Страница:
Люсьен быў крыху расчараваны, але зразумеў, што Берлiяк глыбока ўзрушаны, бо ў наступны чацвер той запрасiў яго павячэраць да сваёй мацi. Панi Берлiяк была вельмi ласкавая, на левай шчацэ ў яе было колькi бародавак i сiнiх радзiмак.
- Разумееш, - сказаў Берлiяк, - сапраўдныя ахвяры вайны - гэта мы.
Люсьен падзяляў яго думку, i яны пагадзiлiся, што належаць да пакутнiцкага пакалення. Дзень пагасаў, Берлiяк, падаткнуўшы пад голаў скрыжаваныя рукi, ляжаў на канапе. Яны палiлi ангельскiя цыгарэты i круцiлi на грамафоне пласцiнкi. Люсьен пачуў песнi Софi Такер i Ола Джонсана. Iх агарнула мяккая меланхолiя, i Люсьен падумаў, што Берлiяк яго найлепшы сябар. Раптам Берлiяк спытаў, цi ведае ён штось пра псiхааналiз, голас у яго гучаў вельмi сур'ёзна, i ў поглядзе адчувалася важнасць.
- Пакуль мне не споўнiлася пятнаццаць, я жадаў сваю мацi.
Люсьен адчуў сябе нiякавата; ён баяўся пачырванець, i яму чамусьцi прыгадалiся бародаўкi на твары ў панi Берлiяк; ён нiяк не мог зразумець, як можна было яе пажадаць. Але калi яна прынесла iм бутэрброды, Люсьен быў цьмяна ўсхваляваны i паспрабаваў уявiць пад жоўтым швэдарам яе грудзi. Калi яна выйшла, Берлiяк прамовiў сцвярджальным голасам:
- Табе, натуральна, таксама хацелася пераспаць са сваёй мацi.
Ён не пытаўся, ён канстатаваў. Люсьен пацiснуў плячыма i буркнуў:
- Натуральна.
Назаўтра яму пачувалася неспакойна - ён баяўся, каб Берлiяк не пачаў зноў гэтай размовы. Але ўрэшце яму ўдалося сябе супакоiць. "Як бы там нi было, падумаў ён, - Берлiяк скампраметаваў сябе болей, чым я". Яго вельмi вабiла тая навуковасць, якую набылi цяпер iх адносiны. У наступны чацвер ён пайшоў у бiблiятэку св. Жэнеўевы i прачытаў працу Фрэйда пра сон. Гэта было сапраўднае адкрыццё. "Дык, значыць, вось яно што, - паўтараў сам сабе Люсьен, ходзячы наманы па вулiцах, - вось, значыць, што". Ён купiў "Уводзiны ў псiхааналiз" i "Псiхапаталогiю паўсядзённага жыцця", i яму ўсё зрабiлася ясна. Гэтае дзiўнае ўражанне, што ён не iснуе, i гэтая пустата, што так доўга трывала ў яго свядомасцi, яго вечная санлiвасць, i яго няўпэўненасць, i бясплённыя намаганнi пазнаць сябе, якiя нязменна натыкалiся на заслону туману... "Д'ябал, - падумаў ён, - у мяне ж комплекс". Ён расказаў Берлiяку, што ў дзяцiнстве ўяўляў сябе самнамбулам i што рэчы заўсёды здавалiся яму не зусiм рэальнымi.
- Напэўна, - вырашыў ён, - у мяне комплекс дамашняй замкнёнасцi.
- Штых у штых як у мяне, - адказаў Берлiяк, - у нас хатнi комплекс.
Яны завялi звычку тлумачыць усе свае сны i нават сама нязначныя ўчынкi, але Берлiяк расказваў заўсёды столькi гiсторый, што Люсьен нават трошкi падазраваў, што ён iх выдумляе цi, прынамсi, прыхарошвае. Тым не менш яны добра разумелi адзiн аднаго i з абсалютнаю аб'ектыўнасцю разбiралi сама далiкатныя сiтуацыi; яны прыйшлi да агульнай думкi, што носяць вясёлую маску, каб ашукваць iншых, але ўсярэдзiне iх душа жорстка пакутуе. Люсьен пазбыўся нарэшце разгубленасцi. Ён з прагнасцю накiнуўся на псiхааналiз, бо лiчыў, што гэта якраз тое, што яму падыходзiць, i цяпер адчуваў сябе болей упэўнена. Яму ўжо не трэба было хвалявацца i безупынна шукаць у свядомасцi прыкметных праяваў свайго характару. Сапраўдны Люсьен быў глыбока схаваны ў падсвядомым, пра яго можна было толькi гадаць i думаць, без магчымасцi ўбачыць, - як пра каго-небудзь дарагога, але непрысутнага. Люсьен цэлымi днямi разважаў пра свае комплексы i з пэўнай гордасцю ўяўляў той змрочны, жорсткi i бязлiтасны свет, якi панаваў пад полагам яго свядомасцi.
- Разумееш, - казаў ён Берлiяку, - звонку я быў нiбыта звычайны, сонны i абыякавы да ўсяго хлапчук, якi нiчога асаблiвага сабой не ўяўляе. I нават усярэдзiне, ведаеш, усё было настолькi да гэтага падобна, што я сам ужо ледзь не паверыў. Але ўсё-такi я адчуваў, што ёсць нешта iншае.
- Заўсёды ёсць нешта iншае, - адказаў Берлiяк.
I яны ганарыста ўсмiхнулiся адзiн аднаму. Люсьен склаў паэму пад назваю "Калi развеецца туман", i Берлiяк прызнаў яе файнай, але папракнуў Люсьена за тое, што ён напiсаў яе правiльным вершам. Тым не менш яны вывучылi паэму на памяць, i калi хацелi намякнуць на свае палавыя iнстынкты, казалi: "Крабы, што схавалiся пад полагам туману", - а потым проста: "Крабы", - i падмiргвалi адзiн другому. Але ўрэшце Люсьену, калi ён заставаўся адзiн i асаблiва ўвечары, усё гэта пачало здавацца крыху страшнаватым. Ён ужо не адважваўся зiрнуць сваёй мацi ў твар, i калi цалаваў яе перад сном, баяўся, каб нейкая цёмная сiла не перавяла яго пацалунак i не накiравала яго панi Флёр'е ў вусны. Ён нiбыта адчуваў усярэдзiне прыхаваны вулкан i цяпер пачаў ставiцца да сябе з асцярогай, каб не растрывожыць той лiхой i змрочнай душы, што адкрылася яму так нечакана. Ён ведаў усё, на што яна здольная, i баяўся яе жудаснага абуджэння. "Я баюся сам сябе", - думаў ён. Шэсць месяцаў назад ён адмовiўся ад сваiх iнтымных уцех - яны прыгняталi яго, i апроч таго, ён быў вельмi загружаны працай, - але ўрэшце зноў вярнуўся да iх: кожны мусiць кацiцца па сваiм адхоне; ва ўсiх Фрэйдавых кнiгах было шмат гiсторый пра няшчасных юнакоў, у якiх пачалiся нервовыя прыступы ад таго, што яны надта рэзка парвалi са сваiмi прывычкамi. "Цi не звар'яцеем мы так нарэшце?" - пытаўся ён у Берлiяка. I сапраўды, часам, сустракаючыся па чацвяргах, яны адчувалi сябе крыху ненармальна: у Берлiякаў пакой нiбы неўпрыкмет запаўзаў хiтры прыцемак, яны цэлымi пачкамi палiлi цыгарэты з дамешкам опiуму, i рукi ў iх пачыналi дрыжаць. Тады нехта адзiн моўчкi ўставаў, па-воўчы крадучыся, iшоў да дзвярэй i паварочваў выключальнiк. Жоўтае святло напаўняла пакой, i яны падазрона ўзiралiся адзiн у аднаго.
Хутка Люсьен заўважыў, што яго сяброўства з Берлiякам грунтуецца на нейкiм непаразуменнi: нiхто, вядома, не адчуваў так, як ён, усяго патэтычнага хараства Эдыпава комплексу, але перш за ўсё ён бачыў у iм адзнаку магутнай страсцi, якую спадзяваўся пазней накiраваць на iншыя мэты. А Берлiяку, здавалася, наадварот - падабаўся такi яго стан, i ён не хацеў яго пазбывацца. "Гамон нам з табой, - з гордасцю казаў ён, - марнiкi мы, нiчога з нас нiколi не выйдзе". "Нiколi нiчога", - рэхам азываўся Люсьен. Але ўсярэдзiне ў яго ўсё кiпела.
Вярнуўшыся з велiкодных канiкул, Берлiяк расказаў Люсьену, што ў Дыжоне яны з мацi жылi ў гатэлi ў адным пакоi: аднойчы ён устаў вельмi рана i падышоў да матчынага ложка; мацi яшчэ спала, i ён прыўзняў яе коўдру. "Начная сарочка ў яе задзерлася", - хiхiкаючы, паведамiў Берлiяк. Пачуўшы такое, Люсьен не змог перамагчы пэўнай пагарды да свайго сябра, i яму зрабiлася вельмi самотна. Вядома, нiчога кепскага ў тым, што ў цябе ёсць комплексы, няма, але трэба ўмець своечасова ад iх пазбаўляцца: як можа дарослы ўжо чалавек браць на сябе адказнасць i кiраваць людзьмi, калi ў яго яшчэ захавалася дзiцячае стаўленне да палавых адносiн? Люсьен пачаў усур'ёз хвалявацца: яму хацелася папытаць парады ў якой кампетэнтнай у падобных пытаннях асобы, але ён не ведаў, да каго звярнуцца. Берлiяк часта казаў яму пра нейкага сюррэалiста, якога звалi Вержэр, той быў вельмi дасведчаны ў праблемах псiхааналiзу i, здаецца, меў на Берлiяка вялiкi ўплыў, але пазнаёмiцца з iм Берлiяк Люсьену нiколi не прапаноўваў. Люсьен быў таксама вельмi расчараваны, бо разлiчваў, што Берлiяк звядзе яго са сваiмi знаёмымi дзеўкамi: ён спадзяваўся, што, калi ў яго будзе прыгожанькая каханка, гэта натуральна i само сабой памяняе хаду яго думак, але Берлiяк цяпер больш не аказваўся пра сябровак. Часам яны хадзiлi гуляць па Вялiкiх бульварах i забаўлялiся, праследуючы некаторых дзяўчат, але гаманiць з iмi не адважвалiся. "Што ты хочаш, стары, - казаў Берлiяк, - мы не з той пароды, каб iм падабацца. Бабы чуюць у нас нешта, што iх палохае". Люсьен не адказваў; Берлiяк пачынаў яму назаляць. Ён часта адпускаў вельмi непрыстойныя жарты ў адрас Люсьенавых бацькоў, называючы iх панам i панi Даўгалыжскiмi. Люсьен выдатна разумеў, што ўвогуле сюррэалiст павiнен пагарджаць буржуазiяй, але панi Флёр'е неаднойчы запрашала Берлiяка ў госцi i заўсёды ставiлася да яго з даверам i дружалюбнасцю; нават калi гэта i не выклiкала ў Берлiяка ўдзячнасцi, то хоць бы звычайны клопат захоўваць прыстойнасць павiнен быў забаранiць яму гаварыць пра яе такiм тонам. Апроч таго, Берлiяк быў проста невыносны са сваёю манiяй пазычаць грошы, якiя нiколi не аддаваў: у аўтобусе ў яго нiколi не аказвалася дробязi, а ў кавярнi за выпiтае i з'едзенае ён браўся фундаваць толькi адзiн раз з пяцi. Аднойчы Люсьен адкрыта яму заявiў, што не разумее гэтага: на яго думку, прыяцелi павiнны падзяляць выдаткi, калi выходзяць у горад разам. Берлiяк глыбакадумна зiрнуў на яго i прамовiў: "Я так i думаў: ты яшчэ на анальнай стадыi", - ён растлумачыў Люсьену фрэйдысцкае ўраўненне "экскрэменты=золата" i фрэйдысцкую тэорыю скупасцi. "Мяне вось што цiкавiць, - сказаў ён, - да якога ўзросту мамка цябе падцiрала?" Яны ледзьве не пасварылiся.
У маi Берлiяк пачаў прагульваць заняткi ў лiцэi, i Люсьен пасля ўрокаў сустракаўся з iм у бары на вулiцы Пцiшан, дзе яны частавалiся вермутам "Круцыфiкс". Аднойчы ў аўторак, прыйшоўшы ў бар у другой палове дня, Люсьен заспеў Берлiяка за столiкам, на якiм стаяў ужо апарожнены келiх.
- А, прыйшоў, - сказаў Берлiяк. - Слухай, мне трэба чухаць, а пятай гадзiне я мушу быць у зубнога. Ты мяне пачакай, ён тут побач, мне ўсяго на паўгадзiнкi.
- О'кэй, - адказаў Люсьен, апускаючыся на крэсла. - Франсуа, дайце мне белага вермуту.
У гэты момант у бар увайшоў чалавек, якi, заўважыўшы iх, неяк дзiўна ўсмiхнуўся. Берлiяк пачырванеў i паспешлiва ўстаў. "Хто б гэта мог быць?" падумаў Люсьен. Пацiскаючы незнаёмаму руку, Берлiяк стаяў так, каб загарадзiць ад яго Люсьена; ён гаварыў хуткiм i трошкi прыглушаным голасам, але мужчына адказаў вельмi выразна:
- Ды ну, хлопча, не, не, ты так i застанешся, вiдаць, вечным блазнам.
Адначасова ён прыўстаў на дыбачкi i са спакойнай упэўненасцю пачаў разглядаць Люсьена паверх Берлiякавай галавы. На выгляд яму было гадоў трыццаць пяць, у яго быў крыху бледны твар i чароўная бялявая шавялюра. "Несумненна, гэта Бержэр, - падумаў Люсьен, i сэрца ў яго забiлася, - Якi ж ён прыгожы!"
Нясмела настойлiвым жэстам Берлiяк паспрабаваў узяць незнаёмца за локаць.
- Хадземце са мной, - сказаў ён, - мне зараз трэба да зубнiка, гэта зусiм побач.
- Але ты, па-мойму, з сябрам, - адказаў той, не зводзячы з Люсьена вачэй, - i табе, напэўна, трэба нас пазнаёмiць.
Люсьен устаў i шырока ўсмiхнуўся. "Дастаў!" - падумаў ён; шчокi ў яго гарэлi. Берлiякава шыя раптам правалiлася ў плечы, i на нейкае iмгненне Люсьену здалося, што зараз той адмовiцца iх знаёмiць.
- Ну дык што, назавi ж мяне пану, - сказаў Люсьен вясёлым голасам.
Але не паспеў ён закончыць фразы, як кроў прылiла яму да скроняў, i яму захацелася правалiцца скрозь зямлю, Берлiяк крута павярнуўся i, не гледзячы нi на каго, прабалбатаў:
- Люсьен Флёр'е, лiцэйскi прыяцель; пан Ашыл Бержэр.
- Пане, я захапляюся вашымi творамi, - слабым голасам прамовiў Люсьен.
Бержэр узяў яго руку ў свае доўгiя i тонкiя далонi i прымусiў сесцi. Запанавала маўчанне; Бержэр ахунаў Люсьена цёплым ласкавым позiркам i ўсё не выпускаў рукi.
- Вы нечым усхваляваны? - мякка спытаўся ён.
Люсьен прачысцiў голас i, зiрнуўшы Бержэру ў вочы, выразна прамовiў:
- Я ўсхваляваны!
У яго было ўражанне, нiбы толькi што ён прайшоў iспыт нейкага таемнага пасвячэння. Пэўную хвiлiну Берлiяк яшчэ нерашуча стаяў, але потым са злосцю зноў сеў на месца i кiнуў шапку на стол. Люсьену карцела расказаць Бержэру пра сваю спробу самазабойства; гэта быў той чалавек, з якiм трэба было гаварыць адкрыта i без падрыхтоўкi. Але пры Берлiяку ён не адважваўся i ўжо адчуваў да сябра нянавiсць.
- У вас ёсць ракi*? - спытаў Бержэр у гарсона.
* Ракi - рысавая гарэлка.
- Не, няма ў iх, - паспешлiва адказаў Берлiяк. - Карчомка нiшто, але са спiртнога адзiн толькi вермут.
- А што гэта там у вас такое жоўтае, у тым вунь графiне? - з вольнай i мляваю самаўпэўненасцю спытаўся Бержэр.
- Гэта белы "Круцыфiкс", - адказаў гарсон.
- Ну што ж, налiце мне гэтага.
Берлiяк увесь час ёрзаў на крэсле: здавалася, яго раздзiрала дваiстае пачуццё - жаданне пахвалiцца сваiмi сябрамi i, адначасова, боязь прыўзнесцi Люсьена сабе ж на шкоду. Нарэшце ён усё-такi прамовiў змрочным i гордым голасам:
- Ён хацеў пакончыць жыццё самагубствам.
- Ды ну! - сказаў Бержэр. - Я разумею.
Зноў запанавала маўчанне: Люсьен сцiпла апусцiў вочы i толькi i думаў, цi хутка зматаецца Берлiяк.
Бержэр раптам зiрнуў на гадзiннiк.
- А што твой зубнiк? - спытаў ён.
Берлiяк нехаця ўстаў.
- Схадзiце са мной, Бержэр, - умольна папрасiў ён, - гэта зусiм побач.
- Навошта, ты ж вернешся. А я пакуль пасяджу з тваiм сябрам.
Берлiяк замуляўся, пераступаючы з нагi на нагу.
- Давай-давай, бяжы, - уладна сказаў Бержэр, - мы цябе тут пачакаем.
Калi Берлiяк пайшоў, Бержэр устаў i бесцырымонна сеў побач з Люсьенам. Люсьен доўга расказваў яму пра самагубства, паведамiў, што жадаў сваю мацi i што зацыклiўся на садысцка-анальнай стадыi, што ў душы яму нiчога не мiла i ўсё ў iм - адна камедыя. Берлiяк слухаў моўчкi, глыбакадумна пазiраючы на Люсьена, i той адчуваў асалоду ад таго, што яго разумеюць. Калi ён скончыў, Бержэр па-сяброўску абняў яго рукою за плечы, i Люсьен адчуў водар адэкалону i ангельскага тытуню.
- Ведаеце, Люсьен, як я называю ваш стан?
Люсьен з надзеяй зiрнуў на Бержэра; i не ашукаўся ў сваiх спадзяваннях.
- Я называю яго Збянтэжанасцю, - сказаў Бержэр.
Збянтэжанасць: слова пачыналася ласкава i бела, як месячнае святло, i толькi канечнае "асць" адлiвала меддзю барабанных талерак.
- Збянтэжанасць... - прамовiў Люсьен.
Ён адчуваў сябе важна i ўсхвалявана, як тады, калi паведамiў Рыры, што ён - самнамбул. У бары было цёмна, i толькi дзверы шырока адчынялiся на вулiцу, у бялявы i святлiвы вясеннi туман; скрозь далiкатны водар, што iшоў ад Бержэра, да Люсьена далятаў цяжкi пах змрочнае залы, пах вiна i сырога дрэва. "Збянтэжанасць... - думаў ён. - Што мне цяпер рабiць?" Ён яшчэ добра не разумеў, што перад iм адкрылi - добрую якасць цi нейкую новую хваробу; ён толькi бачыў перад самымi сваiмi вачыма спрытныя Бержэравы вусны, за якiмi то хаваўся, то зноў узнiкаў блiскучы залаты зуб.
- Мне падабаюцца людзi, якiя жывуць у збянтэжанасцi, - казаў Бержэр, - i па-мойму, вам выпала незвычайная ўдача. Бо вам гэта, урэшце, дадзена. А вы зiрнiце на гэтых парсюкоў. Якiя яны ўпэўненыя, непахiсныя. Iх трэба было б кiнуць да чырвоных мурашак, каб тыя iх крыху пацвялiлi. Вы ведаеце, што робяць гэтыя руплiвыя казявачкi?
- Ядуць чалавечыну, - адказаў Люсьен.
- Менавiта! Яны вызваляюць шкiлет ад чалавечага мяса.
- Зразумела, - сказаў Люсьен. I дадаў: - А я? Што рабiць мне?
- Нiчога, дзеля ўсяго святога, - з камiчным спалохам адказаў Бержэр. - I галоўнае - не сядзець так непахiсна, як гэтыя. Прынамсi, - смеючыся, дадаў ён, - калi не патрапiце на паль. Вы чыталi Рэмбо?
- Н-не, - прызнаўся Люсьен.
- Я пазычу вам "Азарэннi". Слухайце, нам трэба яшчэ абавязкова сустрэцца. Калi вы не заняты ў чацвер, заходзьце да мяне гадзiне а трэцяй, я жыву на Манпарнасе, на вулiцы Кампань-Прэмьер, дом 9.
У наступны чацвер Люсьен быў у Бержэра, а ў маi ўжо пачаў хадзiць да яго ледзь не кожны дзень. Берлiяку яны дамовiлiся казаць, што бачацца раз на тыдзень: яны хацелi быць з iм i шчырыя, i не надта яго засмучаць. Але Берлiяк усё роўна быў не ў сабе; аднойчы ён, хiхiкаючы, сказаў Люсьену:
- Ну што, завялi ўжо шуры-муры? Ён табе пра занепакоенасць, ты яму пра самагубства, i пайшло: выдатна, чаго там!
Люсьен незалюбiў.
- Папрашу заўважыць, - чырванеючы, сказаў ён, - што пра маё самагубства першы сказаў якраз ты.
- О-хо-хо! - адказаў Берлiяк. - Ды гэта толькi, каб табе пасля сорамна не было, што ты сам расказаў.
Яны пачалi сустракацца радзей.
- Усё, што мне падабалася ў iм, - прызнаўся аднойчы Люсьен Бержэру, - усё гэта ён пазычаў у вас. Цяпер я гэта выдатна бачу.
- Берлiяк - малпа, - смеючыся, сказаў Бержэр, - гэта мяне да яго i вабiла. Вы, дарэчы, ведаеце, што яго бабка па мацi жыдоўка? Гэта шмат чаго праясняе.
- Вядома, - пагадзiўся Люсьен i потым дадаў: - Зрэшты, ён файны хлопец.
Бержэрава кватэра была поўная розных пацешных рэчаў: тут стаялi фарбаваныя драўляныя зэдлiкi ў выглядзе жаночых ног з сядзеннямi з чырвонага аксамiту, красавалiся мурынскiя статуэткi, ашчацiнены шыпамi пояс цноты з каванага жалеза, гiпсавыя грудзi, утырканыя маленькiмi лыжкамi, а на пiсьмовым стале ляжалi гiганцкая бронзавая блыха i ўкрадзены з касцярнi ў Мiстры манаскi чэрап, якiм гаспадар карыстаўся, як прэс-папье. Сцены замест шпалераў былi спрэс абклееныя лiстамi, у якiх паведамлялася пра смерць сюррэалiста Бержэра. Нягледзячы на гэта, кватэра пакiдала ўражанне разумнага камфорту, i Люсьену падабалася часам паляжаць на мяккай канапе ў палiльным пакоi. Але больш за ўсё яго здзiўляла мноства фацэцiй з падвохам, якiя былi сабраны ў Бержэра на адной этажэрцы; сярод iх былi замерзлая вадкасць, чхальны парашок, зудлiвая шчэць, нятонучы цукар, д'ябальскае дзярмо, нявесцiны падвязкi. Размаўляючы з Люсьенам, Бержэр браў дзярмо двума пальцамi i доўга, сур'ёзна яго разглядаў.
- Гэтыя жарты, - казаў ён, - маюць рэвалюцыйную сутнасць; яны хвалююць. У iх больш зруйнавальнай сiлы, чым у Поўным зборы твораў Ленiна.
Люсьен здзiўлена i зачаравана глядзеў то на яго прыгожы i неспакойны твар з запалымi вачыма, то на доўгiя i тонкiя пальцы, якiя так грацыёзна трымалi беззаганна зымiтаваны кал. Бержэр часта гутарыў з iм пра Рэмбо i пра "пастаяннае парушэнне пачуццяў".
- Калi вы, праходзячы па плошчы Згоды, здолееце выразна i ў любы час убачыць мурынку, якая, укленчыўшы, ссе абелiск, - вы зможаце нарэшце сказаць, што вам удалося разбурыць знешнi дэкор i вы - уратаваны.
Ён пазычыў яму пачытаць "Азарэннi", "Песнi Мальдарора" i творы маркiза дэ Сада. Люсьен шчыра стараўся ўсё ўразумець, але многае яшчэ не паддавалася яго ўсведамленню. Ён быў вельмi шакаваны, што Рэмбо, як аказалася, педэраст, i прызнаўся ў гэтым Бержэру. Але той рассмяяўся: "Ну i што? Хлопча?" Люсьену зрабiлася вельмi няёмка, ён пачырванеў i на нейкае iмгненне нават адчуў да Бержэра нянавiсць. Але ўрэшце перамог сябе i, падняўшы галаву, са шчыраю прастатой прызнаў:
- Я сказаў глупства.
Бержэр палашчыў яго па валасах; здавалася, Люсьенавы словы яго расчулiлi.
- Гэтыя вялiкiя, палахлiвыя вочы, - сказаў ён, - вочы маленькай козачкi... Сапраўды, Люсьен, вы сказалi глупства. Педэрастыя ў Рэмбо - якраз i ёсць найпершае i генiяльнае парушэнне яго пачуццяў. Менавiта гэтаму мы i абавязаныя, што чытаем яго паэмы. Верыць, што ёсць нейкiя спецыфiчныя аб'екты сексуальнай прыхiльнасцi i што гэтыя аб'екты - жанчыны, толькi таму што ў iх памiж ног ёсць дзiрка, - гэта гнюсная i наўмысная памылка ўсiх непахiсных. Вось, зiрнiце!
Ён выняў з шуфляды ў стале тузiн зжаўцелых здымкаў i кiнуў iх на каленi Люсьену. Люсьен убачыў жудасных голых шлюх, якiя смяялiся шчарбатымi ратамi i рассоўвалi свае падобныя да разбухлых губ ляжкi, выстаўляючы памiж ног нешта накшталт парослага iмхом языка.
- Я купiў гэты наборчык у Бу-Саадзе, за тры франкi, - сказаў Бержэр. - Дык вось, калi вы будзеце цалаваць гэтым бабам у заднiцу, вас усё роўна будуць лiчыць сынком з добрай сям'i i проста скажуць, што вы жывяце па-халасцяцку. Бо гэта - жанчыны, разумееце? А я вам кажу, што першае, што трэба зрабiць, - гэта пераканаць сябе, што аб'ектам сексуальнага пачуцця можа быць усё: швацкая машынка, прабiрка, конь цi чаравiк. Вось я, - сказаў ён з усмешкай, - я кахаўся з мухамi. А яшчэ ведаў аднаго марскога пехацiнца, якi спаў з качкамi. Браў, зацiскаў iм галаву ў шуфлядзе, потым моцна трымаў за лапы - i давай!
Бержэр нiбы незнарок ушчыкнуў Люсьена за вуха i завяршыў:
- Качкi ад гэтага дохлi, i iх потым з'ядаў батальён.
Пасля падобных размоў галава ў Люсьена нiбыта гарэла полымем, i ён думаў, што Бержэр - генiй, але часам, прачынаючыся ўначы мокры ад поту, ён бачыў перад вачыма пачварныя, гнюсныя прывiды i пытаўся ў сябе, цi добры ўплыў робiць на яго гэты чалавек. "Я зусiм адзiн! - стагнаў ён, выкручваючы сабе рукi. - Нiкога, нiкога, хто б мог мне параiць, падказаць, цi на правiльным я шляху!" Калi ён дойдзе так да канца, калi ён сапраўды дойдзе да парушэння ўсiх пачуццяў, цi не страцiць ён пад нагамi грунт, цi не ўпадзе! Аднойчы, калi Бержэр доўга гаманiў з iм пра Андрэ Брэтона, Люсьен прашаптаў, як у сне:
- Так, але што, калi потым я ўжо не здолею павярнуць назад?
Ад нечаканасцi Бержэр скалануўся.
- Павярнуць назад? Але хто кажа, што трэба вяртацца? Калi вы звар'яцееце тым лепш. Потым, як кажа Рэмбо, "прыйдзе жудасны натоўп другiх працавiкоў".
- Я так i думаў, - сумна прамовiў Люсьен.
Ён заўважыў, што iх доўгiя размовы прыносяць зусiм iншы вынiк, чым той, на якi спадзяваўся Бержэр: як толькi Люсьен лавiў у сабе нейкае надта далiкатнае пачуццё, нейкае незвычайнае ўражанне, яго пачынала трэсцi. "Ну ўсё, пачынаецца", - думаў ён. Ён з задавальненнем бы пагадзiўся, каб у яго засталiся толькi сама ардынарныя, сама грубыя адчуваннi; цяпер на душы яму рабiлася вольна толькi ўвечары, калi ён быў дома, з бацькамi: гэта было яго адзiнае сховiшча. Яны гутарылi пра Брыяна, пра варожасць немцаў i кошт жыцця, пра тое, як прайшлi роды ў кузiны Жаны, i Люсьен з асалодай абменьваўся з iмi думкамi сама банальнага разумнага сэнсу. Аднойчы, вярнуўшыся пасля сустрэчы з Бержэрам, ён машынальна зачынiў дзверы ў сваiм пакоi на ключ i засунуў зашчапку. Заўважыўшы за сабой гэты рух, ён хацеў быў спачатку пасмяяцца, але ўрэшце не здолеў заснуць усю ноч: ён зразумеў, што яму страшна.
I ўсё-такi нi за што на свеце ён не перастаў бы хадзiць да Бержэра. "Ён гiпнатызуе мяне", - думаў Люсьен. Ён бязмежна цанiў той далiкатны i такi своеасаблiвы дух таварыскасцi, якi Бержэр здолеў стварыць i падтрымлiваць памiж iмi. Захоўваючы заўсёды мужчынскi i амаль грубаваты тон, Бержэр умеў даць Люсьену адчуць i нават, калi так можна сказаць, - убачыць дотыкам сваю ласку: ён, напрыклад, часта перавязваў яму гальштукi i ўшчуваў пры гэтым за неахайства цi прычосваў прывезеным з Камбоджы залатым грабянцом. Ён раскрыў Люсьену прыгажосць яго цела i растлумачыў няскладнае, але такое замiлавальнае хараство юнацтва.
- Вы - Рэмбо, - казаў ён Люсьену. - Калi ён прыехаў у Парыж, каб сустрэцца з Верленам, у яго былi вашы вялiкiя рукi, i такi ж здаровы, румяны твар, як у сялянскага хлопца, i такое ж зграбнае, кволае цельца бялявай дзяўчынкi.
Ён загадаў Люсьену расшпiлiць каўнер, раскрыць кашулю i, падвёўшы сканфужанага юнака да люстра, прымусiў яго любавацца чароўным спалучэннем чырванi шчок з беласцю шыi; потым, лёгкай рукою правёўшы Люсьену па сцёгнах, ён з сумам сказаў:
- Трэба было б канчаць жыццё ў дваццаць год.
Люсьен часта цяпер разглядаў сябе ў люстры i вучыўся радавацца сваёй юнай i такой яшчэ няскладнай зграбнасцi. "Я Рэмбо", - думаў ён па вечарах, млява распранаючыся перад сном. I яму пачынала верыцца, што жыццё ў яго будзе кароткае i трагiчнае, як у занадта прыгожай кветкi. У такiя хвiлiны яму здавалася, што некалi вельмi даўно ў яго ўжо былi падобныя думкi, i з падсвядомасцi ў яго ўсплывала нейкая бязглуздая карцiна: ён, зусiм маленькi, у доўгай блакiтнай сукенцы з анёльскiмi крылцамi раздае кветкi на лiцытацыi ў дапамогу бедным. Ён глядзеў на свае даўгiя ногi i з усмешкаю думаў: "Няўжо ў мяне сапраўды такая пяшчотная скура?" I аднойчы ён не стрымаўся i правёў губамi ад запясця да ямкi на згiне локця, уздоўж такой чароўнай, тонкай блакiтнай жылкi.
Калi ён наступны раз прыйшоў да Бержэра, яго чакаў непрыемны сюрпрыз: у Бержэра быў Берлiяк. Ён займаўся тым, што адкройваў кавалачкi ад нейкага чарнаватага камяка, падобнага на грудку зямлi. Хлопцы не бачылiся ўжо дзесяць дзён i цяпер холадна пацiснулi адзiн аднаму рукi.
- Бачыў, што ёсць, - сказаў Берлiяк. - Гэта гашыш. Зараз перасыплем яго тытуньком i ў люлечкi: пачуцце - цымус. Табе таксама знойдзецца.
- Дзякуй, - сказаў Люсьен, - вялiкай ахвоты не маю.
Два яго сябры засмяялiся, i Берлiяк, скiнуўшы на Люсьена злым вокам, прамовiў з настойлiвасцю ў голасе:
- Ды ты здурнеў, стары. Пакаштуй, ты ўяўлення не маеш, як гэта прыемна.
- Я табе сказаў, што не, - паўтарыў Люсьен.
Гэты раз Берлiяк змаўчаў i толькi ўсмiхнуўся з выглядам перавагi. Люсьен заўважыў, што Бержэр таксама ўсмiхаецца, i, тупнуўшы нагой, заявiў:
- Я не хачу, не хачу марнаваць сам сябе i лiчу iдыёцтвам нашпiгоўвацца розным смеццем, ад якога толькi тупееш!
Словы зляцелi ў яго мiмаволi, i калi да яго дайшоў сэнс сказанага i ён уявiў, што можа падумаць пра яго Бержэр, яму захацелася забiць Берлiяка, i ён ледзь не заплакаў.
- Ты проста буржуйскi сынок, - пацiснуўшы плячыма, працадзiў Берлiяк, - ты толькi робiш выгляд, быццам умееш плаваць, а сам увесь час баiшся страцiць дно пад нагамi.
- Я не хачу прывыкаць да наркоцiкаў, - ужо спакайней прамовiў Люсьен, гэта таксама рабства, а я хачу быць свабодны.
- Скажы лепш, што баiшся адказнасцi, - рэзка сказаў Берлiяк.
Люсьен ужо збiраўся ўляпiць яму добрую поўху, калi пачуў уладны Бержэраў голас, якi звяртаўся да Берлiяка:
- Адчапiся ад яго, Шарль, ён мае рацыю. Яго боязь адказнасцi - гэта таксама праява збянтэжанасцi.
Яны прывольна расселiся на канапе i запалiлi. Па пакоi разлiўся водар армянскай паперы. Люсьен, прымасцiўшыся на чырвоным зэдлiку, назiраў за прыяцелямi. Праз пэўны час Берлiяк адкiнуў голаў назад i з млявай усмешкай апусцiў павекi. Люсьен адчуў злую зайздрасць, яму чамусьцi здавалася, што яго зняважылi. Берлiяк раптам устаў i няпэўнай хадой выйшаў з пакоя, на яго вуснах была ранейшая дзiўная i салодкая ўсмешка.
- Дайце мне пiпку, - сказаў Люсьен хрыплым голасам.
Бержэр засмяяўся.
- Не варта, - адказаў ён. - I не бяры сабе ў галаву гэтага Берлiяка. Ты ж нават не ведаеш, што ён там цяпер робiць.
- Мне да дупы, - буркнуў Люсьен.
- Дык хай табе гэта будзе вядома: ён ванiтуе, - спакойна паведамiў Бержэр. - Гэта адзiнае, што ў яго заўжды выклiкаў гашыш. А астатняе ўсё - камедыя. Часам я, праўда, даю яму папалiць, бо яму вельмi хочацца мяне ўразiць. Мяне гэта забаўляе.