Мориак Франсуа
Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Франсуа Марыяк
Клубок гадзюк
Раман
Пераклад: Леанiд Казыра
...Божа, ведай, што мы самi не можам жыць у згодзе
i ладзе, i не ведаем мы, чаго хочам, i iдзём усё далей
i далей ад сапраўдных жаданняў нашых.
Св. Тэрэза Авiльская
Вораг усiх сваiх блiзкiх, у душы - нянавiсць i сквапнасць, - ганебная натура! I тым не менш я хачу, каб вы паспагадалi гэтаму чалавеку, каб лёс яго хоць трошкi запаў вам у сэрца. Да самай смерцi ўбогiя iмкненнi i парывы засланялi ад яго святло... А яно ззяла так блiзка, што часам яркiя промнi даходзiлi i да гэтай iстоты i апякалi яе... Нiкчэмныя, убогiя iмкненнi...
Але перш за ўсё - людзi не такiя ўжо i мiласэрныя хрысцiяне. Ён стаў iх пакутнiкам i мучыцелем iх. Сярод нас вунь колькi строгiх суддзяў няшчаснага грэшнiка! А менавiта яны i адводзяць ад яго iсцiну, i нiколi ёй ужо не прабiцца праз iх натоўп!
Не, не грошай хацеў гэты скнара, не помсты прагнуў гэты вар'ят... Што ён любiў на самай справе, вы даведаецеся, калi ў вас хопiць сiлы i мужнасцi выслухаць яго споведзь разам з апошнiм прызнаннем, што перапыняецца смерцю...
Частка першая
I
Ты не паверыш сваiм вачам, калi адамкнеш мой сейф i знойдзеш там на стосе каштоўных папер гэтае пасланне! Можа, было б лепш даверыць гэтае пiсьмо натарыусу, i ён перадаў бы яго табе пасля маёй смерцi; або пакласцi ў шуфляду пiсьмовага стала, - дзецi, ведама, кiнуцца туды адразу, калi яшчэ мой труп не паспее i астыць. Але справа ў тым, што многа год пiсаў я ў думках i зноў перапiсваў гэты доўгi лiст, i шмат разоў бяссоннымi начамi мне ясна бачылася, як ляжыць гэты дакумент помсты i адплаты на палiчцы пустога сейфа. Дакумент, якi рыхтаваўся амаль паўстагоддзя... Супакойся. Зрэшты, ты ўжо супакоiлася: "Усе паперы там, на месцы". Я нiбы чую гэты твой радасны воклiч. Ты вярнулася з банка i, не адхiнуўшы нават жалобнага вэлюму, крычыш дзецям: "Усе паперы там, на месцы!"
А так мала не хапiла, каб iх там не аказалася: я ўжо збiраўся зрабiць усё, што трэба. Варта было мне толькi захацець, i ў вас цяпер нiчога не было б, акрамя дома i зямлi. На ваша шчасце, нянавiсць мая патухла: я перажыў яе, хоць доўгi час быў перакананы, што гэта i ёсць маё самае моцнае, самае жывучае пачуццё... Але, прынамсi, на сёння яно пакiнула мяне. I мне, старому, дабiтаму чалавеку, сёння цяжка нават сабе ўявiць таго вар'ята, якi цэлымi начамi не так абдумваў сваю помсту (гэтая бомба замаруджанага дзеяння была ўжо даўно зроблена з такой руплiвасцю, што я ганарыўся ёю), як шукаў спосабаў пацешыцца ёю. Я хацеў тады дажыць да таго моманту, калi ты вернешся з банка i адамкнеш пусты сейф. Як бы ў вас усiх выцягнулiся твары! Трэба было толькi выдаць табе даверанасць на права адчынiць сейф не надта рана i не надта позна, каб пацешыць сябе апошняй радасцю i пачуць вашы безнадзейныя галасы: "Дзе каштоўныя паперы? Дзе паперы?.." I мне здавалася тады, што нават самая пакутлiвая агонiя не сапсавала б майго радаснага настрою. А я быў здольны на такое. Аднак хто i калi давёў мяне да гэтага? Не быў жа я вылюдкам, пачварай.
Ужо чатыры гадзiны, а паднос, што стаiць на маiм стале ад самага снедання, яшчэ не прынялi. Па брудных талерках поўзаюць мухi. Я званiў. Дарэмна. У вёсцы званкi заўсёды сапсаваныя. I я цярплiва чакаю ў тым самым пакоi, дзе спаў яшчэ хлопчыкам i дзе хутка, вiдаць, i памру. А ў дзень маёй смерцi дачка мая Жэнеўева перш-наперш захоча адваяваць гэты пакой сваiм дзецям. Я адзiн займаю самы вялiкi i самы лепшы пакой. Але ўспомнiце i паглядзiце праўдзе ў вочы: я хацеў аддаць гэты пакой Жэнеўеве, i так бы i зрабiў, калi б не доктар Лаказ. Гэта ён тады даводзiў, што маiм бронхам вельмi шкодзiць сырасць, i таму мне нельга жыць на нiжнiм паверсе. I тым не менш я перайшоў бы туды, хоць i з горкай затоенай крыўдай... А калi ўсё ж мне не далi гэтага зрабiць, я шчыра парадаваўся. (Колькi я сябе памятаю, я заўсёды рабiў нейкiя ахвяры. Адны ўспамiны пра iх атручвалi мне жыццё, пакiдаючы ў душы зярняты злосцi i крыўды, якiя з часам давалi свае буйныя ўсходы.)
Схiльнасць да сваркi - гэта наша сямейная спадчына. Не раз чуў я ад мацi, што i ў майго бацькi на доўгi час былi разладзiлiся адносiны з яго бацькамi, а тыя за трыццаць гадоў так i не змаглi памiрыцца з дачкою, якую выгналi з дому, i так i сканалi, не пабачыўшы яе (ад яе пайшлi мае дваюрадныя браты ў Марселi, з якiмi мы нiколi не былi знаёмыя). Малодшыя пакаленнi звычайна нiчога не ведалi пра прычыны сямейных канфлiктаў, але, поўнасцю давяраючы старэйшым, убiралi ў сябе нянавiсць продкаў; я i сёння, бадай, калi б сустрэў на вулiцы сваiх марсельскiх кузенаў, адвярнуўся б ад iх. Можна не бачыцца з далёкiмi сваякамi, але куды дзецца ад жонкi, ад дзяцей?
Вядома, ёсць i дружныя, згуртаваныя сем'i, але, як падумаеш, колькi ў нас шлюбаў, дзе муж i жонка даўно абрыдзелi адно аднаму i даводзяць адно аднаго да адчаю, хоць i ядуць за адным сталом, мыюцца з аднаго ўмывальнiка, спяць пад адной коўдрай, то можна толькi падзiвiцца, што ў нас так мала разводаў!.. Ненавiдзяць, точаць зубы адно на аднаго, а ратавацца, уцякаць - не адважваюцца; так i жывуць пад адным дахам...
Чаму мне так хочацца пiсаць сёння - у дзень майго нараджэння? Мне пайшоў шэсцьдзесят восьмы год, але ведаю пра гэта толькi я адзiн. Жэнеўева, Хюбэр, iх дзецi кожны раз у дзень нараджэння маюць пiрог са свечкамi, кветкi... Табе я ўжо даўно нiчога не дарыў, але не таму, што забываюся пра дзень твайго нараджэння... Гэта мая помста... Ды хопiць пра гэта... Апошнi раз я атрымаў падарунак ад маёй беднай мамы. Старэнькая, нядужая, з хворым сэрцам, яна тады ледзь дайшла да кветнiка i сваiмi аслабелымi рукамi зрэзала некалькi ружаў...
Ага, дык на чым жа гэта я спынiўся? А, - ты, вядома, нiяк не можаш даўмецца, чаму мне так закарцела пiсаць. Так, так, - iменна закарцела. Можа, табе падкажа што-небудзь мой почырк, гэтыя лiтары, што пахiлiлiся ў адзiн бок, нiбы сосны ад заходняга ветру. Помнiш, у пачатку пiсьма я гаварыў, што доўга абдумваў сваю помсту, - i вось я адмаўляюся ад яе. Але ёсць у цябе нешта, над чым я ўсё ж такi атрымаў перамогу: гэта тваё маўчанне. О! Зразумей мяне правiльна: па слова ты ў кiшэню не лезеш. Ты можаш гадзiнамi гаварыць з Казо пра гарод цi курэй. Ты можаш цэлымi днямi весела шчабятаць i сюсюкаць з дзецьмi, нават з немаўлятамi. Але са мной!.. Ах, гэтае панурае маўчанне за сямейным сталом! Як яно мяне прыгнятала! Стомлены, разбiты, уставаў я з-за стала i заставаўся сам-насам з сваiмi клопатамi i нягодамi. Падзялiцца iмi мне не было з кiм: вакол панавала маўчанне... Асаблiва невыносна стала мне дома пасля справы Вiльнаў, калi я адразу праславiўся i стаў "вядомым адвакатам-крымiналiстам", як пiсалi газеты. Чым больш хацеў я паверыць у сваю значнасць, тым больш ты старалася паказаць мне, што я нiкчэмнасць... Ды не пра гэта гаворка, i не за гэта хачу я табе адпомсцiць, а за тваё ўпартае маўчанне, калi справа датычылася нашага сямейнага жыцця, нашага глыбокага разладу. Колькi разоў, паглядзеўшы п'есу ў тэатры цi прачытаўшы новы раман, я зноў i зноў ставiў сабе адно i тое пытанне: няўжо i ў жыццi ёсць палюбоўнiцы або жонкi, якiя могуць закацiць сцэну, гаварыць праўду ў вочы i знаходзiць сабе ў гэтым палёгку?..
Больш як сорак гадоў адпакутавалi мы з табою разам, i за ўвесь гэты час ты нiколi не вымавiла нiводнага слова, якое закранала б штосьцi iстотнае, глыбокае ў нашым сумесным жыццi. Кожны раз табе ўдавалася ўхiлiцца i прамаўчаць...
Доўгi час я думаў, што гэта свядома выпрацаваная табой сiстэма паводзiн, i ўсё нiяк не мог уцямiць, навошта яна табе спатрэбiлася. Але аднойчы я нарэшце зразумеў, што маё жыццё цябе проста не цiкавiць. Я апынуўся далёка за колам тваiх iнтарэсаў, заняткаў, клопатаў i стаў табе чужы. Ты пачала пазбягаць мяне, i не таму, што чагосьцi баялася, а таму, што табе было сумна са мной. Ты добра адчувала, адкуль дзьме вецер, i наперад ведала пра кожную маю спробу зблiзiцца з табой. А калi ўсё ж я заставаў цябе знянацку, ты знаходзiла якiя-небудзь лёгкiя адгаворкi, цалавала мяне ў шчаку i хуценька знiкала...
Цi варта мне баяцца, што ты парвеш гэтае пiсьмо, як толькi прачытаеш першыя радкi? Хутчэй за ўсё - не. Вось ужо некалькi месяцаў, як я здзiўляю, iнтрыгую цябе. Хоць ты амаль i не глядзiш у мой бок, ты не магла не заўважыць некаторых перамен у маiм настроi. I на гэты раз я ўпэўнены, што ты ад мяне нiкуды не ўцячэш. Я хачу, каб ты, твая дачка, твой сын, твой зяць, твае ўнукi даведалiся нарэшце, якi быў гэты чалавек, што быў вам мужам, бацькам, цесцем, дзедам... Гэты пажылы стомлены адвакат, якога трэба было берагчы i апякаць, бо кашалёк быў у яго руках... Гэты чалавек, якi адзiнока пакутаваў на другой планеце. На якой планеце? Табе нiколi i ў галаву не прыйшло зазiрнуць туды. Супакойся: гэта не надмагiльнае слова ў гонар маёй асобы i не абвiнаваўчая прамова супраць вас. Галоўнай якасцю маёй натуры, якая да глыбiнi душы ўразiла б любую жанчыну (акрамя цябе, безумоўна), з'яўляецца мая жорсткая, бязлiтасная яснасць думкi i слова.
Ашукваць самога сябе, што дапамагае жыць большасцi людзей, я так за ўвесь свой век i не навучыўся. А калi мне здаралася рабiць нейкае паскудства, то я першы разумеў сутнасць свайго ўчынку.
Быў вымушаны зрабiць перапынак - чакаў, пакуль прынясуць лямпу i зачыняць аканiцы. Доўга глядзеў у акно i любаваўся прыгожымi танамi чарапiцы на страсе вiннага склада, - адны яркiя, нiбы кветкi, а другiя пералiваюцца, як галубiная шыйка. Дзесьцi ў шатах пiрамiдальнай таполi спяваў дрозд. Яго прыемную бесклапотную песню перабiў грукат пустой бочкi, якую кацiлi па двары. Мне, вiдаць, пашанцавала, што я магу чакаць сваёй смерцi ў гэтым дарагiм майму сэрцу куточку, дзе ўсё засталося такiм, як i ў маленстве. (Праўда, скрып кола водачарпалкi, якое некалi круцiла аслiца, цяпер змянiўся аднастайным тахканнем маторчыка. Ды яшчэ не дае жыцця гэты паштовы самалёт, што кожны надвячорак пралятае над домам i адно брудзiць нябесны блакiт.) Не кожнаму дадзена штодня бачыць проста перад сабой, у рэальным жыццi, той свет свайго мiнулага, якi да большасцi з нас прыходзiць толькi тады, калi ў нас хапае мужнасцi, часу, цярпення аддацца далёкiм успамiнам. Я прыкладаю руку да грудзей i прыслухоўваюся да частых няроўных удараў сэрца. Гляджу на шафу з люстэркам: там у куточку - шпрыц, ампулы амiлнiтрыту, таблеткi, словам, усё, што трэба, калi пачнецца прыступ. Толькi вось цi пачуюць мяне, калi спатрэбiцца дапамога. Усе супакойваюць мяне i гавораць, што ў мяне толькi нешта падобнае на грудную жабу. А я лiчу, што робiцца гэта хутчэй дзеля таго, каб самiм спаць спакайней. Асцярожна раблю ўдых. Адчуванне непрыемнае - нiбы нехта паклаў мне на левае плячо руку i сцiскае яго, нiбы хоча сказаць: "Я тут, не забывайся". Што ж, мушу прызнаць: смерць ставiцца да мяне, бадай, прыхiльна i не робiць сакрэту, што хутка паклiча мяне за сабой. Вось ужо шмат гадоў яна ходзiць зусiм побач. Я чую яе крокi, адчуваю яе дыханне. Яна цярплiва чакае. Праўда, i я сам з ёю памяркоўны i паслухмяна раблю ўсё, чаго яна вымагае. Як i належыць хвораму старому, я дажываю свой век у халаце, сяджу ў мяккiм глыбокiм крэсле з падушкамi, дзе калiсьцi чакала свайго смяротнага часу i мая мама. Як i тады, увесь столiк застаўлены лякарствамi. Я кепска паголены. Ад мяне дрэнна пахне. Я стаў рабом нейкiх дзiвацкiх прывычак. Але не глядзiце на гэта: калi прыступ праходзiць, я зноў ажываю i магу пастаяць за сябе. Я зноў бываю ў майго паверанага Буру, якi ўжо быў гатоў спiсаць мяне з гэтай грэшнай зямлi. У мяне хапае сiлы цэлымi гадзiнамi стрыгчы купоны ў падвалах банка.
Мне трэба яшчэ пажыць, каб скончыць гэтую споведзь, каб прымусiць цябе хоць раз выслухаць мяне. Так ужо здарылася, што нам з табою не хапiла на гэта жыцця, бо нават тады, калi я спаў з табой у адной пасцелi i спрабаваў штосьцi сказаць, я заўсёды чуў адно i тое: "Ах, як я стамiлася! Страшэнна хочацца спаць! Я ўжо засынаю, засынаю..." Мае пяшчоты, ласкi ты яшчэ прымала, а вось мае словы... Хоць няшчасце наша парадзiлi менавiта размовы - тыя бясконцыя гутаркi, якiя мы так любiлi пасля вяселля. Мы былi тады такiя маладыя: мне толькi што споўнiлася дваццаць тры, табе - васемнаццаць, i, вiдаць, уцехi плоцi прыносiлi нам менш радасцi, чым нашы адкрытыя шчырыя прызнаннi. Як гэта i бывае ў юнацтве, мы тады паклялiся гаварыць толькi праўду i нiчога не ўтойваць. Мне па сутнасцi не было ў чым спавядацца, i даводзiлася нават упрыгожваць свае нявiнныя юнацкiя авантуры. Я не сумняваўся, што i ў цябе такое ж небагатае мiнулае, i не мог нават уявiць сабе, што да знаёмства са мной ты вымаўляла iмя якога-небудзь другога юнака. Так лiчыў я да таго вечара, калi...
Было гэта ў тым самым пакоi, дзе пiшуцца гэтыя радкi. Шпалеры з таго часу змянiлiся, а мэбля з чырвонага дрэва так i стаiць, як тады. На тым самым месцы графiн з апалавага шкла, чайны сервiз, што выйгралi па латарэi... Свяцiў месяц. Цёплы паўднёвы вецер даносiў да нашага ложка пах гару.
Многа разоў гаварыла ты мне пра нейкага Рудольфа, i чамусьцi заўсёды ноччу, у спальнi, нiбы яго прывiд абавязкова з'яўляўся памiж намi ў самыя iнтымныя нашы хвiлiны... Ты i ў той вечар назвала гэтае iмя - Рудольф, помнiш? Але гэтага табе ўжо было мала:
- Дарагi, мне варта было сказаць табе сёе-тое яшчэ перад вяселлем. Павер, мяне сумленне мучыць, што я тады не прызналася... О, нiчога асаблiвага, супакойся!..
Мяне гэта не збянтэжыла, i я не спрабаваў нават што-небудзь выпытваць у цябе. Але ты сама так шчодра дзялiлася сваiмi сакрэтамi, што мне спачатку стала няёмка. I зрабiла ты гэта не таму, што цябе сапраўды мучыла сумленне, не таму, што ў табе загаварыла пачуццё шчырасцi i далiкатнасцi, хоць ты мяне i пераконвала ў гэтым... Ты проста не магла больш маўчаць, бо знаходзiла асалоду ў гэтых успамiнах. Можа, ты i адчувала небяспеку, што навiсла ў той вечар над нашым шчасцем, але зрабiць з сабой ужо нiчога не магла. Не ад твайго жадання, не ад тваёй волi залежала, каб прывiд гэтага Рудольфа не лунаў над нашай пасцеллю...
Не падумай толькi, што ля вытокаў нашай бяды стаяла рэўнасць. У тую летнюю ноч 1885 года, калi ты прызналася, што гэты незнаёмы мне юнак быў мiнулым летам тваiм жанiхом, я зусiм не раўнаваў цябе. I толькi намнога пазней прыйшло да мяне гэтая шалёнае пачуццё.
Неверагодна! Толькi праз сорак пяць год атрымаў я магчымасць пагаварыць з табой пра гэта. Толькi цi захочаш ты чытаць далей гэтае пiсьмо? Цябе ж гэта амаль зусiм не цiкавiць. Усё, што звязана са мною, наводзiць на цябе нуду i смутак. Ты ўся растварылася ў дзецях: яны не давалi табе бачыць i чуць мяне. А калi з'явiлiся ўнукi!.. Што ж, тым горш для мяне! Але я вось вырашыў апошнi раз паспытаць шчасця. Магчыма, мёртвы я буду табе цiкавейшы, чым жывы. Можа, пасля смерцi я хоць на некалькi тыдняў займу нейкае месца ў тваiм жыццi, i ты па клiчу апошняга доўгу дачытаеш гэтыя старонкi да канца. Я так хачу ў гэта верыць. I я веру.
II
Сапраўды, я не раўнаваў цябе ў тую ноч, калi ты так шчыра спавядалася. Але як жа табе растлумачыць, што разбурыла гэтая споведзь? Я быў у мацi адзiным сынам. Яна рана аўдавела i адна гадавала мяне. Ты ведала яе цi, правiльней, бачыла, жывучы пад адным дахам столькi гадоў. Нават калi ты i захочаш, то наўрад цi зразумееш тую душэўную блiзкасць, што яднала дзве адзiнокiя iстоты мацi i сына; бо ты вырасла зусiм у iншай сям'i - вялiкай, моцнай, багатай буржуазнай сям'i, дзе панавалi свае правiлы i парадкi. I нiколi ты не зразумееш, з якой пяшчотнай руплiвасцю гадавала сына - сваю адзiную ўцеху на свеце, удава сцiплага чыноўнiка. Мае школьныя поспехi напаўнялi яе гонарам. Я таксама любiў добрыя адзнакi, i iншай радасцi, бадай, не ведаў. У тую пару я не сумняваўся, што жывём мы вельмi бедна. У гэтым мяне пераконвалi i наш сцiплы побыт, i гаспадарчая ашчаднасць, i асаблiва строгая эканомiя, якая была для мамы непарушным законам. Я, вядома, меў усё, што хацеў, i нiякай нястачы не адчуваў. Але толькi потым я зразумеў, як няньчыла i песцiла мяне мацi. У Астэйне ў нас была ферма, адкуль па таннай цане нам прывозiлi прадукты. Як бы я здзiвiўся, калi б у дзяцiнстве мне хто сказаў, што ў нас на стале далiкатэсы: адкормленыя кураняты, зайцы, паштэты з бакасаў, - усё гэта мне не здавалася раскошай. Я часта чуў ад старэйшых, што наша ферма нiкуды не вартая. I сапраўды, калi яна перайшла ў спадчыну да мацi, там былi закiнутыя аблогi, дзе калiсьцi яшчэ мой дзед хлопчыкам пасвiў кароў. Але адкуль мне было ведаць, што бацькi перш-наперш паклапацiлiся пра тое, каб аддаць землi пад лясныя пасадкi, i калi мне споўнiўся дваццаць адзiн год, я стаў уладальнiкам дзвюх тысяч гектараў маладога гоннага лесу, дзе ўжо нарыхтоўвалi i вывозiлi ўмацавальныя слупы для шахтаў. З гэтых сцiплых даходаў мацi памалу ўжо адкладвала грошы. Яшчэ пры бацьку "за апошнiя франкi" мы купiлi маёнтак Калез (аддалi тады сорак тысяч, а цяпер гэтыя вiнаграднiкi я i за мiльён не прадам). Мы жылi на вулiцы Сэнт-Катрын у чатырохпавярховым доме, якi бацька атрымаў у спадчыну перад сваiм вяселлем. Два разы на тыдзень з вёскi прывозiлi кашолку з правiянтам: мацi старалася як мага менш "абiваць парог" мясной крамы.
А я клаўся спаць i ўставаў з адной толькi думкай: паступiць у Эколь Нармаль*. У чацвер i нядзелю** мяне амаль немагчыма было выгнаць на двор, ("каб хоць праветрыўся"). Я не з тых дзяцей, якiя хваляцца, што сталi выдатнiкамi без нiякiх намаганняў. Я быў зубрылам i ганарыўся гэтым: "Зубрыла! А што тут такога?!" Не скажу, што ў лiцэi я з вялiкiм задавальненнем вывучаў Вергiлiя цi Расiна. Але што зробiш: задалi - значыць, чытай, зубры i нiчога не думай. Праграма ёсць праграма. Са скарбнiцы чалавечага генiя я вылучаў толькi тыя шэдэўры, што былi пазначаны ў праграме. Толькi яны мелi для мяне значэнне. I я пiсаў пра iх у сваiх сачыненнях тое, што трэба было пiсаць, каб дагадзiць выкладчыкам, - гэта значыць тое, што сотнi разоў гаварылася i пiсалася цэлымi пакаленнямi абiтурыентаў, якiя паступалi ў Эколь Нармаль. Вось такiм я быў iдыётам, i, магчыма, iм бы i застаўся на ўсё жыццё, калi б за два месяцы да ўступных экзаменаў не пачаў харкаць кроўю. Хвароба страшэнна напалохала мацi, i я быў вымушаны ўсё кiнуць.
* Вышэйшая навучальная ўстанова ў Парыжы.
**У французскiх школах чацвер i нядзеля - вольныя ад заняткаў днi.
Гэта была расплата за празмернае зубрэнне ў дзяцiнстве i юнацтве. Калi хлопчык расце, развiваецца, нельга яму ад ранiцы да ночы сядзець за пiсьмовым сталом, згорбiўшыся над кнiгамi i сшыткамi. Трэба даваць яму хоць якую фiзiчную нагрузку.
Табе сумна? Як я гэтага баюся, але прашу цябе: не прапускай нiводнага радка. Павер, я гавару толькi пра самае неабходнае: уся трагедыя нашага сумеснага жыцця пачынаецца з гэтых маленькiх непрыкметных падзей, - ты пра iх не ведала альбо забылася.
Урэшце ты бачыш з гэтых першых старонак, што я не збiраюся шкадаваць i сябе. Ты тут знойдзеш нямала звестак, ад якiх твая нянавiсць толькi парадуецца. Ну, не трэба, не пярэч мне.., бо ты, калi i ўспамiнаеш пра мяне, то толькi з варожасцю.
Магчыма, я залiшне рэзкi i не зусiм справядлiвы да таго кволага падлетка, што ўпарта ўчытваўся ў тоўстыя даведнiкi i слоўнiкi. Калi я гартаю ўспамiны дзяцiнства другiх людзей i бачу, якi светлы рай паўстае перад iх вачыма, я з нудою пытаю ў сябе: "А я? Чаму гэтая пустыня адабрала ў мяне нават дзяцiнства? Можа, я нешта забыўся, а другiя берагуць гэта ў памяцi? Можа, i ў маiм маленстве былi такiя ж радасныя часiны?.." Дзе там... У памяцi толькi бясконцае зубрэнне, упартая барацьба за адзнакi, жорсткае сапернiцтва з Энохам i Радрыгам - маiмi аднакласнiкамi. Сяброў у мяне не было, бо я па прыродзе сваёй не прымаў нiякай дружбы. Поспехi ў вучобе, мая незалежнасць i нават высакамернасць прыцягвалi да мяне некаторых школьнiкаў, але я жорстка адштурхоўваў кожнага, хто лез да мяне са сваёй дружбай. Я цярпець не мог нiякiх "сантыментаў". I калi б нават лёс зрабiў мяне пiсьменнiкам, я ўсё роўна не знайшоў бы ў сваiх дзiцячых успамiнах нiводнай пяшчотнай старонкi. Пачакай... усё ж нейкi водблiск святла прабiваецца... Бацька... Я амаль не памятаў яго i часта пераконваў сябе, што ён не памёр, не, а толькi на нейкi час знiк i хутка вернецца... Пасля заняткаў у лiцэi я бягом iмчаўся дамоў, абмiнаючы экiпажы. На тратуарах заўсёды было многа прахожых, i я бег проста па вулiцы. Стрымгалоў узлятаў я па лесвiцы. Мама сядзела ля акна i цыравала бялiзну. Бацькава фатаграфiя вiсела на сваiм месцы - справа ад ложка. Я дазваляў маме пацалаваць сябе, штосьцi мармытаў у адказ на яе пытаннi i садзiўся за ўрокi.
Як толькi выявiлася мая хвароба, што так крута перавярнула ўсе мае планы, мама адразу перавезла мяне ў Аркашон, дзе на беразе залiва ў маленькай вясковай хатцы я правёў доўгiя месяцы. Што i казаць, настрой у мяне быў самы панылы: падарванае здароўе пад корань падрэзала ўсе мае надзеi на ўнiверсiтэцкую кар'еру. Бедная мама, я злаваўся на яе, бо яна не заўважала маёй трагедыi i, як мне тады здавалася, увогуле не дбала пра маю будучыню. Яна тым i жыла, што з нецярплiвасцю чакала, што пакажа тэрмометр. Раз на тыдзень мяне важылi, i ад маёй вагi цалкам залежалi яе радасць i гора. Шмат гадоў пазней мне давялося спазнаць, як горка i крыўдна ляжаць хвораму, калi нiхто да цябе не падыходзiць i нiхто не цiкавiцца тваiм станам. О, тады я зразумеў: лёс справядлiва карае мяне за маю жорсткасць да мамы, якая так любiла мяне.
Прыйшла вясна, а з ёю i мая папраўка. Я ажыў. Пашырэў у плячах, пасталеў. У гэтай сухой лясiстай мясцовасцi, пакрытай травой i жаўтазелем (у тую пару Аркашон быў яшчэ вёсачкай), мой разбiты ад нездаровага жыцця арганiзм атрымаў усё неабходнае.
I якраз у тыя веснавыя днi мама сказала мне, што яна зусiм не баiцца за маю будучыню, бо мы маем немалыя зберажэннi, якiя з кожным годам большаюць. Нiчога яшчэ не страчана, спяшацца няма куды, тым больш што ад службы ў войску мяне хутчэй за ўсё вызваляць. Я ўмеў прыгожа i ясна выказваць свае думкi, i гэты прыродны дар слова здзiўляў усiх маiх настаўнiкаў. Мама лiчыла, што мне лепш за ўсё будзе паступiць на юрыдычны факультэт. А потым без асаблiвых цяжкасцей я змагу стаць вядомым адвакатам або заняцца палiтычнай дзейнасцю... Мама захапiлася i гаварыла, гаварыла, адразу адкрываючы ўсе свае задумы, а я маўчаў i незадаволена слухаў, разгублена гледзячы ў акно.
Мяне пачыналi ўжо цiкавiць дзяўчаты. Мама назiрала за мной з баязлiвай паблажлiвасцю. Пазней, калi мне давялося жыць разам з тваiмi роднымi, я пабачыў, колькi клопату прыносiць такi перыяд у жыццi маладых для рэлiгiйнай сям'i. А мая мацi бачыла ў гэтым толькi адну небяспеку: каб гэта не пашкодзiла майму здароўю. Пераканаўшыся, што я не злоўжываю заляцаннямi, яна скрозь пальцы глядзела на мае вячэрнiя адлучкi i патрабавала толькi, каб апоўначы я быў дома. Не, не бойся, я не буду табе расказваць пра свае юнацкiя прыгоды. Я ведаю, што такiя рэчы наводзяць на цябе жах. Урэшце, i прыгод асаблiвых у мяне не было.
Але каштавалi яны мне даволi дорага, i я пакутаваў ад гэтага. Мне было крыўдна, што я непрыгожы, што нiчым не магу звярнуць на сябе ўвагу i што нават маладосць мне не дапамагае. Хоць, здаецца мне, не такi я ўжо быў i нецiкавы. У мяне, як кажуць, правiльныя рысы твару. Жэнеўева - мой партрэт - была вельмi прыгожай дзяўчынай. Але я быў з той пароды людзей, пра якiх гавораць, што ў iх няма маладосцi. Каму прыемна бачыць панурага маладога чалавека, пазбаўленага юнацкай свежасцi. Ад аднаго майго змрочнага выгляду ў людзей адымаўся язык. I чым больш я ўсведамляў гэта, тым больш рабiўся злосным, хмурным i адзiнокiм. Я нiколi не ўмеў добра апрануцца, выбраць гальштук, завязаць яго. Нiколi не ўмеў я поўнасцю бесклапотна аддацца ўцехам, пасмяяцца, падурэць. Нельга нават уявiць, каб хто-небудзь запрасiў мяне на сяброўскую вечарынку: такi госць, як я, з самага пачатку сапсаваў бы ўсю справу. Да таго ж я быў вельмi крыўдлiвы i не мог прапусцiць мiма вушэй нiводнай насмешкi. Затое, калi мне даводзiлася самому жартаваць, адпускаў такiя кпiны, якiх звычайна нiхто дараваць не мог. Я нетактоўна, груба кпiў з якой-небудзь смешнай рысы чалавека, з яго фiзiчнага недахопу, пра якiя варта было б памаўчаць. Жанчын я саромеўся, хоць i трымаўся з iмi ганарыста i незалежна. Размаўляючы з дамамi, я заўсёды надаваў свайму голасу высакамерны, павучальны тон, а гэта, як вядома, нiчога, акрамя агiды, у iх выклiкаць не магло. Я нiчога не разумеў у жаночых уборах. Я адчуваў, што не маю поспеху ў жанчын, i "на злосць iм" яшчэ больш падкрэслiваў у сабе тыя рысы, якiя i так палохалi iх. Словам, кожны дзень маёй маладосцi быў крокам да самагубства. Я наўмысна спяшаўся быць непрыемным i нiкому не падабацца, баючыся, што гэта выйдзе i без маiх намаганняў, само па сабе.
Не ведаю, справядлiва гэта цi не, але ва ўсiм я вiнавацiў сваю маму. Мне здавалася, што я расплачваюся за тое, што ў маленстве мацi, на маё няшчасце, залiшне мяне песцiла, галубiла, апякала. I ў маладосцi я абыходзiўся з мацi надзвычай жорстка i груба. Я папракаў яе за празмерную мацярынскую любоў. Я не мог ёй дараваць i гэтага вялiкага мацярынскага пачуцця, якога больш нiхто на свеце не мог мне даць. Даруй, што зноў гавару пра гэта. Думкi i ўспамiны пра мацi даюць мне сiлы пераносiць тую адзiноту, на якую ты мяне асудзiла. Можа, гэта i справядлiвая расплата. Бедная мама, даўно ўжо ты адышла на вечны спакой... Памяць пра цябе жыве толькi ў сэрцы гэтага нядужага старога, - а як бы ты пакутавала, калi б даведалася, што лёс адпомсцiць мне за цябе!..
Так, я быў жорсткi да мацi. Памятаю, як сумна было ў нашай хатцы ў Аркашоне. У час абеду я ледзь выцiскаў з сябе два-тры словы ў адказ на яе нясмелыя пытаннi. А бывала, нi з чога нi з якага мог раззлавацца i нагрубiць...
Яна не спрабавала мяне зразумець, разабрацца ў прычынах майго гневу. Для яе гэта быў божы гнеў. "Гэта ад хваробы, - гаварыла яна, - табе трэба палячыцца, супакоiць нервы..." I дадавала, што ёй, жанчыне цёмнай i малаадукаванай, не зразумець мяне: "Канешне, якая я табе кампанiя? Маладому чалавеку не вельмi весела са старымi..." I яна, такая эканомная, калi не сказаць, скупаватая, давала мне грошай больш, чым я прасiў, сама штурхала мяне да марнатраўства, прывозiла мне з Бардо нехлямяжыя гальштукi, якiх я нiколi не насiў.
Мы пасябравалi з суседзямi. У iх была дачка, да якой я пачаў заляцацца, хоць яна мне не падабалася. Дактары параiлi гэтай дзяўчыне лячыцца кожную зiму ў Аркашоне. Мама не знаходзiла сабе месца ад страху, што я магу чым-небудзь заразiцца цi скампраметую суседку i буду вымушаны ажанiцца. Сёння я ўпэўнены, што займаўся гэтым малапаспяховым заляцаннем толькi дзеля таго, каб зрабiць непрыемнасць мацi.