не ведаю.
   Нарадчык Лёва, калi я аднойчы загаварыў з iм пра Таню, ляпнуў сябе па тоўстых ляжках, ускрыкнуў:
   - Во малая! Такога бугая забiла. Во бабы!
   Я спытаў, завошта Таня сядзела, бо яна мне так i не сказала.
   - Ды яна ж чэсiрка. Ну, член сям'i iзменнiка радзiмы. Дачка гэтага... - Ён назваў прозвiшча даволi вядомага бальшавiка, якi займаў высокую дзяржаўную пасаду. - Бацьку расстралялi, а сям'ю - у лагеры.
   Я быў у такiм стане, што больш нi распытваць, нi слухаць не мог. Я дайшоў да першай лавачкi, прысеў... Як горка было ў мяне на душы! Я не разумеў i здзiўляўся, чаму яна ўтойвала ад мяне праўду пра сябе. Цяжка ёй было гаварыць пра гэта цi ў блатным злачынным свеце не хацелася выглядаць белай варонай? Нагаворвала ж на сябе, быццам дамушнiца яна, па кватэрах лазiла.
   Для мяне Таня знiкла назаўсёды. Але я помню яе, i мiжволi, як толькi ўзнiкае ў памяцi яе вобраз, гучаць у душы радкi гётэўскага верша:
   Да, она была, была!
   Да, была! Всё это было;
   Мимоходом обняла
   И всю жизнь переменила.
   "ПАДСНЕЖНIК"
   Што такое падснежнiк, ведаюць i дзецi - гэта першая вясенняя лясная кветка, якая зацвiтае на праталiне, калi яшчэ не сышоў увесь снег.
   На лагерным жаргоне "падснежнiкамi" называлiся зэкi, якiя спрабавалi ўцячы восенню або зiмой i замерзлi ў тайзе. Вясной, як толькi раставаў снег, тыя ўцекачы-зэкi i паказвалiся з-пад яго разам з кветкамi падснежнiкамi. Так i гаварылi: прывезлi з тайгi двух "падснежнiкаў", каб iх заактаваць.
   Я хачу расказаць пра гiсторыю аднаго такога "падснежнiка".
   Калi савецкi ўрад прадаў Японii нашу чыгунку, што праходзiла па кiтайскай тэрыторыi, захопленай японцамi, то ўсе падданыя СССР, якiя абслугоўвалi тую чыгунку, вярнулiся на Радзiму. Разам з iмi прыехалi i многiя эмiгранты, што пакiнулi Расею яшчэ да рэвалюцыi. Амаль усе яны - i савецкiя грамадзяне, i эмiгранты - былi арыштаваны як "японскiя шпiёны". Многiх з iх расстралялi, а астатнi, уцалелых, загналi ў лагеры.
   Iх называлi кавэдэдэўцамi, ад абрэвiятуры КВЖД, што азначае па-расейску Китайско-восточная железная дорога.
   Трапiла адна кавэдэжэўка i ў нашу калону. Я помню яе iмя i цяпер Наталля, i, прызнаюся, быў у яе закаханы. Калона наша - мужчынская, але жылi ў ёй некалькi дзесяткаў жанчын, якiя працавалi на кухнi, у лазнi, пральнi, санчасцi, у канторы. Наталля была прачкай.
   На яе, вядома ж, меў вока i надзею не толькi я. I не дзiва - мужчыны-зэкi гадамi жанчын не бачылi, i калi iх месяцы тры назад прыгналi ў нашу мужчынскую калону, гэта быў фурор, падарунак, можа, самы жаданы ў лагерным аднастайна шэрым жыццi.
   Як сцвярджала начальства, нават норма выпрацоўкi ў зэкаў павысiлася - так станоўча-эмацыянальна ўздзейнiчала на мужчын iх з'яўленне.
   А пра жанчын зэкi мараць, як бы iм нi было цяжка. Помню, як усхвалявала мяне сустрэча з жанчынай, старшым лейтэнантам-медыкам, якая прыехала з санупраўлення лагера правяраць санiтарны стан калоны. Я зайшоў тады ў санчасць па нейкую дробязь - цi не па соду - i твар у твар у калiдоры сутыкнуўся з ёю. Яна - пышнацелая, з дагледжаным тварам, яркiмi напамаджанымi губамi i нафарбаванымi пазногцямi, - паглядзела на мяне неяк працягла i, як мне здалося, з цiкаўнасцю. Я прапусцiў яе, прыцiснуўшыся да сцяны спiною, калiдор быў вузкi. Яна прайшла, цокаючы падкаванымi абцасамi ботаў, адчынiла дзверы пакоя i, ужо ступiўшы за парог, зноў паглядзела на мяне на гэты раз ужо са спачуваннем. Я засаромеўся свайго выгляду - нагала стрыжанай галавы, грубых ад пiлы i тапара рук, абцёртых ватных штаноў i бурак з мешкавiны. Яна зайшла ў пакой, пакiнуўшы ў калiдоры пах духмянаў, якiя я ўцягваў у сябе, удыхаў, а надыхаўшыся, панёс той пах з сабою ў барак. Доўга потым кружыла галаву мара пра тую пышнацелую жанчыну...
   Прыгадваю на гэту тэму i яшчэ адну дэталь з нашага зэкаўскага жыцця. Адным ранкам брыгада iшла па дарозе на лесапавал, i нехта ў калоне крыкнуў:
   - Браткi, баба!
   Мы азiрнулiся ў бакi i нiдзе жанчыны не ўбачылi. Дарога, выбiтая тысячамi зэкаўскiх ног, была пустэльная.
   А зэк той не сцiхаў, крычаў:
   - Ды куды вы гледзiце? Вунь збоч дарогi ляжыць. На зямлi.
   I мы ўбачылi акурак папяросы, гiльза якой была ў чырвонай памадзе. Значыць, курыла жанчына, i акурак яе. Пунсавела тая памадная папяроса, як жарынка, i адразу ж напомнiла кожнаму далёкi недасягальны свет i ў iм нешта патаемнае, можа, самае дарагое. Уявiлася i тая незнаёмка, што прайшла тут i кiнула недакураную папяросу ў снег. Хто яна, якая яна, чаму тут з'явiлася, можна было толькi фантазiраваць. У тых сваiх фантазiях кожнаму i бачылася такая жанчына, пра якую ён марыў.
   Калi б той акурак ляжаў прама на дарозе, а не збоч, яго б, канечне, схапiлi. А так не сунешся туды, стралок палiчыць за спробу ўцёкаў i ўлупiць кулю ў спiну.
   Днi тры ляжаў той акурак, пакуль яго не занесла снегам, i заўсёды, падыходзячы да таго месца, усе паварочвалi галовы на яго i прыцiхалi.
   Наталлi было гадоў сорак, да арышту мела мужа i дзвюх дачушак. Муж, як i яна, сядзеў таксама недзе ў лагеры, а дзецi знаходзiлiся ў спецыяльным дзiцячым доме. Мацi, браты i сёстры засталiся ў Харбiне. Наталля больш за ўсё гаравала па дачушках. Яна не ведала, што гэта за такiя ў нашай краiне спецыяльныя дзiцячыя дамы, усё распытвала пра iх. Хто ведаў, расказваў, супакойваў: там кормяць, адзяваюць i вучаць, як у звычайнай школе. Яна верыла, хацела верыць i радавалася: калi вучаць, то iм жывецца нармальна.
   Не ведаю, як удалося Наталлi, хто дапамог, але яна адшукала адрас таго дзiцячага спецдома, напiсала туды лiст i - во дзiва! - атрымала адказ. Напiсала малодшая дачушка: сыты, адзеты, ёсць пiянiна ў доме, дзецi добрыя, не крыўдзяць, толькi вось сумна без мацi i бацькi. Яна ж напiсала аб прыгодзе старэйшай сястры. Тая з групай сябровак спрабавала ўцячы ў Маскву, каб папрасiць Сталiна вызвалiць бацькоў з лагераў. Iх, канечне, на першай жа станцыi злавiлi i за ўцёкi пакаралi - кожнай уцякачцы на галаве прастрыглi машынкай палосы: калi яшчэ ўцякуць, дык адразу распазнаюць, што яны з дзетдома.
   Наталля, як мяркую цяпер, была звычайная, без кiдкай прыгажосцi жанчына, на якую на волi ў шматлюддзi i не звярнуў бы ўвагi. Бялявая, высакаватая, тонкая, з цяжкай фiзiчнай працай да лагера не знаёмая. Там, на волi, вучыла дзяцей у школе музыцы. Ад штодзённага мыцця зэкаўскай бялiзны рукi яе былi чырвоныя, прыпухлыя, раз'едзеныя мылам i содай.
   Большасць тых жанчын, што жылi разам з Наталляй у асобным невялiчкiм бараку, былi звычайнымi лагернымi шалавамi, i кожны, хто мог расплацiцца, меў да iх доступ.
   Наталлю таксама спрабавалi спакусiць рознымi падарункамi, але яна не паддавалася i не прадавалася. Была недаступная, хоць вакол яе заўсёды збiралася кампанiя паклоннiкаў i ўздыхацеляў.
   Неяк седзячы вось у такой кампанii, яна i расказала больш падрабязна пра сваё жыццё ў Харбiне. Бацька яе, iнжынер-пуцеец, перавёз сям'ю ў Харбiн з Расеi яшчэ да рэвалюцыi. Горад Харбiн быў фактычна пабудаваны расейцамi, i жылi там пераважна расейцы. Там Наталля вучылася, выйшла замуж за расейца, таксама, як i бацька, iнжынера-пуцейца. Жылi ў дастатку, мелi свой прасторны дом. Старэйшы брат займеў тэкстыльную фабрыку, малодшы - аптэку. Там бы Наталлi i жыць, як жывуць цяпер яе браты, мацi, сёстры (бацька памёр ужо), дык не, патрыятычны клiч крывi пацягнуў яе i мужа ў Расею. Спачатку муж, потым i Наталля прынялi савецкае падданства i на Радзiму прыехалi ўжо савецкiмi грамадзянамi. Прыехалi i трапiлi ў лагер.
   Паслухаўшы, як Наталля жыла ў Харбiне, зэк-масквiч свiснуў ад здзiўлення i не ўтрымаўся, вылаяўся.
   - I ты, дурная, ад такой жытухi сюды прыпёрлася? Во ў цябе, - пакруцiў ён пальцам каля сваёй скронi.
   - Дурная, - згадзiлася яна. - Але ж мы, расейцы, сумавалi па Расеi.
   - Вунь яна, твая Расея, - паказаў масквiч на драцяную агароджу, - любуйся.
   - Цi ж мы маглi думаць, што з намi так зробяць? - голас яе ўздрыгнуў, i яна ледзь не заплакала, але ўстрымалася.
   Шкада яе было нам, як шкада i сваёй долi.
   Я параiў ёй напiсаць скаргу ў Маскву Сталiну. Грузiн з Кутаiсi пацокаў языком, сказаў мне:
   - Слухай, кацо, такую разумную параду даваў сусед суседу. Каб прыдушыць мыш, якая схавалася пад шафу, ён параiў абрэзаць ножкi ў шафы. Шафа i прыдушыць мыш... Такiх скаргаў Сталiну мiльёны пiшуць. I што?
   - Дык мяне ж не судзiлi, - расказвала Наталля. - На допыт выклiкалi толькi раз i прачыталi, што мы быццам японскiя шпiёны i за гэта нас пасылаюць у лагер на дзесяць гадоў. У мяне ў фармуляры - ПШ - падазрэнне ў шпiянажы. Як жа можна асудзiць без суда?
   Наiўная Наталля нiчагусенькi не ведала пра нашы парадкi, тройкi, асобыя нарады, расстрэлы без суда, пра нашы законы, якiя ўстанаўлiвалi беззаконне.
   Так мы часценька збiралiся сваёй кампанiяй, гаварылi, успамiналi мiнулае, старалiся ўгадаць будучае, i нам было неяк хораша ад узаемнага спачування. А гэта вельмi аблягчала наша жыццё. Суцяшэнне i спагада блiжняга - лекi гаючыя. Паспагадай i пашкадуй пакутнiка, вучыў Хрыстос.
   Падышла тады да нас зэкаўка Надзька, з пракураным грубым, але гулкiм моцным голасам, папрасiла закурыць. Ёй далi бычок - недакурак. Яна зацягнулася глыбока, з асалодай, сказала грузiну:
   - Кацо, дарэмная работка, Наташа не распячатаеццi. Купi мяне, калi ў цябе грошы ёсць.
   Грузiн пакрыўдзiўся.
   - Слухай, Надзька, за грошы я i сам сябе купiў бы. Iдзi ты...
   Надзька i была той самай даступнай шалавай. Таўставатая, невысокага росту, з круглым задам i аб'ёмнымi грудзямi, якiя, не падцягнутыя лiфчыкам, дрыжалi пры рухах, як кiсель у мiсцы, яна была некалi цiхай вясковай дзяўчынай. У пачатку трыццатых гадоў, калi пасля "вялiкага пералому" ўспыхнуў голад i зямлю Ўкраiны ўсеялi апухлыя мерцвякi, Надзька ўкрала з поля паўпуда збожжа. Яе, шаснаццацiгадовую, i запяклi ў лагер на дзесяць гадоў. Будавала трагiчна знакамiты Беламорканал. Як ударнiцу-каналаармейку яе разам з многiмi вызвалiлi датэрмiнова. Але лагер Надзьку не выправiў, а, наадварот, сапсаваў, яна ўвабрала ў сябе самае горшае са злачыннага асяроддзя, i на волi ёй ужо месца ў жыццi не знайшлося. Цяпер яна сядзела ўжо трэцi раз за крадзяжы i, як прызнавалася, волi не хоча. "А што мне там рабiць, на волi, - гаварыла яна. У свой калгас iсцi? Ды няхай ён згарыць сiнiм полымем".
   Надзька выцыганiла ў масквiча папяросу, сказала яму, што расплоцiцца за яе натурай, зарагатала. Смех яе быў гулкi, абрывiсты, падобны на смех у пустой бочцы.
   Цягнулiся днi, тыднi, i былi яны падобныя адзiн на адзiн, як бы злiлiся ў адну суцэльную плынь часу, часу тугi, цярпення i адчаю. I чым больш канала ў вечнасць гэтых дзён, тым больш свет здаваўся мне i многiм зэкам абязлюдзелым, хоць людзi жылi ў цеснаце, упрытык. Толькi ж яны былi адно аднаму чужыя i не бачылi паблiзу сябе душ родных - бацькоў, дзяцей, братоў, мужоў, жонак...
   Наталля пачала ну проста на вачах старэць, марнець, асунулася, ужо чужалася мужчынскiх кампанiй, ранейшых размоў, расказаў пра сябе. Калi ж часам i сядзiць з намi, то маўчыць, безуважная да нашай гаворкi, i раптам пачынае кусаць губы, у зеленаватых, як iльдзiнкi, вачах яе ўспыхвае трывога, спалох, i яны, вочы, застываюць на нейкi час, нiбы перад ёй паўстала нешта страшнае.
   Убачыўшы яе такой у першы раз, я занепакоена спытаў, што з ёю, цi не трэба яе завесцi ў санчасць. Яна адмоўна пакруцiла галавой i нiчога не сказала. Потым я не зважаў на яе такiя змены ў паводзiнах.
   Аднойчы пры такой вось нашай цiхай гаворцы Наталля раптам загаварыла зусiм не па тэме размовы:
   - А там жывуць. Там ёсць тэатр. Канцэрты наладжваюцца... Там музыка. Твар яе пасвятлеў, сухiя губы, якiя даўно не ведалi памады, кранула ўсмешка. Там, у мамы, засталася мая любiмая ў дзяцiнстве плюшавая кошачка. Я любiла спаць з ёю. Кiцi звалi кошачку. З такой пацешнай мордачкай... Госпадзi божа мой, хоць бы мама яе не выкiнула, захавала... Я хачу тую кошачку.
   Мы разам з ёю паўсмiхалiся i змоўклi.
   Канчаўся верасень. Пажоўклi бярозы, кусты, пагрубела трава. З тайгi цягнула пахам грыбоў, iх неслi торбамi бесканвойныя зэкi, варылi, смажылi на алаўцах, сушылi.
   Наталля, хоць i не была расканваiраваная, але часам магла выходзiць за зону то прыбiраць у домiку стралкоў-ахоўнiкаў, то на азярцо па ваду для пральнi. I заўсёды вярталася ў зону, нiдзе не затрымлiвалася.
   А аднойчы ў нядзелю на вячэрняй паверцы яе не ўбачылi. Шукалi ўсюды - у мужчынскiх бараках, у пральнi, лазнi, у стралкоў агледзелi - можа, якi ахоўнiк галубiўся з ёю, нiдзе не знайшлi. Нiхто нават не западозрыў, што Наталля магла ўцячы. I ўсё ж на другi дзень зб'явiлi яе ва ўцёках. У размовах памiж зэкамi нехта ўспомнiў, што яна сушыла сухары, збiрала iншыя прадукты. Значыць, рызыкнула на такi адчайны крок.
   Толькi ж куды яна кiнулася, у якую старану? У Маскву? Да кiтайскай гранiцы з надзеяй дабрацца дамоў, мацi, братоў убачыць, любiмую плюшавую кошачку пагладзiць?
   Наталлю не знайшлi i не злавiлi.
   Наступiла зiма, якая заўсёды здавалася задужа доўгай, а потым i вясну дачакалiся. Вясенняе сонца расплавiла сваiм цяплом снег, размарозiла зямлю, i на праталiнах засiнелi падснежнiкi.
   Аднойчы ў такi вясеннi нядзельны дзень, калi я быў паблiзу вахты, мяне гукнуў дзяжурны вахцёр, i я зайшоў да яго ў будку. Там ужо сядзелi тры зэкi i стралок. Гэты стралок i павёў нас у тайгу.
   - "Падснежнiк" узышоў, прынесцi трэба, - весела паведамiў ён.
   Зусiм блiзка ад калоны, можа, якога паўкiламетра, убачылi мы пад елкай некага скручанага ў лагерным бушлаце i ў бардовай у клетку хустцы. Яшчэ не разгледзеўшы твар, я здагадаўся, хто гэта. Не памылiўся, то была Наталля. Сядзела, прытулiўшыся спiной да камля елкi i падцiснуўшы пад сябе ногi. Рукi ляжалi на каленях. Твар i рукi снежна-белыя, вочы адплюшчаныя, таму здалiся напачатку жывыя. Побач ляжала торбачка, пустая. А грубыя зэкаўскiя чаравiкi абшарпалiся да белiзны i размачалiлiся так, нiбы iх малацiлi пранiкам.
   Колькi ж яна паблукала па тайзе, галодная, знясiленая, з надзеяй дабрацца да людзей!.. Ясна было, што вярталася назад, у калону, можа, ужо паўзла, пакуль яшчэ была сiла. Не дайшла мала...
   Мы прынеслi яе ў санчасць. Там дасталi са сподняй кiшэнi бушлата паперку з адрасам Хабараўскага спецыяльнага дзiцячага дома i лiст малодшай дачушкi, той, якi Наталля нам калiсьцi чытала.
   Значыць, не ў Кiтай, не ў Маскву кiнулася яна шукаць праўду, а да сваiх дачушак, каб толькi пабачыць iх, абняць, па галоўцы пагладзiць. А там будзь, што будзе. Хвала Богу, што ёсць такiя мацеркi!
   Наталлю пахавалi на зэкаўскiх могiлках побач з калонай. Застаўся пасля яе толькi сасновы слупок з лiчбай, без iмя i прозвiшча.
   Хавалi яе iншыя зэкi, не я.
   АДУВАНЧЫК
   Яго так ўсе i звалi - Адуванчык. Ён i быў падобны на адуванчык-кветку залацiста-рыжы, асаблiва калi валасы адрасталi пасля абавязковай стрыжкi. Звычайна ў рыжых валасы пругкiя, а ў яго былi мякенькiя, як пушок.
   Арыштавалi Адуванчыка на пачатку трыццаць сёмага, неўзабаве пасля Новага года, яму яшчэ i пятнаццацi не было, за так званую антысавецкую агiтацыю, i асудзiлi на шэсць гадоў. Ды яшчэ дадалi тры гады паражэння ў правах. Да васемнаццацi гадоў ён адбываў кару ў калонii непаўналетнiх, а потым яго перавялi ў нашу калону i ў нашу брыгаду.
   Ён быў худзенькi i ростам не ўдаўся - вiдаць, затрымала рост турма i калонiя. Калi нарадчык прывёў Адуванчыка ў брыгаду, брыгадзiр абурыўся:
   - Што ты мне гэтае кураня прывёў? Ён жа пiлу не пацягне. Я за яго буду даваць кубiкi?
   - А куды яго дзець? Яму ў фармуляры запiсалi ЦФП - цяжкая фiзiчная праца.
   Пра сябе Адуванчык усё расказаў у той жа вечар. Ён - сын настаўнiкаў, жыў у горадзе, вучыўся ў школе, быў пiянерам, уступiў у камсамол перад самым арыштам. Нас, вядома, зацiкавiла, якую ж ён праводзiў антысавецкую агiтацыю, бо адвалiлi яму нямала - шэсць гадоў няволi.
   Адуванчык, калi ў яго спыталi пра гэта, развёў рукамi, пацiснуў плячамi i неяк бездапаможна-жаласна ўсмiхнуўся. Адбыўшы больш трох гадоў няволi, ён усё яшчэ i сам не змог зразумець, што ж гэта такое - варожая агiтацыя.
   Адуванчык марыў стаць артыстам i, як потым мы самi ўбачылi, меў артыстычныя здольнасцi. У школьнай самадзейнасцi быў галоўным завадатарам, выдумшчыкам, чым i стаў знакамiты ў сваёй школе i на сваiм двары. Сам пiсаў п'ескi, прыдумваў рэпрызы, жарты, сам спяваў i дакламаваў, выконваў галоўныя ролi ў спектаклях. Як правiла, усе гэтыя самадзейныя паказы былi на школьную тэму. Але ж самадзейнасцю кiравалi настаўнiкi, i яны патрабавалi браць тэмы высокiя, палiтычна надзённыя. Ну, каб была ў тых паказах i класавая барацьба, ворагi народа, якiя шкодзяць сацыялiзму, а чэкiсты iх выкрываюць.
   Адуванчык i напiсаў такую п'есу. У ёй дзейнiчаў кулак, якi пад выглядам жабрака хадзiў па вёсках, па кiрмашах i праводзiў варожую агiтацыю, пакуль яго не затрымалi пiянеры i не прывялi ў мiлiцыю. Ролю кулака ўзяўся выканаць сам аўтар Адуванчык. Напiсаная iм п'еса, вядома ж, прайшла строгую цэнзурную праверку школьнага начальства, i яе пачалi рэпецiраваць. У той п'есе была сцэна, калi кулак, пераадзеты ў жабрака, iграючы на леры, спявае розныя прыпеўкi. Адуванчык тыя прыпеўкi не напiсаў, вырашыў прыдумаць iх у час рэпетыцый. Некалькi прыпевак падказала настаўнiца - кiраўнiца самадзейнасцi. То былi вядомыя бяскрыўдныя песенькi. Але ж iх павiнен спяваць вораг, значыць, i песнi павiнны быць варожыя.
   Гэткая думка прыйшла Адуванчыку ўжо ў час спектакля. Вось ён у дранай свiтцы, з падвязанай ваўнянай барадой сярод людзей на рынку круцiць за ручку барабанчык леры i спявае песенькi, тыя, бяскрыўдныя. У зале песенькi падабаюцца, крычаць, каб яшчэ спяваў. I Адуванчык успомнiў раптам пачутыя iм частушкi, ужо не такiя бяскрыўдныя, якiя яму належала выканаць. Спявае вораг, то павiнны быць i варожыя яго песенькi. I ён заспяваў пра калгас, у якiм добра жыць, бо адзiн робiць, а сем ляжыць.
   "Жабрака" пачынаюць акружаць пiянеры, яны западозрылi ў iм ворага i збiраюцца яго затрымаць. Але яшчэ вагаюцца. I каб пiянеры канчаткова паверылi, што перад iмi вораг, Адуванчык - кулак пераадзеты - спявае яшчэ адну частушку.
   Вось яна, тая злашчасная частушка.
   Як быў Ленiн-Троцкi,
   То была мука на клёцкi.
   А як стаў таварыш Сталiн,
   Галадаць усе мы сталi.
   Праспяваў Адуванчык гэта i даў сiгнал пiянерам хапаць яго. Пiянеры i схапiлi, павялi.
   Можна цяпер уявiць, як успрыняло начальства гэту частушку. На самадзейным канцэрце прысутнiчалi акрамя дырэктара школы i настаўнiкаў яшчэ i прадстаўнiкi райкома камсамола i раённага аддзела адукацыi. Настаўнiцу, кiраўнiцу самадзейнасцi, ледзь паралiч не разбiў. А школьнiкам спектакль спадабаўся, яны пачалi бурна пляскаць i выклiкаць артыстаў на сцэну. Выйшлi на выклiк усе, але без Адуванчыка. Яго ж адразу завялi да дырэктара i пачалi дапытваць, хто перадаў яму гэту частушку.
   Наiўны Адуванчык, зусiм не разумеючы, якая павiсла над iм бяда, шчыра прызнаўся, што частушку прыдумаў сам спецыяльна для спектакля толькi ўчора. Ён лiчыць, што вораг i павiнен агiтаваць супраць калгасаў варожымi словамi i песнямi.
   На гэтым артыстычная дзейнасць Адуванчыка i скончылася, праз пяць дзён яго забралi.
   Брыгадзiр, былы настаўнiк, выслухаўшы гэту гiсторыю, вылаяўся, абурыўся. Адуванчыка паклаў на нарах памiж сабою i Крачкоўскiм, былым свяшчэннiкам Алексiем.
   На працу Адуванчык выходзiў з брыгадай штодня, але на лесасецы рабiў самае лёгкае: палiў сучча, хадзiў да ручая па ваду для брыгады. Часам i падмяняў каго з пiльшчыкаў, калi хто прыхварэў цi дужа стамiўся.
   Калона наша была новая i яшчэ толькi абсталёўвалася. Не было да яе ад цэнтра дарогi для машын, толькi яшчэ цягнулi ляжнёўку - бярвенчатую часовую дарогу. Таму i выклiкаў здзiўленне сваёй недарэчнасцю гэты актыўны лесапавал даць як можна больш кубiкаў спiлаванага лесу. Мноства штабеляў (там iх называлi ставежы) стаяла на высечаных участках тайгi, i невядома было, калi i на чым будуць iх вывозiць. Але ўсё адно кожнай ранiцай брыгады выганялiся ў тайгу, i валiлiся пад пiламi i тапарамi жывыя хвоi, лiстоўнiцы, раслi i доўжылiся ўсё новыя ставежы, каб ляжаць там гадамi i гнiсцi, з'ядацца шашалем i караедам. Так яно i было потым: вывезцi лесаматэрыялы з тайгi не ўдалося.