— Чаму? — сказаў Алесь. — Я шмат чаму верыць навучыўся.
   — Тады ты, сапраўды, чамусьці навучыўся ў жыцці. А ў гісторыі гэтай — уся праўда. Можаш мне, Бабкіну, верыць.
   Ён думаў, відаць, над тым, з чаго пачынаць.
   — Дык вось, купец, ты пэўна ведаеш, як у нас паліцыя сок вядзе. Скажам, ёсць у кожным квартале сярод абывацеляў такія, што ў іх на мордзе напісана: падазроныя. І вось сярод такіх знаходзяць чалавека здольнага дый кажуць яму: «Ты, Яшка, скажам, патаемны шынок трымаеш або крадзеным польскім бабром часам гандлюеш. То мы будзем на гэта праз пальцы глядзець (не вытыркайся толькі, не нахабнічай), а ты нам за гэта часам паслужы». І вось калі трэба адшукаць нейкага асабліва нахабнага злодзея, то клічуць Яшку. А ўжо Яшка, калі толькі сам не ўкраў, намякне, куды яно ўсё падзелася. Калі кажа «не ведаю» — значыцца, шукаць — справа дарэмная: не можа сказаць, не хоча сказаць, баіцца сказаць або папрацаваў нехта старонні… Ну, аднойчы абчысцілі футравы магазін Мічынера на Кузнецкім. Купец у слёзы — футраў на сто тысяч, ды самыя дарагія, ды ўсе мечаныя. Вось кузнецкі квартальны наглядчык кліча да сябе свайго «Яшку»: «Выкладвай». — «Не смею», — кажа той, а сам ледзь не рагоча. Наглядчыку крыўдна, бо іншых спосабаў сыску ў нас бадай што і няма. «Кажы, калі ласка». — «Вы мяне выдадзіце». — «Дальбог, не». Яшка думаў, думаў, дый махнуў рукою: «Мічынераўскія футры ўсе ў прыстава Цвярской часці Хрулёва». — «Не можа быць?!» — «Шчырая праўда, ваша высакароддзе». Наглядчык за галаву схапіўся, але ведае: Яшка брахаць не будзе… Едзе ён да паліцмайстра, палкоўніка Агарова. Той таксама за галаву хапаецца, але паколькі Хрулёў пару разоў пракраўся ўжо ды яшчэ бацькоўскага агароўскага папроку не паслухаўся — Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду. Уварваліся да Хрулёва з павальным вобыскам… Бабкін змоўкнуў, толькі вочы смяяліся.
   — А далей? — спытаў Макар.
   — А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй — буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч — як снегу.
   — Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п'янюга, — ціха сказаў Алесь.
   — А я хіба што кажу? — сказаў Бабкін. — Ну, узяў нейкія там дзве сотні… Горш тое, што людзей пачаў страшыць — ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць… Дык вось далей… Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок… Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З'явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў.
   І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе… І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім… Чалавека тады — з Бутырак. Прывялі — глянуць жах: вашывы, у лахманах, кашляе. Людзі, якія шукалі, — на калені перад ім. І выяўляецца, што чалавек гэты ёсць дагамейскі наследны прынц*.
   * Сапраўдны выпадак. Глядзі кнігу Е.І.Казлінінай: «Запіскі старэйшай расейскай журналісткі. За палову веку. 1862-1912». М., 1913 г.
   — Брахня, — сказаў Чыўін.
   — Ты што, хочаш, каб я крыж пацалаваў? — сказаў Бабкін. — Не, брат, на жаль — праўда.
   — А што было б, каб не кража ў Мічынера? — спытаў Алесь. — Каб Агароў быў трохі ў лепшых адносінах з Хрулёвым? Тады што было б з прынцам?
   — Памёр бы ў турме, як бадзяга, — сказаў Чыўін. — Што ён, першы?… Ды ён, урэшце, і так пярхаў, як авечка. Кажуць, скора памёр… Гэта, брат, наша турма. І ўсё ў нас такое, «ад Пермі да Таўрыды»… Вось табе і дагамейскі прынц… Так што рабіце свае справы, купцы, ды хутчэй, хутчэй адсюль. А то як бы самім не трапіць.
   Лямант з-за перагародак зноў ускалыхнуў паветра. «Падземны горад» скардзіўся, рагатаў, плакаў і выў.

РАЗДЗЕЛ V

   Вярталіся ад Смаленскай заставы амаль у сутонні. Бабкін і начотчык не падманулі: штуцары былі навенечкія, густа залітыя маслам, калісьці, відаць, украдзеныя проста з правіянцкіх складаў, доўгія і вузкія, цяжкія, як дрымотная смерць… Кірдун павінен быў за ноч наняць гужавікоў з «цёмных» і адправіць іх.
   Алесю было кепска. Нават паездка на «свежым» паветры нічога не дала: ноздры нібы ўсё яшчэ адчувалі душны, абрыдлівы смурод бубнаўскай дзіры. У вушах настойліва гучалі стогны і крык: нібы молатам валіла ў чэрап. Вырашылі трохі праехацца горадам, а потым усім ехаць вячэраць у «Стрэльну», куды пускалі і купцоў, і людзей, падобна да іх апранутых, а значыць, і Макара. Возчык быў, сапраўды, золата. У самай цёмнай трушчобе з ім было надзейна. Просты, не разбэшчаны гэтым Вавілонам чалавек з сэрцам дзіцяці і пудовымі кулакамі.
   Праехалі Крэмль. Там было ўжо цёмна, і толькі на купале Івана Вялікага ляжаў яшчэ апошні адбітак дня. Коні нырнулі, нібы ў грот, у Спаскую браму. І толькі-толькі выехалі на Красную плошчу, як Чыўін спытаў Макара:
   — Стой… Што такое — ніяк не зразумею.
   З боку Васкрэсенскай плошчы павольна ўспаўзала на брук нейкая дзіўная працэсія. Гарэлі высока ўзнятыя паходні, ляскалі капытамі коні, блішчала шыццё.
   І глуха, нібы падмочаны, бубнеў адтуль рэзкі барабанны пошчак. Абяцаў нейкую нязнаную трывогу.
   — Дзіўна, — сказаў нібыта супакоены Чыўін. — Небывалая штука, каб іх Краснай плошчай везлі. Як нашы далдоны кажуць, зашмат ім, зладзеям, гонару.
   — А чаго дзіўнага? — сказаў Макар. — Ля манежа брук узламалі. Дый Вялікі Каменны ўсё яшчэ рапаруюць. Скварцова падрадчыка фартуна*.
   * Падрадчыку Скварцову было даручана разабраць стары мост, такі моцны, што яго ўзрывалі порахам. Так загінуў помнік даўняй архітэктуры (не ў першы і не ў апошні раз). З велізарнай колькасці здабытага каменю Скварцоў узвёў вялізныя даходныя дамы на рагу Махавой і Ўзвіжанкі, насупраць Манежа. Камень гэты яму нічога не каштаваў.
   Картэж, цьмяна асветлены паходнямі, дапоўз ужо амаль да помніка Мініну.
   — Р-ра-та, р-ра-та, — гудзелі адтуль барабаны.
   — Што гэта? — усё яшчэ непаразумела, хаця ўжо і здагадваючыся, спытаў Алесь.
   — Злачынцаў на Балота вязуць, — ціха сказаў Чыўін. — З Бутырак. «Абрад публічнай страты»*.
   * «Абрад публічнай страты» быў устаноўлены ў 1846 годзе. Адменены — у 1880 г.
   Але Загорскі ўжо бачыў і сам. Ішлі барабаншчыкі. За імі — узвод салдат. Цьмяна блішчалі багнеты. За салдатамі павольнай хадою ехала нешта мярзотнае, абрыдліва-страшнае, высокае, як стаячая труна і як абложны гуляй-горад: чорная як смоль калясніца з высокай, таксама чорнай, дашчанай вежай. На гэтай спарудзе стаяла лава, а на ёй, высока-высока над людзьмі, так што паходні коннай варты ледзь даставалі ім да ног, сядзела чатыры чалавекі: трое мужчын і адна жанчына. Дрыготкія рэфлексы агню падалі на іхнія твары, на шэрыя халаты, на рукі, прыкручаныя да дошкі, на чорныя дошкі на іхніх грудзях. Чорныя дошкі з белымі літарамі, наведзенымі маслянай фарбай, акуратненька, відаць, не на адзін раз. Людзі сядзелі спіной да коней, а вакол ехала конная варта з паходнямі. За калясніцай гайдалася на няроўным бруку карэта, відаць, з пракурорам. Побач з калясніцай ішоў чалавек у чобатах, скураных портках і чырвонай расейскай кашулі.
   — Кат, — сказаў Чыўін. — Вось так яно і ёсць. Пазбавілі па суду ўсіх правоў маёмасці, прысудзілі на катаргу, а цяпер будуць бізуном біць. Поп ніканіянскі крыж свой паганы будзе ім у рот торкаць, будуць яны стаяць ля ганебнага слупа… Не ведаеш, Макар, гандлёвая страта або публічная? Кнут або слуп?
   — Н-не.
   Калясніца якраз зраўнялася з помнікам на сярэдзіне плошчы. Праплывала міма двух бронзавых людзей. Жанчына прыўзняла галаву, відаць, спалоханая з'яўленнем чагосьці чалавекападобнага побач з сабою, у той час як усё такое павінна быць ніжэй за яе. Прасачыла вачыма, куды паказвае ёй рукою ніжагародскі мешчанін.
   Вялікі грамадзянін паказваў на зубчатыя муры, на палац за імі.
   Алеся раптам закалаціла.
   А шэсце праплывала ўжо міма іх. Загорскі ўбачыў бледныя твары бабы і двух мужыкоў. На грудзях жанчыны, на чорнай дошцы, было выведзена: «Растлительница». На дошках яе суседзяў: «Поджигатели».
   Чацвёрты мужчына сядзеў, упаўшы галавою на рукі. Ні аблічча, ні дошкі ягонай не было відаць. Але Загорскага раптам нібы нешта кальнула ў сэрца: патыліца. Ён мог бы паклясціся, што ён бачыў яе тысячу разоў: на начлезе з-пад світкі, у хаце на печы, за сталом, схіленую над місай.
   «Няўжо ён? — са страшным падзеннем сэрца падумаў Алесь. — Няўжо свае людзі падвялі? Не можа быць, каб падвяла падземная пошта. А што я тады скажу Кандрату? Чым апраўдаюся я, які цвёрда абяцаў яму, што нават коштам жыцця вызвалю свайго і ягонага брата?» Алесь крануў Макара за плячо.
   — Рушай за імі.
   — Нашто? — у адзін голас спыталі Макар і Чыўін.
   — Рушай, — амаль папрасіў Алесь.
   Ён не мог памыліцца. Няўжо Андрэй? Але як? Як маглі падвесці свае людзі, падспудная служба інфармавання? Верныя, надзейныя, адданыя?
   «Пэўна, атрымалася памылка, — думаў ён. — Але як, як, як?»
   Запрэжка рухалася за картэжам. Усе ў дрыготкім зарыве круціліся над галавою, мяняючыся месцамі, як дрэвы за акном вагона, візэрунчатыя, зрэзаныя, падобныя на затычкі старых графінаў, купалы Васіля Блажэннага.
   Але ён толькі раз кінуў на іх позірк. Ён не адводзіў вачэй ад схіленай галавы, пазнаваў яе і не пазнаваў, пераходзіў ад надзеі да страшнага адчаю і зноў да надзеі.
   — Супакойся, — крануў яго за плячо Чыўін. — Ад бізуна рэдка хто памірае. Ну, заб'юць да паўсмерці. Не самае горшае. Вось «зялёная вуліца» — гэта, брат, жах. Ганяюць на месцы злачынства. Я аднойчы бачыў, як вунь там, на беразе Масква-ракі, ля Тайніцкай вежы, аднаго ганялі*. Божа мой, Божа!
   * Выпадак гэты апісаны ў некалькіх кнігах. У прыватнасці ва ўспамінах І.А.Белавусава «Ушедшая Москва». М., 1929 г.
   Алесь зірнуў направа і ўбачыў чорны сілуэт.
   — Вось там, — сказаў раскольнік. — Там, любы. Дзве тысячы прутоў. Прыйшлі салдаты з крамлёўскіх казармаў, сталі ў два шэрагі, з анцірваламі ў тры крокі. Бедалагу рукамі прывязалі да ложа стрэльбы, і два салдаты яго павялі. І — пачалося. У канцы першага праходу спіна ў таго была чорная, набрыняла, як падушка. Потым кроў пачала пырскаць. На рукі, на твары, на мундзіры салдат (назнарок ім са швальні на гэты выпадак старыя выдалі). І кожны раз як правядуць — два салдаты з тазамі падбягаюць, мачаюць у іх анучы і выціраюць кроў са спіны. А ў тазах — воцат. Хрысціяне! Аспіды нясытыя! Няхрышчаных басурманаў лаем, дзікуноў лаем! Самі хто? Воцатам! Нібы не чытаў ніхто, што Бога нашага на крыжы з губкі паілі «ацтом і жоўцю»…
   Голас старога перасекся:
   — Чуллівыя. Міма жабрака, міма катрыншчыка без капейкі не пройдуць. І што там Божа наш маўчыць, літасцівы, неўблажымы, калі нік-колі добра не было добраму, а дрэнна — злому, калі заўсёды самае дзярмо, самая апошняя дрэнь над нашымі галовамі.
   — Цішэй, — сказаў Макар.
   — А, ды што там, — панікнуў стары. — І чаму толькі нам заўсёды з панамі не шанцуе? Ніводнага добрага ўладара. Тры такія няшчасныя народы на свеце: гішпанцы, туркі і мы. Цьху!.
   — Хапае і ў другіх, — сказаў Алесь. — Але, вядома, не тое.
   …Здалёк яшчэ ўбачылі яны на сярэдзіне плошчы круглую спаруду са слупамі. Таксама чорную і высокую, ледзь не больш высокую, чым вартыя жалю навакольныя халупы.
   Картэж павольна пад'ехаў да яе. Мітусілася святло паходняў. Арыштантаў па чарзе, пачынаючы з жанчыны, адвязвалі ад лавы і сілком, пры ўдзеле ката, узводзілі на эшафот. Жанчына адштурхнула катавы рукі і пайшла сама. Трэці з прыкутых учапіўся рукамі за дошку, і яго давялося аддзіраць сілком. Ён хапаўся за дошку, потым за лаву, потым за сходні з калясніцы.
   Ля санак Макара апынуўся нейкі стары ў гарбатым паліто.
   — За што іх? — спытаў у яго Макар.
   — Кажуць, саколік, душагубы… Зладзеі. Часоваабавязаныя смольнінскага барына.
   — Чакай, — ускінуўся Чыўін. — Гэта таго, што забілі?
   — Нібыта.
   — Цяпер ведаю, — сказаў Чыўін. — Забіты гэты яшчэ за два гады да адмену бабу тую… прымусіў. Ну і прыжыў з ёю дзіця. А сам здужыць мог мала і таму, слугі казалі, шчыкаў яе да крыві, біў смяротным боем і кусаў… Ну, воля прыйшла — тая ўзрадавалася і вырашыла пайсці. А той кажа: «Ідзі. А дзіця не аддам. Бо ўсе ведаюць: маё. Але глядзі, як бы не пашкадавала: мой шчанюк. Хачу — з кашай ем. Хачу — масла пахтаю». А сам і да дзіцяці быў не лепшы, як да яе. Проста астача старэчага блуду ў ім бунтавалася… То тады яе браты прыйшлі ды ў дом ягоны чырвонага пеўня пусцілі, так і згарэў дом… разам з гаспадаром.
   Уздыхнуў:
   — Што ж, перад вечнай катаргай сама менш па сотні бізуноў.
   «Растлительница» ўжо стаяла прывязаная да слупа. Здзёртая са спіны і ягадзіц сарочка вісела на вяроўках. І, як прадчуванне, чырванела, бегла па пяшчотнай скуры вадкая барва ад паходняў.
   Прыйшлі за апошнім. Алесь з пакутлівым чаканнем ўпяўся вачыма ў ягоную патыліцу. Кат сціснуў гэтую патыліцу пяцярнёю. Чалавек ускінуў галаву.
   Не, гэта быў не Андрэй. Змучаны, белы, зусім яшчэ малады твар. Сінія вусны ці ўсміхаюцца, ці ўздрыгваюць ад холаду.
   — Не трэба, — ціха сказаў юнак. — Я сам. І пайшоў непаслухмянымі нагамі па прыступках.І хаця гэта не быў Андрэй, Алесю не стала лягчэй. Гэтая патыліца, дрыготкія вусны, непаслухмяныя ногі. Чужы чалавек раптам перапоўніў Алесева сэрца несамавітай тугою па агульным чалавечым братэрстве.
   — Едзем, — глуха сказаў Загорскі. — Едзем. Едзем, браткі, адсюль.
   Яны прабіраліся праз натоўп. Бубнеў нешта ззаду голас пракурора. Потым стала ціха. Супраць уласнай сваёй волі. Алесь азірнуўся. Кат паходжваў ля аголеных спін, як кот каля сала, рэдкавусы, з голенай чырвонай шыяй. Гулліва смяяліся пад нізкім лобам вялікія вочы.
   — Кірушкам яго клічуць, — сказаў Чыўін. — Бутырскі кат.
   Кірушка мякка цягаў за сабою бізун. І раптам, наўскос, пабег, пабег да жаночай спіны, радасны, нават захоплены голас зазвінеў над натоўпам:
   — Бер-регись, ожгу!
   Удар адразу рассек скуру ад пляча да прамежнасці. Лінула кроў.
   Жанчына тарганула галавою.
   — Пашкадаваў, — сказаў Чыўін. — Звычайна ў яго амаль ніхто першага ўдару не вытрымлівае, траціць прытомнасць. Астатнія ўдары б'е паблажліва, але, часцей за ўсё, як па мёртваму. Так што і незразумела, да смерці забіў ці яшчэ не. Некалькі разоў дохтур за запясце мацае.
   — Берегись, ожгу!
   Цяпер ён біў па суседняй спіне. І пасля ўдару над плошчай аддаўся немы крык, нібы раўла смяротна параненая жывёла.
   — Не, не пашкадаваў, — сказаў Чыўін. — Проста моцныя, надзвычай моцныя людзі.
   Кірушка — ён усё меншаў, бо сані ад'язджалі, — быў нібы абзадачаны другой няўдачай.
   А жывёльны крык усё мацнеў і раптам абсекся. І тады жанчына раскрыла рот.
   Той, што крычаў, закусіў вусны і з цяжкасцю прыўзняў галаву, успёр яе, каб яна трымалася, падброддзем на слуп.
   — Вось так, братухна, — сказала жанчына.
   Пасля трэцяга ўдару бізуна галава ля трэцяга слупа ўпала, як падсечаная. Кат задаволена хмыкнуў і адціснуў з бізуна кроў.
   …Алесь адвярнуўся.
   Сані ехалі да Масква-ракі. Паміж імі і Балотам было ўжо не менш як чатырыста сажняў, але Загорскі ўсё яшчэ нібыта адчуваў гукі ўдараў. І яшчэ яму здавалася, нібыта ўсе яны падаюць на ягоную спіну.
   — А дзіця гэтай бабы, кажуць, дурным нарадзілася, — сказаў Чыўін. — Бацька яе, цяжарную, збіў.
   — Што ж што дурное, — сказаў Макар. — Дурное ды няшчаснае маці часам яшчэ мацней любіць.
   Алесь не адказаў. Гледзячы ў цемру шклянымі страшнымі вачыма, ён думаў.
   «Я ім пакажу, — мітусілася ў чэрапе. — Я ім за гэта пакажу. Дай толькі да іх дарвацца — я ім пакажу. Ніводнаму літасці! Папялішча пакінуць… Папялішча пакінуць».

РАЗДЗЕЛ VІ

   Мінуў месяц. Андрэя ўсё яшчэ не прывозілі ў Бутыркі. Паступова прытупіўся боль той страшнай ночы. І хаця большасць зброі была закуплена, Алесь усё яшчэ гойсаў па Маскве і навакольных гарадках, скупляючы ўсё, што мог. Як апантаны, як беснаваты, уражаны адной маніяй.
   «Больш… Больш… Больш».
   Пасля той ночы на Балоце двух мужчын знялі са слупоў мёртвымі.
   І Алесь, нібы адчуваючы дакор, не супакойваўся. Купілі і перавезлі ўначы зброю з Гасцінага двара. Купілі паперу. Купілі порах. Купілі на складах ля Крэстоўскай заставы жалеза, і медзь, і свінец. Купілі зброю нават на Сухараўцы, рынак якой у гэты час асабліва багата гандляваў не толькі габеленамі, рэдкімі кнігамі, стыльнай мэбляй і карцінамі, але і калекцыйнай панскай зброяй. Маёнткі, дваранскія гнёзды пускалі з малатка калекцыі. Пачынаўся развал.
   Антыкварыі накшталт Пярлова і Фірсанава куплялі за грашы вялікія шэдэўры. Але Загорскага гэта цяпер не цікавіла. Ён купляў стрэльбы, каўказскія шаблі, нават японскія рытуальныя мячы — абы страляла і калола, абы была сталь. Ён ведаў, меч у руках мужнага — таксама зброя.
   Мсціслаў злёгку нават балдзеў ад энергіі сябра. Алесь штурхаўся між людзьмі, выцягваў чарговую знаходку з-пад якой-небудзь калекцыі мінералаў, прымерваў, ці па руцэ, ці да пляча. Маеўскі лічыў, што варта было б і другім будучым вайсковым кіраўнікам паклапаціцца загадзя, а то нешта цяжкія на пад'ём. Не могуць жа яны ўдвух зрабіць усё і за ўсіх.
   А вакол шумеў натоўп. Крычалі антыквары, збраяры, кніжнікі, старызнікі. Той рагатаў, нехта лаяўся, «купіўшы чыгунны капялюш».
   Цэлы рад займалі гандляры рукапісамі і кнігамі па фрэналогіі, магіі, фізіягноміцы, астралогіі, хірамантыі і чарадзейству. Людзі з містычнымі вачыма, дрэнна паголеныя і падазрона апранутыя, прытаргоўвалі аракулы і соннікі. Мсціслаў толькі бурчаў:
   — З гэткім суконным рылам ды ў эўрапейскі калачны рад. Містыка ім спатрэбілася. Ім больш патрэбная турма ды лазня.
   А Загорскаму было не смешна, а брыдка. Купцы, ахотнарадцы, уся гэтая лычатая свіная зграя была, на жаль, сілай. Таму што ў яе былі грошы. І таму немінучая была перамога іхняй грубасці і нахабства над вытанчанасцю.
   Перамога, у якой загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца.
   Ён не мог не думаць аб тым, што колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек — ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю. Пад ударамі бязменаў і купленых багнетаў падзе рыцарства, чысціня і высакароднасць. І застануцца Валуевы ды Ціт Цітычы.
   Але ён адагнаў гэтую думку.
   Яшчэ больш нагнаў на яго суму Чыўін. Як ехалі з Сухараўкі, раптам уздыхнуў і сказаў:
   — А паддзячага нашага, з бубнаўскай дзіркі, забілі.
   — Як? — ахнуў Алесь.
   — А вось так. Забілі ў «Воўчай даліне». І труп у раку кінулі. Пачаў, відаць, зноў пагражаць камусьці. Такія заўсёды так канчаюць… Гэ-эх, горад-горад. Зладзюга на зладзюзе. Нядаўна на Пакроўскім рынку два зладзеі свіную тушу ўкралі. Апранулі ў тулуп, шапку на галаву, заднія кумпякі — у валёнкі — і цягнуць «пад рукі», нібыта п'янага сябра дамоў вядуць. Сто разоў паўз іх абакрадзены прабег — так і не здагадаўся.
   — Весялейшага чагосьці няма, Дзяніс Авакумыч?
   — Ёсць. Учора благавешчанне было. А на благавешчанне, самі ведаеце, птушак адпускаюць: гілёў, сініц, аўсянак. А купляюць іх ля Яблычных радоў*. І вось ўчора, раным-рана, вяртаюцца з «Яра» купчыкі. П'яныя ўсе як гразь. Тут адзін успомніў: благавешчанне, птушак выпускаць трэба. Спыніліся — туды-сюды — няма яшчэ ніводнага гандляра, ніводнай клеткі. Што рабіць? А тут насустрач хлапчынка-балгарын з малпай. Халодна, дрыжаць абое. Раптам адзін з мамаеў — як заплача: «Што яна пакутаваць будзе? Давайце выпусцім на волю божае стварэнне. Падзякуе нам…» Купілі, адвязалі, засвісцелі ў тры пальцы. Малпа на дрэва, а купцы паехалі: «Хай сабе жыве на дрэвах».
   * Славутага рынку на Трубнай плошчы тады яшчэ не было.
   А тут ужо народ збіраецца. Убачылі. Рагатаць пачалі. Невядома, дзе тут і хто тут малпа. Хлопчык бегае, кліча, плача, а тая не даецца. Натоўп — сабраўся — ледзь яго паліцыя разагнала.
   — Вечна вы, Дзяніс Авакумыч, невыгоднае распавядаеце, — сказаў Мсціслаў.
   — Што ёсць, тое і распавядаю. Кандрат толькі галавою круціў, пасмейваючыся. Загорскі ўжо не здзіўляўся. Звыкнуў да ўсяго. Бачыў бруднае і смуроднае Зараддзе, у якім нельга было дыхаць і ў якім, аднак, жылі людзі, жылі ўсё жыццё. Самая перакатная галеча, беднасць, адчай, самае дно. Ні паветра, ні хлеба, ні вады: адзін басейн у Зарадскім завулку ды яшчэ студня ў Знаменскім манастыры, вада якога была такая салоная, што прыдатная была нават для засолкі агуркоў.
   Мясцовасць гэтую напалову засялілі яўрэі. Трыццаць пяць гадоў таму назад ім дазволілі часова пражываць у Маскве з той умовай, каб яны спыняліся там ад аднаго да трох месяцаў, у залежнасці ад таго, якой гільдыі гандляр, і з тым, каб ён меў права спыняцца толькі ў Зараддзі, на Глебаўскім падвор'і.
   Так стварылася маскоўскае гета, зменлівае, плыннае, з рэзнікамі і шмукачамі-гандлярамі абрэзкамі футры, з кушнярамі, што ўстаўлялі ў мяздру беларускага бабра сівыя валаскі янота і так рабілі «бабра камчацкага»; з жанчынамі, што перад пейсахам мыюць у рацэ посуд, з гаманкім натоўпам, з чорнымі постацямі, што моляцца на беразе Масквы супраць Праломных варот, з неверагодным, адкрытым для ўсіх жабрацтвам.
   А побач штурхалася другая палова: хлопчыкі з рэдкімі валасамі, рамізнікі, рамесніцкія вучні, шапавалы, галодныя павадыры мядзведзяў.
   Мядзведзі не хацелі дужацца і адразу цягнулі лапы за падачкай. Ва ўсіх іх былі падпілаваныя кіпці і зубы, а ў многіх выкалаты вочы.
   Сэрца падала, калі глядзіш на ўсё гэта. А народ, біты і драны, «благоденствовал с ним», з гасударам, як сто разоў на дзень афіцыйна сцвярджаў гімн.
   Мядзведзь цягнуў лапу за падачкай. На гук. Дзяржава марыла аб чарнаморскіх пралівах.

РАЗДЗЕЛ VІІ

   Прыйшла, урэшце, звестка. Андрэя Кагута павінны былі скора прывезці ў Маскву, каб, адразу пасля вялікадня, адправіць з этапам у Сібір. І Андрэя і яшчэ некалькіх катаржан павінны былі пасяліць у Бутырскай турме, аддаць у лапы сумна вядомаму Кірушку, набіць кайданы і адправіць праз Рагожскую заставу па Ўладзімірцы.
   Трэба было дзейнічаць неадкладна.
   Перш за ўсё Алесь накіраваўся на Смаленскую заставу і дамовіўся там з чатырма ямшчыцкімі тройкамі. Даў грошай і папрасіў, каб людзі чакалі на працягу тыдня пасля вялікадня і ўдзень і ўначы. Ён не збіраўся карыстацца гэтымі запрэжкамі. Ён ведаў: збеглага перш за ўсё кінуцца шукаць на тую заставу, адкуль вядзе дарога дамоў. І тут яны знойдуць падрыхтаваныя тройкі, зробяць засаду і стануць чакаць прыходу заказчыкаў, якія не прыйдуць, дадуць уцекачам магчымасць уцячы.
   Другіх коней Кірдун наняў на Першай Мяшчанскай, у ямской слабадзе ля Крэстоўскай заставы: так было менш падазрэнняў.
   Кандрат забяспечыў коней на другую падставу. Наняў для гэтага дзве славутыя лапцеўскія тройкі сцяпной пароды. Лапцеў, мужык Саратаўскай губерні, прыязджаў у Маскву гужавіком і ўсю зіму жыў у горадзе. Ягоныя тройкі, асноўная і завадная, ужо некалькі год пакідалі «за сцягам»* усе астатнія тройкі Масквы, нават славутую Каравулаўскую.
   * То бок міналі «слуп» (фініш), калі ўсе астатнія тройкі былі за трыццаць сажняў.
   Алесь сам бачыў апошнюю яго перамогу на лёдзе Масква-ракі, між Маскварэцкім і Вялікім Каменным мастамі.
   Крыкнуў: «Родные, не выдайте» — і ўсе астатнія засталіся далёка за спіною: глытаць снежны пыл.
   Лапцева адаслалі «на бойкі шлях» да Тройцы — Сергія. Але ніхто не збіраўся ехаць на Растоў, Пераяслаў ды Яраслаўль. Перасеўшы на «лапцеўскія» тройкі, уцекачы павінны былі павараціць налева і выбівацца на чыгунку, каб, праехаўшы некалькі супынкаў, прабіцца ў Беларусь з поўначы, а не з захаду. Сядаць на чыгунку ў Маскве было небяспечна.
   Пасля гэтага заняліся Бутыркамі. Чалавек, якога яны збіраліся ўкрасці, павінен быў мець сілы для ўцёкаў. Кірдун, Алесь і Чыўін паехалі на Бутырскую заставу, ціхую, за зарослым мінулагодняй травою Камер-Калежскім валам. Перш за ўсё намецілі зручную дарогу, якой будуць скакаць ад другой падставы праз сады Бутырскага хутара ў напрамку да Цвярскога гасцінца. Алесь ехаў і ўспамінаў, як у адным з будыначкаў хутара была ледзь не першая нарада аб паўстанні. У якім менавіта, ён забыў. Памятаў толькі, што каля става.
   Што было рабіць з катам? Андрэя не павінны былі везці на Балота. Яго чакала «кабыла» непасрэдна ў двары турмы. Але славутае «берегись, ожгу!» чакала і яго. І тут Чыўін прабалбатаўся, што Кірушку лёгка падкупіць. Тады ён, зрабіўшы першы ўдар, другія рабіў хутчэй па кабыле, чым па спіне.
   Раскольнік нічога не ведаў. Ён думаў, што Алесь і ягоныя спадарожнікі проста «цікавяцца» горадам. Але Кірдун усё запамінаў. Наступнага дня ён рызыкнуў, і яму ўдалося-такі даць кату ў лапу чацвяртны з абяцаннем даць двойчы столькі, калі катаржнік Андрэй Кагут будзе жывы і здаровы на другі ж дзень пасля пакарання, а не будзе ляжаць між жыццём і смерцю два тыдні, як усе астатнія.
   — І «ожгу» не крычы, — сказаў Кірдун. — За гэта атрымаеш яшчэ чацвяртную, сто будзе.
   — Як бы рука не сарвалася.
   — Сарвецца — не атрымаеш.
   — Ты яму хто?