Страница:
- Не будзем адкладваць на пасля, таварышы! - закрычаў Напалеон, вывучыўшы сляды. - Нас чакае шмат працы. Сёння ранiцай мы пачнём адбудоўваць вятрак i будзем будаваць яго ўсю зiму, i ў дождж, i ў сцюжу. Хай гэты няшчасны здраднiк ведае, што яму не ўдасца так проста закрэслiць нашую працу. Памятайце, таварышы, у нашых планах не павiнна быць нiякiх змен, усё мусiць быць выканана дзень у дзень. Наперад, таварышы! Няхай жыве вятрак! Няхай жыве Ферма Жывёлаў!
VII
Зiма была суровая. За шалёнымi вятрамi прыйшлi дажджы i снегапады, а пасля насталi жорсткiя маразы, якiя пачалi слабнуць толькi ў лютым. Жывёлы што ставала сiлы працягвалi адбудоўваць вятрак, добра ведаючы, што знешнi свет уважлiва сочыць за iмi i што зайздросныя чалавечыя iстоты будуць радавацца i святкаваць перамогу, калi вятрак не будзе пабудаваны ў пару.
На бяду жывёлам, чалавечыя iстоты ўдавалi, быццам не вераць, што вятрак разбурыў Сняжок: яны казалi, што ён развалiўся таму, што сцены былi занадта тонкiя. Жывёлы ведалi, што гэта няпраўда. I ўсё ж было вырашана рабiць сцены ўдвая таўсцейшыя, чым дагэтуль, што патрабавала значна большае колькасцi камення. Доўгi час кар'ер быў занесены снегам, i нiчога нельга было рабiць. Праца крыху прасунулася наперад у сухiя марозныя днi, але гэта было цяжкае выпрабаванне, i энтузiязму ў жывёлаў прыкметна паменшала. Iм увесь час было халодна, а часам i галодна. Толькi Баксёр i Канюшынка нiколi не падалi духам. Вiскун выступаў з блiскучымi прамовамi аб радасцi служэння ферме i высокай годнасцi працы, але астатнiя жывёлы значна болей натхнялiся з Баксёравай сiлы i яго нястомнага воклiчу "Я буду працаваць яшчэ старанней!".
У студзенi пачало не ставаць ежы. Норма збожжа была рэзка зменшана, i было паведамлена, што ўзамен будзе выдзяляцца дадатковая норма бульбы. Тады выявiлася, што большая частка ўраджаю бульбы памерзла ў капцах, якiя не былi як след накрытыя. Бульба зрабiлася мяккая i бясколерная, i толькi нязначная яе частка была прыдатная да ежы. Часам цэлымi днямi жывёлы нiчога не елi, апроч мякiны i буракоў. Галодная смерць, здавалася, ужо заглядала iм у твары.
Было жыццёва неабходна схаваць гэты факт ад знешняга свету. Падахвочаныя разбурэннем ветрака, чалавечыя iстоты выдумлялi новую хлусню пра Ферму Жывёлаў. Зноў пайшлi чуткi, што ўсе на ферме памiраюць з голаду i хваробаў, што яны няспынна варагуюць памiж сабою i дайшлi нават да канiбалiзму i дзетазабойства. Напалеон добра ўсведамляў, якiя былi б вынiкi, калi б за агароджаю фермы даведалiся пра сапраўднае становiшча з ежай, i ён вырашыў скарыстаць мiстэра Ўiмпэра, каб пашырыць звесткi адваротнага зместу. З гэтага часу жывёлы не павiнны былi мець нiякiх кантактаў з Уiмпэрам пад час ягоных штотыднёвых вiзiтаў, тым часам некалькi адмыслова вылучаных жывёлiн, у большасцi авечак, падвучылi казаць, нiбы мiмаходзь, у ягонай прысутнасцi, што нормы былi павышаныя. Да таго ж Напалеон загадаў напоўнiць амаль пустыя засекi ў свiрне да краёў пяском, а зверху прысыпаць рэшткамi збожжа i мукi. Прыдумаўшы нейкую патрэбу, Уiмпэра завялi ў свiран i дазволiлi яму зазiрнуць у засекi. Гэтак яго ўвялi ў зман, i ён надалей паведамляў знешняму свету, што Ферма Жывёлаў не мае нястачы ў харчах.
I, аднак, пад канец студзеня сталася вiдавочным, што трэба будзе аднекуль браць збожжа. Гэтымi днямi Напалеон рэдка паказваўся публiчна i ўвесь час праводзiў у сядзiбе, усе дзверы ў якой ахоўвалiся страхотнымi сабакамi. Калi ж ён i выходзiў на свет, дык вельмi ўрачыста, у атачэннi шасцi сабакаў, якiя шчыльна абступалi яго i вурчалi, калi нехта падыходзiў. Часта ён не паказваўся нават нядзельнымi ранiцамi, а пераказваў свае загады праз iншых свiнняў, звычайна праз Вiскуна.
Аднойчы нядзельнай ранiцай Вiскун абвясцiў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкi. Напалеон заключыў праз Уiмпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа i мукi, каб пражыць да лета, калi жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.
Калi куры пачулi гэта, яны ўзнялi страшны лямант. Iх i раней папярэджвалi, што iм, магчыма, давядзецца пайсцi на такую ахвяру, але яны не верылi, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтавалiся да вясновага выседжвання i скардзiлiся, што забраць цяпер яйкi было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымi чорнымi мiноркамi, куры зрабiлi рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы. Яны вырашылi заляцець на кроквы i несцi яйкi там, адкуль яны падалi i разбiвалiся аб падлогу. Напалеон дзейнiчаў хутка i бязлiтасна. Ён загадаў не выдаваць курам харчу i папярэдзiў, што любая жывёлiна, якая дасць курам хоць адно зернейка, будзе пакарана смерцю. Сабакi пiльна сачылi за выкананнем гэтага загаду. Куры трывалi пяць дзён, пасля здалiся i вярнулiся ў свае гнёзды. Тым часам дзевяць курэй памерла. Iх целы пахавалi ў садку, i было абвешчана, што яны памерлi ад какцыдыёзу. Уiмпэр пра гэтую справу нiчога не чуў, i яйкi дастаўлялiся бесперапынна, раз на тыдзень да фермы пад'язджаў фургон бакалейшчыка i завозiў iх у мястэчка.
Увесь гэты час Сняжка так нiхто i не бачыў. Хадзiлi чуткi, што ён хаваўся на адной з суседнiх фермаў, у Фоксвудзе або ў Пiнчфiлдзе. Да гэтага часу дачыненнi Напалеона з iншымi фермерамi крыху палепшалi. Неяк на панадворку знайшлi цэлы штабель драўнiны, складзенае там яшчэ дзесяць гадоў таму, калi вычышчалi букавы гай. Дрэва было сухое, i Ўiмпэр параiў Напалеону прадаць яго; мiстэр Пiлкiнгтан i мiстэр Фрэдэрык былi гатовыя яго купiць. Напалеон вагаўся перад выбарам пакупнiка, не могучы прыняць канчатковае рашэнне. Цiкава адзначыць, што, калi ён схiляўся да пагаднення з Фрэдэрыкам, абвяшчалася, што Сняжок хаваецца ў Фоксвудзе, калi ж ён думаў спынiць выбар на Пiлкiнгтане, казалi, што Сняжок сядзiць у Пiнчфiлдзе.
Аднойчы ранняй вясною нечакана выявiўся трывожны факт. Сняжок начамi патаемна прыходзiў на ферму. Жывёлы былi так усхваляваныя, што не маглi спаць у сваiх стойлах. Казалi, што кожнае ночы ён прабiраецца на ферму пад покрывам цемры i чынiць розную шкоду. Ён краў збожжа, перакульваў даёнкi, бiў яйкi, таптаў грады, абгрызаў кару на садовых дрэвах. Як толькi на ферме што-небудзь не ладзiлася, сталася звычаем прыпiсваць вiну Сняжку. Калi разбiвалася шыбiна або забiвалiся вадасцёкi, нехта абавязкова казаў, што ўначы прыйшоў Сняжок i зрабiў гэта, а калi згубiлiся ключы ад свiрна, уся ферма была ўпэўненая, што Сняжок закiнуў iх у калодзеж. Дзiўна, што яны верылi ў гэта нават тады, калi ключы знайшлiся пад мехам з мукою. Каровы ў адзiн голас заяўлялi, што Сняжок пракраўся ў iх стойлы i даiў iх, пакуль яны спалi. Казалi таксама, што пацукi, якiя прыносiлi нямала клопату гэтай зiмою, былi ў хаўрусе з Сняжком.
Напалеон заявiў, што неабходна правесцi поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасцi. Выйшаўшы ў суправаджэннi сабакаў, ён уважлiва агледзеў усе гаспадарчыя будынкi, а ўсе астатнiя жывёлы сачылi за iмi на паважнай адлегласцi. Праз кожныя некалькi крокаў Напалеон спыняўся i нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якiя, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курнiках, у гародзе, i знаходзiў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлi, колькi разоў глыбока ўдыхаў паветра i крычаў страшным голасам: "Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!", i, пачуўшы слова "Сняжок", сабакi гыркалi так, што кроў застывала ў жылах, i шчэрылi iклы.
Жывёлы былi не на жарт напалоханыя. Iм здавалася, што Сняжок напоўнiў паветра вакол iх сваiмi нябачнымi ўплывамi i пагражаў iм рознымi няшчасцямi. Увечары Вiскун склiкаў усiх разам i з трывогаю на твары сказаў, што мае паведамiць важную навiну.
- Таварышы! - закрычаў Вiскун, нервова падскокваючы. - Выявiлася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пiнчфiлд, якi збiраецца напасцi на нас i забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за праваднiка, калi пачнецца наступ. Але ёсць i страшнейшая навiна. Мы думалi, што Сняжок узняўся на бунт толькi праз сваю фанабэрыю i ганарлiвасць. Але мы памылялiся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявiлася з дакументаў, якiя засталiся пасля яго i якiя мы знайшлi толькi цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Цi ж мы самi не бачылi, як ён спрабаваў - на шчасце, без поспеху разбiць i знiшчыць нас у Бiтве пры Хляве?
Жывёлы былi агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькi хвiлiн, перш чым яны здолелi цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталi або думалi, што памятаюць, як яны бачылi Сняжка на чале жывёлаў у Бiтве пры Хляве, як ён iх падтрымлiваў i падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху нi на хвiлiну, нават калi шрацiны з Джоўнзавай стрэльбы паранiлi яму спiну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, якi рэдка задаваў пытаннi, быў збiты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднiя ногi, заплюшчыў вочы i цяжкiм намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкi.
- Я не веру гэтаму, - сказаў ён. - Сняжок мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Цi ж не ўзнагародзiлi мы яго адразу пасля бiтвы медалём "Жывёла-Герой" першага класа?
- Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем - усё гэта напiсана ў сакрэтных дакументах, якiя мы знайшлi, - што ў сапраўднасцi ён хацеў завабiць нас на загубу.
- Але ён быў паранены, - сказаў Баксёр. - Мы ўсе бачылi, як цякла кроў.
- Пра гэта было загадзя дамоўлена! - закрычаў Вiскун. - Джоўнзаў стрэл толькi трошкi яго зачапiў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясцiну ягоных запiсаў, калi б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сiгнал да ўцёкаў i адступiць перад ворагам. I яму гэта амаль удалося - я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калi б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калi Джоўнз i яго людзi ўбеглi на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся i пачаў уцякаць, i большасць жывёлаў кiнулася за iм? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калi ўсiх ахапiла панiка i ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклiчам "Смерць чалавецтву!" i ўкусiў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы? - закрычаў Вiскун, падскокваючы на месцы.
Цяпер, калi Вiскун апiсаў тыя падзеi гэтак вiдавочна, жывёлам здалося, што яны сапраўды памятаюць гэта. Ва ўсялякiм разе, яны памяталi, што ў сама крытычны момант бiтвы Сняжок павярнуўся i пабег. Але Баксёр усё яшчэ быў крыху збянтэжаны.
- Я не веру, што Сняжок быў здраднiкам на самым пачатку, - нарэшце сказаў ён. - Што ён рабiў пасля - гэта ўжо iншая справа. Але я веру, што пад час Бiтвы пры Хляве ён быў добрым таварышам.
- Наш Правадыр таварыш Напалеон, - заявiў Вiскун, гаворачы вельмi павольна i выразна, - катэгарычна сцвярджае - катэгарычна, таварыш, - што Сняжок быў агентам Джоўнза ад самага пачатку - так, i нават задоўга да таго, як было задумана само Паўстанне.
- А, ну гэта iншая справа! - сказаў Баксёр. - Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, так яно i ёсць.
- Вось гэта правiльныя словы, таварыш, - закрычаў Вiскун, але ўсе заўважылi, што ён неяк вельмi нядобра паглядзеў на Баксёра сваiмi мiрглiвымi вочкамi. Ён павярнуўся, каб пайсцi, пасля спынiўся i дадаў шматзначна: Папярэджваю ўсiх жывёлаў на гэтай ферме: будзьце пiльныя. Бо ў нас ёсць усе прычыны меркаваць, што хтосьцi з сакрэтных агентаў Сняжка хаваецца ў гэты момант сярод нас!
Праз чатыры днi, надвячоркам, Напалеон загадаў усiм жывёлам сабрацца ў двары. Калi яны ўсе сышлiся разам, Напалеон выйшаў з сядзiбы, аздоблены абодвума сваiмi медалямi (бо незадоўга перад тым ён узнагародзiў сябе медалямi "Жывёла-Герой" першага класа i "Жывёла-Герой" другога класа), з сваiмi вялiзнымi сабакамi, што круцiлiся вакол яго i гыркалi так, што ў жывёлаў дрыжыкi беглi па спiнах. Яны маўклiва скурчылiся на сваiх месцах, нiбы загадзя адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта страшнае.
Напалеон стаяў i сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранiзлiва завiшчаў. Сабакi зараз жа кiнулiся наперад, схапiлi чатырох свiнняў за вушы i пацягнулi iх да ног Напалеона, не зважаючы на iх страшны вiск ад болю i страху. З свiных вушэй цякла кроў, сабакi адчулi яе смак i на нейкi момант зусiм ашалелi. Раптам, усiм на здзiўленне, трое сабак накiнулiся на Баксёра. Убачыўшы iх, Баксёр выставiў наперад свой вялiзны капыт, збiў аднаго сабаку з лёту i прыцiснуў яго да зямлi. Сабака заенчыў аб лiтасцi, i два другiя ўцяклi, падцiснуўшы хвасты. Баксёр паглядзеў на Напалеона, каб ведаць, што яму рабiць: раздушыць сабаку насмерць цi адпусцiць. Напалеон, як здалося, змянiўся з твару i рэзка загадаў Баксёру адпусцiць сабаку, на што той падняў капыт, i сабака, скалечаны, пабег прэч, жалосна скуголячы.
У хуткiм часе сумятня сцiхла. Чатыры свiннi чакалi, дрыжучы, усiм сваiм выглядам прызнаючы сваю вiну. Напалеон запрапанаваў iм павiнiцца ў сваiх злачынствах. Гэта былi тыя самыя чатыры парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў нядзельныя Сходы. Без лiшняй прынукi яны прызналiся, што трымалi сакрэтную сувязь з Сняжком ад самага часу яго выгнання, што супрацоўнiчалi з iм у справе разбурэння ветрака i што ўвайшлi ў пагадненне з iм з мэтаю перадаць Ферму Жывёлаў мiстэру Фрэдэрыку. Яны дадалi, што Сняжок патаемна прызнаўся iм, што ён доўгiя гады быў сакрэтным агентам Джоўнза. Калi яны скончылi сваю споведзь, сабакi тут жа на месцы разарвалi iм глоткi, i Напалеон страшным голасам запытаўся, цi хто яшчэ не хоча ў чым-небудзь прызнацца.
Тры курыцы, што верхаводзiлi няўдалым яечным бунтам, выйшлi наперад i засведчылi, што Сняжок з'явiўся iм у сне i намовiў iх не слухацца Напалеонавых загадаў. Яны таксама былi забiтыя на месцы. Тады выйшла гуска i прызналася, што схавала шэсць пшанiчных каласкоў пад час леташняга жнiва i з'ела iх уначы. Тады адна авечка прызналася, што набруiла ў ставок з пiтной вадою - яна сказала, што яе на гэта падбiў Сняжок, - а яшчэ дзве авечкi павiнiлiся ў тым, што загубiлi старога барана, вельмi адданага прыхiльнiка Напалеона, тым, што ганялi яго, хворага на кашаль, вакол вогнiшча, пакуль ён не памёр. Усе яны былi забiтыя на месцы. I так чарада прызнанняў i пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў i паветра не напоўнiлася смуродам крывi, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.
Калi ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свiнняў i сабакаў, бязладным гуртом пацягнулiся прэч. Яны былi ўзрушаныя i няшчасныя. Яны не ведалi, што болей уразiла iх - здрада жывёлаў, якiя ўступiлi ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамi якое яны толькi што былi. Даўнейшымi часамi бывалi на ферме i не менш жахлiвыя сцэны крывавае бойнi, але ўсiм iм здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калi гэта адбывалася памiж iмi. З таго часу, як Джоўнз пакiнуў ферму, i да гэтага дня нiводная жывёла нiколi не забiла iншае жывёлы. Не быў забiты нават нiводзiн пацук. Яны пакiравалiся да ўзгорка, на якiм стаяў недабудаваны вятрак, i, не згаворваючыся, леглi на зямлю, скупiўшыся, каб сагрэцца, - Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамiн, каровы, авечкi i цэлая чарада гусей i курэй - усе, апроч ката, якi раптоўна знiк якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкi час усе маўчалi. Адзiн Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круцiўся, абмахваючы даўгiм хвастом бакi, i час ад часу здзiўлена iржаў. Нарэшце ён сказаў:
- Я нiчога не разумею. Я нiколi не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Вiдаць, мы самi ў нечым вiнаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней. Цяпер я буду ўставаць ранiцай на цэлую гадзiну раней.
I ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў iх да ветрака i толькi тады пайшоў спаць.
Жывёлы скупiлiся вакол Канюшынкi i маўчалi. З пагорка, на якiм яны ляжалi, адкрываўся шырокi спазор на ваколiцы. Яны маглi бачыць большую частку Фермы Жывёлаў - даўгi выган, што цягнуўся да гасцiнца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палi, дзе ўжо зазелянела рунь, i чырвоныя дахi гаспадарчых будынкаў з дымам, што вiўся з комiнаў. Быў ясны вясновы вечар. Трава i жываплоты залацiлiся пад косымi промнямi сонца. Нiколi раней ферма - а яны са здзiўленнем успомнiлi, што гэта была iх ферма, кожны лапiк яе быў iхняю ўласнасцю - не здавалася такою ўтульнай i выгоднай. Канюшынка паглядзела на схiл пагорка, i вочы яе напоўнiлiся слязьмi. Калi б яна магла выказаць свае думкi, яна сказала б, што не да гэтага яны iмкнулiся, калi бралiся за справу вызвалення ад прыгнёту людзей. Гэты тэрор i забойствы былi зусiм не тым, пра што яны так марылi ў тую ноч, калi стары Маёр упершыню абудзiў iх на паўстанне. Калi яна раней мела нейкi вобраз будучынi, дык гэта было грамадства без голаду i бiзуна, дзе ўсе роўныя, кожны працуе паводле здольнасцяў, дужы баронiць слабога, як яна баранiла вывадак качанят, захiнуўшы iх пярэдняю нагой, у памятную ноч Маёравай прамовы. А замест усяго гэтага - i яна не ведала чаму - яны дажылi да часоў, калi нiхто не можа сказаць таго, што думае, калi паўсюль сноўдаюць лютыя рыклiвыя сабакi i калi ты мусiш глядзець, як тваiх таварышаў разрываюць на шматкi пасля таго, як яны прызналiся ў страшных злачынствах. У яе ў галаве не было i думкi пра бунт цi непаслушэнства. Яна ведала, што нават гэтак было лепей, чым за часы Джоўнза, i што найперш трэба было зрабiць усё, каб не вярнулiся чалавечыя iстоты. Што б нi здарылася, яна застанецца вернай, будзе цяжка працаваць, выконваць усе загады, што ёй будуць давацца, i пагаджацца з кiраўнiчаю роляю Напалеона. I ўсё ж гэта было не тое, на што яна i ўсе iншыя жывёлы спадзявалiся i дзеля чаго аддавалi ўсе свае сiлы. Не дзеля таго яны будавалi вятрак i падстаўлялiся пад Джоўнзавы кулi. Гэтак яна думала, хоць ёй не ставала словаў, каб выказаць свае думкi.
Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замянiць тыя словы, якiх яна нiяк не можа знайсцi, яна пачала спяваць "Звяры Брытанii". Iншыя жывёлы, што сядзелi вакол яе, падхапiлi спеў, i яны праспявалi яе тры разы - вельмi суладна, але павольна i жалобна, так, як нiколi раней не спявалi.
Не паспелi яны скончыць, як Вiскун, у атачэннi двух сабакаў, падышоў да iх з выглядам, нiбы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясцiў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона "Звяры Брытанii" адмененыя. З гэтага часу спяваць iх забаронена.
Жывёлы былi агаломшаныя.
- Чаму? - закрычала Мюрыэль.
- Яна больш не патрэбная, таварыш, - сурова адказаў Вiскун. - "Звяры Брытанii" былi песняю Паўстання. Але Паўстанне ўжо завяршылася. Пакаранне здраднiкаў сёння па абедзе было апошняй дзеяй. Цяпер i знешнiя i ўнутраныя ворагi разбiтыя. У "Звярах Брытанii" мы выказвалi свае мары аб лепшым грамадстве ў будучынi. Але такое грамадства ўжо ўсталявалася. Ясна, што гэтая песня болей не мае нiякага сэнсу.
Хоць i спалоханыя, некаторыя жывёлы ўсё ж маглi б запратэставаць, але ў гэты момант авечкi завялi сваё звычайнае "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна", што цягнулася некалькi хвiлiн i паклала канец спрэчцы. Такiм чынам, "Звяры Брытанii" болей не спявалi. Замест iх паэт Малятка склаў другую песню, якая пачыналася так:
О Ферма Жывёлаў! Родная гаспода!
Нiколi табе не ўчыню я шкоды!
i цяпер яе спявалi кожную нядзелю ранiцай пасля падняцця сцяга. Але жывёлам здавалася, што нi мелодыя, нi словы яе нiяк не маглi зраўняцца з "Звярамi Брытанii".
VIII
Праз некалькi дзён, калi страх, спрычынены забойствам, суняўся, нехта з жывёлаў прыгадаў (цi яму гэта толькi падалося), што Шостая Запаведзь казала: "Нiводная жывёла не павiнна забiваць iншых жывёлаў". I хоць нiкому i ў галаву не прыйшло згадаць пра гэта ў прысутнасцi свiнняў або сабакаў, усё ж адчувалася, што нядаўнiя забойствы неяк не адпавядаюць гэтай запаведзi. Канюшынка папрасiла Бэнджамiна прачытаць ёй Шостую Запаведзь, i калi Бэнджамiн, як звычайна, сказаў, што ён адмаўляецца мяшацца ў гэткiя справы, яна схадзiла па Мюрыэль. Мюрыэль прачытала ёй Запаведзь. У ёй гаварылася: "Нiводная жывёла не павiнна забiваць iншых жывёлаў без прычыны". Неяк так здарылася, што два апошнiя словы выпалi з памяцi жывёлаў. Але цяпер яны пабачылi, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмi важкая прычына, каб забiць здраднiкаў, якiя схаўрусавалiся з Сняжком.
Увесь гэты год жывёлы працавалi яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамi ўдвая таўсцейшымi i скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць i звычайную працу на ферме - усё гэта вымагала неверагодных высiлкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелi ўранку Вiскун браў доўгi сувой паперы i чытаў iм спiсы лiчбаў, якiя сведчылi, што вытворчасць усiх вiдаў харчовай прадукцыi ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават i на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было нiякiх падставаў яму не верыць, асаблiва таму, што яны ўжо добра i не памяталi, у якiх умовах яны жылi да Паўстання. I ўсё ж былi днi, калi iм здавалася, што раней было менш лiчбаў i болей ежы.
Усе загады цяпер абвяшчалiся праз Вiскуна або яшчэ каго з свiнняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыднi. Калi ён з'яўляўся, пры iм быў не толькi сабачы почт, але i чорны певень, якi быў нiбы за трубача i крычаў гучнае "кукарэку!" кожны раз перад тым, як Напалеон збiраўся нешта сказаць. Казалi, што нават у сядзiбе Напалеон жыў у асобных ад усiх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над iм чуйнавалi два сабакi, i еў ён заўсёды з абеднага сервiзу "Краўн Дарбi", якi раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўнi. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як i ў дзве iншыя гадавiны.
Пра Напалеона цяпер нiколi не казалi проста "Напалеон". Афiцыйна яго цяпер заўсёды называлi толькi "наш Правадыр таварыш Напалеон", i свiннi любiлi прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсiх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнiк Авечага Статка, Сябра Качанятаў i падобнае. У сваiх прамовах Вiскун, залiваючыся слязьмi замiлавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца i пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсiм свеце, асаблiва ж да няшчасных жывёлаў, якiя жылi ў няведаннi i рабстве на iншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне i за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: "Пад кiраўнiцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён"; або як дзве каровы на вадапоi радасна ўсклiкалi: "Дзякуючы кiраўнiчай ролi таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!" Агульныя пачуццi на ферме былi добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася "Таварыш Напалеон" i гучала так:
О сябар сiротам!
Крынiца цяпла i пяшчоты!
Памыйнi ўладар! Нi пакуты, нi голад, нi скон
Мне душу не азмрочаць,
Бо заўжды твае мудрыя вочы
Мне, як сонца з нябёсаў, зiхочуць,
Таварыш Напалеон!
Ты - дарыльшчык усёй той надобы,
Што падданым тваiм даспадобы:
Набiты трыбух i сухая падсцiлка на сон;
У хляве, як у раю,
Спiць спакойна худоба любая,
Бо нядрэмных вачэй не змыкае
Таварыш Напалеон!
Каб я меў парсючка-немаўляцi,
Гадаваў бы яго быццам мацi
I, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён,
Я яго навучаў бы старанна
Табе ў вочы глядзець закахана
I страчаць цябе вiскам адданым:
"Таварыш Напалеон!"
Напалеон ухвалiў гэтую паэму i загадаў напiсаць яе на сцяне вялiкага гумна, супрацьлеглай той, дзе былi Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профiль, выкананы Вiскуном белаю фарбай.
Тым часам, пры дапамозе Ўiмпэра, Напалеон уступiў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам i Пiлкiнгтанам. Штабель драўнiны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваiх Фрэдэрык болей iмкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлi чуткi, што Фрэдэрык з сваiмi людзьмi збiраецца напасцi на Ферму Жывёлаў i разбурыць вятрак, будаванне якога абудзiла ў iм лютую зайздрасць. Сняжок, як казалi, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пiнчфiлд. Неяк у сярэдзiне лета жывёлаў вельмi ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовiлiся забiць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралi смерцю, i былi прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакi вартавалi яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе iх есцi, каб праверыць, цi яны не атручаныя.
Прыблiзна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовiўся прадаць драўнiну мiстэру Пiлкiнгтану; ён таксама збiраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымi прадуктамi памiж Фермай Жывёлаў i Фоксвудам. Дачыненнi памiж Напалеонам i Пiлкiнгтанам, хоць яны i падтрымлiвалiся толькi праз Уiмпэра, былi цяпер амаль сяброўскiя. Жывёлы не давяралi Пiлкiнгтану як прадстаўнiку чалавечага роду, але аддавалi яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баялiся i ненавiдзелi. З наблiжэннем восенi, калi вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткi пра пагрозу здрадлiвага нападу зрабiлiся часцейшыя. Казалi, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць iх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамi, i ўжо падкупiў суд i палiцыю, дамовiўшыся, што яны не будуць умешвацца, калi ён захопiць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пiнчфiлда даходзiлi жахлiвыя весткi пра зверствы, якiя Фрэдэрык учыняў над сваiмi жывёламi. Ён засек да смерцi старога каня, марыў голадам кароў, забiў сабаку, кiнуўшы яго ў печку, а вечарамi забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў бiцца, прывязаўшы iм да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кiпела ад гневу, калi яны чулi, што iх таварышы церпяць такiя здзекi, i часам яны патрабавалi, каб iм дазволiлi выйсцi самiм i напасцi на ферму Пiнчфiлд, выгнаць адтуль людзей i вызвалiць жывёлаў. Але Вiскун параiў iм устрымацца ад неразважлiвых дзеянняў i даверыцца стратэгii таварыша Напалеона.