Страница:
Чыўін, на выпадак, калі ўсё ж спатрэбіцца падземная, амаль усемагутная сетка дрэўлепрэпраслаўленай дапамогі, звярнуўся толькі да аднаго чалавека, і гэтым чалавекам была, як гэта ні дзіўна, жанчына. Але цвёрдасці языка гэтай жанчыны маглі б пазайздросціць і «божыя маўчальнікі».
На рагожскіх могілках жыла «Матка», слуп веры, апора дрэўлега благачэсця, маці Пульхерыя, чалавек неабмежаванай улады, абазнаная ў справах зямных толькі трохі менш, чым сам уседзяржыцель.
Чыўін спытаў у яе ўскосна, ці можа ён дабіцца прыхільнасці вельмі магутнага ў заходнім краі чалавека, і, без адзінага пытання, без адзінага слова, атрымаў бласлаўленне на гэты крок.
Урэшце ён мог бы абысціся нават і без гэтага.
…Яны выйшлі на вуліцу. Іллінка была даволі пустая. Толькі з боку мізэрнага будынка старой біржы ехала некалькі багатых рысакоў: відаць, купцы везлі ў Наватроіцкі тракцір нейкага прыезджага іншаземца. Ніводны такі, калі быў значнай асобай, не мінаў лепшага з маскоўскіх тракціраў.
«Вялікі Маскоўскі», гурынскі, славіўся найлепшай кухняй і дзівосным квасам, «Цестаўскі», што ў доме Патрыкеева, лепшым аркестрыёнам, тракцір Ягорава, што ў Ахотным радзе — адсутнасцю тытунёвага дыму, непараўнальным кітайскім «лянсінам» і «варонінскімі», лепшымі ў свеце блінамі.
Але такога расейскага, такога багатага і, адначасова, утульнага тракціра, як Наватроіцкі, больш не было. У гэтым сэнсе ён быў па-за канкурэнцыяй.
…Ля музычнага магазіна Паўла Ленгольда стаяў з коньмі Макар. З магазіна даляталі шчымлівыя гукі гітары (у Ленгольда, каб пакупнікі ведалі, чаго яны могуць дасягнуць, граў калісьці славуты гітарыст Высоцкі, а цяпер новыя гітарысты з лепшых).
— То паедзем, — сказаў Чыўін. — Давай, княжа, так зробім. Паедзем зараз Праломнай брамай. Да гэтага паглядзіш на сталёвы гандаль ля Багаяўленскага манастыра, на гандаль Старой Плошчы. Потым паедзем на Кузнецкі. Адтуль — у Старыя рады. Як ты кажаш, каўбасу звяжам. А потым — на Балчуг, там таксама гандаль.І на гэтым сёння скончым.
— Давай.
Кірдун, што ставіўся да Чыўіна, як і да ўсіх Алесевых знаёмых, вельмі раўніва, толькі соп ад гэтай бесцырымоннасці.
Сані крануліся. Багатая Іллінка, маскоўскае «сіці», плыла перад вачыма. Мянялы-скапцы сядзелі пад паветкамі. У магазіне багатыроў Булачкіных цьмяна блішчала ў пахмурным святле срэбра. Пералівамі мастацкай парчы ззяла за вокнамі вялізная Сапожнікаўская лаўка. І на ўсё гэта церушыўся з неба мокры снег.
— На Варварку варочаць нам няма чаго, — сказаў Чыўін. — Там воск, перцы-шмерцы ды оптавая бакалея. А гандляры ўсё больш былыя прыгонныя Шарамецева. Не адпускаў. Яны амаль усе тысячнікі, а многія нават мільёншчыкі, то яму пахвальна было, што ў яго мужыкі мільёнамі варочаюць. Вось цяпер, як прыгон адмянілі, то і кусай локці. Ды што яму? Багатыр? Роўны, відаць, вам па багаццю. А ў цябе мільёншчыкі былі?
— Пры бацьку — былі. Дванаццаць чалавек. Ды я іх адразу выпусціў.
— Без выкупу?
— Але. Толькі прымусіў, каб кожны для бедных аднавяскоўцаў купіў па валоцы зямлі ды па каню. І хаты пабудаваў.
— Прадзешавіў, князь. Яны б і дзесяць тысяч за волю кожны заплаціў.
— Я за гэтым не гнаўся. Яны нават аброку менш шарамецеўскіх плацілі… Пяцьдзесят у год.
— То добра. А ото, бачыш, царква Іаана Багаслова, што пад вязам. Бачыш, гандаль. Тут гатовае адзенне купляюць. Можна драніну купіць, бо падмануць на ўсе чатыры коркі. А можна і добрае. Кажухі часам нішто сабе.
Загорскі дакрануўся да пляча Кірдуна. Халімон непрыкметна схіліў галаву. Вечарам ён павінен перадаць гэта Маеўскаму, і тады «купец. Вакх» закупіць тут дзве тысячы кажухоў. Пашыць такую вялізную колькасць на месцы, у Прыдняпроўі, нельга было, не абудзіўшы чутак. Швальні Загорскага пад маркай «абшывання слуг малодшых радоў» маглі пашыць не больш як пяць соцень цёплых кажушаных чуг. Ды частку замовілі ў розных месцах.
Паварацілі на Нікольскую, да Багаяўленскага манастыра. Тут калыхаўся натоўп: ішоў гандаль сталёвымі і меднымі вырабамі, галоўным чынам, тульскімі. Цьмяна блішчалі самавары — ад пяцівядзёрных, «чыгуначных», да самых малых; вязкамі, як лыка пад мужыцкай страхой, віселі стрэльбавыя ствалы. У глыбіні ятак, як тарань, серабрыліся бліскучыя нажы, суседнічалі з прыборамі для дзвераў і шэрагамі паляўнічых дубальтовак.
Чыўін часта загадваў спыніць коней, таргаваўся з гаспадарамі, запэўніваў, угаворваў і ледзь толькі не бажыўся — бо грэх. Калі ад'язджалі ад кожнага такога месца — гаспадар крамы клікаў грузчыкаў, расейцаў і татар, і яны пачыналі насіць на вазы «гужавых» рамізнікаў, што стаялі паўздоўж усіх падвор'яў, рагожныя кулі.
Везлі іх на Чыжоўскае падвор'е, дзе Кірдун днямі зняў складское памяшканне.
Алесь браў у рукі варанёныя ці пасрэбленыя ствалы, мерыўся, ці ёмісты прыклад. Даўняя звычка да зброі давала яму магчымасць беспамылкова адрозніць бліскучую дрэнь для навічкоў ад простых, але сапраўдных стрэльбаў «на знаўцу». Куплялі, аднак, з перасцярогай: пяць — восем вышэйшага класа стрэльбаў у кожнай краме. Гэта не была зброяй для «ўсіх». Гэта была зброя «застрэльшчыкаў», найлепшых стралкоў, што будуць уваходзіць па два чалавекі ў кожны дзесятак, і тое на той толькі выпадак, калі штуцараў, або ігольных стрэльбаў, не давядзецца дастаць.
Натоўп віраваў на Нікольскай, і толькі ў завулках, што вялі на Іллінку, было паспакайней: там ішоў гандаль — оптавы.
— Вялікімі мільёнамі варочаюць, — сказаў Чыўін. — Вялікімі сотнямі мільёнаў. Вялікімі, няправеднымі. І ўсё больш, больш тут грошай. Кітай-горад, нічога не скажаш. А цяпер зусім у іх добра. Уся сіла гарадская тут. А паны да Яблычнага двара псароў высылаюць: хортых спрадаваць.
— Чаго брэшаш? — сказаў Макар. — Зараз вось у іх і грошы, у паноў. Ніколі столькі не было.
— І гэта праўда. Ці надоўга толькі?
Сані ледзь прабіваліся натоўпам да Праломнай брамы. Бліншчыкі, збіценшчыкі, бабулі-жабрачкі, разносчыкі, пірожнікі — так і кішэлі пад нагамі. У вокнах крам цяпер было другое: цяжкія вокладкі царкоўных кніг, золата дзіскасаў і паціраў, залатыя і жалобныя рызы. Паступова, аднак, за Друкарскім дваром, свецкае цясніла духоўнае. Пад навесамі і ў крамах ляжалі кнігі, віселі, заціснутыя ў шчыпцы для бялізны, лубачныя малюнкі. Замест семінарыстаў і правінцыяльных папоў, што прыехалі купляць царкоўнае начынне, з крамы ў краму хадзілі мужыкі-карабейнікі. Чулася бажба, лаянка, спрэчкі.
Яны тут трохі завязнулі па віне Алеся. Той заходзіў ледзь не ў кожную краму, і пасля кожнай такой візіты ў нагах седакоў прыбаўлялася кніг. Кірдун усё больш суровеў і ўрэшце не вытрымаў. Дачакаўся, пакуль яны засталіся адны перад дзвярыма чарговай крамы, і ціха сказаў:
— Нашто яны табе? Для агню купляць?
Алесь вінавата паціснуў плячыма:
— Не магу. Ты паглядзі, якія ў гэтых кніжнікаў нячыстыя лапы.
— Магчыма, разам з хатамі нашымі яны згараць, кнігі, — сказаў Халімон.
— Згараць і тут.
— Кіньце, паніч.
— Згараць. Набярэ такі кніг, носіць-носіць — ніхто не купляе. То ён тады ў двары вогнішча раскладвае і — «час абнавіць таварац». І пайшло ўсё гэта ў полымя. А тут глядзі — элзевіры*, масонскія выданні, «Духоўны рыцар».
* Элзевіры — кнігі, надрукаваныя ў друкарні Эльзевіраў у Галандыі (ХVІ-ХVІІ стст.). Вызначаюцца дзівоснай прыгажосцю і вытанчанасцю шрыфтоў.
Сапраўды, сярод лубачных кніг ляжалі містычныя новікаўскія выданні, кнігі па хірамантыі і фізіягноміцы, Златавуставы Маргарыты, Чэцці Мінеі яшчэ даніканаўскіх часоў. Чыўін, разглядаючы апошнія, толькі аблізваўся. Аж пакуль Загорскі не загадаў яму ўзяць іх сабе. А над усёй гэтай раскошай ляцелі прарэзлівыя або рыпучыя галасы: нібы падлаеды балявалі над трупамі:
— Вось лубкі-лубкі!
— Вось купец у трубу вылецеў. Чобаты буракамі, за цыліндр — рукамі, у тых, хто глядзіць, — морды дуракамі.
— А вось муж на жонцы дровы з лесу вязе. Купі, мужык, каб жонка ўбораў не прасіла.
— А — фонская гара, а — фонская гара, — ільецца ялейны галасок. — Страшны суд… Цьма непрасвяцімая; вогнь неўгасімы, скрэжат зубоўны. Змяя зялёная грэшнікаў смокча.
Зялёныя былі не толькі змеі. Зялёнае было, разам з дрэвамі, неба на лубках. Ехаў, галавою пад аблокі, храбры праваслаўны генерал, а салдаты былі не вышэй капытоў ягонага каня, як на эгіпецкіх барэльефах воіны побач з фараонам. Ружовая палоса — твары салдат, чырвоная — каўнеры, блакітная — рака, па якой яны ідуць, разам з салдацкімі чобатамі.
— Пэцканіна сатанінская, — злаваўся Чыўін. — Дакаціліся. Пасля Дзіянісія, пасля Рублёва — боскага, пасля Суждальскага ўзорач'я — Аніка-воін ды генералы дурныя.
— Рублёва ў кожную сялянскую хату не павесіш, — сказаў Алесь.
— То лепей зусім нічога не вешаць. Адзін разны коўш з бярозавага наплыву варты ўсёй гэтай брыды.
— І тое праўда.
На кніжных рынках купцы Лабкоў і Хлудаў сабралі сабе неацэнныя бібліятэкі. На кніжных рынках быў сапсуты густ двох ці трох народных пакаленняў.
…Масляная адыходзіла. І, нягледзечы на тое, што на гуляннях усё яшчэ круціліся каруселі, бойка гандлявалі ласункамі, нягледзячы на тое, што з балаганаў даляталі стрэлы з драўляных гармат і сапраўдных стрэльбаў — аж з усіх шчылін шатра валіў парахавы дым (давалі «Узяцце Карса» і «Бітву расейцаў з кабардзінцамі»), — ва ўсім быў няўлоўны сум.
Надыходзіў вялікі пост.
Стрэлы, галасы зазывалаў, удары балаганных звонаў, уся гэтая какафонія гучала цяпер прыглушана. Менш траплялася п'яных, але затое п'яныя яны былі ўсур'ёз. Стаміліся маснічныя тройкі. Праз святочны пах курэнняў, пораху, масла ўсё мацней прабіваўся звычайны пах горада, яшчэ ўзмоцнены «велікапосным амбрэ», пах тракціраў, рыбы, гарэлага сала, поснага масла, грыбоў, бочак з чарпакамі, а то і простых цэбраў, што плюхалі на кожным ухабе.
Пад мокрым снегам абвіснулі папяровыя кветкі на дугах. Паступова згортваліся балаганы. Гаспадар завіхаўся ля вазоў, і яму дапамагаў «дзікі чалавек, прывезены з Афрыкі». Дзікага чалавека мучыла пякучка: усю масніцу даводзілася есці жывых галубоў і піць шкіпінар, закусваючы той чаркай, з якой выпіў. Драбіць яе зубамі было нялёгка, нават пасля практыкі, і дзясны дзікуна сям-там кроватачылі.
Салдаты, што ўдзельнічалі ў «бітве расейцаў з кабардзінцамі», разыходзіліся па казармах (кабардзінцы, як заўсёды, атрымаўшы ў карак). І сумна глядзела на іхні ланцуг балаганная прыгажуня, галаднаватая дзяўчына, што зябка хуталася ў дазволеную нарэшце сярмягу. У дзяўчыны была сталая нежыць: усю масніцу яна стаяла на балаганным балконе, пад снегам, сіняя, апранутая толькі ў кісяю.
А знізу яе ўжо клікалі гаспадар і дзікі чалавек: трэба было ўпакоўваць двухгаловае цяля.
На шэрае нізкае неба, на падаючы шацёр, на слізь муроў глядзеў невідушчымі вачыма «ягіпецкі цар фараон». Мумію, па яе крохкасці, павінны былі пакласці на воз апошняй. Мумія фіванская, жаўтаватая, з матавым бляскам. Яна добра збераглася, і, значыцца, «цар фараон» збярог у цэласці сваю «бай»*.
* Душа памёршага.
Невядома, ці ўспамінала гэтая «бай» грозныя паходы на Нубію і Лівію, разгром Фінікіі, палонных, што гоняць за калясніцамі і тысячамі прыносяць у ахвяру.
Фараон проста паказваў небу аблічча, і на ягоную скуру, колеру пірага, абсынанага сухарамі, на ягоную былую веліч, церушыўся і церушыўся з неба мокры маскоўскі снег.
І як працверажэнне, ішоў сярэдзінай вуліцы сімвал імперскага парадку, здаравіла-будачнік са сталом на галаве*.
* Паліцмайстар Агароў загадаў, каб у кожнай будцы ляжала на стале кніга. Квартальны, робячы начны абход, павінен быў распісацца ў кожнага булачніка. Квартальныя, аднак, абходаў не рабілі, а ўначы — спалі. Булачнікі раніцай самі прыносілі ім кнігі ў акалодак для подпісу. Зведаўшы гэта, Агароў загадаў: будачныя кнігі прыпячатаць да сталоў… Пасля гэтага будачнікі кожную раніцу рабілі тое, што апісана вышэй: неслі ў акалодак, разам з кнігамі, і сталы.
Пёр — аж пар курэў над плячыма.
— Дзікунства наша, дзікасць, — уздыхнуў Чыўін. — Губернатарскі дом — у тры паверхі. Шыльды ля яго — «Мадрыд», «Дрэздэн», «Луўр». А як былі фофаны — так і засталіся. Сталы на галовах носім… Вось, Аляксандар Георгіевіч, якое наша прасвяшчэнне. Мы, на Рагожскай, хаця не пнемся ў новае: ведаем, старымі запаветамі жывем. А тут, з-пад сурдута, дзікасць лезе. Вось хаця б нядаўна… з'явіўся на Краснай плошчы Міхаіл архангел*.
* Сапраўдны факт (глядзі ўспаміны І.А.Слонава «З жыцця гандлёвай Масквы», «Гістарычны веснік», 1913, No.11-12).
Сам у чырвоным, у левай руцэ піка са сцягам, доўгая, у правай — драўляная шабля, бо ляўшун, шуйцай дзейнічае, а дзясніца — так сабе. Крычыць: «З'явіўся на сваё паселішча! Не мір, але меч!» І вось за архангелам-леўшуном валіць натоўп. Тут табе сярод іх і проста цікаўныя, але тут і веруючыя… І ідзе гэты архангел ад Нікольскай брамы праз усю плошчу аж да Блажэннага Васілія.
На сярэдзіне плошчы, ля голых Мініна з Пажарскім — сарамацішча! — будачнік архангела арыштаваў ды пацягнуў у акалодак. Выявілася — ніякі ён не «нябесны жыхар», а манах беглы, вашывы. Вось да чаго яны Божае імя давялі.
Макар толькі пасмейваўся на козлах. А купец пачырванеў яшчэ больш, каламутна-сінія вочы пацямнелі. Вялікі рот нібы скамянеў. Рука мяла клін барады.
Нясцерпны, арэхава-гнілы смурод Ахотнага рада змяніўся адносна свежым паветрам: з Цвярской, нібы з цясніны, павеяла ветрыкам. Сані паварочвалі да Краснай плошчы.
— Трэба будзе табе потым, князь, на Яблычны двор з'едзіць. Там таксама паляўнічымі стрэльбамі гандлююць, сабакамі, усім такім. А што, сланы таксама ў Афрыцы?
— Але.
— Небяспечная штука твая Афрыка. Ля Яблычнага двара, у звярынцы, не так даўно слон звар'яцеў. Усё чыста разламаў. Абкапалі яго ровам — ён не сунімаецца. Каму ахвота? То склікалі салдат, і тыя яго, беднага, пачалі расстрэльваць. Той раве, а яны паляць. «У «Паліцэйскіх ведамасцях» пісалі: сто сорак чатыры кулі ў яго выпусцілі… Вось табе і воінства.
— Мы лепей страляем, — сказаў Алесь. — Прывычка.
— То і добра. А то пабілі б вас тыя сланы зусім. У тым аднаго мяса было дзвесце пяцьдзесят пудоў… Цьху, Пан Божа… А на Кузнецкі забылі? Там у немцаў таксама стрэльбы, і яшчэ падзорныя трубы можна купіць.
— Купім, — супакоіў яго Алесь. — Гэта ў Швабе?
— Трубы — у Швабе.
— Быў там ужо слуга.
Халімон сапраўды пабываў у Швабе. Купіў пяцьдзесят бінокляў. Купілі там і стрэльбаў. Па дзесяць — пятнаццаць, не выклікаючы падазрэнняў, — а на складзе было ўжо сотні тры дубальтовак, дальнабойных, хаця і трохі старамодных ментонаў буйнога калібру, ангельскіх «тыгравых» стрэльбаў. Акрамя таго, трэцяга дня Мсціслаў выехаў чыгункай да Паўлава Пасада, або, па-простаму, «Выхны», з мэтай купіць там сотні тры кінжалаў, дзвесце шабляў і, колькі знойдзецца ў збройнікаў, — агнястрэльнай зброі*.
* Ніжагародская чыгунка тады была даведзена толькі да Выхны.
Усё гэта, праз сваіх людзей, маленькімі партыямі, везлі ў Беларусь. Алесь спадзяваўся, што праз тыдзень на складзе адначасова будзе «начаваць» не больш за сорак стрэльбаў, і тады можна будзе не баяцца паліцыі. Ён ведаў: гэта не канспірацыя. Ён ведаў: справа, якой ён займаецца, можа ў кожны момант каштаваць яму галавы. Але іначай нічога нельга было зрабіць. Толькі і заставалася, што цадзіць яе вось так, па кроплі з розных месц. Бо нават калі б ён спустошыў усе арсеналы Вежы, Загоршчыны і вёсак прыхільнікаў — стрэльбаў не хапіла б на ўсіх людзей. Ён разлічыў: да паездкі ў Маскву адна стрэльба прыходзілася б на пяцёх, калі б край неспадзявана паўстаў. А гэтага можна было чакаць кожную хвіліну. Агнявы фіціль ляжаў на парахавой бочцы, што звалася Беларуссю і Літвой.
— На Кузнецкім была гісторыя, — сказаў купец. — Прыходзіць у каланіяльную краму чалавек і просіць патакі. Сядзелец пытае: «Куды наліць?» Чалавек той знімае цыліндр: «Сюды». Той здзівіўся, але… у кожнага пакупца свая дурына. Налівае. Той яму дае за патаку пяць рублёў. Сядзелец адчыняе шуфлядку, каб даць рэшты. А той яму ў гэты час — хоп! — цыліндр на галаву. Рукі ў касу, за грошы і — лататы.
— І правільна, — з нейкай нават павагай сказаў Макар. — Гэта табе не Чухлама, а Масква. Тут зяваць не даводзіцца.
Наводдаль узвышаўся Крэмль. Сонца на хвіліну прарвала дзённы змрок і заліло яго крывавай барваю. Муры нібы чырванелі наскрозь у ягоных прамянях. І дзіўна было глядзець шэрае жабрацкае мора, што кішэла ля падножжа гэтай страшнай велічы.
Слепакі з павадырамі, гнойныя вочы жабрачак, юроды, язвы і лахманы.
— Пада-айце слепенькаму!
— «Ля-жаў сабе Ла-а-зар на гнаёвай ку-у-пе…»
— Адбіла мне ногі пад горадам Свістопалем…
— Брат! Брат! Нічога ў мяне, акрамя вошай. Дай капейку за дзесятак — да смерці дажыву.
Рукі цягнуліся адусюль. Нібы прасіла ўся гэтая зямля.
— Пацярпеў ад нашэсця інапляменных… Пры Крымскай канфузіі атрымаў кантузію… Вашаскароддзе, на лусту хлеба кавалеру.
Салдат быў страшны. Яго калаціла, бы ў падучай. А з-за ягонай спіны цягнуліся новыя… новыя… новыя рукі.
Адыходзіў з дарогі жабрак, уражаны нейкай хваробай, магчыма, пранцамі. Ніжняй сківіцы не было, і, як у звоне, боўтаўся ў цёмнай зеўры язык.
А над усім гэтым былі барвяныя муры, велічныя вежы, гордыя арлы на шпілях, абрыдлівы спрут, заліты сонечнай крывёй.
…Ледзь цягнуліся праз натоўп. Злева былі Старыя рады. Двухпавярховыя, з каланадай і купалам. Ля каланады, ля «Сталбоў», шумела пірожная біржа. Брудныя пірожнікі з захутанымі ў коўдры скрынкамі на грудзях таўкліся ад калон да помніка Мініну і Пажарскаму. Ніжагародскі мешчанін паказваў ім рукою на Крэмль, на палац, куды з іх ніхто ніколі не трапіць.
— Пірагі з гарохам… Пірагі з гарохам…
— Сам жары, свіння. Давай з сёмгай і кашай.
— Купляй. Сёмужка ў нас о-го!… Закусвай, міл-чалавек. Яна перад тым, як у пірог трапіць, ледзь не бегала.
Хлапчынка торгаў за крысо пірожніка:
— Дяденька, чтой-то у тебя пироги-те с тряпкой.
— А табе, каналья, что ж, за две-то копейки с бархатом, что ли, давать?
Гандлявалі падовымі з падліўкай, «верабейкамі», што плаваюць у масле, блінамі на латочках. І хаця была яшчэ масленіца і людзі елі гарачую каўбасу і пірагі з мясам і яйкамі — некаторыя, абжэршыся скаромінай, прасілі пірагоў з груздамі, са снятком і поснай падлівай.
Ад Лобнага месца як рэзаныя крычалі збіценшчыкі. Здавалася, што там, па-ранейшаму, чвартуюць людзей, а не гарачую ваду з мёдам і карыцай прадаюць.
…Яны кінулі Макара з коньмі ля аднаго з «глаголяў» і пайшлі ў рады. І толькі тады Алесь зразумеў, чаму Чыўін засцерагаў яго. Унутры гэты будынак у стылі маскоўскага класіцызму нагадваў караван-сарай. Нізенькія, як норы, страшэнна доўгія хады. Столь — аркаю. Падлога таксама, бо выбілі за дзесяцігоддзі пакупцы. І ўся гэтая падлога шчарбатая, выбітая. З аднаго боку калідора — крамы, з другога — «авечкі», зашклёныя прылаўкі з дробяззю: вееры, вянчальныя свечкі, панчохі, напарсткі, гальштукі. Адразу відаць, што гніла, дорага, з падманам. А не купіць чалавек — пачнуць здзекавацца, смяяцца, праводзяць смехам і абразамі. Хто рахманы — купіць часам, абы адвязацца.
Праходы загрувашчаны цюкамі і скрынямі. На арках сям-там іконы з «гасімымі» лампадамі (агонь паліць забаронена, таму зімой у тры гадзіны — канец гандлю). І каля ўсіх крам «хлопчыкі» з галоднымі і бледнымі тварамі. Шчокі абмарожаныя, бо холад сабачы, грэюцца гарбатай, перакідваючы з рукі ў руку гарачую шклянку. Ад піцця гарачага на холадзе — амаль ва ўсіх горлы апухлыя, «чушка».
Паўсюль лаянка, выгукі, прыказчыкі цягнуць людзей за рукі ў крамы. Чыўін некалькі ўжо разоў даваў па нахабных руках, бо зацягнуць, закруцяць.
Людзей з глухой правінцыі, чухламскіх купцоў ды калядзінскіх багатых мяшчанак, у радах часам і рабавалі. Затлумяць галаву, а потым — шукай сярод сотняў «сваю краму». Усе аднолькавыя. І прыказчыкі на адну морду — усе нахабныя пысы.
Па радах хадзілі «радскія кухары» з карчагай у адной руцэ, з кошыкам — у другой. У карчазе была гарачая капуста з мясам, у кошыку — місы, лыжкі і хлеб. Міса капусты з мясам і хлебам — дзесяць капеек.
А за радскімі кухарамі ледзь не цэлай гайнёй хадзілі, круціліся пад нагамі ў пакупцоў валацужныя сабакі. Калі набіралася шмат місак з астачай капусты і хлебных недаедкаў — кухар ставіў усё гэта на падлогу, ля свайго кутка… Пасля «мойкі» міскі выціралі брудным сальным ручніком і зноў налівалі тым, хто пажадае, гарачай капусты. Усім было добра.
Кірдун, убачыўшы сабак над місамі, пляваўся на ўсю суконную «Панскую» лінію, аж пакуль не прыйшлі ў «Нажовую».
Чыўін і тут быў незаменны. Бачыў усе купецкія выбрыкі, не дазваляў падмяняць купленага, прымушаў «показывать товар лицом». Алесь увесь час думаў, што ён сам, без Дзяніса Авакумыча, не здолеў бы так ганяць прыказчыкаў і абавязкова накупіў бы непатрэбнага.
Падняліся і ў «палатку», верхняе памяшканне саліднай збройнай крамы купцоў Суравых. Там было ціха, бо не ўсе рызыкавалі падымацца па стромых драўляных сходах, склізкіх ад бруду.
Малады Сураў сядзеў вярхом на лаўцы і граў з прыказчыкам у шашкі. Маўчалі піраміды стрэльбаў. А з-за іх далятаў глуха і страшна пагрозлівы голас:
— Сіцэ… Абіе… ізыдох…
— Гэта хто? — спытаў Алесь.
— Бацька, — абыякава сказаў увесь заліты тлушчам малады Сураў, — па шкоднасці сваёй год ужо ў палатцы «Біблію» чытае. Фантазія, значыцца, такая ў яго, каб прыказчыкаў, хлопчыкаў, ды мяне даводзіць. Толькі мяне не давядзеш — шалі-іш.
І сапраўды, наўрад ці нешта магло «давесці» маладога купца.
— Адно толькі шкада — пакупцоў адахвочвае, — пазяхнуў гаспадар. — Як прыйдуць. «Што гэта ў вас, нябожчык?» — дый пойдуць. Такія страты.
— Нічога, мы не баімся, — сказаў Кірдун. — Паказвайце стрэльбы.
— Ды глядзіце, чаго там, — і Сураў узяў «за фук» прыказчыкаву дамку.
— Азіяцкія працэдуры — няўхвальна сказаў Чыўін, слухаючы галоснае чытанне старога.
— Цішэй бы, — сказаў яму Кірдун. — Пачуе.
— Гаварыце, — пазяхнуў Сураў. — Глухі ён.
І тут у гэтым цёмным і халодным кутку маскоўскага «сіці», пакупцам нечакана пашанцавала. Акрамя паляўнічых, няхай і дальнабойных, стрэльбаў у апошнім кутку былі штабелем складзены штуцары. Штук сто пяцьдзесят. Даўгаствольныя, вузкія, збольшага зусім новыя, а калі і пашкоджаныя, то пашкоджанні можна было ліквідаваць у звычайнай кузні: замена іглы, выдраная антабка, іншая лухта.
— Ах, каналлі, — у Кірдуна трэсліся рукі. — Во пашанцавала. Як, ты скажы, сапраўдны збіцень знайсці?
— Гэта цяжка, — пазяхаў Сураў. — Цяпер хіба збіцень. Намяшаюць дзярма з мёдам — і ўсё. Збіцень цяперака толькі ў адзінак добры: мёд, зверабой, фіялкавыя карэнні, стручковы перац, імбір, шалфей.
Чыўін пакруціў пальцам ля лоба.
— Адкуль гэта ў вас? — спытаў Алесь.
— Бацька яшчэ пасля крымскай кампаніі купіў.
«А ў салдат былі непрыдатныя стрэльбы», — з горыччу падумаў Алесь.
Штуцары запакавалі на месцы, і прыказчыкі сцягнулі гэта ўсё на ламавікоў. Алесь баяўся, каб не пакінуць за сабою хваста… Скрыні адразу павезлі на другі, зняты тым часам, склад. І Загорскаму, як заўсёды пасля чарговай куплі, стала лягчэй. Ён ведаў: сотнямі такіх ручаін сплывае ў сховішчы зброя. Зброя, да якой, з часам, аж прыкіпяць рукі.
Ён нават з нейкай павагай глядзеў на пачварнага старога над «Бібліяй». А той сядзеў над жоўтай кнігай, як сава, і з праваленага рота далятала пагрозлівае:
— Сіцэ… абіе… ізыдох…
І раптам стары Сураў узняў нялітасцівыя вочы:
— Штуцарамі цікавішся, барын?
— Рознай зброяй.
— Угу… рознай, — шэптам сказаў «глухі». — Гэта мы ведаем. Чаем гандлюеш?
— Чаму?
— У Кяхту мы штуцары спрадавалі. Там патрэбна. Адным хунхузам зброю, ды другім кітайцам зброю, ды прыказчыкам… Глядзіш, караванам бяспечна.
— Я — не туды.
— А мне твае гандлёвыя таямніцы непатрэбныя. Я гандаль кінуў. Я — пры Богу. «Біблію», бачыш, чытаю… — стары ўсміхаўся. — То ты, можа, і Тайніцкія гарматы* купіў бы?
* У Тайніцкай вежы Крамля стаялі гарматы, з якіх у «царскія дні» давалі сто адзін выстрал.
— Нашто мне яны? — засцярогся Алесь.
— У нас народ такі, могуць і гэта, — стары пачамкаў ротам. — А ты ідзі ў Бубнаўскі тракцір. Знайдзі там Бабкіна Пуда Іюдавіча… Скажы, «начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он».
«Вось табе і «пры Богу», — падумаў Алесь.
А стары ўсміхнуўся:
— Дык ты, калі наконт тайніцкіх надумаеш, — прыходзь.
Калі яны выходзілі — у спіну ім зноў грымела «сіцэ-абіе-ізыдох…».
Чыўін з сумненнем круціў галавою:
— Не лезці б нам у тую дзірку. Бубнаўскі тракцір — страхоцце. А тут яшчэ гэты Іюдавіч з ягонымі тракцірнымі ўцехамі.
— Рызыкнем, Авакумыч, цікава.
— Ну й што ж, — уздыхнуў стары. — Давай рызыкнем. Толькі з сабою Макара возьмем.
— Што гэта ён сказаў? — спытаў Алесь. — Ну ясна, «начотчык» гэта ён сам… «Флейты ад кіслай воўны»— салдацкія стрэльбы.
— А «прыкалоць» — гэта прадаць. А «ер-ведзі-он» — гэта па два рублі дзевяноста восем капеечак стрэльба. Танна! Ды, уласна кажучы, куды яны іх прададуць? Як армію рабавалі, то нахапалі ўсяго, нават і непатрэбнага, па прагнасці сваёй.